epub
 
падключыць
слоўнікі

Бэрнард Маламуд

Нямецкі ўцякач

Оскар Гаснэр у баваўнянай майцы і летнім халаце сядзіць каля вакна свайго душнага, гарачага, цёмнага пакоя ў гатэлі на Вэст Дзясятай вуліцы, калі я асцярожна стукаюся ў дзьверы. Звонку, па ўсім небе, гасне ў цемры чэрвеньскае зялёнае сутоньне. Уцякач намацвае ўключальнік лямпы і глядзіць на мяне, хаваючы адчай, але ня боль.

У тыя дні я быў бедны студэнт і ўзяўся б вучыць каго заўгодна за адзін бакс у гадзіну, паразумнеў я пазьней. Пераважна даваў урокі ангельскай мовы нядаўна прыбылым бежанцам. Мяне рэкамендаваў мой каледж; я ўжо быў трохі дасьведчаны ў гэтай справе. Некалькі маіх вучняў ужо абкатвалі сваю ламаную ангельшчыну, сваю і маю, у амэрыканскай штодзёншчыне. Было мне тады толькі дваццаць, перад апошнім курсам каледжа, худы, прагны жыцьця хлопец, я зь нясьцерпам чакаў новай сусьветнай вайны. Халернае ашуканства. Пакуль я ўвесь трымцеў ад парыванняў нешта рабіць, за акіянам кароткавусы Адольф Гітлер чорнымі ботамі драсаваў пекнату. Ці ж забыць мне калі-небудзь, што сталася тым летам з Данцыгам?

Час тады быў яшчэ цяжкі пасьля дэпрэсыі, але я, тым ня менш, даваў сабе рады, зарабляючы на бедных уцекачах. Іх было поўна ў верхнім Брадвэі ў 1939-м. У мяне студ'явала чатырох: Карл Отта Алп, былая кіназорка, Вольфганг Новак, сваім часам выбітны эканаміст, Фрэдэрык Вільгельм Вульф, які выкладаў гісторыю сярэднявечча ў Гайдэльбэргу; і, пасьля сустрэчы гэтым вечарам у танным заняхаеным гатэльным пакоі, Оскар Гаснэр, Бэрлінскі крытык і журналіст з колішняга Acht-Uhr-Abendblatt (з бюлетэня «8 гадзін вечара»). Усе яны былі людзі заслужаныя. Мне ставала нахабства нават быць побач зь імі, але гэта якраз тое, што сусьветны крызіс робіць зь людзьмі - ён дае ім адукацыю і жыццёвы досьвед.

Оскару было пад пяцьдзясят. Яго густыя валасы пачыналі сівець. У яго былі вялікі твар, цяжкія рукі і ўнураныя плечы. Вочы таксама былі цяжкія, мутна-блакітныя; і калі ён разглядаў мяне пасьля таго, як я прадставіўся, сумнеў заплыніў іх як глыбінны паток, быццам, пабачыўшы мяне, ён зноў адчуў сябе пераможаным. Я моўчкі стаяў каля дзьвярэй. У такой сытуацыі я палічыў бы за лепшае быць дзе заўгодна абы ня тут, але ж трэба было зарабляць на жыцьцё. Нарэшце ён адчыніў дзьверы, і я ўвайшоў. Нават не адчыніў - хутчэй адпусціў іх, і я апынуўся ў пакоі. «Bitte...» («Прашу...») Ён запрасіў мяне сесьці, ня ведаючы, дзе сесьці самому. Спрабаваў нешта сказаць, але тут жа змаўкаў, быццам тое нешта было немагчыма выказаць. Адзеньне, скрыні з кнігамі, якія ён здолеў вывезьці з Германіі, карціны раскіданыя па пакоі. Оскар сеў на скрыню і пачаў абмахвацца мясістай далоняй. «Гэтая сп'ёка, - прамармытаў ён натужваючы свой мозг да дзеяньня. - Немахчыма. Я не магу цярпець такая сп'ёка». Гарачыня была досыць скварная нават як на мяне, а яму - проста нявыносная. Ён цяжка дыхаў. Оскар зноў паспрабаваў пачаць размову, падняў руку, але яна тут жа апала, як падбітая качка. Ён дыхаў, быццам змагаўся ў баі; і магчыма-такі перамог, бо праз якія дзесяць хвілін мы ўжо сядзелі і спакойна гутарылі.

