epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі

КАЗКІ ПРА ЖЫВЁЛ
  1. ПРА МУЖЫКА I ЛІСУ
  2. ЛІСІЧКА-СЯСТРЫЧКА І ВОЎК
  3. КАЗКА ПРА ЛІСІЦУ ХІТРУЮ І ПРА ДУРНОГА ВАЎКА
  4. ГУСАК, МЯДЗВЕДЗЬ, ВОЎК, ЛІСІЦА, КАБАНЕЦ
  5. ЗВЯРЫ У ЯМЕ
  6. ЛІСА-КАТАЛІЧКА
  7. ВОЎК, ЛІС І СТРАЛЕЦ
  8. ЗАЙКІНА ХАТКА
  9. ЯК МЯДЗВЕДЗЬ, ВОЎК І ПЯТУХ ЛІСІЦУ З ЗАЯЧАГА ДОМІКА ТУРЫЛІ І ЯК ЛІСІЦА ВЫМУДРЬІЛАСЬ МЯДЗВЕДЗЯ ЗАГУБІЦЬ
  10. ДЗЯЦЕЛ, ВОЎК І ЛІСА
  11. ЛІСІЦА І ДРОЗД
  12. ЯК ЛІСУ АШУКАЛА ВАРОНА
  13. ПОМСТА ДЗЯТЛА
  14. ЛІСІЦА І ЖОРАЎ
  15. КАТОК, ПЕЎНІК І ЛІСКА
  16. КОТ З ПЕЎНЕМ І ЛІСКА
  17. КАТОК З ПЕЎНЕМ І ЛІСКА
  18. КОЦІК І ПЕЎНІК
  19. КАТОК-БРАТОК І ПЕЎНІК-ПЯВУНЧЫК
  20. ЛІСА І ЦЕЦЯРУК
  21. ЯК ЛІСІЦА ЗБАНОК ТАПІЛА
  22. ЛІСІЦА І ЗБАНОК
  23. ЗАЙЧЫК НЕШЧАСЛІВЫ
  24. КАМАРЫ І МЯДЗВЕДЗЬ
  25. П'ЯНЫ ВОЎК
  26. САБАКА, ВОЎК, БАРАН, КОТ І ЛІСІЦА
  27. ЯК ВОЎК ХАЗЯІНА ЗАСТАВІЎ КАРМІЦЬ САБАЧКУ І ЯК САБАЧКА ВАЎКА АБМАНІЎ
  28. ВАЙНА ВАЎКА З САБАКАЮ
  29. САБАКА І ВОЎК
  30. ЯК САБАКА ВОЎКУ ЗА ДОБРАЕ ЛІХІМ ВЫПЛАЦІЎ
  31. КАЗКА ПРА СТАРОГА КАТА
  32. КОТ І ЛІСІЦА
  33. ЛІСКА І КОТ
  34. КОТ, ЛІСА, ВОЎК
  35. ЯК КОЦІК ВЕЛЬКІЯ ЗВЯРЫ ПАПАЛОХАЎ
  36. КОТ, ЛІСІЦА І ЗВЯР'Ё
  37. КОТ-ЛАВУН
  38. ЯК СВІНКА ТРАПІЛА ВАЎКУ У ЗУБЫ
  39. ВОЎК І СВІННЯ
  40. СВІННЯ І ВОЎК
  41. ЯК КОТ І САБАКА З ВАЎКОМ ДРУЖБУ ВАДЗІЛІ, І ВОЎК ІХ КАРМІЎ, ПОТЫМ САБАЧКУ З'ЕЎ
  42. ВОЎК, СТАРЫ САБАКА І КОТ
  43. КАЛІ Ў САБАКІ ВОЧЫ ЗАЧЫРВАНЕЛІ І ХВОСТ УЗДУЎСЯ
  44. СТАРЫ КОНЬ
  45. ЯК КОНЬ СТАЎ СТАРШЫМ АД ЛЬВА
  46. ЛЕЎ І ВОЎК
  47. ЧАМУ ЛЕЎ УЦЁК З НАШАЙ СТАРАНЫ
  48. ГАЛОДНЫ ВОЎК
  49. ГАЛОДНЫ ВОЎК
  50. ВОЎК КУРТАТЫ
  51. ДУРНЫ ВОЎК
  52. СВЯТЫ ВОЎК
  53. ВОЎК, ЗМІТРОК, КАБЫЛА І БАРАН
  54. БАРАН І ВОЎК
  55. ЧАМУ ВАЎКІ ЗВАНКА БАЯЦЦА?
  56. ВОЎК, ЛІСІЦА І АЎЦА
  57. ЯК ВОЎК КАЗЯНЯТКАЎ ПАЕЎ
  58. ЯК ЛІСКА МЯДЗВЕДЗЯ З СВЕТУ ЗБАВІЛА
  59. КАЗЁЛ І БАРАН
  60. ЯК ПЕВЕНЬ З БАРАНОМ ВОЎКУ ХОЛАДУ НАГНАЛІ
  61. БЫК, ПАРСЮК, КАЗЁЛ, ГУСАК І ПЯТУХ
  62. ГАЎРЫЛА I СЫН ЯГО ДАНІЛА
  63. БЫК І ВАЎКІ
  64. НЕ СІЛАЮ, ТО СПОСАБАМ ЧАЛАВЕК УСЯМУ НА СВЕЦЕ ЗАРАДЗІЦЬ
  65. ЧАЛАВЕЧЫ РОЗУМ
  66. МУЖЫК, ВОЎК І ЛІСА
  67. МУЖЫК, МЯДЗВЕДЗЬ І ЛІСА
  68. ЯК ЛІСКА ЧАЛАВЕКА АД СМЕРЦІ ЗБАВІЛА
  69. ЯК ЛІСКА ЧАЛАВЕКУ Ў ПОМАЧЫ СТАЛА
  70. МУЖЫК, МЯДЗВЕДЗЬ І ЛІСА
  71. ЯК ЛІС ВЫРАТАВАЎ ЧАЛАВЕКА АД ВУЖА
  72. ЦМОК
  73. АБ ЛІСІЦЫ, ЯК ЧАЛАВЕКА АД ВОЎЧЫХ ЗУБОЎ ВЫРАТАВАЛА
  74. ЛІСІЧКА-СЯСТРЫЧКА І МЯДЗВЕДЗЬ
  75. ЯК ЛІСКА ВОЎКА ПЕРАВЯЛА
  76. ЯК ЛІСКА ВОЎКА ПЕРАХІТРЫЛА
  77. КАЗКА ПРА ЛІСУ
  78. СМАЛЯНЫ БЫЧОК
  79. ЯК ЗВЯРЫ АДГАДЗІЛІ ЧАЛАВЕКУ
  80. МЯДЗВЕДЗЬ НА ЛІПАВАЙ НАЗЕ
  81. ДЗЕД, БАБА І ВЕДЗЬМА
  82. ДЗЕДКА З БАБКАЙ І ВОЎК
  83. ЯК СТАРЫК ВАЎКА ЗАБІЎ
  84. ДЗЕД ДА БАБА І ВОЎК
  85. МУЗЫКА І ВОЎК
  86. САБАКІ, КОШКА І МЫШЫ
  87. САБАЧЫЯ ПАПЕРЫ
  88. ЧАМУ ВАРАГУЮЦЬ ВОЎК, САБАКА, КОШКА І МЫШКА
  89. ВАРЛІВОКА
  91. КАЗЁЛ
  92. КАЗА ДАРОТА
  93. БАРАН — БОК АБАДРАН
  94. КАЗА ЛУПЛЕНАЯ
  95. ПЦІЦЫ НА РУСІ
  96. ВАРОНА
  97. ПТАШЭЧЧА ПІВА
  98. ЯК ВАРОНА ЯСТРАБА ВЫВЕЛА
  99. КАЗА Ў АРЭХАХ
  100. ВЕРАБЕЙКА НА БЫЛІНЦЫ
  101. БЫЛЬ І ВЕРАБЕЙ
  102. ВЕРАБЕЙ І БЫЛІНА
  103. НУДНАЯ (ДАКУЧЛІВАЯ) БАЙКА
  104. ПЯТУХ І КУРАЧКА
  105. ЛЯШЧЫНКА I ПЕТУШОК
  106. КУРАЧКА І ПЕТУШОК
  107. ПЕТУШОК ВЫБІЎ КУРАЧЦЫ ВОЧКА
  108. КУРАЧКА РАБА
  109. КУРКА-РАБУШКА
  110. КАЗЁЛ-БАРАДА
  111. ВАРОНА І РАК
  112. ВЯСЕЛЛЕ ВЕРАБ'Я
  113. ЧЫКЕЛ І СІНІЦА
  114. ШЛЮБ ВЕРАБ'Я
  115. ЖОРАЎ І ЧАПЛЯ
  116. ШЭРШАНЬ У СВАТОХ
  117. СПРЭЧКА САВЫ З ВАРОНАЮ
  118. СПРЭЧКА МУРАШКІ З КРУКОМ
  119. САВА І ДЗЯЦЕЛ
  120. РУКАВІЧКА
  121. МЫШКА-РАНДЫШКА
  122. МУХА-ХАХАЎКА
  123. ДЗЕДАВА РУКАВІЧЫНА
  124. АБ ЧЫМ БЛАХА З МУХАЮ ГУТАРКУ МЕЛІ
  125. МУЗЫКА І ЯШЧАРКА
  126. ЛІСКА І ВОЎК
  127. ПРЫГОДЫ ЛІСЫ
  128. ЛІСІЧКА-СЯСТРЫЧКА, ЗАЯЦ, ВОЎК I МЯДЗВЕДЗЬ
  129. ЛІСІЧКА-СЯСТРЫЧКА І ВОЎК
  130. БЯРОЗА І САСНА
  131. ГУТАРКА ДУБА З ГРЫБАМ
  132. МАРОЗ, СОНЦА І ВЕЦЕР
  133. ЯК МУЖЫК МАРОЗА ЗВАЯВАЎ
  134. СОНЦА І ВЕЦЕР
  135. БЕЛЫ ВОЎК
  136. ВОЎК І ВАЎЧЫЦА
  137. РАК
  138. МЯДЗВЕДЗЬ
  139. КРОТ
  140. ЯК МЯДЗВЕДЗЬ МУХІ ГАНЯЎ
  141. ЯК ДЗЕД ВОЎКА ЗАБІЎ
  142. ЯК ВОЎК ГОЎЦЫ ПАЛОХАЎ
  143. РАЗУМНА ЖЫВІНА
  144. МЯДЗВЕДЗЬ І СТРАЖНІК
  145. ХЛАПЧАНЯ Ў ВОЎЧЫМ ЛОМЕ
ЧАРАДЗЕЙНЫЯ КАЗКІ
  146. КОТ МАКСІМ — СВАТ, ЗАЙЦЫ, ВАЎКІ
  147. КОТ І ДУРАНЬ
  148. СЦЯПАН – ВЯЛІКІ ПАНЯДЗЕЛАК
  149. ЯК БЫЧОК ДЗЕЎКУ ЗРАБІЎ ПАНЯЮ
  150. РЫСЯ
  151. БУРЭНЯ
  152. ІВАНУШКА-ДУРАЧОК І КАНЁК-ГАРБУНОК
  153. СЫНЯТКА
  154. МАЛ-МАЛЫШОК
  155. КАТОК-ЗАЛАТЫ ЛАБОК
  156. ЯК ШЧУПАК ДУРНЮ У ПРЫГОДЗЕ СТАЎ
  157. САЛДАТ ІВАНЬКА, МЫШ, ЖУК І РАК
  158. ПРА КУПЕЦКАГА СЫНА, САБАКУ, КАТА І ЗМЕЯ, МЫШЫНАГА ЦАРА, РАКА ХАБЁРА, ЦАРА РАКАЎ, І ЛУКАПЕРА
  159. ЯК ЗВЯРАТКІ ЧАЛАВЕКУ АДГАДЗІЛІ
  160. ПРА МУЗЫКАНТА, КОЦІКА І САБАЧКУ
  161. ЖУРАВОЎ КАШАЛЁК
  162. ЯК ВІХАР І ВЕЦЕР ДАРАВАЛІ МУЖЫКУ ЖАРЭНЦЫ
  163. ДЗІВА
  164. ЯК ПЕЎНІК З ПАНА НАКПІЎ
  165. ХРАБРЫ ПЕВЕНЬ
  166. ЖАРЭНЦЫ
  167. ПІЛІПКА-СЫНОК
  168. ВАНЕЧКА І ВЕДЗЬМА
  169. МАЛЬЧЫК З ПАЛЬЧЫК
  170. СЫНОК З КУЛАЧОК
  171. СЫНОК ІВАНЬКА
  172. БАБІНА ДАЧКА І ДЗЕДАВА ДАЧКА
  173. МАРОЗ
  174. ЯК МАРОЗ БАБУ ЗМАРОЗІЎ
  175. МУЖЫК, ЧОРТ І МЯДЗВЕДЗЬ
  176. ВЕРАБЕЙ І МЫШОНА
  177. ЧАЛАВЕК І КОЗЫ
  178. ДЗЕД, БАБКА І МЯДЗВЕДЗЬ
  179. БАБОВАЕ ЗЯРНЯТКА
  180. ГАРОХАВАЕ ЗЯРНЯТКА
  181. ЯК ДЗЕД З БАБАЮ БОБ СЕЯЛІ


КАЗКІ ПРА ЖЫВЁЛ

 

 

1. ПРА МУЖЫКА I ЛІСУ

 

Жыў сабе дзед ды баба, дзед і кажа бабе:

— Ты пячы пірагі, а я паеду па рыбу.

— Добра, — кажа.

Налавіў дзед рыбы цэлы воз ды і вязе дадому. Едзе дзед па дарозе і бачыць: ляжыць лісічка на дарозе. Злез дзед з воза, падышоў к лісіцы, а яна і не варушыцца, ляжыць сабе, усё роўна як нежывая.

— От будзе каўнер бабе на шубу, — сказаў дзед.

Узяў ён лісічку, палажыў на воз ды і паехаў. А лісічка і пачала выкідаць рыбу з воза; выкідала усю рыбу ды і ўцякла. Прыехаў дзед дадому ды і кажа:

— От я табе прывёз які каўнер на шубу. Пайдзі вазьмі, вон там ляжыць на возе.

Прыйшла баба, паглядзела на воз і бачыць: няма ні рыбы, ні каўнера. Прыйшла баба ў хату дый кажа:

— Ах ты, хлус, яшчэ ўздумаў абманываць.

Тут ужо дзед дагадаўся, што гэта лісічка была жывая, ды нечага ўжо рабіць. А лісічка сабрала ўсю рыбку, села на дарозе ды і есць. Ідзе воўк:

— Дзень добры, кумка галубка!

— Дзень добры, кумок.

— Дай мне хоць трошкі паспытаць рыбкі!

— От табе на! Пайдзі, налаві ды і еш.

— Я не ўмею, — кажа воўк.

А лісіца кажа:

— Я цябе навучу, як лавіць. Пайдзі на рэчку, усунь хвост у палонку, дык рыба сама за хвост начапляецца; ды толькі дзяржы доўга, то больш начапляецца.

Пайшоў воўк на рэчку, усадзіў хвост у палонку, сеў ды і сядзіць. Сядзеў цэлую ноч, а хвост яго і прымёрз к лёду.

— Ах, як многа рыбы начаплялася, цяжка і выцягнуць, — думае воўк. Бачыць — бабы ідуць па ваду; як угледзелі ваўка, ды давай яго біць каромысламі; скакаў, скакаў воўк, адарваў сабе хвост ды і ўцёк.

 

 

2. ЛІСІЧКА-СЯСТРЫЧКА І ВОЎК

 

Была сабе ліска і вельмі галодная. Бяжыць яна дык бяжыць, аж едуць рыбаловы; яна прытаілася, лягла на зямлю і ляжыць. Тыя рыбаловы паглядзелі на ліску, і адзін, каторы ехаў ззаду, узяў тую ліску дый укінуў у воз. Ліска, седзячы ў возе, прагрызла дзіру і, выкідаўшы ўсю рыбу праз тую дзіру, сама выскачыла, пападбірала рыбу дый есць. Есць яна дык есць, аж прыходзіць воўк.

— Што ты, кумко-галубко, яcі?

— Рыбу, куме!

— Дай жа ж ты мне.

— Ото! Каб я табе давала! Пайдзі дый налаві!

— А дзе ж я буду лавіць, калі не ведаю дзе?

— Вот ідзі за мною, то я табе пакажу.

А тым часам дала ваўку адну рыбку, каб ён рассмакаваўся, і павяла яго.

Прыходзяць яны да аднаго возера замёрзлага. Ліска прабіла праломку дый кажа да ваўка:

— Усадзі свой хвост у гэту праломку, то набярэцца многа рыбы.

Воўк, паслухаўшы хітрай ліскі, усадзіў хвост у праломку і сядзіць. Лісіца, зрабіўшы тое, што хацела, зачала бегаць па возеры, крычаць:

— Мерзні, мерзні, кумаў хвост!

— Што гаворыш, кумко? — кажа воўк.

— Я кажу, каб бралася рыбка маленькая і вялікая!

Сядзеў воўк, сядзеў у праломцы, аж покі не прымёрз хвост.

Ліска, убачыўшы, што кумаў хвост прымёрз, пабегла ў сяло даць знаць, каб ваўка ішлі біць. Людзі, пачуўшы, што крычаць на ваўка, пабеглі зараз з кіямі, з булавамі біць ваўка. А кума пабегла ў хату, дзе мясілі хлеб, укачалася ў рашчыну, выбегла, села на стог дый сядзіць. А воўк, пачуўшы людзей, як зачаў рвацца, дый адарваў хвост і сам ледва ўцёк. Бяжыць ён дык бяжыць, аж бачыць, на стагу сядзіць ліска дый есць.

— Кумко-галубко, бачыш, якая ты благая! Ашукала мяне. Хоць за тое дай што есці.

— На, лізні раз, — сказала ліска дый пазволіла раз лізнуць. Воўк, лізнуўшы, захацеў другі раз дый ізноў зачаў прасіць яшчэ.

— Не дам ужо больш, бо мне баліць, бо я ем сваі мазгі; калі хочаш есці, разганіся галавой у сасну, разбі галаву дый ясі!

Той воўк ізноў паслухаў хітрай ліскі, пайшоў у лес дый як разагнаўся аб сасну галавой, дык і забіўся насмерць. Ліска, убачыўшы, што воўк забіўся, пайшла, з’ела ўсе мазгі ваўка дый схавалася ў нару.

 

 

3. КАЗКА ПРА ЛІСІЦУ ХІТРУЮ І ПРА ДУРНОГА ВАЎКА

 

Гэта было прад каляды. Выправіла жонка мужа на кірмаш ехаць купіць солі і купіць рыбы на куццю. І паехаў муж, паехаў на кірмаш, купіў солі, купіў рыбы і едзе назад. Думае: «Добра ж будзе, ужо жонцы дагаджу, прывязу рыбы, прывязу і солі». А, нарэшце, казала яму баба і каўнер купіць да футра. Едзе ён, а лісічка пачула запах рыбы, заляцела наперад і лягла на дарозе ўпоперак. Лягла і ляжыць. Ён думае, мусіць, здохшы лісіца. Пайшоў, за гэтую лісіцу і прыносіць у воз і палажыў. «Вот пашанцавала, —думае сабе, —жонцы завязу каўнер дахаты і, не купіўшы, буду апраўданы, што жонцы купіў каўнер». А тым часам гэта лісічка знюхала рыбу, так яна ўсю чыста рыбку выкідала, выкідала па дарозе. Кадушачку пустую пакінула, а тады сабрала, сабрала рыбку пад ёлачку і села і есць. Воўк тады прыйшоў да яе:

— Кумка-галубка, скуль ты брала рыбку?

Кажа:

— У рэчцы налавіла. Налавіла ў рэчцы і ем.

— Дай жа мне пакаштаваць хоць адну рыбку.

Яна і дала яму пакаштаваць. Ну, і воўк тады кажа:

— Так ты ж мяне завядзі, пакажы, дзе ты яе лавіла.

Яна кажа:

— Так ідзём, я ў прорубцы налавіла.

Завяла яго да рэчкі і кажа:

— Сунь хвост у прорубку і дзяржы, пакуль будзе цяжкі, пакуль няможна будзе падняцца.

Ну, ён сядзеў, гэты воўк, сядзеў, чакаў, чакаў, папробуе, яшчэ лёгка ўстае, яшчэ лёгка, аж пакуль не прымёрз гэты хвост яго.

Замёрз гэты хвост яго ўжо ў рэчцы, тады ён папробуе — не рухаецца. «Ой, — думае, — во шмат будзе рыбы. Вот добра будзе, што ўжо цяпер буду мець на доўгі час есці». А тым часам лісічка хітрая паляцела ў вёску і сказала людзям у адну хату, у другую:

— Ідзіце, дзе вы бярэце ваду, там сядзіць воўк у прорубцы.

Тутака людзі наляцелі, хто з віламі, хто з качаргой — усе наляцелі. І гэтага ваўка як трахнулі, так ён рвануўся з гэтай прорубкі, так і хвост астаўся ў рэчцы, у лёдзе.

А лісічка там, як бабы пабеглі, паляцелі ваўка біць, на шыю кілбасы навешала і зноў паляцела ўперад. Заляцела ўперад ваўку і зноў есць кілбасы. Ён прыляцеў без хваста.

— Кумка-галубка, а што ты ясі?

— Кілбасы ем.

— А можа ж мне дасі?

Яна кажа:

— Так ты ж гэтак дастань, як я дастала. Я во бруха сваё раздзёрла, кілбасы дастала. Так і ты гэтак дастань.

Ну, ён раз, гэта пазгурамі бруха сваё раздзёр і няма кілбасаў тых, і кончыўся тут, і здох на месцы. А лісічка хітрая наелася і рыбы, наелася і кілбасаў.

А мужык гэты ўжо дахаты прыязджае і ўжо рад, што жонка пахвале яго. Ну, адчыніла яна яму вароты, заязджае ў панадворак з санкамі. Ну, і кажа:

— Бяры бочачку з рыбаю. Я бочку купіў рыбы і солі ворак і табе каўнер прывёз, лісічку знайшоў здохшы на дарозе.

Глядзіць баба, што няма тае лісічкі, няма тут і рыбкі. І жонка на яго як нападзець, як стала на яго крычаць:

— Вот ты, балда, ты такі, ты гэтакі, дзе ты тую рыбу купляў, ты недзе прапіў грошы, а мне махлюеш.

І давай яго паласаваць, палку ўзяўшы. Палкай мужа, палкай.

— Дзе ж твой каўнер, няма тут і каўняра. Я ж цябе прасіла, каўнер каб купіў.

Ну, тым і кончылася.

 

 

4. ГУСАК, МЯДЗВЕДЗЬ, ВОЎК, ЛІСІЦА, КАБАНЕЦ

 

Жыў сабе дзедка да бабка, і быў у іх гусак. Пайшоў гусак у Кіеў богу маліцца. Ішоў ён, ішоў, бяжыць мядзведзь:

— Гусак, гусак, куды ты ідзеш?

— Пайду ў Кіеў богу маліцца!

— Пайду і я з табой?

— Ідзі!

Вот ідуць ўдваіх. Бяжыць воўк:

— Гусак, гусак, куды ты ідзеш?

— Пайду ў Кіеў богу маліцца!

— Пайду і я?

— Ідзі!

Вот ідуць утраіх. Бяжыць лісічка-сястрычка:

— Гусак, гусак, куды ты ідзеш?

— Пайду ў Кіеў богу маліцца!

— Пайду і я з табой?

— Ідзі!

Вот ідуць учацвярых. Бяжыць кабанец:

— Гусак, гусак, куды ты ідзеш?

— Пайду ў Кіеў богу маліцца!

— Пайду і я?

— Ідзі!

Вот ідуць упяцёх. Ішлі, ішлі яны, прайшлі многа, стаіць роў — шырокі-глыбокі. Сталі яны пераходзіць: гусак падняўся і пераляцеў і пайшоў сабе далей; мядзведзь разагнаўся — да ў роў. Воўк разагнаўся — да ў роў.

— Ах ты, ваўчышча-дурачышча, — кажа лісіца, — во як я пабягу, дык і пераскочу!

Як пабегла, да ў роў. Кабанец разагнаўся — і той туды паляцеў. Сядзелі яны, сядзелі ў рове, захацелі есці. Лісіца і гавора:

— Ну, хто старэй, таго і будзем есці!

Кабанец кажа:

— Мне ад радоў да пяць гадоў.

Воўк кажа:

— Мне ад рада чатыры гада.

Мядзведзь кажа:

— Мне ад рада да тры гада.

А лісіца кажа:

— Мне ад рада да два гада.

Вот узялі і сталі кабанца есці. Пасля ўзялісь за ваўка. А лісіца выкапала ямачку і нахавала ў ямачку кішак. З’елі ваўка; лісіца, седзя на ямачцы, цягае з-пад сябе кішкі да есць. А мядзведзь прося:

— Лісічка-сястрычка! Дай і мне хоць адну кішачку!

А лісіца кажа:

— Ах ты, мядзведзішча-касалапішча! Ты ж бачыш, як я лапай цягаю з жывата. Вот вазьмі да лапай сам з сябе цягай дай еж!

Мядзведзь паслухаў, лапай кішкі зачарэпіў і цягне, да сам сябе і разарваў, і здох. Лісіца яго і з’ела. А пасля і нечага есці. Вот яна і пайшла па рову. Бача, стаіць дуб; на тым дубу дзятлінае гняздо. Ліса і кажа:

— Дзяцел, дзяцел, выдаўбай мне лесвічку, дык не буду тваіх дзетак есці; а калі не выдаўбаеш, дык узлезу да дзяцей паем.

Вот дзяцел даўбаў, даўбаў, выдаўбаў лесвічку, дык лісіца палезла па лесвіцы дай паела дзятліных дзетак, а адтуль із рова выскачыла.

 

 

5. ЗВЯРЫ У ЯМЕ

 

Жылі сабе дзед да баба. Дзед хадзіў у лес за промыслам, а баба была дома, пякла пірагі. Вот раз дзед знайшоў у лесе нейкага кабанчыка і прынёс яго дамоў. Падзяржалі яны кабанчыка ў двары нядзелі дзве, ён і прывык к двару. От сталі яны яго ў лес пускаць жалудоў есці. Ён уранні пабяжыць, а на ноч дамоў прыбяжыць. Раз так бяжыць ён у лес, аж сустракае яго серы воўк:

— Кабанчык, кабанчык, я цябе хачу з’есць!

— Не еш мяне, серы воўк, луччы хадзі са мной у лес: заляцелі там гусі з дзярэўні, каля тых пажывішся.

Воўк паверыў, і пабеглі яны ўдвух з кабанчыкам. Па дарозе там быў роў. Кабанчык жа знае роў; вот ён разагнаўся і пераскочыў, а воўк і ўпаў у роў. Кабанчык і кажа:

— Тут цяпер пажывісь!

Сам пабег у лес, наеўся жалудоў і вярнуўся дамоў. На другі дзень сустракае яго лісічка-сястрычка:

— Куды ты йдзеш кабанчык?

— У лес.

— Зачым?

— Жалудоў есці.

— І я з табой пайду?

— Хадзем!

Толькі даходзяць яны да рова; кабанец скок — і пераскочыў, а лісічка — у роў к ваўку! Кабанчык наеўся жалудоў і вярнуўся дамоў. На трэці дзень сустракае яго заяц:

— Куды йдзеш, кабанчык?

— У лес, жалудоў есць.

— Вазьмі і мяне з сабой!

— Хадзем!

Падышлі к рову, заяц і ўваліўся ў роў. Стала іх цяпер там трое: воўк, лісіца і заяц. Жылі яны, жылі, і нечага было ім есці. Вот лісіца з зайцам згаварыліся задушыць ваўка, як ён заснець.

Як уздумана, так і здзелана: задушылі ваўка і з’елі. Тады лісіца задушыла зайца і асталася адна...

[Сядзела, сядзела, убачыла дзятла. Ліса і кажа:

— Дзяцел, дзяцел, выдаўбай мне лесвічку, дык не буду тваіх дзетак есці.

Вот дзяцел даўбаў, даўбаў, выдаўбаў лесвічку, дык лісіца палезла па лесвіцы].

Як толькі лісіца выпрыгнула з рова, а я з-за куста да лісіцу і ўбіў. І цяпер яшчэ е ў мяне варатнік з яе!

 

 

6. ЛІСА-КАТАЛІЧКА

 

Ішла сабе лісіца, знайшла гавядзіну паджараную і жалеза наведзенае. Дагадалась яна, што гэта яе хочуць злавіць, і не патрогала мяса. І пайшла дальша. Сустрачаець яна мядзведзя:

— Кумок-галубок, ці снедаў ты сягоння?

— Не, кумка-галубка, — кажаць мядзведзь, — не злучылась!

— Ну, хадзі ж, я цябе завяду ў вадно места — слаўнае сняданне будзець! Сама б з’ела, ды сягоння серада, мне нельга есць: я каталічка.

— Спасіба, кумка-галубка, хадзем.

Вот лісіца і падвяла мядзведзя к той гавядзіне. Як толькі ён сунуўся к ёй, так яго жалеза й абхваціла і падняло ўгару. Лісіца тады ўзяла гавядзіну і есць. А мядзведзь і кажаць:

— Кумка-галубка, табе ж серада!

— Э, кумок-галубок, няхай той серадзіць, хто ўгару глядзіць!

 

 

7. ВОЎК, ЛІС І СТРАЛЕЦ

 

Сябравалі воўк з лісам: як воўк што прынясе, то з лісам дзеліцца, а як лісу пападзе шчасце, то бало заклікае воўка і ядуць разам. Аднаго разу надыбаў воўк недзе цяля, так заклікаўшы ліса, кажа:

— Еж ты цяпер, а я буду пільнаваць, а як я буду есць, то ты будзеш.

Лісу таго і трэба. Як ужо наеўся, як бочка, тады кажа:

— Ну, еж ты, братко, а я буду вартаваць.

Воўк пачаў есці, ажно бачыць ліс, ідзе стралец, нясе стрэльбу, а за ім бяжыць агромністы сабака. Так ліс кажа:

— Еш, братко, ідзе чалавек, нясе кія і цяля вядзе, — і сам шык! і схаваўся за кусцік. А воўк быў надта галодны і не хацелася яму палядзець, што там, так анно праз зубы сказаў:

— Ой, глядзі, глядзі, слепаку, пэўна ідзе стралец, нясе стрэльбу і вядзе сабаку.

— Йдзе там, — кажа ліс, — не.

Тым часам стралец падышоў і бэнц! да воўка, так ліс наўцёкі, а воўк кажа:

— А што, слепаку, я казаў, што ідзе стралец, нясе стрэльбу і вядзе сабаку, — і кокашы задзёр.

 

 

8. ЗАЙКІНА ХАТКА

 

Жылі былі ў адным лесе лісіца і заяц. Жылі яны адзін каля другога блізка. Прыйшла восень: стала холадна. Уздумалі яны сабе хаткі строіць. Вот лісіца пастроіла сабе хатку з труску-сняжку, а зайчык з труску-пяску. Пражылі зімку, настала вясна: у лісіцы хатка растала, а зайчыкава выстаяла. Прыйшла лісіца, выгнала зайчыка, стала сама жыць у яго хатцы. Сядзіць зайка пад бярозай і плача. Ідзець воўк:

— Чаго ты, зайка, плачаш?

— Як жа мне не плакаць: жылі мы з лісіцай блізка. Стала холадна, пастроілі мы сабе хаткі; я сабе пастроіў хатку з труску-пяску, а лісіца з труску-сняжку. Настала вясна, яе хатка растала, а мая ўстоіла. Яна мяне выгнала з мае хаткі, і сама цяпер жывець там. Вот я сяджу ды плачу. Пасабі гору гараваць!

— Ну, хадзі, я яе выганю!

Прыйшоў воўк, стаў на парозе:

— Вылязай, ліса, вон, а то скіну з печы, паб'ю плечы!

А лісіца не лезець з печы ды гаворыць:

— Мой хвост шорсткі — як дам, дык павалішся!

Спужаўся воўк, пабег і зайца кінуў. Сеў заяц ізнова пад бярэзінай і плача. Ідзець па лесу мядзведзь, увідзеў зайку і спрашываець:

— Чаго ты, зайка, плачаш?

— Як жа мне не плакаць: жылі мы з лісіцай блізка. Прыйшла восень, пастроілі мы сабе хаткі: у яе хатка з труску-сняжку, а ў мяне з труску-пяску. Настала вясна: лісіцына хата растала, а мая ўстоіла. Яна мяне і выгнала, сама там жывець, а я сяджу ды плачу! Пасабі гора гараваць!

Вот пайшоў мядзведзь лісіцу выганяць. Узышоў на парог, а лісіца і спрашываець:

— Хто там? Мой хвост шорсткі — як дам, дык павалішся!

Спужаўся мядзведзь, кінуў зайца ды бегчы. Апяць сеў зайчык пад бярозай і жалабна плача. Аж ідзець па лесе пятух. Увідзеў ён зайку і спрашываець:

— Чаго ты, зайка, плачаш?

Зайка стаў жаліцца петуху:

— Жылі мы з лісіцай блізка, пастроілі мы сабе хаткі: я сабе хатку з труску-пяску, а лісіца з труску-сняжку. Прыйшла вясна: лісіцына хатка растаяла, а мая ўстоіла. Яна мяне і выгнала з мае хаткі.

— Пайду-тка я яе выганю!

Плача зайка, не верыць.

— Ідзе табе, пеця, выгнаць? Воўк гнаў — не выгнаў, мядзведзь гнаў — не выгнаў!

— Не, хадзі, спробую!

Вот і пайшлі. Увайшоў пятух у хату, стаў на парозе і крычыць:

— Я пятух-чабятух, на кароткіх нагах, на высокіх пятах, нясу касу на плячы, хачу лісу засячы.

А лісіца ляжыць ды кажыць:

— Мой хвост шорсткі — як дам, дык павалішся!

Пятух скочыў з парога на пол і зноў крычыць:

— Я пятух-чабятух, на кароткіх нагах, на высокіх пятах, нясу касу на плячы, хачу ліску засячы!

Лісічка атвячаець:

— Мой хвост шорсткі — як дам, дык павалішся!

А пятух усё бліжэй-бліжэй падходзіць, дык як ускочыць на пяколык! А лісіца скок з печы далоў! Пятух к ёй, а яна за парог. А зайка і дзверы зачыніў. Сталі тады зайка з петухом удвух жыць.

 

 

 

9. ЯК МЯДЗВЕДЗЬ, ВОЎК І ПЯТУХ ЛІСІЦУ З ЗАЯЧАГА ДОМІКА ТУРЫЛІ І ЯК ЛІСІЦА ВЫМУДРЬІЛАСЬ МЯДЗВЕДЗЯ ЗАГУБІЦЬ

 

Как быў зайчык і лісічка. Вот прыходзіць зіма, у зайчыка была ізбушка лубяная, а ў лісічкі ледзяная. А калі кончылась зіма, лісічкіна ізбушка растала, а зайчыкава стаіць. Віць даўно сказана, што лісічка хітрыца... Вот лісіца папрасілась у зайчыка на дзянёк дай выгнала яго. Ідзець зайчык і плачыць: страчаецца з ім мядзведзь і спрашыіць у яго:

— Чаго, зайчык, плачыш?

— Да як жа мне не плакаць: папрасілась лісічка на кватэру дай выгнала.

— Ну, падажджы, заяц, — гаворыць мядзведзь, — я яе выганю!

Вот ідзець мядзведзь к зайчыкавай ізбушцы і стучыць, і на ўвесь лес гручыць:

— Ліса, выхадзі вон!

Яна і гаворыць:

— Ну, падажджы! Січас — толькі ўвабуюсь!

Патом лісіца і не выходзіць.

Ідзець зайчык, снова плачыць; страчаецца з ім воўк.

— Чаго ты, зайчык, плачаш?

— Да как жа мне не плакаць: папрасілась лісіца на кватэру дай выгнала!

— Ну, падажджы, я яе выганю!

Ідзець воўк к ізбушцы і зубамі ляпаець:

— Ліса, выхадзі вон!

— Січас, січас, січас: толькі напранусь!

А з ізбушкі і не думаець ісці. Вот ідзець зайчык і плачыць; страчаецца з ім дзеравенскі пятух.

— Чаго ты, зайчык, плачаш?

— Да як жа мне не плакаць: папрасілась лісіца ў мяне на кватэру да мяне і выгнала!

— Ну, падажджы, я яе выганю!

Вот ідзець пятух і пяець, і крычыць, а лісічка ў акошка смотрыць. А лісіца гаворыць:

— Здрастуй, пеця, петушок! Здрастуй, красны грабяшок!

А пятух гаворыць:

— Атвары акошка нямножка, я табе галоўку пакажу.

Патом і крычыць:

— Нясу касу на плячы, хачу лісу пасячы. Ліса, выхадзі вон: а то як пайдуць таўчкі за таўчкамі, саўкі за саўкамі. Ліса, выхадзі вон!

Вот яна як выскачыць, як пабяжыць. Бяжала, бяжала. Как увідзеў яе мядзведзь, да как пусціцца ад яе ўцякаць: бяжаў, бяжаў, прыбягаець, мужык дровы рубіць. Ён, как бег к яму, і лёг на калёсы і гаворыць мужыку:

— Ну, мужык, калі прыбягіць лісіца і спросіць, што гэта цябе ляжыць, ты скажы: «Драва».

Прыбягаець лісіца і гаворыць на мужыка:

— Мужык, што гэта ў цябе на калёсах ляжыць?

— А гэта калода!

А лісіца гаворыць:

— Каб калода, то ўвязана была б.

А мядзведзь гаворыць мужыку:

— Увяжы мяне ціхенька!

Вот мужык увязаў мядзведзя. Потым апяць прыбягаець лісіца.

— Мужык, што гэта такое?

— А гэта калода.

А лісіца гаворыць:

— Калі б калода, то ў ёй бы тарчаў тапор!

Мядзведзь і гаворыць ціхенька мужыку:

— Уторні паціхеньку мне ў бок тапор!

А мужык узяў да як муздануў са ўсёй пары, так што мядзведзь і глазы пад лоб падкаціў: ён яго узяў, абадраў і павёз дамой.

 

 

 

10. ДЗЯЦЕЛ, ВОЎК І ЛІСА

 

Дзяцел дзяўбе на дзераве, а воўк падыходзіць і пытае:

— Што ж ты дзяўбеш век вуллі, а мёду не спытуеш?

— А ты ж век авечак рэжаш і без кажуха ходзіш.

Вот воўк пайшоў і давай авечкі рэзаць і ў кучу зносіць, нанасіў із сянную капу, аж бяжыць лісіца:

— Што ты, кум, гэта робіш?

— Гэта я думаю сабе кажух пашыць.

— Ай, кум, я й краўца добрага ведаю: добра шые, добра і мерае. У папа жарабок на цапі прывязаны.

Лісіца ўзяла пятлю і накінула воўку на шыю, а сама кінулась жарабцу пад ногі. Жарабец іспужаўся і стаў бегаць па пляцу і к папу на двор і зацёг воўка. Лісіца, стоючы, давай смяяцца:

— А што? Я табе казала, што за твае выскалкі будзеш у папа на дварэ? Так усе авечкі і асталіся мне.

 

 

 

11. ЛІСІЦА І ДРОЗД

 

Калі быў сабе каток у хазяіна. Як малады быў — то ў клець, то ў стопку, як пастарэў, на печку сеў. Тады думаець хазяін:

— Што з ім рабіць?

Адрэзаў акрайчык хлеба і выправіў з двара. Вот каток ішоў, ішоў; сустракаець яго лісіца:

— Каток-галубок, куды йдзеш?

— К споведзі.

— Вазьмі мяне з сабой!

— Лезь у зад!

Ідуць яны ўдваіх. Бяжыць зайчык:

— Каток-галубок, куды ты йдзеш?

— К споведзі.

— Вазьмі мяне з сабой!

— Лезь у зад!

Ідуць яны ўтраіх. Бяжыць воўк:

— Каток-галубок, куды ты йдзеш?

— К споведзі.

— Вазьмі мяне з сабой!

— Лезь у зад!

Пайшлі яны ўчацвярых. Ідуць яны, ідуць і сустракаюць яму. Цераз яму ляжыць колічак. Тады каток і гаворыць:

— Вылезайце-тка! Тут наша споведзь! Хто не грэшны, той пярэйдзець яму, а хто грэшны, той не пярэйдзець!

Каток пайшоў — перайшоў; лісіца пайшла — увалілася; заяц пайшоў — уваліўся; воўк пайшоў — уваліўся. Вот сядзелі, сядзелі, сядзелі яны там тры дні, а выседзелі злыдні і захацелі есці. Тады лісіца і гаворыць:

— Хто крапчэй крыкнець таго з'ядзім.

Зайчык толькі піскнуў, яго і з’елі. А лісіца хітрая маладзіца, кішачкі пад зад, сядзіць і есць. Воўк убачыў і спрашываець:

— Кумка-галубка, што ты ясі?

— А, кумок-галубок, кішачкі з сябе таскаю і ў сябе пускаю.

— Кумка-галубка, скажы, як ты гэта здзелала?

— А я, кумок-галубок, лапай пуза прадрала.

Тады воўк прадраў сабе пуза і здох. Лісіца і яго з'ела. Аж ляціць дроздзік. Лісіца і гаворыць:

— Дроздзік-гвоздзік, вызваль мяне!

— А як жа я цябе вызвалю?

— Вазьмі, пакідай хворасту, я і вылезу!

Дрозд так і здзелаў. Лісіца вылезла, тады і гаворыць:

— Дроздзік-гвоздзік, вызваліў ты мяне?

— Вызваліў.

— Накармі ж ты мяне!

— А як я цябе накармлю?

— Вон ідзець баба на хрэзьбіны, нясець міску бліноў і міску кашы. Ты ўсё перад ёй лётай: яна паставіць міскі і станець цябе лавіць, я і пад'ем.

Дрозд так і здзелаў. Пад’ела лісіца і кажаць:

— Дроздзік-гвоздзік, вызваліў ты мяне?

— Вызваліў.

— Накарміў ты мяне?

— Накарміў.

— Напой жа ты мяне!

— Як жа я цябе напаю?

— А вон мужыкі вязуць бочкі з півам. Ты ўзляці на бочку ды ўсё ў варонку дзюўбай. Мужык схваціць кол, ударыць не па табе, а па бочцы. Бочка разаб'ецца, тады я нап'юся.

Дрозд так і здзелаў. Напілася ліса і гаворыць:

— Дроздзік-гвоздзік, вызваліў ты мяне?

— Вызваліў.

— Накарміў ты мяне?

— Накарміў.

— Напаіў ты мяне?

— Напаіў.

— Рассмяшы ж ты мяне.

— Як жа я цябе рассмяшу?

— А вон, на таку баба з дзедам гарох малоцяць. Ты ўзляці і дзяўбі ў галаву то бабі, то дзеду. Дзед рассердзіцца, схваціць цэп ды ўдарыць не па табе, ды па бабі і заб’ець бабу, а я засмяюся.

Дрозд так і здзелаў.

 

 

 

12. ЯК ЛІСУ АШУКАЛА ВАРОНА

 

Запладзіўся на дубе дрозд. Звіў гняздо, вывеў сабе дзяцей. Узнала гэта ліса, што ў дразда ёсць дзеці. От ліса падыходзіць да дрэва, хвастом гэта ляп-ляп:

— Дрозд, дрозд, ці ты тут?

А ён адказвае:

— Тут.

Яна гавора:

— Злезь далоў, буду дуб сячы.

Пачаў дрозд прасіцца:

— У мяне дзеткі малыя, не сячы ты дрэва.

Яна яму кажа:

— Кінь адно дзіцятка, дык не буду.

Падумаў, падумаў дрозд, і хоць жалка дзіцяці, але хоць тыя застануцца, і скінуў адно.

З'ела лісіца аднаго, усмакавалася і давай кожны дзень прыходзіць, страшыць яго.

Скідаў ён дзяцей датуль, пакуль ужо адно засталося.

А варона ў яго была кумой.

Вось ён паляцеў на раду да вароны:

— Што рабіць, — кажа, — апошняе дзіця гіне.

Вось варона і пасаветавала, кажа:

— Дурак ты, — кажа, — гэта не чалавек прыходзіць, а прыходзіць ліса. А як прыйдзе яшчэ, кажы: «Хоць у дуб галавой».

Ну, ліса прыходзіць, а дрозд ужо вясёлы сядзіць, ужо знае, што адказаць, ён, значыць, ужо смелы.

А ліса прыйшла дай давай стукаць хвастом. Стукае, значыць, па дрэве і гавора:

— Злазь, буду дуб сячы.

А дрозд ёй кажа:

— Хоць у дуб галавой.

Пабегла вакол дрэва ліса, а тады пытае:

— Хто цябе наўчыў?

Дрозд адказвае:

— Кума наўчыла.

А ліса пытае:

— Якая ў цябе кума?

— Варона.

А ліса ўзлавалася і кажа:

— Пажджы ж, я ж ёй не дарую.

Выбегла на поле, легла і быццам мёртвая, хвост адкінула, ляжыць.

А варона ўгледзела, што звер, што, значыць, можна пакаштаваць ёй.

Падляцела да гэтай лісы і падумала: «Выдзяўбу вочы ёй». Дзяўбанула спярша ў хвост, а яна ляжыць, што мёртвая. Стала толькі бліжэй, каб выдзяўбіць вочы, а ліса — цап, трымае яе.

— Ці будзеш вучыць дразда?

Папалася кума гэта і пачала ў яе прасіцца.

— Не мэнчай мяне так, як матка мяне мэнчыла: возьме два рэшаты, зложыць адно к аднаму, усадзіць мяне і з гары як пачнець катаць, дык ні костачкі, ні пярынкі — усё разляціцца.

Ліса дастала два рэшаты, усадзіла варону, узнесла на гару і качнула з варонай разам.

Рэшаты разляцеліся, а варона паляцела і сказала на яе, што хацела.

Канец ужо.

 

 

 

13. ПОМСТА ДЗЯТЛА

 

Звіў сабе дзяцел гняздзечка, нанёс яечак і вывеў дзетак — трое дзятлянятак. Радуецца дзяцел:

— Выгадую, — думае, — дзетак — будзе ўцеха, а на старасць падмога.

Але нездарма людзі кажуць:

— Хто б дзятла знаў, каб не яго доўгі нос.

Не ўмеў ён радавацца сам з сабою, а раструбіў па ўсяму лесу, што бог яму дзетак паслаў; каго з птушак ні спаткае — на радзіны просіць. Сабраліся госці, згулялі радзіны, участаваліся так, што ледзь дамоў давалакліся. Пайшла па ўсяму лесу слава, якія гучныя радзіны справіў дзяцел. Прачула аб гэтым лісіца.

— Пастой жа, паганец, — кажа яна сабе, — мяне на радзіны не пазваў, я ж табе дамся ў знакі.

Дзяцел дзяцей гадуець, корміць, поіць, а лісіца каля яго гнязда пахаджвае, зубы скаліць, прыдумвае, як бы дзяцей дзятлавых са свету звесці. Надумалася-такі, Падходзіць раз к таму дрэву, дзе было дзятлава гняздо і пачынае стукаць хвастом па дзераву.

— Што ты, лісіца, робіш?—пытае ў яе дзяцел.—Нашто маіх дзяцей пужаеш?

— Во як, — кажа лісіца, — у цябе і дзеці ёсць... а я і не ведала... Ну, выганяй-тка іх вон з гнязда, бо мне гэта дрэва патрэбна на дровы...

— А лісанька, а кумачка! — стаў прасіць дзяцел.— Дай ты мне дзетак узгадаваць, тагды сабе сячы дзерава.

— Не магу я чакаць, — кажа лісіца, — хто ж табе вінават, што ты тут звіў гняздо! Мала табе было лесу?

— Яно праўда, лесу не мала, — кажа дзяцел, — але хто ж цябе знаў, што ты гэта дрэва маеш сеч?

— Трэба было запытацца, язык маеш, — кажа лісіца, — сам вінават, не на кага жалкаваць.

— Што ж мне рабіць, кумка? Дай раду, — просіць яе бедны дзяцел.

— Ты рады просіш? Вот табе мая рада: не трымай дзяцей пры сабе, бо спесцяцца, разгультаюцца, а аддай іх лепей у людзі ў навуку, каля людзей вытруцца, рабоце навучацца — людзьмі будуць. І табе будуць дзякаваць і шанаваць пад старасць.

— Можа і праўда твая, — кажа дзяцел, — але ж я такіх людзей не знаю, каб каму аддаць дзяцей у навуку.

— Аддай іх мне, — кажа лісіца, — я табе памагу, я аддам тваіх дзяцей у навуку.

— А дзякуй жа табе, мая кумачка, што ты вызваляеш мяне з бяды. Буду табе век дзякаваць...

— Падзякуеш пасля, — кажа лісіца, — а цяпер кідай іх ка мне.

Кінуў дзяцел аднаго дзіцёнка, лісіца падхваціла яго, забегла за кусты і з'ела. Аблізалася і ідзець к дзятлу:

— Аддала, — кажа, — вучыцца кавальству: прыбыльная работа. Кідай другога!

Скінуў дзяцел і другога. Схваціла яго лісіца, занесла за куст, з’ела. Вярнулася к дзятлу.

— Аддала, — кажа, — вучыцца сталярству. Самая работа для дзятла: будзе кусок хлеба мець. Давай трэцяга: аддам яго ў бондары — дзятлы к бандарству здольны.

Скінуў ёй дзяцел і трэцяга дзіцёнка, дзякуючы лісіцы, што так яна клапоціцца аб яго дзецях.

З’ела лісіца і трэцяга дзіцёнка, як і двух першых. Прыйшла к дзятлу.

— Кідай яшчэ, калі ёсць.

— Ужо ўсі, — кажа ёй дзяцел.

— А калі ўсі, — дык за зад мяне ўкусі: я тваіх дзяцей паела. Было не чваніцца.

Як пачуў гэта дзяцел, як заплачаць ён бедны, як загалосіць: і дзяцей жаль, і злосць яго ўзяла, што лісіца так яго абсмяяла. Каб сіла, — разарваў бы яе, паганую, на часці, але сілы не даў бог дзятлу. А лісіца наругаецца — зубы скаліць.

— Што я каму зрабіў кепскага?—думае ён сабе.— Абяздзеціла мяне лісіца, насмяялася нада мной, насмяюся ж і я над кім-небудзь. Будуць і мяне помніць.

І паляцеў дзяцел шукаць, на ком бы яму злосць сарваць. Ляціць дзяцел, бачыць — едзець мужык, нешта ў бочцы вязець.

— Вот на ком я злосць сарву, на мужыку: ён ва ўсім вінават.

А мужык вёз у бочцы мазь прадаваць, хацеў солі купіць.

Сеў дзяцел на бочку з маззю і давай дзяўбці носам у бочку. Глянуў мужык: прадзяўбе, думае, бочку, мазь вылле. Выхваціў тапор з-за пояса і — дрататах! абухом, але не па дзятлу, а па бочцы. Разбіў бочку. Яшчэ і не апамятаваўся мужык, глядзіць — дзяцел сеў на лбу ў каня і дзяўбе. Мужык размахнуўся тапаром, хацеў забіць дзятла, а секануў па лбу каня — конь і не жыў, а дзяцел — фурр! — паляцеў. Плачаць мужык:

— Бочку разбіў, мазь выліў, каня забіў, усё праз праклятага дзятла. Вот каб яго папасці, помніў бы ён!

А дзяцел паляцеў у мужыкову хату. Мужыкова жонка хлеб расчыняла, а нагой дзіця калыхала. Сеў дзяцел у калыску і давай дзіця ў лоб кляваць. Дзіця заплакала. Глянула баба, відзіць — дзяцел клюець дзіця.

— Ах, каб ты выдах! — закрычала яна і троп! палонікам, але не па дзятлу, ды па дзіцёнку. Забіла дзіцёнка. Злосць узяла яе на дзятла, кінулася яго лавіць. Злавіла-такі і гаршком закрыла. Стала прыдумываць, якую дзятлу смерць зрабіць? Аж тут надходзіць яе муж, ідзець і плачаць.

— Чаго ты плачаш? — пытае яна ў яго. Так і так, расказвае ён ёй.

— А я ж хоць дзіця забіла, але праклятага дзятла злавіла, — кажа яму баба.

— Пакажы яго, я яго жыўцом з’ем,— кажа муж.

Падняў мужык гаршок, узяў дзятла ў рукі:

— Я цябе з’ем, гад ты! — і рот разінуў. А дзяцел пурх! яму ў рот, а з роту ў жывот пралез. Трапечыцца ў жываце. Не ведае мужык, што яму і рабіць: баліць жывот — дзяўбе там дзяцел; і на двор хадзіць не дае, кусае. І няма як яго адтуль выдабыць. Але такі надумаўся мужык:

— Хадзі-тка ты сюды, бабо! — кажа ён жонцы. — Бяры касу ў руку і як толькі дзяцел пакажаць галаву — рэж яго касой.

Узяла баба касу, глядзіць прытка, пільнуе дзятла. А ён пакажыць галаву ды і зноў скоранька схаваецца, як бы з імі дражніцца. Высунуў ён такі нос — баба шась! касой.

— А-я-яй!— заенчыў мужык, а дзяцел жывёханькі вылецеў.

 

 

 

14. ЛІСІЦА І ЖОРАЎ

 

Сустрэла лісіца жураўля.

— Кумок-галубок, прыхадзі да мяне ў госці!

— Добра, — кажа журавель, — прыйду.

Наварыла лісіца рэдзенькага супу, наліла ў блюда. Той журавель лыгаў-лыгаў — ну ніяк не наеўся. Падзякаваў ён лісіцы і пайшоў. Тады заве лісіцу да сябе. Нагатаваў ён усяго, у вялікую ў бутэльку накідаў і частуе. Хадзіла лісіца, хадзіла кругом бутэлькі, каб хоць паспрабаваць, да ніяк не дастане. Усердзілася яна на жураўля, насварылася на яго і пайшла дадому.

Так у іх дружба і прапала.

 

 

 

15. КАТОК, ПЕЎНІК І ЛІСКА

 

Быў сабе каток з пеўнічкам, зрабілі яны сабе хатку. Коцік накарміў пеўнічка, а сам пайшоў на ўловы. Тады лісічка прыйшла і сказала:

— Пеўнічку, пеўнічку! Адчыні мне!

Пеўнічак адчыніў, а лісічка ўвайшла ў хату, ухапіла пеўнічка і панесла да свае хаткі. А пеўнічак стаў крычаць:

 

Коце, браце!

Мяне ліска нясе

У высокія горы,

У глыбокія норы,

Па бару, па каменню,

Па ўсялякаму зеллю.

 

Коцік пачуў, прыбег, пеўнічка адабраў, прывёў дахаткі і сказаў яму:

— Глядзі ж, бэстыя, не слухай лісіцы, як яна прыйдзе, бо я пайду далёка.

Коцік пайшоў, а ліска зноў прыбегла і кажа:

— Пеўнічку, галубочку, адчыні мне! Я агню вазьму!

— Не адчыню, бо ты мяне ўхопіш.

— Не бойсь, я не буду хапаць.

Пеўнічак адчыніў, а лісічка ўхапіла яго і панесла дахаткі. Пеўнічак зноў крычыць:

 

Коце, браце!

Мяне ліска нясе

У высокія горы,

У глыбокія норы,

Па бару, па каменню,

Па ўсялякаму зеллю.

 

Коцік учуў, прыбег, пеўнічка адабраў, прынёс дахаты і сказаў:

— Ну, глядзі ж, не пускай яе ў хату, бо я пайду яшчэ далей. Коцік пайшоў, а ліса прыбегла і зноў гаворыць:

— Пеўнічку, галубочку, падай мне агню!

— Не падам, бо ты мяне ўхопіш.

— Не бойсь, ну падай праз дзірачку.

Пеўнічак падае, а лісіца — хап! І панесла да свае хаты. Пеўнічак крычаў, крычаў — коцік не пачуў, а лісіца ўнесла ў хату, сказала сваім дачкам:

— Наварыце есці, частаваць госця.

А кагда коцік прыйшоў, не застаў пеўнічка, узяў зрабіў скрыпачку і сталяную пушку, пайшоў сеў пад нарою і стаў граць:

 

А ў ліскі,

А ў ліскі,

Новы двор,

Трое дочак,

Трое дочак,

На выбор,

Чацвёрты пеўнічак

То-то мой!

 

А ў ліскі,

А ў ліскі,

Новы двор,

Адна лісіца

На выбор,

Чацвёрты пеўнічак

То-то мой!

 

 

А дочкі лісіцы сказалі:

— Ах, матко, як хтосьці хораша грае, пойдзем паглядзімо. Дочкі выйшлі глядзець, а коцік пушкаю па іх — забіў, каля яе палажыў і зноў грае.

А лісіца кажа:

— А, падла, не йдуць есці!

Узяла дубца, выйшла, а коцік і яе забіў, увайшоў у хатку да пеўніка, і сталі жыць удвух у лісіцы ў хаце.

 

 

 

16. КОТ З ПЕЎНЕМ І ЛІСКА

 

Быў сабе певень і коцік, жылі яны ў адной хатцы ў згодзе і ў добрай кампаніі. Аднаго разу кажа коцік да пеўніка:

— Я пайду ў глыбокія горы, у высокія лясы, сабе мышкаў шукаць, а табе за дабром, так ты зачыніся і глядзі, каб нікога не пускаў.

І пайшоў. Ажно прыбягае ліска пад акенца і кажа:

— Пеўнічку, пеўнічку, пазыч мне памяла: прыехалі госці з замосці, няма чым вымесці печы, пірага пячы.

А пеўнік:

— Зводзіш, ты мяне абманеш.

Так ліска:

— Не, — кажа, — дальбо не абману.

Так пеўнік адчыніў акенца і дае ёй памяло, а ліска не за памяло, а за яго і драла. Бяжыць так з ім, бяжыць, а пеўнік усё крычыць:

— Коціку, браціку, барані мяне!

Коцік, гэта пачуўшы, бо яшчэ далёка не адышоўся, зараз гэта прыскочыў, надзёр ліску, надзёр і адабраў пеўніка. Як прывёў яго дахаткі, так кажа:

— Ну, маеш навуку, цяпер не пускай яе, бо я цяпер пайду ў глыбшыя горы, у вышэйшыя лясы, то не пачую.

Анно коцік выйшаў за варота, аж і ліска прыбягае пад акенца дай кажа:

— Пеўнічку, пеўнічку, пазыч мне лапаты: прыехалі госці з замосці, няма чым пірага ў печ паставіць.

— Не, — кажа певень, — не адчыню, бо ты мяне здрадзіш.

— Не, не, пеўнічку, дальбо не абману!

Так пеўнік, як добры дурань, адчыніў дзверы і дае лапату, а ліска за пеўнічка і ў ногі. Пеўнік як стаў крычаць, енчыць, так коцік, гэта пачуўшы, прыляцеў і як ні насядзе на ліску, як ні стане яе дзерці, та і адабраў пеўніка: прывёў дахаты і кажа:

— Я пайду цяпер яшчэ ў глыбшыя горы, у вышэйшыя лясы, то не пачую.

Анно коцік выбег, ажно прылятае ліска:

— Пеўнічку, — кажа, — пеўнічку, прыехалі баяры, рассыпалі ячменю, няма каму пазбіраць — хадзі ж хутчэй, пазбірай.

Так пеўнічак:

— Эй, не, не пайду, бо ты мяне зводзіш.

— Але ж дальбо, пеўнічку, не махлюю.

Так пеўнік адчыніў дзверы, а ліска за яго і драла. Пеўнік крычаў, крычаў, аж яму дзюба спухла, але коцік не дачуў. Так яна занесла яго ў норку да сваіх, там пеўніка аскублі, спяклі і прыбіраюцца ўжо абедаць. Ажно прыбягае коцік дахаткі, глядзіць — няма пеўнічка! Што тут рабіць? Выбег з хаткі, ажно глядзіць: сляды ёсць, так давай бегчы па слядах. Бяжыць, бяжыць, ажно сустрэў зайчыка:

— Зайчыку, зайчыку, не бачыў ты ліскі бегучы, пеўнічка несучы?

— Бачыў, — кажа, — ось дзе ў норку пабегла.

Так, коцік, падзякаваўшы, зрабіў скрыпачку, сеў над норкаю і іграе:

 

 

Дылі, дылі скрыпачка,

а у норцы лісачка;

а ў лісіцы новы двор,

тры паненкі на выбор!

 

 

Так найстарша ліска кажа:

— Пайду ды пагляджу, хто там грае так?

Так яна як выбегла, а ён трах смычком па лобе, забіў і кажа:

— Падлажу пад с.., няхай будзе на табаку, — дай зноў грае:

 

 

Дылі, дылі скрыпачка,

а у норцы лісачка;

а ў лісіцы новы двор,

тры паненкі на выбор!

 

 

Ажно другая выбягае з норкі, а коцік трах і забіў. Пасля трэцяя выбегла і той дасталося; аж, нарэшце, маці ўхапіла качаргу і кажа:

— А каб іх так і гэтак! Яны там скачуць, а петушына чыста астыгла. Я ім там добра накладу!

Яна анно высунула лоб, а коцік так ёй сцягне смычком па лобе, так і забіў. Узяў скрыпачку, сеў сабе на ёй і грае:

 

Дылі, дылі скрыпачка,

а у норцы лісачка;

а ў лісіцы новы двор,

тры паненкі на выбор!

 

 

Ажно бацьку нецярплівасць узяла, так намачыў памяло і кажа:

— Я ім дам! Яны, ..., скачуць, а петушына замерзне. Высунуўся з норкі, а коцік трах па лобе і забіў. Тады коцік улез у норку, выеў петушыну дай пайшоў сабе дахаткі.

 

 

 

17. КАТОК З ПЕЎНЕМ І ЛІСКА

 

Быў сабе каток і певень, каток кажа да пеўнічка:

— Ты астанься ў хатцы, а я пайду, пашукаю сабе птушкі, а табе пшаніцы. Анно глядзі, як хто прыйдзе, не адчыняй хаткі.

— Добра, — кажа, — добра, з богам!

Як анно каток пайшоў, так зараз гэта пад хатку прыбегла ліска і кажа:

— Пеўнік-галубок, адчыні мне!

— Не, — кажа, — не адчыню.

— Але, абач, — кажа, — што тут на двары чаўпецца — поўна сабак набегла.

Так пеўнік не вытрымаў, адчыніў акно, а тут ліска цап! за яго і павалакла. Так пеўнік давай крычаць:

— Коце, браце, мяне ліска нясе па барох, па лясох, па цісовых мастох!

А каток быў недалёка дай пачуў. Бяжыць каток бараніць, аж даганіў ліску: надраў, надраў яе, і ледва ліска з духам уцякла. Завёў каток пеўніка дахаткі, заказаў, каб больш акна не адчыняў, а сам зноў пайшоў на паляванне. Аж прыбягае ліска:

— Пеўніку, — кажа, — адчыні мне.

А пеўнік:

— Не, не адчыню.

— Але, абач, — кажа, — каток бяжыць з поўным мяшком пшаніцы.

Так пеўнік урадаваўся і адчыніў акно, а ліска цап! за яго і павалакла. Пеўнік чыста спалохаўся і давай крычаць на цэла горла:

— Коце, браце, мяне ліска нясе па барох, па лясох, па цісовых мастох!

Так коцік, пачуўшы, давай гэта бегчы бараніць. Даганіў, адабраў пеўніка, выдраў, выдраў ліску лапкамі, завёў пеўніка дахаткі і кажа:

— Глядзі, я ўжо другі раз выбавіў цябе ад смерці, але як цяпер адчыніш, то я ўжо не абараню, бо надта далёка пайду.

Анно каток адышоўся, аж прыбягае ліска:

— Пеўніку, — кажа, — барані катка!

Пеўнік кажа:

— Ля, ад каго?

— Ой, калі набегла поўна ваўкоў і твайго катка дзяруць!

Так пеўнік гэта нядоўга думаючы выбег з хаткі, а ліска яго цап! дай панесла. Певень хоць крычаў: «Коце, браце, мяне ліска нясе па барох, па лясох, па цісовых мастох!» — але каток быў далёка і не пачуў. Так гэта ліска занесла яго ў норку, з ела з сваімі дзеткамі, а костачкі выкінула вон. Як каток вярнуўся дахаткі і паглядзеў, што няма пеўніка, так давай плакаць і лямантаваць, а потым пайшоў, пашукаў яго костачак, зрабіў труну, усыпаў костачкі і закапаў у зямлю. Пахаваўшы пеўніка, каток кажа:

— Пажджы ж! — і зрабіўшы сабе скрыпачку, пайшоў у лес, проста да нары ліскі і грае:

 

Дылі, дылі скрыпачка,

а у норцы лісачка;

а ў лісіцы новы двор,

тры паненкі на выбор!

 

 

Як толькі высунулася ліска з нары, каб паслухаць, хто так хораша грае, коцік яе забіў і пайшоў сабе дахаты.

 

 

 

18. КОЦІК І ПЕЎНІК

 

Жыў дзед з бабай. Быў у іх коцік і петушок. Баба і дзед памерлі, засталіся кот і петушок. Жывуць. Тады коцік пайшоў араць, а петушка пасадзіў малоць:

— Мялі ж, пеця, ды ў вакно не паказыйся, а то лісіца схопіць.

Меліць петушок, аж бяжыць лісіца і зайграла на гуслях:

— Петушок, петушок, адчыні ваконца.

Петушок не паслухаў ката і галаву высунуў. Лісіца цап петушка за галоўку і панясла. Петушок крычыць:

— А коцічак, а брахнійка! Нясець мяне ліска ў махі, у балоты, у гнілыя калоды!

Коцік пачуў, бяжыць:

— Вур-вур!..

Грэб лісіцу ды аб землю. Адабраў петушка і нясець. Прынёс у хатку, пасадзіў у ячый.

— Мялі ж, пеця, не паказыйся лісіцы!

Пайшоў коцік араць, а лісіца ўзноў бяжыць пад вакно і іграець:

— Петушок, петушок, адчыні ваконца! Я ў белым шалпачку, у красным нарожнічку!

Ён адчыніў ваконца, а яна хап яго за галоўку і панясла.

Петушок крычыць:

— А коцічак, а брахнійка! Нясець мяне ліска ў махі, у балоты, у гнілыя калоды!

Пачуў коцік, бяжыць:

— Вур-вур!..

Грэб лісіцу ды аб землю. Адабраў петушка і нясець. Прынёс яго коцік у двор, пасадзіў у ячый.

— Мялі ж, пеця, не паказыйся лісіцы, бо я паеду далёка араць, не пачую!

Пайшоў коцік, а лісіца прыбегла і іграець на гуслях:

— Петушок, петушок, адчыні ваконца, я ў белым шалпачку, у красным нарожнічку!

Ён адчыніў ваконца, а яна яго хап і панясла. Крычаў-крычаў петушок — не пачуў коцік. Прынясла ў двор, вочы выкалала і ўторкнула ў сцяну. Прыйшоў коцік у двор — няма петушка. Ён тады здзелаў іскрыпачку са смычком і пайшоў к лісіцынай хаткі. Сеў на бярвенні і іграець:

— Ці-лі-лі, ці-лі-лі, хоць бы поліўку ўлілі, і блін, і цацэнь, а поліўку за пляцень.

Прыйшла дачка лісічая, прынясла блін:

— Музычка, хадзі к нам!

Ён блін узяў, а дачку забіў. Сеў на бярвенні і іграець.

Ці-лі-лі, ці-лі-лі, хоць бы поліўку ўлілі, і блін, і цацэнь, а поліўку за пляцень.

Прыйшла другая дачка лісічая, прынясла блін.

— Музычка, хадзі к нам!

Ён блін узяў, а дачку забіў. Сеў на бярвенні і іграець.

— Ці-лі-лі, ці-лі-лі, хоць бы поліўку ўлілі, і блін, і цацэнь, а поліўку за пляцень.

Прыйшла трэцяя дачка лісічая, прынясла блін.

— Музычка, хадзі к нам!

Ён узяў блін, а дачку забіў. Сеў на бярвенні і іграець.

— Ці-лі-лі, ці-лі-лі, хоць бы поліўку ўлілі, і блін, і цацэнь, а поліўку за пляцень.

Прыйшла лісіца, прынясла блін. Ён блін узяў, а лісіцу забіў.

Прыйшоў тады ў хатку, выняў вочы з сцяны, усадзіў петушку і пайшлі. І сталі тады жыць.

 

 

 

19. КАТОК-БРАТОК І ПЕЎНІК-ПЯВУНЧЫК

 

Жыў каток з петушком. Пайшоў каток на ўловы, а петушка заставіў пільнаваць дому. Петушок стаў пець. Лісічка прыйшла хусця мыць пад акно. Яна сказала:

— Хораша пяеш, але я глушка на лева вушка, прыляці бліжэй!

Прыляцеў петушок бліжэй, дык ліска схапіла яго і паляцела.

А петушок пеў:

— Каток-браток, мяне ліска мчыць па хмызнячку, па бярэзнічку, па высокіх горах, па лісіх норах!

Каток ляцеў, ляцеў і дагнаў, адабраў петушка і прынёс дамоў, пасадзіў на печы і яму прыказаў, каб ён болей ліскі не слухаў. А сам пайшоў на ўловы.

Прыйшла лісічка ізноў хусця мыць. Ізноў петушок пеў. Яна яго пазвала ізноў.

— Хораша пяеш, але я глушка на лева вушка.

Ён прыляцеў на акно, сеў і пяе. Яна ізноў яго забрала і паляцела. Ён ізноў пяе:

— Каток-браток, мяне ліска нясе па хмызнячку, па бярэзінку, па высокіх горах, па лісіх норах!

Каток ляцеў, ляцеў і не дагнаў.

Прыйшоў дамоў, пашыў салавы мяшочак, зрабіў кручочак і доўбянку і скрыпачку — і пайшоў граць. Грае, прыпявае і ножачкай прытупае:

— Тылі, тылі-лі, а ў нашай лісухны тры-тры дачухны і Калош, і Малош, і пявунчык мой!

Ліска сказала:

— Хораша пяе, вынесі яму дай блінок!

Вынесла дачушка яму блінок, дык ён доўбянкай у лабок, кручочкам за насок і ў салавы мяшок.

І далей грае, прыпявае і ножачкай прытупае:

— Тылі, тылі-лі, а ў нашай лісухны тры-тры дачухны і Калош, і Малош, і пявунчык мой!

— Хораша пяе, вынесі яму блінок!

Другая дачка вынесла, дык ён доўбянкай у лабок, кручочкам за насок і ў салавы мяшок.

Ізноў грае, прыпявае, і ножачкай прытупае:

— Тылі, тылі-лі, а ў нашай лісухны тры-тры дачухны і Калош, і Малош, і пявунчык мой!

Ліска кажа:

— Хораша пяе, вынесі яму блінок!

Трэцяя дачка вынесла, дык ён яе доўбянкай у лабок, кручочкам за насок і ў салавы мяшок.

Ізноў іграе, прыпявае і ножачкай прытупае:

— Тылі, тылі-лі, а ў нашай лісухны тры-тры дачухны і Калош, і Малош, і пявунчык мой!

Ліска кажа:

— Хораша пяе, вынесі яму дай блінок!

Калош вынес, дык ён яго доўбянкай у лабок, кручочкам за насок і ў салавы мяшок.

Ізноў грае, прыпявае і ножачкай прытупае:

— Тылі, тылі-лі, а ў нашай лісухны тры-тры дачухны і Калош, і Малош, і пявунчык мой!

Ліска кажа:

— Хораша пяе, вынесі яму дай блінок!

Малош вынес, дык ён яго доўбянкай у лабок, кручочкам за насок і ў салавы мяшок.

Тады ізноў прыйшоў, грае, прыпявае і ножачкай прытупае:

— Тылі, тылі-лі, а ў нашай лісухны тры-тры дачухны, і Калош, і Малош, і пявунчык мой!

Ліска кажа:

— Хораша пяе, панясу я сама яму блінок.

Ён і яе доўбянкай у лабок, кручочкам за насок і ў салавы мяшок. Сам увайшоў у хату і жыў там з петушком.

 

 

 

20. ЛІСА І ЦЕЦЯРУК

Сядзеў цецярук на бярозе, ну, і пеў свае песні. Пачула яго ліса і захацелася ёй цецеруком падсілкавацца. Вось яна падышла да дрэва і гаворыць:

— Слухай, цецярук, ці не слыхаў ты, што цяпер пайшлі новыя законы, каб усе звяры мірна жылі, адзін аднаго не чапалі, хадзілі б па зямлі. Прама прыказ ёсць, я яго сама чытала.

А цецярук ёй гаворыць:

— Добрыя законы, але што-та чую недалёка сабакі брэшуць, ці не сюды яны бягуць.

Збіраецца ліса ўцякаць, а цецярук ёй кажа:

— Дык пачакай, можа што яшчэ які закон прынясуць. Раз такі закон, штоб адзін аднаго не чапаў, дык няма ж чаго баяцца.

Ліса гаворыць:

— А можа яны яшчэ прыказы тыя не чыталі, то трэба ўцякаць.

І, брат, драла.

Так што не ўдалося абмануць.

 

 

 

21. ЯК ЛІСІЦА ЗБАНОК ТАПІЛА

 

Пайшла адна баба жаць і пакінула збанок са страваю на мяжы, ажно прыбягае ліска, усадзіла галаву ў збанок: лізь, лізь, лізь, лізь — нахлёбалася дай вымае галаву, а тут ніяк не выняць. Бяда!

— Ой, утаплю, — кажа, — збана!

А збанок кажа:

— Тапі!

Ліска, няма рады, пайшла да ракі са збанком. Прыбегла, садзіць галаву:

— Пусці, бо ўтаплю!

— Тапі!

Яна ўсадзіла глыбей, у збанок вады набралася і ліску ў ваду пацягнула. От настрашыла збанка!

 

 

 

22. ЛІСІЦА І ЗБАНОК

 

Пакінулі жанцы на полі збанкі. Бегла тудою лісіца, чуе яна, што ўсё нешта гудзе. Калі яна прыгледзелася, ано ж гэта збанок. Як павее вецер, то ён гудзеў. Яна ўзяла, начапіла яго на шыю і панесла ў раку тапіць. Прынесла яна яго да ракі і ўсадзіла ў ваду, каб утапіць. А збанок, як набраўся поўны вады, пайшоў на дно і пацягнуў за сабою і лісіцу.

 

 

 

23. ЗАЙЧЫК НЕШЧАСЛІВЫ

 

Аднаго разу заяц сабе сядзеў засмучаны:

— Чаму, — кажа, — я такі нешчаслівы, ніхто мяне не баіцца, анно я ўсіх баюся?

Так пабег ён з нуды тапіцца, анно сядзіць жаба пад ракою дай, угледзеўшы зайчыка, скок у ваду. Тады заяц сабе падумаў:

— Эге, нашто мне тапіцца, калі ёсць такі звер, што і мяне баіцца.

 

 

 

24. КАМАРЫ І МЯДЗВЕДЗЬ

 

Улез мядзведзь у балота і лёг. Як лёг, так і падавіў камароў колькі, сот пяць ці больш можа.

Зазвінелі камары, што былі на балоце, запішчалі, лётаюць вакол яго, а адзін самы глаўны, ад’ютант, відаць, усё пішчыць:

— Ты што, дзядзька, сюды зайшоў? Навошта пагубіў нас столькі? Уцякай адсюль, пакуль жывы!

Пішчыць дый годзе. Мядзведзь глядзіць, нікога не бачыць, але чуе голас. Потым угледзеў камароў, вырваў бярэзіну і давай махаць. Пакуль махае, дык не чуваць нікога, а як кіне яны зноў:

— Уцякай адсюль, дзядзька, а то жыў не будзеш!

Кінуўся мядзведзь на іх, але што ён зробіць? Намахаўся, знясілеў, а камары як дадуць, як урэжуць! Мусіў ён бегчы з балота, а камар той, самы старшы, крычыць:

— Во, будзеш, дзядзька, ведаць, як нас чапляць.

 

 

 

25. П'ЯНЫ ВОЎК

 

Прыйшоў раз воўк да сабакі і кажа:

— Я цябе з’ем!

А сабака адказвае:

— Не еш мяне, як будзе вяселле ў майго гаспадара, то я цябе накармлю і напаю.

Воўк паслухаў. Прыйшла пара быць вяселлю. Сабраліся госці, прыйшоў і воўк. І кажа воўк сабачцы:

— Глядзі: як ты мяне абманеш, то ўсё адно цябе з’ем.

А сабака кажа:

— Ты адно не спявай, як уп’ешся, то цябе і бачыць ніхто не будзе.

Як пачалося вяселле, налілі ў міску гарэлкі і сталі піць і есці. Хлеб мачалі ў гарэлку і елі. Давалі хлеба і сабачцы з гарэлкай, а сабака ваўку. Упіўся воўк і лёг пад лаваю. Патом, напіўшыся, дзяўчаты як заспявалі, не выцерпеў воўк. і заспяваў-завыў. Яго ўбачылі і затаўклі качаргамі.

 

 

 

26. САБАКА, ВОЎК, БАРАН, КОТ І ЛІСІЦА

 

Жыў-быў багаты мужык; у яго быў добры сабака. Ён вельмі яго любіў, да самае смерці, і як ён зусім пастарэў, то ён ужо не любіў яго і не даваў яму есці.

Жанкі гэтае хаты пайшлі жаць жыта і ўзялі з сабою малое дзіцятка і яго калыску, за імі ішоў стары сабака. Жанкі прыйшлі на поле, павесілі калыску і ўлажылі туды дзіцятка, а самі зачалі жаць жыта, а сабаку ўзялі і прагналі, што б ён не паеў іх хлеба. Сабака з гора адышоўся, лёг пад кустом. Прыходзіць к яму серы воўк і пытае:

— Што ты ляжыш?

Сабака кажа яму:

— Адступіся, пракляты! Што ты лезеш ка мне ў вочы? Ты наеўся, а я яшчэ нічога не еў.

Воўк кажа яму:

— Дурань ты! Вот я цябе навучу! Ты глядзі! Я пайду і схвачу дзіця, а ты бяжы за мной і гаўкай і кусай мяне за лыткі.

Ён так і здзелаў. Жанкі як пачулі, што сабака гаўкае, так азірнуліся назад і ўбачылі, што воўк панёс дзіця, а сабака адбірае. Яны прыбеглі і дзіця адабралі. І з гэтых пор сталі ўжо даваць сабаку есці, і ён стаў праганяць з двара і свіней. А хлопчык гэты расце да расце, не па гадам — па гадзінам і дарос да васемнаццаці год, і бацька засватаў яго. У гэту самую пару прыйшоў той воўк пад гумно, каб пажывіцца. Сабака пачуў ваўка і стаў на яго гаўкаць. Воўк, пазнаўшы гэтага сабаку, падышоў к яму і кажа:

— Я ж табе даў хлеба, а ты мяне праганяеш.

— А гэта ты, брат? — пытае сабака.

— Я, — кажа воўк.

— Ну, так прыдзі ты, брат, к нам за дзве нядзелі: у нас будзе вяселле, і я цябе затое пачастую.

Воўк, пачакаўшы дзве нядзелі, прыходзіць і стаў за гумном. Настала вяселле. Сабака п’е, гуляе і забыў аб сваім браце, а пасля здумаў:

— У мяне ёсць брат, пайду пагляджу яго!

І выйшаў. Глядзіць, аж воўк ляжыць за гумном. Сабака яму кажа:

— Што ты ляжыш тут? Пойдзем у хату!

Воўк кажа:

— Як жа ты ўвядзеш мяне ў хату?

— Не бойсь, — кажа сабака, — пойдзем.

Прыходзяць яны к сеням, і сабака кажа ваўку:

— Ты пастой гэттака, а я ўпярод схаджу ў хату.

Воўк стаіць, а сабака вайшоў у хату, мельнуў хвастом па лучыне, патушыў яе і борзда пабег і сказаў ваўку:

— Бяжы борзда ў хату і лезь пад стол.

Сабака добра накарміў і напаіў ваўка і ляжаць сабе абодва пад сталом. Зачалі каравайніцы спяваць:

 

 

У нашага гаспадара

Кудравая галава;

Ён кудзёркамі патрасе

І нам гарэлкі паднясе...

 

 

Сабака ляжыць сабе ціханька — нічога, а воўк кажа:

— Я, брат, не вытрымаю, заспяваю па-свойму!

А сабака яму кажа:

— Маўчы! Бо будзе табе і мне.

Другі раз каравайніцы заспявалі:

 

 

У нашага свата

Пабелена хата;

Печ яго кахляна,

Чэсць яго кахана...

 

 

Воўк зноў кажа сабаку:

— Не вытрываю... — і зачаў спяваць па-свойму.

Людзі пазналі, што гэта воўк і ўхваціліся, хто за качаргу, хто за чапялу і зачалі біць ваўка і сабаку. Білі іх, білі і выгналі абаіх вон. Воўк кажа сабаку:

— Я табе за гэта не падарую! Ты мяне добра ўгасціў.

А сабака кажа:

— А чаго ты крычаў? Я табе казаў: «Маўчы!»

Воўк яму кажа:

— Я на цябе пайду вайною і будзем з табою ваяваць пад такою-та хваінаю. Ты вазьмі сабе на помач трох, і я вазьму сабе трох.

Воўк узяў сабе дзікага япрука, мядзведзя і льва, а сабака ўзяў качора, пеўня і ката. Воўк прыйшоў на места напярод і чакаў іх гадзіны тры. Кажа воўк мядзведзю:

— Палезь ты на дзерава і паглядзі, можа, ужо ідуць.

Мядзведзь узлез і глядзіць, ці ідуць. Яго пытаюцца:

— Ці ідуць?

Мядзведзь кажа:

— Ужо ідуць, брат!

Воўк кажа яму:

— Ну, злезь!

А мядзведзь кажа:

— Не злезу, страшна!

— І што там такі за страх і хто ж там ідзе?

— Адзін, — кажа, — з пікаю, а другі нясе дзве шаблі, а трэці кажа: таму так будзе і таму так будзе!

Дзік зарывае ў мох. Прыходзіць сабака з сваім войскам і пачаў ваяваць. Зайшоў кот ззаду і ўзяў дзіка за хвост, дзік-то і схваціўся, а певень яго спалохаўся, падляцеў угару і закрычаў:

— Кудах! Кудах!

А мядзведзь думаў, што кажуць: «Падай, падай!» — і проста з гэтага дзерава зваліўся на зямлю.

Леў глядзіць, што мядзведзь уцёк і дзік ужо ўцёк, і ён сам уцёк, потым усе ўцяклі; астаўся воўк адзін, адным словам, усе паўцякалі, і з гэтых пор яны сталі жыць добра, мірна.

 

 

 

27. ЯК ВОЎК ХАЗЯІНА ЗАСТАВІЎ КАРМІЦЬ САБАЧКУ І ЯК САБАЧКА ВАЎКА АБМАНІЎ

 

Быў у хазяіна сабачка, жыў некалькі гадоў, брахаў каля двара, аберагаў дом ад злых людзей і вароў; сабачка хадзіў у поле, аберагаў ад звярэй розны скот.

Адзін раз прыйшоў у стада воўк і паймаў аўцу. Сабачка гэтага ваўка дагнаў, ірвануў яго за ляжку, воўк гэту аўцу бросіў і ўбяжаў. Тады і думаець воўк, как бы гэтаму сабаку адплаціць за то, што яго ён укусіў, но нікак не мог паймаць.

Сабачка стаў стар, перастаў брахаць; тады гэта хазяйка перастала сабачку карміць па хазяйскаму прыказу, а карміла сама па сабе. Аташчаў гэты сабачка, стаў хадзіць з двара ў двор, штоб найдзіць сабе пішчы. Шляўся гэты сабачка і страчаецца з ваўком; воўк гаворыць на гэтага сабачку:

— Ага, сабачка, папаўся ты ка мне ў зубы: вот цяпер я цябе з’ем!

Сабака гаворыць:

— Брат, еш: у мяне цяпер кожа ды косці; мяне не прыказаў хазяін карміць.

Воўк гаворыць:

— Харашо лі табе, сабачка, быць не емшы? Вот і мне так жа есць хацелась, кады я паймаў аўцу, а ты ў мяне ўватняў. А хаціш, сабака, што цябе хазяін будзе карміць?

— Адчаго жа нет? Да как ты мне гэта здзелаеш?

— Ну, што мне будзець за труды?

Сабачка гаворыць:

— А я табе саш’ю боты.

Сабачка абяшчанне здзелаў. Воўк гаворыць сабачку:

— Ёсць лі ў тваёй хазяйкі маленькі рабёначак?

— Ёсць.

— Ну, сматры: пайдзець хазяйка ў поле жаць, і ты ідзі за нею да ляж там, утайся непадалеча ад рабёнка. Кагда рабёнак заплачыць, то я схвачу яго і панясу, хазяйка закрычыць: «Ту-ту-ту-ту!» да: «цю-цю-цю!», а тагды ты пабягі хоць нямнога ка мне, да хоць адзін раз гаўкні да сматры: не ўкусі мяне, как ты тада ўкусіў.

Сабачка так і здзелаў. Адкуль узяўся воўк, схваціў рабёнка і панёс. Хазяйка закрычала: «Ту-ту-ту-ту, цю-цю-цю-цю!» Сабачка бяжыць на голас хазяйкі, хоць і сілы не было, аднак гаркнуў, а воўк рабёнка бросіў. Тады хазяйка гаворыць:

— От ты, мой цюцічка, вот табе лусту хлеба: а то ты аташчаў.

Прыйшла хазяйка дамой і злобіцца на хазяіна:

— Какой жа ты хазяін, што не прыказаў сабачку карміць: када б не сабачка, то нашага б рабёнка не было ў жывых.

Хазяін тада пачаў сабачку карміць, сабачка пачаў папраўляцца. Цераз нескалька ўрэмя ўвідаў воўк сабачку:

— Ну што, брат, ці корміць цябе хазяін?

— Корміць.

— Ну, таперача мне нада за труды боты зшыць.

— Я зшыю, да мне нада казловы тавар.

— Ну ладна: я казла прынясу.

Воўк прынёс здаровага казла і палажыў у роў. Сабачка найшоў гэтага казла, з'еў яго і растаўсцеў. Увідаў сабачку воўк:

— Ну што, сабачка, боты абешчаныя?

Сабачка гаворыць:

— Таперача нада падошвы.

— Ну, какія падошвы?

— А падошвы нада свіныя.

Пайшоў воўк, паймаў вепра агромнага і прывалок к дому і палажыў у роў. Сабачка напаў гэтага вепра і ўсяго з’еў. Сабачка паправіўся, стаў сыты, лёгак і праворан. Увідаў яго воўк:

— Ну, давай боты!

— Но, уж я таперыча шлык! — Узяў сабачка і схаваўся пад вароты. Значыць, сабачка ваўка і абманіў. Думаець воўк, как бы сабачку за абман паймаць і з’есць, — не мог воўк сабачку падладзіць і з’есць. Сабачка загуляўся: была свадзьба сабачча, і сабачка быў на свадзьбе шаферам і аташчаў з п'янства, пабіжаў дамой, а воўк насустрэчу:

— Ага!.. Вот тапер ты папаўся ка мне!

А сабачка гаворыць:

— Ах, брат, ідзе ты гэта быў. Я цябе заіскаўся.

Воўк гаворыць:

— А што, брат?

— А во што: у нашага хазяіна мікольшчына, пайдзём, будзем і сыты, і п’яны.

— Ну, как жа мне ідзіць: мяне пазнаюць.

— Пайдзём, ты будзеш стаяць у сянях, упацьмах.

А гэта дзела было позна вечарам. Сабачка гаворыць:

— Ты будзеш стаяць упацьмах, а я пайду ў хату, узлезу на лаўку і хвастом свяцец скіну. Народ закрычыць: «Воўк цябе еш!» А ты із сянец упацьмах між народу ды ў хату, ляж пад стол, во мы і пагуляем з табою на мікольшчыне.

Народ у хаце сядзіць за сталом, п’ець водку і закусыець пірагамі. Народ, каторы закусыець, а каторы пірагі раняець пад стол.

Сабачка ваўку гаворыць:

— Вот, брат, наядайся!

Прынёс хазяін водкі і паставіў на стол. Народ п'яны шатнуў стол, і разлілі гэту водку. Хата гэта была нямошчаная, а пад сталом была ямка: гэта водка ўся ў ямку сцякла. Сабака ваўку гаворыць:

— Во, пей гарэлку.

Напіўся воўк гарэлкі, сколькі яму было ўгодна. Бабы ў хаце пачалі пець песні; воўк гаворыць сабачцы:

— Запяю і я?

— Нет, нямнога пагадзі.

Воўк падаждаў, пака сабачка ўшоў за парог, і запеў:

— У-у-у-у...

Народ увесь папугаўся; паглядзяць, гэта воўк равець. Схвацілі яны вілкі і ўбілі гэтага песенніка-ваўка. Сабачка і абмануў ваўка. Начаў хазяін яго карміць, как і маладога карміў.

 

 

 

28. ВАЙНА ВАЎКА З САБАКАЮ

 

У адным сяле ў багатага гаспадара было вяселле. Была ў яго сабака і надта прыязна жыла з воўкам. Наелася сабака на вяселлі ўсяго, чаго толькі хацела, і пайшла вечарам у поле, за хлеў, і качаецца сабе, аб'еўшыся Выходзіць воўк і пытаецца ў яе:

— Чаго ты сягодня такая сытая?

— А ў майго гаспадара цяпер вяселле — усе п’яныя, і мяса і ўсяго дабра па хаце так і валяецца, і я ела, ела, колькі хацела. Хадзі, калі хочаш, і ты. Цяпер ужо цёмна і ўсе п’яныя, ніхто цябе не забачыць.

Падумаў воўк, падумаў і хоць страшна яму ісці да людзей, але ж есці надта хочацца. Паслухаў воўк і пайшоў за сабакаю. Прыйшлі дахаты — і сені расчынены; людзі п’яныя, і ніхто не забачыў воўка. Падвёў яго сабака пад стол і давай ён уплятаць і мяса, і ўсё, што толькі п’яныя раскідалі. Наеўся воўк да і дзякуе сабачцы, хоча ўжо ісці да сваіх.

— Пастой, — кажа сабака, — зараз будуць каравай дзяліць, песні спяваць, дык і ты паслухаеш.

Вот сталі дзяліць каравай і песні спяваць. Падабаліся воўку песні, і кажа ён сабачцы:

— Чуеш, браце, і я заспяваю з імі!

— Што ты? Ціха сядзі.

Пасядзеў воўк, пасядзеў да і зноў кажа сабачцы:

— Не, братка, не ўцярплю, і я запяю.

— Што ты, адурэў? Хочаш бяды? Маўчы і сядзі, — кажа яму сабака.

Тым часам сабака дзесь адвярнулася, а воўк-такі не сцярпеў — надта яму падабаліся песні, узяў і завыў пад сталом. Як пачулі людзі, дык перш спугаліся, а потым — схваціўшы качаргу, хто ёмку, хто палена і давай воўка біць; насілу воўк выскачыў з хаты. Адбег ён к лесу, а потым вярнуўся назад к сялу і заве сабаку.

— Ну, — кажа воўк сабачцы, — ты мяне абмануў, цераз цябе пабілі мяне, гэтага я табе не прабачу. Давай вайну весці, хто каго паб'е, той таго і з’есць. Выбірай ты сабе войска, а я сабе выберу і заўтра гэттака будзем ваяваць.

Боязна сабачцы ваяваць з воўкам, але ж рабіць нечага — трэба ваяваць. Думаў, думаў цэлую ноч сабака: якое б тут выбраць сабе войска? Назаўтра бярэ ён барана, пеўня і гуся і ідзе. А воўк узяў кабана, зайца і рыся. Выйшла сабакава войска за сяло да чакаюць воўка. А воўк тым часам хацеў ведаць: якое там войска ў сабакі? І кажа зайцу:

— Пайдзі, баценька, разведай, што там у яго за войска?

