epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Сабака і Воўк

Быў у ваднаго гаспадара сабака. Шчыра служыў ён гаспадару, ды не агледзеўся, як пастарэў. Горш сталі бачыць яго вочы, і цяжэй яму стала вартаваць гаспадарава дабро. Тады скупая гаспадыня перастала карміць яго, а потым і зусім пачала з двара праганяць.

«Чым так жыць, - думае сабака, - лепш няхай мяне воўк зьесьць».

Надумаўся ён і пайшоў у лес шукаць ваўка. Ідзе ён лесам, а тут насустрач і воўк бяжыць.

- Куды, сабака, ідзеш? - пытаецца воўк.

- Да цябе.

- Чаго?

- Зьеш ты мяне, воўча...

І расказаў ён ваўку пра сваю бяду.

Бачыць воўк, што сабака надта худы - яшчэ зубы паломіць, і кажа:

- Не, цяпер я цябе есьці ня буду. Трэба, каб ты трохі патлусьцеў.

- Як-жа я патлусьцею, - кажа сабака, - калі мяне гаспадыня зусім ня корміць?

- Нічога. Мы зробім так, што яна цябе з ахвотаю будзе карміць.

- Дзе там! - пакруціў хвастом сабака. - Гаспадыня мая вельмі скупая.

- Слухай ты мяне, - кажа воўк. - Ідзі дадому і сядзі там на агародзе. Адвячоркам, як пачне цямнець, я прыбягу і ўхаплю лепшага гаспадаровага падсьвінака. Ты наробіш брэху, пабяжыш за мною, і я табе аддам падсьвінака. Гаспадар убачыць гэта і загадае гаспадыні добра карміць цябе. А празь месяц, як патлусьцееш, - прыходзь да мяне, тады я цябе зьем.

Сабака падумаў і згадзіўся.

Адвячоркам прыбег воўк, ухапіў падсьвінака і павалок цераз агароды.

Тут сабака як наробіць ляманту, як кінецца за ваўком...

Пачуў гэта гаспадар, выскачыў з хаты, бачыць: воўк падсьвінака валачэ цераз агароды, а сабака яго даганяе, адбірае.

- Туйга! Туйга! - закрычаў гаспадар на ўсю сілу. - Кусі яго, Лыска!

Воўк тым часам кінуў падсьвінака, а сам ходу ў лес.

- Малайчына, Лыска! - пахваліў гаспадар сабаку, прывёў на кухню і загадаў жонцы карміць яго.

Жыве Лыска прыпяваючы. А празь месяц зрабіўся такі тлусты, аж шэрсьць блішчыць. І пра дагавор з ваўком забыўся.

Вось аднойчы сабраліся ў гаспадара госьці. П'юць, гуляюць, песьні сьпяваюць. Нямала тут і Лыску перапала - цэлую кучу касьцей пад стол яму накідалі.

Наеўся Лыска ды выйшаў на двор - у сваю будку. Глядзіць - аж у будцы воўк чакае яго.

- Чаго ты тут? - зьдзівіўся сабака.

- Па цябе прыйшоў, - адказвае воўк. - Памятаеш наш дагавор з табою?

Спалохаўся сабака - ня хочацца яму на воўчыя зубы трапляць. Вось ён і кажа:

- Ня еш ты мяне, воўк. Я цябе за гэта добра пачастую самаю смачнаю ядою.

- Адкуль-жа ты возьмеш?

- У майго гаспадара госьці. Там пад сталом поўна касьцей - навет зь мясам. Хадзем!

- Баюся. Яшчэ заб'юць мяне там.

- Ня бойся, не заб'юць, - угаворвае сабака. - Я цябе правяду так, што ніхто і ня ўбачыць.

Згадзіўся воўк і пайшоў за сабакам.

Лыска пакінуў яго ў сенцах, сам убег у хату, махнуў хвастом і патушыў лучыну.

- Цяпер бяжы пад стол, - паклікаў ён ваўка. Воўк так і зрабіў.

Сабака накарміў ваўка, навет віном напаіў. Сядзяць яны сабе пад сталом ды зюкаюць паціху.

А тым часам госьці засьпявалі вясёлыя песьні.

Воўк слухаў, слухаў, ды кажа сабаку:

- Мне таксама сьпяваць хочацца.

- Маўчы лепш, - адказвае сабака.