Як бальшыня адукаваных немцаў, Оскар колісь вывучаў ангельскую мову. І, хоць перакананы ў сваёй няздольнасьці вымавіць ні слова, Оскар мог скласьці досыць прыстойны, хоць і трохі камічны, ангельскі сказ. Ён перастаўляў месцамі зычныя, блытаў назоўнікі і дзеясловы, каверкаў выразы, тым ня менш мы цалкам паразумеліся. Гаварылі пераважна па-ангельску, хоць часам мне даводзілася ўстаўляць трасянку зь нямецкай або з ідыш, якую Оскар называў «джыдыш». Ён бываў у Амэрыцы і раней - на кароткі час прыязджаў яшчэ летась. Было гэта за месяц да Kristallnacht* («крышталёвая ноч»), калі нацысты разграмілі жыдоўскія крамы і папалілі ўсе сынагогі, хацеў паглядзець, ці змог бы знайсьці тут сабе працу; у яго ня было ніякіх сваякоў у Амэрыцы, а знайшоўшы працу, ён не забавіўся б і перабрацца. Яму нешта паабяцалі, не ў журналістыцы, але, з дапамогай нейкай фундацыі, у якасьці выкладчыка. Ён вярнуўся ў Бэрлін і пасьля страшнага шасьцімесячнага чаканьня нарэшце атрымаў дазвол эміграваць. Прадаў, што змог; даўшы хабар двум нацысцкім мытнікам, здолеў правезьці праз мяжу некаторыя карціны - падарункі ад сяброў з Баўгаўс**, («Будаўнічы дом» ці «Дом будаўніка») і некаторыя кнігі; разьвітаўся з жонкай і пакінуў клятую краіну. Мутнымі вачыма цяпер ён пільна прыглядаўся да мяне. «Мы разышліся мірна, - сказаў ён па-нямецку. - Мая жонка - не габрэйка. Яе матка была страшэнная антысэмітка. Яны вярнуліся жыць у Шчэцін». Я нічога не пытаўся. Негабрэй дык негабрэй, Нямеччына дык Нямеччына - каму гэта абыходзіць.

* Крышталёвая Ноч, або Ноч Бітых Шыбаў. (Тут і далей - заўв. перакладчыцы).

** Das Bauhaus - знакамітая авангардная школа мастацтва і дызайну ў Нямеччыне. Заснаваная ў 1919. Пад ціскам нацыстаў зачыненая ў 1933.

Яго новая праца была ў Інстытуце Грамадзкіх Навук тут, у Нью-Ёрку. Ён пачынаў чытаць лекцыі раз на тыдзень з восеньскага сэмэстру, а ў наступны, веснавы, меўся выкладаць курс «Літаратура Вэймарскай Рэспублікі». Дагэтуль ён ніколі не выкладаў і страшэнна баяўся. Яго так і прадставілі слухачам, але адна думка пра выкладаньне па-ангельску, бадай што, паралізоўвала яго. Ён проста не ўяўляў, як гэта зрабіць. «Як хэта махчыма? Я не маху зв'язаць і двое слоў. Я не маху вымавіць. Я выстаўлю сябе дурань». Ён усё больш і больш упадаў у мэлянхолію. Ужо праз два месяцы па прыезьдзе, і пасьля чарады ўсё менш дарагіх гатэляў, ён разьвітаўся з двума настаўнікамі ангельскай мовы, я быў трэці. Як ён сказаў, мае папярэднікі страцілі надзею, бо яго прагрэс быў надта мізэрны, да таго ж ён думаў, што ўводзіў іх у дэпрэсыю. Спытаўся, ці змагу я памагчы, а ці ня лепш яму зьвярнуцца да спэцыяліста лягапэда, які, скажам, бярэ пяць даляраў за гадзіну, і маліць яго пра дапамогу. «Можаце паспрабаваць, - сказаў я, - а тады, калі што якое, вяртайцеся да мяне». Тады я быў пэўны ў сваіх ведах. Ён усьміхнуўся ў адказ. Тым ня менш я ўсё роўна хацеў, каб ён вырашыў канчаткова, а йначай ён ня будзе ўпэўнены ўва мне. Праз нейкі час ён сказаў, што будзе займацца са мною. Калі б ён пайшоў да пяцідаляравага прафэсара, гэта можа й памагло б яго языку, але не яго страўніку. У яго б не засталося ні цэнта на ежу. Інстытут заплаціў яму наперад за лета, але гэта было толькі трыста даляраў - усё, што ён меў.

Ён тупа паглядзеў на мяне. «Ich weiss nicht, wie ich weiter machen soll». («Ня ведаю, што мне рабіць далей».)

Я зразумеў, што трэ было рухацца наперад. Бяз хуткага пералому гэта ператворыцца ў сьвідраваньне каменя. «Давайце падыдзем бліжэй да люстра», - сказаў я.

Ён падняўся, уздыхнуў, і стаў побач. Я, худы й даўгі, з рудымі валасамі, маліўся за посьпех, ягоны і свой. Оскар стаяў скаваны, поўны страху, яму цяжка было глядзець на мяне ці на самога сябе ў нявыразным круглым люстэрку над камодай.

- Калі ласка, - сказаў я яму, - ці маглі б вы сказаць «райт»?

- Гхайт, - прабулькатаў ён.

- Не. «Райт». Пасуньце язык сюды. - Я паказаў яму як. Пакуль ён напружана гладзеў у люстэрка, я напружана сачыў за ім. - Кончык языка выгінаецца да паднябеньня, вось так.

Ён паставіў язык, як я яму паказаў.