Пабег заяц, здалёку агледзеў; прыбягае к воўку і расказвае:

— Братцы! Прападзём мы ўсе ад таго войска: сабака адзін надта вялікі і здаровы; другі маскаль нейкі з краснай меднай шапачкай, з вялікім памялом ззаду, з вострым нажом ва рту ідзе сабе да кажа сабачцы: «Куда, куда ідзеш? Я ўсіх адзін паб’ю». Другі вялікі, вялікі, касматы з бальшушчымі віламі на галаве ідзе да кажа: «Бе! Я ўсіх на вілы паніжу!» Трэці ідзе з доўгаю жордкаю і на канцы яе востры крук, ідзе і пытаецца: «Дзе яны, дзе яны? Я ўсіх іх патапчу».

Іспужалася воўкава войска і давай хавацца: кабан зарыўся ў лісця да і ляжыць — не дыша; рысь ускочыў на дзерава і не дыхне, а воўк бачыць, што схавацца не ўспее, схваціўся, стаў на заднія лапы к сабакававу войску і стаіць. «Яны падумаюць, што я пень, не пазнаюць», — кажа сабе, а заяц схаваўся за яго да стаіць. Тым часам сабака бліжэй падыходзіць з сваім войскам. Падышоў баран пад воўка, захацелася яму пагуляць, але пень, — разагнаўся да і стук лбом у воўка, але так моцна, што і мазгі выскачылі з воўка. Заяц, спужаўшысь, хацеў уцякаць, але сабака яго зараз — царап! І злавіў! А певень узлез на кабана і давай лісце разграбаць і кляваць: як клюне, так прама кабана за шкуру і дзярэ. Цярпеў, цярпеў кабан, але бачыць, што баліць, думае, што яго нажом рэжа, схваціўся і наўцёкі. Бачыць рысь, што бяда, цішком сабе сядзіць на дзераве і ніхай яго ніхто не забачыў. А сабакава войска агледзелася кругом — няма ўжо нідзе нікога і пайшлі сабе дадому.

З таго часу як толькі воўк пачуе, дзе ёсць вяселле, то як жыў уцякае.

 

 

 

29. САБАКА І ВОЎК

 

Быў у аднаго гаспадара сабака; як пастарэў, так гаспадар прывёз маладога, і ўжо яму есці не давалі. Аднаго разу выбег ён у поле і сустрэўся з воўкам, з каторым ад маленькасці знаўся. Так воўк пытае:

— Чаму ты, браце, гэдакі худы?

— А каб ты ведаў, братка, — кажа сабака, — гаспадар прывёз на маё месца маладога, а мне ўжо есці не дае.

— Пажджы, — воўк кажа, — я так зраблю, што будуць зноў табе есці добра даваць, анно мяне паслухай, то я табе скажу. Твая гаспадыня заўтра пойдзе жаць, то і ты ідзі, а як яна паложыць дзіця на мяжы, то я прыбягу і ўхаплю: малады сабака не асмеліцца брахаць, а ты бяжы за мною і брашы, то я адбегшыся кіну дзіця, — тады табе будзе жыццё!

Сабака падзякаваў за раду і пабег дахаты. Назаўтра пайшла гаспадыня жыта жаць, і ён павалокся за ёю. Палажыла дзіця на мяжы, а сама жне, так жне не аглядаючыся, а воўк гэта калі не выскачыць з ляску — цап дзіця і наўцёкі. Малады сабака сядзіць сабе, а стары схапіўся ды за ім: гам! гам! Гаспадыня як глянула, так і струпянела. Воўк паднёс дзіця з гоны, кінуў на зямлю, а сам уцёкі. Так гаспадыня падбегла, ухапіла дзіця, заклікала сабаку, пагладзіла і ўсёй хлеб і страву, што ўзяла на полудзень, яму аддала, а сама, узяўшы дзіця, пайшла дахаты і расказала аб усём мужыку. На заўтрашні дзень зноў сабака зустрачаецца з воўкам, але ўжо наеўшыся, як бочка. Тады воўк пытае:

— А што, лепш табе даюць есці?

— О, ужо шмат лепш; ты мне добра зрабіў, цяпер, — кажа сабака, — запрашу цябе на хрысціны: прыдзі тады і тады, то я табе ўсяго надам.

А назаўтра былі якраз хрысціны гэтага дзіцяці, што сабака абараніў. Як надышоў вечар, падыходзіць і воўк, як угледзеў гэтулька народу, аж спалохаўся. Тады, падышоўшы да сабакі, кажа:

— Як табе тут не баязно?

— А такое баязно, дасць хто кіем па хрыбце, то і ўсё.

А воўк:

— Але як мы тут, браце, увойдзем?

— Няма ніц: як сцямнее, то ты за мною ўвойдзеш і пад катух улезеш.

Як сказалі, так і зрабілі: воўк увайшоў пад катух, а людзі, напіўшыся, не бачылі, а сабака дзе што зловіць, так нясе воўку — вядома каторы там п’яніца кіне мяса кусок або хлеб, так сабака зараз і валачэ. Быў там і поп, як добра ўпіўся гарэлкаю, так давай спяваць з мужыкамі.

Воўк кажа да сабакі:

— Не вытрымаю, браце, буду і я спяваць.

— Ціха, — кажа, — братко, бо як поп пачуе, а гэта халера найгоршы п’яніца, то будзе біць.

— Не, братко, калі не вытрымаю! — і давай заводзіць на ўсю хату. Людзі, як учулі, так насмерць папалохаліся: а после гэта за качэргі, лапаты, памяла і давай пароць воўка, а поп яго кіем да кіем перыць, ледзьве ён, небарака, вырабіўся. Як выбег на поле, так стаў мармытаць да се:

— Каб яго так і гэтак, чыста мяне збіў! Каму, каму, а папу не дарую.

Ідзе, так ідзе, аж ходзіць свіння, так ён пытае:

— А чыя ты?

— Папова!

— Ты мне з’есці гатова!

— Пазволь мне хоць перад смерцю паскакаць. Палажы на мяне свае лапы, то не ўтомішся ходзячы за мною.

Як ён гэта зрабіў, свіння гэта: рох, рох! дай пусцілася да вёскі, а людзі, угледзеўшы, паўбягалі дай давай за воўкам каменнямі пускаць — ледзьве ён удраў. Як адбегся, так стаў і кажа:

— Ну, каму, каму, а папу не дарую!

Падышоў крыху, аж на выгане ходзяць гусі, падышоўшы, пытае.

— А чые вы?

— Паповы!

— Вы мне з’есці гатовы!

Так гусі просяць:

— Пазволь жа нам перад смерцю пагуляць.

Ён кажа:

— Добра, анно хутчэй.

Гусі гэта: дэк-дэк-дэк-дэк! і як зняліся, так і паляцелі. Заскавытаў воўк са злосці і давай мармытаць:

— Ну, каму, каму, а папу не дарую!

Ідзе, так ідзе, аж ходзіць на балоце кабыла, так ён пытае:

— А чыя ты?

— Папова!

— Ты мне з’есці гатова!

— Ой, калі я яшчэ надто маладая, сама не ведаю, колькі мне лет — паглядзі ў мой каляндар, то будзеш ведаць.

— А дзе ж твой каляндар?

— Зайдзі ззаду, то будзеш бачыць.

Ён зайшоў, а кабыла тым часам як не смальне яму, аж ён з дзесяць разоў перакуліўся, а сама ўцёкі.

— Каму, каму, а папу не дарую! — замармытаў воўк, скрыгічучы зубамі.

Ідзе, так ідзе, аж ходзіць над рэчкаю баран, так воўк падышоў дай пытае:

— А чый ты?

— Папоў!

— Ты мне з’есці гатоў!

— Ой, калі я яшчэ не быў у споведзі: выспаведай мяне, то тады з’ясі.

— А як жа цябе спавядаць?

— Ты ўлезь у рэчку, — кажа баран, — а я буду на беразе.

Як анно воўк улез, так баран прымітыкаваў сваім лобам яму ў лоб, і калі не смальне, так воўк шабалдох у ваду і пайшоў на дно.

 

 

 

30. ЯК САБАКА ВОЎКУ ЗА ДОБРАЕ ЛІХІМ ВЫПЛАЦІЎ

 

Быў у аднаго гаспадара сабака, як зстарэў, так яму нічога есці не давалі, так сабака памандраваў у свет. Ідзе, так ідзе, аж зустрачаецца з воўкам. Так воўк:

— Куда, — кажа, — ідзеш?

— У свет, — кажа, — іду

— Ну, я цябе заем!

Так сабака стаў прасіцца:

— Не еж, — кажа, — то я табе зраблю боты, анно завядзі мяне ў якую хату.

— Ну, добра.

І завёў яго воўк у пустую серад лесу хатку, дзе даўней жыў стражнік. Як увайшлі, так сабака кажа:

— Прывядзі мне быка двузімка, каня такога і свінню, то з вала будзе скура, з конскага хваста дратвы, а з свінячай шэрсці голкі.

Воўк крыху зашавяліўся і таго яшчэ дня прыводзіць сабачцы, чаго хацеў. Адходзячы, воўк кажа:

— Анно глядзі, каб былі.

— За тры нядзелі, —кажа, —прыйдзі, то ўжо будуць.

Як воўк пайшоў, так сабака пачаў есці каня, пасля вала, а пасля ўзяўся за свінню. А хадзіў ён праз той час на печ аб сваёй патрэбе; за тры нядзелі асталіся з цэлага банкету анно косці і горба на печы. Ажно прыбягае воўк:

— А што? Гатовы боты?

— Гатовы!

— Дзе?

— На печы ляжаць.

Так воўк з цэлым пэндам як уляцеў на печ, так чыста ўтрапятаўся і давай страсацца, але ніц не памагло: на нагах парабіліся такія боты, аж да кален. Воўк зляцеў з печы ды да сабакі:

— Дзе боты?

— А то ж на нагах!

Так воўк анно пырхнуў са злосці дай кажа:

— Цяпер за такія боты я це заем!

Пайшоў, клікнуў мядзведзя, ліса і зайца, а сабака пеўня, ката і кульгаву аўцу і ўжо мелі з сабой ваяваць. Так мядзведзь злез на дзерава і мармыча, ліс з зайцам пасталі, пасталі пад хвойкаю, а воўк выйшаў наперад і стаіць. Сабака таксама: сам ішоў наперад, за ім певень, спяваючы, за пеўнікам кот з паднятым хвастом, а на самым задзе ішла, кульгаючы, авечка. Калі мядзведзь угледзеў, што так ідуць да іх, так кажа:

— Куда нам, браткі, ваяваць з імі! А то ж адзін спявае, другі касу нясе, а трэці каменне збірае — уцякаймо!

Гэта кажучы, гоп! з хвойкі і забіўся; ліс давай перці да нары, але сабака даганіў і загрыз, а заяц з воўкам паўцякалі. Тады сабака пайшоў да свайго даўнейшага гаспадара, узяў за пало, прывёў і паказаў. Тады гаспадар кажа:

— Хадзі дахаты.

Пабыўшы з паўрока, зноў яму пачалі не даваць есці, так сабака няма рады, пайшоў у свет мандраваць. Ідзе, так ідзе, ажно зустрачаецца з тым самым воўкам. Так воўк кажа:

— Ну, цяпер то ўжо я це заем!

А сабака просіцца:

— Не еж мяне, будзе мая гаспадыня жаць і паложыць дзіця на мяжы, то ты падкрадзіся, ухапі і ўцякай, а я за табой буду бегчы, тады ты палажы яго памаленьку, а як гаспадыня дасць мне свой полудзень, то я табе аддам.

І так сталася, але сабака полудзень сам з’еў. Тады зноў яго заклікалі дахаты і сталі даваць есці. Аднаго разу выйшаў ён за вароты, ажно спатыкае зноў таго воўка:

— Цяпер, — кажа, — то ты не выкруцішся ад мяне — мушу це заесці.

— Не, —кажа, —не еш, будуць за дзве нядзелі ў майго гаспадара хрысціны, тады ты падыдзеш пад гумно, а я табе буду ўсё выносіць.

Так воўк паслухаў яго і дараваў жыццё. Як ужо надышлі хрысціны, так гаспадар дае ўсё таму сабачку: як дасць так чаго, так ён з’есць, а як дасць хлеба ў гарэлцы абмачыўшы, так нясе воўку. Чыста таго воўка ўпаіў.

Пасля кажа:

— Ідзем, братка, дахаты.

— Калі мяне, — кажа, — там заб’юць.

— І не, падлезем пад печ, то ніхто не бачыцьме.

Так воўк даў се намовіць дай пайшлі. Ажно як людзі тые напіліся і сталі спяваць, так сабака кажа да воўка:

— Ну, братка, і мы заспяваемо.

— Добра!— і давай спяваць.

Калі тыя людзі паглядзяць, ажно там воўк. Давай гэта яго качэргамі, кіямі, усім біць: білі, білі, ажнім насмерць не забілі. А сабака за сваю хітрасць ужо заўсёды меў хлеб.

 

 

 

31. КАЗКА ПРА СТАРОГА КАТА

 

Жыў сабе дзед да баба. І быў у іх кот стары, стары, што не ўздолее і мыш спаймаці. Вот дзед і гавора:

— Што нам гэтаму кату дзелаці? Давай мы адвязём яго ў лес: няхай дурна хлеба не есць.

— Ну, давай!

Адвязлі яны ката ў лес і кінулі там. Ідзе кот па лесу й плача. Бяжыць лісіца. Убачыла ката, прыбегла к яму дай кажа:

— Куды йдзеш, коця?

— А жыў я ў дзеда і ў бабы, ды як састарэўся, яны мяне і завязлі ў лес і кінулі!

— Давай з табой, коця, пажэнімся!

І пажанілісь лісіца з катом. Павяла тады яна ката ў сваю хату, і сталі яны ў хатцы жыць. Бяжыць па лесе мядзведзь: трэсь-лом, трэсь-лом, трэсь-лом! Выбегла лісіца з хаткі:

— А хто ў маём ляску трашчыць? У майго дзядышча хвост з памялішча: як вылезе, дык і цябе завалоча!..

Спугаўся мядзведзь і пабег. Бяжыць па лесе воўк: трэсь-лом, трэсь-лом, трэсь-лом! Вылезла лісіца з свае хаты і кажа:

— А хто ў маём ляску трашчыць? У майго дзядышча хвост з памялішча: як вылезе, дык і цябе завалоча!..

Спугаўся воўк і пабег. Бяжыць кабан па лесе: трэсь-лом, трэсь-лом, трэсь-лом! Выбегла лісіца з свае хаты:

— Хто гэта ў маём ляску трашчыць? У майго дзядышча хвост з памялішча: як вылезе, дык і цябе завалоча!..

Спугаўся кабан і пабег. Бяжыць па лесе заяц: трэсь-лом, трэсь-лом, трэсь-лом! Выбегла лісіца з свае хаты:

— А хто ў маём ляску трашчыць? У майго дзядышча хвост з памялішча: як вылезе, дык і цябе завалоча!..

Спугаўся заяц і пабег. Сабраліся яны ўсе ў кучу: мядзведзь, воўк, кабан і заяц, сабраліся і гавораць:

— Як нам яе мужыка палядзець? Нум-ка, збяром абед! Ты, мядзведзь, ідзі па мёд, а ты, воўк, ідзі па мяса, а ты, кабан, ідзі па сала, а ты, заяц — па хлеб!

Пайшлі яны збіраці абед: мядзведзь прынося калоду з мёдам, воўк мяса, а кабан сала, а заяц хлеба. Прыняслі ўсё і сталі абед збіраць. Згатовілі абед.

— Ну, каму ж ісці па іх? Ідзі ты, мядзведзь!

— Не, я лемехават!

— Ну, ідзі ты, воўк!

— Не, я не ўваротак!

— Ну, ідзі ты, кабан!

— Не, я не швыдак!..

Прыходзіцца зайцу бегчы. Пайшоў заяц, падбег да нары і кажа:

— Добры дзень! Прасіў бацька і матка, штоб вы ласкавы былі, к нам на абед прыйшлі, хлеба-солі з елі, чарку гарэлкі выпілі!..

Да сам як можна скарэй назад! Прыбег заяц дамоў. Паставілі яны скарэй усё на стол, а самі пайшлі да пахавалісь: мядзведзь на дуба, воўк пад куст, кабан у мох, заяц у крапіву — і сядзяць. Прыходзяць кот да лісіца на абед; бачаць — нікога няма. Селі яны за стол і пачалі абедаць. Кот убачыў, што кабан хвастом махае ад мух. І падумаў, што гэта мыш, дык як скакануў ды лапамі за хвост! Вот кабан як усхопіцца да як пабяжыць чым жыў! А мядзведзь як убачыў гэта, да з дуба, да на воўка, да драла! А заяц за імі! Бягуць, аж пыл стаўбом! Тады лісіца кажа кату:

— Дурны ты, кот! Нашто ты іх чапаў? Мы ж ба яшчэ не раз харашо ў іх падабедалі!..

 

 

 

32. КОТ І ЛІСІЦА

 

Быў у дзеда кот. Нечым яго карміць. Прагнаў дзед ката, даў яму кусок сала і скібку хлеба.

Пайшоў кот у гумно. Ідзець лісіца.

— Хто тут?

— Я тут!

— Хто ты?

— Кот я!

— Ну, будзь ты мой мужык, а я буду твая жонка!

Кот кажа:

— Буду!

Тады лісіца павяла яго ў сваю пячору.

Ідзець воўк. Лісіца гаворыць:

— У мяне ёсць мужык з доўгай пікай: каго ўвідзіць, таго наскрозь праколіць!

— Ці бачыш ты!

Ідзець барсук.

— Ага, у мяне ёсць мужык з доўгай пікай: каго ўвідзіць, таго наскрозь праколіць!

— Ці бачыш ты!

Ідзець заяц.

— Ага, а ў мяне ёсць мужык з доўгай пікай: каго ўвідзіць, таго наскрозь праколіць!

— Ці бачыш!

Ідзець белка.

— Ага, белка! У мяне ёсць мужык з доўгай пікай: каго ўвідзіць, таго наскрозь праколіць!

— Ці бачыш ты!

Зацікавіліся звяры, забраліся на ёлку глядзець лісіцынага мужыка. А ідзець пятух. Лісіца кажа:

— Ага, пятух! У мяне ёсць мужык з доўгай пікай: каго ўвідзіць, таго наскрозь праколіць!

— Ну, пакажы ж яго мне!

Лісіца павяла петуха паказваць свайго мужыка. Прыйшлі к кату. Кот петуха лапай коп-коп! А пятух спужаўся ды: кудак-кудак! А воўк, ды барсук, ды заяц, ды белка думаюць, што лісіцын мужык крычыць: «Падай, падай іх мне!» Спужаліся, як зачалі валіцца з ёлкі — уцякаць, і пабіліся. Кату надоўга харчы стала.

 

 

 

33. ЛІСКА І КОТ

 

Была сабе адна ліска, і яна была надта пугліва. Думае яна сабе: што тут зрабіць? Прыйшло ёй на вум выйсці замуж. Аднаго разу пайшла яна шукаць сабе мужа. Ідзе, так ідзе, спатыкае яна ката. Кот ёй падабаўся, і кот ліску падабаў, і яны сабе пажаніліся і жылі ў вялікай згодзе. Прайшло колькі рокаў, як яны пабралісь, і захацелась ім пагуляць. Так пайшлі яны на прагулку. Ідуць, так ідуць, кот трохі застаўся ззаду, а ліска пайшла наперад. І спатыкае яна мядзведзя і воўка. І так да іх гаворыць:

— Я цяпер вас не баюсь, бо ў мяне ўжо ёсць муж!

Так яны кажуць:

— Пакажы нам свайго мужа!

А ліска сказала:

— Калі хочаце забачыць майго мужа, так палажыце ж тут вала; а як ён прыйдзе яго есці, то вы яго забачыце, толькі пахавайцесь куды-небудзь!

Зараз воўк пайшоў зарэзаў вала, прынёс і палажыў, дзе яму ліска паказала. А сам схаваўся ў хвораст, што тут недалёка ляжаў, і толькі трошкі хвосцік відна з хвораста. А мядзведзь узлез на высокае дзерава, аж на самы верх. Ліска клікнула мужа. Прыйшоў кот, муж ліскі, і не ведаў, што там ёсць мядзведзь і воўк. Забачыўшы мяса, як ён быў надта галодны, зачаў есць. Кот кушае і крычыць:

— Міаў-міаў-міаў!..

А мядзведзь паціху гаворыць да воўка:

— Які ён сам маленькі, а ўсё крычыць, што мала.

Кот, наеўшысь дасыта, стаў азірацца і замеціў хвост воўка, што было відна з хвораста. Ён падумаў, што гэта мыш. Так ён памаленьку прыкраўся да і схапіў зубамі воўка за хвост. Воўк, спалохаўшысь, разваліў хвораст і стаў уцякаць. Кот, забачыўшы, што гэта не мыш, а воўк — сам спалохаўся, да дзе тут уцякаць? Так ён на дзерава. Мядзведзь жа, забачыўшы, што кот лезе на дзерава, сказаў:

— От і па мяне ідзе!

Дай са страху бух! на зямлю і забіўся насмерць. Кот, забачыўшы, што нікога няма, злез з дзерава на зямлю і пайшоў з ліскаю дахаты. Ліска, забачыўіцы, што яе муж паразганяў такіх вялікіх звяроў, з гэтага часу нікога не баялась.

 

 

 

34. КОТ, ЛІСА, ВОЎК

 

Вынес чалавек у лес шкадлівага ката да пусціў. Сустракаець яго лісіца і гаворыць:

— Ці будзеш мне, каток, за хазяіна?

— А чаму не быць? Буду...

От яны ўвайшлі ў ліскіну хату. Аж бяжыць мядзведзь, а лісіца яму і гаворыць:

— А, кацалапы, куды бяжыш! У мяне ўжо ёсць хазяін!

А мядзведзь ізлякаўся і ўцёк.

Бяжыць воўк.

— А куды, лупаты? У мяне ўжо ёсць хазяін!

І воўк ізлякаўся і ўцёк.

Бяжыць кабанец.

— А ты куды, зубаты? У мяне ўжо ёсць хазяін!

Бяжыць заяц.

— А ты, касавокі, куды? У мяне ўжо ёсць хазяін!

І заяц ізлякаўся і ўцёк.

Пазбіраліся яны ўсе ў кучу і гадаюць:

— Як бы нам палядзець хазяіна.

От яны прыходзяць к лісіцы:

— Як бы нам пабачыць твайго хазяіна?

— А чом нельга? Прынясіце толькі багата мёду да мяса, а самі схавайцеся: ён вельмі сільны.

От яны дасталі мёду і мяса, прынеслі к лісіцы, а самі схавалісь: мядзведзь залез на дуб, воўк сеў пад дуба, кабанец зарыўся ў лісце, а заяц пад хвораст. Кот пачаў есці мяса да і гаворыць:

— Мяў-мяў — мала, мала.

А мядзведзь, на дубе седзячы, гаворыць:

— Іш, сам малы, а есць пабагату.

Кабанец хацеў палядзець, а муха села яму на вуха: ён вухам затрапаў, а кату думалася, што гэта мыш, — ён на кабанца верхі, а кабанец усхапіўся да ўцякаць, а кот сабе ізлякаўся да ўцякаць на дуб, а мядзведзь падумаў, што ўжо гэта на яго, чэпнуўся адтуль да на воўка; сам убіўся і воўка ўбіў, а заяц убачыў бяду да і сабе ўцякаць. Ад тых пор яны перасталі к лісіцы хадзіць.

 

 

 

35. ЯК КОЦІК ВЕЛЬКІЯ ЗВЯРЫ ПАПАЛОХАЎ

 

Задумаў ліс з коцікам жаніцца, так запрасіў на вяселле зайца, барсука, воўка і мядзведзя. Заяц нанёс капусты, барсук карэньчыкаў да прыправы; воўк назганяў авец, свіней, цялят і вала, а прыгнаўшы, падушыў; а мядзведзь выдзер кару, наклаў поўна мёду і прынёс. Так ужо яны банкетуюць! Ажно ліс кажа:

— Ведаеце што, панове, трэба каб вы нам сцежку зрабілі ў спацыр хадзіць.

— Добра.

Так зараз гэта мядзведзь пачаў ламаць і вырываць кусты, барсук з зайцам носяць, а воўк, ззаду ідучы, хвастом ужо замятае. Зрабіўшы сцежку, ідуць дахаткі назад, ажно кот ускочыў на вала і ўсё кажа:

— Мяў-мяў-мяў!

Яны, пачуўшы гэта, чыста папалохаліся і шэпчуць:

— Чуеш? Чуеш? Крычыць «мала», ну то, калі яму вала мала, то пэўна і нас паесць.

І як пойдуць, дзе каторы мог: заяц з воўкам пад хвораст, барсук у мох пад дзерава, а мядзведзь на тое дзерава злез. Тым часам коцік пайшоў у лес мышкі лавіць і абгледзеў воўчы хвост, так падскочыў і цап! а воўк з зайцам калі пойдзе ў адну, а кот у другую сторану! Кот пасля на дзерава, а там як раз мядзведзь сядзеў, так, думаўшы, што гэта па яго, калі зараве і бабух! — з опалаху з дзерава на барсука і разам з ім калі пойдуць, анно лес затрашчаў. Тады коцік вярнуўся да ліса, жылі сабе ў той хатцы і было ім таго мяса аж да смерці.

 

 

 

36. КОТ, ЛІСІЦА І ЗВЯР'Ё

 

Як быў у мужыка кот стары, стары. Не сталі яго хазяіны любіць, не сталі любіць — сталі ў кусты праганяць. Кот хадзіў, хадзіў адзін, сустракаець яго лісіца:

— Ну што, кот, будзем мы з табой жаніцца, а то я цябе з’ем.

Кот гаворыць:

— Ай, лісынька, не еш ты мяне, ажэнімся мы з табой!

— Добра!— кажа лісіца і пайшла сабе далей, знайшла мядзведзя, воўка і дзікага вепра.

— Вот цяпер, звяр’ё, я вас не баюся: у мяне ёсць кот мацюрой.

— Ай, — кажуць яны, — кумынька, лісынька, пакажы ж ты нам яго! Які ён мацюрой!

А яна гаворыць:

— А, звяр’ё, прынасіце гасцінцы бальшые.

Мядзведзь прынёс каня; воўк прынёс барана. А вепр просіць воўка, каб ён прынёс падцёлка:

— Брат воўк, прынясі за мяне падцёлка!

Мядзведзь палез на ялушку, воўк палез пад груд, а вепр закапаўся ў ліст (гэта яны ад ката хаваліся), а лісіца пайшла за катом. Воўк спрашываець у мядзведзя:

— Ай, мядзведзь! Ці ідзець лісіца з мацюром?

— Не, брат, маўчы, не відаць.

Воўк зноў спрашываець:

— Ай, мядзведзь! Ці ідзець лісіца з мацюром?

— А, братцы! Ідзець, —гаворыць, — і піку на сабе бальшую нясець.

Ну, як прыйшоў жа кот, ён сеў на каня ды вурчыць:

— Мала, мала, мала, мала!..

Тады ўвідзеў ён з каня, што там нешта шавеліцца ў лісточку. Вон ён у ліст, а вепр наўходала — з лісту на груд, а воўк з-пад груда, з груда на ялушку, а мядзведзь з ялушкі і зваліўся. А лісіца гаворыць:

— Ага, звяр’ё! Во! Да сіх пор я вас баялася, а цяпер кот мацюрой вас усіх прыбярэць.

 

 

 

37. КОТ-ЛАВУН

 

У аднаго чалавека быў кот. Ён ужо састарыўся і не мог лавіць шчуроў, а стаў рабіць шкоду: то гаршчок аберне, то смятану паесць. Той чалавек узяў яго і адвёз у лес.

У лесе ўгледзела яго ліса і папытала, хто ён такі ёсць. Ён сказаў.

— Я кот-лавун!

— Дык давай з табой пажэнімся, будзем удваіх жыць, добра дружыць.

Пажаніліся яны.

Ліса завяла ката ў сваю пячурку, а сама пайшла на промысел. Украла недзе курыцу дай нясе. Сустрэў яе воўк да і кажа:

— Я адбяру ў цябе гэту курыцу!

А ліса яму кажа:

— Не, не адбярэш, воўча, бо ў мяне дома муж ёсць, кот-лавун, ён цябе зловіць і задзярэ.

Спужаўся воўк і ўцёк ад лісы.

На другі дзень ліса злавіла качку і нясе дамоў. Сустрэў яе мядзведзь:

— Я адбяру ў цябе гэту качку!

— Не, не адбярэш, мядзведзю, бо ў мяне муж ёсць, кот-лавун, ён цябе задзярэ!

Спужаўся і мядзведзь.

На трэці дзень ліса ўкрала гусь і нясе сабе дамоў. Сустрэў яе леў.

— Я адбяру гэту гусь!

— Не, лёва, не адбярэш — у мяне муж ёсць, кот-лавун, ён цябе паймае і задзярэ!

Спалохаўся і леў, пусціў лісу і сам сабе думае:

— Што гэта тамака за звер: я ўсім звярам цар, а якісь-то кот-лавун старшы мяне!

Сабралася ўсё звяр’ё ў лесе на савет і кажуць:

— Што гэта тамака ў нашай лісіцы за страшны муж, кот-лавун? Няхай-ка яна пакажа нам яго.

А лісіца ім і гаворыць:

— Вот, браткі-звяры, як жа я вам пакажу свайго мужа: кот-лавун як вылезе з пячуркі — паесць усіх вас! Трэба зрабіць так, што б ён вас не бачыў. Я вас навучу: ты, леў, прыцягні ў ноччы каня к маёй пячуры; ты, мядзведзь, — карову, а ты, воўк, — вепра. Самі вы пахавайцеся, а я выведу яго есці: тады вы і ўбачыце ката-лавуна.

Так яны і здзелалі, як сказала ім ліса.

Пячура была на кургане пры балоце, а тут на поцярабе стаяў стог сена. Леў схаваўся пад гэты стог, мядзведзь узлез на ель, а воўк улез у лоўж. Ждуць яны ката-лавуна і трасуцца ад страху...

Як выйшаў кот-лавун да як закарнёўкаў: «Мяў-мяў-мяў!..» Звяр’ё і думае, што гэта кот-лавун крычыць, што яму ўсяго гэтага мала. Папужаліся яны да смерці. Паказалася льву, што яго хвост відаць з-пад стогу. Хацеў ён падцягці свой хвост пад стог. А кот-лавун думае, што гэта шчур, — кінуўся на яго і ўчапіўся кіпцямі ў самы канец хваста. Спужаўся леў, усхапіўся з-пад стогу да на лоўж, на ваўка. А той думае, што на яго насеў кот-лавун, ускочыў да ўцякаць. А кот-лавун як хыркне да на ель к мядзведзю. Бача мядзведзь, што не паласа, да аб землю з елі. Кінулася звяр’ё наўцекача, куды вочы глядзяць...

Сабралася потым звяр’ё ў кучу і зноў саветаюцца. Леў і гаворыць:

— Але ж які страшны звер: як учапіўся мне ў хвост, дык я чуць уцёк!

Воўк кажа:

— А на мяне ў лоўжы як уссеў, троха не задушыў!

А мядзведзь гаворыць:

— Ой, а на мяне як кінуўся, дык я чуць саскочыў з ёлкі!

— Ну й праўда ж, што кот-лавун страшней нас усіх.

А хітрая лісічка і цяпер жыве з катом-лавуном.

 

 

 

38. ЯК СВІНКА ТРАПІЛА ВАЎКУ У ЗУБЫ

 

У хазяіна свінка была хворая. Яна днём з двара не схадзіла, а ночка прыйшла, свінка з двара пайшла. Выйшла свінка ў чыстае поле да ў правое. Падумала, пагадала, як жыць, як быць, як сваю галаву карміць: спусціла хвост і рыла, прайшла хазяйскую паласу міма, а ў чужую ўзышла і ў авёс. Свіння ветачкі снімаець, зёрнышкі глытаець, саломку хазяіну астаўляець. У аўсе сядзіць воўк, дай прымоўк. Свіння спусціла бровы нізка, падышла к ваўку блізка. Ваўчышча ўстаў і калпачышча зняў:

— Здраствуй, свіння, супаросая жана! Зачэм тут ходзіш, зачэм тут шляешся? Тут жывуць ваўкі, тут жывуць серыя, хватаюць авец, і табе, свіння, будзець паследні канец!

— Ай, ваўчышча, не еш мяне: я табе стада парасят прывяду!

— Не, свіння, хоць ты бровы высока падымаеш, да мяне не абманеш!

Узяў свінку за сівую спінку, пад кусцік сеў і свінку з’еў і ўсіх свіных пасынкаў памянуў.

 

 

 

39. ВОЎК І СВІННЯ

 

У нашага Дзяніса была шэра свіння лыса. Падняла рыла і нос да пайшла ў хаджайскі авёс. Стала веткі абрываць, стала бруха накладаць. Да спусціла рыла нізка, падышла да к воўку блізка. Воўк хапіў яе за шарсцінку да закінуў сабе за спінку. Просіцца свіння:

— Браток ваўчок! Пусці мяне яшчэ на гадок: навяду табе парасятак табунок!

— Ах ты, шэрая свіння! Хоць ківаеш і маргаеш, а воўка шэрага не абманеш!

 

 

 

40. СВІННЯ І ВОЎК

 

Была ў мужычка свіння, ні хвора, ні бальна. Павадзілася яна ў авёс, усе цвяточкі паз'ядала, усю саломку паламала. Пачула свіное вуха, што сыта свіное бруха. Ідзець свіння дамой, ажны ляжыць воўк пад мяжой. Свіння і пытаець:

— Хто тут ляжыць, ад мяне не бяжыць?

Воўк свінні атвячаець:

— Я тут, воўк, ляжу, ад цябе не бяжу.

Свіння малілася, прасілася, на ўколянцы станавілася:

— Не еш мяне, воўк!

Воўк свінні атвячаець:

— Будзець і табе, свіння, канец!

Свіння яму атвячаець:

— Я заўтра ўранні прыйду, дванаццаць парасят прывяду!

Не стаў воўк болей свінні слухаць: як узяў яе за шарсцінку, як ударыў аб мяжынку! З'еў свінку і памянуў усю яе радзінку.

 

 

 

41. ЯК КОТ І САБАКА З ВАЎКОМ ДРУЖБУ ВАДЗІЛІ, І ВОЎК ІХ КАРМІЎ, ПОТЫМ САБАЧКУ З'ЕЎ

 

Захацеў сабака есці і кот тожа, трэці воўк. Сабака выйшаў на дарогу, на поле, даганяець яго кот:

— Здароў, сабака!

— Здрастуй, кот.

Даганяе іх воўк:

— Здароўце, сабака і кот.

Пытаець у іх:

— Куды ты, сабака, бяжыш?

— Есці хачу, воўчынька.

— А ты ж, кот, куды бяжыш?

— А што, воўчынька, і я есці хачу.

Воўк і гаворыць:

— І я есці хачу. Ну, сабака з катом, калі будзеце мяне слухаць, дык я вас накармлю.

Прабеглі яны па лесу, выйшлі. Ходзіць табун коней. Воўк на сабаку гаворыць:

— Глядзі ж: я папаўзу каня рэзаць. Як падымецца мая шэрсць дыбаром, тады мне скажы!

Воўк к каню падкрадаецца, паўзець і спрашывае:

— Ці падымаецца мая шэрсць?

— А, а, воўчынька, паднялася твая шэрсць уся дыбаром.

— А што, сабака, ці красны мае вочы?

— А, а, воўчынька, так красны — кроўю накіпелі!

Ухваціўся воўк на чатыры нагі, цап каня за глотку і заеў.

Гукаець:

— Хадзі, сабака, есці і заві ката.

Воўк стаў есць, і сабака, і кот. Кот лізнуў, з’еў пячоначкі троху — сыт, надуўся і сядзіць. Сабака з голаду налізаўся крыві — есць некуды. Астаецца пачці не пачынаты конь аднаму ваўку. Ён гаворыць:

— Ну, што жа вы прыкінулі аднаму лошадзь убіраць?

— Воўчынька, мы так наелісь, што ў нашым раду ніхто так не еў!..

Воўк гаворыць:

— Глядзіце ж: я вас і кармлю, і частую, а вы мяне толькі слухайце.

Стала зыраць. Наеўся дужа воўк і не злезіць з гэтага каня — аб'еўся і гаворыць:

— Сабака, бярысь зубамі за катоў хвост, а я вазьмусь за твой: ці не сцягнеце вы мяне з гэтага каня?

Коцік гэты прыг, а сабака як таскануў ваўка, з каня яго скора звалок, ажно ў сабакі хвост адарваўся. Як воўк быў хазяінам над сабакам і катом, ён і прыказываець:

— Сабака і кот! Паўважце вы мяне: бяжыце пацішы, — я вас за то карміў, — а то мяне раздушаіць.

Прайшлі яны ці многа, ці мала, ледва ў кусты ўвайшлі, гаворыць воўк:

— Лажыцесь вы спаць і не ўставайце, пакуль я праснусь, — тады мы і не так пойдзем.

Яны гавораць:

— Будзем спаць, воўчынька, пакуль ты ўстанеш!

Кот паспаў з рання да вечара і выспаўся, сабака яшчэ спіць і воўк тожа. Будзіць коцік сабаку:

— Уставай, а то будзець нам плоха!

Праснуўся сабака і сталі зюкаць з катом:

— Да, кот, харашо, што ты мяне разбудзіў: а то як праснецца воўк, ён захочыць есць, — спярва мяне з’есць!

Гаворыць кот:

— Уцячэм, сабака, ад ваўка ў дзярэўню, на двор: я цераз забор, а ты пад забор.

Яны так і здзелалі: кот улез на ганкі ў чулане, а сабака ўрыўся ў сувалку і ляжыць. Праснуўся воўк і гукаець:

— Сабака!

Не чуць. Устаў ён і дужа доўга глядзеў і пацягваўся, пакамісь разышоўся. Узышоў на іх след і гаворыць:

— Трудна было мне на след напасць, а цяпер я іх даганю! Дагнаўшы іх, раздзяру!

Бег, бег да самай да дзярэўні; збунтавалі другія сабакі след: ехаў па дзярэўні праязджаючы, і за ім беглі сабакі брахаць — забунтавалі сляды. Не знайшоў іх следу і гаворыць:

— Сколькі мы, ваўкі, з сабакамі на выганкі гулялі, дык усе ваўкі сабак даганялі.

Пачуў воўк, што на краі дзярэўні брэшыць сабака.

— Пайду ў яго распытаю пра таго сабаку!

Падыходзіць і гаворыць:

— Ты, крайні сабака, ці не быў дзе на сабачай свадзьбе, ці не хваліўся сабака, як іх воўк карміў?

— А, а, воўчынька, хваліўся адзін сабака, як іх воўк карміў; толькі ён гаварыў, што і з катом быў.

Воўк дагадаўся:

— Гэта іменна мае ўскормнікі!.. Што, сабака, раскажы, дзе мне яго знайсці?

— Скажу, воўчынька, і пакажу, кагда не будзеш мяне есць.

Воўк сабацы за гэта бокам кланяўся.

— Будзець з дзярэўні, — гаворыць сабака, — пастух скот выганяць, будзець сабака той ля пастуха свіней заганяць.

Пагода стаяла нянасная, і лезуць усе свінні дамоў уроссып. Сабаку пастух зацкаваў. Як бег сабака, так за свінку, а ззаду бег воўк ды хваць сабаку за спінку, гаворыць:

— Што, сабака-абманшчык, абманіў мяне? Цяпер я цябе з’ем!

А сабака хацеў ваўка абманіць:

— Ах, воўчынька, ты нас карміў, дак я відзеў, што ты ідзеш, дак я табе свінку паймаў...

— Не, сабака! Брасай-ка ты свінку, а падавай-ка мне сваю спінку!..

І з'еў воўк сабаку.

 

 

 

42. ВОЎК, СТАРЫ САБАКА І КОТ

 

Жыў так сабе старык. І быў у яго стары сабака. Дзед і выгнаў яго з двара. Пайшоў сабака ў лес, ажно там сядзіць воўк. Воўк і гаворыць:

— Хадзі ка мне, будзем з табой дружна жыць.

І пайшоў сабака к воўку жыць. Ляжалі яны раз у мярлозе і захацелі есці.

— Ідзі, — кажаць воўк, —палядзі, можа хто ёсць на полі! Выйшаў сабака, палядзеў і гаворыць:

— Гусі ходзюць!

Воўк кажаць:

— Беганіны ёсць, а пажытку мала!

А сабака той есці хочыць: яму каб хоць гуску. Тады цераз час воўк ізноў кажаць:

— Выйдзі, палядзі, можа яшчэ хто ходзіць!

Сабака выбег і гаворыць:

— Свінні ходзяць.

— Ну, беганіны ёсць, а пажытку мала!

А цераз час ізноў кажаць:

— Выбяжы, можа хто ходзіць!

Сабака выбег і гаворыць воўку:

— Конь ходзіць!

— Ну, цяпер пойдзем.

Воўк пайшоў, памачыўся ў ваду, укачаўся ў пясок, прыйшоў к сабаку і гаворыць:

— Ці звоўчыўся я?

— Звоўчыўся!

Пайшлі к каню.

Воўк зайшоў к мордзе і страхануўся. Конь глянуў, а воўк яго і задавіў. Пад'елі яны з сабакам. Тагды сабака гаворыць:

— Ну, я цяпер навучыўся ўжо: пайду адзін!

Сабака пайшоў, ажно ідзець кот. Сабака гаворыць кату:

— Хадзі ка мне, ты навучышся ад мяне давіць скот!

Пайшлі яны ў лес. Сабака кажаць кату:

— Ідзі, палядзі, можа хто ходзіць па полі!

Коцік выйшаў і гаворыць:

— Ходзяць гусі!

— Э, беганіны ёсць, а пажытку мала!

А кот есці хочаць. Сабака і гаворыць:

— Выбяжы яшчэ, можа хто ходзіць?

Кот выбег і кажаць:

— Свінні ходзяць.

— Э, беганіны ёсць, а пажытку мала!

Цераз час сабака ізноў пасылаець коціка:

— Выбяжы, можа хто ходзіць?

Кот выбег і кажаць:

— Конь ходзіць!

— Ну, цяпер пойдзем!

Пайшоў сабака, памачыўся ў ваду, укачаўся ў пясок, прыйшоў к кату і гаворыць:

— Ці звоўчыўся я?

Кот гаворыць:

— Не!

Сабака гаворыць:

— Кажы, што звоўчыўся!

— Ну, звоўчыўся.

Сабака пайшоў к каню, а конь як дасць яму капытом — ён й скруціўся.

Кот тады і кажаць:

— Во, цяпер звоўчыўся!

 

 

 

43. КАЛІ Ў САБАКІ ВОЧЫ ЗАЧЫРВАНЕЛІ І ХВОСТ УЗДУЎСЯ

 

Сустрэўся воўк з сабакам і гаворыць:

— Я цябе з’ем.

— Як жа ты мяне з’ясі, калі я худы.

Дык воўк кажа:

— Стань ты ў мяне за вучня, тады пасыцееш. Ідзём! Прыводзіць воўк сабаку на поле, дзе была навязана вялікая кабыла. І стаў воўк лапамі зямлю дзерці. І пытаецца ён у сабакі:

— Ці мае вочы чырвоныя і хвост уздуўся?

Сабака кажа:

— Чырвоныя і хвост твой уздуўся.

Тады воўк падскочыў да кабылы, хапіў яе за горла і задавіў. І кажа:

— З ясі гэту кабылу, дык пасыцееш.

І пакінуў воўк сабаку на полі. Тым часам сабака з еў кабылу і думае:

— Патрафлю цяпер без воўка коней душыць.

І намаўляе сабака ката за вучня:

— Ідзём са мной, дык ты таксама будзеш сыты, як і я. Прыйшлі сабака і кот за гумно, дзе быў навязаны жарабец.

Сабака давай дзерці лапамі зямлю. Потым пытаецца ў ката:

— Ці чырвоныя мае вочы і хвост мой уздуўся?

Кот кажа:

— Не-е.

Стаў сабака зноў дзерці зямлю пазурамі. А кот і за другім і за трэцім разам усё кажа:

— Не-е-е. Не-е-е.

Дык сабака гаворыць:

— Ты нічога не ведаеш!

Як хопіць жарабца за нагу зубамі, а жарабец як хлясне другой нагой сабаку ў лоб, дык і забіў яго насмерць.

Тады кот прыйшоў да сабакі і кажа:

— Вось цяпер дык твае вочы чырвоныя і хвост уздуўся.

 

 

 

44. СТАРЫ КОНЬ

 

Быў у старыка адзін конь — дужа стары. Дзед жалеў запрагаць яго ў саху. Падкаваў яго сталёвымі падковамі і пусціў у поле — на луг. Леў ідзець лошадзі наўстрэчу і пытаецца:

— Хто ты такі?

— Конскі старык. А ты хто такі?

— Я над усімі звярамі цар.

— Калі гэтак, дак будзем барахацца, хто з нас дужэй.

Леў гаворыць:

— Як будзем барахацца?

А лошадзь кажаць:

— Ідзі к гэтаму камню і бі аб гэты камень лапай: калі цяпло свіснець, дак ты будзеш дужэй, а калі ў мяне, дак я дужэй.

Леў пайшоў к камню: біў, біў нагою — цяпло не свіснула, а конь як ударыў аб камень сталёвай падковаю — цяпло свіснула. Леў уцёк. Бегучы сустракаець воўка, а ён яму кажаць:

— Здраствуй, цар! Дзе ты быў?

— У зялёным лугу і відзеў конскага старыка.

— Я не толькі што відаў, — кажаць воўк, — дай ядаў. Пойдзем з'ядзім.

А леў кажаць:

— Баюся, сам лепей ідзі і палядзі.

А тым часам узяў воўка ў ашлапку і панёс на елкі. Як нёс, дак задавіў да кажаць воўку:

— Палядзі, дзе ён?

А ўвідзеў леў, што воўк не глядзіць, да не ведаўшы, што несучы задавіў воўка, да і кажаць:

— Эге! Ты як палядзеў, дак ужо і самлеў, а штоб жа пайшлі разам, дак ён бы нас абодвух з’еў.

Тады леў узяў і ўцёк.

 

 

 

45. ЯК КОНЬ СТАЎ СТАРШЫМ АД ЛЬВА

 

Быў у аднаго гаспадара конь вельмі стары; аднаго разу прыйшоў ён з баранавання, выпраг каня, выгнаў на балота і кажа:

— Ідзі к чорту! Здыхай!

Так конь кажа:

— Гаспадарыку, ці я сабе не зарабіў сталёвы падковы, што ты мяне так праганяеш?

Так гаспадар, пачуўшы гэта, узяў сталі, павёў каня да кузні, казаў падкуць кавалю сталёвымі падковамі і такі прагнаў на балота. Конь галодны, давай есці траву. Як есць, так есць, аж ідзе леў. Паглянуў, што конь яму паклону не дае, так, падышоўшы, кажа:

— А ты, стары харлаку! То ж я леў, чаму ты мне паклону не аддаеш?

А конь:

— Не гневайся, найяснейшы кролю, гаспадар мною ад маленкасці рабіў, рабіў, а на старасць от як прагнаў мяне ад сябе, то я быў галодны, еў траву і не бачыў, што найяснейшы кроль ідзе.

Так леў кажа:

— А ты, стары харлаку! Паглянь, што я зраблю. Гэта кажучы, парваў каменя і сціснуў у лапах, аж вада дзюрком пацякла.

— Гэта, — кажа конь, — не штука выціснуць з каменя вады, бо, ведама, на камень дождж і снег падае, але агню дастаць — то штука.

Так леў застыдаўся і кажа:

— Як ты дастанеш агню з каменя, то ўжо я табе жыццё дарую.

Так конь давай падковамі біць у камень, аж іскры пасыпаліся. Так леў кажа:

— Ну, калі я вады дастаў з каменя, то і агню дастану!

— Ну, ну, пагледзімо!

Так леў давай біць лапамі аб камень: біў, біў, аж чыста пазгуры паздзіраў і лапы сабе паашмуліваў, а агню як няма, так няма! Так перастаў біць і кажа:

— Я думаў, што над мяне дужэйшага няма ў свеце, ажно ты дужэйшы за мяне — цяпер ужо ты будзеш кролем і нада мною.

І, застыдаўшыся, пайшоў! Ідзе, так ідзе, аж сядзіць воўк, а ўгледзеўшы яго, давай аддаваць паклоны і выць. Так леў падышоў да яго і кажа:

— Ужо ты мне не кланяйся, але таму старому, што на балоце ходзіць і траву есць, бо ён ад мяне кралеўства адабраў.

— Хто ж, — кажа, — ад цябе, кролю, кралеўства мог адабраць?!

— Ля, хто? Конь!

Так воўк гэта засмяяўся дай кажа:

— Я ўжо за свой век не тысячу такіх кроляў пераваліў! Няхай найяснейшы кроль анно мне яго пакажа, то я яго зараз спраўлю.

Так леў на тое:

— Э, ты дурню, як ты яго від увідзіш, то хутка згінеш, такі ён страшны.

Так леў прыгнуў раз, два, аглянуўся, аж воўк дзе далёка астаўся ад яго, так падскочыў і кажа:

— Ты за мной не збяжышся, я це паднясу, — дай узяўшы лапаю за карк, давай несці. Нясе, нясе, аж ужо паднёс на горку, скуль каня можна было крышачку бачыць, так стаў, глянуў на воўка, ажно яму ўжо галава целяпаецца, бо несучы задушыў.

— А што, — кажа, — дурню, я табе казаў: як ты яго від увідзіш, то хутка згінеш! — дай бразнуў воўка аб камень і сам пайшоў. Ідзе, так ідзе, аж наступіў на вожыка і прабіў сабе лапы, так кажа:

— Я цэлы свет перахадзіў, а нідзе нагі не прабіў, а ў гэтым праклятым краі ўсюды мне бяда.

Пасля стаў аглядацца, што гэта такое, аж глядзіць, ляжыць вожык. Так кажа:

— Ну, малы, ідзем навыперадкі: як я цябе выпераджу, то заб'ю, а як разам дабежымо, то жывога пушчу.

Так зараз адмералі, дакуль бегчы і сталі разам. Так, вожык учапіўся за каўтуны ў хваста, а леў давай бегчы. Прыгнуў раз, два і дабег ужо да таго месца і давай аглядацца, дзе вожык, ажно вожык за ім кажа:

— Не аглядайся, найяснейшы кролю, я ўжо тут даўно жду.

Так леў закляў гэты край і выйшаў да Францыі; цяпер ва Францыі львы, а тут няма.

 

46. ЛЕЎ І ВОЎК

 

Даўно гэта было. У аднаго хазяіна быў конь. Хадзіў гэты конь аднойчы па лузе. Стрэў яго леў і кажа:

— Ідзі за мною!

А конь у яго пытаець:

— А чаго я пайду?

Леў раззлаваўся за непавінавенне каня ды як закрычыць:

— Як ты смееш так размаўляць са мною? Я — звер над звярамі. Я галодны і хачу цябе з’есці.

Але гэты крык мала падзейнічаў на каня, і ён спакойна адказвае льву:

— Э, не тыя цяпер часы, што хто каго нагнець, той таго й наб'ець.

Леў і гаворыць:

— Ты асмельваешся думаць, што я слабейшы за цябе? Давай тады прабаваць сілу.

Конь згадзіўся. А там ляжаў камень. Убачыўшы камень, конь і заве льва:

— Хадзі сюды, леў.

Падышлі яны да каменя. Тады конь і кажа:

— Ты можаш так стукнуць па гэтым камені, каб з яго іскры пасыпаліся?

Леў замест адказу рашыў паспрабаваць. Драпнуў леў лапаю па камені — кіпцюры паламаў. Засмяяўся тады конь:

— Эх, леў, леў! А яшчэ называеш сябе зверам над звярыма. Глядзі, як я стукну.

А ў каня на нагах былі сталёвыя падковы. Стукнуў конь капытом па камені, іскры так і ўзвіліся.

Убачыўшы гэта, спалохаўся леў, і кінуўся ён назад у лес. Бяжыць дай аглядаецца: нагнаў яму конь страху.

І вось сустракаець леў воўка. Воўк у яго і пытаець:

— Куды бяжыш, леў?

А леў пасля перажытага страху не можыць аправіцца.

І давай леў расказваць воўку, якога страшнага звера ён спаткаў. Выслухаўшы гэты расказ, воўк ухмыльнуўся й кажа:

— І ты яго збаяўся? Эх, каб ён мне папаўся, я жыва з ім справіўся б. Толькі пакажы мне яго.

Узяў леў воўка ў пярэднія лапы, а сам на заднія стаў дай кажа:

— Глядзі!

Ільву здавалася, што ён памаленькі воўка трымаў, а ў таго косці хруснулі, і дух выскачыў вон. А леў і пытаецца:

— Ну, што, бачыш?

Але воўк нічога не адказваў. Апусціў леў воўка на зямлю, бачыць — не дыхае воўк.

— Эх ты, хвалько: толькі ўбачыў яго і то ўжо самлеў. А я прабаваў з ім сілу, — кажа леў.

Ды яму ніхто не адказваў, бо воўк быў нежывы. А ільву падумалася, што воўк памёр ад таго, што толькі глянуў на каня. Яго яшчэ большы страх агарнуў. Кінуў ён воўка, а сам далей пабег. І цяпер дзесьці бегае. На гэтым і казцы канец, а хто яе праслухаў — той маладзец.

 

 

 

47. ЧАМУ ЛЕЎ УЦЁК З НАШАЙ СТАРАНЫ

 

Ішоў адзін чалавек да лесу па дровы, ажно спатыкае льва:

— Які я?

— Ат, — кажа чалавек, — які ты? Спераду, як хорт, а ззаду, як чорт!

— Рубані мяне сякераю ў лоб.

Чалавек рубануў, а леў кажа:

— Прыйдзі за рок на гэта месца.

— Добра!— і пайшоў.

Як ужо рок скончыўся, прыходзіць туды той чалавек, ажно леў ляжыць і кажа:

— Ну, паглядзі ў мяне на лобе.

Той памацаў:

— А што?

— Шнар, — кажа.

— Ну, —кажа, — то гэта рана загоілася, а тыя словы, што ты на мяне сказаў, не загоіліся. Цяпер я табе не дарую!

— Э, — кажа, — я тады падхмелены быў, то не знаў, што гавару.

— А які ж гэта хмель? Пакажы мне!

Так чалавек пайшоў, купіў з колькі гарцаў мёду і з колькі гарэлкі, уліў у цэбар і прыносіць да льва:

— На, — кажа, — хмелю!

Так леў устаў, лізнуў раз:

— А, — кажа, — салодка, добры хмель!

Лізнуў другі раз:

— Не жарт, такі смачны!

За трэцім разам выпіў усё і кажа:

— Прыйдзі заўтра на гэта месца, — і пакаціўся па зямлі.

Тады чалавек узяў, нажом яму скуру з ног аж па калені пазадзіраў і пайшоў.

На заўтрашні дзень прыходзіць, аж леў ужо выцверазіўся і кажа на яго:

— Праўду ты казаў, што падхмелены быў і не ведаў, што гаварыў. Я як пакаштаваў хмелю, то як пайшоў па каменнях, па карэннях, то чыста сабе ногі паабдзіраў: абач! Пайду я ўжо да такога краю, дзе хмелю няма.

Пабег і ад тае пары ў нашых старанах іх няма.

 

 

 

48. ГАЛОДНЫ ВОЎК

 

Адзін раз галодны воўк пайшоў да бога есці прасіць. Бог кажа яму:

— Пайдзі з’еш лысага каня.

Воўк прыйшоў да коней і бачыць — усе коні чорныя, патаму што чалавек замазаў каням лысіну. Воўк прыйшоў зноў да бога на жалабу і кажа, што чалавек замазаў каню лысіну.

Тады бог сказаў ваўку:

— Пайдзі, з’еш чалавека.

Воўк прыйшоў да чалавека і кажа яму:

— Бог сказаў мне з'есці цябе.

Чалавек кажа ваўку:

— Пазволь мне ўмыцца!

Воўк пазволіў. Чалавек умыўся і кажа ваўку:

— Дай хваста ўцерціся.

Воўк даў хваста, чалавек як акруціў хвост каля рукі, да як узяў біць ваўка — і забіў яго.

 

 

 

49. ГАЛОДНЫ ВОЎК

 

Некалі воўк прыйшоў да бога есці прасіць і гаворыць:

— Я есці хачу.

— Пайдзі ты, — кажа яму бог, — з’еш плаціцу.

Воўк пайшоў да ракі і ўгледзеў плаціцу: лавіў, лавіў — і не паймаў. Ён адышоў і ўвідзеў карову і гаворыць:

— Усё роўна: хоць плаціца, хоць ялавіца, пайду я яе з’ем. Пайшоў, з’еў і не пад’еў.

Прыходзіць другі раз к богу і гаворыць:

— Божа, божа! Я есці хачу.

Бог сказаў:

— Пайдзі ты з’еш вокуня.

Воўк пайшоў да ракі і ўгледзеў каня і гаворыць:

— Усё роўна: ці конь, ці вокунь, пайду яго з’ем!

Пайшоў, з’еў і не пад’еў.

Прыйшоў і трэці раз да бога есці прасіць і гаворыць:

— Божа, божа, я есці хачу.

Бог сказаў:

— Пайдзі ты з’еш на пятнаццаць грошай.

Воўк пайшоў і ўгледзеў кабылу з жарабём і гаворыць:

— Кабыла дзесяць грошай, а жарабя пяць грошай — пайду іх з’ем.

Пайшоў, з’еў і так не пад’еў.

Прыходзіць чацвёрты раз к богу і гаворыць:

— Божа, божа! Я есці хачу.

— Я табе гаварыў з’есці на пятнаццаць грошай, а ты такую шкоду зрабіў чалавеку.

Пасля бог сказаў ваўку:

— Пайдзі ты з’еш тое, што ў лесе кукае.

Воўк пайшоў у лес, скакаў па кустам і нічога не паймаў. Пасля пачуў, што чалавек рубае дровы, і гаворыць:

— Усё роўна: ці кука, ці стука — пайду я яго з’ем. Прыйшоўшы к чалавеку, воўк і гаворыць:

— Вялеў мне бог цябе з’есці.

— Ты бачыш, — кажа яму чалавек, — што я з галавы кашлівы і ўвесь памаран; як жа ты будзеш мяне есці? Пайду я ўмыюся.

Ён пайшоў, высек дубіну і, прыйшоўшы к ваўку, кажа:

— Падай мне хвост уцерціся.

Воўк падаў, а чалавек узяў да закруціў вакруг рукі да як пачаў яго біць, так воўк адарваў хвост і пабег і пазваў многа ваўкоў. А чалавек узлез на елку. Як толькі ваўкі прыйшлі, так і пасталі адзін на адным, і каб яшчэ адзін ці два, то дасталі б чалавека. Тады чалавек сказаў:

— Каму, каму, а куртачу патапчу: адарваў я яму хвост, адарву і галаву!

Куртач спалохаўся, выскачыў і пабег. Яны дагналі яго і разарвалі.

 

 

 

50. ВОЎК КУРТАТЫ

 

Пайшоў ранесенька чалавек вырэзваць буякоў да цапоў. Ішоў і ўмыўся на дарозе, а яшчэ не ўцёрся, бо не было чым уцёрцісь. А ідзе воўк і кажа на чалавека:

— Я цябе з’ем!

А чалавек кажа:

— Яшчэ я ўмыўся, а яшчэ не ўцёрся!

А воўк кажа:

— На, маім хвастом утрысь!

А чалавек узяў, як воўк даў яму хвост уцёрціся, да як закруціў хваста за адну руку, а ў другую ўзяў буяка да як возьме яго басаваці! А воўк, як хацеў вырвацца, так як рвануўся — і хваста адарваў. А сам уцёк. Прыбег ён да ваўкоў і стаў выць. Тые ваўкі да таго чалавека, каб яго з’есці. А чалавек, уцякаючы, улез на дуба. Ваўкі сталі станавіцца адзін на аднаго каля дуба, а пад нізам стаў куртаты. Чалавек кажа:

— Каму, каму, а куртачу хваста натачу!

Куртач пачуў і стаў уцякаць. Ваўкі чыста ўсе пападалі на зямлю і пазабівалісь.

 

 

 

51. ДУРНЫ ВОЎК

 

Жыў сабе няшчасны воўк. Не мог ён нічога сабе даставаць. От прыходзе воўк да святога Ягор’я і гавора:

— Госпадзі! Я хачу есці!

Ягор'я й кажа:

— Ідзі к рэчцы: там багата ходзіць гусей, дак і з еш іх.

Прыходзе воўк к рэчцы, сустракае гусей і гавора:

— Гусі, гусі, я вас з’ем.

— За што ты нас будзеш есці? Ты луччай паслухай, як мы зайграем, мы добрыя музыканты.

От гусі закрычалі, замахалі крыллямі, а воўк стаіць да нагой туп! туп! І калі падняў морду, гусі ўжо і ўляцелі. От ён пераначаваў і назаўтра нашча прыходзе к Ягор'ю.

— Госпадзі! Я хачу есці!

— А я табе казаў з’есць гусей.

— Да яны ўляцелі.

— Ну, там за гумном ходзе свіння дай вельмі бальшая, дак ідзі яе з’еш!

Воўк прыходзе к свінні:

— Свіння, свіння, а свіння! Я цябе з’ем!

— Ах ты воўк, ты воўк! Ну, за што ты мяне будзеш есць? Ты лепш паслухай мае песні: я добрая песенніца.

От свіння куві-куві! да як назбіралась багата свіней, як пачалі вішчаць да воўка матаць, дак ён як вырваўся да сам сабе і думае:

— Дурак я, што есці хачу, а песень слухаю.

І апяць прыходзе к Ягор’ю.

— Госпадзі! Я хачу есці!

— А я табе вялеў з'есць свінню.

— Да яна ўцякла.

— Ну, там у полі ходзе баран, ідзі і з’еш яго.

От прыходзе ён к барану:

— Баран, баран! Я цябе з’ем!

— А воўк, ты воўк! От яшчэ трэба лупіць да ірваць! Ідзі лепш стань у лашчыне да рот разяў, дак я табе сам ускочу.

Воўк стаў, а баран разагнаўся да як гіпнуў яго ў лоб, а сам швыдка ўцякаць; воўк перавярнуўся, а яго ўжо і не відна. Воўк пераначаваў і апяць прыходзе к Ягор’ю:

— Госпадзі! Я хачу есці!

— Аж я табе казаў з’есці барана.

— Да ён убёг.

— Ну, йдзі, там папоў парубак сячэць дровы, дак ідзі да з’еш кабылу; вось там пападзеш.

Пабег воўк у лес:

— Кабыла, кабыла! Я цябе з’ем!

— Ах ты воўк, ты воўк! Ну, за што ты мяне будзеш есці? Вось у мяне граматка: ну, пачытай!

Воўк выскаліўся і зубы выскаліў, а кабыла яго як цопнула, аж ён перакувыркнуўся, а кабыла адарвалась і ну куды відна. Воўк устаў, глядзіць — стаіць парубак.

— Парубак, парубак! Я цябе з’ем!

— За што?

— А за тое, што кабыла ўцякла.

— Не еш мяне, воўк! Я лепш дам табе гуся да яшчэ і папястру.

— Глядзі, штоб была праўда!

— Будзець праўда.

От скора забрахалі сабакі і парубак узнаў, што ўжо воўк тут, вынес яму гуся. Воўк з’еў і кажа:

— А пястрыць калі будзеш?

— А зараз!

От ён вялеў чалядкам нагрэць укропу, а сам вынес мех і кажа:

— Ну, лезь сюды!

Воўк улез. От ён завязаў хахол і стаў ліць укроп. Кідаўся воўк, кідаўся то на той бок, то на сей бок. От воўк прадраў мех і ўцёк; на адзін бок пасмотра — гола, на другі пасмотра — гола.

— Ну, праўда, папястраў, спасіба!

От воўк ізноў ідзе к Ягор’ю:

— Госпадзі! Я хачу есці!

— Аж я табе вялеў з’есць кабылу.

— Да яна ўцякла.

— Ну, вон там з аднаго сяла ў другое ідзець кравец, дак ідзі яго з’еш.

Прыходзе воўк к краўцу:

— Кравец, а кравец! Я цябе з’ем!

— Што ж ты будзеш есць, не знаючы, колькі трэба. Ты луччай стань задам, дак я адмераю.

От ён стаў, а кравец як стаў яго трапаць жалезным аршынам: круціўся, круціўся, адарваў сабе хвост і пабег куды відна. Прыбег на луг, паляжаў, паляжаў да ізноў прыходзе к Ягор’ю:

— Госпадзі! Я хачу есці!

— Аж я табе вялеў з'есці краўца.

— Да я не пасіліў.

— Ну, от ён цяпер з другога сяла ідзець у трэцяе, дак ідзі да назбірай ужо багата ваўкоў.

От ён назбіраў багата. Бачыць кравец, што бяжыць багата ваўкоў, швыдка пабег у лес і ўзадраўся на хвою. Прыбеглі ваўкі й гайдаюць, што б яго дастаць. От куцахвосты гаворыць:

— Я стану, а вы на мяне станавіцесь.

Усе ваўкі і лезуць адзін на другога, от ужо яго дастаюць, а ён, седзячы, і гавора:

— Каму, каму, а таму пястраму куцахвостаму, як саскочу — дак задам!

Іспугаўся куцы да з-пад ваўкоў уцякаць, а з яго бу-бу-бу... Як рассердзіліся тады ваўкі; парвалі куцага на шматкі. А кравец злез, перахрысціўся да і пайшоў, куды яму трэба было ісці.

 

 

 

52. СВЯТЫ ВОЎК

 

Быў цар у ваўкоў. Адзін воўк наеўся каніны, лёг на зямлю і кажа:

— Буду святым!

Паляжаў і выгаладаўся. Пайшоў ён к свайму цару і стаў прасіць есці. Цар кажа:

— Пайдзі, там кабыла з жарабём ходзіць, то кабылу з’еш, а жарабя не руш!

Воўк прыйшоў да кабылы і кажа:

— Цар вялеў, каб я це з'еў!

— З'есці, то з'есці, — кажа кабыла, — але мяне гаспадар ныне падкаваў, то шкада падкоў, на мяне раскуй.

Воўк стаў раскоўваць, а кабыла яму дала нагою, а сама пайшла дахаты. Воўк паляжаў, паляжаў, а пасля пайшоў да цара і просіць, каб яму даў есці.

Цар кажа:

— Пайдзі, там гуска ходзіць з гусянятамі, гуску з’еш, а гусянят не зачэпай!

Воўк прыйшоў да гускі і кажа:

— Мне цар вялеў, каб я це з’еў!

— З’есці, то з’есці, — кажа гуска, — толькі пайграй маім дзецям, каб яны не плакалі!

Воўк стаў іграць. Гуска загергетала дай паляцела з гусянятамі дахаты. Воўк зноў пайшоў да свайго цара і стаў прасіць, каб цар даў яму есці.

Цар сказаў:

— Пайдзі, там свіння ходзіць з парасятамі, яе з’еш, а парасят не руш!

Воўк пайшоў да свінні і кажа:

— Мне цар вялеў, каб я це з’еў!

Свіння сказала:

— З’есці, то з’есці, толькі я грэшна, ідзём мяне выспавядай.

— А дзе тут ісці?— воўк пытае.

— Да ямы, то будуць туды грахі падаць!

Свіння пачала выплёвываць грахі ў яму і ваўку дала лычам па баку. Воўк пакаціўся ў яму, а свіння пайшла дахаты. Воўк разадраў яму, вылез і пайшоў у лес. Там сеў за куст і кажа:

— Каб добры чалавек быў, а калом па мне сцягнуў, то было б добра. Ці я буду за каваля, што кабылу раскоўваў, ці я буду за музыку, што гусянятам іграў, ці я буду за папа, што свінню спавядаў?

Па той дарозе ішоў чалавек і даў па ваўку калом: дык воўк пабег і кажа:

— Есці не даў, а калом даў!

 

 

 

53. ВОЎК, ЗМІТРОК, КАБЫЛА І БАРАН

 

Ішоў воўк з-пад Міра. Сустрэў Змітрака. Той Змітрок быў кравец. Ішоў ён з палкаю, што даўней мералі. Воўк кажа:

— Змітрок, Змітрок, я цябе з’ем!

А Змітрок адказвае:

— З’ясі дык з ясі! Але перад смерцю дай я табе змераю камізэльку!

Воўк згадзіўся.

Змітрок і пачаў яму палкаю па бакох мерыць. Мерыў, мерыў, пакуль ваўка чыста збіў. Тады кажа:

— Пачакай жа! Камізэльку я змерыў, але яшчэ ляж дагары, яшчэ паназначываю, дзе гузікі ўшываць!

Воўк яшчэ лёг дагары, а Змітрок яго наўсторч тою палкаю чыста скалоў, што не захацеў і есці воўк Змітрака.

Змітрок астаўся жыці і пайшоў сабе далей.

А воўк ляжыць ды думае:

— Гм! Не з’еў дык не з’еў! Але нашто мне была гэта камізэлька ды яшчэ ў два рады гузікі? Ці я пан? Ці я шляхціч?..

І пайшоў воўк далей памаленьку.

Ідзе ды ідзе. Аж бачыць — ходзіць кабыла. Воўк і кажа:

— Кабыла, кабыла! Я цябе з’ем!

А кабыла адказвае:

— З’ясі дык з'ясі, але нашто ты будзеш мяне есці? Ты вось лепш пачытай у мяне пад капытом газету!

Воўк пачаў глядзець, а кабыла як ляпне яму ў храпу нагамі, аж воўк адляцеў і ляжыць. А кабыла ўскакала.

Ляжыць воўк ды думае:

— Не з’еў дык не з’еў! Але нашто яшчэ было мне газету чытаць? Ці я грамацей, ці вучыцель?..

Ачомкаўся воўк і пайшоў далей. Ідзе ды ідзе. Сустрэў барана і кажа:

— Баран, баран! Я цябе з'ем!

Баран адказвае:

— Нашто ты мяне будзеш есці? Ты вось лепш заплюшч вочы, адчыні губы, а я табе сам ускочу!

Сеў воўк, заплюшчыў вочы і адчыніў губы.

Баран як разагнаўся ды як даў яму рагамі ў лабаціну, дык воўк самлеў.

Баран уцёк, а воўк ачомкаўся дый кажа:

— Не ведаю, ці я яго глынуў, ці мінуў?..

 

 

 

54. БАРАН І ВОЎК

 

У некаторым царстве, у некаторым гасударстве, а іменна ў тым, у каторым мы жывём, каля горада Парыжа, к нам пабліжа, пасвіў пастух на полі авец, астаўся адзін баран, на яго воўк нарваўся і хацеў яго заесць. Баран відзя, што прыйшла бяда немінуча, і прося воўка:

— Не, не рэж мяне, серы воўк! Я табе дам хлеба кусок вечны, патаму што ў нас сем лет упраўляючага нет, ты на яго места заступіш.

Воўк на тое быў сагласен і кажа-ка яму:

— Ну, хадзі, брат, пакажы на тое места.

— Пойдзем!—кажа-ка баран і павёў яго на сялянскае гумно, дзе ў шэсць цапоў малацілі. Баран прама ўбяжаў у гумно, а воўк за ім. Увідзелі мужыкі, што воўк за баранам гоніцца ў гумно, дачакалі, што ён выйшаў, прыпёрлі вароты на замок, да як пачалі гэтага ваўка ганяць цапамі па гумну, воўк кідаўся, кідаўся — насілачку вырваўся жывы. Уматаў не мала вярстоў дваццаць пяць, сеў, павесіў сваю галаву і думае:

«Да, сем лет як упраўляючага нет, народ разбалаваны», — і сказаў:

— Будзьце вы прокляты, штоб быць упраўляючым у вас.

 

 

 

55. ЧАМУ ВАЎКІ ЗВАНКА БАЯЦЦА?

 

Служыла ў станавога лісіца і пільна сваю службу іспалняла. Няведама, чым і як яна служыла, але, мабыць, яму кур на абед дастаўляла. Аднаго разу станавы кажа лісіцы:

— Прасі ў мяне чаго хочаш за сваю службу, і я ўсё табе дам.

Думала, думала лісіца, чаго б тут лепш папрасіць да і кажа яму:

— От я бы прасіла ў пана, штоб пан мне даў свой званок, штоб калі я пайду дзе, штоб усе баяліся мяне, як пана станавога.

Згадзіўся станавы на гэта, дае ёй званок да кажа:

— Глядзі ж, штоб ты яго не страціла; страціш ці аддасі каму — я з цябе шкуру здзяру.

Пабажылася лісіца, што нікому не аддасць, не страціць, і пайшла сабе гуляць па свету. Дзе толькі хто ні пачуе званок, усякі баіцца яго і дае лісіцы, што яна ні скажа. Праведаў воўк, што лісіца дабыла сабе ў станавога званок і што яе кожны баіцца і даюць ёй, чаго яна толькі ні захоча, прыйшоў да лісіцы і просіць яе, штоб яна і яму дала хоць на часок гэты званок. Не хацела лісіца даваць, але надта ўжо стаў яе воўк прасіць.

— Ну, кум, —кажа лісіца, —на, бяры, але калі дзе страціш, то глядзі ж, шкадуй тады сваёй шкуры, бо станавы з цябе і з мяне здзярэ за яго шкуру.

Узяў воўк званок да і пабег скарэй дастаць чаго. Прыбягае на поле к пастухам да кажа:

— От мяне станавы прыслаў, штоб вы яму далі самага лепшага барана, а не дасцё, то ён сам зараз прыедзе і вас у халодную пасадзіць.

Не паверылі яму пастухі да давай біць яго, наскавалі сабакамі, білі, білі — званок адабралі. Прапаў званок, плача воўк, ідзе да лісіцы і расказвае, што так і так. Заплакала і лісіца, але што зрабіць? Трэба ўжо памінаць як і звалі званок станавога.

З таго часу як толькі воўк пачуе дзе званок, то ён думае, што гэта станавы едзе яго шукаці, і як жыў скарэй уцякае ад званка.

 

 

 

56. ВОЎК, ЛІСІЦА І АЎЦА

 

Ганяў пастух авечак, і адбілася адна авечка ад стада і засталася зімаваць у лузе. Прыходзіць к ёй лісіца, сястра Мар’яна, зімаваць. І кажа лісіца Мар’яна:

— Здарова, сястра Малання! Чаго ты тут засталася, Малання?

А Малання адказвае:

— Што засталася?— не знаю хазяіна!

Лісіца Мар’яна кажа:

— Я цябе, — кажа, — сястра Малання, выведу на вясну і к хазяіну завяду!

Ну, сталі Малання з Мар’янай хадзіць у кучы: Малання сена есць каля стога, а Мар’яна мышэй капае. Прыходзіць к ім воўк Мірон і кажа на Мар’яну:

— Здароў, сястра Мар’яна! Што ты водзіш за сабою сястру Маланню?

А лісіца кажа:

— Я Маланню выкармлю, на вясну выведу і к хазяіну завяду!

Цяпер воўк Мірон кажа:

— І я буду з вамі хадзіць!

А Мар'яна адказвае:

— У цябе, брат Мірон, паганыя мыслі!

— Да не, сястра Мар’яна!

Цяпер яны ўтраіх хадзілі, хадзілі: лісіца мышэй капае, авечка сена есць, а ён так ходзіць, як стоўб. Тады воўк Мірон кажа:

— Ляжам спаць!

Вот яны ляглі пад стогам, і сама Мар’яна лягла пасярод. Паляжалі яны, паляжалі, тады Мірон устае. А Мар’яна і спрашвае:

— Чаго ты, брат Мірон, устаеш?

А ён адказвае:

— Холадна, сястра Мар’яна: хачу паўшубак садраць з

сястры Маланні!

Мар’яна тады кажа:

— Эй, брат Мірон! У цябе грахоў многа: дай павяду ўперад к споведзі!

Вот яны ўстаюць, і павяла яна воўка к споведзі. Ведала яна, дзе зялезы стаялі. Прывяла к зялезам і кажа:

— Адбівай, брат Мірон, паклоны!

Вот воўк як пакланіўся, зялезы і ўхвацілі яго. Тады воўк пытаецца:

— Што гэта будзе, сястра Мар’яна?

А яна кажа:

— А вот, прыйдзе поп з касой, дзяк з свячой і паламар — будзе свечы паліць!..

Вот стала віднець. Ідуць глядзець зялезы. Воўк і пытаецца:

— Хто гэта ідзе?

А Мар’яна адказвае:

— Поп з касой, а другі дзяк з свячой і паламар.

Тады ён пытаецца:

— Што яны будуць дзелаць?

А яна кажа:

— Спавядаць цябе будуць!

Ну, той прыйшоў з ружжом да бах! А другі колікам, а паламар дзівіцца. Тады яна кажа:

— Кадуцы цябе бяры! Ты жывеш не ў совесці!

Да і пайшла. Пракарміла сястра Мар’яна сястру Маланню зіму; на вясну выйшла ў поле, завяла яе к хазяіну і ўпусціла авечкі к пастуху.

 

 

 

57. ЯК ВОЎК КАЗЯНЯТКАЎ ПАЕЎ

 

Была хатка, а ў той хатцы каза з казяняткамі. Як падраслі трошкі, так каза вучыць іх:

— Як я, — кажа, — дзе пайду, то вы дзверы зашчапіце і не адчыняйце нікому, бо вас хто здрадзіць, а як я прыйду, то стукну ножкай і так вас заклічу:

 

Адчыніце, казяняткі,

Бо я ваша пані-матка,

Поўны вушы травіцы,

Поўны ноздры вадзіцы,

Поўна вымя малака.

 

Аднаго разу воўк падслухаў, як яна да дзяцей казала, так як пайшла каза, крыху паждаўшы, стукнуў лапай у дзверы і кажа тоўстым голасам:

 

Адчыніце, казяняткі,

Бо я ваша пані-матка,

Поўны вушы травіцы,

Поўны ноздры вадзіцы,

Поўна вымя малака.

 

А яны як учулі, так чыста спалохаліся, бо пазналі, што гэта не іх маці. Сядзяць у самым куточку пад пячуркаю і не адчыняюць. Так воўк затаіўся пад кустом, аж прыходзіць каза і кажа:

 

Адчыніце, казяняткі,

Бо я ваша пані-матка,

Поўны вушы травіцы,

Поўны ноздры вадзіцы,

Поўна вымя малака.

 

Як яны адчынілі, каза ўвайшла і кажа:

— Зашчапляйце, дзеткі, добра і нікога не пускайце, бо тут дзядзька ёсць, ён вас з’есць.

Як каза пайшла, так воўк падышоў пад дзверы, стукнуў лапай і кажа ўжо тонкім голасам:

 

Адчыніце, казяняткі,

Бо я ваша пані-матка,

Поўны вушы травіцы,

Поўны ноздры вадзіцы,

Поўна вымя малака.

 

Яны падумалі, што гэта матка, і адчынілі, а ён як ускочыць у хатку, так глам! глам! і ўсіх паеў.

 

 

 

58. ЯК ЛІСКА МЯДЗВЕДЗЯ З СВЕТУ ЗБАВІЛА

 

Была сабе лісачка з сваімі дзецьмі, як сталі тыя дзеці падрастаць, так яна збудавала ім хатку. Пажылі яны там троху, так яна кажа да сваіх дзетак:

— Вы сядзіце ў хаце, нікога не ўпускайце, а я пайду па травіцу.

Так як адно выйшла, так воўк пад дзверы і давай спяваць:

— Лісяняткі мае, адчыніце мне, бо я ваша родна матка; поўны цыцы малачыцы, поўны вушы расіцы, поўны бокі травіцы.

Так лісяняткі ўслухаліся і давай гаварыць паміж сабой:

— Гэта не наша маці — не ўпусцім!—і не адчынілі, а воўк паждаў трохі і пайшоў у лес. Ажно ніўбаўкі прыходзіць ліска, іх маці, стала пад дзвярыма і спявае:

— Лісяняткі мае, адчыніце мне, бо я ваша родна матка; поўны цыцы малачыцы, поўны вушы расіцы, поўны бокі травіцы.

Так гэта адчынілі ёй, яна іх панакармлівала і зноў сама пайшла.

— Адно, —кажа, —нікагусенькага не пушчайце, дзеткі, дахаткі.

Як ліска выйшла, так мядзведзь падышоў пад дзверы і давай спяваць:

— Лісяняткі мае, адчыніце мне, бо я ваша родна матка; поўны цыцы малачыцы, поўны вушы расіцы, поўны бокі травіцы.

Яны гэта, не ўслухаўшыся добра, думалі, што іх маці, так і ўпусцілі. А мядзведзь сеў сабе на лаўцы і кажа да іх:

— Я вас з'ем!

Так яны давай прасіцца:

— А мой дзядзюшку, не еш нас!

Так ён іх пашкадаваў і не еў. Ажно прыходзіць іх маці, так яны як адно пачулі, што яна ідзе, так гэта выбеглі напроціў яе і ўсё расказалі. Так яна:

— Пажджы ж!— пайшла на гарохавіска і назбірала поўны мяшок гароху. Потым прыйшла пад хатку і давай тым гарохам па сценах сыпаць, а лісяняткі давай гаварыць да мядзведзя:

— Дзядзюшку, —кажуць, —чуеш, якая тут вайна каля нас? як шрот каля нашай хаты ляціць?

І кажуць:

— Дзе то мы падзенемся?

А мядзведзь кажа:

— Вы то вы, але я?

Аж бачыць: ляжыць ядлавец каля печкі, і кажа да іх:

— Я ўлезу ў печку, а вы мяне тым ядлаўцом запхайце.

Так ён як улез у печ, так яны гэта запхалі дай пабеглі матцы сказалі. Ліса зараз убегла ў хатку, дай узяла той ядлавец запаліла: той ядлавец трашчыць, а мядзведзь крычыць. Так як гэта мядзведзь згарэў чыста, так ліса ўзяла гэты попел на засланку і вынесла на двор і высыпала, а сама прыйшла дахаткі, жыла, пажывала, дзеці пагадавала, у свет павыпраўляла, дай годзі.

 

 

 

59. КАЗЁЛ І БАРАН

 

Жылі сабе дзед да баба. І жылі яны прэжда харашо. Тады дальша-падальша беднасць у іх усялілася—сталі бяднець. Толькі астаўся ў іх казёл да баран. Вот раз ноччу, як ляглі яны спаць, сталі між сабой зюкаць. А казёл да баран пад лаўкай ляжаць: баран спіць, а казёл так ляжыць, не спаў яшчэ.

Дзед гаворыць:

— Баба, што ты думаеш? Пражыліся мы—нечым ужо ў нас капусты заталоч. Зарэжам-ка мы казла!

А казёл не спіць і гэта чуець. Вот, як заснулі старык з старухай, тады ён таўхануў барана пад бок:

— Што ты, брат, ведаеш? Нас ужо сабіраюцца рэзаць!

Узялі яны абое вакно выбілі да ў вакно і вылезлі і пайшлі ў ход удвох. Ішлі, ішлі, заходзяць у лес і гавораць:

— Давай мы тут абначлежымся!

Стаіць там пенушок возле іх, казёл на барана гаворыць:

— Сякі ты, брат, цяпло! Цяпелца разложым!

— Як жа я буду сеч цяпло?

— Не хадзіў ты, брат, яшчэ па дарогах! І агню не знаеш як сеч! Разганіся да лобам у пень! А я пайду ў дровы, прынясу макушку дроў!

Толькі што пайшоў у дровы казёл, страчаець яго воўк. Казёл на барана ўжо крычыць:

— Ай, брат, во ён воўк! Дзяржы там яго, я січас буду на дапамогу, мы яго паймаем!

Гэты воўк ад іх наўходала ўдарыў, пайшоў ад іх уцякаць.

Сабраліся казёл да баран ізноў у кучу.

— Нам, — гавораць, — некалі цяпло раскладаць тут: ён вернецца зноў назад!

І пайшлі з таго месца лесам. Прыходзяць — стаіць ель густая.

— Палезем, брат баран, сюды, на гэту ель!

— Брат, — гаворыць, — я не ўзлезу!

— Ідзём запанібрацця, дак я цябе не кіну, будзеш і ты на елцы!

Узлез, падсадзіў яго на першыя сучкі. Лёг ён пузам на сучча, не можа дзействаваць — ногі вісяць. А казёл папрыгаў на самую макушку.

А воўк той, як бег ад іх, і стрэў лісіцу.

— Маўчы, — кажа, — кумачка! Мяне сягоння хацелі ўбіць нейкіх два воіны!

— Што там за воіны? Пабяжым мы іх найдзем. Вядзі к таму месцу мяне!

— Ну, пойдзем сабе, я зваджу цябе на тое месца, дзе яны былі!

Прыйшлі яны на тое месца — іх ужо няма. Яны ўдарылі наўздагон ужо за імі: лісіца бяжыць уперадзе і нюхаець па слядах, а воўк за ёй бяжыць. Прыбягаюць яны к елцы к той. Лісіца на воўка і гаворыць:

— Пацярала, брат, сляды!..

Бегала-бегала вакруг елкі, усё шукала слядоў. Тады гаворыць:

— Стой, — гаворыць, — сядзем. Я ў карты паваражу!

Селі яны кружком каля елкі каля гэтай. Барану ж таму неўдасуг сядзець на том на суччу: цяперся ён сядзіць там! Дак ён ажно с... пусціў з сучча з таго да прама на карты на тыя. Тады лісіца кажа на воўка:

— Нагні, брат, галаву, а то дождж карты намочыць! Гэта баран потым вісеў, вісеў, ды тады шмяк!— на воўка на гэтага зваліўся, як яны сядзелі гэта варажылі. Казёл тады крычыць:

— Дзяржы варажбічку! Дзяржы варажбічку!

І воўк і лісіца скарэй уцякаць.

А баран з казлом пайшлі ўжо ў ход, куды хацелі.

І я там быў, мёд-віно піў, і ў роце не было, і па барадзе не цякло.

 

 

 

60. ЯК ПЕВЕНЬ З БАРАНОМ ВОЎКУ ХОЛАДУ НАГНАЛІ

 

Быў сабе вол, баран, гусь і пеўнік. Надыходзіла вол кажа:

— Ведаеце што? Зіма надыходзіць, холад будзе, мы хату.

Так тые на яго як напалі:

— Выдумаў чорт знае што, то стаў сам, калі такі У нас ёсць пер’е, у барана воўна, то і не памерзнем.

— Ну, як сабе, урэшце, хочаце, а я сваё зраблю.

Як тыя пайшлі, вол паставіў хатку, нанёс сена, саломы і ляжыць сабе, як пан.

Анно ж падышла зіма з марозам, так прыбягаюць да яго пеўнік, баранчык і гусь:

— Пусці нас, дзядзечку, у хатку, бойся бога, такі мароз, мы памерзнем.

А гусак падняў ножку і кажа:

— Бач, дзядзечку, якія ў мяне ножкі чырвоныя — зараз паадпадаюць.

— А вы, —кажа, —гультаі, не пушчу! Як хаткі, то няма каму паставіць, а як пагрэцца, то ёсць каму.

Але тыя як пачалі ляменціць, прасіцца:

— А мой дзядзечку, а мой ты такі, а мой ты сякі, а мой гэтакі, — так пашкадаваў і пусціў.

Так пеўнік зараз палез на печ грэцца, гусак, ходзячы па хаце, усё тупча, каб ногі разагрэць... баран лобам у сцяну лупіць — грэецца, а вол есці ім варыць.

Анно ж прыходзіць воўк, адчыняе ад хаткі дзверы, а баран гэта як вытне яму раз лобам, як не паправіць, гусак давай шчыпаць, вол рагамі, а певень на печы спалохаўся і ўсё крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку!

Так воўк і ўсеў! Як панясецца да сваіх, прыляцеў і кажа:

— А мае ж вы браткі, а мае саколікі, то ж у лесе кавалі хатку паставілі — паўнютка кавалёў! Я ўвайшоў, то адзін як даў мне молатам, другі віламі жалезнымі, а трэці давай шчыпцамі ціснуць, а адзін недзе з печы ўсё крычаў:

— Да падайце ж мне яго сюда!

Мала я не абамлеў. Маю я шчасце, што гэтак не было, бо каб, не дай божа, той з печы злез, чыста з мяне скуру здзёр бы.

 

61. БЫК, ПАРСЮК, КАЗЁЛ, ГУСАК І ПЯТУХ

 

Жыў сабе дзед із бабай і быў у іх адзін сын — Іванька. Вот баба памерла. А сын вырас і задумаў ён жаніцца і гаворыць:

— Тата, тата, жані мяне!

— Сынок, сынок, мяса няма!

— Тата, тата, бычка зарэж!

— Сынок, сынок, — пабег у лес!

— Тата, тата, жані мяне!

— Сынок, сынок, мяса няма!

— Тата, тата, парсючка забі!

— Сынок, сынок, — парсюк лыч задраў і ў лес убяжаў.

— Тата, тата, жані мяне!

— Сынок, сынок, мяса няма!

— Тата, тата, казла зарэж!

— Сынок, сынок, — казёл задраў хвост і ў лес уцёк.

— Тата, тата, жані мяне!

— Сынок, сынок, мяса няма!

— Тата, тата, гусачка зарэж!

— Сынок, сынок, — гусачок паляцеў у лясок.

— Тата, тата, жані мяне!

— Сынок, сынок, мяса няма!

— Тата, тата, петушка зарэж!

— Ну, цыц, сынок, пятух на курасадні сядзіць. Пайду зарэжу і спраўлю табе, сынок, вяселле! Толькі нада нож навастрыць.

Навастрыў дзед нож і палез петуха рэзаць. Пятух як увідзеў дзеда із нажом — спужаўся: падняўся на крыллях і ў лес паляцеў. Дзед і гаворыць сыну:

— Бяда, сынулька!

— Бяда, татулька! Што ж нам дзелаць, татулька?

— А што ж, сынулька: будзем узнова скацінку нажываць, будзем узнова дзевачак выглядаць!..

А бык, парсюк, казёл, гусак і пятух сабраліся ў кучу і пайшлі хадзіць па лесе, шукаць сабе яды. Хадзілі яны, хадзілі, настала ўжо восень, стала сцюдзёна. Вот бык і гаворыць:

— Будзем хату ставіць ды будзем запасацца к зіме ядой.

Парсюк гаворыць:

— Я не буду хату дзелаць: выкапаю я сабе ямку, нанашу туды моху, назапасаю яблык, жалудоў, дабра і буду там зімаваць.

— А ты, казёл?

— А я буду па лесе хадзіць, кару гладаць; а ноччу залезу ў дупло, мне і ладна будзець!..

— А ты, гусак?

— А ў мяне пер’е цёплае, я дзюбку ў яго схаваю і так перазімую.

— А ты, пятух?

— А мне места нямнога трэба, я й пад ялінай перазімую...

Вот і прыходзіцца аднаму быку строіць хату. Нечага дзелаць: нацягаў ён лесу, пасклаў іх як бы й хату, нацягаў чашчы, абклаў ёй хату і жывець сабе. Вот насталі лютыя маразы. Тады парсюк і гаворыць:

— Пайду-тка к быку прасіцца, каб пусціў перазімаваць.

Прыходзіць к быку:

— Бык, бык, пусці мяне ў хату!

— Не пушчу: ты ў мох закапаешся, табе і так цёпла!

— Ну, дык я вазьму паддзену лыч пад ніз і хату абярну, яшчэ й цябе задаўлю.

Спужаўся бык, хаця нехаця пусціў парсюка ў хату:

— Хадзі, удвух весялей будзець жыць!

На другі дзень прыходзіць казёл:

— Бык, бык, пусці мяне ў хату!

— Было і мне памагчы строіць хату, я б цябе і пусціў. А цяпер зімуй у дупле!

— Ну, калі ты мяне не пусціш жыць у хату, дык я разганюся, удару рагамі ў сцяну і праб’ю дзюрку, мароз зайдзець, вот і табе сцюдзёна будзець!

Нечага дзелаць быку, пусціў ён і казла ў хату:

— Тут і тром да места!

Вот прыходзіць гусак:

— Бык, бык, пусці мяне ў хату!

— Не пушчу, чаму не пасабіў строіць хаты!

— Ну, калі ты мяне не пусціш у хату, дык я дзюбкай выдзяўбу чашчу, выцягаю мох і будзець табе сцюдзёна.

Спужаўся бык, пусціў і гусака жыць у хату. Аж во падыходзіць і пятух:

— Бык, бык, пусці ў хату!