Воўк памаўчаў крыху ды зноў за сваё:

- Ня вытрымаю, - кажа, - аж язык сьвярбіць, гэтак сьпяваць захацелася.

І зацягнуў на ўсю хату басам:

- Ау-ау!

А сабака таксама ня вытрымаў ды давай падпяваць яму:

- Гаў, гаў! Цяў, цяў!..

Пачулі гэта госьці, ухапілі хто качаргу, хто чапялу, набілі ваўка і выкінулі яго з хаты разам з сабакам.

Ачухаўся воўк і кажа сабаку:

- Ну і накарміў-жа ты мяне! Я табе не дарую гэтага.

- Сам вінаваты, - кажа сабака. - Трэба было маўчаць.

- Не, - не згаджаецца воўк, - гэта ты вінаваты. Навошта ты завёў мяне ў хату?

Спрачаліся яны, спрачаліся, нарэшце воўк кажа:

- Калі так, давай будзем ваяваць: хто каго зваюе, той таго і зьесьць. Зьбірай сваё войска і прыходзь да мяне ў лес.

- Што-ж, - кажа сабака, - няхай будзе так.

Назаўтра ўзяў ён барана, ката і пеўня сабе ў памочнікі ды пайшоў на вайну з ваўком.

А воўк запрасіў да сябе ў ваякі мядзьведзя, дзіка і зайца. Сабраў ён сваё войска, выйшаў на ўскраек лесу і чакае.

- Палезь ты, Міхайла, - кажа ён да мядзьведзя, - на елку ды паглядзі, ці ня ідзе сабака із сваім войскам.

Мядзьведзь узьлез на елку, прыгледзеўся і кажа:

- Ідзе!

- Ну, дык злазь! - кліча воўк. - Будзем ваяваць.

- Не, ня зьлезу, - адказвае мядзьведзь.

- Чаму?

- Страшна.

- Што-ж там за войска такое, што ты гэтак спужаўся? - пытаецца воўк.

- Такое войска, што я ніколі і ня бачыў, - адказвае мядзьведзь калоцячыся. - Адзін ваяка тоўсты і калматы, зь віламі ідзе; другі - грозны, вусаты, ззаду піку нясе; трэйці - у шапачцы чырвонай, із шпорамі на нагах, шабляю махае... Першы ідзе, галавою трасе ды ўсё крычыць: «Бэ! Я ўсіх пакалю, на вілы пасаджу!» Другі сярдзіта чмыша, па бакох азіраецца і ўсё мармыча: «Мне, мне іх давай!» А трэйці, ганарысты такі, крычыць: «Куды, куды ісьці! Я адзін усіх паб'ю!».

Дзік пачуў гэта ды хутчэй у мох па самыя вушы зашыўся. А воўк бачыць, што не пасьпее схавацца, - стаў на заднія лапы і стаіць. «Хавайся за мяне, - кажа ён пералалоханаму зайцу. - Яны падумаюць, што я - пень, і абмінуць нас».

Прыходзіць сабака із сваім войскам, бачыць - нідзе нікога няма.

Тут якраз барану рогі засьвярбелі. Глядзіць ён - побач нейкі пень стаіць. Разагнаўся баран ды - трах! - рагамі ў пень. У ваўка ад гэтага і галава раскалолася. Паваліўся ён дагары ды ногі выцягнуў. Заяц выскачыў з-пад ваўка, але сабака згледзеў яго і адразу злавіў.

Дзіку ў гэты час, як на бяду, села муха на вуха. Паварушыў ён вухам, каб сагнаць яе, а кот падумаў, што там мыш. Кінуўся туды ды давай мох разграбаць. Так і дзярэ дзіка вострымі кіпцюрамі! Цярпеў, цярпеў, дзік, а потым усхапіўся ды наўцёкі...

Певень напужаўся дзіка, залопаў крыльлямі, узьляцеў на елку і нарабіў крыку:

- Куды, куды?

Мядзьведзь падумаў, што гэты самы грозны ваяка да яго дабіраецца, і залез із страху аж на верхні сук. Сук ня вытрымаў, зламаўся, мядзьведзь грукнуўся вобземлю і забіўся.

З таго часу больш і не сябруюць сабака з ваўком.



Тэкст падаецца паводле выдання: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.
Крыніца: скан