- Калі ласка, а цяпер скажэце «райт».

Яго язык затрапятаў... «Ррайт».

- Вельмі добра. Цяпер скажыце «скрыгат» - гэта цяжэй.

- Скхыгат.

- Язык мусіць ісьці наперад і ўгору, а не назад у горла. Глядзіце.

Ён паспрабаваў зноў, натужыўся, аж пот праступіў на лобе. «Скррыгат».

- Правільна.

- Гэта цуд, - прамармытаў Оскар.

Я адказаў яму, што калі ён адолеў гэта, дык адолее і рэшту.

Мы выправіліся на аўтобусе ўверх па Пятай Авеню, потым прайшліся вакол возера ў Цантрал Парку. Оскар быў у сваім нямецкім капялюшы са стужкай, завязанай ззаду ў бант, у шарсьцяным гарнітуры з шырокімі штрыфелямі і пры гальштуку ўдвая шырэйшым за мой. Ішоў нясьпешна. Вечар выдаўся някепскі, паветра трохі астыла. Некалькі вялікіх зорак сьвяціліся ў небе і наводзілі на мяне тугу.

- Вы думаеце я буду мець позпэх?

- Чаму не? - запытаўся я ў адказ.

Пазьней ён купіў мне бутэльку піва.

 

Для многіх людзей, як бы ясна і красамоўна яны ні гаварылі на сваёй мове, найвялікшай стратай была страта роднай мовы - яны больш не маглі выказаць тое, што хацелася. Вядома, неяк паразумецца можна было, але такая прымітыўная камунікацыя была невыносная. Як шмат гадоў пазьней сказаў Карл Отта Алп, былы кінаактор, які перакваліфікаваўся ў закупшчыка для крамы Мэйсыс, «Я пачуваюся, як дзіця, ці яшчэ горш, часта, як тупіца. Я застаўся сам-насам з сабой і з усім сваім нявыказаным. Усё, што я ведаў і што я ёсьць, навалілася на мяне цяжарам. Язык стаў непатрэбшчынай». Відаць тое самае адчуваў і Оскар, - тое самае жахлівае пачуцьцё непатрэбнасьці языка. Думаю, усе яго няўдачы з ранейшымі настаўнікамі вынікалі з таго, што ён, каб не захлынуцца ў нявыказаным, намагаўся залпам заглынуць моўны акіян. Сёньня ён вучыў бы мову, а заўтра ашаламіў бы ўсіх бездакорнай урачыста-сьвяточнай прамовай, а сьледам за ёю бліскучай лекцыяй у Інстытуце Грамадзкіх Навук.

Наша вучоба ішла нясьпешна, крок за крокам, рух за рухам. Пасьля таго, як Оскар перабраўся ў двухпакаёўку ў доме на Вэст 85-ай Стрыт, што каля аўтастрады, мы сустракаліся тройчы на тыдзень, апалове пятай, практыкаваліся з паўгадзіны, а потым ішлі на 72-ую Стрыт павячэраць (гатаваць самім было б надта горача), і гутарылі за мой час. Заняткі я падзяліў на тры часткі: практыкаваньне вымаўленьня, пісаньне і чытаньне ўголас, потым граматыка, бо Оскар адчуваў у гэтым патрэбу, а ў гутарковай мове, як я ўжо сказаў, мы практыкаваліся пад час вячэры. Як я мог меркаваць, Оскару гэта падабалася. Ніводнае з нашых практыкваньняў не рабіла яму вялікага клопату, як гэта было раней. Голым вокам відаць было, як пасоўвалася наперад вучоба і як весялеў у яго настрой. Былі нават шчаслівыя моманты, калі ён чуў, як спакваля зьнікаў акцэнт. Як, напрыклад, калі «стэна» ператваралася ў «сьцяну». Ён перастаў называць сябе безнадзейным.

Ні я, ні Оскар ані словам ня згадвалі пра блізкія лекцыі, пачаць чытаць якія Оскар меўся ў кастрычніку, і я адно маліўся, каб усё абышлося. Думаю, тады я быў пэўны, што першая ж лекцыя неяк складзецца з нашых штодзённых заняткаў, але якім чынам, - не ўяўляў. Шчыра кажучы, хоць я і не дзяліўся з Оскарам сваімі страхамі, сама згадка пра іх, ня толькі кастрычніцкую, але і наступныя дзесяць восеньскіх, жахала мяне. Пазьней, калі я даведаўся, што Оскар спрабаваў пісаць па-ангельску са слоўнікам і пацярпеў «татальную катахстрофу», я параіў, каб, можа, ён лепш трымаўся нямецкай мовы, а потым мы разам паспрабавалі б перакласьці ўсё на прыстойную ангельшчыну. Я хлусіў, калі казаў гэта, бо мае веды ў нямецкай былі мізэрныя. Але задача была навесці Оскара на прадукцыйны лад, а ўжо тады турбавацца пра пераклад. Ён працаваў не падымаючы галавы, з раніцы да ночы, да поўнай зьнямогі, але якой бы моваю ні пісаў, хоць і быў усё сваё жыцьцё прафэсыйным пісьменьнікам, хоць і ведаў прадмет гаворкі, як свае пяць пальцаў, лекцыя ня йшла, далей першай старонкі, - ані з месца.