— А што, ці пад ялінай сцюдзёна? Хоць бы, нечага, прыйшоў уперад за ўсіх прасіцца! А цяпер нейдзе табе тут жыць!

Пятух узнова пачаў прасіцца:

— Бык, бык, пусці ў хату!

— Не пушчу!

— Ну, калі ж ты мяне не пусціш, узлячу я ноччу на хату, і ўвесь мох разграбу на столі: дух із хаты выйдзець, будзець і табе сцюдзёна!..

Спужаўся бык, пусціў і петуха. І сталі яны жыць у кучы ўпяцярых. Тады яны жывуць сабе да пажываюць. Аж во адзін раз прыходзіць мядзведзь:

— Хто тут жывець?

Яны гавораць:

— Бык, парсюк, казёл, ды гусак, ды пятух.

— Пусціце мяне ў сваю хату!

— Ды не, не пусцім!

Тады мядзведзь стукнуў у дзверы лапай і праламіў у дзвярах дзюрку. Вот казёл ускочыў на печ, парсюк падлез пад печ, гусак узляцеў на паліцу, пятух на курчаніну... Вот і прыходзіцца аднаму быку борацца з мядзведзем! Бык тады, нічога не гаворачы, як мядзведзь на парог — дык ён яго рагамі ды к сцяне і прыціснуў. Тут і казёл, саскочыўшы з печы, ды рагамі ў плечы! А парсюк з упуга мядзведзя за пуза! А гусак з паліцы — выскуб пабачніцы! А пятух ходзіць па курчаніне ды крычыць:

— Кудак-дак-дак! Кудак-дак-дак!

Чуць вырваўся ад іх мядзведзь. Сустракаець яго стада ваўкоў:

— Дзе ты, мядзведзь, быў?

— Ой, братцы, уцякайце скарэй у лес! Тут усялілісь нейкія людзі. Як увайшоў я к ім у хату, адзін стаіць ля парогу; як схопіць вілкі — прыціснуў мяне к сцяне, а ні павярнуцца! А другі схапіў тапор ды давай мяне па плячах абухом асаджваць! А трэці абцугамі чуць кішак мне не выпусціў; а чацвёрты напаліў шпэнтыль — усе бакі папракалываў! А пяты ходзіць па бэльцы ў краснай шапцы, ззаду крывая шабля ды крычыць: «Падайце яго сюды, падайце яго сюды!» Добра, што я ўцёк: не ведаю, што б ён са мной здзелаў, можа б і зарэзаў...

 

 

 

62. ГАЎРЫЛА I СЫН ЯГО ДАНІЛА

 

Жыў быў дзед Гаўрыла і быў у яго сын Даніла. Прыйшла пара жаніць сына. Вот і гаворыць Даніла:

— Жані мяне, бацька, а то я печ паб’ю!

— За што ж я цябе, сынку, жаніцьму?

— Прадай быка!

Бык, пачуўшы гэта, зароў дый уцёк у лес.

Сын узноў кажа:

— Жані мяне, бацька, а то я печ паб'ю!

— За што ж, сынку, жаніцьму?

— Прадай барана.

Баран забляяў дый пабег у лес. Сын кажа:

— Жані мяне, бацька, а то я печ паб'ю!

— За што ж, сынку, жаніцьму?

— Прадай кабана.

Кабан завішчэў дый махнуў у лес. Тады сын кажа:

— Прадай гусь і жані мяне, бацька.

Гусь загагатала і ў лес паляцела. Напаследак сын кажа:

— Прадай, бацька, хоць пеўня дый жані мяне!

Певень запеў дый у лес паляцеў.

Сабраліся ў лесе бык, баран, кабан, гусь і певень і саветуюцца між сабою, як зіму зімаваць. Бык і гаворыць таварышам:

— Зробім сабе хату, а то холадна будзе.

Баран адказвае:

— У мяне доўгая і густая воўна, дык мне цёпла будзе і без хаты.

Кабан кажа:

— А я ўрыюся ў зямлю, дык мне й цёпла будзе!

Гусь з пеўнем крычаць:

— Мы станем на адной назе, галаву пад крыло паложым, дык нам і цёпла будзе!

Бык адзін зрабіў сабе хатку дый жыве ў ёй памаленьку. Прыйшла зіма, стала холадна. Прыходзіць к быку кабан і просіцца пагрэцца. Бык яго не хацеў пусціць, але кабан стаў гразіць:

— Я тваю хату падрыю, дык і табе холадна будзе.

Бык спужаўся і пусціў к сабе кабана. Прыходзіць і баран і грозіць:

— Пусці, быча, мяне ў хату, а то я разганюся да як стукну ілбом у сцену, той хату разбуру!

Прыйшлося пусціць у хату і барана. Прыляцеў певень і грозіць раскапаць усю зямлю на хаце і пад хатай, калі яго не пусцяць пагрэцца. Пусцілі ў хату і пеўня. Прыляцела й гусь і грозіць, што павыдаўбае дзюбкай увесь мох у хаце, калі не пусцяць яе пагрэцца. Пусцілі ў хату і гусь.

Сабраліся ўсе яны ў хату, жывуць, весяляцца: бык раве, баран бляе, кабан рохае, гусь гагоча, а певень пяе.

Пачула гэта ліса, пабегла к мядзведзю і гаворыць яму:

— Паслухай, кум, тутака ля нас ёсць добрае паяданне!

Пайшлі яны ўмясцёх к хаце. Ліса адчыніла дзверы. Толькі мядзведзь усунуўся ў хату, як на яго накінуліся ўсе: бык коле рагамі, кабан ірве клыкамі, баран б’е ілбом, гусь шчыпле дзюбкай, а певень ускочыў на жэрдку дый крычыць ва ўсё горла: «Куда-куда-куда!»

Мядзведзь з лісой чуць уцяклі з хаты. Адбеглі яны трохі дый спораць. Мядзведзь кажа:

— Ну, кума, і падвяла ж ты мяне: троха бабы гэтыя не задушылі мяне ў хаце — адна коле вілкамі, другая ілбом стукае, трэцяя зубамі кусае, чацвёртая кіпцямі шчыпле, а пятая ўскочыла на жэрдку дый крычыць адтуль: «Падаць мне яго сюды-сюды-сюды!» Гэта баба, відна, хацела мяне павесіць пад столлю на жэрдцы. Болей усіх я спужаўся гэтай бабы!

А бык, баран, кабан, гусь і певень і цяперака жывуць у хатцы.

 

 

 

63. БЫК І ВАЎКІ

 

Насіў бык па гораду косы, прадаваў, каму нада. Тады на быка гавораць:

— Нашто табе косы?

А бык гаворыць:

— Буду касіць!

Пайшоў у двор, выкляпаў касу і пайшоў касіць. Косіць бык, ідзець к быку воўк. І гаворыць быку:

— Ты быска?

— Я быска!

— Сена косіш?

— Кашу!

— Рагамі круціш?

— Кручу!

— Хвастом мелеш?

— Мялю!

— Ці баішся ты мяне?

— Я вас дзесяцярых не баюся!

Воўк пайшоў іскаць другога воўка. Знайшоў воўка і гаворыць:

— Там косіць бык дужа крэпкі: аднаго мяне не баіцца! Пайшлі ўдваіх ваўкі к быку. Ідуць і гавораць:

— Ты быска?

— Я быска!

— Ты сена косіш?

— Кашу!

— Рагамі круціш?

— Кручу!

— Хвастом мелеш?

— Мялю!

— Ці баішся ты нас дваіх?

— Не баюся!

Пайшлі ваўкі іскаць трэцяга воўка. Знайшлі воўка і гавораць:

— Там косіць бык дужа крэпкі: нас дваіх не баіцца! Пайшлі ўтраіх ваўкі да быка. Ідуць і гавораць:

— Ты быска?

— Я быска!

— Ты сена косіш?

— Кашу!

— Рагамі круціш?

— Кручу!

— Хвастом мелеш?

— Мялю!

— Ці баішся ты нас траіх?

— Не баюся!

Пайшлі ваўкі іскаць чацвёртага воўка. Знайшлі воўка і гавораць:

— Там косіць бык дужа крэпкі: нас траіх не баіцца!

Пайшлі чацвёра ваўкоў к быку. Ідуць і гавораць:

— Ты быска?

— Я быска!

— Ты сена косіш?

— Кашу!

— Рагамі круціш?

— Кручу!

— Хвастом мелеш?

— Мялю!

— Ці баішся ты нас чацвярых?

— Не баюся!

Пайшлі ваўкі іскаць пятага воўка.

Знайшлі воўка і гавораць:

— Там косіць бык дужа крэпкі: нас чацвярых не баіцца! Пайшлі пяць ваўкоў к быку. Ідуць і гавораць:

— Ты быска?

— Я быска!

— Ты сена косіш?

— Кашу!

— Ты хвастом мелеш?

— Мялю!

— Ці баішся ты нас пяцярых?

— Не баюся!

Пайшлі ваўкі іскаць шостага.

Тады бык ужо струсіў і пайшоў у двор. Прыйшоў у двор, касу выкляпаў, а каня навучыў брыкаць, а казла навучыў таўхаць, а барана навучыў басці, а петуха навучыў драць. Тады ваўкі прыйшлі ўшасцярох, а быка няма.

Яны пайшлі к быку ў двор. Прыйшлі і гавораць:

— Ага, быска, струсіў!

— Не, я не струсіў, а я захацеў палуднаваць, дык і пайшоў у двор.

Тады яны за быка. А бык іх касой, а конь зачаў брыкаць, а казёл стаў таўхаць, а баран зачаў басці, а пятух зачаў драць, чуць іх не забілі, чуць тыя ваўкі ўцяклі.

 

64. НЕ СІЛАЮ, ТО СПОСАБАМ ЧАЛАВЕК УСЯМУ НА СВЕЦЕ ЗАРАДЗІЦЬ

 

Адзін чалавек ішоў да лесу, аж спатыкае мядзведзя, мядзведзь кажа:

— Будзем барукацца!

— Э, што мне, —кажа, —з табою барукацца! Паглядзі ўперад, ці дасі рады.

І гэта прывёў яго да пня, кліна ў пень убіў, крыху пень раскалоўся, тады кажа:

— Як ты гэтага пня раздзярэш, то будзеш мог са мною барукацца.

Мядзведзь пазуры засадзіў туды, ён барзджэй кліна выбіў, так мядзведзю і сціснула лапы. Так ён і пакінуў мядзведзя каля таго пня равучы.

 

 

 

65. ЧАЛАВЕЧЫ РОЗУМ

 

Сабраліся сабе воўк, дзік і мядзведзь і гавораць:

— У нас ёсць усё, толькі чалавечага розуму брак. Трэба паслаць ваўка, штобы ён пайшоў і запытаўся чалавечага розуму патаму як людзі часта яго відзяць і не баяцца.

Як сказалі, так і зрабілі. Паслалі ваўка ў сяло за чалавечым розумам. Воўк прыходзіць да гаспадара дахаты і гаворыць:

— Вот у нас ёсць усё, толькі няма чалавечага розуму. Будзь так ласкаў, прадай нам чалавечага розуму.

А тады гаспадар еў каўбасу. Воўк панюхаў кала яго, што каўбасою пахнула. Гаспадар кажа:

— Добра, прадам розуму. Толькі як ты панясеш яго?— і паказвае яму на камень, каторы ляжаў на жорнах і ў каторым была дзірка.

Воўк кажа:

— Ніц-то, ты вазьмі вяровачку і прывяжы мне гэты камень да шыі, і я так панясу, а ты за мною пойдзеш у лес, і мы табе там заплацім!

Мужык узяў вяроўку, заткнуў за пазуху тапор і пайшоў за ваўком. Па дарозе трэба было ім ісці цераз браўно, перакінутае праз раку. Воўк узышоў на гэта браўно, яно пахілілася на бок, воўк упаў на адзін бок браўна, а камень на другі, і павесіўся. Чалавек падзівіўся, дастаў сякеру і забіў ваўка. Сам жа пайшоў у лес да яго таварышаў, сеў на пянёк і есць каўбасу. Мядзведзь панюхаў і гаворыць:

— Дай мне кусочак!

Чалавек даў яму. Мядзведзь з’еў і просіць яшчэ кусочак. Гаспадар не хоча даць яму. Мядзведзь пытае:

— З чаго ты робіш каўбасы?

Ён гаворыць:

— З дзіка.

Мядзведзь пытае:

— Зрабіў бы ты з яго?

Чалавек кажа:

— Да праўды, зрабіў бы!

Мядзведзь узяў кала, падышоў ззаду, ударыў дзіка і забіў яго. І чалавек стаў разбіраць яго. А мядзведзь бегае то з адной стараны, то з другой і ўсё нюхае. Тады гаворыць яму чалавек:

— Ступай, надзяры сабе лыкі і прывяжы ёю сябе да сасны, пакуль зраблю я каўбасы!

Мядзведзь надраў сабе лыкі, прывязаў ёю сябе да асіны. Чалавек прыйшоў, украпіў яго і спрашвае:

— Павараціся, не разарвеш?

Мядзведзь павярнуўся — ніяк не можа. Тады чалавек узяў сякеру і забіў мядзведзя. Потым пайшоў дахаты і ўзяў запрог валы, і прыехаў, і забраў мядзведзя, воўка і дзіка, і павёз дадому.

 

 

 

66. МУЖЫК, ВОЎК І ЛІСА

 

Быў сабе гаспадар і пайшоў гараць. Гарэ ён, дак гарэ, аж прыходзіць воўк.

— Чаго ты прыйшоў, воўча?— кажа гаспадар.

— Прыйшоў твае валы з'есці, — кажа воўк.

— Мой ты добранькі, мой ты галубок, пачакай хаця, пакуль я дагару, а пасля сабе з'ясі.

— Добра, — кажа воўк і пайшоў пад воз і там лёг.

Чалавек той гарэ і плача, аж прыходзіць ліска.

— Чаго ты плачаш, чалавеча?— кажа яму ліска.

— Я плачу таго, што прыйшоў да мяне воўк і хоча валы з'есці.

— Ну, калі дасі мне мех курэй, то праганю воўка.

— Добра, — кажа гаспадар.

Ліска пабегла на гару і крычыць:

— Тру-ру-ру-ру! Малады князь палюе. Што ў цябе, чалавеча, пад возам ляжыць?

Чалавек адказвае:

— Калода, пане, калода!

— Каб калода была, то на возе ляжала бы.

Воўк як пачуў, як зачне прасіць чалавека, каб узлажыў яго на воз. Чалавек узлажыў воўка на воз і зачаў гараць. І зноў тая ліска пабегла на другую гару і зноў крычыць:

— Тру-ру-ру-ру! Малады князь палюе! Што ў цябе, чалавеча, на возе ляжыць?

— Калода, пане, — адказаў мужык.

— Каб калода была, то ўвязана была бы.

Воўк зноў папрасіў чалавека, каб увязаў; і той чалавек, узяўшы вяроўку, так увязаў воўка, што ён пакруціцца не змог.

Лісіца зноў пабегла на трэцюю гару і таксама крычыць:

— Тру-ру-ру-ру! Малады князь палюе! Што ў цябе, чалавеча, на возе ляжыць?

Мужык таксама адказвае:

— Калода, пане!

— Каб калода была, то сякера ўрублена ў ёй была бы.

Воўк, пачуўшы гэтыя словы, зачаў прасіць чалавека, каб дзе сякеру прычапіў, каб яна стырчала. Чалавек, узняўшы сякеру, прыйшоў да воза дый як рубне ў галаву воўка, дак яго і забіў насмерць.

А лісіца, убачыўшы гэта, прыбегла да таго мужыка і кажа:

— Я цябе абараніла ад воўка, прынясі ж мне мех курэй.

— Добра!— кажа чалавек ды, узяўшы таго забітага воўка, пайшоў дадому. Зняўшы скуру з воўка, улажыў у мяшок заместа курэй двух сабак Серку і Берку і пайшоў у поле да ліскі, дзе яна яго чакала. Прыйшоўшы туды, ён палажыў мяшок на зямлю і кажа да ліскі:

— Ты раскарачся добра, каб магла палавіць усе куры, а я іх выпушчу.

Ліска раскарачылася, як той чалавек казаў, і чакае, пакуль ён выпусціць куры. А чалавек, развязаўшы мяшок, як выпусціць сабак, а тыя сабакі як зачнуць рваць ліску.

Ліска ледзве вырабілася ад сабак і прыбегла да нары і пытаецца ў сваіх вачэй:

— Што вы думалі, як мяне рвалі сабакі?

— Мы думалі, — кажуць вочы, — каб як прэндзай уцячы да норкі.

— А вы, лапкі?

— І мы тое самае думалі.

— А ты, хвасцішча-дурнішча, што думаў?

— Я думаў, каб як найпрэндзай цябе злавілі і задушылі.

— Ах ты, хвасцішча! Аддам цябе сабакам!

Дый вылезла з норкі:

— На, — кажа, — Серка, Берка! На хвост!

Тыя сабакі парвалі ліскін хвост дый адарвалі. Ліска ўжо са злосці да мужыка лаіць — нашто ашукаў.

Бяжыць яна, дак бачыць: аж штось гудзе. Падбягае, аж дзюравы збан з ветрам.

— Ах ты, шэльма, пане збане! І ты страшыш!—кажа лісіца дый узяла зачапіла почапачку на шыю дый панесла тапіць. Прыходзіць да ракі, усадзіла збан дый топіць. У той збан як налілося вады, дак той збан зачаў тапіцца і павалок за сабою ліску.

А той мужык гэта ўсё бачыў: пайшоў да ракі, выцягнуў ліску, абдзёр скуру дый прадаў.

 

 

 

67. МУЖЫК, МЯДЗВЕДЗЬ І ЛІСА

 

Араў на полі мужык валом, і вол гэты быў дужа тупы. Тады мужык усердзіўся на вала і кажа:

— Гнедзь! Калі б цябе задраў мядзведзь!

Аж з лесу і валіць мядзведзь і хоча драць вала. Мужык тады кажа:

— Дай даараць мяжу! А ты ідзі ды тамацькі за мяжой паляжы!

Мядзведзь пайшоў і лёг. Толькі ён лёг, аж бяжыць з лесу лісіца дый крычыць:

— Мужык, мужык! Ці не відзеў ты ваўкоў-медзвядзёў — паны ехалі, пыталіся?..

Мужык кажа:

— Не, не відзеў!

— А што гэта там за мяжой ляжыць?

Мужык кажа:

— Калода на лучыну!

Каб гэта калода на лучыну была, дык яна б пад возам ляжала!

Тады сама і пабегла ў лес. Вот мядзведзь і кажа мужыку:

— Падцягні мяне пад калёсы!

Мужык узяў ды падцягнуў, а сам пайшоў араць. Тады лісіца ізноў бяжыць і крычыць:

— Мужык, мужык! Ці не відзеў ты ваўкоў-медзвядзёў — паны ехалі, пыталіся?..

Мужык кажа:

— Не, не відзеў!

— А што гэта ў цябе пад вазом ляжыць?

— Гэта калода на лучыну, — кажа мужык.

— Каб гэта была калода на лучыну, дык бы яна была ўціснута на вазу!

А сама і пабегла ў лес. Мядзведзь і гаворыць мужыку:

— Уцісні мяне вяроўкай на вазу!

Мужык узлажыў яго на воз і ўціснуў вяроўкай. А сам пайшоў араць. Тады лісіца ізноў бяжыць:

— Мужык, мужык! Ці не відзеў ты ваўкоў-медзвядзёў — паны ехалі, пыталіся?..

— Не, не відзеў!

— А што ж гэта ў цябе на вазу ляжыць?

— Калода на лучыну!

— Калі б гэта была калода на лучыну, дык яна б была завертай заверчана!

Ды сама і пабегла. Мядзведзь кажа мужыку:

— Завярці мяне завертай!

Мужык яго і завярцеў, ды так, што мядзведзю неяк і дыхаць. Тады лісіца ізноў бяжыць:

— Мужык, мужык! Ці не відзеў ваўкоў-медзвядзёў — паны ехалі, пыталіся?..

Мужык кажа:

— Не, не відзеў!

— А што гэта ў цябе на вазу ляжыць?

— Калода на лучыну, — кажа мужык.

— Каб гэта была калода на лучыну, дык бы ў ёй тапор быў ушчэмлен!

Ды і сама пабегла ў лес. Тады мядзведзь кажа мужыку:

— Ушчамі ў мяне тапор!

Мужык узяў тапор ды з усяго размаху і ўшчаміў яго ў мядзведзя і засек! Тады лісіца прыбегла і кажа:

— Ну, цяпер жа дай мне гасцінца, я цябе ад мядзведзя адратавала!

— Добра, — кажа мужык, — дам гасцінца! Падажджы тут трошкі!

Пайшоў у двор, узяў два сабакі — Шарка і Бялка, пасадзіў іх у лубку, прыкрыў дзяружкай і панёс. Данёс да лісіцы:

— На табе курэй!

Лісіца кажа:

— Давай! Пушчай па адной: я палаўлю!

Тады мужык адкрыў дзяружку, сабакі выскачылі з лубкі ды за лісой. Яна ўцякаць ды ў нару. Прыбегла і хакаець — замарылася. Тады яна стала пытаць:

— Вы, вочы, што дзелалі, як ад сабак уцякала?

— Глядзелі!

— А вы, вушы?

— Мы слухалі!

— А вы, ногі, што дзелалі?

— Беглі!

— А ты, хвасцішча-дурнішча, што дзедаў?

— А я ўсё то за пень, то за калоду цапаўся, каб скарэй лісу сабакі ўлавілі.

— Ах ты, плут! Я ж цябе за гэта аддам сабакам! Вытыркнула хвост з нары ды кажа:

— Шарко, Бялко, наце хвост!

А сабакі цап за хвост ды лісу і выцягнулі з нары.

 

 

 

68. ЯК ЛІСКА ЧАЛАВЕКА АД СМЕРЦІ ЗБАВІЛА

 

Аднаго разу гараў сабе чалавек пад лесам, анож выходзіць да яго мядзведзь і кажа:

— Чалавеча, я цябе з’ем!

— А мой сякі, а мой такі, гэтакі!—кажа, — пажджы крышачку, няхай гоны згару.

Так мядзведзь палажыўся на яго возе і жджэ. Анож той чалавек абачыў у лесе ліску, так нібыта на сваю патрэбу пайшоў у кусты. Падышоў да яе і просіцца:

— А мая ж лісачка, выбаў ты мяне ад смерці.

Так ліска кажа:

— Добра, выбаўлю, але дай мне двое беленькіх курэй.

Так чалавек узрадаваўся і кажа:

— Добра.

Гарэ ён, гарэ, мядзведзь ляжыць, анож з лесу выбягае ліска: падбегла да чалавека, пакруцілася каля сахі дый назад у лес. А мядзведзя цікавасць узяла, так падышоў і пытаецца ў чалавека:

— Што яна табе гаварыла?

— От, — кажа, — гаварыла, каб я цябе не абверчваў у вяроўкі, бо хутчэй гоны скончыліся б.

Так мядзведзь кажа:

— Чалавечку, увярці мяне.

Чалавек не хацеў нібыта, але як мядзведзь рыкнуў, так мусіў увязаць. Гарэ ён, гарэ, а ліска тым часам пабегла дахаты, усадзіла голаў у рошчыну і ніўбаўкі прыбягае, аблізваючыся. Так мядзведзь кажа:

— Чалавечку, а што гэта яна есць?

— Яна, — кажа, — сякераю сама сабе дала па галаве, так мазгі выйшлі, і яна есць.

Так мядзведзь кажа:

— Дай жа ж ты мне сякераю па галаве, бо мне надта есці хочацца.

Чалавек гэтага і ждаў і як трахне мядзведзя па лобе, так мядзведзь ані страпянуўся. Тады чалавек, нядоўга ждучы, сабраўся і паехаў дахаты. Прыехаў, анож зараз за ім прыбегла ліска дый кажа:

— Ну, дай жа ж мне цяпер беленькіх курэй.

Так чалавек знайшоў недзе двое беленькіх шчанючкоў, завязаў у мяшок і даў ёй. Ліска нясе, так нясе, анож захацелася ёй есці. Як анно развязала мяшок, так шчанючкі за ёю: гам, гам! Так яна ў ногі дый убегла ў норачку і схавалася. Убегла, легла, высапалася крышку, а пасля давай пытацца ў сваіх вачэй:

— Вы, — кажа, — што рабілі?

— Мы, —кажуць, —усё паглядалі, каб як хутчэй уцячы.

— А вы, вушы, што рабілі?

— Мы, — кажуць, — стрыглі, каб як хутчэй уцячы.

— А ты, хвасце, што рабіў?

— Я усё, — кажа, — ззаду цягнуўся, каб як ухапілі.

Так ліска кажа:

— Ну, калі так, то наце вы яго!— і выставіла хваста шчанючкам, а яны гэта за хвост дый яе з норкі выцягнулі, загрызлі, пасля елі, елі, аж з’елі і аблізаліся.

 

 

 

69. ЯК ЛІСКА ЧАЛАВЕКУ Ў ПОМАЧЫ СТАЛА

 

Быў сабе дзед і баба, мелі яны адну дачку, так дзед раз пасеяў пшаніцу і, як яна даспела, да дачкі кажа:

— Ідзі, дачушка, зажні.

Пайшла яна: ажно ў пшаніцы сядзіць воўк і кажа:

— Ці не дзеўка гэта ідзе? З’ем, заем, завалаку на бабішча, печышча, на дзедава седзішча, за ліпавы куст!

Так яна ў ногі, прыбегла дахаты дай давай плакаць.

— А што, — дзед кажа, — зжала пшаніцу?

— Не, — кажа, — нешта ў пшаніцы сядзіць і не пускае.

Так дзед зазлаваў і забіў дзеўку, а на другі дзень паслаў бабу. Прыйшла баба, ажно воўк з пшаніцы кажа:

— Ці не баба гэта ідзе? З’ем, заем, завалаку на бабішча, печышча, на дзедава седзішча, за ліпавы куст!

Так яна ўцякла дахаты і давай плакаць, а дзед кажа:

— А што? Зжала пшаніцу?

А яна:

— Не, не зжала, бо нешта ў пшаніцы сядзіць і не пускае.

Так ён, нядоўга думаўшы, узяў і забіў бабу. На трэці дзень паехаў сам, а воўк з пшаніцы кажа:

— Ці не дзед гэта ідзе? З’ем, заем, завалаку на бабішча, печышча, на дзедава седзішча, за ліпавы куст!

Так ён сеў на возе і плача, ажно прыбягае ліска і кажа:

— Чаго ты, дзедку, плачаш?

— Калі нешта, — кажа, — у пшаніцы сядзіць і не пускае жаць.

Так ліска кажа:

— Дасі мне поўны кашэль курэй, то табе яго выжану.

— Добра, — кажа, — дам.

Так ліска давай яго вучыць, як адказваць, а пасля стала бегаць каля пшаніцы і трубіць:

— Тру, тру! Ці не бачылі ваўкоў, лісоў тут?

А дзед кажа:

— Не, паночку, не бачылі!

— А што гэта, — кажа ліска, — у пшаніцы ляжыць?

— Дзяртужына, паночку, дзяртужына.

— Калі дзяртужына, то павінна пад возам ляжаць!

Так воўк узяў дай падкаціўся пад воз, а ліска ўсё-такі бегае і трубіць:

— Тру, тру! Ці не бачылі ваўкоў, лісоў тут?

— Не, паночку, не бачылі.

— А што ж гэта пад возам ляжыць?

— Дзяртужына, паночку, дзяртужына.

— Калі дзяртужына, — кажа ліска, — то павінна на возе ляжаць.

Так воўк, пачуўшы, шэпча:

— Дзедку, дзедку, уссадзі мяне на воз.

Так ён гэта уссадзіў, а ліска зноў пачала бегаць каля пшаніцы і трубіць:

— Тру, тру! Ці не бачылі ваўкоў, лісоў тут?

— Не, —кажа дзед, —не бачылі.

— А што гэта на возе ляжыць?

— Дзяртужына, паночку, дзяртужына.

— Калі дзяртужына, то павінна сякера ў ёй сядзець.

Так воўк шэпча:

— Дзедку, дзедку, усадзі ў мяне сякеру.

Так ён, нядоўга думаючы, як гопнуў, так і забіў воўка. Так ліска зараз гэта падбегла і кажа:

— Ну, дзедку, дай жа мне цяпер кашэль курэй.

Так ён узяў сабак у кашэль, усадзіў, увярцеў у анучы і кажа:

— Анно ты не разверчвай, аж там дзе будзеш есці.

Так гэта ліска, мах, мах хвосцікам, уцешылася, падзякувала і панесла сабак. Прынесла ў лес, развярцела, а сабакі на яе, так яна шык! у норку і ўцякла. Села сабе ў норцы і давай падрачувацца з сабакамі, што раз выткне хвасток і кажа:

— Серы, бяры на хвосцік!— а як сабакі гамкнуць, так яна шык! і схаваецца; ажно як высадзіла цэлага, так сабакі гамкнулі, за хвост выцягнулі і з’елі.

Мая басня да канца і па чарачцы вінца, па ложачцы воцту, на дзеўкі каросты: каб такая груба, як карэнне дуба, не сякераю сцяці, не пілою ўпілаваці.

 

 

 

70. МУЖЫК, МЯДЗВЕДЗЬ І ЛІСА

 

Жыў сабе дзед із бабай. І была ў іх адна рада. Дзед кажа бабе:

— Хадзем, баба, капаць ляда!

А баба кажа:

— Я нездарова, у мяне баліць галава!

Дзед узяў да і пайшоў адзін і давай капаць ляда. Трошкі пакапаў — ідзець мядзведзь і пытаецца:

— Дзед, што ты дзелаеш?

— Ляда капаю.

— А што ты будзеш сеяць?

— Проса.

— Давай, дзед, з табой капаць.

— Давай.

Дзед лёг пад кусцік, а мядзведзь і давай капаць ляда. Ускапаў мядзведзь ляда. Дзед устаў, пасеяў проса. І парасло проса харошае. Прыехаў ужо дзед жаць проса. Ідзець мядзведзь:

— Будзем, дзед, дзяліць проса!

— А будзем, Мішка! Што ж ты сабе, Мішка, возьмеш?

Мішка яму і кажа:

— Вазьму сабе камлі, а табе, дзед, вяршкі.

Дзед намалаціў кашы, а мядзведзь наварыў карэння і пазваў к сабе дзеда:

— Дзед, хадзі паспытай майго карэння.

Дзед прыйшоў і палядзеў на яго карэнне:

— Эй, Мішка, тваё карэнне нехарошае, хадзі ка мне, паспытай мае кашы!

Мішка прыйшоў і паспытаў дзедавай кашы.

— Ну, дзед, так! Твая каша смашная. Дык ты, дзед, мяне падманіў.

На другі год пасеяў дзед рэпы на мішкавым лядзе. Прыходзя мядзведзь:

— Дзед, што ты пасеяў?

— Рэпы.

Парасла рэпа добрая.

— Ну, Мішка, што будзеш браць?

А Мішка атвячае:

— Няхай табе, дзед, будуць ужо камлюшкі, а мне вярхушкі.

— Ну, Міша, дык скручай вярхушкі.

Мядзведзь узяў, вярхушкі паатрываў, а дзед рэпы накапаў. Калі дзед наварыў рэпы, і пазваў мядзведзя:

— Мішка, пакушай-ка мае рэпы.

Міша рэпы паспытаў, што смашна. Тады завець к сабе дзеда. Прывёў дзеда, дзед і не хоча й есці гэтыя лісця.

— Ну, што ж ты, дзед, не ясі?

— А, Мішка, не смашна твая рэпа.

— Дак я ведаю, дзед, ты хітры: мяне ўжо два разы падманіў. Цяпер я цябе ўб’ю.

А дзед просіцца ў яго:

— Дай жа мне хоць рэпу перавезці дамоў.

Мядзведзь кажа:

— Ну, ступай!

Дзед узяў і пайшоў. Ідзець і галаву павесіў. Бяжыць лісічка наўстрэчу к яму і пытаецца:

— Што ты, дзед, скучан?

— Ай, маўчы, лісіца: сеялі мы з мядзведзем рэпу, дык я яго падманіў. Дык ён мяне хоча і ўбіць.

— Цыць, дзед: я цябе паратую. Калі будзеш ты ехаць з канём, то даедзеш да гэтага места і гукні мяне!

Дзед запрог дома каня, узяў з сабой тапор і вужкі і паехаў. Прыязджае да таго места, дзе стаяла лісічка.

— Ну, лісіца-сястрыца, хадзі ка мне, раскажы, што мне дзелаць.

Лісічка прыбегла і кажа дзеду:

— Як будзеш ты ехаць і выйдзе к табе мядзведзь, і ты скажы яму: ну што? Ты хочаш мяне ўбіць! Дык лажыся на калёсы, я цябе павязу дамоў у госці! І тады як даедзеш да гэтага места, гукні мяне. І я буду сядзець за кустом і папытаюся: чалавеча, чалавеча, што ты вязеш? А скажы, што пня. Я скажу: калі пень, дык будзе ўвязан. Дык ты вазьмі дый ўвяжы вужкамі. Яшчэ ж: калі пень, дык і тапор будзе тырчаць. Мядзведзь табе скажа: утыркні тапор! Дык ты не торкай у бок, а сячы прама ў пуза!

Тое, што лісічка гаварыла, усё тое дзед споўніў: зарубіў мядзведзя. Падбягае к яму лісічка:

— Ну, што, дзед, засек мядзведзя?

— Засек, спасіба табе!

— Што ж ты мне дасі за гэта?

— Я ж не ведаю, лісічка, што табе даць.

— Прывязі ты мне кораб курэй от на такую-та палянку! Дзед прыехаў дамоў.

— Ну, баба, — кажа, — мядзведзя я засек!

— Як жа ты яго засек?

— А мяне наўчыла лісіца, як дзелаць. Цяпер, баба, пашыю табе шубу цёплую, а мяса паядзім.

І звалілі мядзведзя з калёс.

— Ну, баба, няхай жа мядзведзь паляжыць.

Узяў кораб, паставіў на калёсы і ўсадзіў туды двох сабак. Баба пытаецца ў яго:

— Што гэта ты, дзед, дзелаеш?

— Маўчы, баба, лісіца прасіла курэй. Я вот павязу двох сабак, дык паймаю і лісіцу!

— Ну, дзед, калі паймаеш лісіцу, тады я цябе пацалую!

— Ну, баба, некалі мне з табой гаварыць, паеду ўжо. Прыязджае на палянку і гукае:

— Лісіца-сястрыца, хадзі сюды! Прывёз табе кораб курэй. Лісічка прыбегла і стала пасярод паляны. Дзед кажа ёй:

— Чаго ж ты там стала?

— А пускай, — кажа, — курэй, дык я буду і лавіць.

— Не, ты хадзі к самым калёсам, дык я табе буду пускаць па 'дной.

— Не, дзед, баюсь, каб ты мяне не падманіў.

— А не бойся.

Падышла лісіца к калёсам. Дзед падняў кораб, выскачылі два сабакі і пабеглі за лісіцай, ды так прыжалі, што насілу лісіца ўцякла ў нару. Сабакі асталісь каля нары. Яна ў нары і гавора:

— Вочкі, што вы бачылі?

— А мы глядзелі, каб хутчэй уцекці ў нару.

— А вы, вушкі, што чулі?

— А мы слухалі, ці далёка сабакі асталіся, каб хутчэй у нару ўцекці.

— А вы, ножкі, што дзелалі?

— А мы вельмі хутка беглі, каб уцекці ў нару.

— Ну, а ты, хвасцішча-дурнішча, што ты дзелаў?

— А я то за пень, то за калоду, каб скарэй сабакі парвалі.

— Ну, хвасцішча, аддам жа сабакам. Сабакі, наце хвост!

І ўзяла і высадзіла з нары. Сабакі ўзялі за хвост, задушылі і пацяглі к самому дзеду і лісіцу. Дзед усклаў лісіцу на калёсы і павёз дамоў. Калі прыехаў дамоў, то крыкнуў:

— Эй, баба, выйдзі сюды! Палядзі-тка, вязу лісіцу. Пашыю табе цёплыя чаравікі!

Баба ўзяла дзеда пацалавала тры разы. Узялі і аблупілі лісіцу, шкурку павесілі сушыць, а мяса выкінулі за плот.

— Ну, баба, давай жа лупіць мядзведзя. Узялі аблупілі мядзведзя, шкуру аддалі ў выдзелку, а мяса парубілі і на бед наварылі. Пазвалі і мяне туды, і я паспрабаваў мядзведжага мяса, што вельмі смашна. Я прынёс цэлую кварту гарэлкі. Выпілі мы дый разышліся.

 

 

 

71. ЯК ЛІС ВЫРАТАВАЎ ЧАЛАВЕКА АД ВУЖА

 

Ішоў сабе чалавек дарогаю, углядаецца, аж вуж пад каменем завалены, толькі галава на вярху круціцца і не можа вылезці. Як забачыў чалавека, так кажа:

— Выратуй мяне, чалавечку, згэтуль!

Чалавек злітаваўся над ім, падсадзіў кала пад камень, падважыў, і вуж вылез. Ідзе чалавек далей дарогаю, чуе, штосьцісь зімно на шыі, мацнуў — аж то вуж, акруціўшыся кругом шыі! Пытае яго:

— А гэта што?

— А я табе заплачу так, як дзісей свет плаціць: ты мяне выратаваў, а я цябе задушу.

— Пастой, братка, не душы, можа нас хто рассудзіць?

— Добра.

Ідуць дарогаю, спатыкаюць страшнага, асмуленага, худога і старога каня.

— Стой, конь! Рассудзі нам гэту справу.

Конь пытае:

— А што такое?

— Так і так.

Конь кажа:

— Душы, няма праўды на свеце, бо і мне так зрабілі: пакуль я быў малады, моцны, мог ім добра ўслужыць, датуль мяне мылі, часалі і аброк давалі, а як я да нічога, то і выгналі вон.

— Стой!—кажа чалавек, — не душы, ён пакрыўджаны, то не па праўдзе судзіць — пойдзем далей.

Ідуць далей, спатыкаюць сабаку старога, калтунаватага, худога і галоднага.

— Асудзі нам гэту справу.

— А што такое?

— Так і так.

— Душы, — кажа, — і мне так зрабілі! Пакуль быў малады, старажаваў, пільнаваў хаты, коні, цэлага дамоўства, то мяне кармілі і даглядалі, а цераз, як пастарэў, не магу, то і вон прагналі.

— Стой!— кажа чалавек, — не душы, бо і ён пакрыўджаны, няхай нас трэці асудзіць.

Ідуць далей, напатыкаюць ліса:

— Ну, ліс, асудзі нам гэту справу.

— А што такое?

— Так і так.

— Добра!— кажа ліс, — але не магу судзіць не відзеўшы: ідзі назад, пакажы, як ты быў пад каменем і як цябе выратаваў чалавек, тады-то асуджу вас!

Вярнуліся назад, аж да таго каменя, тады кажа ліс:

— Падваж ты, чалавечку, гэты камень, а ты, вуж, улезь, забачу, як ты сядзеў.

Вуж улез пад камень, а ліс маргае на чалавека:

— Пушчай!—шэпча, і зноў вужа прывалілі каменем. Тады кажа ліс:

— Ідзем, братка, згэтуль.

Адышлі трохі:

— А што мне, — кажа ліс, — за гэта будзе, што я цябе ад смерці выратаваў? Дасі мне штодзень адну курыцу за тое?

Так чалавек кажа:

— Дам, — і пайшоў дадому.

Назаўтра прыходзіць ліс — даў яму курыцу чалавек, і на другі, і на трэці тое самае. Потым жонка кажа:

— Дурань ты! Будзеш даваць штодзень курыцу — вазьмі стрэльбу, забі ліса, то будзе каўнер або тры рублі і пазбудзешся бяды.

Чалавек так і зрабіў. От як-то на свеце за дабро злым плацяць.

 

 

 

72. ЦМОК

 

Паехаў чалавек у лес па дровы. Чуе — нехта ў лесе надта жалабна крычыць, ён туды; зайшоў у самы гушчар, бача: аж гэта цмок крычыць: яго прыдавіла скалой і толькі тырчыць вонках страшная ляпа з зубамі і лапы з кіпцюрамі. Цмок як угледзеў чалавека, моліцца, просіцца:

— Ратуй! Што хочаш дам за тое!

Чалавек січас узяў кол, падвярнуў скалу, цмок вылез і кажа:

— Ну, брат! Цяперашнім светам усюды за дабро злом плацяць, дык і мне трэба, чалавеча, за тваю добрасць з’есці цябе!— і ўжо разінуў ляпу, каб палкнуць яго.

Чалавек спужаўся, зняў шапку і просіць:

— Паночак! Такі-сякі, змілуйся, не еш мяне! Гэта няпраўда, што кажаш: усе за дабро злом аддаюць.

— Як няпраўда?—кажа цмок.—Ну, хадзі ж, пойдзем! У першага сустрэчнага запытаем — усякі скажа.

Ну і пайшлі. Ідуць, ідуць, бачаць — ідзе па дарозе на кавілах стары салдат. Яны яму расказалі ўсё як было. Салдат кажа:

— Цмокава праўда! Я трыццаць гадоў служыў, на войнах усякіх быў, скалечан зусім, а во іду дамоў, жабруючы!

Тады цмок зноў разінуў ляпу, хацеў з’есці чалавека, той адпрасіўся: няхай яшчэ хто пасудзіць іх. Прайшлі далей, відзяць: нейкі стары храмы конь есць верас. Яны яму сказалі аб сваё дзела — і конь сказаў, што цмокава праўда.

— Я, — кажа, — перш вунака які быў; рыцары на мне па войнах ездзілі, з агню, з вады іх выносіў, а цяпер, як застарэў і прыці той нямашака, дык мяне прадалі і ваду на мне возяць і во які корм даюць, знача, няма праўды: за дабро злом плацяць.

Ну, што тут рабіць? Плача чалавек, бядуе, але цмок кажа яму:

— Ну, няхай сабе і яшчэ трэці пасудзіць!— і пайшлі далей. Аж спатыкаюць бяжыць сабака аблезлая і тая кажа, што цмок праўду гавора.

— Я, — кажа, — у дварэ ў пана ўсю жысць верна і шчыра брахала, двор абараняла, злодзеяў не пускала, а цяпер, як стара стала і падурнела, мяне і выгналі вон. Цяпер во іду па дарозе галодная, можа, які добры воўк здарыцца, пажалее дый з’есць, хоць не буду больш мэнчыцца.

Пасля гэтага чалавек яшчэ ў паследні раз адпрасіўся ў цмока і пайшлі. Аж зараз бяжыць, віляючы хвастом, лісіца, добрая маладзіца. Яны расказалі ёй сваё дзела і просяць рассудзіць іх па справядлівасці. Лісіца цішком шапнула чалавеку на вуха:

— Калі будзеш штодзень па курыцы даваць мне, дык па табе пасуджу.

Ну, той шапнуў:

— Добра, буду!

— Добра!—лісіца ім сказала.—Я рассуджу вас па справядлівасці, як следываіць, толькі мне перш трэба паглядзець месца, дзе было тое прайшэства.

Прыйшлі туды. Лісіца сказала чалавеку:

— А ну, як ты падварачваў скалу? Пакажы!

Той падвярнуў калом скалу.

— А ну, цмок, пакажы, як ты там сядзеў?

Цмок улез у дзірку. Тагды лісіца маргнула чалавеку — апусціць кол. Ну, звесна, скала і прыдавіла цмока так, што ён і павярнуцца не мог; стаў ізноў прасіцца аслабаніць яго. Чалавек было з жаласці ізноў хацеў яго выратаваць, але лісіца не дапусціла гэтага і сама доўга ўсё яшчэ дражнілася з цмокам. Вярнуўшыся дамоў, чалавек кажный вечар даваў усё лісіцы па курыцы, і, можа, прайшло так з нядзелю ці болі. Бабы населіся на чалавека:

— Што ты? Здурнеў, — кажа, — ці што? Усе куры павыцягваеш.

Тады чалавек, як прыйшла лісіца, дык ён заместа курыцы, як свісне ёй па галаве, тая і ногі выцягнула, прагаварыла толькі:

— Во як за дабро мне заплацілі!

Знаю байку аб лася — вот і байка ўся.

 

 

 

73. АБ ЛІСІЦЫ, ЯК ЧАЛАВЕКА АД ВОЎЧЫХ ЗУБОЎ ВЫРАТАВАЛА

 

Адзін чалавек пайшоў у лес з мехам па карчы, ажно бачыць паляўнічыя ходзяць! Пачаў капаць, ажно прыпоўз воўк да яго і кажа:

— Кінь ты к чорту гэтыя карчы, кладзі мяне ў мяшок і нясі.

Чалавек гэтак і зрабіў: узяў яго, як людскага нясе, паляўнічыя пытаюць:

— Што нясеш?

— Карчы!—і панёс.

Адышоўшы ўжо далёка, так кажа:

— Ну, вылазь з меха!—а воўк, вылезшы, так і сунуў да яго.

— Цяпер, — кажа, — то я цябе з'ем!

Чалавек няма рады:

— А мой, — кажа, — дзядзюшку! А мой міленькі, я вас ад смерці выратаваў, а вы мяне з’есці хаціце.

Тут, дзе быўшы, выбягае ліска (а яна за кусцікам седзячы ўсё бачыла):

— Ну, пакажы, як? Як ты сядзеў у мяшку?

Так воўк той, улезшы, голаў высадзіў.

— Эй не, ты пэўна не гэтак сядзеў, бо це стральцы ўгледзелі б.

Як воўк зусім схаваўся, так ліска кажа: .

— Ну, завярці цяпер!

Чалавек барзджэй завярцеў, біў, біў і, забіўшы, занёс дахаты, скуру здзёр, павесіў, а сам пайшоў малаціць. Малоціць, ажно прыбягае тая ліска:

— Ну, я цябе ад смерці выратавала, дай мне што за гэта!

А чалавек трэсь! ёй цэпам па лобі і забіў.

 

 

 

74. ЛІСІЧКА-СЯСТРЫЧКА І МЯДЗВЕДЗЬ

 

Жыла сабе лісічка-сястрычка і быў у яе волік. Вот яна ўзяла, запрагла яго ў сані і паехала ў лес па арэхі. Па дарозе сустрэў яе мядзведзь:

— Кумка-галубка, падвязі мяне!

— О, гладун, штоб сані паламаў?

— Ну, кумка-галубка, і не паламаю!

— Як жа не паламаеш!

— Ну, кумка-галубка, падвязі хоць адну лапку!

— Ну, лапу сабе кладзі.

Ехалі, ехалі, мядзведзь і кажа:

— Кумка-галубка, падвязі ўжо і другую лапку!

— О, гладун, сані паламаеш!

— Ды не, кумка-галубка, не паламаю!

— Ну, кладзі!

Паклаў мядзведзь і другую лапу.

Ехалі, ехалі, ізноў ён просіцца:

— Кумка-галубка, падвязі яшчэ адну лапку!

— О, гладун, сані паламаеш!

— Не, кумка-галубка, я ж толькі адну лапку!

— Ну, кладзі.

Паклаў мядзведзь трэцюю лапу, а далей ад ехаўшы трохі і ўвесь ўзлез.

Вот яны ехалі, ехалі, а санкі — трэсь!

— О, гладун! Санкі паламаў!

— Не, кумка-галубка, гэта я арэшак раскусіў!

І паехалі дальш. Ехалі, ехалі, а санкі зноў — трэсь!

— О, гладун! Санкі паламаў!

— Не, кумка-галубка, у мяне яшчэ арэшак знайшоўся, дык я раскусіў.

І паехалі дальш. Ехалі, ехалі, а санкі — трэсь! І паламаліся...

— О, гладун! Нашто ж ты паламаў? Ступай цяпер ў лес, сані шукай.

Вот і пайшоў мядзведзь саней шукаць. Зачапіў калоду дай цягне.

— О, гладун, хіба гэта сані? Пасцеражы-тка вала, я пайду! Вот лісіца пайшла, а мядзведзь ўзяў, валу пуза разрэзаў, кішкі выпусціў, паеў, паеў ды саломай напхаў, а сам і пабег.

Бег, бег да ў лісічкіну хатку ўлез у жлукта і сядзіць. Прывязала лісічка санкі, запрэгла воліка і паганяе. Вол не ідзе. Яна злезла, стала яму памагаць да і піхнула яго. Вол і ногі задраў! Стаяла, стаяла яна каля яго...

— Ох, спазнілась жа я! Пара мне дамоў, трэба халсты золіць.

Кінула яна санкі і воліка і пабегла дамоў.

Прыбегла, намачыла халсты і пайшла на двор па жлукта. Толькі стала браць, а мядзведзь за яе і ўбіў.

 

 

 

75. ЯК ЛІСКА ВОЎКА ПЕРАВЯЛА

 

Быў сабе адзін чалавек, пайшоў ён у лес па грыбы дый заблудзіў. Так ён ужо ходзіць па лесе, так плача і ніяк не ведае, куды выйсці дахаты? Аж бяжыць ліска:

— Чалавеча, — кажа, — чаго ты так сумуеш?

— От, не ведаю, куды дахаты ісці.

— А, — кажа, — то бяда! А тут так веле ваўкоў і мядзведзяў цягаецца, што я сама ледзьве ўцякла.

— А, мая ж лісічка, — кажа, — а мая галубка, вывядзі ты мяне, бо я тут згіну.

— Што ж ты мне за гэта дасі?

— Што ты толькі захочаш.

— Дасі мне бычка-трацячка?

— Дам.

Вывела яна яго, завяла дахаты, дак ён ёй даў бычка-трацячка, і яна сабе пайшла з ім. Прыходзіць у лес дый кажа:

— Сячыся дзерава крывое і правае лісіцы на саначкі.

Так у той момант дзерава і насеклася.

Тады:

— Рабіцеся, — кажа, — борздзенька лісцы саначкі!

Так саначкі ў вокавідзі і зрабіліся. Яна свайго бычка-трацячка запрагла ў тыя саначкі, села дый едзе. Едзе, так едзе, аж бяжыць воўк:

— Кумко, галубко, падвязі мяне!

— Ах ты, куме, бесе, ты хочаш майго бычка замучыць!

— То падвязі хоць мой хвост.

— Ну, то палажы хваста, анно сам не садзіся.

Палажыў воўк хваста дый кажа:

— Кумко, галубко, падвязі яшчэ лапку адну.

— Ну то палажы ўжо ці што, — кажа, — анно сам не валіся, бо бычка замэнчыш і саначкі паломіш.

Палажыў ён і лапу, паждаўшы, упрасіў другую, пасля трэцюю, чацвёртую, а пасля вуха адно, другое, язык і так ужо цэлы зваліўся, так саначкі трах і паламаліся.

— Ах ты, куме, бесе! Каб цябе халерачка задушыла! Што ты мне зрабіў? Чым я цяпер буду ехаць? (А ад’ехаліся яны ўжо ад лесу за гору).

— Ну, пільнуй жа ж ты, — кажа ліска, —майго бычка-трацячка, а я пайду ў лес па саначкі.

Ліска да лесу, а воўк, не ждаўшы, бычка задушыў дый з’еў. Прыцягае ліска саначкі, а тут анно бычковыя кішкі да костачкі ляжаць, а воўка ні следу няма! Паплакала яна, паплакала дый пайшла сабе. Ідзе, так ідзе, аж стаіць у лесе хатка, слухае пад акном, чуе — сварыцца нехта, так убегла ў хатку: аж дзед з бабаю напяклі пірагоў і ніяк падзяліцца не могуць. Так ліска кажа:

— Дайце, я вам падзялю.

— А, змілуйся, —кажа дзед, —падзялі, бо мы не можам самі.

Так стала іх дзяліць дый усё кажа:

— Дзеду пірог, бабе пірог, а мне два за парог!

Падзяліла, падзяліла, а свае забраўшы, пайшла ў лес. Села яна сабе на пянчуку дый пачала есці тыя пірагі, аж пацікавала — бяжыць воўк той самы.

Яна гэта ўзяла барзджэй з аднаго піражка мякіш выкалупала, а туды напаскудзіла і дзержыць яго ў лапе, а тыя есць. Прыбягае воўк:

— Кумко, галубко, што ты ясі?

— Што? От бачыш пірагі.

— Дай жа мне пакаштаваць з кусочак.

Так дала яму таго пірага, а ён гам! дый з’еў.

— Кумко, галубко, што гэта ў сярэдзіне было такое смачнае?

— Гэта рыбаю смажанаю надзявана.

— Кумко, галубко, дзе ты ўзяла?

— У возеры налавіла: хадзі, то я пакажу, як лавіць, то і ты наловіш.

Прывяла яго да паломкі (а мароз быў тэнгі!).

— Усадзі, кумятку, у ваду хвост, а дзяржы, — кажа, — пакуль рыбы шмат набярэцца, бо ўсё ўжо роўна — адна седня, а сама, бегаючы каля яго:

— Мерзні, —кажа, —мерзні, воўкаў хвост!

Воўк прыслухаўся дый кажа:

— Што ты гэта, кумко, кажаш?

— Гэта я кажу: бярыся, рыбка, малая да вялікая за кумаў хвост!— а сама зноў:

— Мерзні, —кажа, —мерзні, воўкаў хвост!

Паждаўшы крыху, кажа:

— Палядзі, кумятку, можа ўжо набралася рыба, то выцягай.

Воўк папрабаваў сюды-туды — не выцягне.

— Кумко, галубко, — крычыць, — хвост прымёрз!

— Э, не, кумятку, гэта, —кажа, —рыбы надта многа набралася; пасядзі ж ты тутака, а я пайду на сяло, папрашу людзей, каб памаглі выцягнуць.

Пабегла на сяло, стала сярод вуліцы дый крычыць:

— Людзі, людзі, ідзіце воўка біць — а вунь дзе ў паломцы сядзіць!

Так мужчыны гэта з цапамі, каламі, віламі, жанкі з качэргамі ды да воўка! Як глянуў воўк, што так шмат народу бяжыць, як ні папнецца, так і хвост адарваўся, а сам уцёкі. Тым часам ліска ўкачалася ў рошчыну (бо адна баба хлеб якраз мясіла дый, кінуўшы ўсё, пабегла за воўкам, то яна скарыстала), пабегла ў лес, села на пяньку дый пачала аблізвацца. Аж бяжыць небарака воўк без хваста:

— Кумко, галубко, як я спалохаўся.

— І,— кажа, — падло, дурань, кумятку ты! Людзі беглі цябе ратаваць, а ты ўцёк невядома чаго, цяпер ні рыбы няма, ні хваста і есці няма чаго.

Кумко, галубко, што ты ясі?

— А што — ем мазгі.

— Чые?

— Свае ўласныя.

— Як жа ж ты дастала?

— От як: адбеглася здалёк, далася ў сасну лобам, мазгі вылезлі, то я пад’ем, а мазгі зноў адрастуць, то я зноў калісьці пад ем, як не будзе чаго.

— Кумко, галубко, мусі баліць?

— То што зрабіць, трэба трываць, няўжо ж з голаду здыхаць, як няма чаго есці.

— Дай, кумко, пакаштаваць, ці смачныя.

Дала яму ліска.

— Ах, якія, — кажа, — смачныя! Пайду ж я свае даставаць.

Адбегся воўк ад сасны, ліска крычыць:

— Яшчэ далей, кумятку! Яшчэ далей!

Воўк яшчэ адбегся, як прыпусціўся бегчы, як трахнуўся ў сосну лобам, так і паваліўся. Тады ліска падышла дый кажа:

— О табе, кумочку! Перавёў ты майго бычка-трацячка, а я цябе перавяла.

 

 

 

76. ЯК ЛІСКА ВОЎКА ПЕРАХІТРЫЛА

 

Быў дзед і баба, была ў іх курачка раба, пайшла яна на пшонніска, каласкоў назбірала, вымалаціла, змалола і напякла піражкоў. Вымае ўжо іх з печы, ажно лісачка прыбегла і кажа:

— Дзеду пірог, бабе пірог, а лісачцы два за парог.

Курачка ёй узяла дай выкінула два. Яна ж ўзяла аднаго

з’ела, а другога разламала, мякіш выела, напаскудзіла, заляпіла і пайшла. Ідзе, так ідзе, ажно пасвяць пастушкі набытак, так яна кажа:

— Дайце вы мне бычка-трацячка, а я вам дам бондачку. Яны ўзялі, далі ёй бычка, яна ім дала піражка дай кажа:

— Анно вы ламіце над галавой каторага і тады, як я ўжо за горы зайду.

Яны гэтак зрабілі: калі разломяць, ажно г... упала на голаў аднаму хлопцу. Так яны давай ганіць ліску: ганілі, але не даганілі. Яна гэта пайшла да лесу і кажа:

— Дзерава, дзерава, ламіцеся, лісачцы саначкі рабіцеся!

Так гэта дзерава пачало ламацца, зрабіліся санкі, і яна, запрогшы бычка-трацячка, паехала. Едзе, так едзе, ажно сустракае яе воўк і кажа:

— Кумачка, галубачка, падвязі маю лапу.

— Ва, скінь дзе там, анно санак не паламі.

Ён палажыў, пасля кажа:

— Кумачка, галубачка, падвязі другую.

— Ва, скінь дзе там, анно санак не паламі.

Пасля просіць:

— Падвязі трэцюю, чацвёртую.

А, нарэшце, саначкі тарарах! паламаліся.

— От табе, — кажа, — маеш! Ідзі мне зараз, гыцлю, да лесу і зрабі новыя.

Воўк пайшоў і кажа:

— Дзерава, не ламіцеся, санкі, не рабіцеся!

Пасля прыходзіць да ліскі і кажа:

— Я казаў, але не хоча мяне дзерава слухаць.

— Ну, то падажджы, я сама пайду: а ты ж мне глядзі, бычка пільнуй!

Ліска пайшла, а воўк гэта за бычка, з'еў яго і ўцёкі. Прыходзіць ліска, ажно бычка няма! Так што робячы, лягла на дарозе, ажно едзе рыбак. Так узяў і скінуў яе на воз, а яна яму ўзяла, усю рыбу паўкідала з воза, сама саскочыла і есць седзячы. Ажно прыбягае воўк той самы і пытае:

— Кумачка, галубачка, дай мне гэтага, што ясі.

Яна яму дала галоўку. Ён з’еў.

— А, — кажа, — якое смачнае, дай другую.

— Ва! То ідзі да налаві!

— А як жа яе лавіць?

— Усадзі ў праломку хвост, то яна табе да хваста папрычэпліваецца.

Ён пабег, усадзіў і так як бач хвост і прымёрз. Ліска гэта насклікала людзей, а воўк як гэта угледзеў, так хваста адарваў — пайшоў.

 

 

 

77. КАЗКА ПРА ЛІСУ

 

Жыў дзед да баба, і ў іх была курачка, і пайшла яна на сметнік і зачала капацца, і найшла гарошыну і прынесла бабе. Баба дужа рада, і дзед сказаў:

— Каб з гэтай гарошыны спячы пірог!

Баба пабегла на млын і змалола і зачала пячы пірог. Дзед пайшоў у лазню і зачаў мыцца. Баба прыбягала некалькі раз і казала, ці скора ён памыецца. Тым часам прыбегла ліса і ўкрала той пірог: украла, выела сярэдзіну, туды наклала шчэпак, пабегла к пастухам і кажа:

— Пастушкі! Дайце мне вала-трацячка, а я вам дам гэты пірог, і як я заеду за цёмныя лясы і за высокія горы, тады вы

з’ешце гэты пірог.

Тые пастухі далі ёй вала, а самі ўзялі пірог. Ліса пабегла і сустракаець яна воўка. Воўк ёй кажа:

— Куманька, лісанька! Куды ты едзеш?

— А я еду за трыдзесятае царства, дзе зямля і вада гарыць.

— Вазьмі і мяне к сабе.

Ліса ўзяла і паехала яна далей. Сустракаець іх мядзведзь. Яны мядзведзя прынялі к сабе і паехалі далей. Сустракаець іх заяц, курачка, пятух, і яны іх пабралі; паехалі яны далей. Уваліліся ў ваўкоўню. Дзень і другі сядзяць яны і хочацца ім есці. Тады ліса кажа:

— Хто толькі запяе, таго трэба з’есці. Упярод курачка запела, яны курачку і з’елі. Прасядзелі ізноў два дні, ізноў таксама з’елі ўсіх звяроў, асталіся з адным мядзведзем. А ліса што ела, а што і пратала. Прасядзелі яны яшчэ два дні. Мядзведзю дужа захацелася есці. Ён угледзеў, што лісіца што-та есць. Ён і кажа:

— Куманька! Што ты ясі?

— І, куманёк! Распарола сабе бруха і цягаю кішкі.

Яна выняла клачок з-пад сябе і дала мядзведзю. Мядзведзь з'еў.

— А, куманька, дужа смачна! Дай яшчэ.

— А! Я табе буду даваць! Раздзяры сабе і еш!

Мядзведзь засунуў лапу ў бруха і зачаў рваць.

— А! Куманька, дужа больна!

— А дзяры яшчэ, тады не будзе балець.

Мядзведзь як раздзёр сабе бруха, так і здох, а ліса паела мядзведзя і ўгледзела, што сініца ўець гняздо каля ямы. Ліса кажа:

— Я табе скажу: калі ты поўну яму палак нанясеш, так я тваіх дзяцей не паем, а калі не зробіш гэта, так я тваіх дзяцей паем.

Сініца нацягала поўну яму. Лісіца выбегла, узлезла на дрэва і паела сініцыны дзеці і потым стала жыць у лесе.

 

 

 

78. СМАЛЯНЫ БЫЧОК

 

Жыў сабе дзед з бабай. Вельмі ж яны бедна жылі. І нічога ў іх хаце не было. Толькі былі певень і курыца.

Ну, падышоў час, і не стала ў іх чаго есці. Дык трэба рэзаць ці пеўня, ці курыцу. Баба гаворыць:

— Рэж курыцу!

Баба вельмі любіла дзеда, а дзед любіў пеўня. Значыць, дзед гаворыць:

— Не, зарэжу пеўня.

Ну і стаў вастрыць нож. Вострыць, вострыць, а певень гэты пачуў ды кажа:

— А нашто ты, дзедку, нож вострыш?

— Цябе зарэзаць хачу, бо няма ў нас з бабай чаго есці.

Ну, певень і давай прасіць у дзеда, каб ён яго не рэзаў.

Гаворыць:

— Я табе добрую параду дам. І будзе што есці ў вас з бабай.

Ну, дзед пашкадаваў пеўня і пытае ў яго:

— Што ж мне рабіць?

— А вазьмі, дзедку, смалу ды зрабі з яе бычка смалянога і пастаў у гародзе.

Ну, дзед і паслухаў пеўня. Зрабіў гэтага бычка смалянога. Дзень чакае, другі чакае, а есці няма чаго. Значыць, хоча ён зноў вастрыць нож, каб пеўня зарэзаць.

Ну, а певень яму гаворыць, каб пачакаў.

Колькі дзён прайшло, не ведаю. Толькі дзед ляжаў на печы ды пачуў рэў. Хто-та раве ды раве ў гародзе. Дзед злез з печы і пабег у гарод. Бачыць, мядзведзь стаіць каля бычка таго смалянога, а ногі таго мядзведзя ў смалу ўліплі.

— Ты чаго тут папаўся? — гаворыць дзед да мядзведзя.

— Пусці мяне, дзедку, я табе дабром адплачу. Есці хацеў ды папаўся, — гаворыць мядзведзь.

— А, каб цябе воўкі з’елі. Сапсаваў майго бычка, ідзі адкуль прыйшоў, — гаворыць дзед, і, значыць, адпусціў таго мядзведзя.

Ну, толькі гэта дзед паправіў бычка ды хацеў на печ лезць, чуе, нібы воўк у гародзе вые. Ды жалабна неяк. Выйшаў дзед у гарод. Глядзіць на бычка, а там воўк завяз у смале. Падышоў да воўка і пытае яго, чаго ён тут апынуўся.

— Есці хацеў, вот і ўліп, — гаворыць воўк.

Стаў ён прасіць у дзеда, каб адпусціў яго. А дзед гаворыць на воўка:

— Не, не адпушчу.

Узяў гэтага воўка і закрыў у склеп.

Толькі закрыў ён склеп, як убачыў, што ліса ўліпла. І лісу засадзіў дзед у склеп разам з воўкам. «Ну, —думае дзед сабе, — хопіць з мяне. Воўка ды лісу зарэжу, шубу добрую зраблю ды адвязу на кірмаш. А ўжо там і есці чаго куплю сабе ды бабе».

Ну, дык вось ідзе ён у склеп ды бачыць, нехта енчыць каля бычка таго смалянога. Падыходзіць. Бачыць, шэры зайчатка папаўся. Вось узяў і яго дзед ды аднёс у склеп. А сам, значыць, стаў нож вастрыць.

«Дзян, дзян» — нож той.

А зверы чуюць.

Вось і пытае воўк:

— Нашто ты, дзедка, нож вострыш?

— А цябе хачу зарэзаць ды шубу зрабіць з тваёй шкуры.

Стаў воўк прасіцца ў дзеда, каб той адпусціў яго. Прасіў, прасіў — дзядуся і выпусціў. А забыў я вам, мае дзевачкі, сказаць, што паабяшчаў воўк таму дзеду дабра многа прынесці.

Ну, дык вось, стаў той дзед ізноў нож вастрыць.

Ліса і пытае:

— Каго ты, дзедку, рэзаць хочаш?

— Вось зарэжу цябе ды добры каўнер зраблю з тваёй шкуры.

— Не губі мяне, дзедка, я табе дабром адплачу, — гаворыць ліса.

Ну і адпусціў яе дзед. Застаўся, значыць, толькі шэры. Стаў і ён у дзеда прасіцца, каб адпусціў і яго. Многа дабра абяцаў прынесці. Адпусціў дзед і яго.

Ну, не ведаю, мае вы дзевачкі, колькі часу прайшло, ды толькі чуе той дзед, як нехта бразгае ў браму. Злез дзед з печы, адчыніў браму ды бачыць, што прыгнаў яму мядзведзь коней, кароў, што не пералічыш колькі. Ну, падзякаваў яму дзед ды стаў жыць з сваёй бабай ужо добра. Але калі-некалі ды падумае:

— Што ж гэта тыя звяры абманулі мяне.

Ну, дык вось, зноў пачуў той дзед, як нехта бразгае ў браму. Адчыніў тую браму ды бачыць воўка. Прыгнаў той воўк авец, бараноў, што і не пералічыш колькі. Ну, падзякаваў яму дзед ды стаў жыць з сваёй бабай яшчэ лепш.

Колькі яшчэ часу прайшло, не ведаю, толькі, мае вы дзевачкі, стукае зноў нехта. Адчыніў, значыць, дзед тую браму і бачыць лісу тую. А з лісой кур, а качак, ну, столькі, што і не пералічыш.

Добра падзякаваў, значыць, дзед і лісе той ды стаў жыць з бабай зусім добра.

Ну, дык вось, а шэры той не ведае, як жа яму дзеду дабром адплаціць. Думаў, думаў ды надумаўся. Хоць розум і маленькі ў шэрага, а ўсё ж такі надумаўся.

Ну, бяжыць ён па шашы, бачыць — воз едзе, а на возе дзеўкі адна адной лепш. Убачылі таго зайчыка і пачалі, значыць, яго лавіць. Шэры і не ўцякае. Злавілі яго дзеўкі тыя ды прывезлі дамоў. А было тое, мае вы дзевачкі, на Міколу. Ну дык вось пачалі гэтыя дзеўкі на шэрага маністы вешаць, каралі, ленты завязваць.

Ну, шэры смірна сядзіць, не варушыцца.

І толькі гэта нейкі чалавек адчыніў дзверы, як той зайчык шмыг ды ўцёк. Ну, і прыбег ён да дзеда. Аддаў маністы, ленты тыя, каралі, а сам ізноў у лес.

А дзед з бабкай жывуць, гора не ведаюць. Лепш за ўсіх на сяле жывуць.

Малілі яны бога, ды бог сына ім паслаў. Той сын мне, значыць, і расказаў гэту казку.

 

 

 

79. ЯК ЗВЯРЫ АДГАДЗІЛІ ЧАЛАВЕКУ

 

Быў адзін чалавек надта бедны, так ён пайшоў да кроля, мо што дасць. Анно стараста кралеўскі, як угледзеў яго, так казаў даць яму сто бізуноў і прагнаць. А меў ён коніка аблезлага, так запрог і паехаў у лес па дровы:

— Мо, — кажа, — назбіраю, завязу да места, прадам і куплю хлеба.

Анно ён не меў сякеры, так хацеў назбіраць посушу, а тут як на няшчасце нідзе няма. Едзе ён далей, аж наязджае на яму, а ў той яме была налпа, надта згаладнела, бо ўпала і не дала рады вылезць. Так ён лейцы з каня зняў, аддаў ёй у яму, і як яна лапкамі ўзялася, так ён выхапіў яе. Яна анно скланілася яму дый уцёкі ў лес. Выехаў ён, небарака, на дарогу і едзе ўжо дахаты, ажно налпа перад ім з дзерава на дзерава ўсё дзэгае да ўсё ломіць галіны сухія і кідае на дарогу, і кідае. Ён і добры воз набічкаваў дроў. Завёз да места, прадаў, купіў хлеба, сякеру і яшчэ грошы асталіся. На другі дзень зноў ён паехаў да лесу дый трэба ж яму зноў на яму наехаць, а ў той яме быў мядзведзь. Вельмі згаладнелы і, як угледзеў яго, так стаў раўці. Так ён гэта сцяў падсосенка, усадзіў у яму, і мядзведзь па ём выкараскаўся дый, замармытаўшы, скланіўся і пабег. Як ужо ён набраў дроў і стаў палуднаць, так мядзведзь прынёс яму кружок мёду, палажыў і сам пабег. Прадаўшы дровы, заязджае ён на надворак, ажно там дванаццаць пар фурманак і ўсё па чатыры коні, глядзіць, аж і мядзведзь там! А гэта ён купцоў параздзіраў, а коні з таварамі яму прыгнаў. Як анно ўгледзеў яго, так скланіўся дый пабег да лесу. Ён і гумно заклаў тымі таварамі, і свіран, і стайню, а коні то і ў хаце дзяржаў. Назаўтра зноў паехаў да лесу. Трэба ж яму і тым разам на яму наехаць, глядзіць, аж там вялізны вуж, а гэта быў сам кроль вужоў. Так ён гэта ўзяў дошку, усадзіў, і як вуж на яе споўз, так ён і памаленечку падняў і палажыў на зямлю. Вуж ажно засыкацеў, скланіўся і папоўз. Вязе ўжо ён дровы дахаты, аж глядзіць, вуж каменя дыямантавага падкаціў пад каляіну і сам папоўз. Ён гэта яго ўхапіў і кажа да сябе:

— Што я з яго буду рабіць? Хіба я яго кролю завязу разам з таварамі.

Так яшчэ гэтага дня пазапрагаў коні і павёз. Вязе, так вязе, аж спатыкае таго старасту. Як угледзеў ён тавары і камень дыямантавы, так усё адабраў і казаў даць яму дзвесці бізуноў дый яшчэ пасадзіў у астрог. Пасля, у рок ці ў два, даведаўся аб усенячкам кроль, так зараз прыехаў да астрогу і пытаецца:

— Чаму ты тут сядзіш?

Так ён стаў кролю ўсенечка расказваць ад канца да канца. Тады кроль казаў напаліць жалезныя бораны і старасту разадраць жыўцом, а яму за ўсе тавары і за камень заплаціў.

 

 

 

80. МЯДЗВЕДЗЬ НА ЛІПАВАЙ НАЗЕ

 

Жылі-былі дзед да баба. Пайшоў дзед у лес па дровы і сустрэў мядзведзя. Кінуўся дзед уцякаць, аж чуе — мядзведзь даганяе, сапіць за самай спіной. Трэба дзеду ратавацца, а схавацца няма куды, усюды мядзведзь застане. Выхапіў ён сякеру і на мядзведзя, адсек яму нагу, ледзь той сам уцёк.

Узяў дзед мядзведжую лапу і прыносіць сваёй бабе.

— Вось табе, старая, будзе што і зварыць, і спрасці.

Запаліла баба печ, зняла з лапы скуру, кінула мяса ў кацёл, сядзіць ля агню ды прадзе ды песні пяе. А мядзведзь тым часам зрабіў сабе з ліпы нагу, прыкруціў лыкам ды пайшоў у вёску да дзеда. Падышоў пад вокны і пяе:

 

Рып-рып, нага,

Рып-рып, ліпавая,

Усе ў лесе спяць,

Усе ў вёсках спяць,

Адна баба не спіць,

На маёй скуры сядзіць,

Маю воўну прадзе,

Маё мяса варыць,

Я не ў госці іду,

Я вам смерць нясу.

 

Перапужаліся дзед з бабай, пазачынялі дзверы, не ведаюць, як ад мядзведзя схавацца. А мядзведзь ужо ўзышоў на ганак, ломіцца ў хату. Тады дзед адчыніў подпал, патушыў святло і схаваўся з бабай на печцы. Улез мядзведзь у хату і, нічога не бачыўшы, бух у подпал. Дзед хуценька злез з печы, зачыніў ямку, наваліў на яе ўсяго, што было ў хаце, і пабег за суседзямі. Прыйшлі людзі з віламі, з тапарамі, са стрэльбамі, адвалілі подпал і забілі мядзведзя.

 

 

 

81. ДЗЕД, БАБА І ВЕДЗЬМА

 

Быў сабе дзедка з бабкаю, пайшлі яны шукаць шчасця. Пайшоў дзедка сваёю дарожкаю, а бабка сваёю. Знайшла бабка лычка і крычыць:

— Дзеду, дзеду, а я найшла жыцо.

Прыйшоў дзедка к бабцы, паглядзеў на лычка і сказаў:

— Якое табе гэта жыцо? Гэта лычка.

Узяў дзедка лычка і стаў ім біць бабу, прыгаварвае:

— А гэта табе жыцо! — пабіў дзедка на бабцы лычка і пайшлі яны зноў: дзедка пайшоў сваёю дарогаю, бабу кленучы, а бабка сваёю дарогаю плачучы. Знайшла бабка ножык і заве дзеда:

— Дзеду, дзеду! А я знайшла жыцо!

Прыйшоў зноў дзедка к бабцы, паглядзеў на ножык і стаў ножыкам біць бабку, прыгаварвае:

— Гэта табе жыцо! — пабіў дзедка і ножык на бабцы. Пасля яны зноў пайшлі: дзедка сваёю дарогаю, бабку кленучы, а бабка сваёю дарогаю плачучы. Бабка зноў знайшла здохлага ваўка і стала клікаць дзеда:

— Дзедка, дзедка, а я знайшла жыцо!

Прыйшоў дзедка к бабцы, паглядзеў на здохлага ваўка і сказаў:

— Гэта-то жыцо, каб цяпер было тое лычка, то добра было б зачапіць за ваўка і цягнуць, а каб быў бы той ножык, то добра было б абгаліць ваўка.

Бабка стала крычаць на дзеда і сказала:

— Гэта ж забаву зрабіў, ножык і лычка пабіў на мне.

Узяў дзедка ваўка за заднія ногі, а бабка за голаў і панеслі яго дадому. Бабка астрыгла ваўка і стала яго часаць, а дзедка здзёр з яго шкуру і стаў мяса варыць. Прыйшоў пад вакно воўк і стаў песню пець:

 

Курачкі пад печчу кудахчуць,

А пеўнікі скачуць.

Дзедка маё мяса варыць,

А бабка маю воўну чэша!

 

— Дай яму курачку за песню!— сказаў дзед бабе.

Дала бабка ваўку курачку. Узяў воўк курачку, занёс у лес і пад пень палажыў, а сам прыйшоў зноў пад вакно і запеў песню:

 

Курачкі пад печчу кудахчуць,

А пеўнічкі скачуць.

Дзедка маё мяса варыць,

А бабка маю воўну чэша!

 

Сказаў зноў дзед бабе:

— Дай яму другую курачку!

Воўк узяў і другую курачку, занёс у лес, палажыў пад пень і потым прыйшоў зноў і запеў тую самую песню. Тады дзед выкінуў праз вакно і бабу ваўку. Воўк і бабу занёс у лес і палажыў і яе пад пень, а сам пайшоў далей у лес. Потым як ішоў ён есці бабу, то баба ўзлезла на пянчук і стала гаварыць:

 

Расці, расці, пенчучок,

Каб не дастаў ваўчучок!

 

Пенчучок так высока вырас, што воўк, прыйшоўшы, не мог дастаць бабы. Як пайшоў воўк зноў у лес, то баба зноў стала гаварыць:

 

Ніжэй, ніжэй, пенчучок,

Каб дастаў ваўчучок!

 

Пенчучок панізіўся. Тады баба злезла з пенчучка і пайшла ў лес. Ішла яна адзін дзень, другі, на трэці дзень яна знайшла ў лесе хатку з сыра і масла. Бабка вайшла ў хату: масла лізнула, сыра лізнула, пайшла і накрылася карытам. Прыгнала ведзьма ў гэту хату козаў і, панюхаўшы, пачула чый-та дух і след. Шукала, шукала яна ў хаце і нікога не найшла. На другі дзень, як гнала козаў пасвіць, то паставіла сцерагчы злодзея аднаго — двубокага і двувокага казла. Баба сядзела, сядзела, сядзела пад карытам, а потым, як захацела есці, то сказала:

— Драмлі, драмлі, вочка двубокага, двувокага козлічка!

Казёл і задрамаў. Тады баба вылезла з-пад карыта: сыра паела, масла паела і зноў карытам накрылася. Вечарам, прыгнаўшы козаў, ведзьма ўзнала знак свежы і ў другі раз паставіла сцерагчы злодзея аднабокага і аднавокага казла. Баба зноў, як захацела есці, сказала:

— Драмлі, драмлі, вочка аднабокага і аднавокага козліка! Задрамаў і аднабокі і аднавокі козлік. Тады баба вылезла з-пад карыта, масла і сыр паела і зноў пайшла накрылася карытам. Ведзьма, прыйшоўшы, зноў узнала свежы знак выедзенага масла і сыра. Тады яна прыказала ўсім казлам шукаць бабы. Казлы доўга шукалі бабы, пад канец яе знайшлі пад карытам. Ведзьма, найшоўшы бабу, хацела забіць яе, але баба просіцца ў ведзьмы і сказала:

— Не бі мяне, я табе буду памагаць даіць коз.

Ведзьма гэтаму была рада і не ела бабы.

Пажыўшы ў ведзьмы, баба захацела схадзіць к дзеду і паглядзець, як ён жыве. На дарогу яна ўзяла з сабою масла і сыра. Прыйшоўшы к дзеду, баба ўвідзела, што дзед засунуў дзверы. Тады яна ўзлезла на страху і раздзерла яе... і ўгледзела, што дзедка ляжыць на вышках (палацях), вышчарыўшы зубы. Баба кінула яму ў рот кусок сыра, — дзед паварушыўся і сказаў:

— Ці сарока, ці варона? Кінь больш.

Баба кінула яму ў рот кусок масла, дзед падняў голаў і сказаў зноў:

— Ці сарока, ці варона? Кінь больш.

Тады баба, вайшоўшы ў хату, накарміла, напаіла дзеда і потым, як хацела ўйці ў лес да свайго дому, то дзед стаў прасіцца, штобы яна ўзяла і яго з сабою, але баба не захацела і сказала:

— Мне няможна цябе браць з сабою, бо ты папугаеш маіх коз.

 

 

 

82. ДЗЕДКА З БАБКАЙ І ВОЎК

 

Жыў дзедка, было ў яго пяць авечачак, шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка-звярушка і бабка старушка. Прыйшоў да іх воўк пад акно і хораша пеў:

— Пяць, пяць авечачак і шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка-звярушка і бабка старушка.

— Хораша пяе, — дзедка сказаў, — дай яму адну авечачку.

Воўк занёс яе на лом і кінуў.

Прыйшоў ён ізноў пад акно і пеў:

— Пяць, пяць авечачак і шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка-звярушка і бабка старушка.

— Хораша пяе, — дзедка сказаў. Далі яму авечачку, воўк занёс яе ў лес на лом і кінуў.

Прыйшоў ізноў пад акно і пяе:

— Пяць, пяць авечачак і шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка звярушка і бабка старушка.

— Хораша пяе, — дзедка сказаў, — трэба даць яму авечачку.

Далі ваўку трэцюю авечачку. Ён занёс на лом і кінуў.

Прыйшоў воўк ізноў пад акно і пеў:

— Пяць, пяць авечачак і шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка-звярушка і бабка старушка.

— Хораша пяе, —дзедка сказаў. Далі яму чацвёртую авечачку. Ён занёс яе на лом і кінуў.

Прыйшоў воўк ізноў пад акно і пеў:

— Пяць, пяць авечачак і шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка-звярушка і бабка старушка.

— Хораша пяе, — дзедка сказаў. Далі яму пятую авечачку. Занёс яе на лом і кінуў.

Прыйшоў пець ізноў:

— Пяць, пяць авечачак і шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка-звярушка і бабка старушка.

— Хораша пяе, — дзедка сказаў і аддаў яму бычэчка. Воўк занёс яго на лом і кінуў.

Прыйшоў ізноў, пяе:

— Пяць, пяць авечачак, шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка-звярушка і бабка старушка.

— Хораша пяе, — дзедка сказаў і даў яму курку-рабушку. Воўк занёс яе на лом і кінуў.

Прыйшоў ізноў і пяе:

— Пяць, пяць авечачак і шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка-звярушка і бабка старушка.

— Хораша пяе, — дзедка сказаў. Далі яму сучку-звярушку. Воўк занёс яе на лом і кінуў.

Прыйшоў ізноў пеці:

— Пяць, пяць авечачак і шосты бычэчак, курка-рабушка, сучка-звярушка і бабка старушка.

Дзедка кажа:

— Хораша пяе, але няма што даць, дай, бабка, кавалак хлеба праз акно.

Бабка ўзяла кавалак хлеба праз акно даваць, а дзед узяў качаргу і аддаў бабку ваўку.

Воўк забраў бабку, панёс і пасадзіў на пень. Сам стаў есці авечак.

Бабка седзячы кажа:

— Вышэй, пень, вышэй, пень, каб мяне воўк не дастаў!

Воўк пытаецца:

— Бабка, бабка, што ты гаворыш?

— Я гавару, каб ты скарэй еў і мяне з’еў.

Ізноў яна кажа:

— Вышэй, пень, вышэй, пень, каб мяне воўк не дастаў!

Воўк ізноў пытаецца:

— Бабка, бабка, што ты гаворыш?

— Я гавару, каб ты скарэй еў і мяне з’еў.

Пень ужо звышыўся, воўк кончыў авечкі есці і стаў грызці пень. Грыз, грыз пень і папсаваў сабе зубы. Пайшоў да кавалёў, каб яму навастрылі:

— Кавалі, кавалі, накуйце мне зубы!

Кавалі ўзялі яму і паламалі. Прыйшоў воўк грызці — не даў рады, заплакаў і пайшоў.

Бабка ўбачыла, што воўк адышоўшы далёка, і кажа:

— Ніжэй, пень, ніжэй, ужо ваўка няма!

Пень знізіўся, бабка злезла і пайшла.

Ідзе, ідзе — стаіць хатка ў лазе на курынай назе, цестам абмазана, маслам абгладжана, абараначкам замкнёна. Увайшла яна ў сярэдзіну. Там былі козы, човен вады і стог сена. Увайшоў дзедка барадаты і сказаў:

— Пільнуй, бабка, гэтыя козы, паі, кармі, малачко даі, сыры і масла рабі.

Бабка іх паіла, карміла, малачко даіла, сыры і масла рабіла.

Нарабіўшы сыраў, масла, пайшла да сваёй хаты. Прыйшла дахаты, узлезла на страху, села на комін і глянула ў комін. Відзіць: стаіць дзедка і есць кашку чорную з-пад падкрупяйка на прыпечку. Яна яму кінула кавалачак масла. Ён сказаў:

— Ах, смачна кашка з-пад падкрупяйка, кінь, сарока, болей.

Яна ізноў яму кінула другі раз. Пасля ён выйшаў на двор і паклікаў яе ў хату. Яна увайшла; яго віном-півам паіла, маслам-сырам карміла. Яны жылі, пажывалі і дабра нажывалі.

 

 

 

83. ЯК СТАРЫК ВАЎКА ЗАБІЎ

 

Жыў сабе адзін старык, была ў яго старуха, было ў яго двоя ўнукаў: мальчык ды дзевачка; да было ў яго яшчэ чатыры аўцы да жарабёнак. Раз дзед сядзіць водлі вакна; падышоў к яму воўк і запеў:

 

—Жыў дзед ды бабушка,

Да ўнук, да ўнучачка,

Да чатыры авечачкі,

Пятай жарабёначак!

 

Стала старыку ваўка жалка: аддаў ён яму адну аўцу. Воўк апяць прыйшоў, аўцу з’еўшы, і апяць запеў. Патуль хадзіў, пакуль усё ў старыка павыкалатырыў песняю: і авец, і жарабёнка. Усердзіўся дзед на ваўка: узяў бальшэнны камень і сеў ля вакна. Як прыйшоў воўк, старык камнем узяў дый ваўка забіў.

 

 

 

84. ДЗЕД ДА БАБА І ВОЎК

 

Жыў сабе дзед да баба. І была ў іх унучка, сучка, сямёрка авец і бык-палавец. Прачуў аб гэтым воўк. Прыйшоў ён к ім пад вакно і запеў сваю песню:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзед да бабка, унучка, сучка, сямёрка авец і бык-палавец!

Баба і кажа:

— Дзедка! Хораша пяе! Нум, мы авечачку яму аддадзім!

Аддалі ваўку авечку. Ён за гару, за гару дай з’еў аўцу. На другі дзень падыходзя ізноў пад вакно:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзед да бабка, унучка, сучка, шасцёрка авец і бык-палавец!

— Ай, дзедка! Як ён хораша пяе! Нум, мы яшчэ адну авечачку дадзім!

Далі ваўку і другую авечку. Ён за гару, за гару дай з’еў. На другі дзень прыходзіць за трэцяй авечкай. Падышоў пад вакно і пяе:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзед да бабка, унучка, сучка, пяцёрка авец і бык-палавец!

— Дзедка, як хораша пяе! Нум, дадзім яму яшчэ адну авечку. Воўк за гару, за гару дай з’еў. На другі дзень ізноў ідзе пад вакно і пяе сваю песню:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзед і бабка, унучка, сучка, чацвёрка авец і бык-палавец!

— Нумо, дзедка, дадзім яму яшчэ адну авечачку: бач, хораша пяе!

Далі ізноў аўцу. Воўк за гару, за гару ды з’еў... Назаўтрага ізноў ідзе пад вакно:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзед да бабка, унучка, сучка, тройка авец і бык-палавец!

— Бач, дзедка, як хораша пяе! Нумо, мы дадзім яму яшчэ авечачку!

Далі ваўку яшчэ адну авечку. Ён за гару, за гару і з’еў аўцу. На другі дзень апяць падыходзя пад вакно і пяе сваю песню:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзед да бабка, унучка, сучка, двойка авец і бык-палавец!

Баба кажа:

— Дзедка, хораша пяе! Нум-ця, яшчэ адну авечку дадзім! Далі яшчэ адну. Вот і тую з’еў за гарой. А назаўтрага ізноў ідзе, заводзя сваю песню:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзед і бабка, унучка, сучка, адна авечачка і бык-палавец!

— Дзедка, хораша пяе! Дадзімо ўжо і гэту авечачку.

Узялі і аддалі паследнюю авечку. На другі дзень прыходзя ўжо за валом:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзедка да бабка, унучка, сучка і бык-палавец!

Аддалі яму ўжо і вала. Воўк за гару, за гару і з’еў вала. І сам ізноў ідзе пад вакно:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзедка да бабка, унучка і сучка!

— Дзедка, хораша пяе! Нум-ця, яшчэ і сучку аддадзім. Далі ваўку і сучку. Ён і тую з’еў за гарой. А на другі дзень ізноў прыходзя:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзедка да бабка да унучка!

— Ну што, дзед? Нум, і ўнучку аддадзім!

Нечага дзелаць: аддалі і ўнучку. Воўк з’еў унучку, а на другі дзень прыходзя і за бабай:

— Уву-уву-уву! Падыйду пад гару. На той гары — саламяна хатка, у той хатцы дзедка да бабка!

Нічога тут дзед не падзелаў: аддаў ваўку і бабу; астаўся адзін жыць.

 

 

 

85. МУЗЫКА І ВОЎК

 

Ішоў ночы адзін музыка з вяселля дай уваліўся ў воўчу яму, а там воўк быў. Так той воўк так ладуецца да яго, а ён, няма рады, давай граць. Воўк так услухаецца, як ён перастане, воўк зноў да яго. Так ён гэтак граў да палудня. Анно ж едуць людзі, чуюць нехтась грае ў яме, калі заглянуць, анно ж музыка! Як тут яго дастаць? Узялі гэта сярмягу яму ўкінулі, ён сабе тромкае, запяў тую сярмягу ў поясе, зачапілі яго вяроўкамі і як смыкануць яго раптам, а воўк дзыгець да цап зубамі за сярмягу і адарваў. Тады ваўка забілі, забралі дай паехалі. От як ваўка ашукалі!

 

 

 

86. САБАКІ, КОШКА І МЫШЫ

 

Жылі ўмесце сабакі і кошка. Паехалі сабакі ў Вільню на суд, а свае дваранскія паперы аддалі пахаваць кошцы:

— Кошачка, ты застаешся ў доме хазяйкай, пахавай нашы паперы!

— Добра, — кажаць кошка, — схаваю!

Сабакі ад’ехалі, а кошка стала пераглядаць паперы. Відзіць, зусім яны сырыя, ажны пазаплеснелі. Яна і палажыла іх перасушыць на комін. Дзе ўзяліся мышы — і пагрызлі тыя паперы. Прыехалі сабакі з Вільні — няма папер: прапалі дваранскія правы!.. З тых-само пор сабакі не любяць кошак, а кошкі мышэй.

 

 

 

87. САБАЧЫЯ ПАПЕРЫ

 

Перш і сабака меў шляхецкія паперы. Ну, вядома, дзе яму з імі насіцца. Аддаў ён кату і просіць:

— Схавай, братко (перш сабака, кот і мышы былі з сабой у дружбе), пад страху, дзе высока, там цалей будзець.

Узяў кот ды аддаў мышам схаваць пад падлогу, бо баяўся, што пад страхой найдзе хто. Адылі, бача сабака, што яго ніхто не шануе, — адкрыўдзіўся, мысле:

— Я ж ім пакажу, хто я такі!

Пайшоў к кату, просіць дастаць паперы. Той палез к мышам — аж яны даўно іх з’елі. Ну з тых пор у іх і пайшла гэта нянавісць адзін к другому: сабака на ката, а кот на мыш.

 

 

 

88. ЧАМУ ВАРАГУЮЦЬ ВОЎК, САБАКА, КОШКА І МЫШКА

 

У часы старадаўнія воўк, сабака, кошка і мышка жылі паміж сабой дружна, не сварыліся, а адзін аднаго баранілі і ні ў чым нястачы не мелі. Неяк воўку давялося пагаладаваць. Прыходзіць ён да бога і просіць есці. Бог выдаў яму грамату-дазвол прасіць міласціну па вёсках. З гэтай граматай воўк і пайшоў жабраваць. Па дарозе яму давялося перайсці па кладцы нейкую рачулку. Ён упаў у ваду і так намачыў сваю грамату, што яе нельга было людзям паказаць не высушыўшы. У бліжэйшай вёсцы воўк забег у першую хату і папрасіў сабаку дапамагчы яму высушыць грамату, а сам, таксама мокры, пайшоў сушыцца ў авін. Калі воўк пайшоў, сабака як мог старанна разгарнуў грамату і паклаў яе на градку, а глядзець за ёй даручыў кату і сказаў, каб ён аддаў паперу ваўку, калі ён прыйдзе.

Але кот заснуў, а грамата ўпала з градкі і трапіла ў зубы мышы. Тая, нічога не ведаючы, што гэта за папера, згрызла яе амаль усю, а кавалкі зацягнула ў сваю пячурку.

