epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Заяц і Вожык

У вадзін ясны сонечны дзень стаяў вожык каля дзьвярэй свайго дому, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку. Сьпяваў ён сваю песеньку, сьпяваў і раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зірну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я пасьпею і ў поле схадзіць і вярнуцца дадому».

Пайшоў вожык і сустрэўся падарозе з зайцам, які таксама йшоў у поле на сваю капусту паглядзець.

- Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся?

А заяц быў вельмі важны й горды. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі кіўнуў галавою ды сказаў груба:

- Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш?

- Я на шпацыр выйшаў, - кажа вожык.

- На шпацыр? - запытаўся заяц насьмешліва. - А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка ня зойдзеш.

Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы. Ня любіў ён, калі гаварылі пра ягоныя ногі, якія запраўды былі кароткія ды крывыя.

- Ці ня думаеш ты, - запытаўся ён у зайца, - што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш?

- Вядома, - адказаў заяц.

- А ці ня хочаш ты зы мною навыперадкі пабегчы? - пытаецца вожык.

- З табою навыперадкі? - кажа заяц. - Не сьмяшы ты мяне, калі ласка. Няўжо-ж ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?

- А вось пабачым, - адказвае вожык. - Убачыш, што абганю.

- Ну, давай пабяжым, - кажа заяц.

- Пачакай, - адказвае вожык, - спачатку я схаджу дадому пасьнедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае месца. Тады і пабяжым. Добра?

- Добра, - сказаў заяц.

Пайшоў вожык дадому. Ідзе й думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру».

Прышоў вожык дадому і кажа жонцы:

- Жонка, апранайся хутчэй, прыдзецца табе зы мною ў поле йсьці.

- А што здарылася? - пытаецца вожычыха.

- Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае - я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.

- Што ты - звар'яцеў? - зьдзівілася вожычыха. - Ён-жа цябе адразу перагоніць.

- Не твая справа, жонка, - сказаў вожык. - Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю.

Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле.

Падарозе вожык кажа жонцы:

- Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па аднэй баразьне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькі падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!». Зразумела?

- Зразумела, - адказвае жонка.

Так яны й зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.

- Ну, што-ж - кажа заяц, - пабяжым?

- Пабяжым, - адказвае вожык.

Сталі яны кажны ў пачатку свае баразны.

- Раз, два, тры! - крыкнуў заяц.

І абодвы яны пабеглі з усіх ног.

Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму і крычыць:

- Я ўжо тут!

А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да другога. Зьдзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў.

- Пабяжым цяпер назад, - кажа ён вожыку. - Раз, два, тры!

І пусьціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы.

Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць:

- Я ўжо тут!

Яшчэ больш зьдзівіўся заяц.

- Пабяжым яшчэ раз, - кажа ён вожыку.

- Добра, - адказвае вожык. - Калі хочаш, пабяжым яшчэ раз.

Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды й назад.

А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут».

На семдзесят чацьверты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю.

- Умарыўся, - кажа, - не магу больш бегаць.

- Вось бачыш цяпер, у каго ногі лепшыя?

Нічога не адказаў заяц і пайшоў з поля - ледзь ногі пацягнуў.

А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пашлі зь імі на шпацыр.



Тэкст падаецца паводле выдання: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.
Крыніца: скан