Гарачая, вільготная ліпеньская задуха таксама ня спрыяла працы.

 

Я пазнаёміўся з Оскарам напрыканцы чэрвеня, а ўжо недзе, здаецца, сямнаццатага ліпеня нашыя заняткі спыніліся. Усё пропадам пайшло праз «немагхчымую» лекцыю. Кожны божы дзень ён працаваў над ёю як утрапёны, утрапёна нарастала і роспач. Сьпісаўшы старонак сто толькі на ўступ, Оскар разьюшана шпурнуў пяро ў сьцяну, лямантуючы, што больш ня можа пісаць на гэтай паскуднай мове. Ён кляў нямецкую. Ён кіпеў нянавісьцю да праклятай краіны, да праклятага народу. Пасьля ўсё пайшло яшчэ горш. Калі ён махнуў рукою на пісаньне, прагрэс у ангельскай даў поўны збой. Ён забываў нават тое, што ўжо ведаў. Язык зусім перастаў слухацца, і акцэнт вярнуўся на ўсю поўніцу. Нават тое нямногае, што ён гаварыў па-ангельску, гучала скавана і вымучана. Нямецкую мову я чуў ад яго толькі, калі ён мармытаў нешта сам сабе. Думаю, рабіў гэта падсьвядома. На тым і скончылася наша фармальнае супрацоўніцтва, хоць і далей я наведваўся да яго ці не праз дзень. Гадзінамі ён нерухома сядзеў у сваім вялікім зялёным вялюравым фатэлі, такім гарачым, што ў ім можна было закіпець, і праз высокія шыбы глядзеў на бялёсае неба над 85-ай Стрыт, глядзеў вачыма поўнымі загнанай у кут безнадзейнасьці.

Аднойчы сказаў мне:

- Калі я гэта лекцыя не падрыхтаваць, я забяру сваё жыцьцё.

- Давайце пачнем нанава, Оскар, - сказаў я. - Вы дыктуйце, а я буду пісаць. Важныя ідэі, а ня правапіс.

Ён нічога не адказаў, і я змоўк.

Ён правальваўся ў глыбачэзную мэлянхолію. Мы сядзелі гадзінамі, часам, у поўным маўчаньні. Гэта мяне турбавала, хоць з падобнай дэпрэсыяй я ўжо сутыкаўся. Эканаміст Вольфганг Новак прайшоў праз яе, хоць ангельская мова давалася яму куды лягчэй. Але крыніцай яго дэпрэсыі, думаю, была фізычная хвароба. І ён больш балюча адчуваў страту бацькаўшчыны, чым Оскар. Часам, нападвячоркам я мог угаварыць Оскара на кароткі шпацыр уздоўж аўтастрады. Здавалася, яму падабаўся заход сонца над Палісайдз. Прынамсі, яго ён глядзеў. Як бы там спякотна ні было, ён выстройваўся на поўную чыннасьць - капялюш, пінжак, гальштук, - і мы павольна спускаліся па прыступках, я, сумняваючыся, ці адолее ён усе прыступкі да самага долу. Здавалася, ён заўсёды нібы завісаў паміж паверхаў.

Мы няспешна ішлі ў верхні горад, спыняліся пасядзець на лаве, паглядзець, як над Гудзонам займаецца на ноч. Вярнуўшыся ў пакой, калі я адчуваў, што яго трохі адпускала, слухалі музыку па радыё. Але, як толькі я спрабаваў уплішчыць якую-небудзь новую хвалю, ён казаў мне: «Калі ласка, я не магу цярпець больш сьвету гора». Я выключаў радыё. Ён меў рацыю, гэта быў час ня добрых навін. Я натужваў свой мозг. Што яму сказаць? Што добра было застацца жывым? Хто мог бы гэта аспрэчыць? Часам, я чытаў яму ў голас, памятаю, яму падабалася першая частка Жыцьця на Місысыпі. Раз ці два на тыдзень мы ўсё яшчэ хадзілі да Аўтамата; ён, відаць, па звычцы, бо болей нікуды не хадзіў, а я, каб выцягнуць яго з пакоя. Еў Оскар зусім мала, хутчэй бавіўся лыжкай. Здавалася, быццам ягоныя замглёныя вочы былі залітыя мутнай фарбай.