Калі воўк прыйшоў у хату і даведаўся аб гэтым, то стаў лаяць сваіх таварышаў. Але ніхто з іх не прызнаў сябе вінаватым і ўсе яны паміж сабой канчаткова пасварыліся. Воўк кінуўся на сабаку, якому толькі пасля ўпартай барацьбы ўдалося вызваліцца. Тады сабака кінуўся на кошку і пакусаў яе, а кошка кінулася на мыш. З тых часоў і вядзецца ўзаемная нянавісць паміж воўкам, кошкай і сабакам.

 

 

 

89. ВАРЛІВОКА

 

Жыў старык са старухаю, і было ў яго тры ўнучкі. Пасеялі яны гарох, потым старык большую ўнучку паслаў гарох сцярэч. Яна там сядзела-сядзела — ідзе Варлівока на адной назе, у дзіравым сапазе, на галаве шчаціна, на ілбе маршчына, нос кручком, барада клачком, з жалезным кастыльком, ідзець да яе і зубы скаліць. Ён тую дзеўку забіў да смерці. Старуха дажыдала-дажыдала яе з поля, а яе нетуці. Паслала яна сярэднюю ўнучку і яе тожа нетуці. І меншую паслала, і яе нетуці. Старуха ляжала на печцы, з печы звалілася, на парог пакацілася з вотарапу, што нетуці ўнучак, узяла ў парозе кіёчак і пайшла сама к гароху, прыйшла ў гарох і села. Ідзець к ёй Варлівока на адной назе, у дзіравым сапазе, на галаве шчаціна, на ілбе маршчыны, нос кручком, барада клачком, з жалезным кастыльком, ідзець і зубы скаліць: як стаў біць старуху, і забіў яе да смерці. Старык дажыдаў-дажыдаў старуху: няма. Узяў старык кіёчак і пайшоў на суд на Варлівоку. Ідзець ён каля пруда і бачыць, што на прудзе плаваець селязень куцы. Ён і гаворыць на старога:

— Здрастуй, дзед, на сто лет, пайду і я з табой, і ён (Варлівока) мне вырваў хвост.

Ішлі яны, ішлі, ляжыць бічовачка і гаворыць:

— Здрастуй, дзед, куды ідзеш?

Старык сказаў. Бічовачка і гаворыць:

— Пайду і я з табою.

Тады старык сказаў:

— Пляцісь за мною ўслед.

Ідуць яны, ідуць каля дубу, жалуд і гаворыць:

— Пайду і я з табою.

Пайшлі. Ішлі яны, ішлі, штоб Варлівоку біць. Жалуд бяжыць напярод і песні пяець: «Пі-пі, пі-пі, Варлівоку біць прыйшлі!» Прыйшлі да Варлівокі ў хату. Уваходзяць у хату, а ў хаце нет нікога. Селязень узлез на перавязіну і сеў; бічовачка на лаўку, а жалуд узлез у печку і ўлез у гаршчочак, ідзе Варлівокіна каша варылася, старык лёг на печ. Ідзець Варлівока:

— Хто ў маём даму?

А жалуд з печы і гаворыць:

— Пі-пі, пі-пі, Варлівоку біць прыйшлі!

Варлівока і гаворыць:

— Пагадзі, толькі кашы пад’ем, я з вамі спраўлюся! Вынімаець кашу, толькі стаў есці яе, а жалуд скакануў яму ў глаз і выбіў паследні. Ён толькі хацеў уцеч, а бічовачка ўплялася яму ў ногі, селязень саскочыў, старык з печы саскочыў, і сталі яго біць — забілі яго да смерці.

 

 

90. ЯК ПЕЎНІК КАЗУ ПЕРАВЁЎ

 

Быў сабе адзін гаспадар, меў ён казу, так наняў пастуха, каб яе пасвіў. Прыгнаў пастух з напаскі, так гаспадар у казы пытаецца:

— Ну што, добра цябе новы пастух напасвіў?

— Ой, ой, — кажа, — ляцела праз масток, ухапіла кляновы лісток, ляцела праз грэбельку, ухапіла вады кропельку — гэта ўсяго я напіла і наела.

Так гэта гаспадар, нядоўга ждучы, прагнаў гэтага пастушка, а наняў старэйшага. Прыгнаў ён з поля, а каза зноў кажа:

— Ляцела праз масток, ухапіла кляновы лісток, ляцела праз грэбельку, ухапіла вады кропельку — гэта ўсяго я напіла і наела.

Так гаспадар і гэтага прагнаў дай наняў бабу старую. Прыйшла з поля дай на бабу скардзіцца:

— Ляцела праз масток, ухапіла кляновы лісток, ляцела праз грэбельку, ухапіла вады кропельку — гэта ўсяго я напіла і наела.

Так гаспадар, бабу прагнаўшы, сам пагнаў пасвіць. Напасвіў яе добра, каза ледзвя прыйшла дадому — мала яе не расперла. Гаспадар пытаецца:

— Ну, козанька, добра я цябе сягоннечка напасвіў?

А каза:

— Ой, ой, ляцела праз масток, ухапіла кляновы лісток, ляцела праз грэбельку, ухапіла вады кропельку — гэта ўсяго я напіла і наела.

Тады гаспадар кажа:

— А ты такая-гэтакая, то ты доўга мяне тут будзеш зводзіць?

Дай узяў, увязаў каля варот, надаў, надаў дай прагнаў.

Каза не мела дзе падзецца, убегла ў зайчыкаву хатку. Зайчык, спалохаўшыся, выбег з хаткі, сеў сабе пад яблынькаю і плача. Прыйшоў мядзведзь:

— Чаго, зайчыку, плачаш?

— Ой, — кажа, — калі ў маёй хатцы бяда сядзіць.

— Хадзі, — кажа, — братко, я табе выжану гэту бяду.

Увайшлі ў хатку, ажно каза, стоячы на печы, кажа:

— Тупу, тупу нагамі, скалю цябе рагамі, нагамі патапчу, а хвосцікам замяту!

Так мядзведзь, спалохаўшыся, уцёк, а зайчык, зноў сеўшы пад яблынькаю, плача. Аж прыходзіць воўк і пытаецца:

— Чаго ты, зайчыку, плачаш?

— Ой, —кажа, —як мне не плакаць, калі ў маю хатку ўлезла бяда і сядзіць.

А воўк:

— Хадзі, — кажа, — братко, то я табе выжану.

Калі ўвойдуць у хатку, ажно каза:

— Тупу, тупу нагамі, скалю цябе рагамі, нагамі патапчу, а хвосцікам замяту!

Так воўк чыста спалохаўся дай уцёкі, а зайчык, сеўшы пад яблынькаю, зноў плакаць стаў. Прыходзіць певень:

— Чаго ты, зайчыку, плачаш?

— Ой, — кажа, — у маёй хатцы бяда сядзіць.

— Хадзі, — кажа, — братко, я табе яе выжану.

— Ой, —кажа, —не дасі рады: былі большыя за цябе, а не далі рады.

— Не бойсь, — кажа пеўнік, — анно хадзем хутчэй.

Увайшлі ў хатку, аж каза:

— Тупу, тупу нагамі, скалю цябе рагамі, нагамі патапчу, а хвосцікам замяту!

А пеўнік кажа:

— А я маю касу, табе голаў знясу!

Так каза, спалохаўшыся, бэнц! з печы на зямлю дай забілася. Тады певень з зайчыкам косці выкінулі вон, а самі там жылі і жывуць да гэтай пары.

 

 

 

91. КАЗЁЛ

 

Жыў дзед з бабай. Разараў дзед ляда, пасеяў на лядзе аўса. Дзед скора памёр, засталася бабка адна. Пайшла бабка на ляда свайго аўса глядзець: бачыць — у аўсе казёл. Падышла яна й кажа:

— Кызя, вон! Кызя, вон!

А казёл не ідзе:

— Не лезь, — кажа, — бабішча-дурнішча! У мяне вочы шкляныя, рогі залатыя: калі парну, дык і кішкі вон!

Нечага бабе дзелаць: пайшла і плача. Аж ідзе мядзведзь:

— Чаго, аб чым, бабка, гаруеш?

Расказала бабка сваю бяду:

— Так і так, як мне не гараваць? Унадзіўся ў мой авёс казёл і выгнаць не можна.

— Ну, бабка, хадзі, я выганю!

Падышлі яны к аўсу, мядзведзь і кажа:

— Кызя, вон! Кызя, вон!

А казёл не ідзе.

— Не лезь, мядзведзішча-дурнішча! У мяне вочы шкляныя, рогі залатыя: калі парну, дык і кішкі вон!

Спужаўся мядзведзь і пабег. Пайшла бабка і плача. Аж ідзе воўк:

— Чаго, аб чым, бабка, плачаш?

Расказала бабка сваю бяду:

— Так і так, як жа мне не плакаць? Унадзіўся ў мой авёс казёл і выгнаць не можна.

— Ну, хадзі, бабка, я выганю!

— Дзе табе выгнаць, мядзведзь і той не выгнаў.

— Ну, хадзі-тка пакажы!

Падышлі к аўсу, воўк і кажа:

— Кызя, вон! Кызя, вон!

— Не лезь, ваўчышча-дурнішча! У мяне вочы шкляныя, рогі залатыя: як парну, дык і кішкі вон!

Воўк спужаўся і пабег. Пайшла зноў бабка і плача. Аж бяжыць лісіца:

— Чаго, аб чым, бабка, плачаш?

Расказала баба сваю бяду лісіцы:

— Так і так, як жа мне не плакаць. Унадзіўся ў мой авёс казёл і выгнаць не можна: мядзведзь выганяў — не выгнаў, воўк выганяў — не выгнаў.

— Ну, хадзі, я табе яго выганю!

Падышлі к аўсу:

— Кызя, вон! Кызя, вон!

— Не лезь, лісіца-дурнішча! Мае вочы шкляныя, рогі залатыя: калі парну, дык і кішкі вон!

Спужалася лісіца і пабегла. Ідзе баба зноў і плача. Аж ідзе заяц:

— Чаго, аб чым, бабка, плачаш?

Расказала бабка зайцу сваю бяду:

— Так і так, як жа мне не плакаць, унадзіўся ў мой авёс казёл і выгнаць не можна: мядзведзь выганяў — не выгнаў, воўк выганяў — не выгнаў, ліса выганяла — не выгнала.

— Ну, хадзі, бабка, я табе выганю!

Пайшлі к аўсу, заяц і кажа:

— Кызя, вон! Кызя, вон!

— Не лезь, зайчышча-дурнішча! У мяне вочы шкляныя, рогі залатыя: як парну, дык і кішкі вон!

Спужаўся заяц і пабег. Ідзе баба, зноў плача. Аж бяжыць сабака:

— Чаго ты, аб чым плачаш?

Расказала баба сваю бяду:

— Так і так, як жа мне не плакаць? Унадзіўся ў мой авёс

казёл, не можна выгнаць: мядзведзь гнаў — не выгнаў, воўк

гнаў — не выгнаў, лісіца гнала — не выгнала, заяц гнаў — не выгнаў.

— Ну, хадзі, я выганю!

Пайшлі.

— Кызя, вон! Кызя, вон!

— Не лезь, сабачышча-дурнішча! У мяне вочы шкляныя, рогі залатыя: як парну, дык і кішкі вон!

Спужаўся сабака і пабег. Зноў баба ідзе і плача. Аж ляціць пчала:

— Чаго ты, аб чым, бабка, плачаш?

Расказала баба сваю бяду: так і так, як жа мне не плакаць?

Унадзіўся ў мой авёс казёл і выгнаць не можна.

— Хадзі, я табе яго выганю!

— І дзе табе! Калі мядзведзь выганяў—не выгнаў, воўк выганяў—не выгнаў, ліса выганяла—не выгнала, заяц выганяў— не выгнаў, сабака выганяў — не выгнаў. І дзе табе выгнаць?

— Ну, хадзі, пакажы мне яго.

Пайшлі яны выганяць. Вот пчала падляцела дык як джыгнець казла за кока!.. Як забляець ён! Як пабяжыць!.. Перастаў з тых пор казёл у бабін авёс хадзіць. Стала яна сабе жыць ды пажываць ды дабра нажываць.

 

 

 

92. КАЗА ДАРОТА

 

Жыў сабе дзед ды баба. І не было ў іх нікаго з скаціны. Пайшоў дзед у лес, як стукне ў бярэзіну — выскакыіць каза белая. Ён яе ўзяў за рогі і прывёў у двор.

— Ну, баба, даі!

Яна злезла з печы, падаіла, загнала казу ў хлеў.

На другі дзень ізноў дзед пайшоў у лес. Як стукне ў рабініну — выскачыла каза рабая. Ён яе ўзяў за рогі і прывёў у двор.

— Ну, баба, ідзі даі!

Баба злезла, падаіла і загнала яе ў хлеў.

На трэці дзень дзед апяць пайшоў у лес з тапаром. Як стукне ў асініну — выскачыла каза сівая. Ён узяў яе за рогі і прывёў у двор.

— Ну, баба, ідзі даі!

Баба злезла з печы, падаіла казу і ў хлеў загнала.

На чацвёрты дзень апяць узяў дзед тапор і пайшоў у лес. Як стукне ў ёлку — выскачыла каза чорная. Ён узяў яе за рогі і прывёў у двор.

— Ну, баба, даі!

Баба злезла з печы, падаіла, а казу загнала ў хлеў.

Тады, на другі дзень, пасылае дзед большую дачку пасвіць коз. Яна пагнала коз у лес. Пасвіла-пасвіла па мхах, па балотах, увечары гоніць у двор. А дзед стаў у варотах і пытаецца ў коз:

— Козы мае, козынькі, ці пілі, ці елі?

А козы кажуць:

— Не, мы не елі і не пілі: па кляновай лісцінцы з'елі, па напарстачку вады выпілі.

Дзед узяў забіў дачку, пад печ падкінуў, ступай закаціў, скаварадой завесіў, саломкай падпаліў.

На другі дзень выпраўляе дзед другую дачку пасвіць коз. Пагнала яна іх у лес, пасвіла-пасвіла па мхах, па балотах. Яны наеліся, як бочкі. Увечары напаіла і гоніць у двор. А дзед забег к ім наперад і пытаецца:

— Ці елі вы, козынькі, ці пілі вы?

— Не, дзед, не елі мы і не пілі, толькі з’елі па кляновай лісцінцы і па напарстачку вады выпілі!

Дзед узяў дачку забіў, пад печ падкінуў, ступай закаціў, скаварадой завесіў, саломкай падпаліў.

На трэці дзень пасылае трэцюю дачку пасвіць коз. Пагнала яна іх у лес, пасвіла-пасвіла па мхах, па балотах. Яны наеліся, як бочкі. Увечары напаіла і гоніць у двор. А дзед забег к ім наперад і пытаецца:

— Ці пілі вы, козынькі, ці елі вы?

— Не, дзед, не елі мы і не пілі, толькі з'елі па кляновай лісцінцы і па напарстачку вады выпілі.

Дзед узяў дачку забіў, пад печ падкінуў, ступай закаціў, скавародкай завесіў, саломкай падпаліў. На чацвёрты дзень пагнала коз баба.

Пагнала яна іх у лес, пасвіла-пасвіла па мхах, па балотах. Яны наеліся, як бочкі. Увечары напаіла і гоніць у двор. А дзед забег к ім наперад і пытаецца:

— Ці елі вы, козынькі, ці пілі вы?

— Не, дзед, не елі мы і не пілі, толькі з’елі па кляновай лісцінцы і па напарстачку вады выпілі.

Дзед узяў бабу забіў, пад печ падкінуў, ступай закаціў, скавародкай завесіў, саломкай падпаліў.

На пяты дзень ужо сам пагнаў дзед пасвіць коз. Пасвіў-пасвіў па мхах, па балотах. Наеліся, напіліся, увечары гоніць у двор. А сам забег к ім наперад і спрашвае:

— Козы мае, козынькі, ці наеліся, ці напіліся?

— Не, дзед, не напіліся, не наеліся, толькі з'елі па кляновай лісцінцы і па напарстачку вады выпілі!

Дзед усердзіўся. Узяў загнаў іх у хлеў, а сам пайшоў у хату за нажом. Прыйшоў з нажом у хлеў, улавіў адну казу і стаў лупіць. Лупіў-лупіў, нож ступіў. Пайшоў у хату вастрыць нож, а каза адарвалася і пабегла. Бегла-бегла, прыбегла ў лес. Чыкі-брыкі і папала ў лісічыю пячору. А лісіцы няма ў дварэ. Прыходзіць лісіца:

— Хто тут ёсць у маёй пячоры?

— Я, каза Дарота, паўбока парота, бок дран, бок не дран, бок луплен, бок не луплен. Як выскачу — з’ем, забадаю!

Лісіца сядзіць і плача. Бяжыць заяц:

— Чаго ты, кумка-галубка, плачаш?

— Чаму мне не плакаць, калі ў маёй пячоры нехта сядзіць!

— Ну, пастой: ці не выганю я?

Прыйшоў к пячоры, пытаецца:

— Хто тут ёсць у пячоры?

— Каза Дарота, паўбока парота, бок дран, бок не дран, бок луплен, бок не луплен. Як выскачу — з’ем, забадаю!

Заяц спужаўся і пабег у лес.

Ідзе воўк.

— Чаго ты, кумка-галубка, плачаш?

— Чаму мне не плакаць, калі ў маёй пячоры нехта сядзіць?

— Ну, пастой: ці не выганю я?

Прыйшоў к пячоры, пытаецца:

— Хто тут ёсць у пячоры?

— Каза Дарота, паўбока парота, бок дран, бок не дран, бок луплен, бок не луплен. Як выскачу — з’ем, забадаю!

Воўк спужаўся і пабег.

Пасля ваўка прыйшоў мядзведзь і той спужаўся казы. Ляціць шчымялёк.

— Чаго ты, кумка-галубка, плачаш?

— Чаму мне не плакаць, калі ў маёй пячоры нехта сядзіць. Заяц гнаў не выгнаў, воўк гнаў не выгнаў, мядзведзь гнаў не выгнаў.

— Ну, хадзі-тка, ці не выганю я?..

Яна прывяла яго к пячоры, ён пытаецца:

— Хто тут ёсць у пячоры?

— Каза Дарота, паўбока парота, бок дран, бок не дран, бок луплен, бок не луплен. Як выскачу — з ем, забадаю!

А шчымялёк залез у пячору, за луплены бок як куснуў... Каза і пабегла з пячоры.

Бяжыць-бяжыць, ажно стаіць хатка на курыных ножках, на бараніх рожках, стаіць, пакручваецца. Яна ў тую хатку і стала жыць. Аказянілася там. Тады сама пайшла есці шукаць, запёрла казлянят у хатцы і сказала ім нікому не адчыняць, а то воўк паесць... Пайшла, наелася і прыходзіць:

— Казляняткі, галубяняткі, адчыніце хатку! Нясу гаршчок тварага, цыцку малака!

Яны адпёрліся, каза пакарміла іх і зноў пайшла.

— Глядзіце ж, нікому не адчыняйце, а то воўк з'есць!

Пачуў воўк, што казляняты бляюць, падышоў к хатцы і кажа грубым голасам:

— Казляняткі, галубяняткі, адчыніце хатку! Нясу гаршчок тварага, цыцку малака!

А яны кажуць:

— Не, ты не матка, а ты воўк, матка тоненька пяець, а ты груба. Табе не адчынім.

Воўк пайшоў к кавалю і кажа:

— Ну, каваль! Пакуй мне язык!

— Ну давай!

Ён паклаў язык на калодку, а каваль узяў тапор — як дасць па языку абухом — язык і патанеў. Воўк тады пайшоў к хатцы і кажа тоненькім голасам:

— Дзеткі, галубяняткі, адчыніце хатку! Нясу гаршчок тварага, цыцку малака!

Яны адчынілі, ён і паеў іх, толькі адзін схаваўся ў шчэпы. Прыйшла матка і кажа:

— Дзеткі, галубяняткі, адчыніце хатку! Нясу гаршчок тварага, цыцку малака!

А казлянёнак баіцца адчыняць, ён думаў, што воўк. Каза пад сцяну падкапалася і ўлезла ў хатку.

— Казляняткі, галубяняткі, дзе вы?

Ён выскачыў і кажа:

— Воўк паеў тых!..

Яна ўзяла, пасабрала тыя костачкі, пасушыла, у ступе патаўкла, учыніла бліноў і паслала зайца па ваўка, зваць на памінкі. Ён пабег к ваўку.

— Стук-грук у воўчую хату!

— Зачым?

— Паслала каза зваць на памінкі!

— Ну, падажджы, толькі абуюся ды памалюся!

Заяц і пабег. А каза кажа:

— Ну, ці йдзець ён?

— Толькі, казаў, абуюся ды памалюся.

— Ну, бяжы па яго!

Ён пабег.

— Стук-грук!

— Хто там?

— Заяц!

— Зачым?

— Паслала каза на памінкі зваць!

— Падажджы, толькі надзенуся!

— Ну, барзджэй!

Воўк выйшаў і пайшлі. Прыйшлі ў хатку. Каза памазала блін ваўку, ён з’еў. Каза кажа:

— Ці смачна?

— Смачна, кумка-галубка!

— Ну, я смачнейшага дам. Пакладзі-тка рукі на калені, вочы заплюшч, рот разінь, я табе ўкіну блін.

Воўк сеў на парозе, вочы заплюшчыў, лапы паклаў на калені, рот разінуў, а каза распаліла скавараду ды яму ў рот яснаю скавараду і ўкінула. Ён на тым месцы і ўвесь...

 

 

 

93. БАРАН — БОК АБАДРАН

 

Жыў быў дзед, а ў таго дзеда быў баран, вось і захацеў той дзед зарэзаць свайго барана; толькі што пачаў рэзаць, трошкі бок абадраў, ажно баран ускочыў ды ўцёк і схаваўся ў нару лісіцы.

Прыйшла лісіца ў сваю нару, ажно там нехта сядзіць, спужалася лісіца і пытаецца:

— Хто там?

А баран ёй:

— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, як дам рагамі, дык ты кверху нагамі.

Лісіца спужалася і пайшла воўка прасіць:

— А воўчынька ты мой, а кумочык мой, хадзі дапамажы маёй бядзе, паглядзі, хто гэта ў мяне ў нары сядзіць.

Паслухаў воўк лісу, пайшоў з ёй у нару выганяць барана: прыйшоў ды сарп, сарп, носам нюхае:

— Хто там?

— Я тут, баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, як дам рагамі, дык ты кверху нагамі.

Воўк спужаўся і ўцёк. Пайшлі яны з лісіцай ды к мядзведзю, сталі мядзведзя прасіць:

— Мядзведзенька, баценька, хадзі памажы нашай бядзе, паглядзі, хто ў лісіцынай нары сядзіць.

Паслухаў мядзведзь, пайшоў з імі да нары, прыйшоў і пытаецца:

— Хто там?

А баран яму:

— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, як дам рагамі, дык ты кверху нагамі.

Мядзведзь спужаўся і ўцёк. Ідуць яны, ідуць каля саду і бачаць — ляціць пчолка. Давай яны пчолку прасіць:

— Пчолачка, душачка, хадзі, паглядзі, хто ў лісіцынай нары сядзіць.

Паляцела з імі пчолка. Прыляцела і пытаецца:

— Хто там?

А баран ёй:

— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, як дам рагамі, дык ты кверху нагамі.

А пчолка як уляцела ў нару, як села на барана ды давай яго кусаць за абадраны бок, баран выскачыў і пабег уцякаць.

 

 

 

94. КАЗА ЛУПЛЕНАЯ

 

Жыў дзед з бабай. Было ў іх сем коз і сем дачок. Гаворыць дзед сваёй большай дачцэ:

— Гані, мая большая дачушка, коз у поле!

Дачка і пагнала. Пасціла, пасціла, стала ўжо цямнець; яна і спрашваець:

— Козы мае, козачкі, ці пад’елі вы, ці напіліся?

Вот старая каза заблекатала, затопала нагамі, матнула галавой і кажаць:

— Дзякуй табе, пад’елі і напіліся ўволю. А цяпер ужо вечар, упала сцюдзёная раса, гані нас дамоў на ноч.

Гоніць дачка коз дамоў, а дзед сеў у варотах у чырвоных ботах ды пытаець:

— Козы мае мілыя! Ці пілі вы, ці елі?

Усе кажуць: «Я напілася, наелася, я напілася, наелася...»

А старая маўчыць.

— А ты, старая каза, ці напілася, ці наелася?

— Не, дзед, не напілася я, не наелася: бегла цераз калінавы масток, ухваціла асінавы лісток, ля згароды жменечку травы з ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.

Рассердзіўся дзед на дачку, біў, біў, забіў і пад печку падкаціў. На другі дзень гаворыць дзед другой дачцэ:

— Гані, мая дачушка другая, у поле коз ды харашэнька пасі!

Пагнала дачка коз у поле чуць дзень. Пасціла, пасціла ды пад вечар і спрашваець:

— Козы мае, козачкі, ці пад’елі вы, ці напіліся?

Старая каза заблекатала, затопала нагамі, матнула галавой і кажаць:

— Дзякуй табе, пад елі мы і напіліся ўволю. Гані нас на ноч дамоў, бо ўжо пала сцюдзёная раса!

Пагнала дачка коз дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і пытаець:

— Козы мае мілыя, ці напіліся, ці наеліся?

— Я напілася, я наелася, я напілася, я наелася, я напілася, я наелася...

— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?

— Не, дзед, не піла я, не ела, толькі бегла цераз калінавы масток, ухваціла рабінавы лісток, ля згароды жменечку травы з ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.

Рассердзіўся дзед, біў, біў дачку, забіў і пад печку падкаціў. На другі дзень выслаў дзед сваю трэцюю дачку:

— Гані, мая трэцяя дачушка, у поле коз ды харашэнька напасі!

Пагнала яна чуць дзень. Пасціла, пасціла, а пад вечар і спрашваець:

— Козы мае, козачкі, ці пад’елі вы, ці напіліся?

Старая каза заблекатала, затопала нагамі, матнула галавой і гаворыць:

— Спасіба, наеліся і напіліся ўволюшку!

Гоніць яна іх дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:

— Козы мае мілыя! Ці напіліся вы, ці наеліся вы?

А яны яму:

— Я напілася, я наелася, я напілася, я наелася...

— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?

— Не напілася я, не наелася: а як бегла цераз калінавы масток, ухваціла бярозавы лісток, ля згароды з’ела жменечку травы ды выпіла лыжачку вады. Толькі я піла і ела.

Рассердзіўся дзед, біў, біў дачку, забіў і пад печку падкаціў. Пагнала на другі дзень чацвёртая дачка. Пасціла, пасціла, накарміла, напаіла і гоніць дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:

— Козы мае мілыя! Ці напіліся вы, ці наеліся вы?

А козы яму ў атвет:

— Я напілася, я наелася, я напілася, я наелася...

— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?

— Не, дзед, не напілася, не наелася: толькі бегла цераз калінавы масток, ухваціла дубовы лісток, ля згароды жменечку травы з’ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.

Біў, біў дзед дачку, забіў і пад печку падкаціў.

— Гані, мая пятая дачушка, коз у поле! Ды харашэнька напасі!

Пагнала пятая дачка; пасціла, пасціла, накарміла, напаіла і гоніць. Дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і пытаець:

— Козы мае мілыя, ці пілі вы, ці елі?

А козы гавораць:

— Я напілася, я наелася, я напілася й наелася...

— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?

— Не, дзед, не напілася, не наелася: як бегла цераз калінавы масток, ухваціла кляновы лісток, ля згароды жменечку травы з’ела ды лыжачку вадзіцы выпіла...

Рассердзіўся дзед, забіў дачку і пад печ падкаціў.

— Гані, мая шостая дачушка, коз у поле!

Яна пагнала, пасціла, пасціла з рання ды да вечара і гоніць дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:

— Козы мае мілыя! Ці напіліся, ці наеліся вы?

— Я напілася, наелася, я напілася, наелася...

— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?

— Не, дзед, не напілася, не наелася: як бегла цераз калінавы масток, ухваціла альховы лісток, ля згароды жменечку травы з'ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.

Забіў дзед і гэту дачку і пад печ падкаціў.

— Гані, мая сёмая дачушка, коз у поле ды глядзі ж, харашэнька напасі!

Пагнала дачка коз у поле чуць дзень: пасціла, пасціла, а пад вечар і пытаець:

— Козы мае, козачкі, ці напіліся вы, ці наеліся?

Старая каза заблекатала, затопала нагамі, матнула галавой і кажаць:

— Дзякуй табе, наеліся і напіліся ўволю: гані нас ужо дамоў, бо на зямлю ўжо пала сцюдзёная раса!

Гоніць яна, а дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:

— Козы мае мілыя, ці напіліся вы, ці наеліся вы?

— Я напілася, наелася, я напілася, наелася...

— А ты, каза старая, ці напілася, наелася?

— Не, дзед, не напілася, не наелася: толькі як бегла цераз калінавы масток, ухваціла арэхавы лісток, ля згароды жменечку травы з’ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым піла і ела.

Рассердзіўся дзед, біў, біў тую дачку, забіў і пад печ падкаціў.

— Ну, баба, гані коз у поле!

Пагнала баба, пасціла, пасціла, стала ўжо прыцемна, гоніць яна іх дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:

— Козы мае мілыя, ці пілі вы, ці елі?

— Я напілася й наелася, я напілася, я наелася...

— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?

— Не напілася, не наелася: бегла цераз калінавы масточак, ухваціла лазовы лісточак, ля згароды жменьку травы з ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Толькі піла я і ела.

Рассердзіўся дзед, біў, біў бабу, забіў і пад печ падкаціў. На другі дзень пагнаў сам коз у поле, зняўшы чырвоныя боты. Пасціў, пасціў і гоніць. А сам забег напярод, надзеў чырвоныя боты, сеў у варотах і спрашваець:

— Козы мае мілыя, ці напіліся, ці наеліся вы?

— Я напілася й наелася, я напілася й наелася...

— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?

— Ну, дзед, я не напілася, не наелася: як бегла цераз калінавы масток, ухваціла ясеневы лісток, ля згароды жменечку травы з'ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.

Заплакаў дзед:

— Ах жа ты, праклятая! Перавяла маіх дачок, перавяла маю бабу!

Біў, біў ён тую казу, біў, біў — ажно бок аблупіў. Схваціў яе за рогі і прывязаў вяровачкай к калёсам, а сам прычытаець ды прыгаварваець:

— Каза мая, каза, не казліся позна, каза мая белая ля згароды бегала, а я казу за нагу, заўтра на торг павяду: казу белую прадам, за тры грошыкі аддам!

Пачула гэта каза, адарвалася яна ад калёс і пабегла з двара! Бегла, бегла, забегла ў лес, а ў лесе лісічкіна хатка. Забегла яна ў хатку і палезла пад печ. Прыйшла лісічка, чуець — нехта ёсць у хатцы. Яна і кажаць:

— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!

— Я каза луплена, за тры грошы куплена, як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся за парогам, залатой барадой замяту!

Спужалася лісічка, села на завалінку і плачаць. Ідзець зайчык:

— Кумка-галубка, чаго ты плачаш?

— Як жа мне не плакаць: нехта ў маёй хатцы ёсць.

—Хадзі, кумка-галубка, ці не выганім мы?

Прыйшлі:

— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!

— Я каза луплена, за тры грошы куплена. Як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся за парогам, залатой барадой замяту!

Спужаўся зайка, уцёк. Сядзіць лісічка на заваліне і плачаць. Прыйшоў воўк:

— Кумка-галубка, чаго ты плачаш?

— Як жа мне не плакаць: нехта ў маёй хатцы ёсць.

— Хадзі, ці не выганім мы яго?

Прыйшлі.

— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!

— Я каза луплена, за тры грошы куплена. Як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся пад парогам, залатой барадой замяту!

Спужаўся воўк і ўцёк. Пайшла ізноў лісічка на завалінку, села і плачаць. Ідзець мядзведзь:

— Кумка-галубка, чаго ты плачаш?

— Як жа мне не плакаць: нехта ў маёй хатцы ёсць.

— Хадзі, ці не выганім мы яго?

Пайшлі і спрашваюць:

— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!

— Я каза луплена, за тры грошы куплена. Як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся за парогам, залатой барадой замяту!

Спужаўся мядзведзь і ўцёк. Сядзіць лісічка, плачаць. Аж во паўзець рак:

— Кумка-галубка, чаго ты плачаш?

— Як жа мне не плакаць: нехта ў маёй хатцы ёсць.

— Пойдзем, кумка-галубка, ці не выганім мы з табой.

— І дзе табе, рачык, выгнаць? Зайчык гнаў — не выгнаў, воўк гнаў — не выгнаў, мядзведзь гнаў — не выгнаў і ты не выганіш.

— Ну, а ўсё-такі хадзем!

Пайшлі і спрашваюць:

— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!

— Я каза луплена, за тры грошы куплена. Як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся за парогам, залатой барадой замяту!

Рак тады пад печ, падпоўз пад казу ды як шчыпнець! Як пабяжыць тая каза з-пад печы, ды з хаты, ды ў лес!.. Лісічка накарміла, напаіла рака, а сама стала жыць ды пажываць, ды дабра нажываць.

 

 

 

95. ПЦІЦЫ НА РУСІ

 

Ёсць на свеце гусь-вертагуз. Па мору ўсплаваець, сам сабе рассуждаець:

— Што я ёсць у бога за пціца? Хаця па вадам усплываю, а бога ў глаза не відаю.

Ёсць пціца жавароначак, прылятаець і давай гэтага гуся ругаць:

— Ах ты, гусь-вертагуз, я рана ўставаю і зоры выпіваю, і то бога ў глаза не відаю.

Ёсць пціца перапел, прылятаець і ругаець жавароначка:

— Жавароначак, дурной ты, страмной, худая твая з..: я раньша цябе ўстаю і ў гаспод па комнатам лятаю.

Ёсць пціца сарока, прыляцела здалёка і гаворыць:

— Чаго, чаго, каторая? Я ў бога была, я з ім гаварыла і знаю, каму мука, каму рай.

Ёсць пціца сокал. Пачаў ругаць сароку:

— Шчаколдачка ты, шэльмовачка, смееш лі ты арлоўскім імем выхваляцца?

Ёсць пціца воран, скаваў сароку з сокалам і звязаў і адправіў у сяло Траўкіна-Мураўкіна, па-руску ў балота, і сядзіць на сасне арол, крычыць:

— Прыварачывайцеся сюды: я рассужу.

Грозна на іх ускідываўся і скора ўзмілаваўся, пусціў іх, яны паляцелі, высока ўзвіліся, нізка пакланіліся, кады што дваранскага чына дабіліся.

Ёсць пціца квакуха-наседа, па-руску курыца, сачыніла на хазяйку просьбу. Прылятаець к арлу:

— Бацюшка цар арол, рассудзі мяне з хазяйкай: усё мяне журыць і браніць, гаворыць на мяне: «Кыш, растаўшчыха, кыш, разарыха, кыш, шыракабедніца!»

Ёсць пціца галубок і гаворыць:

— Бацюшка цар арол, как яе не браніць і как не журыць? Знясець яна трыццаць яец і выведзець трыццаць цыплёнкаў; хазяйка сохні і балі, усё за імі хадзі! Хазяйка пасеець рэпкі і маркоўкі, а яна рыець ды капаець ды яшчэ гэтым давольна не астаецца і на чужой агарод забярэцца, а цераз гэта бываець шум, крык, драка — ніхарашо.

Ёсць пціца варона, сачыніла просьбу на вераб’я:

— Бацюшка цар арол, рассудзі мяне з вераб’ём: ізбіў мяне, дыханне закладаець!

Арол весьма асярчаў, крыкнуў громка:

— Верабей, падзі сюды!

Верабей падбяжаў, стаў прама і картуз скінуў і гаворыць:

— Чаго ізволіце, цар арол?

Гаворыць арол:

— Ты за што, брацец, варону ізбіў і іскалаціў, што яе дыханне закладаець?

Верабей гаворыць:

— Бацюшка цар арол, як яе не біць і як яе, дуру, не калаціць? Мужычок устаець рана, бяжыць-тарапіцца і ржычку высцілаць-малаціць баіцца; а яна села на калу і распушчаець сваю глатаўню, крычыць: ліба будзець дождж, ліба будзець мяцель — так у мужычка і праходзіць увесь дзень, а гумно было не накрыта!

Ёсць пціца цапля, прылятаець к арлу і гаворыць:

— Бацюшка цар арол, налажы на мяне піцінню: я праграшыла!

Арол спрашываець:

— А іменна чым жа?

— А ва ўрэмя полай вады, вясною, мужычкі становяць яршы рыбу лавіць, а я прылячу і бальшую рыбу проч адганю — гэта мяне і мучыць.

Ёсць пціца галачка, манашанка, давай гэту цаплю ругаць:

— Доўгія твае ногі, ах ты, сінебутылая, ах ты, хадакастая, ты яшчэ на калаколінке не сіжывала, гасподняга колакала не слыхівала, а хочаш у манашанкі паступіць? Вот я, галачка, манашанка, на калаколінке сіжывала і гасподні колакал слыхівала, а бога ў глаза не відала.

У Навалачкаўскім бальшом бару жыла-была горкая кукушачка, звіла сабе на дубу гняздзечка, снясла два яечка і вывела двух дзіцёначкаў; прыляцела к ёй варона Філіпаўна, двух дзіцёначкаў яе зарэзала і два з палцінай узяла. Паляцела горкая кукушачка к цару арлу і грачу-прыкашчыку і гаворыць:

— Бацюшка цар арол, не прыкажыце, цар арол, вароны Філіпаўны так непакойна ў лясу пражываць і нас, мелкіх пташак, абіжаць! Я звіла сабе на дубу гняздзечка і снясла два яечка і вывела двух дзіцёначкаў, а варона Філіпаўна іх зарэзала і прадала, два з палцінай узяла!

Цар арол і грач-прыкашчык весьма асердзіліся, сабралі лёгкіх вераб’ёў і сносных курапатак і паслалі па варону Філіпаўну. Прылятаюць лёгкія вераб’і і сносныя курапаткі к вароне Філіпаўне, гавораць:

— Варона Філіпаўна, цар арол і грач-прыкашчык спрашваюць цябе на глаза к сабе.

Яна гаворыць ім:

— Чаго, чаго?

— Не павясціў нас аб гэтым, а прыказаў, штоб ты січас явілася.

Прыляцела варона Філіпаўна к цару арлу і грачу-прыкашчыку і гаворыць:

— Здароў, здароў!

Гаворыць ёй цар арол:

— Ты што ж, варона Філіпаўна, у лясу непакойна пражываеш і мелкіх пцічак абіжаеш?

— Няпраўда, няпраўда!

А цецяраў глушак, у бруснічцы седзячы, гаворыць:

— Яна варона плутоўка, варона шальмоўка: па полю лятаець і снапы разбіваець, куры нясуцца, яна яйцы таскаець і старух на смех падымаець.

Яна гаворыць на яго:

— Глушак, глушак!

І рассудзіў цар арол і грач-прыкашчык вывесці варону ў чыстае поле, вывесці яе ў поле, палажыць на баразну і падняць сарафан на галаву і адпусціць ёй 25 удараў.

 

 

 

96. ВАРОНА

 

Захацела варона паляцець за граніцу даведацца, што і якія там птушкі. Прыляцела яна туды, аж птушкі абступілі яе і зачалі пытацца, скуль яна, што ў Вільні чуваць, чы пекныя маюць пёрка і якія галасочкі. А варона ўсё слухае і прыглядваецца, як яны лятаюць. Адна птушка кажа, што яна чула, што ў вашай старане ёсць птушка, называецца салавей, што ён мае громкі і пекны галасочак, чы гэта праўда. Так яна кажа:

— Я бабка! Я бабка!

Як услыхалі яе голас брыдкі, як зачалі яе шчыпаць, так яна не магла вытрываць і зноў да Вільна прыляцела. Зачала гняздо віць, зачала яйкі нясці. Аж як яе не было ў гняздзе, так прыляцеў каршун і знёс яйка. Варона не пазнала і выседзела ўсе яйкі. Як прыгледзелася, што не такі адзін, як усе, так зачала крычаць:

— Будзе кароль, будзе кароль!

Як гэтыя дзеці яе падраслі, каршун захацеў есці. Адзін раз, як яна зараз не прыляцела, так каршун узяў дый паеў яе дзяцей. Як яна сама прыляцела і знайшла, што яе дзеці паедзены, так зачала крычаць на каршуна, што ён вырадак! вырадак!.. а ён толькі што яе не задраў. Так яна паляцела на раку Вілію, села на камені і глядзіць у ваду, а каля яе другая варона сядзіць і ў ваду глядзіць, чы не ўвідзіць рыбу чы рака, каб з'есці. Так перша злавіла рака і хацела яго з’есці, а рак дый пачаў гаварыць:

— Якая ты пекная пані! Ты будзеш у карэце ездзіць, якія твае харошыя пёркі, а я чуў, які твой пекны галасок; як зачнеш спяваць, так на цэлы свет чуваць! Ты будзеш надта багата!

Так яна і зачала крычаць:

— Праўда, праўда!

Як толькі развярнула дзюбу, так упаў рак да вады і схаваўся. Як агледзіцца яна, што рак уцёк, ашукаў яе, так толькі аглядаецца і ўсе заве:

— Саўлюк, саўлюк! Саўлюк!

А другая варона кажа:

— Было калупаць, было калупаць!

* * *

Толькі трэба прыслухацца, так праўда: яны заўжды так крычаць.

 

 

 

97. ПТАШЭЧЧА ПІВА

 

Захацелі піва рабіць верабей, варона і сарока. Як знайшлі адно зярно ячменю, вышукалі ад кола пясту, укінулі ячмень і зачалі ваду знасіць. Насілі колькі днёў і не маглі нанасіць: усё як гіне вада, так гіне. Так зачалі сваім голасам крычаць.

Сарока кажа:

— Чы не цячэ? Чы не цячэ?

Верабей кажа:

— Чым, чым, чым, чым!

Варона кажа:

— Праўда, сапсаваў, сапсаваў!

І не зрабілі піва і хто ў сваю старану паляцелі.

 

 

 

98. ЯК ВАРОНА ЯСТРАБА ВЫВЕЛА

 

Знёс ястраб у вароніным гняздзе яйцо. Варона і вывела і пасмотрыць, што дзіцёнак не яе, кагда ён зусім ужо адужаў, здзіўляецца, што гэта за ўрода такая.

Прынесла чарвей карміць яго, а ён варону кагцямі за нос. Магла толькі вырвацца, села на дзерава і закрычала:

— Урода, урода!

А ястрабёнак атвячаець:

— Гэта наша такая парода!

 

 

 

99. КАЗА Ў АРЭХАХ

 

Пайшоў казёл з казой у арэхі, казёл шчыпле, каза есць. Нашчыпалі тры мяхі, а чацвёрты — шалухі.

— Каза, каза, хадзем дамоў!

— Не, не пайду!..

Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

— Падажджы ж, каза, нашлю я на цябе ваўкоў! Ваўкі, ваўкі, ідзіце казу есці!

Ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Падажджыце ж, ваўкі, нашлю я на вас мядзведзя. Мядзведзь, мядзведзь, ідзі ваўкоў драць!

Мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Падажджы ж, мядзведзь, нашлю я на цябе стральцоў. Стральцы, стральцы, ідзіце мядзведзя біць!

Стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Пастойце ж, стральцы, нашлю я на вас вяроўкі. Вяроўкі, вяроўкі, ідзіце стральцоў вязаць!

Вяроўкі не йдуць стральцоў вязаць, стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Пастойце ж, вяроўкі, нашлю я на вас агонь. Агонь, агонь, ідзі вяроўкі паліць!

Агонь не йдзе вяроўкі паліць, вяроўкі не йдуць стральцоў вязаць, стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Падажджы ж, агонь, нашлю я на цябе ваду. Вада, вада, ідзі агонь тушыць!

Вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе вяроўкі паліць, вяроўкі не йдуць стральцоў вязаць, стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Падажджы ж, вада, нашлю я на цябе валоў. Валы, валы, ідзіце ваду піць!

Валы не йдуць вады піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе вяроўкі паліць, вяроўкі не йдуць стральцоў вязаць, стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Пастойце ж, валы, нашлю я на вас даўбнёў. Даўбні, даўбні, ідзіце валоў біць!

Даўбні не йдуць валоў біць, валы не йдуць ваду піць, вада не йдзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Пастойце ж, даўбні, нашлю я на вас тапароў. Тапары, тапары, ідзіце даўбнёў сеч!

Тапары не йдуць даўбнёў сеч, даўбні не йдуць валоў біць, валы не йдуць ваду піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе вяроўкі паліць, вяроўкі не йдуць стральцоў вязаць, стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Пастойце ж, тапары, нашлю я на вас камянёў. Камяні, камяні, ідзіце тапароў тупіць.

Камяні не йдуць тапароў тупіць, тапары не йдуць даўбнёў сеч, даўбні не йдуць валоў біць, валы не йдуць ваду піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе вяроўкі паліць, вяроўкі не йдуць стральцоў вязаць, стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Пастойце ж, камяні, нашлю я на вас чарвей. Чэрві, чэрві, ідзіце камянёў тачыць!

Чэрві не йдуць камянёў тачыць, камяні не йдуць тапароў тупіць, тапары не йдуць даўбнёў сеч, даўбні не йдуць валоў біць, валы не йдуць ваду піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе вяроўкі паліць, вяроўкі не йдуць стральцоў вязаць, стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Пастойце ж, чэрві, нашлю я на вас курэй. Куры, куры, ідзіце чарвей дзюўбаць!

Куры не йдуць чарвей дзюўбаць, чэрві не йдуць камянёў тачыць, камяні не йдуць тапароў тупіць, тапары не йдуць даўбнёў сеч, даўбні не йдуць валоў біць, валы не йдуць вады піць, вада не йдзе агонь тушыць, агонь не йдзе вяроўкі паліць, вяроўкі не йдуць стральцоў вязаць, стральцы не йдуць мядзведзя біць, мядзведзь не йдзе ваўкоў драць, ваўкі не йдуць казы есць: няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі!

— Пастойце ж, куры, нашлю я на вас каршука. Каршук, каршук, ідзі курэй драць!

Каршук пайшоў курэй драць, куры пайшлі чарвей дзюўбаць, чэрві пайшлі камянёў тачыць, камяні пайшлі тапароў тупіць, тапары пайшлі даўбнёў сеч, даўбні пайшлі валоў біць. валы пайшлі ваду піць, вада пайшла агонь тушыць, агонь пайшоў вяроўкі паліць, вяроўкі пайшлі стральцоў вязаць, стральцы пайшлі мядзведзя біць, мядзведзь пайшоў ваўкоў драць, ваўкі пайшлі казу есць: ёсць каза з арэхамі, ёсць каза з калёнымі!

 

 

 

100. ВЕРАБЕЙКА НА БЫЛІНЦЫ

 

Сеў верабейка на былінку і хацеў, каб яна яго пакалыхала, але былінка не пакалыхала, а пор яго... Тады верабейка і гаворыць былінцы:

— Пастой, былінка, нашлю я на цябе козы. Козы, козы! Ідзіце былінку гладаць, бо былінка не хоча верабейкі калыхаць.

Не захацелі і козы.

— Пастойце ж, козы, нашлю на вас ваўкоў. Ваўкі, ваўкі! Ідзіце коз душыць, бо козы не хочуць былінкі гладаць, а былінка — верабейкі калыхаць.

Не захацелі і ваўкі.

— Пастойце ж, ваўкі! Нашлю на вас людзей. Людзі, людзі! Ідзіце ваўкоў біць, бо ваўкі не хочуць коз душыць, а козы не хочуць былінкі гладаць, а былінка — верабейкі калыхаць.

Не захацелі і людзі.

— Пастойце ж, людзі! Нашлю на вас агонь. Агонь, агонь! Ідзі людзей паліць, бо людзі не хочуць ваўкоў біць, а ваўкі не хочуць коз душыць, а козы не хочуць былінкі гладаць, а былінка не хоча мяне, верабейкі, калыхаць.

Не захацеў і агонь.

— Пастой жа, агонь! Нашлю на цябе ваду. Вада, вада! Ідзі агонь тушыць, бо агонь не хоча людзей паліць, а людзі не хочуць ваўкоў біць, а ваўкі не хочуць коз душыць, а козы не хочуць былінкі гладаць, а былінка не хоча мяне, верабейкі, калыхаць.

Не захацела і вада.

— Пастой жа, вада, нашлю я на цябе вала. Вол, вол! Ідзі ваду піць, бо вада не хоча агня тушыць, а агонь не хоча людзей паліць, а людзі не хочуць ваўкоў біць, а ваўкі не хочуць коз душыць, а козы не хочуць былінкі гладаць, а былінка не хоча мяне, верабейкі, калыхаць.

Не захацеў і вол.

— Пастой жа, вол. Нашлю я на цябе доўбню. Доўбня, доўбня! Ідзі вала біць, бо вол не хоча вады піць, а вада не хоча агня тушыць, а агонь не хоча людзей паліць, а людзі не хочуць ваўкоў біць, а ваўкі не хочуць коз душыць, а козы не хочуць былінкі гладаць, а былінка не хоча мяне, верабейкі, калыхаць.

Не захацела і доўбня.

— Пастой жа, доўбня! Нашлю на цябе чарвей. Чэрві, чэрві! Ідзіце доўбню тачыць, бо доўбня не хоча вала біць, а вол не хоча вады піць, а вада не хоча агня тушыць, а агонь не хоча людзей паліць, а людзі не хочуць ваўкоў біць, а ваўкі не хочуць коз душыць, а козы не хочуць былінкі гладаць, а былінка не хоча мяне, верабейкі, калыхаць.

Чэрві паслухаліся вераб’я і пайшлі доўбню тачыць і цяпер точаць, а доўбня — вала біць і цяпер б'е, а вол — ваду піць і цяпер п’е, а вада — агонь тушыць, а агонь — людзей паліць, а людзі — ваўкоў біць і цяпер б’юць, а ваўкі — коз есць, а козы — былінку гладаць і цяпер гладаюць, а былінка — верабейку калыхаць і цяпер калыша.

 

 

 

101. БЫЛЬ І ВЕРАБЕЙ

 

Быў сабе быль і верабей; верабей кажа:

— Былю, былю, ідзі майго верабейчыка калыхаць.

Быль не хоча. Так верабей кажа:

— Пажджы, былю, я на цябе нашлю коз! Козы, козы, ідзіце быля драць! Быль мне не хоча майго верабейчыка калыхаць.

Козы не схацелі. Так ён кажа:

— Паждзіце, козы, я на вас нашлю ваўкоў! Ваўкі, ваўкі! Ідзіце козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча майго верабейчыка калыхаць.

Ваўкі не схацелі. Так ён кажа:

— Паждзіце, ваўкі, я на вас нашлю сабак! Сабакі, сабакі! Ідзіце на ваўкі брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць!

Сабакі не схацелі.

— Паждзіце, — кажа, — я на вас кіёў нашлю! Кіі, кіі! Ідзіце сабакі біць, сабакі не хочуць на ваўкі брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць!

І кіі не схацелі. Так ён кажа:

— Паждзіце, кіі, я на вас нашлю агонь! Агонь, агонь! Ідзі кіі паліць, кіі не хочуць сабакі біць, сабакі не хочуць на ваўкоў брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць.

І агонь не схацеў.

— Пажджы, — кажа, — ты, агонь, я на цябе нашлю ваду! Вада, вада! Ідзі агонь тушыць, агонь не хоча кіёў паліць, кіі не хочуць сабакі біць, сабакі не хочуць на ваўкоў брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць.

Вада не схацела.

— Пажджы, — кажа, — вада, я на цябе нашлю валоў! Валы, валы! Ідзіце ваду піць, вада не хоча агню тушыць, агонь не хоча кіёў паліць, кіі не хочуць сабакі біць, сабакі не хочуць на ваўкоў брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць.

І валы не схацелі.

— Паждзіце, — кажа, — валы, я на вас доўбняў нашлю! Доўбні, доўбні! Ідзіце валы даўбці, валы не хочуць ваду піць, вада не хоча агню тушыць, агонь не хоча кіёў паліць, кіі не хочуць сабакі біць, сабакі не хочуць на ваўкоў брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць.

І доўбні не схацелі. Так ён кажа:

— Паждзіце, доўбні! Я на вас чарвей нашлю! Чэрві, чэрві! Ідзіце доўбняў тачыць, доўбні не хочуць валоў даўбці, валы не хочуць ваду піць, вада не хоча агню тушыць, агонь не хоча кіёў паліць, кіі не хочуць сабакі біць, сабакі не хочуць на ваўкоў брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць.

І чэрві не схацелі. Так ён кажа:

— Я на вас куры нашлю! Куры, куры! Ідзіце чэрві есці, чэрві не хочуць доўбняў тачыць, доўбні не хочуць валоў даўбці, валы не хочуць ваду піць, вада не хоча агню тушыць, агонь не хоча кіёў паліць, кіі не хочуць сабакі біць, сабакі не хочуць на ваўкоў брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць.

І куры не схацелі.

— Паждзіце, — кажа, — куры, я на вас шулякоў нашлю! Шулякі, шулякі! Ідзіце куры хватаць, куры не хочуць чарвей есці, чэрві не хочуць доўбняў тачыць, доўбні не хочуць валоў даўбці, валы не хочуць ваду піць, вада не хоча агню тушыць, агонь не хоча кіёў паліць, кіі не хочуць сабакі біць, сабакі не хочуць на ваўкоў брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць.

І шулякі не схацелі.

— Паждзіце, — кажа, — шулякі, я на вас стральцоў нашлю! Стральцы, стральцы! Ідзіце шулякі страляць, шулякі не хочуць курэй хватаць, куры не хочуць чарвей есці, чэрві не хочуць доўбняў тачыць, доўбні не хочуць валоў даўбці, валы не хочуць ваду піць, вада не хоча агню тушыць, агонь не хоча кіёў паліць, кіі не хочуць сабакі біць, сабакі не хочуць на ваўкоў брахаць, ваўкі не хочуць козы драць, козы не хочуць быля драць, быль мне не хоча малога верабейчыка калыхаць.

Так стральцы паслухалі дый ідуць. Так шулякі, угледзеўшы іх, дый жа за куры, куры за чэрві, чэрві за доўбні, доўбні за валы, валы за ваду, вада за агонь, агонь за кіі, кіі за сабакі, сабакі за ваўкі, ваўкі за козы, козы за быль, быль за верабейчыка і давай жа калыхаць: калыша, калыша і цяпер калыша.

 

 

 

102. ВЕРАБЕЙ І БЫЛІНА

 

Стаяла быліна. Ляцеў верабей, сеў на быліну.

— Быліна, быліна! Калышы мяне!

— Не, не буду!

— Ну, пагадзі, быліна: нашлю я на цябе казлоў! Казлы, казлы! Ідзіце быліну есці!

— Не, не пойдзем!

— Ну, пагадзіце, казлы: нашлю я на вас ваўкоў! Ваўкі, ваўкі! Ідзіце казлоў есці!

— Не, не пойдзем!

— Ну, пагадзіце, ваўкі: нашлю я на вас стральцоў! Стральцы, стральцы! Ідзіце ваўкоў біць.

— Не, не пойдзем!

— Ну, пагадзіце, стральцы: нашлю я на вас вяровак! Вяроўкі, вяроўкі! Ідзіце стральцоў вязаць!

— Не, не пойдзем!

— Ну, пагадзіце, вяроўкі: нашлю я на вас агня! Агонь, агонь! Ідзі вяроўкі паліць!

— Не, не пайду!

— Ну, пагадзі, агонь: нашлю я на цябе ваду! Вада, вада! Ідзі агонь тушыць!

— Не, не пайду!

— Ну, пагадзі, вада: нашлю я на цябе валоў! Валы, валы! Ідзіце ваду піць!

— Не, не пойдзем!

— Ну, пагадзіце, валы: нашлю я на вас даўбні! Даўбні, даўбні! Ідзіце валоў біць!

— Не, не пойдзем!

— Ну, пагадзіце, даўбні: нашлю я на вас чарвей! Чэрві, чэрві! Ідзіце даўбні тачыць!

— Не, не пойдзем!

— Ну, пагадзіце, чэрві: нашлю я на вас курэй. Куры, куры! Ідзіце чарвей дзюўбаць!

— Не, не пойдзем!

— Ну, пагадзіце, куры: нашлю я на вас ястрабоў. Ястрабы, ястрабы! Ідзіце курэй драць!

Ястрабы пайшлі курэй драць, куры пайшлі чарвей дзяўбці, чэрві пайшлі даўбні тачыць, даўбні пайшлі валоў біць, валы пайшлі ваду піць, вада пайшла агонь тушыць, агонь пайшоў вяроўкі паліць, вяроўкі пайшлі стральцоў вязаць, стральцы пайшлі ваўкоў біць, ваўкі пайшлі казлоў есць, казлы пайшлі быліну есць, быліна стала вераб’я калыхаць.

 

 

 

103. НУДНАЯ (ДАКУЧЛІВАЯ) БАЙКА

 

Жылі сабе пеўнік і курачка; пеўнік хадзіў на гарохавішча, а курачка на бабовішча. Пеўнік ёў гарох і ніц сабе, а курачка як дзяўбанула бобу раз, так і задавілася. Так пеўнік спалохаўся і пабег барзджэй да мора па ваду. Прыбегшы, кажа:

— Мора, мора, дай вады!

— На што вада?

— Куры вады: кура лежы подле межы — не сапне, не дыхне. Так мора кажа:

— Пайдзі да парсюка, няхай дасць табе кла.

Як пабег пеўнік да парсюка, так кажа:

— Вепру, вепру, дай кла!

— На што кла?

— Мору кла, каб мора дало вады.

— На што вада?

— Куры вады: кура лежы подле межы — не сапне, не дыхне. Так парсюк кажа:

— Ідзі да дуба, няхай дасць жолудзя; як прынясеш, то дам кла.

Пеўнік барзджэй гэта да дуба. Прыбегшы, кажа:

— Дубе, дубе, дай жла!

— На што жла?

— Вепру жла, каб вепр даў мору кла, каб мора дало вады.

— На што вада?

— Куры вады: кура лежы подле межы — не сапне, не дыхне. Дуб кажа:

— Пайдзі да ліпы, няхай дасць пасынка.

Так пеўнік давай ляцець да ліпы.

Прыбегшы, кажа:

— Ліпа, ліпа, дай пас!

— На што пас?

— Дубу пас, каб дуб даў жла.

— На што жла?

— Вепру жла, каб вепр даў кла.

— На што кла?

— Мору кла, каб мора дало вады.

— На што вада?

— Куры вады: кура лежы подле межы — не сапне, не дыхне. Так ліпа кажа:

— Ідзі да дзяўчат, няхай мне вянок заўюць. Пеўнік-небарака ляціць да дзяўчат. Прыбегшы, кажа:

— Дзеўкі-дзеўкі, завейце вянок!

— На што вянок?

— Ліпе вянок, каб дала паса.

— На што пас?

— Дубу пас, каб даў жла.

— На што жла?

— Вепру жла, каб вепр даў кла.

— На што кла?

— Мору кла, каб мора дало вады.

— На што вада?

— Куры вады: кура лежы подле межы — не сапне, не дыхне. Так дзеўкі кажуць:

— Ідзі, пеўнік, да пастухоў, няхай нам дадуць малака, як пад’ямо, так заўём вянка.

Пеўнік паляцеў да пастухоў дый кажа:

— Пастухі, пастухі, дайце малака!

— На што малака?

— Дзеўкам малака, каб дзеўкі звілі вянка.

— На што вянок?

— Ліпе вянка, каб ліпа дала пас.

— На што пас?

— Дубу пас, каб даў жла.

— На што жла?

— Вепру жла, каб даў кла.

— На што кла?

— Мору кла, каб мора дало вады.

— На што вада?

— Куры вады: кура лежы подле межы — не сапне, не дыхне. Так пастухі кажуць:

— Бяжы да касцоў, няхай дадуць сена.

Пеўнік паляцеў да касцоў на балота дай кажа:

— Касцы, касцы, дайце сена!

— Нашто сена?

— Каровам сена, каб каровы далі малака.

— На што малако?

— Дзеўкам малака, каб дзеўкі звілі вянка.

— На што вянок?

— Ліпе вянка, каб ліпа дала пас.

— На што пас?

— Дубу пас, каб даў жла.

— На што жла?

— Вепруку жла, каб даў кла.

— На што кла?

— Мору кла, каб мора дало вады.

— На што вада?

— Куры вады: кура лежы подле межы — не сапне, не дыхне. Тады касцы кажуць:

— Бяжы да пана, няхай нам дасць хлеба — як пад’ямо, то накосім.

Пеўнік, прыбегшы да пана, кажа:

— Пане, пане, дай хлеба!

— На што хлеба?

— Касцам хлеба, каб касцы ўкасілі сена!

— На што сена?

— Пастухам сена, каб далі дзеўкам млека.

— На што малака?

— Каб дзеўкі звілі вянка.

— На што вянка?

— Ліпе вянка, каб ліпа дала пас.

— На што пас?

— Дубу пас, каб дуб даў жла.

— На што жла?

— Вепру жла, каб даў кла.

— На што кла?

— Мору кла, каб мора дало вады.

— На што вада?

— Куры вады: кура лежы подле межы — не сапне, не дыхне. Так пан кажа:

— Бяжы, пеўнік, да каваля па нажа, бо няма чым урэзаць хлеба.

Пеўнік, прыбегшы да каваля, кажа:

— Каваль, каваль, дай пану нажа!

— На што нажа?

— Хлеба ўкроіць.

— На што хлеба?

— Касцам хлеба, каб касцы ўкасілі сена.

— На што сена?

— Пастухам сена, каб далі дзеўкам малака.

— На што малако?

— Дзеўкам малака, каб дзеўкі звілі вянка.

— На што вянок?

— Ліпе вянка, каб ліпа дала пас.

— На што пас?

— Дубу пас, каб дуб даў жла.

— На што жла?

— Вепруку жла, каб даў кла.

— На што кла?

— Мору кла, каб мора дало вады.

— На што вада?

— Куры вады: кура лежы подле межы — не сапне, не дыхне.

Каваль гэты зараз зрабіў нажа і даў яму. Пеўнік узрадаваўся і занёс пану, пан укроіў хлеба, касцы пад’елі, накасілі сена, пастухі, каровам даўшы, надаілі малака, дзеўкі, напіўшыся малака, звілі вянок, ліпа, узяўшы вянок, дала пас, дуб, узяўшы пас, даў жла, парсюк, узяўшы жла, даў кла, мора, узяўшы кла, дало вады. Так пеўнік прыносіць на бабовішча ваду, ажно глядзіць: курку даўно ўжо чэрві з’елі, так выкапаў ямку, костачкі пахаваў дый сам небарака ў свет памандраваў. Мая басня ўся, зарэзала баба гуся: баяну кумпяк, слухачу — і так!

 

 

 

104. ПЯТУХ І КУРАЧКА

 

Жыў сабе дзед ды баба. І былі ў іх пятух і курачка. Раз капаліся яны на дварэ на паметнішчы. Курка выкапала шпільку, а пятух гарошынку. Курачка тады кажа петуху:

— Дай мне гарошынку, на табе шпільку!

Петушок аддаў курачцы гарошынку, а курачка дала яму шпільку. Стала есці курачка гарошынку — і з’ела, стаў есці петушок шпільку — і ўдавіўся! Пабегла курачка за вадой у мора:

— Мора, мора, дай вады — петушок удавіўся!

— Не, не дам табе вады: схадзі к парсюку, няхай дасць мне клыка.

Пабегла курачка к парсюку:

— Парсюк, парсюк, дай мору клыка, мора дасць мне вады — петушок удавіўся!

— Не, не дам клыка: схадзі к дубу, няхай дасць жалуда!

Пабегла курачка к дубу:

— Дуб, дуб, дай парсюку жалуда!

— Не, не дам жалуда: схадзі к карове, няхай дасць мне малака.

Пабегла курачка к карове:

— Карова, карова, дай жалуду малака!

— Не, не дам малака: схадзі к касцу, няхай касец дасць мне сена!

Пабегла курачка к касцу:

— Касец, касец, дай карове сена!

— Не, не дам сена: схадзі к ліпіне, няхай ліпіна дасць мне лык на лапці!

Пабегла курачка к ліпіне:

— Ліпіна, ліпіна, дай касцу лык на лапці!

— Не, не дам: схадзі к кавалю, няхай мне дасць каваль ножык!

Пабегла курачка к кавалю:

— Каваль, каваль, дай мне ножык!

— Схадзі туды, дзе дзелаюць грошы, прынясі іх мне, тады дам.

Курачка пабегла туды, дзе грошы дзелаюць. Прынясла курачка грошы, дала кавалю, а каваль даў курачцы ножык. Панясла курачка ножык ліпіне, ліпіна дала курачцы лык касцу на лапці. Панясла курачка лык касцу на лапці, касец даў курачцы сена. Панясла курачка сена карове. Карова стала есці сена і дала курачцы малака. Панясла курачка малако дубу, дуб даў жалуда парсюку. Панясла курачка жалуда парсюку, парсюк даў курачцы клык. Узяла курачка клык у парсюка і пабегла к мору: аддала мору клык, а мора дало курачцы вады. Панясла курачка ваду к петушку і ўліла ў рот — петушок закрычаў:

— Кукарэку!

 

 

 

105. ЛЯШЧЫНКА I ПЕТУШОК

 

Жылі дзед і баба, была ў іх унучка, была і сучка, быў петушок і курачка. Ну, і паслала бабулька трасці гарэшкі петушка з курачкай. Пайшоў петушок з курачкай гарэшкі трасці. Трос-трос, трос-трос петушок і курачцы вочка затрос. Курачка пайшла плачучы да бабы:

— Бабуля, бабуля, мне петушок вочка затрос.

Бабуля за вітку доўгую і пайшла петушка біць. Пайшла, ідзець, петушок уцякае, толькі ко-ко-ко — крычыць, ко-ко-ко — крычыць. Тады ўзлез на вялікі высокі камень, яна яму віткай, віткай:

— Нашто ты курачцы вочка затрос?

Ён кажа:

— Нашто ж мне ляшчынка портачкі парвала?

Пайшла баба гэтак да ляшчынкі:

— Ляшчынка-ляшчынка, нашто ты петушку портачкі парвала?

Ляшчынка кажа:

— А нашто ж мяне каза аб’ела?

Пайшла тады бабка да казы, кажа:

— Каза-каза, нашто ты ляшчынку аб ела?

А каза кажа:

— А чаму ж мяне пастух не пасе?

Пайшла баба да пастушка:

— Пастушок-пастушок, чаму ж ты казы не пасеш?

Кажа пастушок:

— Чаму ж мне бабуля бондачкі не спякла?

Пайшла яна і да бабулі гэтай. Пайшла да бабулі:

— Бабуля-бабуля, чаму ж ты пастушку бондачкі не спякла?

Бабуля кажа:

— А чаму ж мне свіння рашчыну разліла?

Пайшла яна да свінні.

— Свіння-свіння, нашто ты рашчыну разліла?

Кажа свіння:

— Нашто ж воўк мае парасяты паеў?

Пайшла яна тады да ваўка, пайшла яна да ваўка:

— Воўк, воўк, нашто ты ў свінні парасятак паеў?

— Бо я есці хацеў, так і паеў.

Тады воўк за гэту бабу, скруціў-скруціў і папхнуў яе, і з’еў, і паляцеў у лес з гэтай бабай.

А там была ваўкаўня, выкапаная яма. І там стаяў такі нож гойстры. Як ускочыў ён у гэтую яму і разрэзаў бруха. Гэта баба шлых і вывалілася тады, і вывалілася яна з гэтага бруха. Скарэй наверх выбралася і дахаты імчыцца.

Тутака ў хаце абмылася, убралася ўжо. Рада ёй унучка, рада ёй сучка, рад і дзед, і петушок, і курачка, усе рады, што баба вярнулася дахаты. Абмылася і кажа на дзеда:

— Ідзі цяпер па водку, будзем піць, будзем госці рабіць. Паселі ўсе за стол, паналівалі водкі, дзед прынёс, і тады ўжо п’юць, стукаюць і ўсе спяваюць. І петушок за сталом пяець, і курачка сакоча, кажа:

— Ко-ко-ко, знясу бабулі яйко.

Ну, і ўсе чыста рады, і ўнучка рада, і сучка рада, і дзед рад, што баба вярнулася з воўчага бруха.

 

 

 

106. КУРАЧКА І ПЕТУШОК

 

Жыў дзед з бабай. Была ў бабы курачка, у дзеда — петушок. Дзед петушку штаны пашыў, а баба курачцы спадніцу.

Курачка кажа да петушка:

— Петушок, петушок, пойдзем у гарэшкі.

— Пайшлі.

Петушок на гарэшыну, а курачка пад гарэшынай. Петушок клюнуў гарэшкі.

— Ай, курачка, як смачна!

— Петушок, петушок, дай мне гарэшак.

Петушок як кінуў гарэшак і выбіў курачцы вока. Зляцеліся птушкі. Сядзяць індыкі, куры, вароны.

— Петушок, петушок, зачым ты курачцы вока выбіў?

— А зачым мне гарэшына штаны разарвала.

— Гарэшына, гарэшына, што ты петушку штаны разарвала?

— А зачым мяне каза абгрызла?

— Каза, каза, нашто ты гарэшыну абгрызла?

— А нашто мяне пастух не пасець?

— Пастух, пастух, чаму ты казу не пасеш?

— Нашто мне баба бонду і хлеба не пячэць?

— Баба, баба, чаму ты пастуху бонду не пячэш?

— Нашто свіння рошчыну разліла?

— Свіння, свіння, нашто ты рошчыну разліла?

— А нашто воўк маіх дзетак паеў?

— Воўк, воўк, нашто ты дзетак паеў?

— А за тое, што мая ляпа вялікая ды зубы войстрыя.

 

 

 

107. ПЕТУШОК ВЫБІЎ КУРАЧЦЫ ВОЧКА

 

Жылі-былі курачка ды петушок. Пайшлі яны на жыр. Жыравалі, жыравалі і пайшлі шукаць ляшчынку.

Петушок залез на ляшчынку і загадаў курачцы растапырыць фартушок. Стаў петушок кідаць ляшчынку ў фартушок, не папаў, а папаў у вочка і выбіў вочка. Паляцела курачка да пана і разгаласілася.

— Пан, пан, што мне рабіць?

Пазваў пан петушка да сябе і стаў судзіць яго. Судзіў-судзіў петушка і забіў абаіх сабе на абед.

Паляжалі курачка ды петушок да вечара, а за ноч аджылі і паляцелі да людзей. Людзі сабраліся з тапарамі ды віламі і пайшлі пана судзіць. Пан выйшаў да іх на бой. Тут петушок ды курачка кінуліся да пана, выбілі яму вочы дзюбамі, а потым людзі кінуліся на яго і запаролі пана.

З таго часу людзі сталі жыць свабодна, а курачка з петушком памірыліся. Жывуць-пажываюць і людзей у госці да сябе запрашаюць.

 

 

 

108. КУРАЧКА РАБА

 

Жыў дзед з бабай, была ў іх курка раба, няслася на полцы, у аржаной саломцы. Дзе была мышка, хвастом матнула, яечкі пабіла. Дзед расплакаўся, баба разромзалася... Дзе была сарока, села на варотах — вароты пахіліліся, сароцы хвост адсеклі.

Паляцела сарока на дуб зеляненькі, а дуб гаворыць:

— Што ж ты, сарока, учора была ты з хвастом, а сёдні без хваста, а што ж, прычына якая?

— А вот якая: як жыў дзед з бабай, была ў іх курка раба, няслася на полцы, у аржаной саломцы. Дзе была мышка, хвастом матнула, яечкі пабіла. Дзед расплакаўся, баба разромзалася... Я села на варотах — вароты пахіліліся і мне хвост адсеклі...

Дуб кажа:

— А я сабе сучча абламаю!

Узяў ды абламаў. Прыйшоў лось к дубу і гаворыць:

— Што ж ты, дуб, учора быў с суччам, сёдні без сучча, а што ж, прычына якая?

— А вот якая: як жыў дзед з бабай, была ў іх курка раба, няслася на полцы, у аржаной саломцы. Дзе была мышка, хвастом матнула, яечкі пабіла. Дзед расплакаўся, баба разромзалася... Села сарока на варотах — вароты пахіліліся, сароцы хвост адсеклі, а я сучча абламаў.

Лось гаворыць:

— А я сабе рогі саб’ю!

Узяў ды і збіў. Пайшоў лось к рацэ рогі абмываць, а рэчка спрашваець:

— Што ж ты, лось, учора быў ты з рагамі, а сёдні без рог, а што ж, прычына якая?

— А вот якая: жыў дзед з бабай, была ў іх курка раба, няслася на полцы, у аржаной саломцы. Дзе была мышка, хвастом матнула, яечкі пабіла. Дзед расплакаўся, баба разромзалася... Дзе была сарока, села на варотах — вароты пахіліліся, сароцы хвост адсеклі, дуб сучча абламаў, а я сабе рогі збіў.

А рэчка гаворыць:

— А я вазьму ды высахну!

Узяла ды высахла. Прыйшла папова маладчанка ваду браць і спрашваець:

— Што ж ты, рэчка? Учора ты была глыбокая, а сёдні зусім высахла, а што ж, прычына якая?

— А вот якая: як жыў дзед з бабай, была ў іх курка раба, няслася на полцы, у аржаной саломцы. Дзе была мышка, хвастом матнула, яечкі пабіла. Дзед расплакаўся, баба разромзалася... Дзе была сарока, села на варотах — вароты пахіліліся, сароцы хвост адсеклі, дуб сучча абламаў, лось сабе рогі збіў, а я высахла.

А маладчанка гаворыць:

— А я вёдры паб’ю!

Узяла пабіла: адно вядро аб зямлю грук! Другое аб зямлю грук! А каромысел закінула ў канаву і пайшла дамоў.

Прыходзіць дамоў, а папіха хлеб месіць і спрашваець у маладчанкі:

— Што ты доўга бавілася? І вады не прынесла і без вёдзер прыйшла, а што ж, прычына якая?

— А вот якая: як жыў дзед з бабай, была ў іх курка раба, няслася на полцы, у аржаной саломцы. Дзе была мышка, хвастом матнула, яечкі пабіла. Дзед расплакаўся, баба разромзалася... Дзе была сарока, села на варотах — вароты пахіліліся, сароцы хвост адсеклі, дуб сучча абламаў, лось рогі збіў, рэчка высахла, а я вёдры пабіла.

А папіха гаворыць:

— А я з дзяжы цеста павыкідаю!

Узяла і з дзяжы цеста ўсё павыкідала.

Прыйшоў бацюшка і гаворыць:

— Што ты, матушка, здурнела, што ўвесь хлеб з дзяжы павыкідала, а што ж, прычына якая?

— А вот якая: як жыў дзед з бабай, была ў іх курка раба, няслася на полцы, у аржаной саломцы. Дзе была мышка, хвастом матнула, яечкі пабіла. Дзед расплакаўся, баба разромзалася... Сароцы хвост адсекла, дуб сучча абламаў, лось рогі збіў, рэчка высахла, маладчанка вёдры пабіла, а я цеста з дзяжы павыкідала.

Тады бацюшка гаворыць:

— А я царкоўныя кнігі пасяку!

Узяў і пасек. Прыходзіць дзяк і гаворыць:

— Што ты, бацюшка, здурнеў, што царкоўныя кнігі пасек, а што ж, прычына якая?

— А вот якая: як жыў дзед з бабай, была ў іх курка раба, няслася на полцы, у аржаной саломцы. Дзе была мышка, хвастом матнула, яечкі пабіла. Дзед расплакаўся, баба разромзалася... Сароцы хвост адсекла, дуб сучча абламаў, лось рогі збіў, рэчка высахла, маладчанка вёдры пабіла, матушка цеста павыкідала, а я кнігі пасек.

Тады дзяк гаворыць:

— А я царкву падпалю!

Узяў, расклаў цяпло пад царквой. Так царква і згарэла.

 

 

 

109. КУРКА-РАБУШКА

 

Быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка: нанесла яец повен карабец. Дзед біў, біў — не разбіў, баба біла, біла — не разбіла. Мышка бегла, хвосцікам матнула і разбіла... Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць... Ідзе воўк:

— Дзедка, чаго вы плачаце?

— Як жа нам не плакаць: жылі сабе мы з бабкай, была ў нас курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Я біў, біў — не разбіў, баба біла, біла—не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула і разбіла... Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць...

І воўк завыў. Ідзе мядзведзь:

— Чаго ты, воўча, выеш?

— Як жа мне не выць: быў сабе дзедка, была сабе бабка, была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў, біў — не разбіў, баба біла, біла—не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула і разбіла... Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць і я, воўк, выю...

І мядзведзь зароў. Ідзе лось:

— Чаго ты, мядзведзь, равеш?

— А як жа мне не равець: быў сабе дзедка, была сабе бабка, была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў, біў — не разбіў, баба біла, біла—не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула і разбіла... Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў і я, мядзведзь, зароў...

І лось рогі паскідаў. Прыйшоў лось да калодзезя, папова чалядка воду бярэ.

— Чаго ты, лось, свае рогі паскідаў?

— Як жа мне не скідаць: быў сабе дзедка, была сабе бабка, была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў, біў — не разбіў, баба біла, біла—не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула і разбіла... Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў, мядзведзь зароў і я, лось, рогі паскідаў...

І чалядка вёдры пабіла, каромысел паламала і заплакала. Ідзе дзяк:

— Дзеўка-дзявіца, чаго ты плачаш?

— Як жа мне не плакаць: быў сабе дзедка, была сабе бабка, была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў, біў — не разбіў, баба біла, біла—не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула і разбіла... Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў, мядзведзь зароў, лось рогі паскідаў, я вёдры пабіла, каромысел паламала і заплакала...

І дзяк пайшоў ды кнігі папарваў. Ідзе поп.

— Дзяк, чаго ты кнігі папарваў?

— Як жа мне не рваць: быў сабе дзедка, была сабе бабка, была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў, біў — не разбіў, баба біла, біла—не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула і разбіла... Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў, мядзведзь зароў, лось рогі паскідаў, чалядка вёдры пабіла, каромысел паламала і заплакала, я, дзяк, пайшоў кнігі папарваў...

Пайшоў поп і царкву запаліў.

 

 

 

110. КАЗЁЛ-БАРАДА

 

Казёл-барада ды прадаў варата, купіў касу.

— Нашто каса?

— Сена касіць.

— Нашто сена?

— Кароўку карміць, малачко даіць.

— Нашто малачко?

— Пастушкі карміць.

— Нашто пастушкі?

— Свіней пасвіць.

— Нашто свіней?

— Горы капаць.

— Што ў той гарэ?

— Залатая дзежка.

— Што ў той дзежцы?

— Залатая ложка.

— Што ў той ложцы?

— Залатое зерне.

— Дзе тое зерне?

— Пятух ухапіў.

 

 

 

111. ВАРОНА І РАК

 

Ляціць варона па-над ракой і каркае ды так каркае, што не ўцярпеў рак сядзець у сваёй норцы і вылез паўзірацца, чаго яна галасуе. Вылез рак і пытае вароны:

— Чаго ты гэткі гвалт падняла?

— Чаго я гэткі гвалт падняла? А як жа яшчэ ён, у якога галава не з таго канца засечана, пытаецца ў мяне? Чаго я гвалт падняла? Кожны будзе крычаць на маім месцы: гняздо, у якім я вясну веснавала і лета летавала, суздром усё засмечана!

— А куды ж ты цяпер ляціш?— пытаецца рак.

— Новага гнязда шукаці.

Падумаў, падумаў рак дый кажа:

— Э, кумка, дарэмны твой клум і турбота, бо ты ж і новае гняздо засмеціш.

 

 

 

112. ВЯСЕЛЛЕ ВЕРАБ'Я

 

Учыніў верабей на прыпечку жніва, пшонны колас змалаціў, да наварыў піва. Тры тычыны хмелю даў, яшчэ таго жалаваў і к таму банкету забіў камара і мушку, сто пар каўбас зрабіў і кумпята павяндзіў, стаў скабы прыпякаці, гасцей дажыдаці. Як выскачыў верабей гасцей выглядаці, сюды глянуў, туды глянуў, нідзе не відаці. Ажно едзе шнігірэц з скрыпачкай, не проста — спадзявайся, верабей, едуць к табе госці: едзе пан журавель, яго брат хрушчэль, а пані сініца то родна сястрыца. Госці п’юць, замкі б’юць, дзверы выстаўляюць, а верабей весел скача, ніц то не абача. Журавель упіўся, пад стол падваліўся, а хрушчэль упіўся, вяліць пасцель слаці. Аж у ночы, апоўначы, сава прылятае: як хапіла вераб’я — крыла ададрала! Як хапіла жураўля — шыю перадрала! А хапіла хрушчаля — напол разадрала! Так нашаму вераб’ю дружбу разагнала.

 

 

 

113. ЧЫКЕЛ І СІНІЦА

 

Чыкел воду мае, дружыну збірае. Сам не хоча дома быці, жаніціся мае. Паслаў арла, паслаў арла да савіны ў сваты, сам паляцеў да гусей і стаў жартаваці. Палюбіў ён пціцу, малую сініцу, маладую, пракрасную, харошую пціцу. Два каплуны, два каплуны солад малацілі, а каплушкі, чорны ножкі, да млына насілі. Арол меле, арол меле, бусел насыпае, верабейчык-старажэўчык меркі астаўляе. А вераб’і ў каноплях кашу рабілі, а вароны на той час каравай мясілі. А сарока-белабока печку вымятала, а вароны, стары жоны, каравай сажалі. А бусел-староста ножачкаю туп-туп! А сінічка-круглалічка вочанькамі луп-луп! Чапля-гаспадынька аднесла да будынка, каб шчуры не паелі, на вяселлі не н... А зазулі-сванькі, а ўсе харашэнькі, сарокі прыданкі скачуць вышэй лаўкі. Сядзіць камар на палу, злосці набірае, а савіна з сакалом на стол паглядае. А мухі з пшчаламі напаілі чаплю: бедна мая галованька — дадому не траплю!

 

 

 

114. ШЛЮБ ВЕРАБ'Я

 

Захацеў верабей скора ажаніцца, смачных рэчаў скаштаваць і віна напіцца. Ох, паслаў верабей шчыгла невялічка, да паслаў на мястачка па мёд, па вінечка. Вор пінензы выдаў, скора павярнуўся:

— Мосьціпане верабей, да шлюбу гатуйся!

— Закладайце чтыры коні і паезд шырокі, я паеду ў залёты да пані сарокі.

Наняў ката за лёкая ў тылу стаяці, двух індыкаў за віскрэтаў песенькі спяваці. Адзін кажа:

— Шулды-булды! Ты верабей знайся, як прыедзеш да сарокі, пенкне прывітайся!

Як прыехаў верабей, скоміл чабатамі, і выходзіць пані срока, паказуе маме. Ох, там сват, воўчы брат, яму за зло стала. Як устаў, так сказаў:

— Будзе крыві мала!

— Падажджы ты, воўча, — будзеш мяне знаці! Штоб такога рыцара-вераб’я чапаці.

Ох, ты не такі рыцар, не за тое ўзяўся, з панам воўкам тры гадзіны на палашы браўся. На той банкет камара і мурашку забіў, з камарэнькі ў тры пальцы сланіны нарабіў, трыццаць фунтаў навэндзіў, сорак кілбас нарабіў, скабы апякалі, галаву на стол далі. Прыляцеў журавель, яго бацька крэсцель. Крэсцель як упіўся, пад стол падваліўся. Прыляцела і стрынадка, яго родна матка, прыляцела і сініца, родная сястрыца; прыляцелі егліцы, селі ў рад на паліцы. Скора стала з палноцы, сава прыляцела, прыляцеўшы, да за сталом села. Ох, там ёсць два багача, два слаўные трубача: бацян арганісты і пан курбачысты. За здароўе вераб я пілі-елі аж да дня, з кілішачка тога аж да дна самога.

 

 

 

115. ЖОРАЎ І ЧАПЛЯ

 

Жылі сабе па канцах балота жораў і чапля. Стала ім скучна жыць, і вось задумаў жораў к чапле ў сваты ісці. Ціпяху-ліпяху, сем вёрст па маху, цераз бор ды ў чаплін двор.

— Здрастуй, чапля!

— Здароў, жораў!

— Ці не пойдзеш, чапля, за мяне замуж?

— А, твае ногі доўгі, пер’я кароткі, дужа ты не прыгож і ні к чорту не гож; ідзі сабе дзе быў!

Жораў перабраўся зноў цераз бор ды і прыйшоў у свой двор. Раздумалася чапля, што за жорава замуж не пайшла: «Дай-ка пайду яго перапрашу». Ціпяху-ліпяху, сем вёрст па маху, цераз бор ды і к жораву ў двор.

— Здароў, жораў!

— Здрастуй, чапля!

— Вазьмі мяне замуж за сябе!

— Твая шыя і сіня, і крыва, і сама ты гарбата; такая мне не трэба!

Хоць і стыдна і абідна, аднак чапля паплялася цераз бор назад у свой двор. Жалка стала жораву, што не ўзяў чаплю ўбогую, і зноў пайшоў ён тою самаю дарогай. Ціпяху-ліпяху, сем вёрст па маху, цераз бор ды ў чаплін двор.

— Здрастуй, чапля!

— Здароў, жораў!

— Ці не пойдзеш, чапля, за мяне замуж?

— А, твае ногі доўгі, пер’я кароткі, дужа ты не прыгож і ні к чорту не гож; ідзі сабе дзе быў!

Жораў перабраўся зноў цераз бор ды і прыйшоў у свой двор. Раздумалася чапля, што за жорава замуж не пайшла: «Дай-ка пайду яго перапрашу».

Так цэлы свой век яны ходзяць друг к другу ў сваты, але ўсё-такі па канцах балота абаіх іх засталіся хаты.

 

 

 

116. ШЭРШАНЬ У СВАТОХ

 

Летам прыляцеў шэршань да пчалы і кажа:

— Жэнімся!

А пчала кажа:

— Шэршніку, панічыку, пажджы да восені, як я мёдзіку прыстараюся.

Надышла восень, так пчала сама паляцела да шэршня. Прылятае, ажно ён сядзіць у дзірачцы, так пытае:

— Ну, а што? Калі будзем жаніцца?

А ён анно лапкамі заварушыў і піснуў:

— Не лезь, не лезь, бо ўдавою застанешся!

 

 

117. СПРЭЧКА САВЫ З ВАРОНАЮ

 

Аднаго разу сава з варонай спрачаліся, чые дочкі хутчэй павыходзяць замуж. Сава кажа:

— Мае дочкі хутчэй пабяруць!

А варона кажа:

— Не, мае хутчэй: бо твае чубатыя, дзюбатыя, а мае харошанькія, — і паляцела да свайго гнязда.

Прыляцела, глядзіць, ажно нехтась усе паўбіраў, так паляцела да савы і кажа:

— А што, с...? Такі мае хутчэй пабралі!

 

 

 

118. СПРЭЧКА МУРАШКІ З КРУКОМ

 

Спрачалася мурашка з круком: катора з іх дужэйша? Крук кажа: «Я», мурашка: «Не, я!»

Так мурашка:

— Пастой, хто з нас больш панясе олава?

— Ну, добра.

Так мурашка ўзяла столькі, колькі яе, і панесла, а крук узяў, колькі яго: пяўся, пяўся і не даў рады.

І выйшла-такі, што мурашка дужэйша.

 

 

 

119. САВА І ДЗЯЦЕЛ

 

Сябравалі некалі сава з дзятлам. Было усё добра. Але вось аднаго разу не паспела яшчэ як след развіднець, а дзяцел ужо ўхапіўся за работу. Ён так забарабаніў па старой хвоі, аж рэха пайшло па ўсім лесе. У гэты час яго суседка сава толькі ўкладвалася спаць. Раззлавалася сава ды і кажа дзятлу:

— Ці маеш ты розум, не дасі мне спакойна паспаць. Здзівіўся дзяцел, як гэта днём ды спаць. Не паслухаў ён саву, а зноў узяўся за сваю работу. Мінуў дзень, настала ноч. Усе дзятлавы сваякі моцна заснулі. Заснуў і сам дзяцел. Але раптам ён пачуў крык савы. Узлаваўся дзяцел ды кажа:

— Чаго ты мяне пужаеш, ідзі спаць!

Але сава не паслухала дзятла, як дзяцел не паслухаў саву. З таго часу і не ладзяць сава і дзяцел паміж сабой. І так у іх пайшло дзень за днём, ноч за ноччу: ні дзяцел, ні сава з таго часу не могуць спаць спакойна.

 

 

 

120. РУКАВІЧКА

 

Пайшоў дзед у лес, згубіў рукавічку. Ляціць мышка:

— Хто ў маёй рукавічцы?

І сама ўлезла і сядзіць. Ляціць жабка:

— Хто ў маёй рукавічцы?

— Мышка-пухоўка. А ты хто?

— Я — жабка-журоўка.

— Ну, лезь і ты сюды!

Ляціць зайчык:

— Хто ў маёй рукавічцы?

— Мышка-пухоўка, жабка-журоўка, а ты хто?

— А я зайчык-пакапуснічак.

— Лезь і ты сюды!

Ляціць лісічка:

— Хто ў маёй рукавічцы?

— Мышка-пухоўка, жабка-журоўка, зайчык-пакапуснічак, а ты хто?

— Я лісічка-пакуратнічка.

— Лезь і ты сюды!

Ляціць воўк:

— Хто ў маёй рукавічцы?

— Мышка-пухоўка, жабка-журоўка, зайчык-пакапуснічак, лісічка-пакуратнічка, а ты хто?

— А я воўк авечы.

— Лезь і ты сюды!

Ідзе мядзведзь:

— Хто ў маёй рукавічцы?

— Мышка-пухоўка, жабка-журоўка, зайчык-пакапуснічак, ліска-пакуратнічка, воўк авечы, а ты хто?

— Я мядзведзь-памядун.

— Лезь і ты сюды!

Пайшлі яны жыру шукаць. Мышка пуху прынясла, жабка журу, зайчык капусту, лісічка кур'е, воўк авец, а мядзведзь мёду кадзь.

Усе ляглі спаць. Лісічка паслала мядзведзю пасцель: рад камення, рад палення і жарнавы камень пад галаву, а сама стала бліны пячы. Бразь, бразь скаварадой па прыпечку:

— Прасілі ў кумы, не ведаю, ці ісці, ці не?

— Як жа не ісці, калі прасілі! Як жа дзіця завецца?

— Павярху палізала.

Бразь, бразь скаварадой па прыпечку:

— Прасілі ў кумы, не ведаю, ці ісці, ці не?

— Чаму ж не ісці, калі прасілі! Як жа дзіця завецца?

— Упол палізала.

Бразь, бразь скаварадой па прыпечку:

— Прасілі ў кумы, не ведаю, ці ісці, ці не?

— Як жа не ісці, калі прасілі. Як жа дзіця завецца?

— Па дне палізала.

Тады лісічка мышцы прывязала званочак да ножкі, а сама падвярнулася пад начовачкі. Мышка ляціць — дзынь, дзынь! званочкам. Мядзведзь пусціў камень:

— Ці жыва?

— Жыва, жыва, — адказвала лісічка.

Мышка ізноў ляціць, званочкам дзынь, дзынь! Мядзведзь кідзелц палена з-пад боку.

— Ці жыва?

— Жыва, жыва!

Мышка ляціць — дзынь, дзынь! званочкам, а мядзведзь жарнавы камень бух! Па начовачках папаў, але лісічкі не забіў.

 

 

 

121. МЫШКА-РАНДЫШКА

 

Ішла панна, згубіла рукавіцу, бегла мышка, паглядзела, паглядзела, улезла ў тую рукавіцу дый сядзіць.

Бяжыць жабка:

— Кумку, кумку! Хто ў том дамку?

— Мышка-рандышка!

— А я жабка-чарапка.

— А мая кампаначка, хадзі сюды, будзе нам весела. Прыбягае ліска:

— Кумку, кумку! Хто ў том дамку?

— Мышка-рандышка, жабка-чарапка.

— А я ліска-курашчопначка.

— А мая кампаначка, хадзі сюды, будзе нам весела. Прыбягае зайчык:

— Кумку, кумку! Хто ў том дамку?

— Мышка-рандышка, жабка-чарапка і ліска-курашчопначка.

— А я зайчык-капуснічак.