Аднаго разу пасьля асьвяжальнай навальніцы мы ўселіся на газэты на мокрую лаву зь відам на раку, і Оскар нарэшце загаварыў. Змучанай ангельскай ён сіліўся перадаць сваю вострую бязьмежную нянавісьць да нацыстаў за зруйнаваную кар'еру, за тое, што на шостым дзясятку яго жыцьцё было з коранем выдрана з роднай глебы, за тое, што яго выкінулі, як крывавы кавалак мяса на спажыву сьцярвятнікам. Ён кляў іх удоўж і ўпоперак, нямецкую нацыю, як нелюдзяў, без сумленьня і літасьці. «Яны сьвіньня, якая маскіраваць як паўлін, - сказаў ён. - Я перакананы, што мая жонка ў душы ненавідзець габрэяў». Горыч была нясьцерпная, красамоўнасьць амаль бяз слоў. І зноў змоўк. Я спадзяваўся пачуць болей пра яго жонку, але вырашыў не распытвацца.

Пазьней, як сьцямнела, Оскар прызнаўся, што наважыўся на самазабойства ў свай першы тыдзень жыцьця ў Амэрыцы. У канцы траўня ён жыў у невялікім гатэлі і аднае ночы наглытаўся барбітуратаў, але яго тэлефон зваліўся на падлогу, і гатэльны апэратар паслаў да яго хлопца-ліфцёра, той знайшоў яго няпрытомнага і выклікаў паліцыю. У шпіталі яго вярнулі да жыцьця.

- Я не хацель гэта рабіць, - сказаў ён. - Гэты быль памылка.

- Ніколі больш пра гэта ня думай, - сказаў я. - бо гэта думкі пераможанага.

- Я і не думаю пра гэта - адказаў ён стомлена, - бо вяртацца ў жыцьцё нахта цяшка.

- Калі ласка, ня трэба.

Пазьней, па дарозе дадому, ён зьдзівіў мяне, сказаўшы: «Можа, мы мусім аднавіць наш лехцыя?»

Мы прыцягнуліся дадому. Ён усеўся за свой нагрэты сонцам пісьмовы стол і пачаў паволі аднаўляць першую бачыну сваёй лекцыі, тым часам я спрабаваў яе чытаць. Ён, вядома, пісаў па-нямецку.

Праца ня рухалася. Мы вярталіся да пустога месца, да маўклівага сядзеньня ў гарачыні. Бывала, праз некалькі хвілін такога маўчаньня, я мусіў сыходзіць, каб яго настрой не перакінуўся і на мяне. Неяк апоўдні я зьнехаця падняўся па сходах - час ад часу я адчуваў імгненныя наплывы раздражненьня - і з жахам убачыў Оскаравы дзьверы прачыненыя. Я пастукаўся, але ніхто не адказаў. Халадок прабег па сьпіне. Стоячы так, я разумеў, што думкі мае былі пра магчымасьць чарговай спробы самазабойства. «Оскар?» Я ўвайшоў у кватэру, зазірнуў у абодва пакоі і ў ванную, але яго нідзе не было. Я падумаў, можа, ён выйшаў купіць чаго-небудзь і вырашыў з нагоды агледзець ваколіцы. У шуфлядзе з медыкамэнтамі ня было нічога, што б насьцярожвала, ані пігулак, ані ёду, толькі асьпірын. Падумаўшы, чамусьці, пра пісталет, я зазірнуў у шуфляду яго пісьмовага стала. У ёй ляжаў авіяліст на тонкай паперы, зь Нямеччыны. Нават калі б і хацеў, я ня змог бы прачытаць пісанае ад рукі, але трымаючы тонкую паперыну, я такі разабраў адзін сказ: «Ich bin dir siebenundzwanzig Jahre treu gewesen». («Дваццаць сем гадоў я была верная табе».) Дваццаць сем год - доўгі час, падумаў я. Ніякай зброі ў шуфлядзе не было. Я зачыніў яе і больш нікуды не заглядаў. Каб учыніць самазабойства, хапіла б звычайнай іголкі. Вярнуўшыся, Оскар сказаў, што быў у грамадзкай бібліятэцы, марна спрабуючы чытаць.

І вось мы зноў праігрываем нязьменную сцэну; заслона падымаецца над двума маўклівамі пэрсанажамі ў мэбляванай кватэры; я сяджу ў крэсьле з прамой сьпінкай, Оскар - у вялюравым фатэлі, які хутчэй паглынае яго, чым падтрымлівае. У яго шэрая скура, вялікі бляклы твар, разгублены, абвіслы. Я быў памкнуўся ўключыць радыё, але перахапіў яго пагляд, што маліў - не. Тады я ўстаў, каб сысьці, але Оскар, прачысьціўшы горла, густым голасам папрасіў мяне застацца. Я застаўся, думаючы, што чагосьці не разумею ва ўсёй сытуацыі. Яго праблемы, Бог сьведка, былі досыць рэальныя, але ці магло тут быць нешта большае за бяспрытульнасьць бежанца, адчужэньне, грашовую нестабільнасьць, быцьцё ў чужой краіне без сяброў і сваёй мовы? Маё разважаньне было традыцыйнае: ня ўсе тонуць у гэтым акіяне, чаму ж ён тоне? Пазьней, я акрэсьліў гэтую думку і спытаўся ў яго, ці ёсьць тут нешта прыхаванае, нявідочнае? Я начытаўся пра гэта яшчэ ў каледжы і разважаў пра існаваньне нейкай невядомай масы ў яго дэпрэсыі, якой бы мог даць рады псыхіятар, прынамсі, каб Оскар пачаў працу над лекцыяй.

Ён задумаўся і праз некалькі хвілін няўпэўнена сказаў, што прайшоў псыхааналіз яшчэ ў Вене, будучы маладым чалавекам. «Звычайны dreck (гаўно), - адказаў ён, - страхі і фантазіі, якія пазьней мяне больш ніколі ня турбавалі».

- А цяпер?

- Не.

- Ты напісаў шмат лекцый і артыкулаў, - сказаў я. - Чаго я не магу зразумець, хоць і ведаю пра цяжкасьць сытуацыі, дык гэта чаму ж ты ня можаш пасунуцца далей за першую бачыну.

Ён ускінуў рукі.

- Гэта паралюш маёй сілы волі. Уся лехцыя вельмі ясная ў маёй галава, але ў момант, калі я спрабую напісаць першае слова - ці па-ангельску, ці па-нямецку - мяне апаноўвае страх, што не змагу напісаць наступнае слова. Быццам негта кінуў камень у шыбу, і ўвесь дом - уся ідэя - валіцца. Гэта паўтараецца, пакуль я не адчайваюся.

Як толькі ён пачынаў пісаць, навальваліся і страхі, што памрэ раней, чым скончыць лекцыю, а калі ня гэта, дык што напісанае будзе такой ганьбай, што лепш бы ўжо й памерці. Страх дранцьвіў яго.

- Я здраціў веру. Я ня маю, больш ня маю былое вартасьць сябе. У мой жыцьці зашмат ілюзый.

Я паспрабаваў укласьці сваю веру ў тое, што сказаў:

- Будзь пэўны, гэта пачуцьцё пройдзе.

- Упэўненасьць я маю не. За гэта, і за ўзё астатняе, што я страціў, я дзякую нацы.

Была ўжо сярэдзіна жніўня і, куды ні кінь вокам, справы нашыя рухаліся ўсё горш і горш. У палякаў мабілізацыя на вайну. Оскарава праца ні з месца. Я ўвесь у хваляваньні, хоць і не паказваў выгляду.

Ён праседжваў у сваім вялізным фатэлі, з хворымі вачыма, дыхаючы, як загнаны і паранены зьвер.

- Хто можа пісаць пра Ўолта Ўітмэна ў такі страшны час?

- Чаму б табе не зьмяніць тэму?

- Няма розьніца якая тэма. Гэта ўзё пустое.

Я прыходзіў кожны дзень адведаць яго, занядбаўшы іншых сваіх вучняў і такім чынам свой дабрабыт. Мяне апаноўвала паніка, што, калі ўсё будзе ісьці так, як ішло дагэтуль, дык справа скончыцца Оскаравым суіцыдам; і я адчуваў шалёнае жаданьне запабегчы гэтаму. І больш за тое - часам я нават баяўся, што сам упадаю ў мэлянхолію, у гэты мой новы, так бы мовіць, талент, яшчэ меней цешыцца з маіх і без таго ня дужа вялікіх радасьцяў. А сьпёка не спадала, гнятучая, бязьлітасная. Мы думалі схавацца ад яе ў вёсцы, але ані я, ані ён ня мелі на гэта грошай.

Аднога дня я купіў Оскару няновы вэнтылятар - дзіўлюся, як мы раней да гэтага не даўмеліся - і ён штодня гадзінамі сядзеў пад яго вецярком, аж пакуль праз тыдзень, неўзабаве пасьля таго, як быў падпісаны савецка-германскі пакт пра ненапад, матор ня спусьціў дух. Ноччу Оскар ня мог заснуць і праседжваў за сталом, абматаўшы галаву мокрымі ручнікамі, усё яшчэ спрабуючы напісаць сваю лекцыю. Але гэта былі пустыя намогі. Калі ён, зьняможаны ўшчэнт, нарэшце засынаў, яму сьніліся кашмарныя, страшныя сны, быццам яго катавалі нацысты, часам змушаючы глядзець на целы забітых імі людзей. У адным такім сьне, расказаным мне, ён нібыта вярнуўся ў Нямеччыну адведаць жонку. Яе ня было дома, і яму сказалі ісьці на могілкі. Там, на магільным камені было напісана яе імя, зь зямлі, зь яе няглыбокай магілы сачылася яе кроў. Ён стагнаў ад аднога ўспаміну пра гэты сон.

Нарэшце расказаў мне крыху пра яе. Яны пазнаёміліся студэнтамі, жылі разам і пабраліся шлюбам у дваццаць тры гады. Шлюб ня быў вельмі шчасьлівы. Яна ператварылася ў хваравітую жанчыну, не магла мець дзяцей. «Нешта было не ў парадку з яе нутранай стругтурай». І хоць я не распытваў далей, Оскар дадаў: «Я прапанаваў ёй ехаць са мной, але яна адмовілася».

- Зь якой прычыны?

- Яна думала, што я насамрэч не хацеў, каб яна ехала.

- А гэта праўда? - спытаў я.

- Не, - сказаў ён.

Ён патлумачыў, што пражыў зь ёю вельмі нялёгкія дваццаць сем гадоў.

Яна заўсёды амбівалентна ставілася да іх габрэйскіх сяброў і яго сваякоў, хоць навонкі і не выдавала сваёй перадузятасьці. Але маці яе заўжды была ваяўнічая антысэмітка.

- Мне няма за што сябе вінаваціць, - сказаў Оскар.

Ён пайшоў да свайго ложка. Я скіраваўся ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку. Узяў там у ангельскім перакладзе паэзію некаторых нямецкіх паэтаў, пра якіх ён спрабаваў пісаць. Пасьля я перачытаў «Лісьце травы»* і зазначыў сабе, што сёе-тое з Уітмана, як мне падалося, перанялі немцы. Неяк пад канец жніўня я паказаў свае нататкі Оскару. Гэта, збольшага, было спробай пяра, але я й не зьбіраўся пісаць лекцыю за яго. Ён ляжаў на сьпіне, нярухомы, і ў вялікай скрусе слухаў мной напісанае. Пасьля сказаў, не, ня любоў да сьмерці яны запазычылі ў Уітмана - гэта было ў нямецкай паэзіі і раней - а найперш яго адчуванне Brudermensch (брата ў чалавеку), яго гуманнасьць. «Але гуманнасць расьце на нямецкай зямлі нядоўга, - сказаў ён, - і хутка вынішчаецца».

* Leaves of Grass - зборнік 12 паэм Уолта Ўітмэна, выдадзеныя ім у 1855 годзе.

На жаль, мая вэрсыя была памылковая, але ён усё роўна падзякаваў.

Я сыходзіў пераможаны, і, спускаючыся па лесьвіцы, пачуў чыёсьці галашэнне. Гэтаму мусіць быць канец, падумаў я. Гэта ўжо вышэй за мае сілы. Я не магу ісьці на дно разам зь ім.

Назаўтра я застаўся дома апанаваны новым наплывам комплексу сваёй нікчэмнасці, вельмі застарэлым як на чалавека майго веку, але ў той жа ж вечар патэлефанаваў Оскар, узахлёб дабраслаўляючы мяне за тое, што я прачытаў яму свае нататкі. Ён быў нават сеў пісаць мне ліст з тлумачэньнем таго, што я ўпусьціў і, у выніку, напісаў палову лекцыі. Ён праспаў увесь дзень, а ўвечары плянаваў скончыць.

- Я ўдзячны табе, зашмат, - сказаў ён, - таксама за тое, што ты верыў ў мяне.

- Дзякуй Богу, - сказаў я, ня згадваючы таго, што я амаль страціў надзею.

 

Оскар скончыў лекцыю - напісаў і перапісаў - у першы тыдзень верасьня. У гэта ж час нацысты ўварваліся ў Польшчу, і, хоць нас гэта моцна турбавала, была ў гэтым і нейкая палёгка; можа, адважныя палякі разаб'юць іх нарэшце. Яшчэ тыдзень пайшоў на тое, каб перакласьці лекцыю, але ў гэтым нам памог Фрэдэрык Вільгэльм Вульф, гісторык, далікатны, эрудыраваны чалавек, якому падабалася перакладаць і які паабяцаў сваю дапамогу з наступнымі лекцыямі. У нас заставалася тыдні з два, каб адшліфаваць Оскараву прэзэнтацыю. Надвор'е зьмянілася, спакваля зьмяніўся і ён. Разьбіты зьнясільнай баталіяй, ён нарэшце ачуняў. Схуднеў амаль на 10 кіляграмаў. Яго скура ўсё яшчэ была шэрая; калі я глядзеў на яго твар, дык чакаў убачыць шнары, але з твару яго зьнік млявы блукаючы пагляд. Блакітныя вочы зноў запрамяніліся жыцьцём, крокі сталі хутчэйшыя, быццам хацелі нагнаць усю страчаную за доўгія задушныя дні, калі ён апатычна ляжаў у пакоі, хаду.

Мы вярнуліся да прывычнай рутыны, сустракаючыся тройчы на тыдзень аполудні, каб практыкавацца ў дыкцыі, граматыцы ды іншым. Я вучыў яго фанэтыцы і транскрыбаваў доўгі сьпіс словаў, якія ён вымаўляў няправільна. Ён шмат гадзін практыкаваўся, намагаючыся паставіць кожны гук у патрэбнае месца, трымаў палову запалкі між зубоў, каб сківіцы былі растуленыя, пакуль ён даваў дыхту языку. Усё гэта можа быць страшэнна нудным заняткам, калі ня бачыць перад сабой сьветлай пэрспэктывы. Гледзячы на яго, я зразумеў, што значыла, калі кагосьці называлі «іншым чалавекам».