— А мой малойчыку, хадзі да нас, будзе нам весела. Бяжыць ліс:

— Кумку, кумку! Хто ў том дамку?

— Мышка-рандышка, жабка-чарапка, ліска-курашчопначка, зайчык-капуснічак.

— А я ліс, што ўсіх грыз.

— А просім, егамосці, у нашу хату, будзе нам весела. Бяжыць воўк:

— Кумку, кумку! Хто ў том дамку?

— Мышка-рандышка, жабка-чарапка, ліска-курашчопначка, зайчык-капуснічак і ліс, што ўсіх грыз.

— А я воўк, што ўсіх тоўк!

— Просім, егамосці, у нашу хатку, будзе нам весела.

Ажно бяжыць мядзведзь:

— Кумку, кумку! Хто ў том дамку?

А мышка на тое:

— Мышка-рандышка, жабка-чарапка, ліска-курашчопначка, зайчык-пакапуснічак, ліс, што ўсіх грыз, і воўк, што ўсіх тоўк.

— А я мядзведзь, што ўсіх пагнець! Тады як улез, так і ўсіх падушыў.

 

 

 

122. МУХА-ХАХАЎКА

 

Была сабе муха-хахаўка, мела яна кош і шэсць камароў, яна імі ездзіла. Едзе яна дарогаю, анно бяжыць свяршчок:

— Добры вечар, пані! Як, пані, называешся?

— Я муха-хахаўка!

— А я — свяршчок-забаўка!

— Сядай, васпан, паедзем разам.

Едуць яны, едуць, бяжыць мышка:

— Добры вечар!—кажа, — як, імасць, называешся?

— Я — муха-хахаўка, маю свершчыка-забаўку.

— А я — па паліцы скрабатуха.

— Сядай, імасць, паедзем разам.

Едуць яны, едуць, ажно паўзе жаба дарогаю:

— Добры вечар!—кажа, — як, васпані, называешся?

— Я — муха-хахаўка, маю свершчыка-забаўку, маю па паліцы скрабатуху.

— А я — па вадзе рагатуха.

— Сядай, імасць, паедзем разам.

Едуць яны, едуць, ажно бяжыць заяц:

— Добры вечар!—кажа, — як, імасць, называешся?

— Я — муха-хахаўка, маю свершчыка-забаўку, маю па паліцы скрабатуху і па вадзе рагатуху.

— А я — праз дарогу скік!

— Сядай, малойча, паедзем разам.

Едуць яны, так едуць, ажно бяжыць воўк:

— Добры вечар!— кажа, — а як ты называешся?

— Я — муха-хахаўка, маю свершчыка-забаўку, маю па паліцы скрабатуху, па вадзе рагатуху і праз дарогу скік!

— А я вас усіх глык!

І глыкнуў.

 

 

 

123. ДЗЕДАВА РУКАВІЧЫНА

 

Жыў дзед з бабай. Паехаў дзед у лес і згубіў рукавічынку. Скачаць люгашка. Прыскакала к рукавічынцы і пытаецца:

— Хто ў гэтай рукавічынцы жывець?

Ніхто не адгукаецца. Яна палезла ў рукавічыну і стала жыць. Троху спагадзя паўзець рак. Прыпоўз к рукавічыне і пытаецца:

— Хто тут у гэтай рукавічыне жывець?

А люгашка гаворыць:

— Сама паня-пацягуня. А ты хто?

— А я рак-тарабун! Ці можна мне?

— Лезь!

Троху спагадзя бяжыць зайчык. Прыбег к рукавічынцы і пытаецца:

— Хто ў гэтай рукавічынцы?

— Сама паня-пацягуня і рак-тарабун. А ты хто?

— А я па бярэзнічку прыгун. Ну і я палезу к вам?

— Лезь!

Троху спагадзя бяжыць лісіца.

— Хто ў гэтай рукавічынцы?

— Сама паня-пацягуня, рак-тарабун, па бярэзнічку прыгун. А ты хто?

— А я лісіца — добрая маладзіца. Палезу і я к вам?

— Лезь!

Лісіца ўлезла і сядзяць. Троху спагадзя ідзець воўк.

— Хто ў гэтай рукавічыне жывець?

— Сама паня-пацягуня, рак-тарабун, па бярэзнічку прыгун і лісіца — добрая маладзіца. А ты хто?

— Я з-за куста хапун. І я палезу к вам?

— Ну, лезь!

Улез і воўк. Троху спагадзя ідзець мядзведзь. Прыйшоў к рукавічыне і пытаецца:

— Хто ў гэтай рукавічыне жывець?

— Сама паня-пацягуня і рак-тарабун, па бярэзнічку прыгун, і лісіца — добрая маладзіца, і з-за куста хапун. А ты хто?

— А я зверху паціскун. Пусціце мяне к сабе!

— Не, у нас негдзе.

— Ну, я зверху сяду!

Узлез наверх, як ціскануў — і паціснуў усіх на праснак. Злез з рукавіцы, падняў беражок рукавічыны, паглядзеў — аж усе паціснуты...

 

 

 

124. АБ ЧЫМ БЛАХА З МУХАЮ ГУТАРКУ МЕЛІ

 

Ішла блаха з Польшчы, а муха з Прусаў, і спаткаліся на самай граніцы. Так блаха кажа:

— Куды ідзеш?

— Да Польшчы. А ты куда?

— А я да Прусаў.

— Чаму?

— Ат, мазур выспіцца на саломе і нясе паліць, то маё не пэўна жыццё, а ў прускіх бебехах то я ўнукаў і праўнукаў прыжду. А ты чаму да Польшчы ідзеш?

— Ат, хай іх хвароба пабярэ! Паду дзе ў страву, то прусак выме, абліжа, высмакча і кіне, а мазур, як упаду ў міску, так возьме цэлу ложку і выкіне на зямлю, то ёсць і для мяне і яшчэ сто нас наесца.

 

 

 

125. МУЗЫКА І ЯШЧАРКА

 

Жыў на свеце бедны мужык. Яму ў жыцці не шанцавала: гаспадарка не ручыла, скаціна не вялася, дзеці хварэлі і жонка была сварлівая, і ў хаце быў заўсёды неспакой і звадкі. Адно ў яго было шчасце, што ён быў добры музыка. Як толькі ў яго знаходзілася вольная часіна, ён браў сваю скрыпачку, выхадзіў за гумно на ўзгорак, садзіўся на каменьчыку і іграў на сваёй скрыпцы рознымі галасамі. І тады ён забываўся на сваю беднасць, гора і жонку.

Аднаго разу, калі ён іграў, з-пад норкі выскачыла яшчарка. Калі скрыпачка выдавала жаласлівыя гукі, яшчарка спусціла галоўку і слухала, а калі ён зайграў вясёла, дык яшчарка пусцілася ў скокі. І датуль скакала, пакуль ён не перастаў іграць. Тады яшчарка ветліва пакланілася, выблянула чырвонец і схавалася ў норку.

І таксама было на другі дзень. Кожны раз стала прыходзіць яшчарка слухаць музыку і танцаваць. І кожны раз выблёўвала чырвонец.

У музыкі ўжо грошы завяліся і дома пачало шанцаваць, і скаціна стала весціся, дзеці перасталі хварэць і жонка паспакайнела. Цяпер толькі жонка прыставала да мужыка, каб сказаў, адкуль ён бярэ грошы. Спярша ён маўчаў, але штораз яна горш прыставала і аднойчы спытала:

— Ці не красці ты ходзіш, або можа забойствам займаешся?

І тады ён прызнаўся, што чырвонцы яму прыносіць яшчарка.

Жонка начала яго лаяць:

— Ну, дзе ж гэта бачана, каб яшчарка давала чырвонцы? Гэта яшчэ горш, як зладзейства. Гэта ж, мабыць, чорт у выглядзе яшчаркі табе грошы дае. Ты, відаць, нас усіх запрадаў нячыстаму.

Музыка кажа:

— Я іграю сабе, каб развесяліць сваё гора, і калі яна паскакала і дала мне чырвонцы, то і дзякую той, — я ж у яе платы не дамагаўся.

Жонка і слухаць не хоча. Крычыць:

— Трэба ратавацца ад нячыстай сілы!

— Як жа ратавацца?— пытае музыка.

Жонка падумала і кажа:

— Вазьмі з сабой сякеру ды ідзі граць на тое самае месца, а калі яшчарка выскачыць з норкі, ты засячы яе.

Музыка паслухаў жонку і пайшоў іграць. Сеў на каменьчыку, а сякеру выняў з-за пояса і паставіў каля ног. Яшчарка, як і раней, выбегла з норкі і пачала танцаваць. Музыка хоць і ўспомніў загад жонкі, не можа падняць сякеру на вясёленькую яшчарку. Скончыў ён граць, і яшчарка ветліва пакланілася, выблянула чырвонец і вярнулася да норкі. Тады ён схапіў сякеру і секануў з размаху па яшчарцы, але паспеў выцяць толькі хвост. Яшчарка як крутанулася ды як падскочыла і адкусіла яму нос. А сама ў норку. Музыка ўзяў сваю скрыпачку і пайшоў дахаты.

Пасля гэтага доўга ён лячыў свой нос. Доўга хадзіў па леках, растраціў сваё багацце. А калі абяднеў, то і скаціна зноў не стала весціся, дзеці зноў сталі хварэць і жонка горш ранейшага стала грызці. Музыка, каб развесяліць сваё гора, пайшоў зноў на той самы камень іграць. І калі зайграў жаласную песню, яшчарка зноў вылезла з норкі. Спусціла галоўку і стала слухаць дзіўную музыку. А калі ён зайграў вясёлыя танцы, дык яшчарка пусцілася ў скокі. Музыка перастаў іграць, і яшчарка пакланілася, выблянула чырвонец і ўцякла. Гэтак зноў завялося сяброўства ў бязносага музыкі і бясхвостай яшчаркі. Зноў стаў музыка багацець.

Аднаго разу музыка пасля танцаў яшчаркі пачаў перапрашаць яе:

— Выбачай, мілая яшчарка, што я паслухаў сваёй благой бабы ды спаганіў тваю аздобу.

А яшчарка кажа:

— Ат, нічога, я не гневаюся на цябе за тваю распусту. Толькі як гляну на твой нос, дык успомню пра свой хвост.

 

 

 

126. ЛІСКА І ВОЎК

 

Жыў дзедка з бабкай. Была ў бабкі курачка, а ў дзедкі петушок. Пайшлі яны шукаць сабе жыру. Петушок найшоў ячны каласок, а курачка пшонны. Дзедка змалоў, а бабка спякла піражок. Бабка палезла на гару па масла, а дзедку заставіла пільнаваць піражка і дала яму смаляную пужку.

— Бабка, бабка, піражок на печы скача!

— Пільнуй, пільнуй, дзедка, а то дам смаляной пужкай!

— Бабка, бабка, піражок на прыпечку скача!

— Пільнуй, пільнуй, дзедка, а то дам смаляной пужкай!

— Бабка, бабка, піражок пад прыпечкам скача!

— Пільнуй, пільнуй, дзедка, а то дам смаляной пужкай!

— Бабка, бабка, піражок па хаце скача!

— Пільнуй, пільнуй, дзедка, а то дам смаляной пужкай!

— Бабка, бабка, піражок на парозе!

— Пільнуй, пільнуй, дзедка, а то дам смаляной пужкай!

— Бабка, бабка, піражок па сенцах скача!

— Пільнуй, пільнуй, дзедка, а то дам смаляной пужкай!

— Бабка, бабка, піражок на ганку!

— Пільнуй, пільнуй, дзедка, а то дам смаляной пужкай!

— Бабка, бабка, піражок па дварэ скача!

— Пільнуй, пільнуй, дзедка, а то дам смаляной пужкай!

— Бабка, бабка, піражок паляцеў.

Бабка ляцела з гары, пабіла місачкі і сама пабілася. Ляцела, ляцела, але піражка не дагнала.

Піражок ляціць, ляціць. Жнуць жнейкі:

— Жнейкі, жнейкі, памажы божа! Я ад бабкі ўцёк, і ад дзедкі ўцёк, і ад вас уцяку!

Паляцеў далей. Касцы косяць.

— Касцы, касцы, памажы божа! Я ад бабкі ўцёк, і ад дзедкі ўцёк, і ад жнеек уцёк, і ад вас уцяку.

Ляціць далей. Аруць аратыя.

— Аратыя, аратыя, памажы божа! Я ад бабкі ўцёк, і ад дзедкі ўцёк, і ад жнеек уцёк, і ад касцоў уцёк, і ад вас уцяку!

Ляціць далей. Лісічка хусця мые.

— Лісічка, лісічка, памажы божа! Я ад бабкі ўцёк, і ад дзедкі ўцёк, і ад жнеек уцёк, і ад касцоў уцёк, і ад аратых уцёк, і ад цябе ўцяку!

Лісічка кажа:

— Хораша пяеш, але я глушка на лева вушка, прыдзі мне бліжэй папей.

Ён прыляцеў, а яна яго схапіла, разламіла, з сярэдзіны выела, а туды паклала балота і на сонцы высушыла і пайшла.

Ішла, ішла і знайшла пастушкоў.

— Пастушкі, пастушкі, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам піражок!

Пастушкі згадзіліся. Ліска сказала:

— Як я зайду за трэцюю гару, тады разламіце над старшым пастушком над галавой.

Яна зайшла за трэцюю гару, а яны разламілі.

Ліска пайшла ў лес, высекла санкі, запрагла бычка-трацячка і паехала. Ішоў воўк:

— Кумка-галубка, падвязі мне ножку!

— А, кумок-галубок, санкі паломіш, другіх не зробіш. Ну, станаві, што з табой рабіць!

Едуць яны. Воўк кажа ўзноў:

— Кумка-галубка, падвязі другую!

— А, кумок-галубок, санкі паломіш, другіх не зробіш. Ну, станаві, што з табой рабіць!

Едуць яны далей.

— Кумка-галубка, падвязі мне трэцюю!

— А, кумок-галубок, санкі паломіш, другіх не зробіш. Ну, станаві, што з табой рабіць!

Едуць яны далей.

— Кумка-галубка, падвязі мне чацвёртую!

— А, кумок-галубок, санкі паломіш, другіх не зробіш. Ну, станаві, што з табой рабіць!

Воўк паставіў і чацвёртую нагу. Едуць яны ўзноў далей.

— Кумка-галубка, падвязі мне і хвосцік!

— А, кумок-галубок, санкі паломіш, другіх не зробіш.

— Я не паламлю.

— Ну, садзіся ўвесь, што з табой зрабіць!

Едуць яны, едуць, тады санкі трэсь!

— А, кумок-галубок, санкі трашчаць!

— Гэта мае косці, — адказвае воўк.

Едуць яны ўзноў далей, санкі трэсь! і разламаліся.

— Кумок-галубок, санкі паламаў, ідзі рабіць!

— Я не ўмею, ідзі ты, я буду пільнаваць бычка-трацячка.

Ліска пайшла ў лес і сячэ санкі: «Сяку права — будзе лева, сяку лева — будзе права!» А воўк у бычка-трацячка ўсё із сярэдзіны выеў і саломкай напхаў. Высекла санкі й цягне. Прыцягнула, запрагла і едуць. А саломка целяпаецца. Лісічка за саломку пацягнула, вехаць саломы вываліўся — і бычок паваліўся. Воўк кажа:

— Я цябе ашукаў: сярэдзіну выеў і вехаць саломы ўпхаў.

Ліска пайшла да рыбалоўцаў. Рыбалоўцы рыбу ловяць.

— Рыбалоўцы, рыбалоўцы, дайце мне рыбы трохі.

Далі ёй рыбы трохі. Яна пайшла ўсмажыла сабе, села і есць. Ідзець воўк:

— Кумка-галубка, што ты ясі?

— Рыбу.

— А дзе ты яе ўзяла?

— Налавіла.

— А дзе налавіла?

— У рэчцы.

— А як ты яе налавіла?

— Усунула хвост у ваду і сказала: «Бярыся, рыбка, малая і вялікая!»

— Ты мяне наўчы.

— Усунь у пролубку хвост, і я буду казаць.

Дык воўк усунуў у пролубку хвост, а ліска кажа:

— Мерзні, мерзні, кумаў хвост! Мерзні, мерзні, кумаў хвост!

— Кумка-галубка, што ты гаворыш?

— Я кажу, каб бралася рыбка малая і вялікая.

Як хвост пачаў мерзнуць, дык воўк:

— Чаму мой хвост такі цяжкі? Я ніяк не выму!

— Многа рыбы набралася!

Воўк хацеў вырвацца, але ліска сказала:

— Я пайду дамоў, прынясу салавы мяшок і збяру гэту рыбу ў мяшок, тады будзе лягчэй выняць хвост.

Яна замест ісці па мяшок пайшла сказала людзям, што воўк умёрз. Людзі прыйшлі і забілі ваўка.

 

 

 

127. ПРЫГОДЫ ЛІСЫ

 

Як жыў дзед з бабай, мелі яны адну раду, елі хлеб з аўсом і білі адзін аднаго ў лоб каўшом. Жылі яны, жылі, дажыліся — нечага есці, а карова ў іх была. Пайшоў дзед кароўцы даваць — знайшоў бабінку ў саломцы, прынёс дый кажа:

— На ты, бабка, звары гэту бабінку.

— Дзедка, мой дзедка, — гаворыць баба, — што тут з гэтай бабінкі, я й гаршка не падбяру; лепш мы яе запашам.

— Ах, бабанька, і дзе ж мы зямлі падбярэм пад гэту бабінку, хіба запашам яе ў лазні пад палком.

Ну і запахалі. Бабінка тая ўзышла, расла, расла, падымае палок. Дзед узяў палок разабраў, а бабінка тады расці, расці, дарасла да крышы. Яны ўзялі дый паднялі яе. Вырасла бабінка, потым таго зняслі на ток, высушылі, змалацілі, змалолі; змалоўшы, хлеб учынілі. Хлеб той расце, расце, з дзежкі вон лезе. Яны яго ўзялі ў печ усадзілі, а хлеб той расце, расце, з печкі на загнетку ўзышоў, з загнеты вон лезе. Заслонку адсланілі, а ён цераз хату перайшоў у акно. Акно адпёрлі — уцёк хлеб той за акно. Дзед з бабай кінуліся за тым хлебам — косяць касцы — пытаюцца:

— Касцы, касцы, ці не бег тут піражок?

Касцы кажуць:

— Грабцы грабуць, пытайцеся ў іх, мы не відзелі.

Грабцы кажуць:

— Вунь пастушкі пасуць, пытайцеся ў пастушкоў.

Пастушкі кажуць:

— Заяц бяжыць, пытайцеся ў зайца.

А піражок гаворыць зайцу:

— Я ад дзеда ўцёк, і ад бабы ўцёк, і ад касцоў уцёк, і ад грабцоў уцёк, і ад пастушкоў уцёк, і ад цябе ўцяку.

Бяжыць лісіца.

Дзед з бабаю зноў пытаюцца:

— Ах, лісіца, лісіца! Ці не бачыла ты нашага піражка?

А піражок бяжыць дый кажа лісіцы:

— Я й ад дзеда ўцёк, і ад бабы ўцёк, і ад касцоў уцёк, і ад грабцоў уцёк, і ад пастушкоў уцёк, і ад цябе ўцяку.

А лісіца хітрая, усё к яму бліжэй ды бліжэй: ды што?— схапіла яго, мякішак выгладала, а ў корачку смецця паклала.

Пасуць пастушкі, а яна кажа:

— Пастушкі, пастушкі, дайце мне быка-трацяка, а я вам дам піражок.

Пастушкі глупы, а піражок жоўценькі такі, ведама, бабовы— пагаліліся на піражок, далі ёй быка-трацяка, а яна ім ужо кажа:

— Не ешце пірага, пакуль я далёка ад’еду, за гару схаваюся.

А сама справіла поезд і паехала на быку. А пастухі кажуць:

— Сядзем на пясочку, з’ядзім па кусочку.

Хваціліся яго есць — не гожа; што ж, паплакалі, паплакалі, так і засталіся. Лісіца ж едзець, запрогшы быка, вось на сустрэчу ёй мядзведзь дый гаворыць:

— А, лісынька! А, кумынька! Падвязі хоць лапку, не хачу пешшу хадзіць.

А яна:

— Што лапку везць, садзіся ўвесь.

Едуць далей, сустракаюць зайца. Той ёй:

— А, лісынька! А, мамынька! Падвязі хоць хвосцік.

А яна:

— Што хвост везць, садзіся ўвесь.

Уселіся і едуць утраіх, а тут дый зламілася ў іх аглобля. Лісіца кажа:

— Мядзведзішча-дурачышча, схадзі за аглобляй.

Мядзведзь пайшоў, прынёс ясеніну сухую, сукаватую такую,

рагатую, нягожую. Лісіца гаворыць:

— Ах, мядзведзішча-дурачышча, ці ты ў лесе не бываў, ці ты лесу не бачыў і не ведаеш, якая лясіна трэба — схадзі-тка ты, зайчык, прынясі мне аглоблю!

Заяц, ведама тое, пабег ды трусачку прынёс у зубах — якую там аглоблю прыладзіць?

Яна і кажа:

— Ах, вы, мядзведзішча-дурачышча, зайчышча-дурачышча, ці ў лесе вы не бывалі, ці вы лесу не бачылі, пайду-тка я сама прынясу запасіну.

І пайшла за аглобляй.

Мядзведзь з зайцам тады кажуць:

— Ашуквала ж яна нас не раз, ашукаем і мы яе.

З'елі таго быка-трацяка, а скуру саломай напхалі, паставілі і пайшлі сабе.

Лісіца прыйшла, аглобліну зрабіўшы, запрагала.

Запрогшы, пад быка — ён не едзе. Яна гаворыць:

— Ах, мядзведзішча, я думала дурачышча, а ён мяне ашукаў.

Ну што ж? Узяла скуру пад пазуху ды ідзець дарогай. Што б той лісіцы схітраваць? Узяла скуру набок звараціла, а сама сярод дарогі ляжыць нежывая, а рыбак наехаў на яе — ну, што ж? Ляжыць лісіца нежывая, трэба яе ўзяць. Злез, абгледзеў яе ды узяў у кораб улажыў, у рыбу сваю. Едзець ён сабе, едзець, узад не паглядаець, а яна, лежучы там у корабе, усю рыбу тую кідала, пакуль усю выкідала, дый сама выскачыла.

Рыбак, прыехаўшы дамоў, кажа гаспадыні сваёй:

— Ах, гаспадыня, мне бог шчасце даў, рыбы кораб налавіў і лісіцу табе на каўнер прывёз.

Гаспадыня так узрадавалася, пабегла глядзець, ажно ні рыбы той, ні лісіцы нідзе нет у корабе. Гаспадар арабеў і гаворыць:

— Ах, так я быў рады, ажно лісіца тая хітрая, кораб рыбы выкідала вон і сама ўцякла.

Што ж, няма чаго рабіць, пайшоў каня выпрагаць дый у хату.

А лісіца, ведама, хітрая, рыбу тую падабрала дый ідзець ды есць, вось насустрэчу ёй шэры воўк:

— А, лісынька, а, кумынька, а й дзе ж ты рыбку брала? Дай мне з’есць.

— Ты, ваўчышча-дурачышча, сам сабе прохвату не знойдзеш, я, баба, і то нахаджу.

— Павучы ж мяне, дзе ж мне знайсці?

Яна ўзяла і павяла яго да лункі на рацэ дый гавора:

— Ну, кладзі хвост у лунку, каб рыба за хвост набралася, пасядзі трошку, паспрабуй, калі будзе лёгка, сядзі яшчэ, а калі цяжка — цягні.

Ён паспрабаваў — цяжка ўжо і думае: «Няхай яшчэ больш назбіраецца».

Пасядзеў, пасядзеў, хвост дужа цяжкі, ажно выцягнуць не можа. А хвост той прымёрз, бо мароз дужа вялікі быў — воўк так і застаўся. А лісіца пабегла ў вёску, глядзь — у гаспадара печ топіцца, а гаспадыня бліны пячэ. Яна ім і кажа:

— Што вы гэта, вунь у вас воўк у лунцы сядзіць.

Усе кінуліся воўка таго біць, хто з памяламі, хто к качаргамі. А яна ўзяла дзежку на галаву і расчынай уся ўмазалася дый пабегла. Бяжыць, а насустрач ёй мядзведзь.

— А, лісынька! А, кумынька! Што ж ты ела, дай мне хоць трошку.

А яна:

— Гэй ты, мядзведзішча-дурачышча, што ты прохвату не знойдзеш, я, баба, а й то з голаду не здыхаю, сабе вось клёцак нацягала.

— А, лісынька, а, кумынька, навучы ж і мяне.

— Пастой, пайду кручок табе зраблю.

Прынесла кручок, торк яму —кішкі і выцягнула.

Бяжыць заяц:

— А, лісынька! А, мамынька! А й дзе ж ты гэта што брала, пакажы і мне.

А яна:

— Ай ты, зайчышча-дурачышча, што ты прохвату не знойдзеш, я, баба, а й то з голаду не здыхаю, я з галавы мазгі цягала, хадзі і табе пакажу.

Ладна. Прывяла яго к пуні дый кажа:

— Стукні моцна галавою ў сценку!

Заяц як ударыўся — дый дагары нагамі, яму там і капут.

Я і там была, мёд, віно піла, у роце не было і па барадзе цякло, як далі мне скавараду, я пабегла да гараду, далі мне чапялу, я пабегла па сялу, як далі мне шлык, я пад вароты шмык, а старая баба качаргой тык.

 

 

 

128. ЛІСІЧКА-СЯСТРЫЧКА, ЗАЯЦ, ВОЎК I МЯДЗВЕДЗЬ

 

Жыў дзед ды баба. У дзеда быў петушок, а ў бабы курка-рабушка. Пайшлі яны на шуметнічак. Петушок дзедаў капаўся, капаўся на шуметнічку і выкапаў бабінку. Курка бабіна капалася, капалася і выкапала гарошынку. Паняслі яны гэта дабро ў двор. Петушок сваю бабіну аддаў дзеду, а курачка сваю гарошыну — бабе.

Баба кажаць дзеду:

— Пасеем гэтыя зерні!

А дзед кажаць:

— Не, баба, трэба іх змалоць і спячы к святу піражок.

Ну і спяклі яны піражок. Баба палажыла яго на вакно, каб ён прастыў, і ўнучцы кажаць:

— Пілнуй, сучка, унучка!

Піражок ляжаў, ляжаў на вакне ды скок на стол!

— Пілнуй, сучка, унучка!

А ён, паляжаўшы, скок на лаўку!

— Пілнуй, сучка, унучка!

Скок на зямлю!

— Пілнуй, сучка, унучка!

Скок за парог!

— Пільнуй, сучка, унучка!

Скок за парог! І пакаціўся па дарозе...

Увідзеў яго заяц, гнаўся, гнаўся, а піражок кажаць:

— Я ад бабы ўцёк, я ад дзеда ўцёк, ад унучкі ўцёк, ад цябе ўцяку!

І не дагнаў заяц піражка.

Увідзеў яго воўк, гнаўся, гнаўся, а піражок кажаць:

— Я ад бабы ўцёк, я ад дзеда ўцёк, ад унучкі ўцёк, ад зайца ўцёк, ад ваўка ўцёк і ад цябе ўцяку!

І пакаціўся. Увідзеў яго мядзведзь і пагнаўся. Гнаўся, гнаўся, а піражок кажаць:

— Я ад бабы ўцёк, я ад дзеда ўцёк, ад унучкі ўцёк, ад зайца ўцёк, ад ваўка ўцёк і ад цябе ўцяку!

І ўцёк ад мядзведзя.

Напаследак увідзела яго лісіца і пабегла за ім.

Ён і той пачаў казаць:

— Я ад бабы ўцёк, я ад дзеда ўцёк, ад унучкі ўцёк, ад зайца ўцёк, ад ваўка ўцёк, ад мядзведзя ўцёк, ад цябе пагатові ўцяку!

А лісіца кажаць:

— Ай, піражок! Як твая песня прыгожа! Але тое жаль, што я не чую, бо ўжо стара. Спой яшчэ!

Піражок толькі стаў пець, а яна падбегла ды і ўхваціла. Ды ўзяла, мякіш выела, а на места мякішу паклала туды пяску з граззю. Тады пайшла сабе далі. Ідзець, аж пастухі пасуць статак. Прыйшла яна к пастухам ды гаворыць ім:

— Пастушкі, пастушкі, вы мне дайце бычка-трацячка, а я вам аддам піражок.

Пастухі далі лісіцы бычка-трацячка, а лісіца пастухам аддала піражок. Аддала пастухам піражок ды і гаворыць ім:

— Не ешце яго, пакуль я з бычком зайду за гару!

Пастухі так і здзелалі. А лісіца як толькі зайшла за гару, дык скарэй і павяла бычка-трацячка ў барок. Прыйшла ў барок ды і давай сабе сані сеч, сячэць і прыгаварыець:

— Сяку, сяку раз! Сяку, сяку два! Сяку, сяку тры! Сяку, сяку чатыры! Сяку, сяку пяць! Сяку, сяку шэсць! Сяку, сяку сем! Сяку, сяку восем! Сяку, сяку дзевяць! Сяку, сяку дзесяць!

І высекла сані.

Запрагла ў сані свайго бычка-трацячка ды паехала.

Едзець, едзець, ажно бяжыць заяц:

— Лісічка-сястрычка, паеду і я з табою?

— Ах ты, касой заяц! Ці ты не відзіш, што мой конь плошанькі, сані мае плошанькія і сама я еду? Ну, але едзь сабе! Садзіся на сані!

Паехалі яны ўдваіх. Едуць, едуць, аж бяжыць воўк:

— Кумка-галубка! Пусці мяне на саначкі!

— Ах ты, ваўчышча-дурнішча! Ці ты не відзіш гэтага, што мой канёк плошанькі, сані мае плахія і мы ўдваіх едзем? А ты яшчэ просішся ў мяне ехаць! Ну, але едзь сабе! Садзіся на сані!

Паехалі яны ўтраіх. Едуць, едуць, аж бяжыць мядзведзь:

— Кумка-галубка, паеду і я з табою?

— Ах ты, мішка касалапы! Ці ты не ведаеш, што мой конь плошанькі, сані мае плахія, і мы так ужо ўтраіх едзем? А ты яшчэ просішся са мной ехаць! Ну, але едзь сабе! Садзіся на сані!

І паехалі яны ўчацвярых. Едуць, едуць, аж бяжыць ліс:

— Лісічка-сястрьічка, паеду і я з табой?

— Ці ты не відзіш, што мы і так едзем учацвярых? А конь мой плох, сані мае плахія. Каб яшчэ не паламаліся, як ты паедзеш? Ну, але едзь сабе, што дзелаць! Садзіся на сані!

І паехалі яны ўпяцярых. Ехалі, ехалі, ажно сані трэсь! і паламаліся. Яны ўсе і пазваліваліся далоў. Упала лісіца і давай сварыцца:

— А што, ці я не казала: мае сані плахія, каб не паламаліся? Ажно так і ёсць! А ўсё вы вінаваты. Панасядала поўны сані!.. Ну, але што дзелаць! Нада думаць ды гадаць, як бы бяду папраўляць!.. Ну, але што тут доўга думаць? Трэба зайцу ісці сані высякаць, бо ён першы прасіўся ехаць!

Пайшоў заяц у лес сані высякаць. Сек, сек, як прынёс, дык адну розку бярозавую!

Як пачала ж лісіца на зайца сварыцца:

— Табе, касы заяц, нейдзе і лесу не было! Ідзі ты, воўк, сані сячы: ты сеў услед за зайцам!

Пайшоў воўк у лес сані высякаць. Хадзіў ён, хадзіў па лесу, пакуль знайшоў-такі карчошку. Ён узяў і прыносіць яе лісіцы. Як пачала лісіца на яго сварыцца:

— А ты, ваўчышча ты, дурнішча ты! Табе і лесу не было! Якія гэта сані? Ідзі ты, мядзведзь, сані высячы!

Пайшоў мядзведзь у лес сані высякаць. Вот ён як ішоў, так і вырваў ёлку і валачэць яе к лісіцы. Як прывалок ён к лісіцы, як пачала яго лісіца ругаць:

— Ах ты, мішка касалапы! Якія ж гэта сані?.. Ідзі ты, ліс, сані высячы!

Пайшоў ліс у лес сані высякаць. Хадзіў ён, хадзіў, сек, сек, і высек ды палку альховую. Як толькі прынёс ліс палку альховую, лісіца давай на яго крычаць:

— Ці табе лесу не было? Ну, сам ты паглядзі: якія ж гэта сані?

Прыходзіцца самой ісці сані высякаць!

Пайшла лісіца ў лес высякаць.

Прыйшла ды гаворыць:

— Сяку, сяку раз! Сяку, сяку два! Сяку, сяку тры! Сяку, сяку чатыры! Сяку, сяку пяць! Сяку, сяку шэсць! Сяку, сяку сем! Сяку, сяку восем! Сяку, сяку дзевяць! Сяку, сяку дзесяць!

І высекла сані. Ну, а пакуль яна секла, заяц, воўк, мядзведзь і ліс былі каля бычка-трацячка. Стаялі яны, стаялі, потым узялі ды кішкі ў бычка-трацячка і выпусцілі з сярэдзіны і паелі. А тады ўзялі ды саломай яго напхнулі і падперлі колічкам, каб не паваліўся. Аж прывозіць лісіца саначкі. Запрэгла ў іх бычка-трацячка ды кажаць:

— Ну, садзіцеся, паедзем!

Селі яны на саначкі. Лісіца стала паганяць:

— Но, бычок-трацячок! Но!

А бычок-трацячок а ні з места. Крычала яна, крычала, нокала, нокала, нічога не здзелала! Вось яна і гаворыць зайцу:

— Злезь ты, косенькі заінька, падгані бычка-трацячка.

Заяц, злезшы з санак, пайшоў наперад ды давай крычаць:

— Но! Но!

Нокаў, нокаў, крычаў, крычаў, нічога не здзелаў, не падагнаў каня! Пайшоў тады падганяць каня воўк. Ён таксама нокаў, нокаў, не падагнаў каня. За ваўком пайшоў падганяць мядзведзь касалапы.

Той таксама нокаў, нокаў — не падагнаў каня. Пайшоў за мядзведзем ліс — і той не падагнаў каня. Злезла тады з саначак сама лісіца. Падышла яна к бычку-трацячку ды давай зноў нокаць!

Нокала, нокала — нічога не здзелала. Калі яна глядзіць — аж у бычка-трацячка з боку саломіна тырчыць. Ухвацілася яна за гэту саломіну ды пацягнула, бычок-трацячок той час і зваліўся! Паглядзела яна: аж яе канёк бычок-трацячок саломай напхнуты. Дагадалася яна, што гэта здзелалі так заяц, воўк, мядзведзь і ліс і задумала яна іх са свету страціць.

Пайшлі яны далі. Ішлі, ішлі, прывяла іх лісіца к рацэ. Не знаюць яны, як перайсці ім раку. Лісіца тады і гаворыць зайцу:

— Зайчык, ты лёгенькі мальчык: табе перваму пераходзіць!

Заяц, не спорыўшы, і паплыў цераз раку. Плыў, плыў ды і ўтапіўся. Тады стаў пераходзіць раку воўк. Распусціў ён свае лапы і перайшоў. За ваўком трэба пераходзіць мядзведзю. Плыў ён, плыў, плыў ды і ўтапіўся. Стаў пераходзіць ліс, і той утапіўся.

Пасля ўсіх стала пераходзіць раку лісіца. Яна січас распусціла свой доўгі хвост — і пераплыла раку.

Стала яна тады думаць, як бы тут страціць са свету ваўка. Але надумалася-такі: падружылася з ім і пакумілась не ў кага.

Вот раз у дождж воўк хадзіў, хадзіў ды пазяб. Ідзець дарогай па лесу і трасецца. Ажно ідзець лісіца. Рад воўк стаў, што ўбачыўся з лісіцай:

— Здарова ты, кумачка?

— Здарова, кумок!

— Ах, каб ты ведала, як я пазяб! Вот ужо трэці дзень, як ішчу краўца, каб ён мне пашыў армячок абы кажушок, а то цяпер дужа сцюдзёна! Але во няма нідзе краўца!

— Во, кумочак! Я табе пашыю кажушок, дай толькі і толькі мне авец.

— Ну, добра, кумачка! Я табе прынясу сколькі ты хочаш авец!

— Ну, а я тут у ельніку пасяджу, а ты, брат, скарэй нясі, а то, бываець, хто-небудзь памяшаець нам!

Воўк пабег скарэй к пастухам. Падкрадаўся, падкрадаўся, такі ўкраў найлучшую авечку ды прынёс к лісіцы. Лісіца січас тут стала мерку знімаць:

— Ай, кумочак, яшчэ ж многа трэба. Бяжы яшчэ прынясі авечку. Шыць, дык шыць кажух ладны!..

Воўк пабег яшчэ авечку красці, а лісіца скоранька аўцу аблупіла, скуру павесіла сушыць, а мяса скарэй у сваю нару занесла ды прыбягаець і кроіць.

Ажно воўк нясець і другую аўцу. Лісіца і з гэтай таксама здзелала, а ваўка паслала яшчэ авец насіць. Насіў, насіў ён, пакуль лісіца наклала поўныя норы мяса. Тады яна стала шыць ваўку кажушок. Пашыць пашыла, толькі не сыршыла. Як прынёс воўк паследнюю авечку, лісіца яму і кажаць:

— Ну, кумочак, я ўжо кажух пашыла, толькі яшчэ не сыршыла. А ты, кумочак, ідзі ды выбяры найлепшага каня... Але ты доўга будзеш іскаць таго каня; хадзі-тка, лучша я табе пакажу!

Воўк і пайшоў за лісіцай.

А лісіца завяла яго ў хульварак, у панскі сад. У тым садзе навязан быў найлепшы панскі конь. Як прыйшлі яны ў сад, лісіца і кажаць ваўку:

— Я цябе навучу, як прывесці гэтага каня, бо ён дужа здаровы. Ты вазьмі яго за вяроўку ды канец вяроўкі закруці на шыю сабе, а то ён бываець вырвецца ў цябе. А я табе буду яго падганяць.

Воўк так і здзелаў: ён узяў вяроўку, закруціў каля шыі ды і завязаў. Тады лісіца як распусціць свой доўгі хвост ды як кінецца к каню... А конь як спужаецца ды як пабяжыць спуду па полю, ды як павалачэць ваўка! А лісіца бяжыць ззаду ды крычыць:

— Упірайся, кумочак, у мяжу, упірайся!

Воўк паслухаў лісіцы ды ўпёрся ў мяжу. Конь як пабег, дык яго і задушыў. Лісіца гэтым была дужа рада; яна толькі гэтага і хацела. Пабегла яна тады ў свае норы мяса ўплятаць, і доўгае ўрэмя яна ела. Паеўшы ўсё, яна зноў на раздабыткі, ды тут і сама галавой налажыла.

 

 

 

129. ЛІСІЧКА-СЯСТРЫЧКА І ВОЎК

 

Жыў дзед з бабай. Быў у іх пеўнік і курачка. Пайшлі яны на смецішча, знайшлі жытчынку і пшанічынку. Певень знайшоў пшанічынку, а курка жытчынку.

Прынеслі іх к бабцы ды к дзедку і гавораць:

— Дзедка ды бабка! Наце вам гэтыя зярняткі, змяліце ды піражок спячыце!

Дзед і баба ўзялі ды змалолі, ну, піражок спяклі. Той піражок сядзіць, сядзіць у печцы ды гаворыць:

— Бабка! Мне тут душна, пасадзіце мяне на запечак!

Тады яны яго ўзялі на запечак пасадзілі.

— Бабка! Мне і тут душна, пасадзіце мяне на лаўку!

Пасадзілі яго на лаўку. Ізноў яму і на лаўцы душна.

— Пасадзіце мяне на стол!

Пасадзілі на стол.

— Мне і тут душна, пасадзіце мяне на ваконца ды адчыніце ваконца!

Сядзеў ён, сядзеў на ваконцы ды і скок за ваконца. Бабка з дзедам пабеглі яго даганяць. Гналісь, гналісь ды і не дагналі яго. Бяжыць піражок, бяжыць па дарозе і стрэў ваўка.

— Куды ты, піражок, бяжыш? — пытаецца воўк у піражка.

А ён гаворыць:

— Я ад бабкі ўцёк, і ад дзедкі ўцёк, і ад цябе ўцяку!

І пайшоў сабе па дарозе. Воўк гнаўся, гнаўся і не дагнаў ён яго.

Бяжыць, бяжыць ён па дарозе і стрэў мядзведзя.

— Піражок, піражок, куды ты бяжыш?

— Я ад бабкі ўцёк, і ад дзедкі ўцёк, і ад ваўка ўцёк, і ад цябе ўцяку!

І пабег. Мядзведзь бег, бег за ім і не дагнаў.

Бяжыць, бяжыць ён па дарозе і стрэў зайчыка.

— Піражок, піражок, куды ты бяжыш?

— Я ад бабкі ўцёк, і ад дзедкі ўцёк, і ад ваўка ўцёк, і ад мядзведзя ўцёк, і ад цябе ўцяку!

І пабег ізноў па дарозе. Стрэў лісіцу.

— Піражок, піражок, куды ты бяжыш?

— Я ад бабкі ўцёк, і ад дзедкі ўцёк, і ад ваўка ўцёк, і ад мядзведзя ўцёк, і ад зайца ўцёк, і ад цябе ўцяку!

— Я не чую гэтага, што ты сказуеш... Ну-тка ка мне бліжэй падыдзі!

Як ён падышоў, яна яго і схапіла. Узяла яго разламіла, мякушак выела, а там чым нехарошым наклала ды зшыла скарыначку яго апяць. І нясець яго. Стрэла мужыка.

Едзець мужык на воліку.

— Чалавеча, чалавеча добры! Прадай ты мне гэтага воліка, а я табе цёпленькі, мякінькі піражок дам за гэтага воліка.

Празмусціла яго. Ён аддаў ёй воліка, сабе піражок узяў.

— І не еш жа ты гэтага піражка, пакуль я забягу за тую горку.

Якая там горка ёсць. Паехала яна на воліку, заехала за горку, мужык паглядзеў, дык у тым піражку толькі адна шкурачка. Яна яго, бач, панапіхала і зашыла.

Ну, едзець яна па дарозе і стрэла ваўка. Ён і просіцца ў яе пад’ехаць:

— Кумка-галубка, пусці мяне пад’ехаць!

— Э, кумішча-дурнішча, ты сам сабою купі воліка, — адказваець ужо яна яму, — я рада, што купіла.

— Кумка-галубка, пусці хоць лапку ўтачыць сюды!

— Э, кумішча-дурнішча, садзіся ўжо зусім!

Едуць, едуць, стрэлі ізноў мядзведзя.

— Кумка-галубка, пусці ж мяне праехаць!— просіцца ў лісіцы.

— А не, кумішча-дурнішча, мае сані плохенькія!

— Кумка-галубка, пусці хоць лапку ўтачыць!

— Ну, кумішча-дурнішча, садзіся зусім!

Сеў і мядзведзь зусім. Ехалі, ехалі і стрэлі ізноў зайчыка.

— Кумка-галубка, пусці ж мяне праехаць!

— А не, кумішча-дурнішча, санкі мае плохенькія!

І давай ім укладаць-казаць:

— Вы ж самі сабе купіце воліка. Я рада, што сама сабе найшла!

Ехалі, ехалі яны, і заяц падсеў — санкі крохаюцца!

— Злазьце, кумішчы-дурнішчы, з санак далоў!

А тыя санкі крох-крох! ламаюцца.

— А не, кумка-галубка, гэта табе здаецца так!

Ехалі, ехалі — санкі і паламаліся!

— Ну ўжо, — гаворыць, — я вам казала злязаць! Ступайце цяпер санкі дзелаць. Ты, ваўчышча-дурнішча, ідзі вязья сеч! А ты, зайчышча-дурнішча, ідзі пакляцкі сеч. А ты, мядзведзішча-дурнішча, ідзі па аглоблі. А я буду пасцівіць воліка.

Пайшлі яны ў лес, а яна ўжо пасцівіць таго воліка. Прыходзіць к ёй другі воўк, і з’елі яны таго воліка.

З’елі воліка ды шкуру ўзялі ды напіхалі саломаю, ды падпёрлі, каб ён стаяў, і пайшлі. Тыя ж прыняслі ўсё сваё, па што яна пасылала іх, і рады, што яе няма. Іздзелалі яны санкі, усе агулам — і воўк, і мядзведзь, і заяц.

Ну, здзелаўшы санкі, запраглі таго воліка і сталі паганяць. Ён не ідзець. Яны яго білі, білі, ён і сунуўся. Сталі глядзець, аж ён саломай напіхан. Так і паразыйшліся.

 

 

 

130. БЯРОЗА І САСНА

 

Вясною смяялася бяроза з сасны:

— От такая я зялёная і пекна, аж усе людзі ўглядаюцца на мяне!

Так сасна кажа:

— Ну, ну, пачакаймо да восені!

Як ужо восень надышла, з бярозы ліст асыпаўся, прыбралася да зімы, тады сасна кажа:

— Ну, а дзе твая пекната і зялёнасць? Я як зімою, так і летам заўша аднастайна, а з цябе цераз людзі насмяюцца, бо ты стаіш як драпач растрэпана. Ну, так хто тэраз з нас пякнейшы і зелянейшы: ці я, ці ты?

Так бяроза замаўчала, вядома, няма ёй чаго гаварыць.

 

 

 

131. ГУТАРКА ДУБА З ГРЫБАМ

 

— Адхіліся, дубе, бо я расту! Ты дзесяць лет расцеш да няма нічога, а я з гадзінку вырасту.

А дуб кажа:

— Ты за гадзінку вырасцеш, звалішся і счарвівееш, а я сто лет звалюся, а другія сто лет корань у зямле сядзець будзе.

 

 

 

132. МАРОЗ, СОНЦА І ВЕЦЕР

 

Ішоў раз сабе адзін чалавек, судосіў на дарозе Соўнычка, Мароз і Вецер. Ото ж-то, спаткаўшыся з імі, сказаў ён ім «пахвалёны».

Каму ён аддаў пахвалёны? Соўнычка сабе кажа, што мне, каб я не пякло, а Мароз сабе кажа, што мне, а не табе, бо ён цябе не так баіцца, як мяне.

— Ото ж бо лжэце! Няпраўда!—кажа, нарэшце, Вецер. Той чалавек аддаў пахвалёны не вам, а мне.

Пачалі між сабою аж спіраціся, сварыціся й адно што за чубы не пабраліся...

— Ну, калі ж так, то спытаймася яго, каму ён аддаў пахвалёны — мне ці вам?

Дагналі таго чалавека, спыталі, аж ён сказаў:

— Ветраві.

— А што, бач, не казаў я — што мне.

— Пастой жа ты! Я цябе, ракару, спяку! — кажа Сонца. Пакеміш ты мяне.

Ажно Вецер кажа:

— Не бось, не спячэ, я буду веяці і ахаладжаць яго.

— Так я ж цябе, гіцлю, замарожу! — кажа Мароз.

— Не лякайсе, нябожа, тагда я не буду веяці і ён табе нічога не зробіць, без ветру не замарозіць.

 

 

 

133. ЯК МУЖЫК МАРОЗА ЗВАЯВАЎ

 

Аднаго разу зышлося двух Марозаў. Адзін кажа:

— Каб ты ведаў, братко, якога я сягоння пана змарозіў, у такіх футрах цёплых, што не жарты!

А другі кажа:

— Пана не штука змарозіць, але каб ты змарозіў мужыка, то было б чым пахваліцца.

Так той засмяяўся і кажа:

— То я мужыка дзесяць раз лягчэйшым марозам змарожу.

— Паглядзімо! — і разышліся.

Ідзе ён так, ідзе, аж бачыць, едзе адным волікам мужык у кажушку такім абдзёртым. Мароз гэта, прыбегшы да яго, калі не стане падпякаць! Так мужык з санак да ўсё свайго воліка падпорвае, а сам бяжыць і бяжыць. Прыехаўшы ў лес, скінуў барзджэй з сябе кажуха і рукавіцы і калі не стане дрова рубаць, аж агонь сыплецца, а пот з яго проста льецца. І Мароз не даў рады прычапіцца. Так падумаў крышку і кажа:

— Каб ён не даждаў! Такі я яго мушу сягоння скончыць!— і ўлез у рукавіцу.

Мужык гэта як угледзеў, так за рукавіцу, палажыў на пень і давай лупіць абухам. Біў, біў, чыста яму косці паперабіваў. Пасля, як страсянуў, так Мароз упаў каля пня, а ён з дравамі дахаты паехаў. На заўтрашні дзень сышліся тыя самыя Марозы, так той кажа:

— А што, змарозіў мужыка?

— Хай яго так і гэтак! Хацеў хоць руку змарозіць і ўлез у рукавіцу, а ён як стаў мяне біць абухам, чыста мне косці паперабіваў.

 

 

 

134. СОНЦА І ВЕЦЕР

 

Старыя людзі расказваюць, што раз калісь касары і жанцы як сталі свістаць, дзетвара запішчала ў дудкі, дак вецер і прыляцеў. Усе з радасці запелі:

 

Касары косяць, а сонца грэе.

Як ветра папросяць, то ён павее...

 

Ветру гэта спадабалася, дак ён так разгуляўся, што сонца разгневаў, да яно, не выцерпеўшы, кажа:

— Калі ты будзеш гэтак мяшацца ў мае справы, то я цябе спяку начэ картоплю!

— Тэ-тэ-тэ! — кажа вецер, — пакуль хвалько нахваліцца, то будзька набудзецца, нацца, пакуль ты мяне спячэш, то я з усяго свету зжану хмары да так цябе закутаю, што ты не скора адтуль вызірнеш, каб пабачыць, што тут робіцца. А то як хочаш, то яшчэ і ледавік дуне, дак ось табе тады і жанцы падзякуюць.

— Ну, годзі! Калі ты такі разумны, але, пастой, ось як прыйдзе мароз, дак мы тады з табой пагамонім.

— Мароз, а што ж ён мне зробіць?

— Што зробіць? Замарозіць, як я захаваюся за хмару.

— Дак я ўсе хмары зажану туды, дзе і перац з роду не рос, а таму старому дурню марозу як стану хухаць у морду, то ён яшчэ сам размякне, дак куды ж яму беднаму мяне перавярнуць у каўтлах.

 

 

 

135. БЕЛЫ ВОЎК

 

Быў сабе дзед і баба, мелі яны сабе адну дачку. Жылі яны бедна. Дзеду трэба было пайсці ў лес дроў нарубаць. Рубае ён, рубае, аж йдзе стада ваўкоў, а папярод самы большы воўк — белы. Прыходзяць да старога і гавораць:

— Стары! Мы цябе з’ямо.

Стары стаў кланяцца беламу воўку, аж белы воўк адзываецца:

— Я чуў, што ў цябе, стары, ёсць хароша дачка: калі аддасі за мяне, то яшчэ паможам табе дровы ў вязку пазбіраць і задаць на плечы.

Стары пакланіўся і сагласіўся аддаць дачку за белага воўка. Воўк назначыў дзень, калі яны прыйдуць жаніцца з дачкою; падпамаглі дровы старому забраць і адпусцілі яго.

Стары прыйшоў дадому, сказаў бабе і дачцы, што ён відзеў у лесе і што мусеў абяшчаць выдаць за белага воўка дачку. Маці з дачкою паплакалі і ўжо чакалі таго дня, калі меў белы воўк прыйсці з свадзьбаю. Стары парадзіўся з сваёю бабаю, каб хаця самім уцячы ад ваўкоў, бо як не дагадзім ім, то і нас з’ядуць.

— Няхай астаецца дачушка адна, што ёй бог дасць, а мы ўцякаймо заўчасу за мора.

Убралі дачушку, як да шлюбу, паблагаславілі яе, а самые за тры дні наўпярод уцяклі.

Дачка чакае сватоў і плача, заліваецца слязамі, як хаваючы нябожчыка. А быў у яе казельчык ды вельмі разумны; пытаецца ён:

— Чаго ты, паненачка мая, плачаш?

Яна яму расказала аба ўсім: як татка абяшчаў яе выдаць за белага воўка і што яны праз дзень ужо прыдуць жаніцца. Казёл яе супакоіў:

— Не бойся! Скідай з сябе ўсе гэтыя істужкі і ўборы, давай кулік саломы.

Убралі куль, як маладую, і паставілі на покуці за сталом.

Сам казёл узяў набраў у рэзгіні сена, уклаў у сярэдзіну дзяўчыну, закінуў сабе на плечы і давай уцякаць за мора. Аж сустракаецца на дарозе з тымі ваўкамі. Яны ўжо йшлі да маладой. Пытаюцца ў казла:

— Куды ты гэта ідзеш з сенам?

— У майго гаспадара будзе вяселле — дачку аддае за белага воўка, іду за мора купляць розныя віна і прыправы і нясу сабе сена на дарогу.

Прыходзяць маладыя дахаты, сталі перад дзвярамі. Як завядуць, нібыта музыкі, — хацелі, мусіць, марша зайграць, але, вядома, як воўкі: адзін танчэй, другі таўшчэй... і равуць пад хатаю... Уходзіць сам белы воўк, глядзіць — нікога няма ў хаце, а толькі маладая сядзіць на куце ўбрана. Залез туды і малады, прыглядаецца да маладой, але яна была вочы завешаныя; загаварвае да яе, а яна не адзываецца. Ён і так, і сяк, а яна маўчыць. Не стала воўку цярпення і як штурхне яе — аж, глядзь: куль саломы ўпаў на зямлю. Як скокне воўк і ўся яго свадзьба, як затарзянуць усе гэты куль — разарвалі яго і растрэслі па саломінцы, а самые пабеглі даганяць казельчыка. Але пакуль яны дабеглі да мора, казёл ужо пераплыў на другі бок. Тады яны адзін на другога:

— Скачы ты ўперад у воду!

А той:

— Скачы ты ўперад у воду!

І ні той, ні другі не скача. А потым як папхнулі адзін другога — і ўсе патапіліся.

Казёл увідзеў з таго боку мора, што ваўкі патапіліся, быў вельмі рады, паслаў дачку, каб знайсці бацькоў — дзеда ды бабу. Тыя даведаліся, што ваўкі патапіліся, што не будзе каму іх есці, вярнуліся назад да свае хаткі. Сталі там смела жыць ды пажываць і сталі ўжо цяпер багатымі. Купілі сабе каня ўжо. Стары ўжо не на сабе дровы насіў, а возам вазіў; дачушка ўжо сама ткала і прала, і кашулі шыла, і краіла. Казёл глядзеў у іх за парадкамі.

 

 

 

136. ВОЎК І ВАЎЧЫЦА

 

Заспрачаліся аднаго разу воўк і ваўчыца.

Ваўчыца кажа:

— Дрэнна табе, воўк, жывецца.

— Чаму дрэнна?— пытаецца воўк.

— А вось чаму, — адказвае ваўчыца, — ты заўсёды туляешся па кустах, бо цябе кожны ўбачыць можа. А я вось магу па чыстым полі хадзіць і мяне ніхто не ўбачыць.

— Лжэш, — кажа воўк, — няпраўда гэта.

— Ну, як сабе хочаш: хочаш вер, хочаш не. А я кажу праўду.

— Калі так, давай праверым. Я схаваюся ў кустах, а ты выйдзі на поле, дзе сяляне аруць.

— Добра.

Схаваўся воўк у кустах, а ваўчыца выйшла на поле.

Тут людзі і паднялі крык: «Воўк! Воўк! Воўк!»

Пачуў гэта воўк, што яго ўспамінаюць, ды драла з кустоў у лес.

«Вось, — думае сабе, — дзіва: ваўчыца па полі хадзіла і яе не бачылі, а я ў кустах сядзеў і мяне ўгледзелі».

 

 

 

137. РАК

 

Бог тварыў сабе мір. Усе твары прыйшлі к яму і пакланіліся. Бог уставіў кожнай твары вочы, штоб усе паглядзелі на яго. Пасля ўсіх прывалокся рак.

— Ідзе ж ты, рак-небарак, валачыўся дасюль? — спрашвае бог.

— Поркаўся тамака ў карчох, — атвячае рак і не кланяецца богу.

— Вазьмі, рача, сабе во гэтыя вочы, якія тутака засталіся, — сказаў яму бог.

Рак пашчупаў сваімі клюшнямі тыя вочы дай кінуў іх пад ногі богу:

— Вазьмі іх сабе гэтыя паганыя вочы і ўстаў, куды хочаш, а мне такія вочы не трэба!

Рак горда сказаў і адвярнуўся к самому богу задам.

— Дык не мне ж гэтыя вочы трэба, паганы рак, а табе! — загрымеў бог і ўставіў раку вочы ў зад.

З тых пор ва ўсіх тварэй вочы як вочы, а ў рака вочы ззаду.

 

 

 

138. МЯДЗВЕДЗЬ

 

Было гэта даўно! Бог са сваімі святцамі ішоў па дарозе. Усе людзі кланяліся яму, а адзін галуза безбацькавіч стаў дражніцца. Святцы доўга ўгаварвалі гэтага галузу, но ён іх не слухаў. То з аднае стараны кінецца на бога, то з другое, а бог ідзе ўсё сваёй дарогай і не глядзіць на яго.

Тады галуза забег наперад, схаваўся за яварыну і сядзіць. А бог ідзе сабе ціханька па дарозе, а за ім святцы. Толькі што яны параўняліся з яварынай, як адтуль выскачыў галуза, прысеў на карачкі, выцягнуў морду ды на бога:

— Гы-ы-ы!

Не стаў цярпець болей гэтага бог і сказаў:

— Увесь свой век ты хадзіць меш так, як цяперака ходзіш!

З тых пор і ходзіць той галуза мядзведзем, на карачках, выставіўшы морду.

 

 

 

139. КРОТ

 

Толькі скончыўшы тварыць свет, бог угледзеў, што няма па чым хадзіць.

І вось аднойчы выдаў загад, каб старасты таго часу выгналі б на працу ўсё жывое. Да прыказаў, кажучы, як нас у час вайны ў акопы, значыцца, рыці іх.

Загад выйшаў рабіць шляхі.

Былі тут гасцінцы, дарожкі і сцежкі. Сырам ніхто не мог адкупіцца. Усе высыпалі. Прыйшоў бог з табялямі. У пералічцы крата не знайшоў. А крот быў тым часам зарыўшыся ў зямлю, каб не працаваць.

Штрафаў тады не было, бог не штрафаваў і не пасылаў па іх вурадніка. Каб той паеў бы яешні.

Ён толькі сказаў:

— Хай ад веку крот рыецца пад зямлёй і не мае права перайсці дарогу.

Моцныя словы бога. Увесь час амаль што крот пад зямлёй. Іншы раз выходзіць троха, але калі адважаецца ўзбегчы на шлях — гіне. Сярод шляхоў шмат іх можна пабачыць, страціўшых жыццё.

 

 

 

140. ЯК МЯДЗВЕДЗЬ МУХІ ГАНЯЎ

 

Адзін мядзведнік лёг спаць, а мядзведзю казаў, каб мухі ганяў. Ганяў ён, ганяў, аж адна муха, што ён згоніць, то зноў на твары мядзведніку сядзе. Ну, так яго злосць парвала, хацеў тую муху забіць: як замахнецца, як высмаліць па твары, так і забіў муху разам з мядзведнікам. Ён так урадаваўся, што муху забіў, але потым глядзіць, ажно чалавек не сапе, так падумаў сабе і давай варочаць дай будзіць. Ажно як ужо зміргаваў, што не жыве, так ланцугом аперазаўся дай пайшоў да лесу. От людска муху забіў.

 

 

 

141. ЯК ДЗЕД ВОЎКА ЗАБІЎ

 

Краз лес трэба было хадзіць да карчмы, а ў тым лесе быў воўк: было як хто анно ідзе, так скочыць на плечы дай краз цэлы лес едзе, а найбольш прычапляўся да бабаў. Якоесь, праўдзіва, насланне на іх было, але ніц злога не рабіў, анно пад’едзе вёрсты са два, злезе дай пабяжыць да лесу. Дзе быўшы, прыходзіць да таго сяла дзед дай кажа:

— Што вы мне дасьце, то я вам яго жывога прынясу?

— Што ўжо, дзядзюшку, хочаце.

Так дзед кажа:

— Дайце мне тры сярмягі, тры кажухі дай тры кудзелі.

Так яны як бач і дастарчылі ўсяго. Так то дзед усю тую адзежу паклаў на се дай то кудзеляю паакручываў ногі, шыю, голаў дай так пайшоў у лес, узяўшы здаравенную булаву. Ідзе ён, ажно выбягае той воўк дай дзыг! яму на плечы, а дзед гэта за лапы яго дай валачэ. Валачэ, аж воўка злосць парвала і хацеў яго кусаць за галоў, да той набраў, набраў поўна горла клочча і не даў рады выняць, ведама, клочча за зубы ўсюды пазачаплялася і дзержыць. Так дзед прывалок яго аж да сяла дай кажа: «Біце цяпер, хлопцы!» Так яны гэта, хапіўшы калы, нуж да нуж воўка дзяляжыць, аж насмерць забілі. Тады яму злажыліся, дванаццаць рублёў далі дай яшчэ цэлы рок у сяле кармілі.

 

 

 

142. ЯК ВОЎК ГОЎЦЫ ПАЛОХАЎ

 

Аднаго разу прыйшоў пад аўчарню воўк, а там была дзірка, так хвост усадзіў дый ўсё па сцяне лоп! лоп! лоп! лоп! лоп! І гоўцы скачуць, бляюць. А там начаваў гаўчар, так ён прачнуўся дый зараз дагадаўся, што, мусіць, гэта воўк. Як воўк пачне лапацець хвастом, тады ён падыходзіць да дзіры, а як перастане, то і ён стане. Урэшце, як ужо падышоў блізка, так падскочыў дый цап за хвост, хутчэй гэта прывязаў, а сам скочыў азнаёміць пану. Прыходзяць, асё ж воўк хваста адарваў дый уцёк.

 

 

 

143. РАЗУМНА ЖЫВІНА

 

Ехаў зімою адзін чалавек, а меў каня добрага, санкі лёгенькія, ажно ў лесе заступаюць яго ваўкі. Ён, дзе быўшы, саскочыў з санак, схапіўся на дзераза, а конь стаў каля таго дзерава, дай што воўк да яго падлезе, як закруціць санкамі, так воўк і ляжыць і ляжыць. Такім спосабам усе ваўкі пабіў. Тады чалавек злез з дзерава, наклаў поўны санкі ваўкоў дай паехаў. От што то за конь.

 

 

 

144. МЯДЗВЕДЗЬ І СТРАЖНІК

 

Раз у Белавежы ідзе сабе стражнік, ажно мядзведзь з ваўкамі так рвуцца! Так ён сюд-туд хутчэй скочыў да стога, узлез, укапаўся ў сярэдзіну дый сядзіць. Ажно і мядзведзь, не даўшы сабе рады з ваўкамі, бо іх шмат было, ускочыў на той самы стог і давай драчыцца з ваўкамі: усё круціць з сена круцялі дый на іх, а яны ўсё разрываюць да разрываюць. Урэшце, стаў дабірацца і да таго стражніка, а ў яго стрэльба была не набіта, так ён, што робячы, як парне яго ножыкам — мядзведзь зароў і бабух! з стога на зямлю. Так ваўкі яго ў вокамглені разадралі і пабеглі, а стражнік, паждаўшы, пайшоў сабе дахаты.

 

 

 

145. ХЛАПЧАНЯ Ў ВОЎЧЫМ ЛОМЕ

 

Адзін хлопчык збіраў ягады і неяк запоўз у лес глыбока. Трэба ж гэта прыбегчы ваўчыцы, ухапіла яго дай занесла да сваіх ваўчанят, а яны зараз да яго дай сталі забаўляцца з ім. Тут бацька і маці адзін дзень ждуць, другі — няма, так на трэці пайшлі ўсюды, абшукалі — не найшлі. Так ужо і перагорылі — што ж ты зробіш! Трэба ж то іх суседу пайсці ў лес выбраць дзерава на хату. Ідзе ён, ажно ўгледзеў горбу хварасту, зайшоў з другога боку: ля, што за ліха? Дзіця забаўляецца з ваўчаняткамі. Ён гэта замеціў тое месца, сам да вёскі, дай-то насклікаў людзей. Так пайшлі, пабілі ваўкоў, а хлопца забралі дахаты. Даюць яму мяса варана — не хоча, бо ўжо звык на сырое; і з тое пары заўсёды ўжо еў сырое.

 

 

 

 

ЧАРАДЗЕЙНЫЯ КАЗКІ

 

 

 

 

 

146. КОТ МАКСІМ — СВАТ, ЗАЙЦЫ, ВАЎКІ

 

Быў дзед з бабай, мелі яны сынка і катка; сын быў Марцін Глінскі-Папялінскі, кот быў Максім. Жылі яны колькі там лет, потым памерлі; астаўся сынок і каток. Некалькі ўрэмя пражылі, абярнулася гэта хата і згніла, засталася адна печ. Гэты Марцін Глінскі навучыўся гаварыць па-кашачаму, а гэты кот навучыўся гаварыць па-чалавечаму. Жылі яны некалькі гадоў. Гэты Марцін жаніцца захацеў, так кот кажа яму:

— Ты жаніцца захацеў, седзячы ў гэтай печы, у цябе голас не чалавечы. Што ж ты сядзеў, я цябе карміў, паіў, ты нічога не рабіў, толькі попел перасыпаў.

— Ну, ідзі ты, — кажа Марцін Глінскі-Папялінскі, — да царэўны ў сваты.

Нанасіў кот есці яму бальшую кучу: мышэй там, усякага сала, мяса лошадзі — усяго. Нанасіўшы есці, пайшоў ён у сваты. Ідзе ды ідзе, выходзіць у лес; выходзіць з лесу на палянку, сустрэў зайца.

— Куды ты, кот, ідзеш?—пытаецца заяц.

— Іду да цара на суд, —кажа кот.

— На які суд?

— Дзе што кошка парушыць сала ці каўбасу, ці ў муку напаскудзіць, там прыдзе гаспадар у свіран, на каго падумае? На ката, і скажа на ката. А гэта зусім там і ката не было, а кошка. Як я буду цярпець гэтакай няславы? — сказаў кот.

А заяц падумаў ды і гаворыць:

— I я пайду з табой!

— Нашчот чаго ты пойдзеш? —пытаецца ў яго кот.

— Ды вот дзе што зайчыха ў сад улезе, шчэпы паесць, яблынькі і грушкі — усё кажуць на зайца; дзе зайчыху сабакі ганяюць — усё кажуць на зайца; як гэтакай няславы цярпець? Пайду і я з табой да цара на суд.

— Што ж ты, —кажа, —адзін?

Заяц на ката кажа:

— А ты ж чаму адзін?

— Эх ты! Патыкаўся, у мяне ж там дзядзькі, бацькі, дзяды, прадзеды, сёстры, брацці — усе па слову кінуць, дык мне і веры дадуць. А ты што адзін? — кот кажа зайцу. — Каб вас з гэтага лесу палавіна, дык бы вам веры далі.

А заяц гэты паслухаў, як пакоціцца, як наробіць крыку — дзе каторы заяц не дачуў, дык так бег на гук, а каторы чуў, дык прыйшоў і гэта пасабляў крычаць. Сабралася іх некалькі тысяч, але не то што некалькі тысяч, але некалькі мільёнаў. Што як ішлі цераз лес, дык там павыбівалі карэнне капытамі — што аж лес паўсыхаў, а як ішлі па полі, дык да вады зямлю ўбілі, каб яны піць не хацелі, дык бы ўвесь свет затапіла вада. Прыйшлі сяк-так да цара. Ну, гэта кот сказывае на іх:

— Зайдзіце вы ў гэты сарайчык, пастойце, выйдзе мой суд, тады я вашу жалабу занясу. Пасля, — кот сказывае, — я вас пазаву.

Як гэтыя зайцы ўскакалі ў сарай, так кот — хлоп! ды запёр іх і пайшоў сабе, песні пяючы, падскокваючы і ў ладкі б'ючы. Прыходзіць на ганак да цара і стукае:

— Адчыняйце!

Адчыніў — там салдат адзін.

— Пакажыце, дзе цар жыве.

Паказалі яму:

— Здрастуйце, ваша вялічаства вімператарскае!

— Здрастуй, каток, здрастуй! Што ж ты скажаш мне харошае?

— Ды вам прыслаў Глінскі-Папялінскі гасцінчыка.

Гасудар атвячае яму:

— Харашо здзелаў, ды не вочымна.

Пад'ехаў гасудар — пасматрэў у гэты сарай:

— Мусіць у яго яшчэ больш ёсць, калі ён столькі прыслаў.

Накарміў гасудар гэтага катка і меха наклаў, на дарогу даў.

Прыходзіць гэты каток да Марціна Глінскага-Папялінскага. Аж гэты Глінскі чуць жыве, а яшчэ пытаецца, што цар казаў:

— Ці пойдзе яна за мяне, ці не?

— Годзе табе пытацца, калі ты не ўстаеш ужо.

— Ды ты не адказвай, што я не ўстану, ды давай есці скарэй мне.

Кот на самы первы случай пайшоў каля рэчкі, злавіў 25 жаб.

— Вот табе цар прыслаў квашаніны есці халоднай.

Пасля стаў насіць што дзе не зарваў; адкарміў яго, адпаіў, адхаяў сяк-так. Пасылае яго Глінскі ізноў да цара ў сваты. Кот яму нанасіў, як першы раз, дык гэтакія дзве часткі. Ідзе кот ды ідзе цераз лес, выходзіць на гэткую ж самую палянку, сустрэў ваўка. Кот спалохаўся ваўка — скок! на хвойку. Воўк кажа на ката:

— Ты не палохайся мяне, але раскажы, куды ты ідзеш?

— Я б расказаў табе, але баюся.

— Праз якую стаццю ты баішся мяне?

— Калі зайцаў многа хадзіла, то вас яшчэ больш пойдзе.

— Не бойся, раскажы.

Гэты воўк падскочыў, хваціў ката за каўнер і прыціснуў да зямлі.

— Калі скажаш, дык не з'ем цябе, а не скажаш — з ем.

— Не еш і скажу.

— Ну, кажы, не буду есці!

Адпусціў яго ад зямлі.

— Ну ты ж ужо зусім пусці мяне, ужо скажу, не ўцяку. Але ж ты не адкажыся, глядзі, а то табе вялікі сорам будзе.

— Чаму так? — пытаецца воўк.

— Калі зайцаў столькі хадзіла, дык вас трэба тры часткі гэтулькі.

— Куды?

— Куды і я іду.

— Куды ж ты ідзеш?

— Да цара на суд.

— І я пайду.

— Што ты адзін пойдзеш?

— А ты чаму адзін ідзеш?

— А ты што патыкаўся са мной? Ты не глядзі, што я адзін іду, бо мяне ўся царская фамілія знае, а ад цябе і сабакі ўцякаюць, як угледзяць, не то цар. Сабярыцеся трэцяя частка з гэтага лесу, дык паверыць цар вам. Ты не глядзі, што я адзін, мой там бацька, дзядзькі, дзяды, прадзеды.

— Ну, раскажы ж, на які суд ідзеш?

— Але ты такі тыкаешся? Пойдзе мужык у лазню, пакуль пан галаву памыець, дык мужык с... Ото ж я наперад не скажу. Збяры ты з гэтага лесу трэцюю частку, каб былі сведкі, дык табе веры дадуць, і тады я раскажу, на які я суд іду.

Гэты кот раззлаваў ваўка, што аж воўк плакаць пачаў, падскочыў, аб зямлю ўдарыўся, і стаў гэты воўк галасіць моцна. Дык усе ваўкі пачулі, што гэтак воўк плача. Хто яго абідзеў там?

Давай яны збягацца ўсе чыста, пачуўшы. Тады назбіралася іх багата, і ваўкі давай пытацца ў ката. Гэты кот атвячае ім:

— Нам стаяць да гаварыць, дык многа дзён пройдзе; пойдзем па дарозе і будзем гаварыць ідучы.

Ішлі яны, ішлі; ён ім расказаў уловіну.

— Праўда, — воўк кажа, — і нам трэба ісці, ты не салгаў.

Кажуць ваўкі:

— Мы ўперад пойдзем на суд.

А кот кажа:

— Як жа вы ўперад пойдзеце, калі мая жалаба занесена? Як выйдзе мой суд, падам я вашу жалабу, тады я вас пазаву. Цяпер жа вы пастойце ў гэтым сараі.

Яны паслухалі, а кот — хляп! ды і запёр. Кот гэты пайшоў, падскокваючы, пяючы, у ладкі плешчучы, прыйшоў на ганак: «Стук, стук!» — салдат адчыніў; прыходзіць кот да цара прама.

— Здрастуйце, ваша вімператарскае вялічаства!

— А што, каток, скажаш?

— Ды вот вам Глінскі-Папялінскі прыслаў гасцінчыка.

— Харашо, харашо здзелаў, ды не вочымна.

Пад’ехаў гасудар, пасматрэў, яны скачуць па бэльках, так ён набіў іх у той сарай. Цар ката напаіў, накарміў, на дарогу даў, а ваўкоў і зайцаў казаў пабіць. Цар кажа кату:

— Скажы Глінскаму-Папялінскаму, няхай прыязджае да маёй дачкі ў сваты.

Кот гэты прыбег без духу к Глінскаму ў поўнач, давай яго будзіць.

— Уставай, уставай, я ад цара прыйшоў.

— А што ён табе сказаў?

— Ды вот казаў, каб ты ехаў жаніцца на яго дачцы.

— Ну, цяпер жа ты, кот, сватаў, сватаў, каб цябе бог са свету пратаў. На чым жа я паеду, калі я голы, як бізун?

— Ты не плач, але прасі, каб я ўхітрыўся, дак ты заедзеш.

Пайшлі яны сярод ночы, а там каля цара салдатаў многа і ў кожнага салдата дзве шапкі, а кот жа ў кожную хату ўлезе і ў кожнага салдата па шапцы ўкрадзе. І ўкраў ён тонкага драпу. Наклалі яны два мяхі гэтых шапак — панеслі на мост. Гэта рабілася ў поўдні, і кот гэты піць захацеў. Кот гэты, паставіўшы шапкі на мосце і пакінуўшы Глінскага ля шапак, пайшоў піць ваду. Ён п’е ваду, а цар склікаў усіх ракаў; адзін рак надта вялікі, кот яго выцягнуў на бераг.

— Пусці, — кажа рак, — жыў не буду.

— Саслужыш жа ты гэтакую службу? — кажа кот на рака.

— Па вадзе саслужу, якую ты хочаш, а на беразе, забі мяне, — нічога не саслужу.

— Скапай жа ты гэты мост!

— Скапаю, — кажа рак.

Кот, не веручы, прывязаў рака на дрот, а на Марціна Глінскага кажа:

— Як паплыве мост, дык ты раскідай шапкі па рацэ.

Кот цераз мост пераскочыў, а Глінскі на мосце. Мост паплыў, а гэты ўсё Глінскі раскідае шапкі па рацэ. Каток пабег да цара. Прыбег да цара і кажа:

— Ехаў Глінскі да цара жаніцца, уз'ехаў на мост, мост уламаўся, салдаты патапіліся, пяхота і конніца, астаўся ён адзін на мосце.

Тут цар паслаў салдатаў на лодках — шапкі плывуць па рацэ. На лодцы едзе нявеста з дзеўкамі і кухаркамі. Яны і пазнаёміліся і ажаніліся з тым Глінскім. Цар даў ім 8 мільёнаў войска, дзенег. Яны паехалі ў Змяёўскі дварэц і перапалохалі змея. Ён цераз комін вылез са сваёй любоўніцай, а Глінскі яе застрэліў з хвузіі. Тады яны сталі жыць у тым дварцы. Там золата са стрэх капала.

 

 

 

147. КОТ І ДУРАНЬ

 

Было ў аднаго чалавека тры сыны: два разумныя, а трэці — дурань. Захварэў іх бацька і выжыць ужо не спадзяваўся. Перад смерцю раздзяліў ён сваю гаспадарку папалам двум разумным сынам. Дурань, бачачы, што яму бацька нічога не выдзеліў, стаў жалкаваць і плакаць:

— Што ты, татка, мне пакідаеш? — кажа ён бацьку. Падумаў, падумаў бацька дай кажа яму:

— Усё гаспадарства, сынок, раздзяліў я тваім старшым братам; асталіся толькі ад падзелу мой кот ды мазная печ, што дзёгаць гналі: няхай яны табе астануцца.

Дурань і за гэта падзякаваў.

Памёр бацька. Толькі пахавалі яго, дык разумныя браты дурня ў каршэнь дый за дзверы выштурхнулі, а за ім выкінулі і яго ката.

— Шукайце, — кажуць, — сабе хлеба, а мы гультаёў карміць не будзем.

І пайшоў дурань, заплакаўшы, у сваю бацькаўшчыну — мазную печ. Лёг там на попеле, ката палажыў у галавах, каб сагрэцца. Ляжаў ён, ляжаў, захацеў есці і давай крычаць:

— Есці хачу! Есці хачу! — схапіў ката і кажа: — Я цябе з'ем.

— Пачакай трохі, не еш мяне, — гаворыць яму кот, — я табе прынясу яды.

І пайшоў кот па стрэхах лазіць—яды шукаць; прынёс кілбас, накарміў дурня. Толькі ён наеўся, стаў крычаць:

— Жаніцца хачу!

Тут ужо і кот нічога не мог дарадзіць. Так дурань крычаў, пакуль ізноў есці захацеў. І так кожны дзень: выгаладаецца — крычыць: «Есці хачу!», пад'есць — крычыць: «Жаніцца хачу!» Нават біць ката стаў.

«Трэба яго жаніць, — думае сабе кот. — Але ж як паказацца ў сваты з такім слупам у попеле? Хто за яго за такога пойдзе замуж?» Думаў, думаў кот і надумаўся.

Пайшоў на шуметнік кравецкі, насабіраў акрамоскаў ружных і пашыў яму адзенне; потым пайшоў на шуметнік шавецкі, насабіраў кусочкаў скуры, кончыкаў дратвы і пашыў яму боты. Накарміў дурня, абмыў яго і адзеў у новую адзежу. А ведама, што прыбяры пень, — дык і пень харош; так і гэты дурань зрабіўся такі прыгожы, што хоць к каралеўне вядзі яго; аж кот на яго залюбаваўся.

— Ну, пойдзем у сваты к нашаму пану, — кажа дурню кот. — Ты заві сябе панам Папялінскім, бо ты ў попеле качаўся, сядзі, як бы вялікі пан, нічога не гавары, голаву дзяржы прама, на сябе не аглядывайся.

І пайшлі яны ў свет, к пану. Прыйшлі. Пан аж дзіву даўся, убачыўшы такога ката, што ўмее гаварыць; не так дзівіўся пан, як паненка, яго дачка. А як кот расказаў, колькі ў пана Папялінскага маёнткаў і што ён хочаць з ёй жаніцца, — згадзілася нават з ахвотай. Але бацькі ж хацелі дазнацца, ці праўда, што кот расказвае пра маёнткі пана Папялінскага, і надумалі перад вяселлем з’ездзіць к яму ў госці. Сабралі суседзей, пасадзілі дурня ў карэту і паехалі. Кот папераду пабег. Ехалі, ехалі, аж заехалі ў маёнткі Змея Гарынавіча. Пасвілі там пастухі бальшоя-бальшоя стада кароў. Кот і пытаець у іх:

— Чые вы, пастушкі?

— Змея Гарынавіча.

— Не кажыце, што Змея Гарынавіча, а кажыце пана Папялінскага, бо ззаду за мной ляціць Гром з Перуном — заб'ець вас.

Пастушкі так і зрабілі, як іх паны запыталі, чые яны.

Потым кот спаткаў канюшкоў Змея Гарынавіча і іх застрашыў Громам з Перуном і прыказаў гаварыць, што і яны пана Папялінскага. Яны так і сказалі на панскае запытанне. Бацька паненкі рос як на дражжах ад радасці, што такі багаты пан мае быць яго зяцем. Прыбег кот аж у самы двор Змея Гарынавіча і крычыць:

— Скарэй хавайся куды-небудзь, пане Змею! Бо ляціць Гром з Перуном, заб'ець цябе і сатрэць на муку!

А змей, вядома, баіцца Грому, — спужаўся.

— Куды ж, — кажа, — мне схавацца?

Сярод змеева двара расла бальшая дуплістая ліпа.

— Лезь хутчэй у дупло! — кажа кот змею.

А ён спуду, нічога не разабраўшы, будзь дурань, і палез у дупло. Кату толькі гэтага і трэба было: забіў дупло паленам і глінай замазаў. Потым таго кот крыкнуў змеевай дворні:

— Калі хочаце жывымі быць, дык не кажыце, што вы Змея Гарынавіча, а кажыце пана Папялінскага, бо ляціць Гром з Перуном, — заб’ець вас, памалоціць, зажмець на горкі яблык.

Усе слугі страшна папужаліся. Тым часам пад'язджаюць к двару вясельныя госці. Уз'ехаўшы на двор і дзіву даліся — так усё было прыгожа і па-панску прыбрана. Слугі выйшлі насустрач і павялі маладых у пакой. Там госці і вяселле згулялі. Гучнае было вяселле. Так і стаў дурань панаваць у Змеевым двары. Яно праўда, што разумнейшым ён не зрабіўся. Але і нашто багатаму розум? У каго стае, дык і розум дадае.

 

 

 

148. СЦЯПАН – ВЯЛІКІ ПАНЯДЗЕЛАК

 

Як жыў сабе Сцяпан-шавец, і быў ён бальшы п'яніца. І так ён распіўся, што ніхто не даваў яму шыць ні ботаў, ні чаравікаў. Прапіў Сцяпан усё, што ў яго было, і пайшоў у свет. Ішоў, ішоў і заблудзіў у лесе; зайшоў у балота, у лозы, абшарпаўся і сеў — некуды йсці голаму. Сядзіць ён там у чом маць радзіла. Ажно відзіць, бяжыць лісіца к яму:

— Здрастуй, Сцяпан — вялікі пан!

А Сцяпан кажаць:

— Які я вялікі пан — у мяне есці няма чаго, адзецца не ў ва што!

— Нічога, — кажаць лісіца, — будзеш вялікі пан. Ці пашыеш ты мне чаравікі, а я табе дзеўку высватаю прыгожую, багатую!

— Добра, высватай, калі ласка: я пашыю чаравікі!

— Ну, сядзі ж тут да шый, а я пайду сватаць табе прыгожую дзеўку!

Сцяпан стаў шыць чаравікі лісіцы, а лісіца пабегла к Грому. Бяжыць, бяжыць — сустракаець зайца.

— Куды ты бяжыш, кумка? — пытаецца заяц.

— А к Грому ў госці!

— Вазьмі і мяне з сабой!

— Э, штоб вас зайцоў было дзевяць, тады б я ўзяла!.. Загугукаў заяц, і сабралась дзевяць зайцоў, а лісіца дзесятая.

І пайшлі яны к Грому. Прыйшлі к Грому. Лісіца кажаць:

— Гром! Гром! Прыслаў табе Сцяпан — вялікі пан дзевяць зайцоў у гасцінец!

— Ну, скажы Сцяпану спасіба!

І вялеў загнаць зайцоў у хлеў.

Вярнулася лісіца к Сцяпану:

— Сцяпан — вялікі пан! Ці пашыў ты мне чаравікі?

— Не яшчэ!

— Ну, калі не пашыў, дык і я табе дзеўкі не высватала! Пайшла зноў лісічка к Грому. Ідзець, ідзець — сустракаець ваўка на дарозе.

— Куды ты бяжыш, кумка-лісічка?

— А к Грому ў госці!

— Вазьмі і мяне з сабой!

— Штоб вас ваўкоў было дзевяць, я б узяла!..

Як завыў воўк, і сабралася дзевяць ваўкоў, а лісіца дзесятая. І пайшлі яны к Грому.

— Гром, Гром! Прыслаў табе Сцяпан — вялікі пан гасцінца дзевяць ваўкоў!

— Скажы пану спасіба!

Запёр і ваўкоў у хлеў. Вярнулася лісіца к Сцяпану і пытаецца:

— Сцяпан — вялікі пан! Ці пашыў ты мне чаравікі?

— Не яшчэ!

— Ну, калі не пашыў, дык і я табе дзеўкі не высватала!..

І зноў пайшла лісіца к Грому. Ідзець, ідзець, сустракаець мядзведзя.

— Лісічка-сястрычка, куды ты бяжыш?

— К Грому ў госці!

— Вазьмі і мяне з сабой!

— Не, цябе не вазьму! Штоб вас было дзевяць, то б узяла!.. Як заравець мядзведзь, і прыйшло дзевяць мядзведзей, а лісічка дзесятая. Пайшлі яны к Грому.

— Гром, Гром! Прыслаў табе Сцяпан — вялікі пан дзевяць мядзведзей гасцінца!

— Скажы пану спасіба!

Загнаў і мядзведзей у хлеў. Вярнулася лісічка к Сцяпану:

— Сцяпан — вялікі пан, ці пашыў ты мне чаравікі?

— Не, яшчэ не пашыў!

— Дык і я табе не высватала яшчэ нявесту!

Тады пайшла ізноў ліса к Грому. На дарозе сустракаець ільва.

— Куды ты, кумка, бяжыш?

— У госці к Грому!

— Вазьмі і мяне з сабой!

— Штоб вас ільвоў было дзевяць, тады б я вас узяла!..

Леў як зароў, і сабралася дзевяць ільвоў, а ліса дзесятая.

І пайшлі яны к Грому.

— Гром, Гром! Прыслаў табе Сцяпан — вялікі пан гасцінца дзевяць ільвоў і прыслаў к табе ў сваты, к тваёй дачцы. Сам ён прыгожы, радня ў яго вялікая, — аддай за яго дачку!

— Як жа мне не аддаць сваёй дачкі замуж за Сцяпана — вялікага пана, калі ён прысылаець такія гасцінцы. Толькі я не ведаю, ці пойдзець дачка!..

А дачка кажаць:

— Пайду!

Цяпер вярнулася ліса к свайму Сцяпану — вялікаму пану і гаворыць:

— Ну, Сцяпан — вялікі пан, ці пашыў ты мне чаравікі?

— Пашыў!

— Ладна, калі пашыў; і я высватала табе дзеўку багатую ў самаго Грома, да прыгожую, чарнабровую!

Надзела лісіца чаравікі дый кажаць:

— Добра! Чаравікі мне прыйшліся! Цяпер пойдзем к Грому жаніцца!

Пайшлі яны к Грому. Бачыць лісіца, вязець па дарозе мужык воз дабра. Тады яна гаворыць Сцяпану:

— Глядзі ж, набяры дабра з воза, як мужык пабяжыць за мной! І пайшла насустрач мужыку. Мужык, як убачыў лісіцу, так і пабег к ёй. Яна ад яго, а ён за ёй. Адбег ад воза. Тады Сцяпан падбег к возу, схапіў што з воза і пабег у лес. А ліса-свацця за ім. Пад'елі яны і пайшлі далей. Ідуць ізноў дарогаю. Прыходзяць у горад, на месца. Ліса кажаць:

— Глядзі ж, Сцяпан — вялікі пан, як пабягуць купцы за мной!

Цяпер як убачылі купцы лісіцу на месце, так і пабеглі за ёй. А Сцяпан ускочыў у краму, схапіў у ахапак, што папала, дай пабег уцякаць. А ліса-свацця ўслед за Сцяпанам. Адзеўся ён, ідуць яны ізноў па дарозе. Ішлі, ішлі, прыходзяць к масту. Лісічка гаворыць:

— Сцяпан — вялікі пан! Я пайду напярод к Грому, а ты разруш гэты мост, паскідай з сябе адзежу і пакідай на ваду!

Пабегла ліса к Грому і кажаць:

— Ай, сваточак! Пераходзілі мы цераз мост, мост абламіўся і патапілася ўся дружына Сцяпанава, а яго я чуць выхваціла! Дык ён сядзіць на беразе, і стыдна яму ісці к вам голаму!

Тады Гром кажаць:

— А свацційка ж, а міленькая, дзякуй табе, што ты яго выхваціла!..

Паслалі пад яго коней, далі прыгожую адзежу. Ён адзеўся, і прыязджаець. Увайшоў у пакой, залажыў рукі назад і ходзіць сабе ды ўсё з боку на бок пазіраець. Тады Гром пытаецца ў лісы-свацці:

— Чаго гэта, свацційка, Сцяпан — вялікі пан пазіраець коса з боку на бок?

А лісічка-сястрычка гаворыць:

— Гэта ён таго пазіраець на бакі, што ён у мяне ніколі не насіў гэткія адзежы: ён усягды прыбіраўся ў найлепшую адзежу!..

Тады далі Сцяпану пераадзець другую адзежу, лепшую. Падбегла лісічка і шапнула:

— Хадзі цяпер роўна, не пазірай на бок!

От ён пераадзеўся і ходзіць сабе па пакоях, як вялікі пан.

Ажаніўся ён на Громавай дачцэ, згулялі вяселле, тады лісіца гаворыць:

— Ты, Сцяпан — вялікі пан, тут будзь, а я пабягу!

А Гром спрашваець:

— Куды ж ты, свацця, бяжыш?

А ведама ж свацця:

— Трэба ўсё прыгатаваць! Нада як трэба ўстрэціць Сцяпана — вялікага пана з маладзіцай!..

І пабегла. Бяжыць, бяжыць — пасецца стада валоў. Яна пытаецца ў пастухоў:

— Пастухі, пастухі, чые гэта валы?

— Змея Гарымца!

— Ай, пастухі, калі ў вас хто спросіць, чые гэта валы, дык не кажыце, што Змея Гарымца, а скажыце, што Сцяпана — вялікага пана. А то едзець Гром з Маланнёй, ён папаліць і пасмаліць вас, калі вы гэтак не скажаце!

— Добра, скажам сабе й так!

Пабегла лісічка дальш, відзіць табун лашадзей.

— Пастухі, пастухі, чые гэта коні?

— Змея Гарымца!

— Ай, пастухі, пастухі! Не кажыце Змея Гарымца, а кажыце Сцяпана — вялікага пана! А то едзець Гром з Маланнёй, ён вас паб'ець і папаліць, калі не будзеце так казаць!

— Добра, скажам!

Пабегла лісічка дальш, бачыць — пасецца стада кароў і авец. Яна пытаецца ў пастухоў:

— Пастухі, пастухі, чыё гэта стада кароў і авец?

— Змея Гарымца!

— Ай, пастухі, не кажыце вы, што гэта Змея Гарымца, а кажыце, што Сцяпана — вялікага пана. А то едзець Гром з Маланнёй, ён вас паб'ець і папаліць!

— Добра, скажам і так.

Бяжыць лісіца дальш, ажно відзіць — жнуць жнейкі. Яна спрашваець:

— Чые вы, жнейкі?

— Змея Гарымца!

— Ай, жнейкі, едзець Гром з Маланнёй, ён вас і папаліць і пасмаліць, калі вы будзеце казаць, што вы Змея Гарымца. Вы кажыце, што вы Сцяпана — вялікага пана!

А жнеі кажуць:

— Добра, скажам!

А лісіца пабегла далей. Глядзіць, ажно косяць касцы.

— Касцы, касцы, чые вы?

— Змея Гарымца!

— Ай, касцы, едзець Гром з Маланнёй, ён вас і папаліць і пасмаліць, калі вы будзеце казаць, што вы Змея Гарымца. Вы кажыце, што вы Сцяпана — вялікага пана!

— Добра, скажам!

Пабегла лісіца дальш, відзіць — стаіць дом на два вянцы, вакруг слугі ходзяць:

— Слугі, слугі, чый гэта дом?

— Змея Гарымца!

— Ай, слугі, едзець Гром з Маланнёй, ён вас папаліць, пасмаліць, калі вы будзеце так казаць. Вы кажыце, што вы Сцяпана — вялікага пана!

— Добра, скажам!

Убегла лісічка у пакоі, бачыць: Змей і Змяя збіраюцца ісці на прахацку. Лісічка гаворыць:

— Ці ведаеце што? Едзець сюды к вам Гром з Маланнёй, ён вас паб'ець і папаліць, калі вы не схаваецесь. Ты, Змей, схавайся ў дупло ў той дуб, што ля палацаў стаіць, а ты, Змяя, лезь пад мост!

Пахавалісь Змей з Змяёю, а лісічка асталася хадзяйкай у доме: жджэць Сцяпана — вялікага пана з маладухай і гасцямі.

Едуць яны, ужо Гром з Маланнёй, к Сцяпану — вялікаму пану дагульваць вяселле, бачаць бальшое стада валоў. Гром пытаецца ў пастухоў:

— Чые гэта валы?

— Сцяпана — вялікага пана!

Паехалі дальш, бачаць бальшы табун лашадзей.

— Чые гэта коні?

— Сцяпана — вялікага пана!

Гром той ажно радуецца! Едуць дальш, бачаць стада кароў і авец.

— Эй, пастухі, чые гэта каровы да оўцы?

— Сцяпана — вялікага пана!

Прыехалі к жнейкам, Гром пытаецца:

— Жнейкі, чые вы?

А жнейкі кажуць:

— Сцяпана — вялікага пана!

Паехалі дальш, бачаць касцоў.

— Касцы, касцы, чые вы?

— Сцяпана — вялікага пана!

Едуць яны дальш, відзяць дом на два вянцы, бальшы, прыгожы. І вакруг слугі ходзяць. Гром пытаецца ў слуг:

— Чый гэта дом?

— Сцяпана — вялікага пана!

Гром думаець: «Во, багаты які гэты пан!»

Выбягаець ліска-свацця, сустракаець іх на крыльцы і вядзець у пакоі. А Сцяпан — вялікі пан толькі дзівіцца. Увайшлі яны ў пакоі, ліска падсела к Грому і кажа:

— Гром, Гром! Я ніколі не відзела, як ты грыміш і як Малання бліскаець. Пакажы ты мне, стукні вот сюды ў гэты дуб, у дупло!

Гром як загудзіць, як загрыміць, як стукнець у дупло — разбіў дуба ўмесце са Змеем, а Малання спаліла. Тады ліска ізноў гаворыць:

— Гром, Гром, я загледзелася і не відзела, як ты ўдарыў. Стукні яшчэ вот у гэты мост!

Гром як загудзіць, як загрыміць, як стукне ў мост — і разбіў яго ўмесце з Змяёй, а Малання спаліла!..

Так кумка ліска-сваццюшка здзелала ўсё, што захацела. Сталі яны там піць-гуляць, добрыя мыслі маць, і застаўся Сцяпан — вялікі пан у тым доме хадзяінам, і стаў нажываць яшчэ большага дабра. І я там была, мёд-віно піла, па барадзе цякло, а ў рот не папала. Далі мне смык — я пад вароты шмык; далі мне чапялу — я пабегла па сялу; далі мне блін, што тры гады гніў. Я за той блін — да дамоў. Выскачылі дзеўкі, маладзіцы, крычаць:

— Блін, блін! — да за мной! Я давай той блін па кусочкам ірваць да ім кідаць. Так увесь і раздзяліла той блін. А сабе нічога й не асталося.

 

 

 

149. ЯК БЫЧОК ДЗЕЎКУ ЗРАБІЎ ПАНЯЮ

 

Была ў дзеда дачка і ў бабы дачка. Аднаго разу пайшоў дзед на кірмаш і купіў бычка, так, прывёўшы дахаты, кажа да дачок:

— Ну, цяпер вы ўдзвёх па калейцы будзеце яго пасвіць: тая дзень і тая дзень.

Першы дзень пагнала на папаску дзедава дачка; так баба дала ёй мех кудзеляў і пук верацён, каб гэта спрала, выткала, выбеліла, у свойчыкі пакачала дай дахаты ўвечары прынесла. Яна жане гэтага бычка і плача, жане і плача; так той бычок кажа:

— Дзеўко, дзевіцо, чаго ты плачаш?

Так і так. Так ён кажа:

— Не плач, зажані мяне на добрую травіцу, на крынічну вадзіцу, пасля ўлажы ў права вуха верацёна, а ў лева хукні і паўзірайся.

Яна гэтак зрабіла, калі гляне, аж там прадзецца, тчэцца, беліцца і ў свойчыкі скачваецца! Нібавам усё было і скончана. Яна выняла з правага вуха верацёна і свойчыкі, узяла пад паху і пагнала бычка дахаты. Увайшла ў хату, аж баба пытае:

— А што, зрабіла работу?

— Зрабіла, — і дае мачасе.

Так баба чыста сумелася. На заўтрашні дзень дала сваёй дачцы ўжо паўмяха кудзеляў, паўпука верацён, каб спрала, выткала і ў свойчыкі паскачвала. Тая жане бычка, кляне, б'е, ён лётае ўсё ў шкоду да ў шкоду, тая, спыняючы яго, пакуль і верацёна пагубіла. Пасля бычок кажа:

— Ляж ты спаць, а я за цябе ўсё зраблю.

Яна паслухала і заснула, а бычок верацёна паламаў, кудзелі апаскудзіў, тая прачнецца — ажно ні прасці, ні дахаты несці, так забруджана! Так пагнала таго бычка, кленучы і б’ючы. Прыйшла дахаты, маці пытае:

— А што, дачушко, зрабіла работу?

— Не, мамачко, так і так.

Маці яе вылаяла, вылаяла. На другі дзень дала ўжо дзедавай дачцы рэшата маку, каб перабрала найлепшы да найлепшага, горшы да горшага, яшчэ горшы да яшчэ горшага, а ўжо самы паследні да паследняга. Яна жане таго бычка і плача, так бычок падбег і пытае ў яе:

— Дзеўко, дзевіцо, чаго ты плачаш?

— Як жа мне не плакаць, калі мачаха дала рэшата маку, каб перабраць на чатыры сорты!

— Не плач, — кажа, — зажані мяне на добрую травіцу, на крынічную вадзіцу, усып мне ў права вуха мак, а ў лева хукні і паўзірайся.

Яна гэтак зрабіла. Калі гляне, аж там так перабіраецца! Не доўга ждучы, быў ужо пасартованы дай у ўзёлчыкі пазвязваны. Тады яна ўзяла пад паху і жане бычка дахаты. Як увайшла ў хату, так мачаха лап! за кій і пытае:

— А што, суко, перабрала?

— Перабрала.

Так мачасе аж вочы пабялелі, бо прыгатаўлялася ўжо яе вылупіць. На заўтрашні дзень дала ўжо сваёй паўрэшата маку і каб гэтак сама перабрала. Яна кляне, жанучы, таго бычка, а бычок як пойдзе па шкодзе, задзёршы хвост дагары, яна за ім і ўсёй мак да каліва паўсыпала. Ні перабіраць, ні дахаты несці! Прыганяе ўжо ўвечары дахаты, маці пытае:

— А што, дачушко, перабрала мак?

А яна: так і так, так і так. Назаўтра не давала ўжо работу дзедавай дачцы: жане яна ўжо бычка дахаты, аж бычок кажа да яе:

— Заўтра мяне зарэжуць, то ты помні, ідзі кішкі мае паласкаць; у іх знойдзеш залатое зярнятка, то ўсадзі пад акно, і ўкрадзі сэрца, разрэж на тры часці: адну часць закапай пад парогам у стайні, а другую і трэцюю — у куточках.

Як бычок сказаў, так і сталася: на заўтрашні дзень зарэзалі яго, тая сабе кішкі паласкаць, тая сабе, але такі дзедава панесла. Знайшла зярнятка, закапала пад акном, пасля ўкрала сэрца, разрэзала на тры часці, адну часць закапала ў стайні пад парогам, а дзве — па куточках. З тае, што пад парогам, стаў поваз, коні і фурман, а з тых двох — адна сукня, як гвязды, а другая, як месяц, а з таго зярнятка вырасла залатая яблынька, і дзе дзеўка ідзе, там і яна дзын-дзын-дзын! за ёю. Надышла нядзеля, баба ўбрала сваю дачку і ўзяла з сабою да касцёла, а дзедавай казала ў коміне попел перасыпаць. Яна, як ужо паехалі, барзджэй умылася, убралася, села ў поваз, паехала, а яблынька дзын-дзын-дзын! за ёю. Перад касцёлам злезла, пайшла і яблынька за ёю. Як увайшла, так аж касцёл зазіхацеў. А быў якраз у том касцёле аднаго багатага пана сын і надта яму спадабалася. Па мшы выйшла яна, села, паехала. Прыязджае дахаты — няма яшчэ бацькоў: так барзджэй гэта скінула тую адзежу дай увабралася ў сваю, села і попел перасыпае. Нібавам прыязджаюць бацькі з касцёла. На другую нядзелю зноў яна паехала, так той паніч выйшаў з касцёла, стаў каля повазу і жджэ яе. Ажно і яна выходзіць, а ён цап! за яе і пытае:

— Скуль? Што? Як? — так дзеўка яму шчыру праўду і расказала.

Яна дахаты, а ён услед за ёю. Прыехалі яны, ажно над‘язджаюць бацькі. Так яна схавалася ў комін, а ён, як бы яе не бачыў, пытае ў мачахі, дзе такая і такая?

— Ось дзе, — кажа яна, паказваючы на сваю дачку

— А там-ка, у коміне хто?

Тады яна вылезла з коміна і паехала з тым панічом, а яблынька падзынгацела за імі. Нібавам пажаніліся. Пасля яна мела два сыны: абодва мелі месяц у лобе, а зорку ў патыліцы, такія ўжо былі харошыя, што анно ўзіраўся б! Тым часам мачаха не магла спаць, а ўсё думала, каб як яе дзе страціць. Аднаго разу кажа да свае дачкі:

— Ідзі ты, дачушко, да яе, нібы ў гасціну, дай скажы, каб пайшла з табою купацца, а як пойдзе, так утапі яе як.

Тая паслухала: пайшла, намовіла, пайшлі купацца, тая бабіна дачка кажа:

— Сядзь, сястронко, на кладачцы, то я табе плечы змыю.

Як тая села, так яна яе і бальканула ў ваду. Пасля сама ўвабралася ў яе адзежу, дай пайшла ўжо тым дзецям цыцкі даваць, але яны плачуць і ніяк не хочуць. Так нянька зараз гэта пазнала, так пабрала абодва сынкі на рукі і пайшла каля рэчкі, спяваючы:

— Крысю-Марысю, селязён плача, ідзі і бяжы, бо цыцкі хоча.

А яна адказвае з вады:

— Іду і бягу, камень ножкі падбівае, вада вочкі залівае!

Дай выйшла, дала цыцкі і зноў пайшла ў ваду. Так той пан кажа раз да фурмана:

— Папільнуй ты, дзе нянька гэтыя дзеці носіць.

— Добра!

Сеў за кустом і сядзіць. Як яна ўжо выйшла з вады даваць цыцку, так ён цап! за яе і вядзе. Яна просіцца, але нічога не памагло. Завёў да двара і жыла ўжо з сваім мужам шчасліва, а бабіну дачку разам з мацераю на жалезныя бораны расцягалі.

 

 

 

150. РЫСЯ

 

Быў сабе дзед і баба; была ў дзеда дачка і ў бабы дачка. Аднаго разу баба кажа да дзедавай дачкі:

— На табе кудзелю, а глядзі, каб сягоння спрала, выбеліла бялюсенька, выткала і карову напасвіла.

Так узяла яна гэту кудзелю дый пагнала карову. (А гэту карову называлі Рысяю). Пасля села небарака на зямлі дый пачала плакаць. Так карова кажа:

— Ціха, дзеўко, не плач, зажані мяне на вяліку травіцу, на халодну расіцу, улажы мне ў лева вуха кудзелю, а ў права верацяно дый сама ляж і спі.

Яна так і зрабіла; спіць, спіць, аж карова будзіць яе і кажа:

— Жані мяне дахаты, ужо ўсё зроблена.

Так яна прыняла ад Рысі гэты кужаль, пагладзіла дый, спяваючы, пагнала дахаты. Увайшла ў хату, асёж баба пытае:

— Зрабіла?

А яна:

— Няўжо ж не!

На другі дзень баба дала сваёй анно крышачку кудзелі і сказала, каб толькі спрала, выткала дый карову напасвіла. Злуючы, хапіла ў бабы з рук гэту кудзелю дый пайшла выганяць. Крычыць яна, кляне, б’е тую карову, а Рыся знарок лётае па полі бытта строчыцца. Нарэшце, як ёй ужо забалела горла, дзеручыся, а карове ногі, лётаючы па полі, так лягла і заснула. Тым часам Рыся падышла і чыста апаскудзіла гэту кудзелю. Як сонца зайшло, схапілася дзеўка, глядзіць, асёж ужо панарабляна ўсе!

— Ах, — кажа, — няшчасце! А каб цябе вывалаклі! — дый пагнала карову, кленучы. Заперла яе ў хлеў, увайшла ў хату, а баба пытаецца:

— А што? Зрабіла?

А яна:

— Дзе, — кажа, — я ў халерачкі зрабіла!

Так баба, хочучы не хочучы, давай перад ім сухваляць яго дачку. На другі дзень баба зноў выправіла дзедаву дачку і дала ёй яшчэ больш кудзелі. Так Рыся і гэтым разам за яе ўсё зрабіла. На чацвёрты дзень паслала баба сваю дачку, асёж карова зноў ёй кудзелю апаскудзіла, бо надта яе біла. Прыгнала дахаты, а баба пытаецца:

— А што, зрабіла?

— Дзе, — кажа, — у чорта зрабіла, калі карова ўсё ганялася па полі.

Так баба вельмі зазлавала дый кажа:

— Трэба гэту карову зарэзаць!

Так дзедава дачка, пачуўшы, пайшла да хлява і давай плакаць, асёж карова кажа:

— Ціха, не плач, як мяне зарэжуць, то ты пазбіраеш брушкі і пойдзеш на рэчку паласкаць і знойдзеш там два зерняткі: адно будзе залатое, а другое сярэбрана, то пасадзі іх у вароцях.

На другі дзень, як зарэзалі Рысю, так дзеўка зрабіла ўсенька так, як яна яе навучыла. Пасадзіла зерняткі ў вароцях, так з іх і выраслі вялікія яблыны. Пташкі на тых яблынах спяваюць, пеўні, а яблыкі на адной раслі залатыя, а на другой сярэбраныя. Асёж, аднаго разу тудою ехаў пан, углядзеў тыя яблыны, так вялеў застанавіцца дый паслаў хлопца, каб прынёс яблык. Так Рысю (бо яна надта плакала па Рысі, так ёй далі мянушку) пад карыта кінулі, а бабіна зараз гэта прыбралася дый пайшла яблыка даваць. Як анно руку выцягнула па яблыка, так яблыка дзын! дзын! угару, а певень, седзячы на яблынцы, спявае:

— Ка-ка-рэ-ку! Ка-ка-рэ-ку! Дзедава дачка пад карытам, а бабіна прыбрана, хоча ў карэту да пана!

Як певень трэці раз заспяваў, так пан кажа да хлопца:

— Ідзі па дзедаву дачку, каб яна мне яблык нарвала.

Так ён узяў, выцягнуў Рысю з-пад карыта, яна прыбралася і пайшла. Выцягнула Рыся руку па яблыка, асёж усе і пападалі на зямлю. Так яна наўбірала самых пякнейшых і паднесла пану, а ён не за яблыка, да за Рысю ўхапіў дый паехалі, анно пыл за імі пайшоў! Прывёз пан Рысю да свайго палацу і ажаніўся з ёю. Як бог даў ім сыночка, так яна кажа:

— Паеду я бацьку адведаці.

Так села ў карэту і паехала. Прыехала, пабыла там колькісь дзён і, як нацешылася з іх, так кажа:

— Ну, пара ўжо ехаць дадому!

А баба кажа:

— То я цябе крыху падвязу, — дый паехалі.

Едуць, едуць, прыехалі на раку, так баба кажа:

— Надта горача, хадзем выкупаймося.

Як улезлі ў ваду, так баба зрабіла яе вошаю, а сама перакінулася ў блаху. Пакуль вош выпаўзла з вады, то блаха даскакала да карэты, злажыла на се яе адзенне і паехала. Прыехалі да палацу, асёж той сыночак усё плача і цыцку ссаць не хоча. Так фурман кажа:

— Дайце, паночку, мне, мо я яго як уцешу.

Так узяў тое дзіця, панёс пад куст і стаў спяваць:

— Рысю, Рысю, маладзён плача, цыцку хоча; куры спяць, гусі спяць — твой маладзён не ўсыпаецца.

А яна адказвае:

— Ой, я іду, ой, я бягу, хварост вочкі высякае, крамень ножкі падбівае!

Нібавам прыйшла яна, перакінулася ў такую, як была, накарміла сыночка дый зноў сабе пайшла, як ён заснуў. Фурман прынёс тое дзіця, а пан дзівам дзівіцца. На другі дзень ён таксама зрабіў. Асёж на трэці дзень пайшоў паціхеньку за ім пан, дый як Рыся пачала дзіця карміць, так пан цап! за яе, ухапіў, павёў да палацу, а тую бабу казаў на жалезныя бораны разадраць. Мая басня да канца, дай па чарачцы вінца, па ложачцы воцту, на хлопцы каросту.

 

 

 

151. БУРЭНЯ

 

Жыў дзед з бабаю, і была ў іх дачка. Баба памерла, тады дзед гаворыць дачцы:

— Будзем з табою, дачушка, жаніцца!

— Не, татулька, пайду ў мамулькі спытаюся!

Прыходзіць на магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Хоча татулька, каб я за яго замуж ішла!

— Не, дачушка, хай ён табе справіць такое плацце, як на небе звёзды, як на небе месяц!

Яна пайшла і гаворыць:

— Спраў мне, татулька, такое плацце, як на небе звёзды, як на небе месяц!

Ён ёй справіў.

— Ну, дачушка, будзем жаніцца!

— Не, татулька, пайду ў мамулькі спытаюся!

Пайшла на магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Татулька хоча, каб я за яго замуж ішла!

— Не, дачушка, хай ён табе справіць такія чаравікі, як на небе звёзды, як на небе месяц!

Яна прыйшла і сказала:

— Спраў мне, татулька, такія чаравікі, як на небе звёзды, як на небе месяц!

Ён ёй справіў.

— Ну, дачушка, будзем жаніцца!

— Не, татулька, пайду ў мамулькі спытаюся!

Прыйшла на магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Татулька хоча, каб я за яго замуж ішла!

— Не, дачушка, хай ён табе справіць такую павозку, як на небе звёзды, як на небе месяц!

Яна прыйшла і сказала:

— Спраў мне, татулька, такую павозку, як на небе звёзды, як на небе месяц!

Ён справіў і гаворыць:

— Ну, дачушка, будзем жаніцца!

— Не, татулька, пайду ў мамулькі спытаюся!

Прыйшла на магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Татулька хоча, каб я за яго замуж ішла!

— Не, дачушка, хай ён табе справіць такіх коней, як на небе звёзды, як на небе месяц!

Ён ёй справіў і гаворыць:

— Ну, дачушка, будзем жаніцца!

— Не, татулька, пайду ў мамулькі спытаюся!

Пайшла на магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Татулька хоча, каб я за яго замуж ішла!

— Не, дачушка, хай ён бярэ ў дзярэўні ўдаву з трыма дочкамі.

Пайшла яна і сказала.

— Бяры, татулька, удаву з трыма дочкамі!

Ён і ажаніўся.

Мачыха была злая, неўзлюбіла яна свае падчаркі. Павялела ёй, каб гнала ў поле, і дала ёй розвіны кудзелі:

— Спрадзі, сатчы, выбелі і ў трубачку скаці!

Пайшла яна па магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Чаму ж мне не плакаць: дала мачыха розвіны кудзелі і сказала: «Спрадзі, сатчы, выбелі і ў трубачку скаці».

— Ёсць у цябе кароўка Бурэнька, ты ў адно вушка дуні, а ў другое працягні — яно спрадзецца, сатчэцца, выбеліцца і ў трубку скоціцца!

Яна пайшла, у адно вушка дунула, у другое працягнула — яно спралася, саткалася, выбелілася і ў трубачку скацілася. Гоніць яна дамоў і скача.

На другі дзень мачыха яшчэ навязала розвіны кудзелі і паслала з ёй дачку нібыццам вучыцца. Пайшла яна ізноў на магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Мачыха апяць дала розвіны кудзелі і дачку паслала нібыццам вучыцца!

— Ты вазьмі скажы: «Сястрыца, давай я ў цябе вошай паішчу!» Яна ляжа, ты і скажы: «Спі, вочка, спі, другое!» Яна і засне. А ты вазьмі ізноў у адно вушка дуні, а ў другое працягні — яно спрадзецца, сатчэцца, выбеліцца і ў трубачку скоціцца!

Яна прыйшла і гаворыць:

— Хадзі, сястрыца, я ў цябе вошай паішчу!

Яна прыйшла іскаць, а падчарка гаворыць:

— Спі, вочка, спі, другое!

Яна й заснула. Тады падчарка ў адно вуха дунула, у другое працягнула — яно спралася, саткалася, выбелілася і ў трубачку скацілася. Яна тады гаворыць:

— Уставай, сястрыца, я ўжо ўсё падзелала, пагонім дамоў!

Тады мачыхіна дачка ідзе і плача, а падчарыца смяецца і скача.

На трэці дзень мачыха яшчэ навязала розвіны кудзелі і паслала нібыццам вучыцца другую дачку. Пайшла яна ізноў на магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Мачыха ізноў навязала розвіны кудзелі і дала другую дачку нібыццам вучыцца!

— Ты скажы ёй: «Хадзі, сястрыца, я ў цябе вошай паішчу!» І скажы: «Спі, вочка, спі, другое!» Яна і засне. А ты вазьмі ў адно вуха дуні, а ў другое працягні — яно спрадзецца, сатчэцца, выбеліцца і ў трубачку скоціцца!

Пайшла яна і гаворыць:

— Хадзі, сястрыца, я ў цябе вошай паішчу!

Стала ў яе вошай іскаць і гаворыць: «Спі, вочка, спі, другое!» Яна й заснула. Тады яна ўзяла ў адно вушка дунула, у другое працягнула — яно спралася, саткалася, выбелілася і ў трубачку скацілася. Яна тады гаворыць:

— Уставай, сястрыца, пагонім дамоў — у мяне ўсё гатова!

Гоняць яны дамоў — мачыхіна дачка плача, а падчарыца скача.

Тады мачыха ўставіла трэцяй дачцы трэцяе вока, навязала ізноў розвіны кудзелі і паслала тую дачку нібыццам вучыцца. Не пайшла падчарыца на магільнік, пагнала проста ў поле. Прыгнала ў поле і кажа:

— Хадзі, сястрыца, я ў цябе вошай паішчу!

Стала іскаць і гаворыць: «Спі, вочка, спі, другое!» Вот адно вочка заснула і другое заснула, а трэцяе глядзіць. А яна ў адно вушка дунула, у другое працягнула — яно спралася, саткалася, выбелілася і ў трубачку скацілася. А мачыхіна дачка ўскочыла і гаворыць:

— Відзела, відзела!

Пагналі яны дамоў — мачыхіна дачка скача, а падчарыца плача.

Тады мачыха нібыццам захварэла і кажа дзеду, каб зарэзаў тую кароўку Бурэньку. А падчарка гаворыць:

— Не, татулька, я пайду ў мамулькі спытаюся!

Пайшла на магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Татулька хоча зарэзаць карову Бурэньку!

— Хай рэжа, толькі каб ты перабірала кішкі. Ты там знойдзеш зернятка. Пасадзі ты яго пад вакном.

Зарэзалі яны карову Бурэньку, стала яна перабіраць кішкі і знайшла зернятка і пасадзіла яго пад вакном. Вырасла з таго зернятка яблынка — адна лісцінка залатая, другая сярэбраная, адно яблычка залатое, другое сярэбранае. Захацела мачыха тых яблыкаў і паслала дачку збіць. Тая, што толькі ні кіне палку — яна ўсё па галаве б‘е, а яблыкаў не адбівае. Паслала яна другую дачку і трэцюю — і тым таксама.

У святы дзень мачыхіны дочкі паехалі к цэркві, а падчарцы мачыха насыпала ў мак попелу і дала чысціць. Пайшла яна на магільнік і плача...

— Чаго ж ты, дачушка, плачаш?

— Чаму ж мне не плакаць: выправіла мачыха сваіх дачок к цэркві, а мне дала мак чысціць з попелам!..

— Ёсць у цябе коні, як на небе звёзды, як на небе месяц; паднясі ім, яны топнуць і перачысцяць!

Паднесла яна мак коням, коні топнулі і перачысцілі... Прыбралася падчарка ў плацце, як на небе звёзды, як на небе месяц, і ў чаравічкі, села ў павозку, як на небе звёзды, як на небе месяц, і паехала. Едзе, нікуды на бакі не глядзіць, на яе ўсе глядзяць. Так жа сама і ў цэркві. І загледзеўся на яе царскі сын, і хацеў увазнаць, хто яна ёсць. Узяў ён, растапіў у парозе смалы, яна як ішла, так чаравік яе там у смале і астаўся. Прыехала яна дамоў, паставіла коней, скінула плацце, як на небе звёзды, як на небе месяц, надзела брудную рубашку і прыйшла ў хату. А той царскі сын узяў чаравік і стаў ездзіць па ўсяму царству мераць той чаравік, іскаць тае паненкі. Паадсякала мачыха сваім дочкам пальцы, каб прыйшоўся чаравік, а падчарку падвярнула пад карыта. Прыехаў царскі сын туды, стаў прымяраць дочкам мачыхіным — не прыходзіцца. А падчарка пад карытам кашлянула. Ён пытаецца:

— Хто гэта ў вас кашляе?

А мачыха кажа:

— Гэта ўбогая!

— Пакажыце-тка нам яе!

Яны вынялі яе з-пад карыта — чаравік і прыйшоўся. Тады яна і другі прынясла.

Высватаў яе ён і павёз дамоў. Як павёз яе, дык і яблынка за ёй пайшла. Сколькі яны там пажылі, і радзіла яна. Прыехалі яны на хрэсьбіны, мачыха вялела вытапіць лазню і пайшла ўпярод за ўсіх з радзіхай. Там яна абярнула падчарку лісіцай, а сваю дачку паклала к дзяцёнку. А баба-пупарэзніца гэта знала. Як захоча рабёшачак есці, баба выйдзе на вуліцу і кажа:

— Ліска, ліска! Дзіця плача, есці хоча!

Яна прыбяжыць, пасасець рабёшачак і ізноў пабяжыць. Дазнаў гэта мужык. Як тут яе ўлавіць? Баба-пупарэзніца гаворыць:

— Як яе прызаву, ён стане сасіць, а ты вазьмі вераценцам скуры падтрахні, яны і загарацца.

Вот баба выйшла на вуліцу і гукае:

— Ліска, ліска, дзіця плача, есці хоча!

Яна прыбегла, скінула скуры лісія, і стаў дзіцёнак сасіць. А ён вераценцам і падтрахнуў тыя ліскі — яны і загарэліся. А яна кажа:

— Ці не ліскі мае гараць?

— Не, — кажа баба, — гэта ў твайго кума, а ў майго зяця свіней смаляць!

Ну, яна і асталася.

Тады яны дазналі, што там была мачыхіна дачка, і ўзялі яе і мачыху прывязалі к конскаму хвасту і расташчылі па чыстаму полю...

 

 

 

152. ІВАНУШКА-ДУРАЧОК І КАНЁК-ГАРБУНОК

 

У аднаго чалавека было тры сыны: два разумныя, а трэці дурны. Бацька іх сеяў многа пшаніцы. Нехта ўнадзіўся пшаніцу есці, не так есці, як біць ды таптаць. Вот ацец гаворыць сваім сынам:

— Хто мне вора зловіць, таму я адпішу палавіну наследства.

На першую ноч адправіўся старэйшы сын. Ён зайшоў на поле, паглядзеў пшаніцу, зайшоў у сенавал і праспаў. На ўтра ідзе ён і стукае ў дзверы:

— Эй, вы, братцы, спіце? Дзверы адчыніце! Я ўвесь празяб, а вора ў глаза не відаў.

На другую ноч ідзе сярэдні сын, зайшоў на поле, паглядзеў пшаніцы, потым пайшоў к дзеўкам і правёў там цэлую ноч. На ўтра ідзе дамоў і стукае ў дзверы:

— Эй, вы, братцы, спіце? Брату дзверы адчыніце, я празяб увесь, а вора не відаў.

На трэцюю ноч прыходзіць чарга да дурня, які нічога не рабіў, толькі на печы ляжаў ды попелам перасыпаўся. Ён стаў збірацца, а брацця яму і гавораць:

— Ну, ідзі, дурань! Увідзім, што ты паймаеш!

Дурань набраў хлеба і пайшоў. Зайшоўшы на поле, ён сеў на мяжы, дажыдае вора. Тут чуе ён, што зямля дрыжыць, потым бачыць — бяжыць разнашэрсная кабыла; прыбегла ў пшаніцу і начала есці і таптаць. Дурань падкраўся і схапіў яе за грыву. Тады стала кабыла прасіцца ў яго чалавечым голасам:

— Пусці мяне, Іванушка-дурачок! Я прышлю табе трох сваіх сыноў: двух ты можаш прадаць, а трэцяга, Канька-Гарбунка, не продай — ён табе будзе многа памагаць.

Іван пусціў кабылу. Тут чуе ён — бягуць трое коней: два добрыя, а трэці маленькі, гарбаты. Ён узяў і павёў іх дамоў. Прывёўшы, паставіў іх у парожні хлеў, запёр, і, падышоўшы к дому, стаў у дзверы стукаць:

— Эй вы, сабакі, спіце? Дзверы адчыніце. Ей-ей, я чорта відаў.

Брацця адчынілі дзверы і гавораць:

— Вось калі дурань, то і робіць па-дурному.

Потым бачаць, што з таго дня дурань не ляжыць на печы, а ходзіць некуды. Яны сталі сматрэць — відзяць: стаяць трое коней у хляве. Яны згаварыліся ўкрасці двух лепшых — і ўкралі. Павялі іх прадаваць. Аглядзеўся дурань, прыйшоўшы ў хлеў, — як заплача! А Канёк-Гарбунок гаворыць:

— Не плач, Іванушка, коней тваіх укралі твае браты. Калі ты хочаш, садзіся на мяне, мы іх дагонім.

Іван сеў і паімчаліся. Убачыўшы братоў, Іван крычыць:

— Ах вы, сукіны сыны! Нашто вы ўкралі маіх коней?

Брацця гавораць:

— Не крычы, Іван, мы купім табе за коні многа булак.

Іван сагласіўся, і паехалі ўмесце. У лесе яны ўвідзелі што-та блішчыць; разумныя брацця гавораць дурню:

— Едзь, паглядзі, што там: калі хата, то заедзем аддыхнуць.

Дурань паехаў, відзіць: Жар-пціца. Ён за пяро, а Гарбунок яму і гаворыць:

— Не бяры гэтага пяра, цераз яго прымеш многа гора.

Іван не паслухаў і ўзяў. Калі ён пад'ехаў к братам, яны сталі яго спрашываць:

— А што там?

— Нічога, малая калода.

— Вось дурань, не хоча сказаць.

Яны і паехалі далей. Прыехаўшы ў горад, яны ўз'ехалі на базар і сталі. Тут падходзіць к ім генерал, каторы закупляў цару пару коней, і спрашвае:

— Што хочаце за пару коней?

А дурань гаворыць:

— Восем тысяч.

Генерал паглядзеў, паглядзеў і пайшоў далей. Абхадзіў ён увесь базар і не бачыў такіх харошых коней, як у дурня. Ён другі раз падышоў, даў восем тысяч за пару коней і ўзяў дурня к цару ў конюхі. Там усе чысцілі коней пры агні, а дурань возьме пяро Жар-пціцы, уткне ў сцяну, пачысціць каня і зноў схавае пяро. Потым, падпіўшы з другімі конюхамі, дурань сказаў:

— Есць такая пціца, ад каторай відна, як ад агня, і калі цар захоча, то я яе дастану.

Потым ён пасварыўся з адным конюхам і той сказаў цару, што гаварыў Іван. Цар зараз прызывае Івана і гаворыць яму:

— Калі ты мне не дастанеш Жар-пціцу, то мой меч, твая галава з плеч.

Дурань пайшоў к Каньку-Гарбунку і плача. А Канёк-Гарбунок тады яму і гаворыць:

— Я табе гаварыў, не бяры пяра, а ты ўзяў. Яшчэ горшае гора табе будзе, а гэта не гора; лажыся спаць — утра вечара мудраней.

На другі дзень Гарбунок сказаў Івану, штоб ён папрасіў у цара віна, пшаніцы і карыта. Цар яму ўсё гэта выдаў. Тады Іван сеў на Гарбунка і паехаў у поле. Там ён пшаніцу рассыпаў у карыта, віном паліў, а сам схаваўся пад карыта. Тут прылятае цэлае стада Жар-пціц і началі кляваць пшаніцу, а Іван з-пад карыта цап! адну за ногі і стаў зваць Гарбунка. Гарбунок скарэй падбег, Іван сеў на яго — і памчаліся. Прыехаўшы, Іван панёс цару Жар-пціцу. За такую ўслугу цар зрабіў Івана старшым конюхам.

Не забыўся яшчэ Іван Жар-пціцы, ён, падпіўшы, стаў гаварыць конюхам казку пра Цар-дзявіцу. «Калі б цар захацеў, — гаварыў ён, — то я б яе дастаў».

Конюхі даняслі цару, што Іван хваліцца дастаць Цар-дзявіцу. Цар прызывае Івана і кажа:

— Калі ты мне не дастанеш Цар-дзявіцы, то мой меч, твая галава з плеч.

Іван пайшоў к свайму каню і плача:

— Чаго ты плачаш, Іванушка? — спрашвае яго конь.

— Цар казаў, што калі не прывязу Цар-дзявіцы, то адсячэ мне галаву.

— А што, Іванушка, гэта ўсё пяро надзелала: не браў бы пяра, не паехаў бы за Цар-дзявіцай. А цяпер лажыся спаць: утра вечара мудраней.

Назаўтра Канёк сказаў Івану:

— Ідзі і папрасі ў цара каснікоў, цукерак і разных штук. Іван пайшоў і прынёс усё, што Канёк гаварыў, сеў на Канька і памчаўся. Прыехаўшы к мору, Канёк сказаў Івану зрабіць столік. Іван зрабіў. Тады Канёк кажа Івану:

— Ну цяпер ты схавайся пад столік і выжыдай, яна пад'едзе, выйдзе на бераг і будзе рассматрываць, што на століку. А ты схваці яе за касу і заві мяне.

Іван так і здзелаў і паймаў Цар-дзявіцу; прывёз ён яе к цару. Цар, наградзіўшы за гэта Івана, адпусціў яго. Тады цар уздумаў жаніцца на Цар-дзявіцы, а яна і сказала:

— Адвязі к майму бацьку Месяцу пісьмо і папрасі яго на свадзьбу; калі ён пазволіць, то я выйду за цябе.

Цар зноў прызывае Івана, дае яму пісьмо і гаворыць, штоб адвёз к Месяцу. Іван пайшоў к каню і плача.

— Не плач, Іванушка, — кажа конь, — мы гэтаму гору пасобім. Лажыся спаць — утра вечара мудраней.

На другі дзень Іван устаў утрам і паехаў. Па дарозе ён ехаў цераз кіта, выкінутага на сушу. Іван і спрашвае ў кіта:

— За што ты так наказан?

— Я сам, — кажа кіт, — не ведаю, за што; гэта мяне выкінуў Месяц.

Іван даехаў да Месяца і аддаў яму пісьмо. Месяц прачытаў пісьмо, сказаў:

— Я з ёю буду бачыцца ноччу.

Тады Іван стаў спрашваць, за што ён выкінуў кіта. Месяц сказаў:

— Калі ён выпусціць тры караблі з людзьмі, то я яго спушчу ў мора.

На абратным пуці Іван сказаў кіту, што калі ён выпусціць тры караблі з людзьмі, то апусціцца на дно. Раздаўся шум, відзіць Іван: выходзяць адзін за другім караблі з кіта. Кіт тут абяцаў памагчы Іванаву гору. Іван, прыехаўшы, усё расказаў Цар-дзявіцы. Тады Цар-дзявіца гаворыць цару:

— Калі ты дастанеш з мора шкатулку, а ў гэтай шкатулцы мой персцень, то выйду за цябе замуж.

Цар вялеў пазваць Івана. Іван вызваў кіта і папрасіў яго, штоб ён адшукаў шкатулку. Кіт як апусціўся ў мора, як даў указ, дык усе рыбы разбяжаліся шукаць шкатулкі; аказалася, што шкатулка найшлася ў прадзеле ярша. А ёрш не падыме шкатулкі. Тады прызвалі сома, і ён вынес шкатулку Івану. Іван даставіў шкатулку і персцень. Тады Цар-дзявіца гаворыць цару:

— Калі ты скупаешся ў кіпячай вадзе, малацэ і халоднай вадзе, тады выйду за цябе замуж.

Цар прыказаў нагрэць вады, малака. Калі ўсё было гатова, цар сказаў Івану:

— Ну, Іванушка! Сягоння мы з табою будзем купацца.

Цар думаў: «Калі Іван скупаецца, тады і я». А Іван пайшоў к Каньку і плача.

— Чаго ты плачаш, Іванушка?

— Як жа мне не плакаць? Цар сказаў купацца мне ў кіпні.

— Нічога! Як усё будзе гатова, то ты скажы, штоб прывялі мяне к табе папрашчацца.

— Добра, — кажа Іван, і калі ўсё было гатова, то ён сказаў:

— Прывядзіце майго коніка, я хачу з ім папрашчацца.

Цар прыказаў прывесці. Прывялі коніка. Іван стаў раздзявацца. Калі раздзеўся, конь панюхаў адзін кацёл з малаком — Іван туды, потым конь у другі кацёл — Іван туды, а ў халодную ваду конь не нюхаў. Тады Іван туды зайшоў, выкупаўся, а як выйшаў адтуль, ён здзелаўся такім харошым, што другога не было. Калі Іван купаўся, то і Цар-дзявіца глядзела, а як стаў купацца цар, то яна адвярнулася. Цар як ускочыў у адзін кацёл, так там і астаўся. Тады Цар-дзявіца, абраціўшыся к народу, сказала:

— Калі хочаце, штоб я была вашаю царыцай, то дазвольце мне жаніцца з гэтым маладцом.

Усе сагласіліся. Іванушка-дурачок жаніўся з Цар-дзявіцан, і ўстроілі пір на ўвесь мір. І я там быў, мёд і піва піў, па барадзе цякло, а ў рот не папала.

 

 

 

153. СЫНЯТКА

 

Быў дзед ды баба, дзяцей у іх не было, а ім дужа хацелася мець дзяцей. От і кажа баба дзеду:

— Ідзі ў лес і адсячы цельпушок.

Дзед пайшоў у цёмны лес і адсек цельпушок. Тут прыходзе к яму другі старэнькі дзядок і пытаецца:

— Што ты робіш?

— Няма ў нас дзяцей, — адказвае дзед, — дык баба мая кажа: «Ідзі ў лес і адсячы цельпушок, так будзе нам забаўка».

— Ідзі ж ты дамоў, — гавора старэнькі дзядочак, — і вазьмі трыццаць тры яйцы і яечка і пасядзі на іх трыццаць тры дні і дзянёчак.

Дзед прыйшоў дамоў, узяў трыццаць тры яйцы і яечка і пасядзеў трыццаць тры дні і дзянёчак і выйшла трыццаць тры сыны і сыночак.

— Давай, бацька, работаць, — гавораць сыны.

Бацька ўзяў і павёў іх у пасеку; сыны тыя рубяць, а сыночак з карэннямі верне. І вывалілі яны многа пасекі і насеялі пшаніцы, ну, і зарадзіла пшаніца багатая. Унадзілася ў тую пшаніцу Сівуха без бруха і без вуха і стала за ноч на марку пшаніцы з'ядаць.

— Трэба, сыны мае, пшаніцу каравуліць, — гавора бацька сынам, — а то нешта ўжо багата патаптана і паз’ядана.

Сталі сыны пшаніцу каравуліць па вочарадзі.

На першую ноч пайшоў старшы сын, на другую — малодшы за ім, і так усе трыццаць тры, но ніхто не найшоў злодзея. Прыйшлося паследнюю ноч ісці Сынятку. Сынятка прыйшоў на поле, абышоў каля пшаніцы, перахрысціўся, богу памаліўся і сеў на мяжы. Аж у поўнач прыходзіць Сівуха без бруха і без вуха і стала жраць пшаніцу. Сынятка падкраўся і ўлавіў кабылу за грыву. Кабыліца скідалася розным зверам, агнём і полымем. Сынятка крэпка дзержыцца, уплёўшыся за грыву. Потым кабыліца гаворыць яму:

— Ну, калі ты ўдзержыў мяне, так сядай на мяне.

Кабыліца і ўзяла яго насіць вышэй лесу стаячага і воблака хадзячага. Сынятка дзержыцца крэпка.

— Ну, калі ты задзержыўся на мне, то я прынясу цябе на сваю стайню і пазволю табе выбраць самага лепшага каня.

Прыехаў Сынятка на стайню, а ўжо на стайні стаіць трыццаць тры кані і канёчак. Сынятка выбраў канёчка і прыязджае к атцу.

— Ну, бацька, — кажа Сынятка, — я цяпер не буду з табою жыць, а паеду ў свет.

Доўга не думаючы, Сынятка сабраўся і паехаў у свет. Ехаў, ехаў і прыехаў к цару. Цар узяў яго к сабе, і стаў Сынятка першым царскім паплечнікам: што толькі Сынятка задумае, то цар усё рабіў, як хацеў Сынятка. Стала жалка сенатарам, і задумалі яны Сынятку з свету звесці. Знайшлася баба-валшэбніца і сказала сенатарам:

— Ідзіце вы к свайму цару і скажыце яму, што ёсць за трыццаць тры мілі і з мількаю такая валшэбніца, што мае самапітны жбан, і няхай Сынятка дастане яго.

Прыходзяць сенатары к цару і гавораць:

— Верна Сынятка служа цару, ды не верна ўсё сказывае. Вот ёсць за трыццаць тры мілі і з мількаю ў валшэбніцы самапітны жбан; хай Сынятка яго дастане.

Цар вызваў Сынятку і гавора яму:

— Верна, Сынятка, служыш, ды не верна ўсё сказываеш. Ёсць у валшэбніцы самапітны жбан; гэты жбан ты доўжан даставіць мне; калі не даставіш, то мой меч, а твая галава з плеч.

Пайшоў Сынятка на канюшню, плачучы. Пытаецца канёк у Сыняткі:

— Чаго, Сынятка, плачаш?

— Загадаў мне цар службу, — гавора Сынятка, а канёк перабівае:

— Не, гэта не служба, а службачка. Вазьмі-тка ты адзін пуд сала і адзін пуд масла, садзіся на мяне і паедзем.

Яны і паехалі. Прыязджаюць к валшэбніцы, а сабакі не дапускаюць, трэбуюць пуд сала. Аддаў Сынятка пуд сала і паехаў далей, ажно падскочылі каты, і яны не дапускаюць да валшэбніцы:

— Дай, — гавораць, — пуд масла, тады пазволім ехаць к валшэбніцы.

Сабакі і каты заняліся ядою, а Сынятка ціхенька праехаў у дом валшэбніцы, узяў жбан і паехаў. Агледзелася валшэбніца і пагналася ўслед за Сыняткам; ды не тут было: канёк і вочы ёй закідаў пяском ад сваіх капытоў.

Вярнулася валшэбніца назад і абсекла сабак і катоў. Сынятка прывёз к цару жбан. Тады сенатары і кажуць:

— Ан то нічога не будзе. Сынятка прывёз самалётны жбан; калі ж ён гэта прывёз, то хай прывязе пціцу.

Пайшлі потым сенатары к цару і гавораць:

— Ваша імператарства! Верна Сынятка служыць, ды не верна ўсё сказывае. Сказываў нам Сынятка, што ёсць у той валшэбніцы дзіўная пціца; гэта пціца як запяе, так трыццаць тры губерні і губернечка трасецца.

Вызывае гасудар Сынятку і кажа:

— Верна, Сынятка, служыш, ды не верна ўсё сказываеш: ёсць у валшэбніцы такая пціца, што дужа крэпка і хораша пяе. Калі ты яе не дастанеш, так мой меч, а табе галава з плеч.

Сынятка заплакаў і пайшоў на канюшню.

— Чаго ты, Сынятка, плачаш?— пытаецца канёк.

— Таго я плачу, — кажа Сынятка, — што загадаў цар службу цяжолую: дастаць пціцу ў валшэбніцы.

— Ну, нічога, гэта яшчэ не служба, а службачка, бяры толькі два пуды сала і два пуды масла і паедзем.

Прыязджаюць яны к двару валшэбніцы, аж там сабакі не дапушчаюць.

— Калі дасі, — гавораць, — два пуды сала, дык пусцім.

Сынятка аддаў два пуды сала сабакам і паехаў далей, а там ужо каты не дапускаюць. Аддаў Сынятка катам два пуды масла. Усе заняліся есці, а Сынятка тым часам у ведзьміным цераме ўзяў пціцу і паехаў. Агледзелася валшэбніца дый пусцілася ўслед за Сыняткам, штоб адабраць пціцу. Ну, не тут-то было: канёк пазалепліваў зямлёю з сваіх капытоў і вочы валшэбніцы; прывёз Сынятка к цару пціцу. Сенатары, доўга не чакаючы, адправіліся к бабе-валшэбніцы і сказалі, што Сынятка дастаў пціцу і прывёз к цару.

— Ідзіце к свайму цару і скажыце яму, што ёсць яшчэ ў той валшэбніцы гуслі-самаграі.

Прыходзяць сенатары к цару і гавораць:

— Ваша імператарскае вялічаства! Верна Сынятка служыць, ды не верна вам сказывае. Гаварыў нам Сынятка, што ёсць за трыццаць тры мілі з мількаю ў валшэбніцы гуслі-самаграі, і што яны як зайграюць, так трыццаць тры губерні і адна губернечка трасецца.

Вызывае цар к сабе Сынятку і сказывае:

— Верна, Сынятка, служыш, ды не верна сказываеш: гаварыў маім сенатарам, што ёсць у валшэбніцы гуслі-самаграі; табе трэба іх дастаць, не шутку ты зашуціў, а калі іх не дастанеш, так мой меч, а табе галава з плеч.

Ідзе Сынятка на канюшню і плача. Спрашвае канёчак:

— Чаго ты, Сынятка, плачаш?

— Загадаў мне цар дужа службу цяжкую, — атвячае Сынятка.

— Не плач, Сынятка, гэта яшчэ не служба, а службачка. Бяры тры пуды сала і тры пуды масла і зрабі дванаццаць крукоў жалезных, і тады паедзем.

Споўніў Сынятка ўсё, што гаварыў канёк, сеў наверх і паехаў. Прыязджаюць яны к двару валшэбніцы, аж тут сабакі акружылі і не даюць далей праезду. Сынятка стаў прасіць сабак, штоб пусцілі яго праехаць, а сабакі кажуць:

— Калі дасі тры пуды сала, дык пусцім.

Сынятка аддаў сабакам сала і паехаў далей. На сваю бяду сустракаецца ён зноў з катамі; тыя просяць тры пуды масла. Сынятка доўга не думае, аддаў катам масла, а сам стаў падкапываць ведзьмін падвал, дзе схаваныя былі гуслі-самаграі. Паламаў Сынятка ўсе дванаццаць лапат і крукоў жалезных, а гуслі ўсё-такі дастаў, сеў на свайго канёчка і даў ходу. Агледзелася ведзьма і пусцілася даганяць Сынятку, штоб адабраць гуслі-самаграі, ды не з яе носам было ад нашага маладца адняць. Сынятка прывёз к цару гуслі-самаграі. Кінуліся нашы сенатары зноў к той бабе-ведзьме на раду.

— Нічога, — гавораць, — не зрабіць Сынятку: прывёз і гуслі-самаграі.

— Ну, калі ён і гэта прывёз, так ідзеце ж і скажыце свайму цару: «Ёсць на моры слічная паненка, хай ён прывязе яе».

Прыходзяць сенатары к свайму цару і гавораць:

— Верна Сынятка служа, ды не верна ўсё сказывае. Сказаў Сынятка нам, што ёсць на моры слічная паненка і можна яе дастаць.

Цар прызывае Сынятку і прыказвае яму з мора паненку дастаць. Цар тут прыгразіў Сынятку, што калі не дастане, так сваім мечам адрэжа яму галаву.

Ідзе Сынятка на канюшню к свайму канёчку і песеньку пяе. Спрашывае канёк:

— Чаго, Сынятка, пяеш?

— Загадаў нам гасудар дастаць паненку на моры. Калі мы даставалі тое, што было трудней дастаць, а над гэтым і задумвацца не станем.

— Праўда, Сынятка! Забірай толькі з сабою самапітны жбан, пціцу, гуслі-самаграі і паедзем.

Яны і паехалі. Ехалі, ехалі, прыязджаюць к мору, аж бачаць: стаіць на моры церам паненкі. Канёк тут і гавора Сынятку:

— Пасадзі пціцу на вакне, а самапітны жбан пастаў на стале і прыкажы, штоб пціца пела, жбан усё падносіў, гуслі-самаграі штоб ігралі, а мяне цяпер выведзь у поле і зарэж, а сам залезь у мае коўбы.

Сынятка так і зрабіў: зарэзаў свайго вернага канёчка і забраўся ў яго коўбы. Аж тут ляцяць два крумкачы; адзін кажа:

— Крум! Свежае мяса.

А другі адзываецца:

— Не! Гэта наша здрада, — і паляцелі далей.

Ускорасці ляцяць другія два крумкачы. Адзін кажа:

— Крум! Свежае мяса.

Другі кажа:

— Сядзьмо, паядаймо!

А Сынятка наш не дурак — січас і схваціў аднаго крумкача за ногі, а другі стаў прасіць:

— Пусці!

— Не, — атвячае Сынятка, —калі прынясеш гаюшчай і жывушчай вады, тады адпушчу твайго таварыша!

Паляцеў крумкач у далёкую страну і прынёс гаюшчай і жывушчай вады. Сынятка, адпусціўшы крумкача, успрыснуў на свайго канёчка гаюшчаю і жывушчаю вадою. Канёчак аджыў і гавора Сынятку:

— Я ж цяпер ад цябе пайду, а ты нясі гэтую гаюшчую і жывушчую ваду і пастаў на вакне ў паненчыным цераме, а сам стань пры парозе на дварэ. Калі будзеш цяпер жыў, так яшчэ пажывеш на свеце, а калі я табе патрэбен буду, так ты свіснеш тры разы, і я табе яўлюся.

Вот і выходзіць з мора ў свой церам і паненка. Як убачыла яна Сынятку, дык схваціла, ісцёрла, ізмяла і адкінула ад парога свайго церама. Толькі ўвайшла яна ў свой церам, сапамітны жбан усё падносе, пціца пяе, гуслі-самаграі іграюць так, што сама яна здзівілася. Тут замеціла яна, што на вакне стаіць гаюшчая і жывушчая вада; узяла яна тады гэтай вады і папрыскала Сынятку — ён ачнуўся.

— Чаго табе ад мяне трэба? — пытаецца паненка.

— Патрабуе наш цар, штоб ты прыехала да яго.

— Ну, ладна, паедзем.

Сынятка выйшаў у поле і свіснуў тры разы, так канёчак і стаў перад ім. Забраў канёчак самапітны жбан, пціцу, гуслі-самаграі, паненку, і паехалі к цару. Сенатары так і рукі апусцілі, як убачылі, што Сынятка дастаў і паненку. Пайшлі к цару і гавораць яму:

— Ваша імператарства! Сынятка дастаў паненку і жыве ўжо з ёю.

Цар вялеў выкапаць глыбокую яму каля варот свайго дварца, насыпаць туды жару і заслаць зверху саломай.

— Калі пярэйдуць гэту яму Сынятка з паненкаю, — гаворыць цар, — дык яшчэ пажывуць.

Прыязджаюць яны к яме, паненка гаворыць к Сынятку, узяўшы яго за руку:

— Калі мы з табою, Сынятка, не знаемся, то і пярэйдзем.

Цар крэпка ўпадабаў тую паненку і ажаніўся з ёю, а Сынятка стаў вярнейшым слугою цара.

Я там быў, мёд, віно піў, па вусам цякло, у рот не папала.

 

 

 

154. МАЛ-МАЛЫШОК

 

Жыў дзед з бабай. І не было ў іх дзяцей. Дзеду ў сне саснілася, што ідзі ты ў лес, назбірай яец птушаччых, і выведзіце дзяцей сабе. Расказаў ён сон бабе, і баба так яму сказала:

— Што ж, ідзі, дзед, у лес, назбірай яец птушаччых, пасыпем у рэшата, я сяду, дзяцей выведу. Яны будуць пішчаць — нам будзе весялей, мы будзем думаць, што нашы дзеці.

Дзед бабы паслухаў, пайшоў у лес, узлез на бярэзіну—адно яйцо ў гняздзе. Ён на другую — там тож адно. Так ён узлазіў на трыццаць бяроз. На астатняй бярозе знайшоў два яйцы. Так ён сабраў трыццаць адно яйцо. І больш лазіць не стаў. Прынёс яйцы дамоў, у рэшата ўсыпаў, і села баба на яйцы. Усё роўна, як курыца. Нядзелі цераз тры вывеліся дзеці, не птушаччыя, а настаяшчыя дзеці — мальчыкі. Баба тады гаворыць:

— Глядзі-тка, дзед, не птушкі, а ўсё сыны! Трыццаць адзін!

Дзед стаў рад, што яму бог сыноў даў. Сабраў дзве пары кумоў, гарэлкі з паўгарца, запрог каня, паехаў да папа. Стаў прасіць, каб прыехаў поп дзяцей ксціць. Прыехаў поп ксціць. Стаў ксціць іх, усіх пераксціў, па рознаму імю даў. Адзін быў хужы ўсіх, меншы — таму імя не знайшоў. Сказаў дзеду і бабе:

— Як хочаце, так яго і завіце, я імя не знайшоў!

Як ён меншы ўсіх быў, празвалі яго Мал-Малышком.

Сталі яны расці не па гадах, а па часах. Цераз год сталі бальшыя. Тады яны сказалі бацьку:

— Тат, што мы будзем гуляць? Будзем работаць! Можа пожні ёсць касіць, пойдзем касіць! Едзь на места, кос купі нам!

Паехаў бацька на месца, купіў трыццаць кос, а адну не знайшоў — меншаму сыну. Усё мястэчка абшукаў, не знайшоў касы. Прывёз косы дамоў.

— Бярыце, сынкі, косы, катору каторы хочаць!

Сыны падышлі, разабралі косы. Мал-Малышок прыйшоў:

— А мне, бацька, дзе каса?

— Няма, мой сынок, не знайшоў. Я стары, а ты малы — будзем дома!

— Ну, няхай будзець так, як бацька кажаць!

Была ў яго пожня. Пайшлі яны касіць ад свайго сяла вёрст за пяць. Прыйшлі на пожню, пожня была бальшая, яны размералі кожны сабе па кавалку, а два кавалкі такіх пакінулі — бацьку і Малышку. Ну, яны косяць. А Мал-Малышок сказуе бацьку:

— Пайду я, тат, пагляджу, як яны косяць там.

Бацька кажаць яму:

— Глядзі, сынок, каб не заблудзіў!

— А можа і пападу!

Пайшоў ды заблудзіў. Увайшоў у лес. Хадзіў, хадзіў, не можа выйсці з лесу. Паглядзеў на ўвесь лес тады: адзін дуб вышэй за ўсяго лесу. Ён узлез на той дуб, паглядзеў кругом — бачыць, што ўтрыццацёх косяць! Ён тады ўзяў гэты дуб за макушку рукою, нахінуўся ў гэты бок, дзе косяць, задам — гэты дуб пераламіўся папалам. Узяў сучча паабламываў, на плечы дай пайшоў прама туды. Прыйшоў к ім, кажаць:

— Памажы, божа, вам, братцы! Што вы два кавалкі пожні пакінулі? Няхай ба ўсё разам касілі! Ці гэта, можа, чужая?

А яны кажуць:

— Гэта пакінулі табе з бацькам!

— А як жа мы будзем касіць: я малы, а ён стары?

— А хоць сабе найміце!

— Ну, ладна, — кажаць. Шапку здзеў, пераксціўся — памажы, божа, мне!

І давай касіць! І косіць, і грабець, і ў стог кладзець гэтай дубінкай! Уперад за іх скасіў — адзін два кавалкі, — і скасіў, і скаціў. Дубіну гэту ў зямлю ўбіў і каля дубіны стог склаў. Яны кожны свае кавалкі пакасілі асобна, кожны па стогу. Тады прыйшлі дамоў із пожні. Бацька гаворыць:

— Ну, што, сынкі, пакасілі пожню?

— Пакасілі ўсю!

А Мал-Малышок кажаць бацьку:

— Пакасілі, а два кавалкі пакінулі!

Бацька кажаць:

— Нашто?

— Мне кавалак і табе!

— Я, — кажаць, — ужо стары, касіць не магу!

— Не тужы, бацька, я скасіў і ў стог склаў!

— А вы, — пытаецца ў іх, у тых сыноў, — вы ў адзін стог склалі?

— А мы, — кажуць, — паасобя! Накасілі трыццаць адзін стог!

Тады бацька кажаць:

— Трэба яго пільнаваць пакуль перавязём, а то пакрадуць!

Узялі ўдзесяцёх пайшлі пільнаваць. Ноч цэлу пільнавалі, а нехта стог украў. Прыйшлі з варты, пытаецца бацька:

— Ці цэла сена?

— Адзін стог нехта ўкраў!

Сказаў бацька на іх:

— Дуракі! Удзесяцёх не ўпільнавалі!

На другую ноч другі дзесятак пайшоў. Таксама перапільнавалі — і зноў нехта стог украў. На трэцюю ноч трэці дзесятак пайшоў — таксама не запільнавалі — і стог украдзены. На чацвёртую ноч трэба першаму дзесятку ісці. Яны сталі спорыць з Малышком: і ў яго ж стог сена ёсць, няхай ён ідзець!

— Ну, дак што ж, — кажаць, — калі ісці, дак ісці! Схадзі, бацька, к кавалю, няхай каваль кульку зялезную скуець пудоў у трыццаць.

Пайшоў бацька к кавалю, скаваў кульку пудоў у трыццаць. Узяў ён кульку гэту, кінуў угору, дак яна з воч уцякла. Відзіць ён, што назад ляціць — падставіў лоб. Яна па лбу як ударыла, развалілася на чатыры кавалкі. Тады ён кажаць:

— Бацюшка, скуй мне другую кульку, пудоў у трыццаць пяць, да каб мякчэйшая трошку, а то дужа сухая!

Каваль скаваў другую. Узяў ён гэту, кінуў угору — гэта з воч не ўляцела — вярнулася назад. Зноў лоб падставіў — як ударыла, толькі ў кулі ямачка стала небальшэнькая.

— Ну, гэта будзець ладная!

Узяў гэту кулю і пайшоў пільнаваць сена.

Прыйшоў к свайму стогу, узлез наверх, сеў. Сядзеў, сядзеў, чуець — нешта стучыць, аж зямля дрыжыць. Відзіць — бяжыць кабыла, а за ёй трыццаць адзін жарабок. Прыбегла к гэтаму стогу, дзе ён сядзеў, і давай яго кругом есць. Ён датуль сядзеў, пакуль стог з'елі. Не большы як на адзін сажань засталося. Тады ён схваціў гэту кабылу. Не ўхапіў за грыву, да за храбет, і сеў задам напярод. От яна яго павезла! Па палях да па лугах, па высокіх лясах! А ён кулькай яе. Яна датуль вазіла, пакуль умарылася. Тады яму кажаць:

— Мал-Малышок, пусці мяне ў свет гуляць, я табе дам, што ты хочаш.

— Я, — кажаць, — нічога не хачу, а толькі аддай мне гэтых жарабкоў!

— Бяры сабе, толькі пусці мяне!

— А ты ж мяне абманеш!

— Не, — кажаць, не абману!

Прыбегла к гэтым жарабкам, а яны ўжо сена даядаюць.

— Садзіся, — гаворыць яму, — на самага большага, а гэтыя ўсе ўслед пойдуць!

Ён падумаў, падумаў, хоць гэтыя і ўцякуць, дык аднаго будзець за сена досыць! Ён узяў ды сеў на яго. Паехаў, ажно яны ўсе ўслед і пайшлі. Прыехаў дамоў, коні на двор не лезуць — двор быў маленькі. Кажаць:

— Хадзіце, братцы, бярыце сабе па каню! Я ўлавіў, сена ядучы!

Выйшлі тыя браты, кожны сабе па аднаму ўзялі. А яму не асталося. Адзін быў хужы ўсіх, храмы, ламы, дак ён застаўся ззаду, прыйшоў пасля, разам не справіўся ісці. Тады ён кажаць:

— Во і мой прыйшоў.

А яны сталі смяяцца каля яго:

— Сам коні лавіў, а сабе якога пакінуў!

— Ну, што з вамі дзелаць, з дуракамі? Луччых коней пабралі, да яшчэ і смяюцца каля мяне, мне і гэты харош будзець!

Ну, сталі яны тады кожны свайго жарабка гадаваць. Паспраўлялі хамуты, калёсы, сталі ўсе работаць, у лес ездзіць, зямлю пахаць. Двор харошы выстраілі, бальшы — сталі жыць на першы сорт, што луччы не трэба.

Жылі яны так, жылі гады тры-чатыры. Скучыла ім так жыць. Тады яны сказалі так:

— Паедзем мы ў свет, як нам случыцца: жаніцца, а можа ў службу куды прыдзяліцца!

А Мал-Малышок гаворыць:

— Вы едзце, а я не паеду; бацька з маткай старыя, хто іх прыхаваець без нас!

— Ну, ты сабе аставайся! Толькі ж ты нас не дагоніш тады!

— Даганю і дарогу найду!

Узялі яны і паехалі. Мал-Малышок застаўся дома.

Цераз год бацька памёр, пахаваў ён бацьку, лепей як протчыя хаваюць. На другі год матка памерла. Мал-Малышок матку яшчэ лепш пахаваў. Астання — гэта прыкладзіны — адправіў па бацьку, па матцы, тады сабраў мужыкоў, спытаўся ў іх:

— Можа хто найдзецца на маё хазяйства пад арэнду гадоў на некалькі? Прыеду, дык вазьму, а не прыеду — дык саўсім не трэба мне нічога!

Двор гэты быў лепей панскага. Мужыкі ні адзін не ўзяўся, затое што вялікі двор быў. Ён гукнуў пана, аддаў двор пану пад распіску — арэнды ніякія, абы толькі гэтакі быў двор, як цяпер. А жарабка свайго гадаваў — тое піць і есці даваў, што сам ужываў. За тры гады выўчыў яго гаварыць з сабой, і за тры гады ўзгадаваў яго лепей братніх. Хлеб прадаў, грошы ўзяў, паехаў братоў даганяць.

Браты ехалі тры гады, а ён дагнаў іх у тры месяцы.

— Здаровы, братцы!

— Здаровы, Мал-Малышок! Як жа нашы дома, бацька з маткай?

— Бацька з маткай у вешным доме, а вам на здароўе! Як жа вам случалася? Што вы відзелі: худа ці дабро!

— Худа не відзелі, а дабра было многа. Цяпер ты едзь папераду!

Вот як паехаў Мал-Малышок наперад, цэлы дзень праехаў, ні адной дзярэўні не было, толькі лес да поле. Заходзіць сонца. Прыязджаюць к лесу, ажно стаіць хатка на курынай ножцы і круціцца.

— Стой, — кажаць, — хатка, не круціся, ка мне дзвярыма перавярніся!

Яна стала. Увайшоў ён у хатку, ажно ляжыць Баба-Юга, касцяная нага, ляжыць на палу, ногі ў сцяну, нос у паталок, а рот у трубу. Прыйшоў у хату:

— Здрастуй, Баба-Юга, касцяная нага!

— Добры дзень, здароў, Мал-Малышок! Куды едзеш, куды пуць дзержыш?

— Едзем у свет, як нам случыцца: можа дзе жаніцца, а можа куды ў службу прыдзяліцца?

— А ці многа вас ёсць? — баба спрашваець.

— Трыццаць адзін.

— Ну, шкода! У мяне ёсць дваццаць дзевяць дачок, пажаніліся б! Едзьце дальш, у мае сястры павінна быць!..

Пайшоў ён з хаты, селі і паехалі. Ехалі, ехалі, праехалі часоў дзесяць, прыехалі яшчэ к хаце, так жа сама — стаіць на курынай назе і круціцца.

— Стой , — кажаць, — хата, не круціся, ка мне дзвярыма перавярніся!

Яна перавярнулася. Увайшоў Мал-Малышок у хату, відзіць: апяць ляжыць Баба-Юга, касцяная нага, ляжыць на палу, ногі ў сцяну, нос у паталок, а рот у трубу. Прыйшоў у хату:

— Здрастуй, Баба-Юга, касцяная нага!

— Добры дзень, здароў, Мал-Малышок! Куды пуць дзержыш?

— Едзем у свет, як нам случыцца: можа дзе жаніцца, а можа куды ў службу прыдзяліцца!

— А ці многа вас ёсць? — баба спрашваець.

— Трыццаць адзін!

— Ну, шкода, у мяне трыццаць дачок, адной не хватаець; а то б пажаніліся б! Едзьце дальша, у маёй сястры ёсць! Паехалі дальша.} Цераз малое ўрэмя прыехалі к хаце — стаіць на курынай ножцы і круціцца.

— Стой, — кажаць, — хата, не круціся, ка мне дзвярыма павярніся!

Увайшоў Мал-Малышок у хату, відзіць, апяць ляжыць Баба-Юга, касцяная нага, ляжыць на палу, ногі ў сцяну, нос у паталок, а рот у трубу. Прыйшоў у хату.

— Здрастуй, Баба-Юга, касцяная нага!

— Добры вечар, здароў, Мал-Малышок! Куды едзеш, куды пуць дзержыш?

— Едзем у свет, як нам случыцца: можа дзе жаніцца, а можа дзе ў службу прыдзяліцца!

— Ну, добра, што вас бог прынёс! У мяне трыццаць адна дачка, будзем свадзьбу гуляць! Заязджайце на двор, распарадзіце каней. Я завялю даць аўса і сена!

Яны заехалі на двор, распарадзілі каней, аўса-сена нагатоўлена было. Зайшлі ўсе ў хату; дала ім выпіць і закусіць; зазвала сваіх дачок. Прыйшлі яе дочкі, гэтакія красавіцы, што лепшых шукаць не трэба.

— Ну, — кажаць, — зяцькі мае, выбірайце сабе, каторы катору хочыць!

Ну, яны ўзялі кожны па адной. Тады яна кажа:

— Ну, кладзіцеся спаць, а заўтра будзем свадзьбу гуляць!

Узялі ляглі спаць. Мал-Малышок выйшаў к свайму жарабку, ён яму і кажаць:

— Мал-Малышок, думаеш жаніцца, а прыходзіцца з свету збыцца!

— За што так?

— Гэта ведзьма парэжаць вас! Як ляжаце спаць, вазьмі шапкі ім панадзявай на галовы, а братам платкі пазавязвай, і сам сабе так здзелай! Яна ўночы ўстане, у яе ёсць меч-самасеч, пусціць па тых галовах, каторы ў шапках. А ты не спі і глядзі, дзе яна будзе меч браць. Як меч пярэйдзець па галовах, тады ўцякайце!

Ляглі яны спаць, а Мал-Малышок не заснуў. Як яны заснулі, тады ён узяў, шапкі панадзяваў дзеўкам, а платкі пазавязваў мальцам. Устала баба, носам панюхала, ладна паслухала — спяць усе! Пайшла на палаці, узяла меч-самасеч, прыказала яму:

— Ідзі па тых галовах, паадсякай, каторыя ў шапках!

Меч-самасеч пайшоў паадсякаў галовы. А баба кажаць:

— Удзень прыбяру!

Баба заснула. Мал-Малышок узбудзіў братоў, ціхенька з хаты выйшлі і кажапь ім:

— Паедзем!

А яны кажуць:

— А жаніцца ж?

А ён кажа ім:

— Маліце бога, што не пайшлі на той свет за гэтых дзевак.

Паехалі дальш. Ад'ехалі вёрст трыста, прачнулася баба.

Агледзела, што дочкі пасечаны.

— Ну, — кажаць, — Мал-Малышок хіцёр! Хітры! Ды не ўцёк, даганю!

Было ў яе тры казлы на стайні; узяла казла, села вярхом, стала жалезным таўкачом паганяць, Мал-Малышка даганяць! Не дала ад'ехаць трыста вёрст, дагнала за тры часы.

— Э, — кажаць, — Мал-Малышок, не ўцёк ад мяне.

Давай з ім біцца. Біліся, біліся тры часы. Мал-Малышок забіў яе казла.

Тады яна пайшла назад пяшком, а Мал-Малышку сказала:

— Будзеш ты сам у маіх руках!

— Ну, тады тое і будзець.

Праехалі яны свет — што назад варочацца? Прыдзяліліся ў царства на службу. Цар у іх распытаўся: адкуль яны, якія? Яны яму расказалі і верна служыць сталі. Мал-Малышок над братамі здзелаўся ляхветарам. Ён стаў над імі камандаваць. Ім стала жалка, што меншы большымі камандуець. Пайшлі к цару, сказалі, што за трыдзевяць зямель, у трыдзевятым царстве, ёсць баба, а ў той бабы ёсць меч-самасеч, ён сам рубіць, сам сячэць і галовы ўмесце кладзець. Наш Мал-Малышок можаць дастаць яго! Цар прызваў Мал-Малышка, кажаць яму:

— А ці праўда гэта, што за трыдзевяць зямель, у дзесятым царстве, ёсць баба, а ў той бабы ёсць меч-самасеч, сам рубіць, сам сячэць і галовы ў места кладзець? Каб ты мне яго дастаў!

— Ёсць то ён ёсць, а дастаць не можна!

— Ну, не адказ, а то адсяку галаву січас.

— Дайце сроку часы на тры падумаць, як здзелаць!

Пайшоў к жарабку на канюшню, пачаў тужыць, што дрэнна стала жыць. У яго жарабок пытаецца:

— Чаго, Мал-Малышок, затужыўся?

— Цар службу задаў!

— Якую?

— Каб той меч-самасеч дастаць!

— Ну, гэта, — кажаць, не служба, а служба-службачка будзець! Маліся богу, лажыся спаць!

Пайшоў ён к цару аб'ясніўся, што прывязець меч. Памаліўся богу, лёг спаць. Назаўтра ўстаў, памыўся, богу памаліўся, сеў на жарабка і к бабе пакаціў. Прыехаў саму поўнач. Яму жарабок кажаць:

— Ці відзеў жа ты, дзе меч?

— Відзеў!

— Ідзі бяры ціхенька, каб яна не пачула, яна цяпер спіць. Скоранька назад уцякай!

Ён пайшоў, узяў меч-самасеч на палацях, ціхенька выйшаў з хаты. Сеў і паехаў. Устала баба, як стала відна. Спазнала, што ў яе нехта быў. Агледзелася, аж меча няма. Яна ўзнала, што Мал-Малышок. Выйшла, таўкач у рукі ўзяла, села на казла, таўкачом паганяець, удруг Малышка даганяець. Кажаць яму:

— Цяпер з маіх рук не ўшоў!

Сталі біцца. Біліся, біліся, Мал-Малышок збіў казла. Пайшла баба назад, гаворачы:

— Што, яшчэ будзеш у маіх руках!

— Ну, тады тое будзець!

Прывёз Мал-Малышок меч-самасеч цару. Цар яго за гэта ўзнагародзіў вышэйшым чынам, унтэр-афіцэрам.

Братам больш стала завідна. Пайшлі ізноў к цару, гавораць, што от там і там, у той самай бабы ёсць гуслі-самагулы: самі граюць, самі скачуць, самі песні пяюць, як толькі іх паціснеш! Мал-Малышок можаць даставіць!

Прызываець цар Мал-Малышка, пытаецца:

— Ці праўда гэта, што ёсць у гэтай самай бабы гуслі-самагулы, што самі граюць, самі скачуць, самі песні пяюць?

— Не ведаю, ваша царскае вялічаства!

— Не адказ, а каб разузнаў, а то адсяку галаву ў час!..

— Буду шукаць!

Прыйшоў к жарабцу і стаў тужыць, што ізноў стала худа на свеце жыць.

— Аб чым ты так засмуціўся? —гэта жарабец пытаецца.

— Цар службу задаў!

— Якую?

— Каб ад той самай бабы дастаць гуслі-самагуды: самі граюць, самі скачуць, самі песні пяюць, як толькі іх паціснеш! Да не ведаю, ці ёсць!

— Ёсць, — гаворыць, — дастанем!—жарабец адказвае яму.

— Садзіся паскарэй, дзяржысь пакрапчэй — мы як сігнём, січас к бабе прысцігнём.

Прыехалі к бабе. Ён і сказуець:

— Ступай у хату; як у хату войдзеш, па правай руцэ, на палацях, ляжаць гуслі. Толькі ціхенька бяры, каб яны не зайгралі. Баба пачуець, яна цябе ўб'ець. Яна цяпер выйшла некуды на малое ўрэмя!

Пайшоў ён у хату, увайшоў направа на палаткі, узяў гуслі ў свае лапкі, выйшаў, сеў і запеў. Жарабец гаворыць:

— Маўчы, баба ўб'ець!

Паехаў. Ехаў, ехаў, ці многа, ці мала, пакуль баба разузнала, што гусляў няма. Узяла трэцяга казла, жалезны таўкач, — ну паганяць, Малышка даганяць. Дагнала, пачала біцца. Біліся паўтара сутак. Збіў ён яе казла. Тады яна заплакала: «Агарчыў мяне навек!» Паехаў Мал-Малышок у двор, прывёз гуслі-самагуды. Узяў цар гуслі-самагуды, стаў іх жаць, яны сталі іграць, песні пець і плясаць, што на ўсём царстве слыхаць. За гэту службу ўзнагародзіў цар Мал-Малышка чынам фельдфебеля.

Братам апяць стала пушчэй ад яго. Стаў іх службай нацягіваць лепей, гэта за гэта за самае, што яны яго выдавалі. От неякто ў тое ўрэмя случылася, што сонца на адным месцы тры часы прастаяла. Пайшлі браты к цару і сказалі, што Мал-Малышок можаць узнаць — адчаго. Прызываець цар Мал-Малышка, задаець яму службу, каб разузнаў, адчаго сонца на адным месцы тры часы прастаяла. Ён сказуець:

— Ніяк не можна!

— Ну, не адказ, атрублю галаву ўраз!

— Дайце слабоды часы на тры!

— Хоць і на суткі, можна!

Прыйшоў ён к жарабку, стаў тужыць. Яму здалося, што не прыдзецца больш на свеце жыць. А жарабец у яго пытаецца:

— Аб чым, Мал-Малышок, затужыўся?

— Цар службу задаў!

— Якую?

— Каб разузнаць, адчаго сонца на адным месцы тры часы прастаяла!

А жарабец яму гаворыць:

— Гэта не служба, а службачка будзець! Садзісь да паедзем!

Сеў ён, паехалі. Ехалі, ехалі сутак з трое. Прыехалі к мору, ажно ляжыць праз мора Чуда-Юда рыба-кіт, па ёй усе ходзяць і ездзяць. Паехалі яны па гэтай рыбіне, рыба ў яго пытаецца:

— Куды, Мал-Малышок, едзеш?

— К сонцу, зачым прастаяла ў такое і такое ўрэмя на адным месцы тры часы!

— Не забудзься, спрасі пра мяне, што я на адным баку тры гады ляжу, нельга мне перавярнуцца: усе па мне ходзяць і ездзяць. Я табе за гэта адслужу!

— Добра, спытаюся!

Пераехалі праз рыбу, прыехалі туды, сонца закачуецца куды.

Увайшоў ён у гэту зямлянку, ажно там месяц. Даў яму здрастуй Мал-Малышок. Месяц у яго пытаецца:

— Зачым ты, Мал-Малышок, сюды забраўся?

— К сонцу распрасіць, адчаго на адным месцы тры часы прастаяла!

— Ну, Мал-Малышок, на-тка табе шубу, барзджэй выверні да надзявай, за печку палязай — зараз сонейка прыдзець. Яно цябэ спячэць. Ты там слухай, а я буду гаварыць, пакуль яно не так станець жарка!

От ён гэтак і здзелаў, прыйшло сонца, загарэлася ўся хата. Мал-Малышок спёкся б, каб шуба не касмата. Брат сонцу кажаць:

— К табе чалавек прыехаў пытацца, чаго на адным месцы прастаяла тры часы.

— А дзе ж ён?

— За печкай!

— Вылязай сюды!

Вылез, нізка сонцу пакланіўся. Сонца ў яго стала прапытваць, з якога царства, хто? Ён расказаў. Яно яму сказала:

— Ёсць на моры паненка Валынка; яна ў залатым чаўне едзець, сама вяслом грабець, самаўпраўкай прадзець. Гэтакія красівыя ў свеце няма. Я на яе ўгледзелася і тры часы прастаяла.

Тады ён сказаў пра рыбу:

— За што пакутуець тры гады на адным баку, ці скора адпакутуець?

— Пушчай яна выкархнець сорак караблей, што праглынула на моры, тады ізноў пойдзець на мора гуляць. І каб больш гэтага не дзелала! Толькі не кажы рыбіне пакуль пераедзеш, а то яна страхнецца, цябе ўтопіць!

Мал-Малышок сонцу нізка ўкланіўся, у сваё царства вараціўся. Прыехаў ён к рыбіне, рыба ў яго спрашваець, ці пытаўся ён пра яе.

— Як пераеду, тады скажу!

Пераехаў, тады ёй кажаць:

— Выкархні сорак караблей з тым, праглынула з чым!

Яна яму сказуець, каб ён як можна барзджэй ад'язджаў ад мора: а то як страхануся, дак вада залье! Рыба свае грахі адпакутвала, пайшла ў мора. Мал-Малышок прыехаў к цару. Сказаў цару, што вот сонца ад таго прастаяла тры часы, што ёсць на моры паненка Валынка; яна ў залатым чаўне едзець, сама вяслом грабець, самаўпраўкай прадзець. Гэтакія красівыя ў свеце няма. Яно на яе ўгледзелася і прастаяла тры часы. Цар яго за гэта ўзнагародзіў службай ахвіцэрам.

Пражыў трошкі, цар стаў думаць пра гэту паненку Валынку, як бы яе дастаць. Уздумаў Малышку прыказаць. Прызываець Малышка, каб ён дастаў яму паненку Валынку. Мал-Малышок уздумаў пра рыбу і кажаць, што падумаю, можа, дастану. Што рыба, бач, яму сказала тады, што я табе адслужу! Пайшоў к жарабку і стаў плакаць. Жарабок спрашваець:

— Чаго, Мал-Малышок, засмуціўся?

— Як жа не смуціцца, цар яшчэ службу задаў!

— Якую?

— Каб дастаў тую паненку Валынку, што на моры ў залатым чаўне плывець, вяслом ваду грабець, самаўпраўкай прадзець.

— Гэта не служба, а служба-службачка будзець! Ступай к цару, набяры розных фруктаў, напіткаў і наедкаў, тады паедзем!

Пайшоў ён к цару. Сказуець:

— Ваша царскае вялічаства, не вяліце казніць, а пазвольце рэч гаварыць! Дайце мне рублей на трыста розных напіткаў-фруктаў!

Цар гэта яму ўсё выдаў, што ён спрашваў. Забраў ён усе напіткі, пайшоў к жарабцу, кажаць:

— Усё цар даў, што ты казаў!

Жарабок яму кажаць:

— Бяры цяпер балган, паедзем к мору!

Прыехалі к мору.

— Цяпер пушчай мяне на зялёныя лугі, а сам будзь у балгане за шынкара. Убачыш, будзець ехаць паненка Валынка тут, тады паменш пі, а больш пастуквай. Яна загледзіцца на балган, пад'едзець і будзець пытацца ў цябе, калі тутыцька стаў жыць і чым займаешся. Тады яна будзець у цябе ўсіх напіткаў прасіць, а ты старайся як можна, каб яе злавіць.

Ну, ён шацёр распяў каля мора, расклаў усе свае напіткі, настаяшчы буфет устроіў. Ну, січас жа відзіць нешта на моры пабліскваець. Вось і едзець прама гэта самая паненка Валынка ў залатым чаўне, сама вяслом грабець, самаўпраўкай прадзець ды шацёр разглядваець. Пад‘язджаець к шатру і распрашваець:

— Што гэта такое за новае ўстройства? Сколькі я прыязджала, ні разу не відала.

— Я тутыцька новы, пасяліўся з рознымі фруктамі. У мяне ёсць выпіць і закусіць, усяго таго, што каму хочацца. У мяне ёсць усяго давольна і дзешавога і дарагога, і сладкага і прыятнага.

— Дайце мне адзін стаканчык сладкага!

Ён ёй наліў стаканчык, каб разбірала. Яна вяселца падала з чаўна:

— Пастаноў на вяселца!

Ён пастанавіў на вясло. Яна выпіла, грошы ў стакане назад падала. Паехала далей. Задумаўся Мал-Малышок, што тут была і ніяк узяць не можна. Праехала яна трохі, стала ў яе ў галаве разбіраць. Вярнулася назад, каб смачнейшага паспытаць:

— Пазволь, гаспадзін шынкар! Дай-ка пакрэпчага і саладзейшага!

Ён гаворыць:

— Рад старацца для вашай міласці! Я з гэтага жыву.

Наліў стаканчык крапчэйшага. Яна вяселца падала з чаўна:

— Пастаноў на вяселца!

Ён паставіў, яна к сабе паднесла, выпіла і заплаціла. Паехала апяць ад яго. Праехала трохі, зашумела ў галаве луччы. Надумала яшчэ чарку выпіць, трэцюю. Прыехала назад, спрашваець у яго:

— Ці ёсць у вас крапчэйшыя?

— Ёсць крапчэйшыя! Толькі дорага!

— У мяне грошай хваціць! — яна адказваець. Ён наліў стакан. Падала яна вяселца па-прэжняму. Ён ёй сказуе:

— Прашу вас, вашыя міласці, не прагневацца: гэта дужа дорага, вы хмяльны трохі, я тожа, упадзець з вяселца, разаб'ецца, разальецца, прашу міласці з рук узяць.

Яна падплыла бліжэй, працягнула руку, а ён у адной руцэ стакан дзяржыць, а другой рукою яе падхваціў: будзь, мілая, тут! Свіснуў на жарабка. Жарабок прыбег. Забраў усё сваё к сабе, яе на сябе, на жарабка сеў і паехаў.

Прывёз паненку Валынку к цару. Цар увідзеў яе, яе красату, не ўсядзеў на сваём месцы. Падарыў яго чынам капітанам. Пажыў цар з паненкаю дня два, задумаў з ёй жаніцца! Яна сказуець:

— Не ўрэмя мне жаніцца! Я ў гэтай адзежы не буду жаніцца. У мяне ёсць сундук жалезны, трыста пудоў, у моры ляжыць. Дастань сундук, я разадзенуся, тады будзем жаніцца!

Ён прызваў Мал-Малышка:

— Ёсць у моры, — кажаць, — сундук жалезны ў трыста пудоў, каб яго даставіў!

— Ніяк, — гаворыць, — не можна!

— Не адказвацца, а то атрублю галаву ўраз!

— Дайце нямнога падумаць!

— Думай сколькі хочаш!

Адправіўся ён к жарабку, стаў тужыць, — плоха прыйшло жыць! Жарабок у яго пытаецца:

— Што, Мал-Малышок, затужыўся?

— Цар службу задаў, каб з мора дастаў сундук жалезны ў трыста пудоў!

— Гэта не служба, служба-службішка будзець. Ступай к цару, няхай дасць меч-самасеч!

Пайшоў ён к цару, узяў меч-самасеч. Паехалі к мору. Жарабок гаворыць:

— Пушчай па малой рыбе па галовах меч-самасеч!

Ён пусціў меч-самасеч у мора і кажаць:

— Самай меншай рыбе галовы ссякай і ў адно места збірай!

Меч і пачаў сваё работаць. Прыплыла к яму Чуда-Юда.

— Мал-Малышок, перастань маю сілу порціць, што табе трэба, тое будзець!

— Ёсць у моры сундук трыста пудоў, жалезны, паненкі Валынкі, мне яго трэба дастаць!

Яна паслала рыбу. Агледзелі гэты сундук, сказуюць:

— Ёсць!

Яна кажа Малышку:

— Ад'язджай як можна на трыста вёрст, я брошу гэты сундук табе на рукі — лаві яго як можна! А калі не ўловіш — у зямлю ўпадзець, тады зусім прападзець — ніхто не дастанець!

Узяў ён меч-самасеч, адскочыў на трыста вёрст, чуець — грыміць і стучыць — сундук к яму ляціць. Ён сундук спаймаў, січас у цара стаў. Цар за гэту службу чынам ротным наградзіў.

Тады цар сказуець паненцы Валынцы:

— Будзем жаніцца!

Яна сказуець:

— Чым сундук адперці? Ёсць ключы ў моры залатыя, пяцьсот пудоў — ключы трэба дастаць!

Прызваў цар Мал-Малышка, задасць яму гэту службу. Мал-Малышок гаворыць, што дастане без спору. Узяў апяць меч-самасеч, прыехаў к мору, пусціў меч-самасеч па сярэдняй рыбе па галовах. Прыплыла к яму Чуда-Юда:

— Што табе трэба, Мал-Малышок?

— Ёсць у моры ключы ад таго сундука залатыя, пяцьсот пудоў. Трэба дастаць!

— Унімі меч-самасеч, дастанем!

Паслала рыбу шукаць ключоў. Шукалі, шукалі, не знайшлі. Так і з атветам прыйшлі: няма ключоў! Мал-Малышок зноў меч-самасеч пусціў па бальшой рыбе. Юда-рыба гаворыць:

— Унімі меч-самасеч, разышчам ключы!

Яна сабрала ўсіх, каторыя у вадзе ёсць, па зямлі поўзаюць, жаб, ракаў — і паслала шукаць ключоў. Шукалі, шукалі — не знайшлі. Ізноў так прыйшлі. Давай яна пытаць усіх, каторыя шукалі, усе ёсць, аднаго рака няма! Ажно паўзець і рак.

— Знайшоў ключы! — гаворыць. — Былі глыбока пяском занесены.

Сказала рыба Малышку:

— Ад'язджай на пяцьсот вёрст: я брошу ключы!

Ён ад'ехаў на пяцьсот вёрст, чуець — шуміць і звініць — ключы к яму ляцяць. Ён схваціў гэтыя ключы, прыташчыў цару, падаў ключы. За гэту службу вышшым чынам наградзіў — палкоўнікам.

Так цар гаворыць паненцы Валынцы:

— Будзем жаніцца!

Яна сказуець яму:

— Я ў тваім саборы не буду вянчацца; мне каб за адну ноч быў выстраен сабор за ракой: кірпічына залатая, кірпічына сярэбраная. Мост тож: маснічына залатая, маснічына сярэбраная.

Паабапал каб былі пасаджаны розныя вінаграды. Як будзем у сабор ісці, каб дзераўцы цвіцелі, а як з сабора, каб паспелі. Кругом сабору каб быў вырыт роў дванаццаць сажняў глыбінёй, дванаццаць шырынёй. У саборы каб свечы гарэлі, пеўчыя каб пелі. Напроці сабору каб агонь гарэў, у рове над агнём каб кацёл вісеў, у катле смала кіпела. Тады буду вянчацца!

Прызваў ён Мал-Малышка, задаў яму гэту службу.

— Ніяк не можна гэтай службы саслужыць!

Цар кажа:

— Хош мне прыдзецца тапор і плаха, а ты глядзі, каб была смяротна рубаха!

— Дайце сроку дні на два надумацца, разузнаць дзела.

Пайшоў к жарабку, стаў горка плакаць. Стаў у яго жарабок спрашваць:

— Што так крэпка заплакаў, Мал-Малышок?

— Як жа мне не плакаць? Прыдзецца з светам растацца і з табой распрашчацца!

— За што так?

— Цар службу задаў!

— Якую?

— А каб за адну ноч быў выстраен сабор за ракой: кірпічына залатая, кірпічына сярэбраная. Мост тож: маснічына залатая, маснічына сярэбраная. Паабапал каб былі насаджаны розныя вінаграды. Як будзем у сабор ісці, каб дзеравы цвіцелі, а як з сабору, каб паспелі. Кругом сабору каб быў вырыт роў дванаццаць сажняў глыбінёй, дванаццаць шырынёй. У саборы каб свечы гарэлі, пеўчыя каб пелі. Наўпроці сабору каб агонь гарэў, у рове над агнём каб кацёл вісеў, у катле смала кіпела.

— От, гэта служба, не службішка-служба — я не памагу! Толькі табе нагавару: ідзі к паненцы Валынцы; як можна яе прасі, можа яна змілуецца над табой!

Пайшоў Малышок к паненцы к Валынцы! Стаў яе ўпрошваць, нізка ўклонамі ўмаляць, каб гэту службу яму памагла. Яна яму сказала:

— Мал-Малышок, не думай, маліся богу, лажыся спаць, цераз ноч будзець гатова! Толькі спраў харошую мяцёлачку, па масту падмятай. І прыйдзі цару аб'ясні, што гатова!

Падзякваў Малышок паненцы, пайшоў на сваё месца. Памаліўся богу шчырым сэрцам, лёг спаць. Нісколькі не спалася, усё думалася, — які ўжо сон? Стаў вутрашкам рана, выйшаў к рэчцы, усё іспраўна. Пайшоў к цару.

— Ваша вялічаства, службу саслужыў, усё ісправіў — можна ў сабор іціць.

От цар яго князем наградзіў, чынам. Узяў ён мяцёлачку, пайшоў к масту — дзе падмяцець, дзе пачысціць, дзе ветачку паправіць на дзераве.

Разадзеўся цар з паненкай Валынкай, пайшлі ў сабор. Дзеравы цвітуць, у саборы свечы гараць, пеўчыя пяюць, агонь гарыць перад саборам, смала кіпіць у катле... Прыйшлі к агню, к бальшому катлу. Яна гаворыць:

— Вам напярод ісці, а я ўслед за вамі пайду! Гусак заўсягды папераду ідзець, а за сабой гусыню вядзець!

Цар прызваў Мал-Малышка, паслаў яго паперадзі. Мал-Малышок, як пайшоў, так прама і перайшоў. За ім пайшоў цар — уваліўся ў кацёл, увесь ён так і пажар, увесь, больш не будзець. За царом паненка Валынка як перайшла, Мал-Малышка за руку ўзяла, у сабор увайшлі, абвянчаліся. Адтуліцька ізноў перайшлі. Туды ішлі — дзеравы цвіцелі, адтудава ідуць — розныя вінаграды паспелі, а яны ядуць.

Тады Мал-Малышок здзелаў пір на ўвесь праваслаўны хрысціянскі мір. І сталі там жыць-пажываць, дабро нажываць.

І я там быў, мёд, віно піў, па барадзе цякло, у рот не папала. Далі мне адтуль смаляную кабылу ехаць, рэп'я сядло, гарохавую пугу. Еду я адтуль, аж у мужыка ток гарыць. Я пайшоў тушыць, кабыла ад агню растала, сядло свінні з'елі, пугу вароны расклявалі. Тады я стаў таргаваць кірпічом — застаўся не прычом.

 

 

 

155. КАТОК-ЗАЛАТЫ ЛАБОК

 

Жыў дзед з бабаю. І былі яны дужа бедныя: не было ў іх ні хлеба, ні капусты. Тады баба кажа дзеду:

— Едзь ты, дзедка, у лясок, ссячы дубок, вязі на места, прадай і купі хунцік мукі!

Прыехаў дзед у лес, стук у дубок — выскаквае каток-залаты лабок, залатое вушка, сярэбранае вушка, залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка, залатая лапка, сярэбраная лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, паслала мяне баба ў лес з’ездзіць, ссеч дубок, везці на места, прадаць і купіць хунцік мукі!

— Едзь, дзед, у двор: будзе мука!

Прыехаў дзед у двор, ажно ў яго мукі поўныя засекі. Пад'еў дзед хлеба, тады баба кажа яму:

— Вот, дзядулька, вывастры тапарок, едзь у лясок, ссячы дубок, вязі на места, прадай і купі хунцік солі!

Вывастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок — выскаквае каток-залаты лабок, сярэбранае вушка, залатое вушка, сярэбраная шарсцінка, залатая шарсцінка, сярэбраная лапка, залатая лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, хлеб ёсць, солі няма! Паслала мяне баба ссеч дубок, адвезці на места, прадаць, купіць хунцік солі!

— Едзь, дзед, у двор: будзе соль!

Прыехаў дзед у двор, ажно ў яго солі поўныя засекі. Пад'еў дзед хлеба з соллю, тады баба кажа:

— Вот, дзядулька, вывастры тапарок ды едзь у лясок, стукні ў дубок, выскачыць каток, — папрасі ў яго капусты!

Вывастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок — выскаквае каток-залаты лабок, сярэбранае вушка, залатое вушка, сярэбраная шарсцінка, залатая шарсцінка, сярэбраная лапка, залатая лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, хлеб ёсць, соль ёсць, капусты няма.

— Едзь, дзед, будзе капуста!

Прыехаў дзед у двор, а ў яго капусты повен склеп. Наварыла баба капусты, дзед пад'еў. Тады баба кажа:

— Вот, дзядулька, каб цяпер салца!

Вывастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, ударыў у дубок — выскаквае каток-залаты лабок, залатое вушка, сярэбранае вушка, залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка, залатая лапка, сярэбраная лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, просіць баба салца!

— Едзь, дзед, дамоў: будзе салца!

Прыехаў дзед у двор, ажно ў яго сала поўна клець. Наварыла баба капусты з салам, дзед пад'еў. Тады баба кажа:

— Вот, дзядулька, каб цяпер нам мукі пшоннай! Вот бы я пражанінкі зварыла б! Вывастры тапарок, едзь у лясок і ўдар у дубок!

Дзед вывастрыў тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок — выскаквае каток-залаты лабок, сярэбранае вушка, залатое вушка, сярэбраная шарсцінка, залатая шарсцінка, сярэбраная лапка, залатая лапка:

— Дзед, дзед, чаго табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, трэба бабе мучыцы пшоннай.

— Едзь, дзед, дамоў: будзе мучыца!

Прыехаў ён у двор, ажно ў яго мукі поўныя засекі. Наварыла баба пражаніны, дзед пад'еў. Тады баба гаворыць:

— Вот, дзядулька, каб цяпер мяса! Вазьмі тапарок, едзь у лясок, удар аб дубок!

Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок — выскаквае каток-залаты лабок, сярэбранае вушка, залатое вушка, сярэбраная шарсцінка, залатая шарсцінка, сярэбраная лапка, залатая лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, просіць баба мяса!

— Едзь, дзед, у двор: будзе мяса!

Прыехаў дзед у двор, ажно ў яго шасты ад мяса ломяцца. І сталі яны жыць, як трэба быць. Пажылі можа з год, можа з два, баба зноў кажа дзеду:

— Вот, дзядулька, каб ты быў войтам, а я войціхаю! Вазьмі, дзядулька, тапарок, едзь у лясок, удар аб дубок!

Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок — выскаквае каток-залаты лабок, сярэбранае вушка, залатое вушка, сярэбраная шарсцінка, залатая шарсцінка, сярэбраная лапка, залатая лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, хоча мая жонка, каб я быў войтам, а яна войціхаю!

— Едзь, дзед, у двор: будзеш ты войтам, а баба войціхаю!

Прыехаў дзед у двор: ажно яго баба — войціха, а ён як войт.

Пажылі яны колькі-небудзь, баба ізноў кажа:

— Вот, дзядулька, хачу я, каб ты быў шляхцічам, а я шляхцянкаю!

Вывастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок — выскаквае каток-залаты лабок, сярэбранае вушка, залатое вушка, сярэбраная шарсцінка, залатая шарсцінка, сярэбраная лапка, залатая лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, хоча мая баба, каб я быў шляхцічам, а яна шляхцянкаю!

— Едзь дзед, у двор: будзеш шляхцічам, а баба шляхцянкаю!

Прыехаў ён у двор, ажно яго баба як шляхцянка, а ён як шляхціч. Жылі яны шляхтамі, жылі.

— Не, дзядулька, дрэнна нам быць! Вот, дзядулька, каб ты быў панам, а я паняй. Вазьмі тапарок, едзь у лясок, удар у дубок!

Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок — выскаквае каток-залаты лабок, сярэбранае вушка, залатое вушка, сярэбраная шарсцінка, залатая шарсцінка, сярэбраная лапка, залатая лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, баба мая хоча, каб я быў панам, а яна паняй.

— Ну, едзь, дзед, дамоў: будзеш ты панам, а баба паняй!

Прыехаў дзед у двор, ажно яго баба як пані, а ён як пан.

Пабылі яны панамі, тады баба кажа:

— Вот, дзядулька, хачу я быць царыцай, а ты каб быў царом!

Вывастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок, ажно выскаквае каток-залаты лабок, сярэбранае вушка, залатое вушка, сярэбраная шарсцінка, залатая шарсцінка, залатая лапка, сярэбраная лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак! Мая баба хоча, каб я быў царом, а яна царыцай!

— Ну, едзь, дзед, у двор: будзеш ты царом, а баба царыцай!

Прыехаў дзед у двор, ажно яго баба як царыца, а ён сам як цар. Пабылі яны трохі царамі, тады баба кажа дзеду:

— Вот, дзядулька, едзь ты ў лясок, удар у дубок: хачу я, каб ты быў богам, а я бажыхай, а дзеці бажанятамі!

Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок, ажно выскаквае каток-залаты лабок, залатое вушка, сярэбранае вушка, залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка, залатая лапка, сярэбраная лапка:

— Дзед, дзед, што табе нада?

— Ды вот, каточак, мой галубочак, мая баба хоча, каб я быў богам, а яна бажыхаю, а дзеці бажанятамі.

— Ну, едзь, дзед, у двор!

Прыехаў ён у двор, ажно ляжыць сучка з шчанятамі. Злез ён з калёс і стаў сабакам. Панюхаліся яны і пабеглі...

 

 

 

156. ЯК ШЧУПАК ДУРНЮ У ПРЫГОДЗЕ СТАЎ

 

Было трох братоў: двох разумных, трэці дурань; так аднаго разу тыя разумныя пайшлі на вайну і кажуць да яго:

— Глядзі ж тут, дурню, нашых жанок слухай, бо як не будзеш слухаць, то дамо табе, прыехаўшы! — дый паехалі.

Анно ж адна кажа:

— Ідзі ж, дурню, вады прынясі.

Ён пайшоў. Калі выцягне вады, анно ж у вядры шчупак залаты! Такі ён рад! Анно ж той шчупак кажа да яго:

— Пусці мяне, то я табе стану ў вялікай прыгодзе.

Той, узяўшы, пусціў, а шчупак з вады ўжо кажа:

— Як буду я патрэбны, то анно скажы: «На шчупакова казане, на маё валане, няхай стане тое і тое».

Так ён кажа:

— На шчупакова казане, на маё валане, няхай тое вядро само занясецца!

Калі гляне, анно ж ужо вядра няма! Прыходзіць дахаты — вядро стаіць! Тыя так дзівяцца і кажуць:

— Ідзі ж, дурню, да двара на работу: наказывалі, каб малаціць хто ішоў.

Ён гэта сеў на печ, палажыў каля сябе два цапы і кажа:

— На шчупакова казане, на маё валане, няхай гэта печ за мною ідзе да двара!

Так як бач і стаў серад двара! Потым уехаў у гумно і кажа:

— На шчупакова казане, на маё валане, няхай гэтыя цапы самі малоцяць!

Эх, як зарвуцца цапы, як пачнуць малаціць, а ён сабе на цёпленькай печы ўкрыўся і давай спаць. Усе не могуць выдзівіцца! У полудзень сабе прачнуўся, гаршкі паўнімаў з печы, з'еў і зноў давай спаць. Падвечар збудзілі яго, узяў грошы дый ідзе праз двор: на печы з аднае стараны вісіць цэп і з другой. Выйшла дачка панава на ганак, так смяецца з яго, а ён кажа:

— На шчупакова казане, на маё валане, няхай у гэтай паненкі дзіця будзе!

Так тая паненка як бач і прывяла сына, і ён адразу гаварыць пачаў. Тут такая струшня не жарт: паненка дзіця мае!

Так пан казаў пасклікаць усіх чыста людзей з цэлага свету і кажа да дзіцяці:

— Ідзі, пазнай, каторы твой бацька!

Тое прыйшло да таго дурнога і кажа:

— Гэта мой тата!

Тут пану так брыдка! Ля, дурань зяцем! Так казаў зараз бочку збіць. Іх у тую бочку паўсаджваць, забіць і на ваду пусціць. Плывуць яны так плывуць, аж дурань кажа:

— На шчупакова казане, на маё валане, няхай тая бочка на бераг выкаціцца!

Як бач так яна выкацілася, ён даў нагою, разбіў, павылазілі ўсе трое, а ён кажа:

— На шчупакова казане, на маё валане, няхай я стану харошым младзенцам!

Як бач стаў такім харошым — проста кроў з малаком! І тады пайшлі да двара, пан як угледзеў, што ён такі харошы, прыняў, і жылі ўжо шчасліва.

 

 

 

157. САЛДАТ ІВАНЬКА, МЫШ, ЖУК І РАК

 

У некаторым царстве, у некаторым гасударстве, за номерам пятым, у горадзе багатым царская доч хацела, каб яе хто-небудзь рассмяшыў: не можа ніхто рассмяшыць яе ніякімі жыжнямі. Да стойце! Трэба было ўперад расказаць пра салдата.

Служыў салдат Іванька дваццаць пяць лет, выслужыў сабе сіні білет. І ішоў сабе па дарозе, і было ў яго тры капейкі грошай усяго. І ён быў дужа п'яніца бальшы і курашчы, курыў многа. І хлебасоллівы дужа чалавек ён быў. Так, хто не спрося, дык ён з усякім падзеліцца, паследнім падзеліцца. Хто не спрося — дык ён дасць. Да. Ляціць яму наўстрэч жучак:

— Эх, — гавора, — салдат, адслужыў ты дваццаць пяць лет і выслужыў ты сіні білет. У цябе, — гавора, — і грошы ёсць, дай ты мне хрыста радзі капеечку!

Ён узяў аддаў капеечку, ідзе і гавора:

— Пайду за адну капеечку вып’ю, а за другую табаку вазьму, пакуру, а адну капеечку аддаў убогаму жучку!

Бяжыць яму наўстрэч мышка.

— Ах, — гавора, —салдат, адслужыў ты дваццаць пяць лет і выслужыў ты сіні білет. У цябе і грошы ёсць. Дай ты мне капеечку хрыста радзі!

Ён узяў падзяліўся, яшчэ капеечку аддаў мышцы гэтай. Да. Тады ён ідзе і гавора:

— Ну, за гэту капеечку зайду ў карчму да там табаку вазьму на піпку, пакуру з бальшога гора! А капеечку аддаў убогай мышцы!

Ну, тады січас рачык паўзе:

— Эх, — гавора, — салдат, адслужыў ты дваццаць пяць лет і выслужыў ты сіні білет. У цябе і грошы ёсць. Дай ты мне капеечку хрыста радзі!

— Мне, — гавора, — гора, а гэтаму рачыку, мабыць, яшчэ горай, калі ён у мяне просіць радзі хрыста капеечку!

Узяў і тую капеечку аддаў. І пайшоў. І сходзяцца яны зноў напярод наўстрэч яму, і жучак, і мышка, і рачык:

— Ну, калі ж, — гавораць, — гора ў цябе якое стрэнецца, дак ты нас тады стрэбуй, дак мы той час к табе явімся.

Пайшоў ён па пуці-дарозе і прыходзіць у гэты горад. У гэтым горадзе гасударская доч сабе мужа выбірае.

— Хто, — гавора, — мяне ўцеша, рассмяшыць, за таго замуж выйду!

Ну, сабраліся князі ўсякага звання з гэтай зямлі, з прочых гасударстваў, штоб, значыцца, уцешыць яе. Ну, камедыі там, розныя штукі прытваралі, штоб яе ўцешыць, на конях скакалі, рознае там дзелалі, над каторай яна штукай рассмяецца. Ну, і салдат тож: «Пайду-ка я з гора: ці не ўцешу? Можа яна з мяне рассмяецца, ці не выйдзе яна за мяне?»

Да. Січас ён прыйшоў, бача — рознае там дзелаюць, усякія штукі, усякімі манерамі прытвараюцца. Ну, ён даступіўся там да лесніцы, хацеў мо‘ якое штукаватае слова сказаць, абы-што надумаўся сам сабе, — яго адтуль як пхнулі, ён як паляцеў, загразіў гэтую шынялішку ўсю, адзежышку ўсю, як ёсць, і далоў зваліўся. Тады гавора:

— Ах, калі б к майму гору цяпер жучак, рачык і мышка, дык бы я ніякага гора не меў бы!

Січас з'яўляюцца мышка, жучак, рачык.

— Ну, што вам, — гавораць, — салдат, за нужда, а нам за служба?

— А вот, — гавора, — я загразіўся ўвесь чыста, як ёсць; шынялішку маю загразілі, мяне з трэцяга этажа ўбілі, і ўвесь я нездароў зрабіўся!

— Ну, здзявай, — гавораць, — шынялішку сваю!

Ён здзеў шынялішку. Січас жучак і рачык павалаклі на рэчку. А гасударская дочка на гэта смотра — што з гэтага за штука будзе? Тады січас яму гэту шынялішку, — ну, дзе ж ім вешаць яе сушыць? Тады січас рак стаў на шыйцы на сваёй, а клюшні ўгару задраў. Тады яны на рачка на гэтага павесілі. А ён, значыцца, не можа здзяржацца, як паляціць... Шынель гэта зноў умаралася. Зноў яе панеслі мыць. Памылі. Ну, рачык гавора:

— Стойце-ка, я ўкраплюсь харашо ўжо!

Тады січас павесілі на рачыка шынель гэту. Тады жучак лятае, крыллямі дзьме, вецер наганяе, штоб скарэй высушыць шынель гэту; а мышка сабе бегае кругом, дык дзе мокра, дык выкручвае, выжымае, штоб скарэй сохла, значыцца. Ну, яна, гэта царэўна, і ўцешылася з гэтых слоў і засмяялася. І січас падала бацьку свайму бумагу сваімі часавымі, каторыя стаялі там перад ёй.

— І вот, — гавора, — папенька, не ўцешыў мяне ніхто ні з князёў, ні з каралёў, а ўцешыў мяне просты радавы салдат. За таго, — гавора, — выходжу замуж!

Ну, січас сабралі бал, заручыны дзелаць; усе бальшыя начальнікі, увесь сенат сабраўся. Гасударская доч здзелала яму там дзе-небудзь кельню, пакуль свадзьба, да свадзьбы да сваёй, і дастаўляла яму туды харчэй, і табак курыцельны, махорку. Цераз колькі ўрэмя пачалі свадзьбу, просіць яна яго ў свае комнаты, к атцу ў дварэц у гасударственны пабяседаваць. Ну, ён не можа ісці туды, ведама, бяседаваць не можа з каленамі гасударственнымі.

— Я, — гавора, — не пайду туды! Што мне твой бацька? Я твайго бацьку знаць не хачу! Пастрой мне, — гавора, — залішнюю комнату ў садзе!

Дзяствіцельна, была калавурка ў садзе, дык ён зайшоў туды і жыве там, дайжа к жане не лішыцца, не хоча зусім з ёй жыць і гаварыць з ёй не хоча. Да. Дастаўляюць яму туды харч, і яна сама туды прыходзіць у сад у гэты, гаворыць з ім. Тады пражылі паўгода, сказаць, мо‘ год, занімаецца ў гэтым царстве воінства. Той жа кароль занімаецца, каторы розныя штукі прыстаўляў, хацеў яе за сябе ўзяць. Да. Прыходзіць яна к яму.

— Душачка, — гаворыць, — узнімаецца на нас кароль такі і такі! Хоць бы ты з намі распрашчаўся — выязджаем у дарогу ў вялікую!

Ведама, царскае калена, дык выязджаюць усе. Да. Ён адказвае:

— Ідзі ты, адвяжыся! Не знаю я ніякага прашчэння. Я, бог ведае, калі курыў, во тры дні, як смерці к сабе жду. Ступай прэч!

Яна заплакала і пайшла. Бача, што ён зусім дурацкія словы гавора.

Січас гэта яна пайшла, прынясла яму табакі фунтаў пяць. Ён, не мераючы, набіў трубку, мо з гарнец, закурыў, напусціў дыму повен сад. І жыве сабе — без ніякіх. Ну, выехалі яны на воінства, на воінства выехалі — ён адзін гэта астаўся ў садзе. Тады січас выйшаў з калавуркі з сваёй і абяшчаецца:

— Эх, — гавора, — калі б к майму гору мышка, жучак і рачык, дык бы я ніякага гора не знаў!

Січас яны, значыцца, прыходзяць к яму невядома адкуль.

— Што вам, — гавораць, — за нужда, а нам за служба?

— А вот, — гавора, — выехаў ацец наш туды з жаною на воінства. Дык як бы мне туды дастацца?

Так січас абяшчаюцца мышка, жучак і рачык.

— Свісні ты, — гавора, — багатырскім свістам, маладзецкім голасам! Прыбяжыць к табе конь, залатая шарсцінка і сярэбраная шарсцінка, ты вазьмі ў правае вуха ўлезь, у левае вылезь і едзь!

Так січас ён свіснуў. Прыбягае к яму конь, залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка.

— Што, — гавора, — вам за нужда, а мне за служба?

— А вот такое і такое дзела: паехаў ацец наш з жаною на воінства, хацеў бы я туды дастацца!

— Ну, лезь у правае вуха, у левае вылязай!

Ён у правае вуха ўлез, у левае вылез, здзелаўся такі чысцяк, што ні ў казках казаць, ні ў загадках згадаць. Абяшчаецца яму лошадзь:

— Ну, што, салдат, куды мы паедзем?

— А вот, — гавора, — у нашага атца воінства йдзе, дак паедзем на воінства!

— Ну, садзіся, — гавора, — на мяне, паедзем, у тры мінуты там будзем!

Узяў ён меч-кладзянец, сеў і паехаў з гэтай лошаддзю. Як уехаў у каралеўскае войска, як махнуўся направа, налева, кругом, дык іхнае войска ляжыць на дзесяць вёрст зразу. Тады січас адбіў усё войска, наехаў на гэтага на самаго караля, яму левую руку па плячо адрубіў. Тады січас прыязджае гэты салдат налішна к цару. Ну, цар яго не пазнаў і пытае:

— Ну, з якіх ты кален: з простых, ці з духоўных, ці з начальнікаў з якіх бальшых, ці з гасударственных кален?

Ён яму тожа сказаў савяршэнна, з якіх ён находзіцца, зусім ён яму не сказаў. Ён распытвае:

— Чым вас наградзіць: грашамі, ці заслугу якую даць, ці яшчэ чым?

Ён абяшчаецца:

— Не трэба мне нічога, толькі дайце мне хустачку сваю імянную (платок, значыцца, насавы).

Ну, цар мог даць яму хустачку гэту імянную з буквай. Ён січас сеў на сваю лошадзь і зазвінеў па пуці-дарозе ад іх. Січас прыехаў к гэтаму саду, улез каню ў левае вуха, у правае вылез — як быў салдат-лахмак, так і ёсць. Пусціў гэту лошадзь на зялёныя лугі, на шаўковыя травы, на мядовыя воды, сам зайшоў у сваю кельню і жыве там, быццам ён зусім там не быў.

Тады січас прыязджаюць з воінства гасударская доч гэта і ацец яе, і ўсё начальства. І прыходзіць гасударская доч к яму ў сад, у кельню, ну й абяшчаецца:

— Эх, — гавора, — душачка! Не быў ты там, дзе мы былі! Што мы страху, — гавора — павідалі, да, слава богу, наляцеў чалавек, дык усё каралеўскае войска адбіў! А па нашай сіле, пажалуй, у нашай зямлі пабылі б, забралі б колькі нашай зямлі.

Ну, ён абяшчаецца:

— Я не так даволен вашым воінствам, як не здаволен сам сабой, што я тры дні, — гавора, — жыву, не піўшы, не еўшы і табакі не курыўшы!

Тады яна пайшла, прыставіла яму харчэй, табакі. Ён, не піўшы, не еўшы, узяў у трубку паўгарца табакі, набіў і давай курыць, напусціў дыму на ўвесь сад адзін. Січас, не доўга думаючы, занімаецца зноў воінства — ідуць тры зямлі на нашу зямлю. Той кароль загаіў руку ды ізноў ідзе і яшчэ папрасіў з прочых зямель сілы. Прыходзіць гасударская доч зноў к яму:

— Эх, душачка, хоць бы ты прыйшоў распрашчаўся з намі, паглядзеў, як салдаты ідуць, друг з другам прашчаюцца, паглядзеў, колькі арудзій ідзе.

Ён абяшчаецца тожа самае:

— Я не знаю ніякага прашчэнья. Я, — гавора, — як у службе быў, дык я службу спаўняў, знаў усе гэтыя прыкасловія, а цяпер мне гэта не трэба — я з лет выйшаў і не магу ваяваць, не магу вам памагчы.

Тады січас цар выбраўся з сваім войскам на воінства. Ён апяць астаўся ў садзе адзін.

Зноў жа выйшаў у сад.

— Эх, —гавора, — калі б к майму гору мышка, жучак і рачык, дык бы я ніякага гора не знаў!

Січас яны, значыцца, прыходзяць к яму:

— Што вам, —гавораць, —за нужда, а нам за служба?

— А вот такое і такое дзела: паехаў ацец з жаной на воінства, дак як бы мне гэта дастацца туды?

— Свішчы, — гавора, — багатырскім свістам, маладзецкім голасам — прыбяжыць к табе конь-залатагрыўчык другой шэрсці. І едзь!

Січас свіснуў ён багатырскім свістам, маладзецкім голасам — прыбег к яму конь-залатагрыўчык.

— Ну, што, — гавора, — салдат, вам за нужда, а мне за служба?

— А вот, так і так — паехаў цар на воінства, як бы мне туды дастацца?

— Ну, лезь, —гавора, —у правае вуха, а ў левае вылезь!

Ён у правае вуха ўлез, а ў левае вылез — то быў чысцяк, а то стаў яшчэ чышчай! Узяў меч-кладзянец і адправіўся па пуцідарозе на воінства. Да. Як уехаў у тры зямлі, у каралеўскае войска ды як шахнуўся направа, налева, кругом, дак ляжыць іх войска на пятнаццаць вёрст ззаду. Тады січас адваяваць гэта войска — можа з паўмесяца ваяваць — тады наскочыў на гэтага караля і адрубіў яму правую руку. Адрубіў яму правую руку, січас гэтага караля падхвацілі на насілкі, а ён і паехаў к свайму цару, гэта ўжо к цесцю... Прыехаў, паздароваўся. Січас цар яго стаў зноў пытаць:

— Раскажыце вы мне, з якіх вы кален, і чым мне вас наградзіць: ці вас грашамі, ці храстом якім, ці чынам?

А ён абяшчаецца:

— Не трэба мне ваша нічога, а дайце мне кальцо ваша залатое, імянное.

Даў ён яму кальцо, ён распрашчаўся з імі, сеў на свайго каня, січас і паехаў абратна назад. Січас, як прыехаў к гэтаму саду, у левае вуха ўлез, у правае вылез — як быў салдат-лахмак. так і стаў. Пусціў гэтага каня на зялёныя лугі, на шаўковыя травы, на мядовыя воды. А сам пайшоў у сваю кельню і жыве. Прыязджае гэты цар з воінства ўжо назад у свой дварэц. Гасударская доч січас у сад — яна думае аб ім усё — зноў прыходзіць к мужу.

— Эх, — гавора, — душачка, мы на воінстве былі, страху наглядзеліся. Хоць бы ты пабываў, пабачыў, колькі сілы было, колькі чаго! Да, слава богу, наляцеў чалавек, адваяваў усё воінства!

Да! Ён абяшчаецца:

— Што ж я тут з голаду прападаю, не піўшы, не еўшы трэці дзень, дык мне і дзела няма да воінства!

Січас даставіла яна яму харчэй, даставіла табакі, заплакала слёзна і пайшла ад яго, заплакала, што ад яго ніякіх рачэй няма к ёй харошых. А пакінуць не можа.

На гэтага цара зноў занімаецца дзевяць зямель зразу. Да. Січас яна прыходзіць зноў.

— Ах, — гавора, — душачка, цяпер калі б да нас не дайшлі: дзевяць зямель ідзе на нашага атца! Убіраемся, — гавора, — усе ісці на воінства! Прыдзі ж, — гавора, — распрашчайся з радавымі салдатамі з сваімі і з начальствам. Што ты, — гавора, — не хочаш і на дварэц на наш узысці!

Так січас ён гавора:

— Не хачу я распрашчацца! Я цяпер са службы сышоў, не знаю я ніякага воінства! Ідзі сабе куды хочаш!

Ну, яна заплакала і пайшла. Ну, а пакінуць не хоча яго, яшчэ думае жыцця дажыдаць з ім. Ну, паехалі яны зноў на воінства з сваім войскам. Ён ізноў застаўся адзін. Тады січас выйшаў у сад і гавора:

— Эх, калі б к майму гору мышка, жучак і рачык, дык бы я ніякага гора не знаў!

Січас яны, значыцца, прыходзяць к яму невядома адкуль.

— Што вам, — гавораць, — за нужда, а нам за служба?

— А вот, — гавора, —паехаў ацец мой воінства ваяваць, да на яго ідзець дзевяць зямель, дык як бы і мне дастацца туды?

Мышка, жучак і рачык гавораць:

— Свісні багатырскім свістам, маладзецкім голасам! Прыбяжыць к табе конь-залатагрыўчык другой шэрсці. І едзь.

Січас свіснуў ён багатырскім свістам, маладзецкім голасам, прыбег к яму конь-залатагрыўчык.

— Ну што, — гавора, — салдат, вам за нужда, а мне за служба?

— А вот, так і так: паехаў цар на воінства, як бы мне туды дастацца?

— Ну, лезь, — гавора, — у правае вуха, а ў левае вылезь!

Ён у правае вуха ўлез, а ў левае вылез — то быў чысцяк, а то стаў яшчэ чышчай!

— Ну, садзіся на мяне, — гавора, — верхі, паедзем воінства ваяваць!

Січас ён узяў свой меч-кладзянец, сеў на каня і паехалі. Як уехалі гэта ў сярэдзіну каралеўскага войска, зразу вёрст на дваццаць ляжыць. Адваяваў гэта воінства каралеўскае, адбіў дзевяць зямель усіх можа ў месяц, як наехаў на гэтага караля, дак ён яму галаву зрубіў. Зрубіў галаву, тады січас прыязджае к таму цару, свайму цесцю. Ну, і абратна абяшчаецца цар:

— Раскажыце вы мне, з якіх вы кален і чым вас награждаць — грашамі, медалямі, ці паўцарства вам апісаць?

А ён гавора:

— Не трэба мне вашага нічога: ні грошы, ні медалі, ні палова царства, нічога мне не трэба, адрэжце мне палавіну шапкі вашай з драгацэннымі камнямі!

Січас цар павінен быў споўніць гэта: перарэзаў шапку, часць сабе кінуў, часць яму аддаў. Да. Січас ён сеў на свайго каня, прыехаў к саду, гэтага каня на залатой уздзечцы прывязаў каля сваёй калавуркі, сам лёг аддыхаць — на трое сутак спаць зразу. Прыязджае гэта той цар з воінства, з зямель з тых, з дзевяці. Зараз яго царская доч — рупіцца ёй —бяжыць у сад. Прыходзіць к калавуркі той — стаіць лошадзь-залатагрыўчык, нікога не прапускае. А яе самую прапусціў. Яна сама сабе не ўдзівілася, што гэта за штука такая? Адкуль гэты конь узяўся і прывязаны стаіць? Так січас яна прыйшла к гэтай калавурцы — дзверы запёрты. Яна січас дзівіцца ў шчэлачку — ён спіць, і ў яго кальцо залатое на пальцы, шапка збоку ляжыць, палавіна, і хустачка імянная з кішэні відаць. І сам чысцяк такі, што ні ў казках казаць, ні ў загадках згадаць. Тады яна прыходзіць к атцу к свайму налішня зноў.

— Вот, — гавора, — папенька, мы не зналі, хто нам воінства ваяваў! Ваяваў, — гавора, — муж мой; такое і такое дзела: хустачка імянная ў яго, кальцо залатое ў яго і шапка ў яго — усё ў яго! Мы, — гавора, — яго не пазналі!

Ну, цар сабраў бал, заказаў абедні, паслаў па ўсёй Расеі па сваёй, паслаў пісьмы, газеты, што вот такі-то і такі найшоўся ў мяне з радавых салдат, дак ён мае бальшую сілу — адваяваў мне адзін тры разы бальшое воінства! Ну, цяпер яны там з жаной жывуць, мёд-віно п'юць, і я там быў у іх.

 

 

 

158. ПРА КУПЕЦКАГА СЫНА, САБАКУ, КАТА І ЗМЕЯ, МЫШЫНАГА ЦАРА, РАКА ХАБЁРА, ЦАРА РАКАЎ, І ЛУКАПЕРА

 

Жыў купец багаты, і была ў яго жана і сын 14 лет. Сын яе не таргаваў, а толькі па гораду гуляў. Маць яму гаворыць:

— Поўна табе, сын, гуляць, пара табе таргаваць!

— Мамінька, хто ж таргуе без дзенег?

Яна дала яму сто рублёў. Пайшоў ён па гораду і не найшоў тавара па сабе. Выйшаў за горад — відзіць, што вядуць старога сабаку і б'юць яго палкамі.

— За што вы яго б'яце?

— А ён састарыўся, не брэшыць, дык мы яго вядзём давіць.

— Рабяты, уступіце вы яго мне!

— А што дасі?

— Сто рублёў.

— Ну, бяры!

Прывёў ён сабаку дамоў, памясціў яго ў анбары, паслаў яму пасцелю, стаў яго карміць мясам і паіць малаком. Маць яму гаворыць:

— Што ты, сын, балуешся? Адчаго ты не таргуеш?

— Мамінька! Хто без дзенег таргуе?

Маці яму дала яшчэ сто рублёў. Ён пайшоў па гораду і не найшоў тавару па сабе. Выйшаў за горад, відзіць, што вядуць старога ката і б'юць яго палкамі.

— Рабяты, за што вы яго б'яце?

— А ён састарыўся, мышэй не ловіць, збродуе, дык мы яго давіць вядзём.

— Рабяты, прадайце вы яго мне!

— Што дасі?

— Сто рублёў!

— Ну, давай!

Узяў ён гэтага ката, памясціў яго ў анбары на паліцы, корміць яго мясам і поіць малаком. Маць яму гаворыць:

— Сынок, што ж ты не таргуеш?

— Мамінька, хто ж таргуець без дзенег?

Дала яна яму яшчэ сто рублёў. Пайшоў ён па гораду і не найшоў тавару па сабе. Выйшаў ён за горад і відзіць. што возле рэчкі сабраўся народ і што-та б’юць. Ён падышоў і гаворыць:

— Рабяты, што вы дзелаеце?

— А пасматры: мы б'ём змяю!

Ён гаворыць:

— Братцы, уступіце мне яе!

— А што дасі?

— Сто рублёў!

Узяў ён гэту змяю, прынёс дамой, наслаў у карзінку пуху, палажыў яе і стаў карміць. Маць яму гаворыць:

— Сынок, што ты не таргуеш?

— Ах, мамінька, хто таргуець без дзенег?

— Сынок, я табе ўжо аддала трыста рублёў, пакажы мне свае тавары!

Прывёў ён яе і гаворыць:

— Мамінька, вот сабака — сто рублёў.

— Ну, гэта харашо!

— А вот кот — тожа сто рублёў.

— Ну і гэта харашо.

— А вот змяя — сто рублёў.

— Ах, ты, сабачы сын, гэта ж змяя — першы зладзей, нясі яе, дзе ўзяў, а то і на двор не бывай!

Узяў ён гэту змяю, увязаў у платочак, прынёс к тому месту, дзе ўзяў, ударыў яе вобзем. Змяя скінулася царэўнаю і гаворыць:

— Благадару, Іван Іванавіч, што ты мяне адкупіў ад зладзеяў, садзісь на мяне, паедзем у маё царства, у госці к майму атцу!

Сеў ён на яе і паехаў за 12 марэй. А там стаіць дом увесь пад золата. Вот палажыла яна яго ў траву-бур'ян і гаворыць:

— Ну, мілы, ляжы тута, када будзець ацец мне рад, то за табой прышлю залатой бярлін; а када не будзець рад, то я цябе апяць аднясу ў сваё царства.

Прыйшла яна к свайму атцу:

— Здрастуй, мой бацюшка!

Вот ён як сядзеў на стуле, так і стаў яе абнімаць:

— Здрастуй, мая доч, я думаў, што цябе ўжо на свеце нету!

— Да, мой бацюшка, мяне бы не было на свеце, да мяне ізбавіў Іван Іванавіч, купечаскі сын!

— Ах, дочка мая любезная, зачэм ты мне яго не даставіла, я бы яго наградзіў!

— Бацюшка, ён тут, возле мора, у бур'ян-траве.

Січас тут залажылі ў залатой бярлін шасцёрку лашадзей прама пад яго. Прывязлі яго к царскаму дварцу і павялі яго прама к цару. Цар яго стаў угашчаць. Іван Іванавіч у яго тры дні гасцяваў. Царэўна яму гаворыць:

— Будзець табе ацец дарыць злата, серабра, палавіну царства, ты ў яго нічога не бяры, а толькі прасі з правай рукі калечка.

Цар яго прызваў і гаворыць:

— Прасі ў мяне, чаго хочацца: нічога не пажалею!

— Ах, цар, усё мне наравіцца, а лепш усяго мне наравіцца ваша калечка на правай руцэ!

— Нашто табе, мілы, калечка, што толькі яно крэсіва?

— Ну, дык мне ваша нічога не нада, толькі дастаўце мяне ў мой дом!

— Ну, када так, то на: дару табе калечка!

Аддаў цар яму калечка. Запрэглі залатую карэту і даставілі яго ў траву-бур'ян. Царэўна пасадзіла яго на спіну і даставіла яго ў тое места, дзе ён яе знайшоў. Паставіла яго і гаворыць:

— Када табе што ўздумаецца, то толькі перакінь калечка з рукі на руку, то табе ўсё будзе.

Прыйшоў дамоў, гаворыць:

— Ну, мамінька, я ў чужых землях наўчыўся таргаваць, цяпер благаславіце мяне жаніцца!

— А, мой сынок, я цябе благаслаўляю, выбірай сабе па нораву.

— Мамінька, я царэўну бяру!

— Ах, сын мой, разве гэта можна: мы людзі бедныя, а за царэўну сватацца?

— Ну, ідзі, ідзі, матушка!

Прыходзіць яна к дварцу і гаворыць на часавых:

— Здрастуйце, рабяты!

— Здрастуй, матушка! Куды ідзеш?

— А я іду к цару ў сваты.

— Ну, ступай!

— Здрастуйце, ваша царскае вялічаства!

— Здрастуй, бабушка, што скажаш?

— Прыйшла ў сваты к вашай дочцы за свайго сына Івана Іванавіча, ён мальчык харошы, учыўся таргаваць у чужых гарадах.

— Ну, харашо, толькі пускай твой сын выстраіць мрамарны дварэц, лучшы майго: выстраіць — будзець зяць, не выстраіць — галаву зрублю.

Прыйшла яна к свайму сыну і гаворыць:

— Ах, сын мой! Укароціш ты мой век: цар прыказаў пастроіць дварэц, лучшы яго, а то галаву зрубіць!

— Ну, матушка, лажысь спаць: вутра вечара мудраней!

Старушка легла спаць, а ён у самую поўнач выйшаў на параднае крыльцо, перакінуў калечка з рукі на руку — яўляюцца 12 малайцоў:

— Што ўгодна?

— А во што: каб к вутру быў гатоў мрамарны дварэц, пачышчы царскага!

Не ўспеў ён сказаць, а ўжо дварэц гатоў. Назаўтра гаворыць:

— Ну, матушка, ступай у сваты!..

Прыходзіць яна к цару:

— Ваша вялічаства, у сваты прыйшла!

— Ну, харашо, калі твой сын хітры і мудры, пускай выстраіць мост: масніца залатая, масніца сярэбраная, тады аддам за яго доч.

Прыходзіць яна дамоў і расказала свайму сыну, што прыказаў цар.

— Ну, матушка, лажысь: вутра вечара мудраней!

Вот яго маці легла, выйшаў ён на параднае крыльцо, перакінуў калечка з рукі на руку — выскакваюць 12 малайцоў:

— Што ўгодна?

— А во што: штобы быў гатовы да заўтрашняга вутра сярэбраны мост ад майго двара да царавага.

Не ўспеў ён сказаць, а мост ужо гатоў. Устаў цар, паглядзіць: мост гатоў, блішчыць, ажно адкоскі па небясам. Па вутру старушка ідзець апяць у сваты:

— Ваша царскае вялічаства, прыйшла апяць у сваты!

— Ну, харашо, бабушка, будзець ён мне зяць; а калі да заўтрашняга вутра не паставіць абапал маста сярэбраныя ветачкі і не нагоніць пціц райскіх, каторыя бы пелі песні херувімскія, то галаву зрублю.

Прыходзіць дамой і гаворыць сыну:

— Ну, сынок, цар прыказаў абапал маста паставіць сярэбраныя ветачкі, і штобы на гэтых ветачках сядзелі пціцы райскія і пелі песні херувімскія, а то голаву зрубіць.

— Ну, матушка, лажысь спаць: вутра вечара мудраней!

Старушка легла спаць, а ён выйшаў на параднае крыльцо, з рукі на руку калечка перакінуў — выскакваюць 12 малайцоў:

— Што ўгодна?

— А во што: штобы к заўтрашняму вутру абапал маста было панастаўлена разных ветак, залатых і сярэбраных, штобы на гэтых ветках сядзелі пціцы райскія і пелі песні херувімскія і штобы абапал маста былі панастаўлены разныя віны.

Ён гаворыць, а дзела дзелаецца. Прачнуўся цар назаўтрага, відзіць: усё, што гаварыў, здзелана. Старушка на другі дзень ідзець у сваты, а ёй сын прыказаў:

— Када не аддасць, то скажы яму, што вазьму няволяю.

Прыйшла яна і гаворыць:

— Ваша царскае вялічаства, када не аддадзіце цяпер, то няволяю возьмем!

— Ну, старуха, слухай: я аддам сваю дачку, када твой сын здзелаець к заўтрашняму вутру васкавую царкву, званы залатыя, папы-патрыярхі маладыя, штобы ля царквы сядзела яблына, када бы мы ішлі ў царкву, яна б цвіла, а када будзем іціць з царквы, штобы былі яблыкі спелыя; здзелаець — аддам дачку за твайго сына, не здзелаець — галаву яму атрублю.

Старуха прыйшла к свайму сыну і гаворыць:

— Ну, сынок, заўтра табе галаву атрубяць: прыказаў цар, дык і ты не здзелаеш таго!

— Ну, матушка, не пячалься: вутра вечара мудраней, а цяпер лажыся спаць.

Старуха легла і заснула; Іван Іванавіч выйшаў на параднае крыльцо, перакінуў з рукі на руку калечка — выскакваюць 12 малайцоў:

— Чаго ізволіце?

— Штобы к заўтрашняму вутру была гатова васкавая царква, залатыя званы, папы-патрыярхі маладыя, штобы ля царквы расла яблынька — як будзем у царкву ісці, штобы цвіла, а як будзем выхадзіць з царквы, штобы яблыкі паспелі, штобы мне была адзежа, якой і ў цара нету.

Ён гаворыць, а дзела дзелаецца, к вутру ўсё гатова. Прасыпаецца назаўтра цар, чуець — дзе-та званы звоняць; ён гаворыць на слугу:

— І дзе гэта звоняць?

— А гэта звоняць у новай царкве!

Гасудар выйшаў паглядзець і відзіць, што праўда. У восем часоў пад'ехала залатая карэта, пасадзілі царэўну і цара і павезлі ў царкву. Ідуць у царкву — яблыня цвіцець, выходзяць з царквы — ужо яблыкі паспелі. Пазвалі на свадзьбу Лукапёра Цымбалдавіча; ён прыехаў з-за дванаццаці марэй у тры дні. Гулялі яны 15 дней; потым ужо аддаюць нявесту ў жаніхоў двор. Прывёз Іван Іванавіч царэўну ў свой дварэц, і прагулялі ў яго доме тры дні. Сталі яны сабірацца спаць, яна тайком свайму ад'ютанту дала распіску і прыказала, штобы Лукапёр быў гатоў:

— Мы адсюдава ўедзем!..

Ляглі яны спачываць; царэўна абласкала Івана Іванавіча і давай у яго распрашваць, як ён пастроіў дом. Ён і гаворыць:

— Гэта ўсё мне калечка памагаець!

Вот, када ён заснуў, яна скінула ў яго з рукі калечка, выбегла з дому, прыбегла к Лукапёру і ўехала з ім у яго царства. Назаўтра гасудар прысылаець маладых зваць на чай. Прыбягаець ардынарац:

— Іван Іванавіч, гасудар просіць вас на чай з жаной і з мацер'ю.

Іван Іванавіч стаў яе іскаць па палатам, клікаць яе, а яе і след ужо прастыў. Тада яго ўзялі пад каравул; гасудар сказаў:

— Гэта, верна, ты пагубіў маю дачку, што яе нету!

Павялі яго на плошчадзь, пасадзілі на стул і залажылі кругом стула кірпічом, аставілі толькі вакошачка, штобы падаваць яму пішчу. Ён там сядзеў, можа, месяц, а можа, нядзель дзесяць; дамы яго гасудар узяў у сваю казну, а маць яго памясцілі ў багадзельню. Кату з сабакам нечага стала есць; кот гаворыць на сабаку:

— Уздумай, сабака, што за нас заплаціў Іван Іванавіч, а мы для яго нічога не здзелалі!

— Ну, што ж ба нам здзелаць?

— Як што? Я знаю, дзе царэўна!

— А дзе?

— У Лукапёра. Сабака, пойдзем на прыстань!

— Пойдзем!

Прыйшлі яны на прыстань і ляглі пад ракітавым кустом. Кот гаворыць на сабаку:

— Вот, сабака, ты на сілу крапчэй мяне, а я на глаз крапчэй цябе: я адсюда віжу Лукапёрава царства.

— Ну, када відзіш, то паплывём туда.

Паплылі яны ў Лукапёраў дом. Пераплылі мора ў паўтара месяца. Прыехалі яны ў Лукапёрава царства і тры дні аддыхалі ў траве-бур’яне. Кот гаворыць:

— А што ты, сабака, знаеш?

— А што?

— У гэтым царстве кошак нету, а мышы паелі ўсё дабро. Потым ён гаворыць:

— Ну, сабака, ты не хадзі на царскі двор, а то цябе сабакі разарвуць, а я пайду туды.

Вот кот пайшоў прама ў харомы. Увідала ката Мар‘я Пракрасная:

— Ах, Лукапёр! Вот кошка таго брадзягі: яна яго бросіла і прыйшла ка мне.

— Ну, бяры яе скарэй у харомы!

Узяла яе Мар’я Пракрасная на рукі, стала яе гладзіць, а яна стала маркатаць; тут яе січас сталі карміць. Кот набраў гавядзіны, белых хлебаў і аднёс сабаку:

— Ну, сабака, ляжы, пакуль я спраўлюся!

Прыбегла кошка ў палаты і відзіць: Лукапёр з царэўнаю абедаюць, а з імі мышы, крысы: нету кошак. Кот як стаў мятаць гэтых мышэй, у пяць часоў намятаў пяць вазоў. Усадзілі яго ў анбар на ноч, дык ён к вутру вазоў дваццаць намятаў. Тут гэтаму кату такая чэсць: пасадзілі за стол, гавядзіны яму, а ён з'еў не многа, а то ўсё сабаку адносіць. Выкарміў ён сабаку харашо: стала яна дужа здарова. Адзін раз кот сядзіць на парозе і відзіць: едзець цар мышэй, лапы і вушы залатыя. Кот схваціў яго за лапы і стаў давіць гэтага цара мышэй.

— Ах, кот, памілуй: я ўслужу табе чым угодна!

— Еслі вы маё кальцо не дастанеце, то я вас усіх перадаўлю!

— Адпусці мяне: я табе гэта здзелаю!

Кот яму паверыў і адпусціў. Мышыны цар заставіў усіх мышэй іскаць кальцо, но яго не найшлі. Кот гаворыць:

— Еслі вы майго кальца не сышчаце, то я ваш увесь род перавяду!

Адна касая мыш гаворыць:

— Два глаза — рагаза, а ў мяне адзін, ды зорак: не нада мне і сорак!

Гэта касая мыш пабегла ў спальню Мар'і Пракраснай і села ля свечкі. Царэўна памалілася богу, а кальцо палажыла к сабе ў рот. Касая мыш прыбегла к мышынаму цару і гаворыць:

— Я відзела верна: яна яго палажыла ў рот.

Сабраліся ўсе мышы, сталі думаць, как бы гэта кальцо вынуць. Была крыса-чыпурыжка (у яе быў двайны хвост); яна гаворыць:

— Ніхто ў роце не дастане кальца, а я дастану! Памачу ў нужніку свой хвост, як царэўна ляжаць, то я правалаку свой хвост ёй па губах, яна ад гэтага зварцаіць, а тут і выплюнець кальцо — мышы яго і падхвацяць.

Вот мышыны цар прыказаў у спальні мышам стаць на старожу: як выплюнець царэўна кальцо, то яго і несць к цару. Вот гэта крыса намачыла ў нужніку хвост, як царэўна легла, яна і правалакла ёй свой хвост па губам. Яна (царэўна) ускачыла і стала варцаць, і выплюнула гэта кальцо, мышы яго падхвацілі і прынеслі к цару. Цар гаворыць:

— Ну, гэта харашо і для мяне і для вас: цяпер кот не будзець нас трывожыць!

Прынёс цар мышэй да свету кату кальцо:

— Ну, кот, вот табе кальцо: цірануў ты нас давольна!.

— Ну, я бы вас больш цірануў: ухажу я дамоў.

Прыйшоў да сабакі:

— Ну, сабака, адпраўляемся дамоў.

Сабака гаворыць:

— Ну, дай мне кальцо!

А кот гаворыць:

— Ну, гэта ўжо не дам! Ты стар, станеш кашляць — уроніш, а ў мяне зубы часты — буду дзяржаць крэпка!

Сабака не стаў спорыць з катом. Вот яны паплылі. Плылі яны паўтара месяца, не емшы, не пімшы. Плывуць, адзін на другога глядзяць; відзіць сабака, што кот ужо тонець. У ката ўжо глазы пасалавелі, падняў ён галаву высока, а да берагу яшчэ 50 вёрст. Хацеў кот сказаць:

— Вазьмі ў мяне кальцо.

Разінуў рот, кальцо бултых! у ваду. Вот яны гавораць:

— Госпадзі, прынясі нас хоць жывых да краю.

Паднялася вална і прынясла іх на прыстань. Аддыхалі яны ў траве-бур'яне тры дні. Ляжалі яны тры дні і тры ночы — не размыкалі свае вочы: усё спалі. На чацвёрты дзень яны гавораць:

— Пойдзем мы к сваёй беднай хазяюшке: ці не накорміць яна нас?

Прыйшлі яны к сваёй хазяйцы на Фаміной нядзелі ў сераду. Хазяйкіна багадзельня была недалёка ад пагоста; ува ўторнік падавалі ёй міласціну: хто пірага, хто кураціны, хто драчоны. Увідала яна ката і сабаку, гаворыць:

— Ах вы, мае забіражыцелі, вы, верна, хаціце есць.

Яна, што ў яе было, то і аддала ім. Наеліся яны і рассмяяліся:

— Ах, абед харошы!

— Ну, сабака, пойдзем на прыстань!

Прыйшлі яны к мору і леглі на берагу пад ракітавым кустом. Вячэрняю зарою асвяціла бераг, выходзіць з мора рак Хабёр, залатыя клюшні і залатыя глазы.

— Што, сабака, відзіш ты гэту аказію?

— Віжу!

— Што мы будзем дзелаць?

— А ідзі яго і валакі на гару!

Вот сабака схваціў яго за клюшні, а кот за вусы і павалаклі яго на гару.

— Ах, памілуйце, за што вы мяне валачэце?

— А во за што: мы пацяралі ў таком-та і таком месце ў моры кальцо, када ты нам яго не дастанеш, то мы цябе задавім!

— Пусціце вы мяне на волю: я вам яго дастану!

— Ну, гэта ўжо не: мора вяліка — уцячэш!

Вот ён крыкнуў багатырскім голасам, сабраліся ўсе ракі:

— Чаго ізволіце, цар?

— У таком-та і таком месце гэтыя гаспада пацяралі залатое кальцо: найдзіце яго!

Ракі пайшлі, як цёмная туча, іскаць кальцо; узбутуражылі ўсё мора, а кальца не найшлі: пускалі напярод клюшні. Вот адзін рак быў бяз клюшон: найшоў кальцо, найшоў і падаў цару, а цар аддаў кату; яны гэтага цара-рака выпусцілі і пайшлі дамоў. Думаюць яны, як бы Івану Іванавічу кальцо даставіць. Кот гаворыць:

— Па чацвяргам адпіраюць цямніцу, і туды ходзяць купцы падаваць яму міластыню, я пайду і праскальзну к яму і перадам кальцо.

У чацвер пайшоў кот у цямніцу. Атварылі дзверы, купцы пайшлі туда з падаяніем, а кот у дзверы праскальзнуў і залез пад печку. Яго паролі адтудава, но не выпаралі. Када выйшлі ўсе купцы з цямніцы, кот вылез з-пад печкі і ўзлез на калені к Івану Іванавічу. Стаў ён яго гладзіць, кот палажыў кальцо на руку Івану Іванавічу. Іван Іванавіч з рукі на руку калечка перакінуў — выскакваюць 12 малайцоў:

— Што ўгодна?

— А во што: штобы раскідалі ўвесь астрог!

Вот яны як сталі раскідваць, дык і народу многа пабілі. Іван Іванавіч выйшаў з цямніцы і пайшоў к свайму мрамарнаму дварцу, а ў гэтым дварцы жыў цараў пляменнік. Прыйшоў і гаворыць:

— Ваша благародзія, дазвольце мне ў маём дварцы пераначаваць?

— Можна.

Вот Іван Іванавіч у самую поўнач выходзіць на параднае крыльцо, з рукі на руку калечка перакінуў — выскакваюць 12 малайцоў:

— Чаго ізволіце?

— А во чаго: штобы Лукапёраў дом быў к вутру перанесен сюда з жаною маёю Мар’яй Пракраснай і з Лукапёрам!

Назаўтрага паглядзіць: дом ужо тут. Узяў Іван Іванавіч сваю залатую шаблю, увайшоў у дом, а Лукапёр спіць; ён яго пракалоў шпагаю, а Мар'я Пракрасная ўпала на калені перад ім:

— Прасці, мілы! Ва ўсём вінават ацец: ён мяне заставіў абмануць цябе!

Ён ёй прасціў, а цара выгнаў з дому ў чыстыя паля, маць сваю ўзяў з багадзельні, ката і сабаку бярог, пака ў гроб лёг, а з жаною жыў харашо.

 

 

 

159. ЯК ЗВЯРАТКІ ЧАЛАВЕКУ АДГАДЗІЛІ

 

Адзін парабчук служыў тры лета дый згадзіўся на рок па сто чырвонцаў і, служачы, ані грошыка не ўзяў. Як адыходзіў, так пан даў яму трыста чырвонцаў, дый то ён, узяўшы, пайшоў сабе ў свет. Ідзе, так ідзе, ажно нясуць хлопцы, гэтае жульё, ката біць. А той парабак меў надта літасціва сэрца, так даў тым пастушкам сто чырвонцаў, адно каб ката пусцілі. Яны то ўзялі тыя грошы дый пусцілі, а коцік, пазнаўшы як то свайго прыяцеля, узяў дый пабег, хвост заідраўшы, за ім. Ідзе ён далей, ажно хлопцы цягнуць сабаку, ён, не доўга думаючы, дае ім зноў сто чырвонцаў, каб адно сабакі не трацілі. Так і той сабака, узяўшы, пабег за ім. Ідуць яны далей, ажно пастушкі зымалі вужа і мэнчаць, так ён астатнія сто чырвонцаў дае ім, каб адно пусцілі. Як ужо хлопцы адбегліся, так той вуж кажа да яго:

— Я з табою не магу ісці, але што ты мне ў прыгодзе стаў, то за тое на табе гэты загарачак: паглядзеўшы на яго, што адно загадаеш, то мець меш.

Ён то яму падзякаваў дый пайшоў. Ідуць яны так, ідуць, ажно той хлопец дачуваецца, што кралеўскую дачку хоча змей з дванаццацьма галавамі з'есці і што таму, хто змея заб'е, кроль дачку сваю за жонку аддасць. Так ён, гэта пачуўшы, глянуў на загарак і задумаў, каб меў каня, меч і жалезную адзежу. Так як бач стаў конь перад ім асядланы, а на ём меч і жалезная адзежа. Так ён зараз то ўвабраўся, прыпасаў той меч да боку, сеў дый паехаў. Прыязджае туды, ажно кралеўна сядзіць на камені і плача. Нібавам выходзіць з лесу той змей.

— Ого, — кажа, — будзе закуска дый яшчэ з прыкускаю!

— Ну, палядзімо! — і гэта кажучы, дастаўшы меча, скочыў з канём на змея і давай яму голавы сцінаць. Як пасцінаў усенечкія, да то ўзяў спаліў яго дый, попел рассеяўшы па моры, завёў кралеўну да палацаў яе бацькі. Кроль то з вялікай радасці ўзяў дый іх нібавам пажаніў. Па вяселлі ўжо ён глянуў на загарак дый задумаў сабе, каб гэта на моры стала выспа, а на ёй палац дый каб мост злучыў тую выспу з зямлёю. Як бач так і сталася.

Тады ён, узяўшы то кралеўну і сваіх дваранінаў, паехаў туды, дый жылі сабе тамака якісь час у раскошах, як у раі. Ажно на ліха кралеўна ўлюбілася ў аднаго двараніна. Што тут за радачку даць? Як бы тут мужыка зрадзіць? Так сказала яму, каб загарак аставіў у яе, а сам даведаўся да яе бацькі. Той так і зрабіў. Пайшоў да кралеўскага палацу. Ідзе ўжо назад, ажно з таго моста і познакі няма! Што тут яму рабіць? Так сеў на камені і думае сабе, ажно сабака з катком сталі спытываць яго:

— Чаго вы гэтак сумуеце?

— Так і так.

— А то няма ніц, мы мора пераплывем і мусім вам загарачак назад адкрасці.

Гэта кажучы, пабеглі на бераг, кот злез то на сабаку, а сабака бульт! у воду. Пераплылі мора, сабака на беразе астаўся, а кот пайшоў дый уночы неяксь выдраў дзірку ў тым пудэлачку, ухапіў таго загарка дый, сеўшы на сабаку, паімчалі. Плывуць яны так, плывуць, ажно сабака пытае:

— А што, узяў?

А кот раззявіў мордачку дый кажа:

— Узяў, — да гэта загарачак бульт! у воду.

Ну і што тут чыніць? Што тут за радачку даць? Так гэта сабака злавіў выдрына дзіця, а выдра так у яго просіць, так моліць яго:

— Вынесі, —кажа, —з вады загарачак такога і такога, то аддам.

— Добра.

Так выдра гэта ў воду, палавіла рыбчыныя дзеці, а рыбка давай-то зноў яе прасіць, так яна кажа:

— Дастань з вады загарачка, то аддам.

Рыбка зараз гэта на дно, даставала, даставала, нарэшце, натрапіла на таго. Тады выдра той дзеці пааддавала, а сабака выдрына аддаў дый то таго загарачка прынёс да свайго пана. Тады ён глянуў на яго дый задумаў, каб мост стаў і яму меч быў. Так як бач і ўсенячка стала. Уходзіць ён да палацу, ажно яны там банкетуюць, так як цяў, так ім галовы і пазляталі, а сам ужо ў тым палацы са сваімі звяраткамі жыў сабе шчасліва.

 

 

 

160. ПРА МУЗЫКАНТА, КОЦІКА І САБАЧКУ

 

Жыў-быў на свеце музыканта, наскучыла яму жыць дома, раздумаўся ён і пайшоў у свет. Ідзе дай ідзе, бяжыць сабачка:

— Куды ты ідзеш?

— Іду ў свет, — гаворыць музыканта.

— І я з табой пайду!

— Хадзі.

Ішоў, ішоў музыканта з сабачкаю, аж наўстрэчу ім бяжыць коцік.

— Куды вы ідзіцё? — пытаецца коцік.

— У свет, — атвячаюць яны.

— І я за вамі пайду.

І пайшлі ўсе разам. Ішлі цэлы дзень, ноч ужо блізка; бачаць хатку каля дарогі, зайшлі ў гэту хатку. Ляцяць чэрці:

— Стук-стук! Хто тут ё?

— Коцік, сабачка і сам пан музыканта.

— Пайграй нам, музыканта!

Стаў музыканта іграць: што павядзе раз па струнах, то і ё рубель. Як толькі певень запеў: «Ку-ка-рэ-ку!», так чэрці і паляцелі. На другую ноч прылятаюць ізноў:

— Стук-стук! Хто тут ё?

— Коцік, сабачка і сам пан музыканта.

— Пайграй нам, музыканта!

Музыканта стаў іграць: што павядзе раз па струнах смыкам, то і ё рубель ад чарцей. Гулялі-гулялі доўга, потым як запеў певень, так чэрці і паляцелі. Удзень прыходзе бог і гавора коціку, сабачку і музыканту:

— Вы прасіце ў чарцей таго каменьчыка, што яны п'юць і ядуць, — і даў ім кніжачку і гавора:

— Як чэрці прыляцяць, так ты, музыканта, іграй, а вы клейце дзверы. Певень як запяе, так чэрці будуць прасіцца, штоб вы іх пусцілі, тады вы скажыце: «Дайце нам таго каменьчыка, што вы п'яце і ядзіцё».

Сейчас увечары прылятаюць чэрці і стукаюць:

— Стук-стук! Хто тут ё?

— Коцік, сабачка і пан музыканта!

— Пайграй нам!— гавораць чэрці к музыканту. Музыканта што павядзе раз па струнах, так рубель і ё ад чарцей. Набраў ён дужа багата ад іх грошай, а коцік і сабачка ўсё клеяць да клеяць дзверы сваёй хаткі. Скора на бяду чарцей певень запеў. Яны стук-стук! Агу! Запёрта.

— Пусціце нас!

— Не, не пусцім! Дайце нам той каменьчык, што вы п’яцё і ядзіцё, тады пусцім!

Чэрці бачаць: нічога не зробяць, узялі дай аддалі каменьчык. Тады ім адперлі дзверы, чэрці і паляцелі; як толькі яны паляцелі, коцік, сабачка і музыканта выйшлі з той хаткі, пайшлі к мору і музыканта там прагаварыў такія словы:

— Каменьчык, каменьчык, я хачу, каб у нас быў дом лепшы, як у цара, і адзенне лепшае!

Так і случылася. Пасылае цар зямлі той свайго слугу разузнаць, хто там такі паехаў і хто жыве ў такім доме, што дажа лепшы, чым у яго. Слуга царскі прыязджае к дому і пытаецца, хто ў ім жыве. Яму атвячаюць, што коцік, сабачка і сам пан музыканта. Прыязджае слуга к цару і гавора, што там жывуць коцік, сабачка і сам пан музыканта. Цар, не даўшы яму веры, пасылае ён вярнейшага свайго слугу і гавора:

— З’ездзь, палядзі, хто там ё.

Паехаў другі слуга:

— Стук-стух! Хто тут ё?

— Коцік, сабачка і сам пан музыканта!

Адпраўляецца слуга к цару і гавора:

— Жыве там коцік, сабачка і сам пан музыканта.

Пасля гэтага пасылае цар трэцяга — самага найвярнейшага свайго слугу; гэты слуга сказаў, як і першыя. Цар, не верыўшы, запрог тройку сваіх коней і паехаў сам паглядзець.

Прыязджае цар і пытаецца:

— Хто тут ё?

— Коцік, сабачка і сам пан музыканта.

Цар, пазавідаваўшы іх багаццю, узяў к сабе і музыканта жаніў на сваёй дачцэ. Маладая жана пытаецца свайго мужа-музыканта:

— Чаму гэта вы такія багатыя?

Муж ёй гавора, што ў іх ё такі каменьчык, цераз каторы ім можна ўсё палучыць, што толькі захочуць. Жана ноччу адкрала каменьчык ад свайго мужа, пайшла к мору і гавора:

— Каменьчык, каменьчык! Зрабі так, штоб я была на тым баку мора! Каменьчык, каменьчык, я хачу, штоб у мяне было ўсё лепшае, як у майго мужа!

Так і ё. Цар узяў і ўмураваў музыканта ў стоўп, а коцік і сабачка пайшлі к мору, селі на беразе аддыхаць. Потым коцік гавора сабачку:

— Чаго ж мы будзем тут сядзець, плывома лепш на той бок мора.

Тут сталі яны судзіць да радзіць, як пераплываць цераз раку. Сабачка гавора коціку:

— Садзіся на мяне, дык я цябе перавязу.

І так яны пераплылі на другую старану мора, дзе стаяў дом царскай дачкі, жаны музыканта. Коцік і сабачка задумалі адкрасці ў жаны музыканта каменьчык. Доўга коцік і сабачка саветаваліся, каму ісці ў дом царскай дачкі. Потым коцік асмеліўся і пайшоў. Прыходзе ў дом царэўны і закрычаў:

— Курняў!

Царэўна пачула і ўзяла коціка ў свой дом, накарміла яго. На першы дзень кот злавіў мышку і з'еў, на другі дзень злавіў другую; гэта мыш страпянулася, назбіралася багата дужа мышэй і сталі прасіць ката, штоб ён адпусціў мышку, але коцік гавора:

— Прагрызіце сундучок гэты і дастаньце адтуль каменьчык!

Мышы ўсе па разу як грызанулі, так і прагрызлі сундучок і дасталі каменьчык; тады коцік пусціў мышку і лапкай па вакенцу бразнуў. Царэўна, дагадаўшыся, закрычала:

— А божа мой, божа, вот калі я прапала!

Выйшла на двор і закрычала на сваіх сабак:

— Цюцькі, кусіце яго, злодзея!

Сабакі за коцікам пагналіся, той на плот, той на шулу, кідаліся і не дагналі. Коцік прыбег к сабачку і паплылі цераз мора. На тую бяду коцік упусціў каменьчык у мора. На гэты час паўзе рак. Коцік дужа стаў прасіць рака, штоб ён падаў каменьчык. Рак дастаў з мора каменьчык і падаў коціку. Пераплыўшы мора, коцік і сабачка прыйшлі к стаўпу, дзе замураван быў музыканта. Сабачка каля стаўпа падзяржаў коціка, а ён узлез на самы верх стаўпа. Там у сярэдзіне была дзірка, і ўкінуў туды каменьчык; музыканта ўзяў у рукі каменьчык і гавора:

— Каменьчык, каменьчык, зрабі так, штоб гэты стоўп разваліўся!

Так і случылася, і музыканта вызваліўся з няволі...

 

 

 

161. ЖУРАВОЎ КАШАЛЁК

 

Жыў сабе так дзед з бабай. Не мелі яны пры сабе ні дзяцей, ні якіх сроственнікаў, так сабе жылі ўдваіх у хатцы. Жылі яны крэпка бедна. Вядома, былі старыя, гадоў па восемдзесят, а можа й болей, звестна, старыя людзі доўга жылі. Прыжылі яны да таго, што і есць нечага. Толькі тым і піталіся, што дзед дастане якіх-небудзь сухаркоў па міру. Даждаліся яны вясны-красны. Баба дзеда і настаўляе:

— Дзедка, людзі дак усё сеюць, хоць бы ты пасеяў пшана, у нас нейдзе гарчык ёсць! Хоць бы мы, бяззубыя, на старасці паспыталі кашкі ці крупнічку мяккага і цёплага, а то гэтыя сухарыкі ўжо крэпка абрыдлі!

Дзед бабы паслухаў і пасеяў пшана па вясне-красне. Высек лядцо і на лядцы пасеяў, на пні. Пасеяўшы дзед пшана, не пайшоў глядзець яго цэлую нядзелю, яго ўсходу, лі ёсць з яго што, лі няма. На другую нядзелю пайшоў — вырасла пшано аж па пояс. Так бог паспяшыў, каб яно расло на старых, на бедных, што есць нечага. Прыходзіць ён к пшану свайму, бачыць ён: стаіць у яго пшане журавель, ды такі бальшы, агромны. Як прыходзіць к пшану, узяў дзед палку і шыбнуў у таго жорава. Жораў падняўся і паляцеў. Стаў глядзець дзед таго пшана, аж яно ўсё чыста збіта, патоптана, паломана. Ён тады прыходзіць дамоў і кажа бабе:

— Вот, бабка, даў нам бог харошую ўроду пшана, ды не даў спажыць. Адчаго так не дасць бог спажыць: унадзіўся жораў у пшано і прама есць, косіць — усё чыста пабіў, паламаў!

— А, мой дзядулька, а ты ж быў спрэжда стралцом, вазьмі стрэльбачку, пачысці яе, падпаўзі дай забі яго. Вот будзе нам і мяса!

Той дзед паслухаў, узяў стрэльбу пачысціў і вутрам пайшоў к пшану. А журавель да прылятаў перад поўднем. Тады ён толькі падпаўзае, падыходзе, строіцца, каб убіць таго жорава, прыходзіць туды — а ён там. А ён які, значыцца, жораў — сам змей.

Ён толькі падышоў, а жораў січас скінуўся: то быў пціцай, а то скінуўся панам — аж ззяе, пры ўсёй хормі, у твары красны. Атвяшчае той пан таму дзеду:

— Стой, — гавора, — дзядулька, не бі мяне.

І спрашвае ў яго:

— Гэта тваё, дзядулька, пшано?

— Маё!

— Што ж хочаш за сваё пшано?

Той дзед спужаўся: бача — такі пан, а ён такі шкут, абадраны, залатаны, укураны, як у лазні ў якой!

— Што, — кажа, — я жалаю. Няма ў мяне нікога — ні дзяцей, ні сроственнікаў —карміць мяне некаму!

— Ну, дзядулька, калі ў цябе нікога няма і некаму цябе карміць, дык ідзі ты за мной; як пойдзеш ты зялёнай трапою, шаўковай травой, выйдзеш ты на паляну, там будзе мой двор. Не ідзі ты на захад сонца к майму ганку, зайдзі ты наўпроці поўдня. Там будзе другі ганак: ты на яго і ідзі ў мой дом. Там будзе часавы стаяць; ён спросіць у цябе: куды ты ідзеш? А ты скажы: к жураўлёваму. Ён цябе пусціць. А тут я, можа, пачую, а можа, у вакно ўбачу — сам адчыню табе дзверы і ўпушчу ў свой дом!..

Сказаўшы гэта, ён сычас троп-троп! Здзелаліся ў яго рукі крылушкамі, а ногі нагамі. Ён узняўся і паляцеў. Той дзед і пайшоў зялёнай трапой, шаўковай травой. Іці яму, іці — выходзіць на паляну і бача дом сярод паляны. Такое страенне, што ні здумаць, ні згадаць, толькі ў казках сказаць; можа, такога і ў цэлым нашым царстве няма — так і ззяе! Цяпер падыходзіць той дзед к дому, падходзіць к таму ганку, што ад поўдня, стаіць часавы яго, таго жураўлёвага:

— Ты куды, — кажа, — ідзеш, шкут ты гэтакі? Ты дастоін тут шляцца?

А той пачуў жораў, лоп, лоп! адчыняе адну комнату, а тады другую:

— А пайдзі, пайдзі сюды!

Часавы сычас адступіўся набок. Вот дзед прайшоў адзін пакой, другі пакой, уходзіць у трэці. Жораў пасадзіў яго ў крэсла — як вот вы мяне прымерыча — і паставіў яму ядзення, піцення, віна ўсякага, прадухтаў, хрухтаў — адкрыў яму свой увесь стол, толькі малака пташаччага не было. Угасціў таго дзеда, тады спрашвае:

— Што ты, дзядулька, хочаш за сваё проса?

— Мой панок, мой залаты, не магу сказаць: што ваша ласка, то й дасцё!..

Той пан пайшоў у другі пакой і выносіць яму кашалёк. І гавора:

— Ну, дзед, калі ты, ідучы па дарозе, захочаш есці, ты скажы: «Кашалёк, кашалёк, дай мне піцення, ядзення!» Ён адкрыецца, і з таго кашалька будзе і стол, і крэсла, і тыя самыя кушанні, што ты ў мяне еў. А як пад'ясі, нап'ешся, наясіся, тады скажы: «Піценне, ядзенне, хараніся ў кашалёк!» Гады яно ўсё скрыецца, ты згарні і ідзі сабе дамоў. Толькі памногу не пі, а то ўвап'ешся, і хто-небудзь украдзе кашалёк!..

Той дзядулька, прайшоўшы па дарозе дамоў, захацеў паспрабаваць: ці іменна праўда гэта будзе, што мне жораў адвясціў? Адышоў паўдарогі, ён сеў, выняў кашалёк, раскрыў і кажа: «Кашалёк, кашалёк! Каб мне было піценне, ядзенне». І тут зараз з'явілася як пакой, аж ззяе; і адкрылася піценне, ядзенне. Дзед той паспытаў таго-сяго па малой частачцы, тады кажа: «Піценне, ядзенне, хараніся ў кашалёк!» Усё і схавалася. Прыходзе ён к свайму сялу, к сваёй хатцы. Уходзіць у сваю хатку да:

— Дзень добры, — кажа, — ці жыва тут баба мая?

— А жыва, дзядулька! А ты ці жыў?

— Я жыў, здароў!

— А я ж думала, што цябе ці воўкі з'елі, ці мядзведзі забілі, у мох зацягнулі, закапалі і калоддзем завярнулі!

— Не, бабулька: воўкі не з'елі, мядзведзі не забілі, а прынёс я хлеба-солі, будзе з нас па нашай жысці! Садзісь-ка, бабка, за стол, і я сяду, можа, ты з месяц не ела. Будзе нам піцення, ядзення!

— Што ты, дзядулька? Адкуль ты возьмеш піцення-ядзення?

— Садзісь-ка, садзісь!

Селі яны за стол, выняў дзед кашалёк, паклаў на стол. А стол той каравы, вядома, у курніцы. Раскрыў ён кашалёк:

— Ну, кашалёк, кашалёк! Каб было нам піценне, ядзенне!

І тут адкуль што ўзялось! То была курніца, а тут сталі пакоі, можа, палуччы гэтых, да што гэтыя — можа і ў цэлым царстве няма такіх. І розныя-розныя піцення-ядзення: тут і віны, і бабкі, і пірагі — усяго было. Баба тая здзівілася!

— Божа мой, божа мой, адкуль усё гэта? Адкуль ты гэта узяў?

— А вот, бабка: як паслала ты мяне забіць жорава, дык я прыхаджу к свайму просу, а ён там. Толькі я злажыўся, каб яго забіць, а ён скінуўся панам, такім панам, што аж ззяе. «Што ты, — кажа, — хочаш з мяне за сваё пшано?» Я яму кажу: «У мяне няма нікога, карміць мяне некаму!» Тады ён кажа: «Ідзі ты ка мне ў мой двор зялёнай трапой, шаўковай травой, там я цябе награджу!» Пайшоў я туды, у двор к яму, ён мяне накарміў, напаіў і даў гэты кашалёк. Ну і з гэтага кашалька нам усё адкрываецца.

Тая баба выпіла, абняла таго дзеда, пацалавала:

— Ну, спасіба ж табе, дзедка, я рада табой: ты ўсё роўна як з таго свету явіўся! Ці ведаеш ты што, дзедка? Мы адны жывем, ні ў людзей не бываем, ні людзі ў нас. Ці ведаеш што: пазавём мы войта і старасту ў госці к сабе! У нас гэтакі стол, і хата наша ад стала правіцца!

— А як, баба, сабе хочаш: можаш і пазваць сабе, няхай і пабудуць у нас!

Тая баба закухліла намятку, пайшла на сяло і пазвала войта і старасту:

— Хадзіце, — кажа, — мае дзеткі, ка мне ў госці!

— Што ты, — кажа, — старая карзіна, якія ў цябе госці? Жыве ў западной хаце, можа, есць нечага, а яна ў госці заве!

— Не, мае дзеткі, тады будзеце нас ругаць, як пабываеце ды не будзе ў нас накрытага стала. А напярод нечага ругаць!

Тады тыя адумаліся ну, няхай сабе і так, пойдзем сабе! І пайшлі яны ўдваіх у госці. А яны, значыцца, ахвочы папіваць, калі хто заве! Уваходзяць яны ў хату:

— Дзень добры, дзед!

— Здароў!

— Што скажаце нам?

— А во сядзьце пасядзіце на лаўцы: і скажам, і пакажам!

Тыя селі. Адзін кнут дзержа — пугу, а другі — бізун. Вядома, войты і старасты былі граза для сялян, заўсёды з кнутамі хадзілі па сялу, з хат выганялі на баршчыну. Тады дзед выняў кашалёк: «Кашалёк, кашалёк, каб было піценне, ядзенне!» Пасля таго адкрываецца з таго кашалька піценне, ядзенне, усякае ўгашчэнне лі ўсяго засядання, колькі будзе — лі пяць, лі дзесяць. Тады ён угашчаець войта і старасту. Тыя п'юць і ядуць і не здзівяцца, што гэта такое: і піценне, і ядзенне, і хата пасвятлела? Ці не бог гэта з неба скінуў рай? Гэта і ў нашага пана няма такога ўгашчэння, стала ўкрашэння! Тады яны напіліся, наеліся, лоўка нахлябалісь і зялёнага, і вішнёвага, якое толькі ёсць на свеце, і пайшлі. Баба і гавора:

— Ці ведаеш што, дзядулька?

— А што?

— Пазавём мы пана к сабе ў госці!

— Што ты, баба, дурная! Во, праўда, хто бабы слухае, заўсёды пагібае. Пойдзе к нам пан к старцам к такім! Ідзі-тка, ён табе кнутом уздасць!

— А што будзе, да будзе — пайду!

— Ну, ідзі сабе!

Пайшла баба. Прыходзіць к пану ў пакой, да. Выходзе пан:

— А што, старая бабка, скажаш?

— А што, паночак, скажу: прасіў дзед, прашу і я вас к сабе ў госці!

— Што? Ах ты, быдла! Ты мяне завеш у госці? Я пайду к старчысе?

— Не, паночак, не ймецё вы веры мне, запытайцесь у сваіх верных людзей. Ёсць у вас войт і стараста: спрасіце ў іх, ці можна ісці к нам, ці не?

— А, во ладна, ладна!

Сычас пазваў лакеяў, кучароў:

— Схадзіце, пазавіце ка мне на часок войтаў!

Слугі тыя пайшлі к войтам: «Казаў пан, каб вы к пану йшлі!» Прыходзяць войты к пану:

— Нашчот чаго вы нас завяцё?

— А во нашчот чаго: заве ведзьма мяне ў госці, дык ці можна к ёй ісці?

— А, паночак, можна, можна: мы ў пана не відзелі такога стала, як у іх. Ёсць у яго кашалёк, і з яго ўсё адкрываецца: і гарэлкі, і віны, і стол. Можна пайсці!

Той пан паслухаў войтаў, вялеў сваім кучарам, каб заклалі коней; пан з паняй адзеліся і паехалі, ні так піць-есці, як тыя праўды ўзнаць, ці іменна праўда, ці, можа, ложна, што старуха гавора. Паехалі, прыязджае к той хатцы і злазе з хвальтона. Тады дзед той выходзіць:

— Не гневайцеся, паночак, мая хатка знаружа не чыста, а ў сярэдзіне будзе вам і стуллі, і квяты, і ўсё — маё паштэнне!

Уваходзіць той пан у тую хату і стаў у парозе. Тады той дзед выняў кашалёк і гавора перад панам:

— Кашалёк, кашалёк! Каб было тут піценне, ядзенне і ўсякае ўкрашэнне ў маёй хаце!

Тут сычас усё адкрылася: і піценне, і ядзенне, і ўсякае ўкрашэнне, што і ў цэлым царстве няма такога стала, як ў яго! Вось тэй пан бача, не стыдна сесць.

— Просім, паночак, на свой на хлеб-соль, на ўсякае багаславенства!

Стаў пан разбіраць тыя віны, бача, што самыя дарагія.

Сталі піць і есці. Ізвесна, благародны чалавек не столькі ўгашчаецца, колькі рознымі саветамі ўцяшаецца. Гэта не мужык, што, як кажуць, як дарвецца, дак нажрэцца! Тады папілі, паелі, пан і кажа:

— Дзядуля, табе совесна мець гэты кашалёк, ты такі шкут, а ў цябе дом і стол павыша майго. Мне совесна, — кажа, — проці сваіх другаў. Я цябе прашу па ласцы: аддай ты мне гэты кашалёк. Дам табе правізію супоўную: крупы, мукі, закрасу — усё, што трэба, усё табе буду прыстаўляць. І слугу табе дам, і карову, і свінню, і масла — усё. Нашто табе й кашалёк? Я цябе пахаваю і сыботнікі адпраўлю, уцешу, па манастырах пазаводжу!

Той дзед пагаварыў з бабай:

— Ну, што, баба, будзем рабіць? Пан просіць. Ці аддадзім, ці не?

— Ну што ж, дзед: пан просіць — трэба паслухаць. Нам усё будзе: і слуга будзе, і адзежа, і памыта, і пададзена!

Паслухалі, аддалі і асталіся ў сваёй у дзіравай хатцы, як былі. Той пан узяў кашалёк і паехаў. Тады даў ім і правізію, і слугу: пуд мукі, пуд гароху, пуд круп яшных драных, пяць хунтаў сала, тры хунты масла, дзесяць хунтаў солі — выдаў ім паёк. Патрабілі яны той паёк у колькі дзён. Патрабіўшы паёк, паслалі яны сваю слугу ў хальварак к пану.

— Пане, прыслалі дзед ды баба па паёк — той паёк выйшаў!

Тады той пан не даў пайка і слугу не пусціў.

— Поўна, — кажа, — даваць, у мяне ёсць гэткіх многа, што трэба даваць. Мне трэба карміць тых, хто работае, а яны на баршчыну не ходзяць. Хай па міру сабіраюць і ядзяць: з міру па нітцы — голаму рубашка; з міру па крошцы — дваім прапітацца можна!

Так пан і зняверыў, слова змяніў. Пайшла тая слуга і адвясціла гэта дзеду:

— Казаў пан, што ў мяне ёсць такіх многа, што трэба даваць; трэба карміць тых, што работаюць. А вам казаў па міру сабіраць і есці. І мне назад у двор ісці!

І пайшла назад. Асталіся тыя дзед з бабай, як былі: і каравыя, і дзіравыя, і ў нудзе ў вялікай.

Дзед той тады думаў, думаў, думаў, думаў думу: што тут рабіць? Як хлеб даставаць? І надумаўся: пайду-тка я к таму жораву, пажалюся яму — ці не памілуе, ці не дасць ён другога кашалька. Той баба звяла. Сказана: хто бабы слухае, той заўсёды загібае. З бабай жывеш, праўды не кажы ніколі! Надумаўся і пайшоў ён.

— Пайду, — кажа, — баба, к жораву, ці не дасць ён нам другога кашалька?

— Ну, схадзі, дзед. Дасць, не дасць, а схадзі!..

Ну, ён пайшоў зялёнаю трапою, шаўковаю травою. Ішоў, ішоў, прыходзіць на палянку. На той палянцы журавоў дом. Прыходзіць ён к жураўлёваму дому, падыходзіць пад яго ганак. Часавы сычас на яго крычыць:

— Ты куды, шкут, чаго табе тут трэба?

А жораў пачуў: сычас лоп-лоп! дзверы адчыніў:

— А хадзі, хадзі сюды!

Часавы сычас на бок. Увайшлі яны ў пакоі; адзін прайшлі, другі, увайшлі ў трэці. Жораў пытаецца:

— Ну што, дзядулька, можа хто абідзеў?

— Што, паночак, пан абідзеў. Пазвала баба войтаў у госці, напаіла, накарміла, а тады кажа: «Пазавём мы пана!» Я не хацеў, але сатана звядзе і сакала. Пайшла яна, пазвала. Прыехаў пан з паней. І падлёг ён мяне, каб аддаць яму кашалёк, падлёг і падлёг: я, кажа, усё табе буду прыстаўляць. Мусіў я ў бабы пытацца. А баба кажа: «Аддай, дзед, трэба пана паслухаць, ён жа ўсё нам будзе прыстаўляць». Аддаў я кашалёк, а пан прыслаў нам паёк. Тады як той паёк выйшаў, ён і зняверыў: хай, кажа, па міру ідуць сабіраюць дай кормяцца!..

Ну, жораў пасадзіў яго за стол, угашчае, а той за слязамі і не есць...

— Ці не дасцё вы мне, — кажа, — яшчэ такога кашалька?

— Добра, дам, дам! Будуць знаць усе! Не дам я табе кашалька, але дам табе бачоначак!

Пайшоў ён у другі пакой, выносе бачоначак і вуча яго:

— Прыходзь ты дамоў, скажы: «Баба, лезь-ка з печы. Не прынёс я кашалька, а прынёс бачоначак!» Як баба злезе з печы, ты і скажы: «Ну-ка, дванаццаць молайцаў, лезьце з бачоначка, расцягніце гэту бабу, улініце ёй кнутамі харашэнька!» Дадуць яны бабе, тады скажы: «Ну-ка, дванаццаць молайцаў, лезьце ў бачоначак!» Ну, тады скажы бабе, каб яна закухліла сваю намятку і пайшла к пану, ды не казала, што ты прынёс бачоначак, а сказала б, што прынёс другі кашалёк, што пачышчэ таго. Пазаві пана з паней, і войтаў, і дваран усіх. І як сабяруцца ўсе, пасадзі пана з паней на куце, а тых усіх на дварэ. Тады скажы: «Нуце-тка, дванаццаць молайцаў, лезьце-ка з бачоначка, улініце ім усім!» Як дадуць, тады скажы: «Нуце-тка, дванаццаць молайцаў, стойце ў парозе!» І патрабуй назад свайго кашалька!

Падзякаваў дзед, пайшоў дамоў. Як улінуў бабе! Баба пабегла, пазвала пана, паню, і войтаў, і дваран усіх. Як улінулі ім усім: і дваранам, і войтам, і кучарам, і ўсім!

— Ну, дванаццаць молайцаў, стойце ў парозе! Ну, пане, палож тут кашалёк, а то будзе і табе такое ўгашчэнне, якога ты ніколі не бачыў, і дзяды твае, і прадзеды не бачылі.

Грозе, бач! А што гразіць, калі той і сам усё відзеў, і стаяць у парозе дванаццаць молайцаў з кнутамі! Пан той відзіць, што плоха, да прызапомніў кашалёк узяць з сабою. Атвячае дзеду:

— Аддаю, дзядулька, табе кашалёк твой пітамянны, толькі пусці жывога! Многа-мала мне жыць, будзе з мяне і свайго дабра. Прызавіце мне майго слугу!

Прызвалі таго слугу, пусцілі яго к пану.

— Пажалуста, галубчык, едзь скарэй у двор, і там, і там, у шахві ці, можа, у скрыні ляжыць кашалёк. Вазьмі яго і прыстаў мне яго сюды ў скорым урэмю, а то мне тут плоха знаходзіцца!

Чаму? Калі дванаццаць д'яблаў стаяць у брылях, стаяць з кнутамі! Даў ключыкі, пры сабе меў у кішэні. Той паехаў, узяў той кашалёк, дзе было сказана, і прыставіў к пану. Той пан кажа:

— На, дзедушка, твой кашалёк, толькі пусці мяне!

Дзед узяў кашалёк і кажа:

— А дайце-тка яму! Ён мужыкоў б'е больна, а не ўвярае, што больна, хай-ка і ён пачуствуе, як нам больна!

Ну, узялі дванаццаць молайцаў, аддзюбашылі троху, тады дзед кажа:

— Дванаццаць молайцаў, лезьце ў бачонак!

Пан тады ходу! Ці ўзяў шапку, ці не, а шубу пасеклі ў кускі! Той дзед астаўся жыць з сваім кашальком, з сваёй сілы да абароны. І ніхто ўжо яго не тронуў.

 

 

 

162. ЯК ВІХАР І ВЕЦЕР ДАРАВАЛІ МУЖЫКУ ЖАРЭНЦЫ

 

Жыў мужычок бедны, а дзяцей у яго многа. Падходзіць празнік гадавы, старуха і гаворыць:

— Ну, што ты, стары пёс, сядзіш дома? Хоць ба ж ты схадзіў у каго папрасіў гарчык мучыцы ці два!

Ну, ён і пайшоў, узяўшы торбачку; толькі зайшоў у дзярэўню к мужычку:

— Брат дзядзюшка, здзелай міласць: ці не даў бы ты мне гарчык ці два мучыцы для празніка?

Ён узяў, даў яму з лукошачкам:

— На, брат, табе і з лукошачкам!

Выходзіць ён з дзярэўні вон; адкуль узяліся віхар і вецер, вырвалі гэты лукошак з рук вон і пакацілі па чыстаму полю. Заплакаў гэты старык горкімі слязамі. «Ну, — гаворыць, — цяпер дамоў не пайду, а то старуха і дамоў не пусціць»... Абхватваець яго цёмная ноч у цёмным лесе, і відзіць аганёк. «Пайду, — гаворыць, — на гэты зёр». Стаіць там дом, ён і просіцца нанач. Старушка і гаворыць:

— Ступай з богам, начуй!

Уваходзіць у комнату, перахрысціўся богу.

— Добры вечар!

Старушка гаворыць:

— Здрастуй, здрастуй, нішчанькі, прахадзі, садзісь!..

Ён раздзеўся і сеў аддыхнуць. Пытаець старуха:

— Дзе ты гэта бываў?

— Што, — гаворыць, — матушка, расказваць гэта табе — доўгая песня! Дзеці драбныя, дзяцей многа, паесці нечага, падходзіць празнік гадавы: я пайшоў мучыцы даставаць; даў мне чалавек мучыцы гарца са два, я адправіўся было дамоў; адкуль узяліся віхар і вецер, вырвалі ў мяне гэту мучыцу з рук і пакацілі па чыстаму полю, дык я і не пайшоў за гэтым дамоў.

— Ну, — гаворыць, — нішчанькі, павужынай, памаліся богу і лажыся спаць.

Прыходзяць яе дзеці, віхар і вецер; стала на іх маці браніцца:

— Нашто вы так, дзеці мае, шутку шуціце, балуецеся: вы б балаваліся каля багатага, а не каля беднага старыка!..

— Ну, матушка, не бранісь: мы яго наградзім!..

Ну, устаў гэты старык, мыецца, богу моліцца, тады яны яму і гавораць:

— На табе, старык, жарэнцы!

— Ах, бацюшкі, што мне дзелаць з гэтымі жарэнцамі?

— А прынясі дамоў, скажы сваёй старухе: што крутнець, то куль мукі, якой угодна.

Скорым поспехам стаў гэты мужык зажытачна жыць. Дажыдаець празніка бальшога, хрыстовага дня; прыбраў ён, як закон гласіць, дажыдаець свяшчэнніка і гаворыць:

— Бацюшка, зайдзіце ка мне з іконамі; прашу вас, бацюшка, адслужыць мне акафіст ці два!

Угашчаець ён папа; гаворыць поп:

— Што, Міхалка, адчаго ты стаў багаты?

— Бацюшка, ды бог мне даў!

Поп гаворыць:

— Ды не! Бог не бог, ды не будзь-ка ты сам плох!..

Хазяйка мужыкова гаворыць:

— А я скажу!

— Ну, скажы, — гаворыць ёй дзед, — табе худа будзець.

— Бацюшка, — гаворыць старуха, — у нас ёсць такія жарэнцы: што крутнеш, то куль мукі.

Свяшчэннік гаворыць:

— Аддай мне! Табе худа будзець: у цябе іх хто-небудзь украдзець; а калі ў цябе хлеба не хваціць, то да мяне прыдзі.

Старуха і гаворыць:

— Дзед, аддадзім: табе худа будзець.

Свяшчэннік, як гэтыя жарэнцы ўзяў, січас досыць хадзіць з абразамі, гаворыць: «Я бальны!»... Ну, мужык пажыў, можа, год, і выйшаў у яго ўвесь запас хлеба, і астаўся мужык зноў бедны — нечага і паесці. Ён схадзіў к гэтаму свяшчэнніку раз ці два: ён даў яму мерку алі чвертку; трэці пайшоў раз — дык ён яму не даў, а па шапцы задаў. Адправіўся гэты старык дамоў, заплакаўшы: было, ды і няма! Асталіся яны зноў страднічываць, беднату цярпець. Пайшоў гэты дзед зноў у белы свет к віхру ды к ветру: «Абманю як-небудзь іх!» Заходзіць зноў у гэты дом і гаворыць:

— Добры вечар добрым людзям!

Старушка гаворыць:

— Здрастуй, здрастуй, добры чалавек!

— Ці не пусціце нанач?

— А ступай, галубчык, — чаго ж...

Ён увайшоў, раздзеўся, сеў на лаўку; яна стала ў яго распрашваць:

— Дзе быў, старычок?

— Што, матушка, хадзіў даставаць мучыцы.

— Ну, што ж, старычок, ці дастаў жа ты?

— Даў чалавек гарцы два, дык я адправіўся было дамоў; адкуль узяўся віхар і вецер, вырваў гэту мучыцу і панёс па чыстаму полю; абхваціла мяне ноч — я і зайшоў сюды начаваць.

— Ну, вужынай, маліся богу і лажыся спаць: што бог дасць, то і будзець.

Памаліўся ён богу і лёг спаць.

Прыходзяць яе сыны, віхар ды вецер. Стала яна іх браніць:

— Ах, дзеці мае, што вы каля старога чалавека шутку шуціце!

— Ах, матушка, не брані: мы яму за гэта заплоцім.

Ну, даець гасподзь дзень; ён устаець, мыецца, богу моліцца; даець яму віхар да вецер залатую козку. Ён і гаворыць:

— Ах, бацюшкі, што мне з ёю дзелаць?

— А вот што: прывядзі дамой, засцялі скацёрку белую на стол, вазьмі яе за рожкі і пастаў яе на ножкі, трахані: будзець у цябе і золата і срэбра.

Ну, і адпраўляецца мужычок гэты па дарозе дамоў; прыйшоў ён дамоў і гаворыць:

— Ну, слава богу! Прывёў залатую козку!

А баба спрашвае:

— А што ты, дзед, будзеш дзелаць з ёю?

— Засцялі-ка ты белую скацерць на стол, вазьмі-ка ты гэту козку за рожкі і пастаў яе на ножкі, трахані: будзець золата і срэбра.

Стала гэта баба радая такая:

— Ну вот, дзед, слава богу, што гасподзь даў нам залатую козку!

Ну, ажыдаюць яны зноў празніка хрыстова дня, ажыдаюць к сабе свяшчэнніка; просяць яго к сабе службу паслужыць:

— Бацюшка, адслужыце-ка акафіста два алі тры!..

Ён адслужыў. Садзяць яны яго, частуюць. Поп гаворыць:

— Што, брат Міхалка, адчаго ты стаў багаты зноў?

— А, бацюшка, бог мне даў!..

— Ну, аднака ж, бог не бог, ды не будзь-ка ты сам плох!..

Старуха гаворыць:

— Дзед, я скажу!

Ён гаворыць:

— Скажы, табе худа будзець.

— А вось, бацюшка, у нас ёсць залатая козка.

Поп гаворыць:

— Аддайце вы мне яе, а то вам худа будзець: хто-небудзь у вас яе ўкрадзець.

Баба гаворыць:

— Дзед, аддадзім!

— Аддавай! — гаворыць.

Старуха ўзяла ды і аддала. Пажылі яны з год з гэтым капіталам, выйшаў гэты капітал увесь у яго; пайшоў ён к свяшчэнніку:

— Ну, што ты, Міхалка, ка мне ходзіш?