Лекцыя, якую я цяпер ведаў на памяць, прайшла добра. Дырэктар інстытута запрасіў на яе шмат вядомых людзей. Оскар быў першы ўцякач, якому яны далі працу, і гэта быў крок, каб даць грамадзтву ўсьвядоміць, што ў амэрыканскім жыцьці зьявіўся новы інгрыдыент. Прыйшлі два журналісты з жанчынай-фатографам. Аўдыторыя перапоўненая. Я сеў у апошнім радзе, абяцаючы падняць руку, калі мне будзе не чуваць. Але ў гэтым патрэбы ня сталася. Оскар, у блакітным гарнітуры, з падстрыжанымі валасамі, вядома, нэрваваўся, але гэта было непрыкметна, хіба што калі хто пільна прыгледзіцца. Калі ён падышоў да подыюму, разгарнуў свой манускрыпт і публічна вымавіў свой першы сказ па-ангельску, мне пахаладзела ўсярэдзіне; толькі ён ды я з усіх прысутных людзей ведалі, праз якую пакуту ён прайшоў. Ягонае вымаўленьне было някепскае - некалькі s's заміж th's, і аднойчы сказаў «таг» замест «так», у астатнім усё было ў парадку. Паэзію ён чытаў вельмі добра - на абедзьвюх мовах - і хоць Уолт Уітман гучэў зь яго вуснаў як нямецкі імігрант з Лонг Айланду, усё ж паэзія чыталася, як паэзія.

 

Я ведаю, што Божы дух ёсьць брат і мне самаму,

Што мужчыны ад роду свайго - мне браты,

што жанчыны мне сёстры, і любасныя,

І што корань стварэньня - любоў...*

 

* Пераклад з ангельскай Васіля Сёмухі.

 

Оскар чытаў гэта, быццам шчыра верыў у чытанае. Варшава здалася, але вершы як бы баранілі. Я адкінуўся ў крэсьле і думаў пра дзьве рэчы: як лёгка схаваць нават самыя глыбокія раны; і гонар, які я адчуваў за зробленую працу.

Праз два дні я падняўся ў Оскараву кватэру і ўбачыў там шмат людзей. Уцякач - бурачнага колеру твар, пасінелыя вусны, сьляды пены ў кутках губ - ляжаў на падлозе ў свёй мяккай піжаме, два пажарнікі на каленях спрабавалі вярнуць яго да жыцьця кіслародным апаратам. Вокны расчыненыя, а паветра ў кватэры сьмярдзела газам.

Паліцэйскі спытаў у мяне, хто я такі, але я толькі і мог сказаць: «Не, ой, не».

Я паўтараў «не», але гэта было беспаваротна «так». Ён скончыў сваё жыцьцё - газам - а я ж ніколі і ня думаў пра пліту на кухні. «Навошта? - пытаўся я ў сябе. - Навошта ён гэта зрабіў?» Можа, гэта было з-за лёсу Польшчы ў дадатак да ўсяго, але адзіным адказам на пытаньне была пакінутая Оскарам запіска, што ён блага сябе адчувае і пакідае ўсю сваю маёмасьць Марціну Голдбэргу. Марцін Голдбэрг - гэта я.

Увесь тыдзень мне было моташна, не хацелася ні спадкаваць, ні разьбірацца, але я адчуваў патрэбу перагледзець пакінутыя рэчы перад тым, як суд канфіскуе іх. Таму я цэлую раніцу праседзеў у глыбокім вялюравым Оскаравым фатэлі, спрабуючы прачытаць яго карэспандэнцыю. У верхняй шуфлядзе стала я знайшоў тонкі пачак лістоў ад яго жонкі і авіяліст з нядаўняй датай ад яго антысэміткі цешчы.

Яна піша, - за некалькі гадзін мне ўдалося расшыфраваць, - што яе дачка, пасьля таго, як Оскар кінуў яе, насуперак палкім мольбам і пакутам маці, навярнулася ў юдаізм з дапамогай помсьлівага равіна. Адной ночы да іх прыйшлі «карычневыя кашулі», і, не зважаючы на тое, што маці адчайна размахвала бронзавым крыжом перад іх тварамі, выцягнулі фраў Гаснэр разам з іншымі габрэямі зь іх шматкватэрнага дома і павезьлі на грузавіках у маленькі памежны горад заваяванай Польшчы. Там, паводле чутак, яе забілі стрэлам у галаву і скінулі ў канаву разам з голымі мужчынамі габрэямі, іх жонкамі і дзецьмі, польскімі жаўнерамі і жменькай цыганоў.

 

1964

 

Бэрнард Маламуд (1914-1986) - амэрыканскі навэліст, найбольш знакаміты сваімі кароткімі расказамі пра габрэйскае імігранцкае жыцьцё, атрымальнік прэміі Пуліцэра.



Пераклад: Алеся Сёмуха
Крыніца: The Best American Short Stories of the Century. Editor John Updike, coeditor Katrina Kenison. Bernard Malamud. The German Refugee. Houghton Mifflin Company. Boston, New York 1999.