— Што, бацюшка? Хоць бы з пяцёрачку вы мне далі.

— Ну, нечага дзелаць: першы раз ужо дам, а больш не хадзі ка мне.

Ну, ён гэту пяцёрачку правёў і яшчэ к яму прыйшоў; ён гаворыць:

— Ну, што ж ты, Міхалка, ходзіш?

— Бацюшка, хоць бы мне з рублік...

Поп паставіў яго на парог і паказаў яму сем дарог, ажно іскры з глаз пасыпаліся. Заплакаў ён горкімі слязамі і пайшоў. Пайшоў к віхру ды к ветру: «Спадманю як-небудзь!» Прыходзіць к іх дому, стучыцца пад вакном:

— Добры вечар добрым людзям!

Старушха атвячаець:

— Здрастуй, здраетуй, старычок!

— Ці не пусціце нанач?

— А хадзі з богам.

Ён увайшоў, раздзеўся, сеў на лаўку. Стала старуха распытваць у яго:

— Дзе ты, старычок, бываў?

— А што, матушка? Хадзіў мучыцы даставаць.

— Ну, што, ці дастаў жа дзе?

— Даў чалавек гарцы са два мучыцы; я і адправіўся дамоў. Адкуль узяўся вецер і віхар, вырвалі гэту ў мяне мучыцу і паняслі па чыстаму полю!

— Ну, садзісь-ка ты, вужынай, маліся богу ды лажыся спаць: што бог дасць, то і будзець.

Прыходзяць яе дзеці, вецер і віхар; яна і гаворыць:

— Ах, дзеткі мае, што вы каля старога чалавека шуткі блазнуеце?

— Ну, мамінька, не ругай нас, не брані: мы яму за гэта заплоцім.

Даў бог белы свет, ён устаець, мыецца, богу моліцца. Гавораць віхар ды вецер:

— Вот, старычок, на залатую торбу: торба залатая, кісці сярэбраныя.

Старычок і гаворыць:

— Што мне з ёю дзелаць?

— А вот што: не дахадзя да свайго дому, здзень шапку і стань на каленках, вазьмі яе за вушы і скажы: «Тры з торбы!» А як нада іх убраць, то скажы: «Тры ў торбу!»

Адпраўляецца старык дадому; не дахадзя ён дому, становіцца на калені, скідваець шапку, бярэць сумку за кісці, трэх: «Тры з торбы!» Як выскачылі тры з торбы з харошымі нагайкамі, як пачалі гэтага старыка прабіраць харошым праборам і гавораць: «Не давай козкі, не давай і жарэнцаў!» Астаўляюць яго чуць жывога; ён і гаворыць: «Тры ў торбу!» Іх і не стала. Прыходзіць ён у свой дом:

— Ну, баба, слава богу, прынёс залатую торбу.

— На што ж нам, дзед, залатая торба?

— А лезь-ка, баба, з печкі далоў, станавісь-ка ты на каленкі, бяры-ка торбу за вушы ды скажы: «Тры з торбы!» Як сказала баба, выскачылі яны тры з торбы з харошымі нагайкамі, пачалі гэту бабу лупіць: «Не аддавай жарэнцаў, не аддавай і козкі!» Забіваюць гэтую старуху да смерці. Стала дзеду жалка сваёй бабы:

— Скажы, баба: «Тры ў торбу!»

Як сказала, так яны і ўбралісь у сваю торбу. Дзед гаворыць:

— Ну, што, баба, будзем дзелаць? Будзець у нас празнік, у нас цяпер капейкі дзенег пры душы нету: хоць бы мы паследні андарак заставілі?

— А харашо, дзед!

Заставілі андарак капеек за 50; ну, і ажыдаюць свяшчэнніка:

— Бацюшка, зайдзіце ка мне, хоць малебен адслужыце!..

Ну, ён адслужыў малебен. Быў у яго там паўштоф водкі, мужык яго стаў угашчаць. Поп гаворыць:

— Што, Міхалка, адчаго ты зноў стаў багаты?

Ён гаворыць:

— Бог даў!

— Ну, аднака ж, бог не бог, ды не будзь-ка сам плох!..

А старуха гаворыць:

— Дзед, а я скажу, адчаго мы апяць багаты!

Дзед гаворыць:

— Скажы, табе ж худа будзець.

— А, бацюшка, у нас ёсць такая-та залатая торба, а кісці срэбраныя.

— Аддайце-ка мне яе, а то вас хто-небудзь заб'ець.

Яны ўзялі і гэту торбу яму аддалі.

— Ну, што ж мне з гэтаю торбаю дзелаць?

Дзед гаворыць:

— Бацюшка, не даязджаючы да двара, станьце на каленкі, вазьміце торбу ў рукі, здзеньце шапку вы, бацюшка, скажыце: «Тры з торбы!» А як нада ўвабраць, скажыце: «Тры ў торбу!»

Скорым поспехам адправіўся свяшчэннік з гэтаю торбаю. Січас, не даязджаючы свайго двара, становіцца на калені, здымаець сваю шапку, бярэць торбу ў рукі і гаворыць: «Тры з торбы!» Як выскачылі тры з торбы з харошымі сваімі пляцьмі, пачалі яго біць і гавораць: «Аддай торбу, аддай і жарэнцы, аддай і козку!» Збілі яго на горкае яблыка, чуць жывога аставілі. Ён і гаворыць: «Тры ў торбу!» Пад'язджае к свайму дому, уваходзіць у комнату і гаворыць:

— Матушка, вот я прывёз залатую торбу!

— Што ж мы будзем дзелаць з гэтаю торбаю?

— Станавісь-ка, матушка, на калені, бяры торбу за кісці і скажы: «Тры з торбы!»

Выскачылі яны з нагайкамі, давай прабіраць матушку і гавораць: «Аддай жарэнцы, аддай і козку, аддай і торбу!» Уж яны збілі яе на горкае яблыка; стала жалка папу ды і гаворыць:

— Матушка, скажы: «Тры ў торбу!»

Потым яна гаворыць:

— Бацюшка, пасылайце батрака, штоб січас вёз жарэнцы, козку і торбу, штоб ён січас аддаў гэта Міхалку, таму стараму псу; штоб ён цяпер на мой двор і нагі ні накладваў!

Прывозіць работнік усе гэтыя вешчы і гаворыць:

— На, стары пёс, ды на бацюшкін двор і нагі ні накладай, спажывай сам, што табе бог даў!

Астаўся гэты Міхалка жыць да быць, да дабро нажываць.

 

 

 

163. ДЗІВА

 

Жыў сабе чалавек вельмі бедны, не было ў яго чаго есці. Пакінуў ён сваю жонку дома, а сам пайшоў у свет. Ідзе ён дзень, ідзе другі і прыходзіць у лес. У лесе стаіць хатка; ён і зайшоў у гэту хатку, а там сядзіць нейкі старычок. Вот ён і пытае:

— Ці не можна ў цябе, старычок, пераначаваць?

А старык атвячае:

— Чаму ж? Начуй!

Сядзяць яны час, а можа і два, пара ўжо вячэраць, а на стале і хлеба ні куска. Вот старык і гаворыць:

— Мый, брат, рукі!

І сам памыў. Селі за стол, а хазяін і гаворыць:

— Дзіва, ідзі ў хату жыва! Сячыся, рубайся, у гаршчок накладайся, да агню прыстаўляйся і на стол падавайся!

Вот уходзіць у хату нейкі індык, сам зарэзаўся, аскубся, да агню прыбавіўся, зварыўся і на стол падаўся. Хазяін і кажа госцю:

— Еш, брат, толькі касцей не грызі!

З’елі яны ўсё мяса, косці палажылі на стол, а хазяін кажа:

— Дзіва, сабірайся, ды і за парог выбірайся.

Дзіва сабралася, саскочыла са стала і пайшло за парог. Вось гасцю стала зайздросна, ён і просіць:

— Прадай мне, добры чалавек, гэта дзіва!

А старычок атвячае:

— Я не прадаю нікому за грошы, а добрым людзям і так даю.

І падарыў гэта дзіва чалавеку. Чалавек узяў яго к сабе, занёс дамоў і кажа жане:

— Вот я прынёс дзіва, ты толькі пасматры, што тут будзе!

І вялеў накласці дроў у печку, а сам з жаною селі за стол.

Індык стаіць у сенях. Вот хазяін кажа:

— Дзіва, ідзі ў хату жыва, сячыся, рубайся, у гаршчок накладайся і да агню прыстаўляйся.

Дзіва заходзіць, само зарэзалася, аскублася, да агню прыставілася і на стол падалося. З’елі яны ўсё мяса, а косці палажылі на стол, і кажа хазяін:

— Дзіва, сабірайся і за парог выбірайся!

Сабрала яно ўсе свае косці, саскочыла са стала і пайшло, як прыходзіла. Пабылі яны з дзень і выйшлі ў іх усе дровы. Хазяін паехаў у лес па дровы, а к жане яго прыходзіць поп і заве к сабе мыць бялізну. Вось яна і хваліцца:

— Ох, мой бацюхна! Што ў нас ёсць за дзіва! Садзіся за стол.

Селі. А яна і заве:

— Дзіва, ідзі ў хату жыва!

А дзіва і не думае ісці. Вот яна ізноў так сама заве.

А дзіва ўсё не слухае. Узяла баба качаргу і крычыць:

— Вось, я ж табе!

Ды як дасць па ім качаргою — качарга так і ўрасла к дзіву, а баба к качарзе. Крычыць баба на ўсё горла:

— Ой, бацюшка, памажы ад качаргі адарвацца!

Прыйшоў поп і гаворыць:

— Ды што гэта такое?

Узяўся спасаць бабу і сам прырос. Прыходзіць дзяк і кажа:

— Бацюшка! Ды што так доўга сядзіце? Трэба абедню служыць.

А поп гаворыць:

— Відзіш, што не магу адарвацца.

Дзяк стаў памагаць папу адрывацца і сам прырос. Прыходзіць стараста і тожа стаў спасаць бацюшку, ды і ён прырос.

Прыйшла матушка, а поп крычыць:

— Не бярыся, а то прырасцеш, — пайдзі пазаві шаптуху, штоб памагла нам.

Прыйшла шаптуха, стала шаптаць, ды як возьмецца за качаргу, ды і сама прырасла. Дзіва павалакло іх усіх у лес к хазяіну, цераз грэблю, дзе быў мост. Выскаквае з-пад маста чорт і гаворыць папу:

— Калі пусціш за царскія дзверы, то я цябе адарву.

Поп абяцае пусціць. Чорт узяўся адрываць папа ад качаргі і сам прырос. Ідуць усе яны к хазяіну; прыйшлі на места, а хазяін высек шэсць дубін — на чорта самую тоўстую — ды і гаворыць к яму:

— А ты чаго тут?

Ды як стаў даваць! Біў, біў, а потым сам узяўся за качаргу, і чорт адстаў. Адарваўшыся, ён пусціўся на сваё места, адкуль выскачыў, толькі лінію леса выламаў па дарозе. Прыйшла чарга і да папа.

— А ты чаго? — пытаець хазяін, ды і аб папа пабіў дубіну. Пусціўся поп бегчы дадому, аж рукавы ды полы матаюцца. Так усіх ён угасціў дубінамі і ўсе паўцякалі дамоў. А хазяін узяў сваё дзіва на воз, прывёз яго дадому — і цяпер ён жывець з жаной і не нуждаюцца ні ў якой страве.

 

 

 

164. ЯК ПЕЎНІК З ПАНА НАКПІЎ

 

Быў сабе чалавек з жонкаю, і былі яны надта бедныя; яны нічога не мелі, анно адным-аднаго пеўнічка, а хадзілі на дзела. Так яны ўсё пасылалі гэтага пеўнічка на дзела. Анно як надыйдзе дзень, так пеўнічак ужо ляціць на работу, сядзе ў двары на варотах і крычыць:

— Ка-ка-рэ-ку! Я ў пана на дзеле!

Аднаго разу пан гэта пачуў, так кажа да слугі:

— Вазьміце яго і ўкіньце ў калодзеж!

Так слугі злавілі яго, паняслі і ўкінулі. Як анно адышліся, так пеўнік кажа сам да сябе:

— Пеўнік, пеўнік, бяры воду!

Як уся вада выбралася, так ён узяў і паляцеў дахаты. Назаўтра дзень зноў ён на дзеле. Сеў на варотах і крычыць:

— Ка-ка-рэ-ку! Я ў пана на дзеле.

Пан, пачуўшы гэта, кажа:

— Нідзе ён не прапаў? Ну, то вазьміце яго ўкіньце да скрыні з грашыма, то яго там медзь задушыць.

Так слугі злавілі і ўкінулі пеўнічка да скрыні. Як анно яны адышліся, так ён зноў кажа:

— Пеўнік, пеўнік, бяры грошы!

Так як бач і ўсе выбраў. Ажно пан назаўтра кажа да слуг:

— Пайдзіце, паляньце, што з тым пеўнічкам сталася?

Глядзяць яны, ажно пеўнічак сядзіць у пустой скрыні! Так яны ўзялі яго дай выпусцілі. А ён, прыляцеўшы дахаты, на дзеда і бабу кажа:

— Бабко, дзедку, рассцяліце мне што, то я вам нешта дам.

Так яны разаслалі радзюжку, а ён стаў на ёй і кажа:

— Пеўнік, пеўнік, кладзі грошы!

Ажно як бач горба грошай! На заўтрашні дзень пеўнічак зноў паляцеў на дзела. Сеў на варотах і крычыць:

— Ка-ка-рэ-ку! Я ў пана на дзеле!

Так пам кажа:

— Слугі, слугі, напаліце печ і ўкіньце яго, мо ён там прападзе!

Так слугі злавілі яго, напалілі печ і ўкінулі. Так ён кажа:

— Пеўнік, пеўнік, лі вадою!

Так чыста вада печ і хату затапіла, а ён крычыць:

— Халадно! Халадно!

Так узялі яго і выпусцілі, а пеўнічак фрру! да хаткі, да дзеда і бабкі! Як надышоў дзень, так ён зноў паляцеў заміж іх на дзела. Сеў на варотах, лоп, лоп! крыламі і крычыць:

— Ка-ка-рэ-ку! Я ў пана на дзеле!

Так пан:

— А гад гэты! Ён яшчэ тут?! Вазьміце яго спячыце мне на абед.

Слугі гэта хутчэй злавілі яго, так адна печ паліць, другая рэжа, трэцця скубе, а чацвёрта на патэльню кладзе. Так як ужо сцёкся, так яны ўзялі яго харашэнька на палумісак палажылі і занеслі пану. Так як анно пан з'еў пеўнічка, так і пайшоў да ветру. Ажно пеўнічак выставіў голаў і крычыць:

— Ка-ка-рэ-ку! Я ў пана на дзеле! — і не дасць пану ну, адбыцца. Так пан на слугі:

— Прынясіце нажа велькага і як пеўнічак выставіць голаў, так вы секаніце па ёй.

Так як пеўнічак выставіў голаў, так слуга замерыўся і секануў нажом, да не па пеўнічку, бо ён схаваўся, але па пану і чыста расцяў... Тады пеўнічак фрру! да хаткі, да дзеда і бабкі!

 

 

 

165. ХРАБРЫ ПЕВЕНЬ

 

Жыў-быў дзед з бабай, жылі яны дужа бедна. Не было ў іх дзяцей, толькі былі ў іх баран, парсюк і пятух. Ды яшчэ былі ў іх жаронцы. Яны, гэтыя жаронцы, самі ўсё малолі, самі немаведама дзе што бралі і дзеду з бабай усё давалі. Вось скора дзед памёр, засталася адна баба. Яна яшчэ горш збяднела: няма ў яе нічога. Толькі і ўсяго, што як захоча чаго, ці мукі, ці чаго, жаронцы і дадуць. Вось раз былі ў бабы ўгодкі па дзеду. Прыйшла яна к жаронцам і кажа:

— Жаронцы, жаронцы, дайце мне мукі пшонныя.

І жаронцы ёй далі мукі пшонныя і ўсяго, што трэба к угодкам. Баба стала пячы бліны. Ажно прыйшла лісіца і стала прасіць у бабы цеста. Баба дала ёй камок цеста; лісіца пабегла ў лес, села пад куст і есць. Бяжыць воўк:

— Кумка-галубка, дай жа мне цеста!

— А, кумок-галубок! Ідзі к бабе. Яна цяпер бліны пячэ і табе дасць.

Пабег воўк к бабе цеста прасіць. Ажно баба ўжо бліноў напякла, барана, парсюка і петуха накарміла і спаць палажыла. Парсюк лёг пад полам, баран лёг на палу, а пятух узляцеў на курчыну. Сама баба ўзлезла на печ і паклалася спаць. Воўк і прыйшоў у хату. Як толькі ён увайшоў, парсюк з бараном не далі яму і слова сказаць. Парсюк як ірване яго за лыткі, а баран як дасць яму рагамі ў лоб! А пятух ходзіць па курчыне ды ўсё крычыць:

— Кудак-дак-дак, падайце мне яго!

Воўк барзджэй з хаты ды ў лес. Сустракае там пана.

— Дзе ты, воўк, быў?

— Хадзіў к бабе цеста прасіць. Ёй жаронцы далі ўсяго, што трэба к угодкам. Але як пачалі мяне там біць, ледзь я жывы застаўся: парсюк стаў лыткі мне грызць, баран стаў у лоб біць рагамі, а самы старшы ходзіць па курчыне ды кажа: «Падайце мне яго! Падайце мне яго!»

Пан пайшоў к бабе паглядзець, што там за дзіва такое, якія там у яе жаронцы. Прыходзіць і просіцца начаваць. Баба пусціла. Вось пан пераначаваў ды і жаронцы ўкраў. Назаўтра, як пан ужо пайшоў, агледзелася баба, што ён жаронцы ўкраў. Шкада ёй стала жаронцаў — зусім заплакалася яна па іх. Вось парсюк і кажа:

— Што будзе, не будзе, а пайду за жаронцамі.

І пайшоў. Пайшоў ён за жаронцамі, толькі не вярнуўся ў двор — цяпер ён там. Няма ні жаронцаў, ні парсюка. Пайшоў тады за жаронцамі баран. Ён таксама жаронцаў не прынёс і сам не прыйшоў. Тады ўжо кажа лятух:

— Ну, ужо што будзе, не будзе, хоць галоўкай налажу, а ўсёткі жаронцы прынясу.

І паляцеў лятух к пану. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, аж насустрач яму ляціць каршун:

— Пятух, пятух, вазьмі мяне з сабою!

— Ляці, калі хочаш.

Каршун і пятух паляцелі далей. Ляцяць яны дарогаю, ляцяць яны шырокаю, а насустрач ім бяжыць лісіца і кажа:

— Пятух, пятух, вазьмі мяне з сабою!

— Ідзі з намі.

Лісіца пабегла, а пятух паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму бяжыць барсук і кажа:

— Пятух, пятух, вазьмі мяне з сабою!

— Ідзі, калі хочаш!

Барсук пабег, а пятух паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму бяжыць воўк і кажа:

— Пятух, пятух, вазьмі мяне з сабою!

— Ідзі.

І воўк пабег, а пятух паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму бяжыць мядзведзь:

— Пятух, пятух, вазьмі і мяне з сабою!

— Ідзі, калі хочаш!

Мядзведзь пабег, а пятух паляцеў далей. Ляцеў, ляцеў і прыляцеў к пану. А ў пана былі госці. Пятух уляцеў на вакно ды крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку! Вязу пану калеку. Пан у бабы начаваў і жаронцы ўкраў, я прыляцеў сойсківаць. Пан, аддавай жаронцы!

Пану стала стыдна, бо госці глядзяць яму ў вочы. Рассердзіўся пан і кажа слугам:

— Слугі, слугі, вазьміце гэтага петуха, занясіце яго к маім курам, там яго куры заб'юць!

Слугі занеслі петуха к курам і пакінулі там. А пятух і кажа:

— Каршун, каршун, хадзі курэй дзяры ды сам уцякай.

Каршун усіх курэй падраў, а сам паляцеў. Тады пятух прыляцеў }яшчэ на вакно ды крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку! Вязу пану калеку. Пан у бабы начаваў і жаронцы ўкраў, я прыляцеў сойсківаць. Пан, аддавай нашы жаронцы!

Пан кажа:

— Ага, яго куры не забілі? Слугі, слугі, занясіце яго к маім гусям, яны яго там зашчыплюць!

Слугі занеслі петуха к гусям дый пайшлі дамоў. Вот пятух і кажа:

— Лісіца, лісіца, бі гусей ды сама ўцякай.

Лісіца ўсіх гусей пабіла і пабегла. А пятух тады прыляцеў, сеў на вакно ды крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку! Вязу пану калеку. Пан у бабы начаваў і жаронцы ўкраў, я прыляцеў сойсківаць. Пан, аддай нашы жаронцы!

Пан кажа:

— Ага, яго мае гусі не зашчыпалі? Слугі, слугі, занясіце яго к маім свінням, яны яго там загрызуць.

Слугі занеслі петуха к свінням, а самі пайшлі дамоў. А пятух і кажа:

— Барсук, барсук, грызі свіней ды сам уцякай.

Барсук усіх свіней пагрыз і пабег. Пятух тады паляцеў к пану, сеў на вакно ды крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку! Вязу пану калеку. Пан у бабы начаваў і жаронцы ўкраў, я прыляцеў сойсківаць. Пан, аддай нашы жаронцы!

Пан кажа:

— Ага, яго мае свінні не загрызлі? Слугі, слугі, занясіце яго к маім коням, яны яго там заб’юць.

Слугі занеслі ды пайшлі дамоў. Пятух кажа:

— Воўк, воўк, душы коней ды сам уцякай.

Воўк усіх коней падушыў, паеў і сам пабег. Пятух паляцеў к пану, сеў на вакно ды крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку! Вязу пану калеку. Пан у бабы начаваў і жаронцы ўкраў, я прыляцеў сойсківаць. Пан, аддай нашы жаронцы!

Пан кажа:

— Яго і коні не забілі? Слугі, слугі, занясіце яго к маім каровам, яны яго там заколюць.

Слугі занеслі ды пайшлі дамоў. А пятух і кажа:

— Мядзведзь, бяры кароў дзяры ды сам уцякай.

Мядзведзь усіх кароў пазадзіраў, паеў, а сам пабег. Вось цяпер ды пятух паляцеў к пану, сеў на вакно ды крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку! Вязу пану калеку. Пан у бабы начаваў і жаронцы ўкраў, я прыляцеў сойсківаць. Пан, аддай нашы жаронцы!

Пан кажа:

— Яго і каровы мае не закалолі? Слугі, слугі, вазьміце гэтага петуха ды зарэжце ды аддайце кухару на кухню — я яго з’ем!

Слугі ўзялі ды забілі петуха ды аддалі кухару на кухню. Кухар яго спёк ды аддаў пану. Пан яго з’еў дый ходзіць па пакоі з гасцямі. Ажно пятух у правае вуха галаву вытаркнуў ды і крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку! Вязу пану калеку. Пан у бабы начаваў ды жаронцы ўкраў, я прыляцеў сойсківаць. Аддай, пан, нашы жаронцы!

Пан кажа:

— Слугі, слугі, сячыце яго, сячыце яго!

Слугі ўзялі ды як секанулі па вуху — вуха і адсеклі правае. А пятух вытаркнуў галаву ў левае вуха ды і крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку! Вязу пану калеку. Пан у бабы начаваў ды жаронцы ўкраў, я прыляцеў сойсківаць. Пан, аддай нашы жаронцы!

Пан кажа:

— Слугі, слугі, сячыце яго!

Слугі як секанулі — адсеклі і левае вуха. Пайшоў тады пан на двор. Пятух вытаркнуў галаву дый крычыць:

— Ку-ка-рэ-ку! Вязу пану калеку. Пан у бабы начаваў дый жаронцы ўкраў. Я прыляцеў сойсківаць. Пан, аддай нашы жаронцы!

Пан кажа:

— Слугі, слугі, сячыце яго, сячыце яго!

Вот адна слуга ўзяла шаблю ды як секанула, ды не па петуху, да па пану. А пятух і вылецеў.

Пан кажа:

— Слугі, слугі, вазьміце жаронцы ды аддайце іх яму. Ды пусціце яго, ліха яго бяры, няхай ён ляціць да галавы не тлуміць!

Слугі вынеслі петуху жаронцы дый аддалі. Пятух узяў адзін камень пад адно крыло, другі камень пад другое крыло дый паляцеў к бабе. Баба абрадавалася жаронцам дый пачала ўсяго ў іх прасіць ды сябе і петуха карміць.

 

 

 

166. ЖАРЭНЦЫ

 

Жыў дзед із бабай. Паехалі яны раз у Воршу і знайшлі яны жарэнцы маленькія. Малолі яны ў іх попел і пясок і пяклі яны з тае мукі бліны і пірагі. Заехаў раз пан к ім начаваць. Тады намалолі яны яму ў жарэнцах попелу і пяску, напяклі яны яму бліноў і накармілі яго блінамі. Ляглі яны спаць, і пан лёг з імі. Тады ноччу пан устаў, жарэнцы ўкраў ды на павозку, ды запрог каня і ўцёк із жарэнцамі. Дзед із бабай усталі; аглядзеліся яны, што жарэнцаў няма, тады яны гавораць:

— Хто пойдзе жарэнцы іскаць?

Тады быў у іх пятух і курыца. Пятух гаворыць дзеду і бабе:

— Я пайду жарэнцы іскаць!

Тады дзед яму кажаць:

— На чым жа ты паедзеш жарэнцы іскаць?

А пятух дзеду кажаць:

— Я вазьму на памяло сяду і паеду!

Тады пятух едзець і крычыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

Выскачыў із лесу мядзведзь і гаворыць на петуха:

— Падвязі мяне!

А пятух кажаць:

— Лезь!

Мядзведзь узлез, пятух і паехаў.

Едзець і крычыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

Выскачыў із лесу воўк і гаворыць на петуха:

— Петушок, петушок, падвязі мяне!

А пятух кажаць на ваўка:

— Лезь!

Воўк узлез, пятух і паехаў. Едзець і крычыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

Выскачыў із лесу заяц і гаворыць на петуха:

— Падвязі мяне!

— Лезь!

Заяц узлез, пятух і паехаў.

І крычыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

Выскачыла із лесу лісіца:

— Петушок, падвязі мяне!

А пятух гаворыць:

— Лезь!

Лісіца ўзлезла, лятух паехаў і ўзноў гаворыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

А пан ужо пераехаў мора із жарэнцамі і наняў людзей разбіраць на моры масты.

Тады пятух прыехаў к мору на памяле, паглядзеў, некуды пераходзіць — чыста мора. Тады ён улез у мора па калені і гаворыць на ваду:

— Вада, вада, вада, лезь у зад!

Уся вада з мора і ўлезла. Пятух і прыехаў к пану. Сеў на вароты і гаворыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

Пан пачуў, што пятух гэтак гаворыць — пану таму стала совесна. Тады ён гаворыць на слугаў на сваіх:

— Укіньце вы гэтага петуха к жарабцам!

Слугі панавы ўкінулі петуха ў хлеў к жарабцам. Жарабцы петуха зачалі біць, а пятух узляцеў на бэльку і кажаць:

— Мядзведзь, палязай вон!

Мядзведзь вылез і пабіў жарабцоў. Пайшоў пан у хлеў глядзець, ці забілі жарабцы петуха — аж толькі рукамі спляснуў. А пятух вылецеў, сеў на варотах і гаворыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

Тады пан загадаў на сваіх слуг:

— Злавіце вы гэтага петуха, укіньце яго к валам.

Валы сталі петуха біць. А пятух узляцеў на бэльку і гаворыць на ваўка:

— Воўк, воўк, вылязай вон!

Воўк вылез і пабіў валоў.

А пятух вылецеў на вароты і гаворыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

Тады пан на сваіх слуг кажаць:

— Улавіце вы гэтага петуха, укіньце яго к свінням.

Свінні зачалі петуха грызці, а пятух прыбіўся к сцяне і кажаць на лісіцу:

— Лісіца, палязай вон!

Лісіца вылезла і падрала свіней.

Пятух вылецеў узноў на вароты і гаворыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

Тады пан гаворыць на слуг на сваіх:

— Улавіце вы гэтага петуха, укіньце яго к курам!

Куры сталі петуха біць. Тады пятух гаворыць на зайца:

— Заяц, заяц, палязай вон!

Заяц вылез і падраў усіх курэй. А пятух вылецеў на вароты і крычыць:

— Пан у дзеда начаваў і жарэнцы ўкраў!

Тады пан кажаць на слуг:

— Вытапіце лазню, каб сцены былі ясныя, і ўлавіце петуха ды і ўкіньце яго ў лазню!

Яны вытапілі лазню і ўкінулі туды петуха. Пятух біўся, біўся ў лазні, чуць прабіўся к сцяне. Тады гаворыць:

— Вада, вада, палязай вон!

Вада вылезла вон, дык тая лазня паднялася на вадзе і дом панаў падняўся на ваду. Тады пан кажаць:

— Выкіньце вы яму жарэнцы!

Узяў пятух жарэнцы і паехаў із жарэнцамі к дзеду і к бабе ў двор.

 

 

 

167. ПІЛІПКА-СЫНОК

 

Быў сабе ў адной жонкі Піліпка-сынок, быў ён сабе, быў, пакуль маці не паслала яго лавіць рыбу. Як пайшоў ён, дак лавіў дзень і ноч. Маці прынясе яму кашы з маслам, дак ён з’есць ды зноў ловіць. Як пачула гэта ведзьма, так і пайшла на раку да і начала яго клікаць:

— Піліпка-сынок, залаты чаўнок, вязі рыбку на беражок, я табе кашкі з маслам прынесла.

Як пад’ехаў ён, дак яна за яго ды ў мяшок, ды кажа:

— Ага ж! Цяпер жа ж ты не будзеш рыбкі лавіць.

Узяўшы ведзьма Піліпку на плечы, нясе, нясе; доўга несла, пакуль умарылася, як умарылася, дак села аддыхаць, а Піліпка тым часам ножычкам прарэзаў у мяху дзірку, вылез з мяха, а камення наклаў ды пайшоў сам зноў лавіць рыбку, а ведзьма — за каменне ды панесла. Прынесла яна тое каменне дахаты ды кажа на сваю наймічку:

— Глядзі ж, ты мне яго спячы.

Як высыпала — дык каменне. Яна так засердавала ды зноў пайшла па Піліпку. Прыйшоўшы к рацэ, яна пачала клікаць яго, як перш, а Піліпка ўжо пазнаў яе голас ды адказвае:

— Ты не мая маці, ты ведзьма.

А яна кажа:

— Нябось, твая.

Такі Піліпка яе не паслухаў. Потым яна прыйшла на другі раз ды як пачала клікаць тонкім голасам, як пачала, дык яна за яго ды ў мяшок; ды ўжо як несла, дык не аддыхала, а проста панесла дахаты ды кажа на наймічку:

— Глядзі, каб ты мне яго назаўтра спякла.

А сама ўзяла ды зноў пайшла. А наймічка кажа на Піліпку:

— Ну, лажыся на лапатку ды лезь у печ.

Дык ён лёг ды галаву спусціў, дык яна кажа:

— Не гэтак!

Дык ён руку спусціў, потым нагу, а потым Алёнка — гэтак называлася тая наймічка — легла на лапату сама ды выпрасцілася, а Піліпка за лапату ды ў печ, а сам узяў выйшаў з хаты, улез на явар высокі ды сеў. Як прыйшла ведзьма, дык пачала клікаць Алёнку, каб яна адчыніла. Адно ж клікала, клікала, дык тая не адчыняе. Тады яна сама выбіла дзверы, з'ела Алёнку, а потым выйшла на двор ды спявае:

— Пакачуся, павалюся, Піліпкава мяса наеўшыся, крыві напіўшыся.

А Піліпка, седзячы на явары, адказвае ёй:

— Пакаціся, паваліся, Алёнчынага мяса наеўшыся, крыві напіўшыся.

Як зірнула яна на явар, як убачыла Піліпку, дык зараз пайшла к кавалям ды кажа:

— Кавале, кавале, рабіце мне тапарэ, бо я вашы дзеці паем.

Яны ёй рабілі, а яна, узяўшы гэтыя тапарэ, пайшла пад явар і пачала сеч яго, а Піліпка кажа:

— Не ў явар, ды ў камень!

Ведзьма ж:

— Не ў камень, ды ў явар!

А потым бачыць, што зараз явар ссячэ ведзьма, дык не ведае, што рабіць. Ляцяць гусі каля явара. Піліпка гэта зарадаваўся ды кажа:

— Гусі-лебедзі, скіньце мне па перцу, я з вамі палячу, там мой бацька, там мая маці, я вас пагашчу.

Як скінулі яны, дык ён вабраў усё па калені. Ляцелі другія, дык ён і к гэтым, потым к трэцім, чацвёртым, усё просіць, каб яны скінулі яму па перцу. Як скінулі ўсе чатыры чарады па перцу, дык ён вабраўся ўвесь з ног да галавы ды паляцеў з гусямі, Як прыляцеў да маці, дык яму далі ўсяго есці, піць, а гусям аўса. А я там быў, мёд піў, па барадзе цякло, а ў роце не было.

 

 

 

168. ВАНЕЧКА І ВЕДЗЬМА

 

Быў сабе дзедка і бабка, не было ў іх дзяцей. Пайшла баба па ваду і знайшла зернятка золата і з'ела; нарадзіўся ў яе сын Ванечка. Баба рада сыну. Пасадзіла яго на прыпечку, дала яму згарачкаў. Ванечка з’еў згарачак і падрос.

— Я, мамо, пайду рыбку лавіць, а ты зварыш і прынясеш мне кашкі з'есці, а я вам рыбы добрай налаўлю.

Так ужо маці кашку прынесла Ванечку. Прыйшла да рэчкі і заве:

— Ванечко, сыночак, прыплыві на беражочак! Ты дай мне рыбкі, а я табе кашкі!

Ванечка аддаў рыбку, а маці рада, што сын налавіў рыбкі многа, і панесла дамоў з дзедам пякці рыбку. Ведзьма пазайздросціла, што Ванечка рыбу ловіць: накалаціла попелу і панесла Вані і запела:

— Прыплыві, чаўночак, на беражочак! Ты мне, Ванечка, дай рыбкі, а я табе кашкі.

А ён гаворыць:

— Далей, човен, ад берага! Гэта не мая маці, то ведзьма.

Пайшла ведзьма да каваля:

— Накуй мне язычок на кляновы лісточак, каб я тоненька гаварыла.

Так ведзьма зноў накалаціла попелу, панесла Ванечку есці і ўжо тоненька загаварыла, як маці:

— Ванечко, сынок, ты мне дай рыбкі, а я табе кашкі. Я не ведзьма, я твая маці; смела плыві, не бойся нікога.

Так Ванечка прыплыў да беражочка, а ведзьма то яго за руку ды ў мех і панесла. Нясла, нясла і села сапачываць і заснула. Так Ванечка ўзяў прарэзаў дзірку ў мяшку і вылез, наклаў камення поўны мех ведзьме, а сам уцёк. Ведзьма прачнулася і панесла каменне дахаты, думаючы, што Ваньку. Прынесла пад сені:

— Алёнка, сястрыца, адчыні! Ваньку нясу, будзем печ.

Як высыпала ведзьма мяшок, — так каменне.

— Ах, падла, ён уцёк. Нічога! Я пайду, зноў злаўлю, не ўцячэ ён ад мяне.

Так ізноў накалаціла попелу гаршчок і панесла Ванечку.

— Ванечка, сынок! Ты мне дай рыбкі, я табе кашкі!

Ванечка думаў зноў, што яго маці прыйшла, зноў прыплыў да берага, а тады ведзьма яго за лоб ды ў мяшок, ды ўжо і панесла і нідзе не адпачывала. Прынесла пад сені:

— Алёнка, сястрыца, адчыні, Ванечку нясу.

Усе рады, што Ванечку прынесла. Пасадзіла на прыпечку.

— Ты, Алёначко, напальвай печку, а я пайду госцікі збіраць. Ведзьма пайшла госцікі збіраць; Алёнка печ паліла. Ванечку ў печ трэба пасадзіць. Пасадзіла Ванечку на лапату — Ванечка то руку спусціць, то нагу. Яна кажа:

— Не гэтак садзішся! Не спускай ні рук, ні ног, добра сядзь. Ён кажа:

— То пакажы ж мне, як сесці: як умею, так і саджуся.

Яна як села, падкурчыўшыся, а ён яе на лапату ды ў печ, ды і замазаў Алёнку ў печы; падхадзіўся, замёў хату, сам выйшаў, на сасну пад хату і сеў. Так ужо ідзе ведзьма, вядзе госці:

— Алёнка, сястрыца, адчыні, госці вяду.

Ніхто не аказваецца. Сама адчыніла, дастала печыні. Ядуць Алёнкіна мяска і хваляць:

— А то добрае Ванечкава мяска.

— Ванечкава мяса смачна, — гаворыць ведзьма. — Трэба Алёнцы кляшэйку пакінуць.

А Ванечка адзываецца:

— Скула табе, Ванечкава мяса! Гэта Алёнчына мяса.

Яна выслала ўсіх ведзьмароў сасну грызці: тыя рубаюць, тыя грызуць. Ляцелі гусі-лебедзі, кліча іх Ванечка:

— Дайце мне па крылцу, па перцу, я з вамі палячу.

І кінулі яму гусі па крылцу, па перцу. А яны ўсё грызуць сасну. Так ляцелі другія і зноў скінулі яму па крылцу, па перцу, трэція ляцелі і яшчэ яму скінулі па крылцу, па перцу. Так узяў і ён з імі паляцеў, а сасна ўзяла і павалілася. Ванька паляцеў да бацькоў. Там яму былі вельмі рады, яго прынялі, пачаставалі віном, закускай; аставілі ўжо яго дома гаспадаром, ажанілі, і ён цяпер там жыве, гаспадарыць, засадзіў сабе сад харошы і сваіх старых па саду водзіць і ўсяго ім дае.

 

 

 

169. МАЛЬЧЫК З ПАЛЬЧЫК

 

Быў сабе дзед і баба, і было ў іх сямёра дзяцей. Адзін самы меншы хлопчык называўся Мальчык з пальчык. Былі сабе яны, а пасля сталі яны бяднець і дайшло да таго, што не было чаго есці. Стаў бацька тых дзяцей думаці, як бы сваіх дзяцей дзе дзець. І сталі яны казаці, покі дзеці яшчэ спалі, што трэба іх у лес завесці, то яны стуль не прыйдуць. Як яны гэта казалі, то Мальчык з пальчык чуў. І ўстаўшы рана, пайшоў на рэчку, набраў там у вадзе белага камення і наклаў поўны кішэні. Як бацька павёў іх у лес, то Мальчык з пальчык браў тое каменне і кідаў па дарозе. Бацька іх схаваўся ў лесе дай вярнуўся дадому. А яны ў лесе сталі плакаць. Мальчык з пальчык кажа:

— Не плачце, я вас выведу з лесу!

Яны сціхлі, а Мальчык з пальчык стаў казаці:

— Я кідаў каменне па дарозе бела, то я вас і завяду!

І завёў іх дадому. А бацька, завёўшы іх у лес, утаргаваў тагды дзесь грошай і стаў жалець сваіх дзяцей, што есць за што пракарміці іх, а іх няма. А Мальчык з пальчык праз акно кажа:

— Не тужы па нас, бацьку, мы онё!

Бацька выйшаў на двор і ўвёў іх у хату.

І яны былі-былі, аж у іх зноў не стала хлеба. Бацька іх зноў стаў казаці, як яны яшчэ спалі, што трэба іх зноў завесці, бо няма чым карміці. А Мальчык з пальчык чуў, як яны гэта казалі, устаў і хацеў зноў ісці на раку, ды ніяк не адчыніў дзверы, бо ёмка былі зашчэплены.

Тады ён накроіў хлеба дай наклаў кавалкаў поўны кішэні. І як бацька вёў іх у лес, то ён кідаў хлеб па дарозе, гэтак бы то каменне. Бацька завёў іх у лес да і схаваўся, да і зноў уцёк дадому. А яны хадзілі-хадзілі па лесе, а нідзе не найшлі тых кавалкаў хлеба, бо вараннё падзёўбала. Стаў вечар, то яны леглі спаць. Рана Мальчык з пальчык на самы перад устаў і ўзлез на дрэва і стаў дзівіцца наўкола. І пабачыў ён хатку. Злез з дрэва і павёў сваіх братоў да той хаты. А із той хаты выйшла баба і кажа:

— Што вам тут трэба?

Яны сказалі:

— Пусці нас паначаваць, бо мы заблудзілі.

Яна пусціла і сказала:

— Ах, мне вас шкода, але мой чалавек людаед, то ён як пабачыць вас, то з’есць.

А яны сказалі:

— То схавай нас дзе.

Яна схавала іх пад краваці. Мальчык з пальчык дзівіцца. Ідзе людаед і прама садзіцца за стол і кажа:

— Давай мне есці.

Баба дала яму мёду, ён наеўся, а потым віна напіўся, устаў з-за стала і кажа:

— Але дзесь у нас чалавечаскім духам пахне.

Потым ён дайшоў да кравацей і высунуў із-пад іх сем хлопчыкаў. Потым накарміў іх, штоб пасля зарэзаць і з’есці, і пайшоў спаць. А ў таго людаеда было сем хлопцаў сваіх такіх. То штоб яны не памяшаліся, як лягуць спаць, то ён паклаў на сваіх залатыя шапкі. Усе заснулі, а Мальчык з пальчык не спаў. Ён уночы ўстаў і з тых людаедавых дзяцей пазнімаў шапкі і паклаў на сваіх. Людаед стаў рэзаць дзяцей і памацае — як не з шапкай, то рэжа, да гэтак парэзаў усіх дзяцей сваіх. І пасля лёг. Тады Мальчык з пальчык пабудзіў сваіх братоў, і яны ўцяклі. Як развіднела, пабачыў людаед, што сваіх дзяцей парэзаў, абуў семіверстные чобаты і стаў даганяць. Шукаў ён іх, шукаў, ніяк не найшоў ды і лёг запачываць і заснуў. А тыя дзеці былі блізка яго. Мальчык з пальчык пабачыў, што ён спіць, выняў у яго з кішэні грудку золата і зняў з яго семіверстные чобаты, абуў іх на сябе і сказаў, каб яны моцна ўзяліся за яго. І пабеглі. І гэтак дабеглі дадому. Тады яны тое золата аддалі бацькам, а іх бацька стаў багаты і ўжо больш нікуды іх не праганяў.

 

 

 

170. СЫНОК З КУЛАЧОК

 

Быў сабе дзед ды баба. Доўга яны жылі ды дзяцей не мелі. Раз пайшла баба вады браць у калодзежы, зачарпнула вядром ды і паглядзела: ці поўна зачарпнула? Паглядзеўшы, відзіць— каліва гароху на дне ляжыць. Баба дастала ды і з’ела. Вот яна ад гэтага гароху і затаўсцела. Баба панасіла ўрэмя і радзіла сына маленькага, з кулачок. Адзін раз паехаў дзед у поле араць ды сказаў бабе, каб прынесла яму абедаць. Баба згатавала абед ды і хоча ўжо несці ў поле, ажно Сынок з кулачок кажа:

— Мамо! Я панясу.

Баба злякнулася ды кажа:

— Куды панясеш? Ты гэтакі маленькі, ты і поля не ведаеш.

— Знайду, мамко!

Маці наладзіла гаршчочак ды і кажа:

— Ну, гатовы.

Сынок як сеў вярхом на гаршкі ды так шпарка паехаў, што як вокам змігнуць. Прыехаўшы к бацьку, ён паставіў гаршкі, а сам схаваўся за курган і крычыць:

— Тато! Хадзі абедаць!

Бацька аглянуўся ды нікога не ўвідзеў, ды сабе ізноў араць. Сынок другі раз кліча:

— Тато! Хадзі абедаць!

Бацька ізноў яго не ўвідзеў. Ён выйшаў на курган ды як закрычыць:

— Бацько! Ідзі абедаць!

Бацька яго ўвідзеў і прыйшоў, а Сынок сеў на саху вярхом ды давай араць. Каля гэтай нівы ехаў адзін пан ды і пытаецца ў мужыка, ці не прадасць ён яго? Мужык кажа:

— Калі пана воля хоча, дык я і так аддам.

Пан даў мужыку тысячу рублёў, а сабе ўзяў Сынка з кулачок, завярцеў яго ў бумажку ды і схаваў у кішэнь. Сынок вылез з кішэні ды і скакнуў з воза на дарогу, а пан паехаў далей. Сынок сышоў у рышт і сядзіць, а па дарозе ідуць злодзеі і паміж сабою гамоняць:

— Пойдзем к пану, украдзем вала.

А Сынок пачуў гэта ды і крычыць:

— А я скажу.

Злодзеі папужаліся ды і кажуць:

— Хто там? Хадзі з намі.

Сынок выйшаў ды і пайшоў з імі. Прыйшоўшы к панскай пуні, дзе стаялі быкі, кажуць:

— Хто ж палезе ў пуню?

Сынок з кулачок кажа:

— Я!

І палез у пуню. Прыйшоўшы к быку, Сынок закрычаў:

— Якога вам быка ўзяць?

Пан пачуў гэта ды прыбег з цяплом у пуню, але не ўвідаў нікога. Ён вярнуўся зноў дамоў, а Сынок выбраў самага лепшага быка дый вывеў к злодзеям. Злодзеі ўзялі быка ды зарэзалі і коўб кінулі на дарозе, а самі паехалі. Сынок астаўся дый улез у коўб. Прыходзя воўк, узяў коўб ды і з'еў. Як толькі з’еў воўк коўб, то Сынок і стаў крычаць у сярэдзіне ў ваўка. Воўк спужаўся ды кажа:

— Што хочаш, дык я табе здзелаю, толькі не крычы.

Сынок кажа:

— Вязі мяне к тату.

Воўк і павёз. Як толькі прыехалі яны к дзвярам бацькі, то Сынок і стаў крычаць:

— Тато! Адчыні дзверы!

Бацька адчыніў.

— Бяры, бацька, таўкач ды бей ваўка!

Бацька забіў, садраў шкуру з ваўка, выдзелаў і пашыў сынку шубу.

 

 

 

171. СЫНОК ІВАНЬКА

 

Жыў сабе мужык з жонкай, і не было ў іх дзяцей. Баба гаравала аб гэтым, а мужык, штоб уцешыць сваю бабу, пайшоў і здзелаў з дзерава мальчыка і прынёс дамой і гаворыць:

— Палажы яго ў люльку і забаўляйся ім.

Яна ўсё калышыць і дужа рада, а мальчык той стаў жывым і гаворыць:

— Мамо! Ці ты тут?

Тая матка стала рада, як пачула, што яе сын гаворыць, і сказала свайму мужыку. Як даў бог, вырас той мальчык ужо парадашны, паехаў бацька араць у поле і гаворыць:

— Як заснець сынок, дык ты прынясі абедаць.

Стала яна гатаваць абед, а сынок праснуўся і кажа:

— Мамо, а мамо! Давай я панясу тату абедаць.

— Ай, ты не данясеш.

— Не, данясу.

Прынёс лапаць, паставіў на яго гаршчок, а на яго бліны, а сам сеў і паехаў. Едзець, едзець і крычыць:

— Тато, тато! Я табе абедаць нясу!

Прывёз і аддаў яму. Мужык рад дужа стаў, а сын гаворыць:

— Тато! Дай я буду араць.

— А не, як ты будзеш араць?

Мальчык узяў сеў на саху і давай араць.

Едзець пан і гаворыць:

— Дай ты мне гэтага сына.

— А не, паночак, у мяне толькі ён адзін.

— Што хочаш вазьмі, толькі аддай мне яго.

А сын падбег к бацьку і шэпчыць яму на вуха:

— Тато! Аддавай мяне, толькі вазьмі ў яго магерку золата. Той пан і даў яму магерку золата, а мальчыка ўзяў і пасадзіў у карман. А мальчык той узяў, карман прарэзаў, а сам вылез. Бяжыць ён дарогай і сустрэўся з разбойнікамі, і чуў ён, як яны зюкалі:

— Куды тут улезць?

А ён гаворыць:

— Вазьміце мяне з сабой, я вам скажу; пойдзем мы з вамі к папу, у яго ёсць харошыя валы.

Пайшлі яны, укралі ў папа аднаго вала і сталі толькі яго дзяліць, а ён як закрычыць:

— Поп, поп! Валоў тваіх крадуць!

Яны кінулі яму трабух, а самі пабралі ўсё мяса. Мальчык улез у трабух і сядзіць. Бег па той дарозе воўк, пытаецца:

— Хто там?

— Я, Іванька.

— Вылязай вон.

— Не, не вылезу, нясі мяне ў мой двор.

Прынёс ён яго.

— Вылязай, — гаворыць воўк.

А ён гаворыць:

— Нясі мяне ў сенцы.

Воўк унёс яго ў сенцы, а Іванька вылез, запер сенцы і крычыць:

— Тато, хадзі воўка біць!

Тата ўхапіў палку і забіў воўка. І пашылі яму з воўчыя шкуры шубу і цяпер жывуць, пажываюць і дабро нажываюць.

 

 

 

172. БАБІНА ДАЧКА І ДЗЕДАВА ДАЧКА

 

Быў дзед ды з бабай, была ў дзеда дачка ды ў бабы дачка. Неўзлюбіла баба дзедаву дачку. Дзед той годзіў, годзіў бабе, ніяк не ўгодзіць. Жалка яму сваёй дачкі, а баба адказваець:

— Дзень яе, дзе хочаш.

Тады ён гаворыць:

— Надзявайся, дачушка, паедзем з табой.

Пайшлі яны тады ў лес. Прыходзяць у лес: стаіць хатка на курыных ножках. Ён гаворыць:

— Хатка, хатка! Стаяла па-новаму, стань па-стараму: ка мне вакном, а к дочцы маёй дзвярыма.

Тая хатка абарацілася і стала па-стараму: к яму вакном, а к дочцы яго дзвярыма. Тады ён гаворыць:

— Ідзі, жыві з богам, а я пайду дроўцы сеч.

Адсек венічак і пабаешачку звязаў, і павесіў на асінку. Венічак шась-шась, а пабаешачка стук-стук! Яна думаець, што бацька дроўцы сячэць, і ўсё яго ажыдаець. Вечар прыходзіць, бацькі яна ждала-ждала — ніхто не прыходзіць. Тады яна гаворыць:

— Хто ў лесе, хто ў балоце, хадзі ка мне начаваць.

Мядзведзь адгукаецца:

— Я ў лесе, я ў балоце, прыду к табе начаваць.

А яна думала, што бацька ёй адказваець. Тады прыйшоў к ёй мядзведзь на ноч.

— Ну, дзеўка, адмыкай дзверы.

Яна адамкнула і дужа ўпудзілася.

— Ну, — гаворыць мядзведзь да дзеўкі, — усцялі пасцель: рад камення, рад палення і ступу ў галовы.

Ён лёг і даў ключыкі, і прыказаў бегаць па хаце і бразгаць ключамі. А шчурка падскачыла і яе падмяніла.

— Дай, — гаворыць, — мне ключыкі, я цябе падмяню, а то цябе ўб’ець.

На другі дзень мядзведзь, устаўшы, гаворыць:

— Шчасце тваё. Ну, дзеўка, мы з табой жаніцца будзем.

Яны ажаніліся і сталі жыць добра. Ён ёй наносіў і мёд, і лашадзей, і ўсяго.

У яе атца была сучка рабая, яна выскачыла на вуліцу і стала брахаць:

— Гаў-гаў-гаў! Дзедава дачка ў госці шасцёркай едзець і грошай многа вязець.

А бабе то не спадабалася. Яна сучку чапялой:

— Што ты, сучка, воўк це з'еш, брэшаш! Дзедавай дачкі даўно на свеце нет.

А тут дачка і прыехала, і дзенег бацьку прывезла. Бабе гэта не панравілася, яна і кажа:

— Адвязі і маю дачку туды, дзе твая была.

Нечага дзелаць, дзед адвёў яе. Прыйшоў дзед у лес — там стаіць хатка на курыных ножках. Ён гаворыць:

— Хатка, хатка, стаяла па-новаму, стань па-стараму: ка мне вакном, а к дочцы маёй дзвярыма.

Тая хатка абярнулася і стала па-стараму: к яму вакном, а к дочцы дзвярыма. Тады ён і гаворыць:

— Ну, дзіця, жыві тут, а я пайду дроўцы сеч.

Адсек венічак і пабаешачку звязаў, і павесіў на асінку. Венічак шась-шась, а пабаешачка стук-стук! Яна думае, што бацька дроўцы сячэ і ўсё яго чакае. Вечар прыходзіць, бацькі яна чакала, чакала — ніхто не прыходзіць. Тады яна гаворыць:

— Хто ў лесе, хто ў балоце, хадзі ка мне начаваць.

Мядзведзь адгукаецца:

— Я ў лесе, я ў балоце, прыду к табе начаваць.

А яна думала, што бацька ёй адказвае. Тады прыйшоў мядзведзь на ноч:

— Ну, — гаворыць мядзведзь, — затапі печ, вары кашу, пячы бліны.

Тады шчурка падскочыла і гаворыць:

— Дзеўка, дзявіца, красная красавіца, дай ложачку кашы аблізаць.

А яна гаворыць:

— Мядзведзь, мядзведзь! Шчурка кашкі просіць.

— У лоб яе ложкай.

Яна яе ўдарыла, шчурка пабегла, сама стала бліны печ.

— Дай мне блінка з печы, у худой гадзіне прыгаджуся...

Яна:

— Мядзведзь, мядзведзь! Шчурка бліна просіць.

Ён:

— У лоб яе чапялой!

Яна яе ўдарыла, шчурка пабегла пад печку і закацілася, і завалілася. Яны павячэралі. Мядзведзь гаворыць:

— Сцялі мне пасцель: рад палення, рад камення і ступу ў галаву.

Ён лёг і даў ёй ключыкі, і прыказаў бегаць па хаце і бразгаць ключамі. Як ён стаў кідаць палення, дык з першага разу яе і забіў. Дзедава сучка выскачыла:

— Гаў-гаў-гаў, бабінай дачкі даўно на свеце няма.

Бабе гэта не спадабалася.

— Што, сучка, брэшаш? Мая дачка шасцярнёй прыедзець, у карэце, грошы прывязець. Дзед! Што твая сучка на мяне на прыклясцу? Ідзі прывязі мне маю дачку, а то сучку ўб’ю.

Дзед узяў кашалёк на плечы, пайшоў за бабінай дачкой. Прыходзіць у тую хату, аж там дачкі няма, адны косці ляжаць. Тады дзед пабраў косці ў кашалёк і пайшоў дамоў. Тады сучка:

— Гаў-гаў-гаў! Бабіну дачку дамоў вядуць, у кашальку косці нясуць.

Бабе гэта не спадабалася.

— Што ты брэшаш? Мая дачка шасцярнёй прыедзець, у карэце, грошы прывязець.

Сучка зноў забрахала:

— Гаў-гаў-гаў! Бабіну дачку дамоў вядуць, у кашальку косці нясуць.

Дзед прыйшоў ды яе забіў. Тады баба ўрабела і злегла ў пасцелю. А каб яна шчурке блінок дала з'есці, то бы жыва была.

 

 

 

173. МАРОЗ

 

Жыў сабе адзін мужык з жонкай. У мужыка была матка, і ў жонкі была матка. Толькі жонка не любіла сваю свякруху.

— Вязі, — кажа мужыку, — сваю матку ў лес! Што яе дурна хлебам карміць?

Узяў мужык сваю матку і павёз у лес. Прывёз, пасадзіў пад ёлкай, а сам і паехаў у двор. Сядзіць тая баба. Аж прыходзіць Мароз. Тропнуў пугай і кажа:

— А што, бабка, мароз?

— Мароз, паночак: яго пара, — няхай пануець, няхай крулюець!

Даў мароз бабе цёплую шубу, боты і хустку. Сядзіць баба, прыбралася.

Дома кажа мужыку жонка:

— Едзь у лес, вязі сваю матку ў двор, мусіць змерзла, дык трэба пахаваць!

Паехаў мужык; ажно бачыць — сядзіць яго матка ў шубе, у ботах, у хустцы. Узяў мужык матку і павёз у двор. Прыехалі ў двор. Стала нявестцы завідна:

— Вязі, — кажа мужыку, — маю матку ў лес, на тое самае месца!

Павёз мужык цёшчу ў лес, пасадзіў пад ёлкай і паехаў у двор. Сядзіць баба, ажно прыходзіць Мароз. Тропнуў пугай і кажа:

— А што, бабка, мароз?

— Мароз, каб ён лопнуў!

Усердзіўся Мароз, як стаў лопаць кругом! Замарозіў бабу. У двары жонка кажа:

— Едзь у лес, вязі маю матку ў двор!

Мужык паехаў у лес, палядзіць — аж баба замерзла! Прывозіць нежывую цёшчу ў двор. Загаласіла тут жонка!.. Так і пахавалі бабу.

 

 

 

174. ЯК МАРОЗ БАБУ ЗМАРОЗІЎ

 

Была сабе ў аднаго чалавека маці і ў яго жонкі маці, так жонка ўсё яго кучыла, жэб ён дзе сваю мацеру вывез на мароз, жэб замерзла. Так ён урэшце паслухаў яе: завёз сваю мацеру ў кусты і пакінуў на марозе. Ляжыць баба і стогне, аж ідзе Мароз і кажа:

— Мароз, бабко!

А бабка:

— Мароз, час яго, пара яго.

Зачала яна яго там хваліць... Тады Мароз даў ёй кажуха новага і сам з ветрам паляцеў. Так назаўтра рана прыехаў сын і хацеў яе дзе ў яму закінуць, жэб ніхто не відзеў. Аж глядзіць: ах, ліхачка! Яна ў таком пекнам кажусе сядзіць сабе і ніц не дбае. Так узяў мацеру на воз і завёз дахаты. Як увайшла ў хату, так мужык скача, а жонка плача, бо яе зайздрасць ухапіла, цо яна такога пекнага кажуха прывезла. Так давай кучыць мужыка, жэб яе мацеру на мароз вывез. Так вечарком завёз яе ён на тое самае месца, а сам вярнуўся дахаты. Сядзіць баба пад кустом скурчыўшыся і звонючы зубамі, аж прыходзіць Мароз і кажа:

— Мароз, бабко!

А яна:

— Мароз, жэб яго агністыя пяруны запалілі! — І як напусцілася на Мароза, так канца і меры не было.

Так Мароз як стаў дмухаць, як стаў марозіць, так і змарозіў бабу. Назаўтра так выслаў воз і ўжо мужык паехаў па бабу. Прыязджае, аж глядзіць — труп ляжыць! Так ён кінуў яе на воз і вязе дахаты. Тым часам дзеці як угледзелі, цо яна згорбіўшыся ляжыць, так давай пляскаць рукамі і крычаць:

— Нашу бабку і столічка вязуць.

 

 

 

175. МУЖЫК, ЧОРТ І МЯДЗВЕДЗЬ

 

Паставіў чалавек сабе новую хату. І ўсякі раз, як толькі ляжа спаць на печы, дык чэрці і вынясуць яго вон на двор. Але раз зайшоў к яму скамарох з мядзведзем, навязаў на ланцуг мядзведзя каля печы, а ў печ пасаджаў рэпы, каб спяклася мядзведзю паснедаць. А як паклаліся спаць, прыходзе чорт, узяў качарыжку, узлез на прыпечак і стаў лупіць і есці рэпу, а мядзведзь стаў падбіраць каля прыпечка шалупіны, што чорт кідаў далоў. Угледзеў гэта чорт, ударыў мядзведзя качарэжкай:

— Апсік! — кажа.

Ён думаў гэта кот. Тады мядзведзь узяў ланцуг, злажыў удвоя ды давай перыць чорта. Біў, біў, ажна ўхапіў яго за каўнер і выпіхнуў вон праз вакно. Пасля гэтай лазні ўжо чорт не прыходзіў болей, а цераз сколькі, можа, гадоў чалавек той араў на полі, — аж прыходзя к яму чорт і кажа:

— Мужык, мужык! А ці ў цябе яшчэ тая ёсць кошка, ці няма?

— А то ж дзе? — кажа, — у мяне яшчэ чацвёра кацянят радзіла.

— Ну, дык я к табе болей ніколі не пайду, баюся, хоць мне і дужа трэба было паглядзець, ці цэлы грошы, бо там у цябе пад печчу ў зямлі стаіць цэлая скрыня золата.

Прыехаў дамоў чалавек, дастаў тыя грошы і на іх пастроіў у сваім сяле цэркаў і школу, і сабе зямлі купіў болей, і стаў жыць вунь як добра.

 

 

 

176. ВЕРАБЕЙ І МЫШОНА

 

Жыў сабе верабей і мышона; задумалі яны ляда капаць і пшаніцу сеяць. Пайшоў верабей у поле зярняткі збіраць пшанічныя, а мышона пайшла зярняткі іскаць. Відзіць верабей з мышонай, што людзі сеюць пшаніцу, — і верабей кажаць мышоне:

— Будзем і мы з табою сеяць пшаніцу на сваём лядзе.

Мышона гаворыць вераб’ю:

— Што тваё будзець, верабей, ці карашкі, ці вяршкі?

Верабей атвячаець мышоне:

— Сам не знаю, што маё будзець: ці вяршкі, ці карашкі?

А мышона кажаць:

— Бяры карашкі!

Пасеялі пшаніцу. Пара яе жаць. Мышона ўзяла сабе вяршкі, а вераб’ю аставіла карашкі. Мышона звалачыла вяршкі ў сваю нару і стала пакойна зімаваць, а верабей пакапаўся ў сваіх карашках, да нечага яму есці. Ён паляцеў зімаваць на дзярэўню. Там мышона пазвала яго, вераб'я, у госці і пачаставала яго сваімі вяршкамі. Верабей пазваў к сабе мышону. Мышона з вераб'ём пакапалася і так пайшла ў сваю нару. Пасля гэтага верабей кажаць мышоне:

— Будзем сёлета сеяць рэпу, і мае будуць сёлета вяршкі, а твае — карашкі.

Мышона сагласілася. Пасеялі рэпу. Урадзілася рэпа бальшая-прабальшая. Мышона кажаць вераб ю:

— Прыбірай свае вяршкі, мне надабе прыбіраць карашкі.

Верабей зняў вяршкі, а мышона выташчыла карашкі і заташчыла ў сваю нару. Так асталіся яны зімаваць. Мышона пазвала вераб’я ў госці і пачаставала яго рэпаю. На другі дзень верабей пазваў мышону ў госці. Мышона пакапалася, пакапалася з вераб'ём у мёрзлым... і пабяжала ў сваю нару. Ляціць варона і гаворыць:

— Га, га, верабей! Абмахнула цябе мышона; сабяры вайну пціц проціў мышоны, а мышона сабярэ сваіх звяроў.

Верабей пабяжаў к мышоне і сказаў так. Мышона сабрала звяроў, а верабей пціц, і пачалі ваяваць. Звяры мышоны паелі вераб’ёвых пціц, толькі верабей застаўся да варона, каторая гаварыла сабіраць вайну. На другі дзень ляціць варона і гаворыць:

— Га, га, верабей! Не таго ты сабраў, каго нада. Калі б ты пазваў марскога сокала, той паеў бы ўсіх звяроў.

Пайшоў верабей к мышоне і гаворыць:

— Ну-ка, сёння сабяры сваіх звяроў, я — сваіх пціц.

Мышона паслухалася, і пачалі ваяваць. Вераб'ёў сокал як разінуў рот ад неба да зямлі, дак паеў усіх мышоніных звяроў, адна толькі мышона пад мяжу схавалася. Сокал сеў на мяжу начаваць, а верабей стаў на калу, стаў шчабятаць і заснуў. Увідала гэта мышона, пабяжала на поле к аганьку, узяла галавешачку і падпаліла іржышча, дзе спаў сокал. Іржышча загарэлася вакол крылля, так што яму нельга было лятаць. Сокал пасядзеў, пасядзеў і потым пайшоў дарогаю.

Жыў там цар; у яго быў сын Іван Іванавіч. Ён любіў займацца ахвотаю. Пайшоў ён адзін раз на ахвоту і бачыць: ні то звер, ні то пціца. Іван хацеў выстраліць у яго, а ён гаворыць яму:

— Не бі мяне, Іван Іванавіч, рускі цар-царэвіч, а жыўём лучшэ вазьмі мяне.

Іван узяў сокала і павёз дамоў. Дома сокала ўгледзеў ацец Іванаў і гаворыць:

— Я яшчэ не відаў гэткай пціцы.

Сокал кажаць:

— Ну, цар, кармі мяне год, тады я табе ўслужу.

Цар стаў карміць сокала кажды дзень на шэсць валоў. Пракарміў цар, — аж пабяднеў. Сокал падняўся ляцець, ды не мог. Тады ён кажаць цару:

— Пакармі яшчэ паўгода.

Цар паслухаўся і пракарміў шэсць месяцаў. Пасля гэтага сокал кажаць Івану:

— Ну, садзісь на мяне і палецімо.

Іван сеў, і сокал падляцеў высока і паказаў дом:

— Вунь, — кажаць, — маёй сястры дом — дзверы медзяныя. Як прыляцім мы ў той дом, тады ты мяне вядзі і палкаю бі.

Ён узяў і вядзе. Наўстрэчу выйшла яго сястра і гаворыць:

— За што ты б’еш майго брата? Я табе самому!..

Тады сокал кажаць:

— Нет, не нада! Ён мяне ад смерці спас.

Сястра ўзяла Івана і павяла к сабе ў госці, а сокал сказаў яму:

— Прасі сабе бацькаву сумку.

Сястра сокала падумала, падумала да кажаць:

— Братца мне жалка, а сумку яшчэ жалчэй.

Тады сокал кажаць:

— Садзіся на мяне, Іван Іванавіч, паляцім к сярэдняй маёй сястры.

Іван сеў, і яны паляцелі. Сокал спрашваець у Івана:

— Ці відзіш сярэбраны дом? Гэта маёй сястры. Калі спусцімся на зямлю, то вазьмі палку і бі мяне, каб пер’е сыпалася.

Як туды прыляцелі, Іван Іванавіч так і здзелаў. Сястра сокала і спрашваець:

— За што ты б’еш майго брата? Я цябе з’ем.

Тады сокал кажаць:

— Не еш яго, ён мяне ад смерці адкупіў.

На гэта сястра кажаць:

— Што табе даць за гэта, што ты майго брата ад смерці адкупіў?

— Дай мне бацькаву сумачку.

Сястра падумала, падумала і гаворыць:

— Брата жалка, а сумачкі яшчэ жалчэй.

Тады сокал кажаць:

— Паляцім к маёй старшай сястры і як злезем на зямлю, ты бяры палку і бі мяне, штоб пер’е сыпалася.

Іван так і здзелаў: вядзе сокала і б’е яго палкай. Убачыла гэта сястра і кажаць Івану:

— За што ты так б’еш майго брата? Я цябе за гэта з’ем.

А сокал кажаць:

— Не, не еш ты яго, ён мяне ад смерці адкупіў.

Тады сястра кажа:

— Што ж табе даць, Іванушка, за гэта?

А Іван кажаць:

— Дай ты мне за гэта бацькаву сумку.

Сястра сокала падумала, падумала і аддала Івану бацькаву сумку. Тады сокал вывеў Івана на дарогу і кажаць:

— Ідзі і ўсё вярні ўправа, ды не адкрывай сумкі.

Іван пайшоў дарогаю. Ішоў, ішоў, захацелася яму паглядзець, што там у сумцы ёсць? Як адкрыў ён сумку, так стаў горад і сталі яму грошы насіць. Іван думаў, думаў, як бы тут яму горад сабраць. Тутачкі прыбяжаў к яму чорт і гаворыць:

— Дай мне тое, чаго ты дома не знаеш, то я сабяру табе горад.

Іван стаў думаць, чаго ён дома не знае? Перадумаў і кажаць:

— Я ўсё знаю.

Тады чорт кажаць:

— Ну, распішыся!

Іван распісаўся і прылажыў пячаць сваю, а чорт узяў сумку і накрыў ёю горад. Як накрыў, так горад і ўвайшоў у сумку. Іван прыйшоў дамоў і палажыў запіску ў шчэлку. Тут яму сказалі, што ў яго радзіўся сын. Іван успомніў, што ён прадаў навароджанага сына чорту і стаў тужыць, плакаць. Сын вырас і найшоў гэту запіску, прачытаў і кажаць айцу:

— Вот ты прадаў мяне чорту?

Айцец кажаць:

— Да! Прадаў.

Тады сын адзеўся і пайшоў. Ішоў, ішоў і зайшоў у хатку. А ў той хаце дзеўка варыць чорту абед. Ён ёй і кажаць:

— Здрастуй, дзеўка!

— Здрастуй, — яна яму адказвае, — куды ты, моладзец, ідзеш?

— Іду чорту служыць.

— Ну, ідзі і скажы: «Здрастуй, чорт, паганае тваё мяса!» Як пашле чорт цябе за абедам і ты, як прынясеш, то скажы: «На, еш! Лопні твой трыбух!»

Мальчык прыйшоў к чорту і гаворыць:

— Здрастуй, чорт, паганае тваё мяса!

Чорт паслаў яго за абедам. Ён прынёс абед і гаворыць:

— На, еш! Калі б твае кішкі лопнулі!

Чорт увідзеў, што ён прыйшоў нядаўна і стаў так грубіць, то прыказаў распаліць лазню і ўкінуць туды мальца і дзеўку. Чэрці так і здзелалі. Дзеўка стала маліць бога і ўзяла платок, махнула на лазню і сказала:

— Буйныя дажджы, густыя ветры, прахладзіце нам лазню!

Пайшлі дажджы і ветры і прахладзілі лазню. У лазні дзеўка зноў махнула платком — лазня адчынілася, яны ўзялі пару лашадзей і паехалі.

Ехалі, ехалі — дзеўка гаворыць мальцу:

— Іван! Злезь і паслухай, можа нас даганяюць?

Іван злез, паслухаў і кажаць:

— Нас даганяюць!

Яна махнула платочкам. Як махнула, так коні зрабіліся аўсом, дзеўка — бабай, а Іван — дзедам: баба жне авёс, а дзед носіць снапы. Тут едуць чортавы слугі і спрашваюць:

— Ці не бачылі каго едучы?

— Не, нікога мы не бачылі.

Слугі вярнуліся, а дзеўка махнула платочкам і стала як было: дзед — Іванам стаў, авёс — коньмі, і паехалі далей. Ехалі, ехалі, потым дзеўка кажаць Івану:

— Злезь і паслухай: можа нас даганяюць?

Малец Іван паслухаў і кажаць:

— Я нічога не слухаю.

Тады злезла дзеўка, сама паслухала і кажаць:

— Нас даганяюць!

І махнула платочкам. Як махнула — так сталі коні каплічкай, Іван — папом, дзеўка — матушкай і пачала прасвіры пячы. Прыехалі слугі чорта і спрашваюць:

— Ці не відзелі тут мальца маладога і дзеўкі?

Яны кажуць:

— Нікогачка не бачылі.

Слугі вярнуліся, а дзеўка махнула платочкам — і каплічка зрабілася коньмі, поп — Іванам, а матушка — дзеўкаю, і паехалі далей.

Ехалі, ехалі, потым дзеўка кажаць:

— Злезь і паслухай: можа нас даганяюць?

Іван злез, паслухаў і кажаць:

— Я нічога не слухаю.

Тады злезла дзеўка, паслухала і кажаць:

— За намі пагоня! — І махнула платочкам — і з коней зрабілася сіняе мора, дзеўка зрабілася лябёдкаю, а малец — лебедзем.

Пасля гэтага чорт кажаць:

— Цяперака зловім — і паслаў свінню.

Пайшла свіння к сіняму мору і стала піць ваду і выпіла ўсю. Лябёдка як страпянулася— свіння лопнула, і вада ўся разлілася. Лябёдка стала дзеўкай, а лебедзь — мальцам. Дзеўка паехала ў свой горад, а малец — у свой. Уязджаючы, дзеўка кажаць:

— Не забывай на мяне, як прыдзеш у свой горад дамоў, то са ўсімі цалуйся, толькі не цалуйся з тым, каго ты не ведаеш дома.

Ён прыйшоў дамоў, усе абрадаваліся і сталі цалавацца. Потым падносяць к яму навароджанага брата. Іван адказаўся цалаваць і лёг спаць, а ва сне яму паднеслі рабёнка, і ён яго пацалаваў. За гэта на яго рассердзіліся і прагналі з двара вон. Іван пайшоў і па дарозе махнуў платочкам; стала непрахадзімая лаза, у Івана ног не стала, і ён увідзеў аганёк. Прыйшоўшы туды, ён увідзеў хатку і ў хатцы — бабу. Ён зайшоў і расказаў бабе сваё гора. Баба дала яму кашалёк і шапачку-невідзімачку і сказала:

— Як прыйдзеш к мору, то сядзь на кашалёк і надзень шапачку-невідзімачку і пераедзеш цераз мора.

Іван так здзелаў, як сказала баба, і пераправіўся цераз мора і пайшоў у горад. Там наняўся ён у цара. Цар выслаў яго на часы. У таго цара была дачка, а к ёй хадзілі чэрці. Дачка ляжала ў сцякляным гробе. Іван узяў ружжо, надзеў шапку-невідзімку і стаў у дзвярах. У поўнач царэўна стала зваць часавога, а ён як талканець яе, яна вярнулася і зноў лягла ў гробе. На утра цар кажаць слугам:

— Ідзіце і выкіньце касцей часавога!

Слугі пайшлі, а часавой сабе ходзіць па комнаце.

Слугі спужаліся і сказалі цару, што часавы жыў. Цар пазваў Івана ў сваю комнату, пачаставаў яго і даў яму сто рублёў. На другую ноч пайшоў Іван, надзеў шапку-невідзімку і стаіць. Царэўна ўстала з гроба і гаворыць:

— Часавой, часавой!

— Нашто табе часавой? Ён тут.

Потым ён таўкнуў ружжом у грудзі так, што яна павалілася і зноў лягла ў сцякляны гроб. Відзіць Іван, што прыйшлі к ёй д’явалы і гавораць:

— Пойдзем у залатыя палаты.

І пайшлі, і царэўну з сабой узялі. Іван у шапцы-невідзімцы пайшоў за імі. Прыйшоўшы туды, царэўна здзела тры персні, а Іван іх украў. Тады самы старшы д’явал гаворыць:

— Дзе вы падзелі персні?

А слугі яго гавораць:

— Мы не знаем.

А Іван узяў рагожу, абвёў усіх чарцей і павалок у балота. Там ён абайшоў кругом балота і кажаць:

— Вот ваш дзе дом! — і бросіў іх, і цяпер яны там жывуць.

 

 

 

177. ЧАЛАВЕК І КОЗЫ

 

Быў на свеце адзін бедны чалавек. Не меў ён сабе прытулку. І пайшоў ён у свет; пайшоў, куды вочы глядзяць. Зайшоў ён у густы лес. Доўга блудзіў ён па лесе, замарыўся, прагаладаўся, а есці нечага. Выбіўся-такі ён на палянку. Палянка бальшая, а кругом лес. Трава на ёй зялёная, густая. Нікога не відаць. Пайшоў той чалавек па палянцы. Напаткаў хатку, ды такую цікавую, што і ніколі яшчэ ён такой і не бачыў. Збудавана хатка з бліноў, печ з сыру, а комін з масла. Не доўга ён дзівіўся: голад не цётка, як убачыў ён бліны, сыр, масла — давай абдзіраць іх і есці. Так есць, што аж за вушамі трашчыць, аж нос гбаецца. Пааблупліваў, папсаваў печ, комін...

Аж чуець — гул пайшоў, топат, лопат, шум... Спужаўся ён.

— Куды мне дзецца, — думае сабе. — На двор выскачыць боязна...

Убачыў падпечак і нырнуў туды. А гэта бегла стада коз, бальшое-прабальшое. Прыбеглі козы, як убачылі, што нехта іх хатку пашкуматаў, дужа жаласна забляялі. Потым кінуліся шукаць злодзея: бегалі і туды, і сюды — нікога не знайшлі. Нечага рабіць, сталі папраўляць хатку: напяклі бліноў, набілі масла, адтапілі тварагу — пазамазвалі комін, печку, пазалеплівалі сцены. Ноч прыйшла — паляглі спаць. Наступіў ранак — пайшлі на пасту; але пакінулі адну казу, каб яна сцерагла хатку. Ляжыць каза, вокам не змігнець, сцеражэць. А ўжо чалавеку таму і есці захацелася, ды баіцца вылезці з падпечча. Стаў ён на казу сон напушчаць: глядзіць на яе і прыгаварвае:

— Спі, вочка! Спі, вочка! Спі, вочка!

Адно вока заснула. Ён потым:

— Спі, другое! Спі, другое! Спі, другое!

І другое заснула. Тады ён вылез з падпечча, наабдзіраў бліноў, накалупаў сыру і масла — ды пад печ і есць там сабе памаленьку. Прыйшлі козы з пасты — спіць іх вартаўнік, бліны са сцен паздзіраны, печ і комін пакалупаны. Сталі яны біць бедную казу і рагамі, і нагамі; прыбілі чуць не да смерці.

— Што я вінавата, — кажа ім яна, — я старалася як магла глядзець прытка. Але сільна сталі мне вочы зачыняцца, і я заснула.

Кінуліся шукаць вінаватага; шукалі, шукалі — нікога не знайшлі. Сабраліся козы ўкруг, сталі браць раду, як збыць такую бяду. Радзіліся, радзіліся і палажылі паставіць вартаўніком такую казу, у каторай тры вокі. Знайшлі такую казу з трыма вачамі. Сказалі ёй вартаваць хату, а самі пайшлі на пасту. Наш чалавек нічога гэтага не знаў. Бачыць, ляжыць каза, думае, навяду на яе сон, а сам наемся. Стаў ён прытка на яе глядзець і прыгаварвае:

— Спі, вочка! Спі, вочка! Спі, другое! Спі, другое!

Заснула ў казы адно вочка і другое. Выйшаў той мужык з-пад печкі і хацеў ужо абдзіраць сцены і печ, — аж тут каза ўбачыла яго трэцім вокам, прачахнула і забляяла дзікім голасам. Козы пачулі, прыбеглі і кінуліся біць таго чалавека і рагамі, і нагамі. Стаў ён іх прасіць-маліць:

— Козачкі, даражэнькія, пусціце жывога, буду вам век служыць...

Змілаваліся тады козы, перасталі біць таго чалавека і паставілі яго за пастуха ў сябе. Ён іх пасвіў, даіў, рабіў масла, сыры... З той пары і пайшлі козы чалавеку служыць.

 

 

 

178. ДЗЕД, БАБКА І МЯДЗВЕДЗЬ

 

Быў сабе дзедка з бабкай, мелі яны адну курку і гуску. Пасеяў дзед рэпы, унадзіўся ў яе мядзведзь. Пайшоў дзед пільнаваць, адрубіў мядзведзю нагу. Прыйшоў мядзведзь к яму, кажа:

— Гускі спяць, куркі спяць, адно мая бабка не спіць, маю воўну прадучы, маё мяса ядучы. Гам, бабко, з’ем!

— Ой, дзедко, баюся, дамо ему курачку.

Далі яму курачку. Пайшоў мядзведзь, пасадзіў на карчэчку. Прыйшоў мядзведзь ізноў, кажа:

— Гускі спяць, куркі спяць, адно мая бабка не спіць, маю воўну прадучы, маё мяса ядучы. Гам, бабко, з’ем!

Баба высадзіла голаў праз акно, кажа:

— Чаго ты прыйшоў мядзведзь?

Дзед пхнуў бабу, мядзведзь узяў панёс, пасадзіў на карчэчку, а сам пайшоў. Прыходзіць мядзведзь к бабе, а баба:

— Не дастанеш ты з’есці.

Мядзведзь выў, бабу не дастаў і пайшоў. Баба злезла і пайшла. Ідзе так, ідзе, стаіць хатка на курачай лапцы. Увайшла баба ў хатку, там харашо ў хатцы. Баба пайшла паіскала і напілася малака. Прыйшлі козы і кажуць:

— У нашай хатцы нехта быў, малачка напіўся. Паставім мы казла пільнаваць.

Баба кажа:

— Засні, казёл.

Казёл заснуў, баба вылезла з-пад карыта, напілася малака і зноў лягла пад карытам. Прыйшлі козы, кажуць:

— Нехта ў нашай хатцы быў, і казёл не ўпільнаваў. Паставім мы другога казла.

Баба кажа:

— Засні, казёл.

Казёл не заснуў. Баба вылезла з-пад карыта, стала піць малако. Казёл злавіў бабу і просіць у яе:

— Будзь, бабко, у нас, глядзі нас, кармі нас, паі нас і даі нас.

Баба кажа:

— Харашо.

Пайшлі козы на пашу, а баба асталася дома.

Узяла сыр баба, панясла свайму дзеду. Залезла на гору, прадрала дзірку, а дзед спаў на печы. Яна ўкінула яму ў рот. Дзед рассмакаваў і кажа:

— Сарока ці варона, укінь больш, бо смашненька.

Укінула баба яшчэ крышку. Ён палез шукаць на гору, найшоў сваю бабу на гары і пытаець.

— Дзе ты, бабко, была?

Яна кажа:

— Ты ж мяне мядзведзю аддаў.

Ён просіць у яе:

— Завядзі, бабко, мяне туда, дзе ты была.

Яна завяла яго ў тую хатку, дзе козы жывуць. Там як прыйшлі козы, так упужаліся дзеда і паляцелі на дзікія лозы.

 

 

 

179. БАБОВАЕ ЗЯРНЯТКА

 

Былі-жылі ў адной хаце дзед і баба. Пасеялі яны пад лаваю боб. Боб рос, рос пад самую лаву. Дзед пракруціў свярдзёлкам лаву — боб рос, рос аж пад столь. Дзед раскрыў столь — боб рос, рос аж пад страху, дзед раскрыў і страху; боб рос, рос аж пад самае неба. Дзед, штобы пракруціць неба, зрабіў драбіны, паставіў гэтых блізка бобу і палез да неба. Калі ён быў як раз каля неба, то павеяў вялікі вецер; драбіны зламаліся, і ён паляцеў у тую старану, куда веяў вецер. Ляцеў, ляцеў гэты дзед, ды ўпаў у балота і ўлез у яго па самую шыю. Доўгае ўрэмя сядзеў ён там. Яму надта хацелася есці, да і было яму надта холадна. Ён стаў прасіць бога прыслаць яму ізбавіцеля. Бог пашкадаваў яго і пасылае ізбавіцеля воўка. Воўк гэты быў тожа галодны і, лётая па балоце, глядзіць: нет чаго паесці? Ён стаў нюхаць і абнюхаў дзеда, сядзеўшага ў балоце, раззявіў рот і думаў узяць яго за галаву, але пабаяўся. Яму паказалася, што гэта быў корч, і ён не хацеў тупіць сваіх зубоў. Так ён, штобы ўзнаць жывое гэта што ці не, махнуў хвастом, як раз па галаве дзеда. А дзед гэты не дурак: ён узяўся за хвост воўка і давай гукаць. Воўк спалохаўся, — давай вельмі бяжаць у лес і выцягнуў наверх з балота дзеда. Дзед абмыўся, абцёрся і пайшоў дадому. Увідзеўшы там бабу, ён бросіўся ёй на шыю, і доўга плакалі. Цяпер яны жывуць, хлеб і соль ядуць.

 

 

 

180. ГАРОХАВАЕ ЗЯРНЯТКА

 

Быў сабе дзед і баба; пайшоў дзед па ваду і знайшоў гарохавае зерне, прынёс яго дахаты, злавіў жабу і мышку, узараў пад лаваю і пасеяў гарох пад лаваю. Гарох рос, рос пад саму лаву. Дзед кажа бабе:

— Знімем, бабка, лаву!

Знялі яны лаву. Гарох рос, рос пад паліцу. Дзед сказаў бабе:

— Знімем, бабка, паліцу!

Знялі яны паліцу. Гарох рос, рос пад дах.

— Знімем, бабка, дах!

Знялі яны дах. Гарох рос, рос пад стрыку. Знялі яны стрыку. Гарох рос, рос, рос пад неба. Дзед кажа бабе:

— Лезьмо, бабо, жаць!

Дзед кажа на бабу:

— Лезь ты напярод!

А баба кажа:

— Не, лезь ты!

Дзед палез, а за ім баба; узлезлі на неба і сталі жаць гарох. Жалі да вечара. Вечарам прыйшлі к богу і прасіліся начаваць. Бог кажа:

— Вы наробіце мне шкоды.

А дзед кажа:

— Не, божа, не будзем рабіць.

Пусціў іх бог начаваць у сад, дзе раслі яблыкі. Баба знюхала яблыкі і кажа дзеду:

— Дзеду, дзеду, яблыкі пахнуць!

А дзед кажа:

— Ціха, бабо, шкоды наробіш.

Дзед заснуў, а баба ўстала і страсянула яблыню — усе яблыкі і пасыпаліся. Баба прыйшла к дзеду і кліча:

— Дзеду, дзеду! Яблыкі сыплюцца.

Дзед устаў і стаў на бабе рваць косы і прывязваць яблыкі. На другі дзень пайшлі яны зноў жаць гарох і жалі да самага вечара. Вечарам прыйшлі зноў к богу і сталі прасіцца начаваць, а бог кажа:

— Вы мне зноў наробіце шкоды.

Дзед кажа:

— Не, божа, гэта мая баба нарабіла.

Бог пусціў іх зноў начаваць у той самы сад. Баба знюхала квас і кажа дзеду:

— Квас пахне!

А дзед кажа:

— Ціха, бабо, ты зноў наробіш шкоды!

Дзед заснуў, а баба ўстала і вывернула квас, прыйшла к дзеду і кліча:

— Дзеду, дзеду! Квас выліўся.

Дзед устаў і сталі прыгаршнямі збіраць квас у кадушку. На трэці дзень пайшлі яны зноў жаць гарох; жалі да самага вечара. Вечарам прыйшлі зноў к богу і сталі прасіцца начаваць, а бог кажа:

— Вы мне зноў наробіце шкоды.

Дзед кажа:

— Не, божа, гэта ўсё мая баба робіць шкоду.

Бог пусціў іх у той самы сад, куды пушчаў іх напярод. Ляглі яны спаць. Баба крычыць дзеду:

— Пад бок цвёрда!

Дзед устаў і скінуў з сябе кажух і даў ёй пад бок. Як дзед заснуў, баба ўстала і ўгледзела каляскі; пайшла і села на іх. Каляскі і паехалі. Баба крычыць:

— Дзеду, дзеду, я еду!

Дзед устаў і кліча:

— Прыстань, бабка, прыстань!

Бабка прыстала, а дзед пайшоў і сеў на каляскі і паехалі; з'ехалі ў роў, і каляска растала, а яны асталіся без гароха, як жылі ўпярод.

 

 

 

181. ЯК ДЗЕД З БАБАЮ БОБ СЕЯЛІ

 

Быў сабе дзед з бабаю, пасеялі боб пад лаваю. Рос той боб, рос і вырас пад саму лаву. Баба да дзеда:

— Дзедку, дзедку, скіньмо гэту лаву, няхай боб большы расце.

Скінуў дзед лаву. Расце той боб, расце пад саму паліцу. Баба зноў да дзеда:

— Дзедку, дзедку, скіньмо паліцу, няхай боб большы расце.

Скінуў дзед паліцу. Расце той боб, расце і вырас пад самую столь. Баба зноў да дзеда:

— Дзедку, дзедку, скінь гэту столь.

Скінуў дзед і столь, вырас боб пад саму страху. Зноў баба да дзеда:

— Дзедку, дзедку, прадзярэм гэту страху, няхай боб большы расце.

Прадзерлі страху. Рос боб, рос, вырас да самага неба. Пара ўжо той боб жаці, так баба да дзеда:

— Дзедку, — кажа, — дзедку, будземо ўжо боб жаці!

А як яны яго жалі? От лезлі ўсё па стручках і абломлівалі, у пучачкі вязалі і ў хату праз страху кідалі. Дайшлі яны аж да неба і там іх ноч захапіла. Пайшлі яны да бога нанач прасіцца. Бог кажа:

— Я вас пусціў бы ў хатку, але там стаіць рошчына ў дзяжы, я баюся, каб вы мне тае рошчыны не выелі.

А дзед кажа:

— Ах, божа ласкавы! Каб мы боскую рошчыну зачапілі — не будзем!

Так бог паказаў ім, куды ісці. Пайшлі яны ў тую хатку дай палеглі. Толькі што дзед пачаў драмаць, ажно баба бодкае яго:

— Дзедку, дзедку!

— Чаго ты хочаш?

— Вельмі мне хочацца крышачку тае рошчыны лізнуць.

— Ах ты, бабо! А ты не чула, што ўчора бог нам прыказваў? Ціха, спі, бо я цябе выкіну за дзверы!

Дзед анно заснуў, а баба паціхусеньку ўстала, дай хлісь тае рошчыны, хлісь, а тая рошчына ўзяла дай уся на бабу вылілася. Дзед як ні прахопіцца, як ні пачне бабу кіем акладаць, да тую рошчыну збіраць: покуль дзед упарайкаўся, то і развіднела. Пайшлі яны, хоць не даспаўшы, той боб жаці. Жнуць яны так, жнуць цэлы дзень, анно і зноў сцямнела. Пайшлі яны зноў да бога нанач прасіцца. Бог кажа:

— Як жа вас пускаць, калі вы мне ўчора шкоду зрабілі.

Так дзед:

— Божа ласкавы, ужо мы больш нігды не будзем гэтак рабіць.

Бог ужо ім кажа:

— Ну, ідзіце сягоння ў садок начаваць, толькі там стаіць яблынька, глядзіце ж, каб вы яблычак не паабрывалі.

Дзед ужо з бабаю:

— Ах, божа ласкавы, не будзем, не будзем!

Палеглі ўжо яны ў том садку, ледзве што дзед заснуў, ажно баба поркае зноў яго:

— Дзедку, дзедку, надта мне яблычак хочацца — аж яны каля мяне пахацяць.

— Я табе дам, бабо, не ляжаш ты спаць!

І сам небарака заснуў.

А баба гэта ўстала памалюсеньку дай за яблычка: як яна адно абарвала, так і ўсе — пац! пац! пац! і асыпаліся. Дзед гэта як ні прахопіцца, як ні возьме бабу біць, да ну ж гэта з бабы валасы рваць, а тыя яблычкі прывязваць. Пакуль ён іх папрывязваў, так і развіднела. Так ужо дзед бабу лае:

— Я праз цябе дзве ночы не даспаў і так многа богаві шкоды панарабілі, што брыдка ісці і за начлег падзякаваць.

Дай пайшлі, бурчачы, той боб жаці. Жалі яны, жалі цэлы дзень і зноў пачало сутуняць, так пайшлі яны зноў да бога нанач прасіцца. Бог кажа:

— Ну, што ж я з вамі параджу, калі вас няма як дзе пусціць, хіба вы ідзіце ў стаенку, але там стаяць саначкі, глядзіце ж, каб вы імі не вазіліся.

Так ужо дзед:

— Божа ласкавы, ці мы маленькія дзеці, каб мы вазіліся? Дай пайшлі яны ў тую стаенку. Дзед як лёг, так і заснуў, анно баба зноў будзіць яго:

— Дзедку, дзедку, як мне хочацца на саначках паездзіць.

А дзед гэта хоць сонны быў, да бабу гэта ў карк, у карк:

— А ці будзеш ты мне спаць! Ціха ты, праклята!

I }сам небарака заснуў. Баба гэта села паціхусеньку на тыя саначкі дай кажа:

— А ну жа, саначкі! А ну жа!

А тыя саначкі як паляцяць па лясах, па верасах, па каменнях, па карэннях, так і бабіны косці параскідаліся. Дзед гэта абудзіўся — няма бабы! Пайшоў гэта сам, плачучы, пазбіраў бабіны костачкі ў полі, пракошкаў ямачку дай загортаў іх. Сам годзе ўжо таго бобу жаць, палез па стручках дахаты. Тым часам стручок абарваўся, дзед упаў і косці рассыпаліся.



Тэкст падаецца паводле выдання: БНТ Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі