epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Брэменскія музыкі

Шмат гадоў таму жыў на свеце млынар. І быў у млынара асёл, разумны і дужы.

Доўга працаваў асёл на млыне, цягаў на спіне кулі з мукой і вось нарэшце састарыўся. Бачыць гаспадар: аслабеў асёл, не здатны больш для работы - і выгнаў яго з дому.

Спалохаўся асёл: «Куды я пайду, куды падзенуся? Стары я стаў і слабы».

А потым падумаў: «Пайду гэтак я ў нямецкі горад Брэмен і стану там гарадскім музыкам».

Так і зрабіў. Пайшоў у нямецкі горад Брэмен.

Ідзе асёл па дарозе і крычыць па-аслінаму. І раптам бачыць ён: ляжыць на дарозе сабака і цяжка дыхае.

- Чаму ты так запыхаўся, сабака? - пытае асёл. - Што з табой?

- Стаміўся, - гаворыць сабака. - Бег доўга, вось і запыхаўся.

- Што ж ты так бег, сабака? - пытае асёл.

- Ах, асёл, - гаворыць сабака. - Пашкадуй мяне. Жыў я ў паляўнічага, доўга жыў. Па палях і балотах за дзічынай для яго бегаў, а цяпер стары стаў,і надумаў мой гаспадар мяне забіць. Вось я і збег ад яго, а што далей рабіць - не ведаю.

- Пойдзем са мной у горад Брэмен, - адказвае яму асёл, - зробімся там музыкамі. Брэшаш ты гулка, голас у цябе добры - ты будзеш спяваць і ў барабан біць. А я буду на гітары іграць.

- Што ж, - гаворыць сабака, - пойдзем.

Пайшлі яны разам. Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы.

Ішлі яны, ішлі і раптам бачаць: сядзіць на дарозе кот, сумны сядзіць кот, невясёлы.

- Што ж ты такі сумны? - пытае яго асёл.

- Што ж ты такі невясёлы? - пытае сабака.

- Ах, - гаворыць кот, - пашкадуйце вы мяне, асёл і сабака. Жыў я ў сваёй гаспадыні, доўга жыў, - лавіў пацукоў і мышэй. А цяпер стары стаў, зубы ў мяне прытупіліся, і захацела мая гаспадыня мяне ў рэчцы ўтапіць. Я і збег з дому. А што далей рабіць - не ведаю.

Асёл яму адказвае:

- Пойдзем з намі, кот, у горад Брэмен, станем там вулічнымі музыкамі. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць і на скрыпцы іграць, сабака - спяваць і на барабане іграць, а я - спяваць і на гітары іграць.

- Што ж, - гаворыць кот, - пойдзем.

Пайшлі яны разам.

Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы, кот ідзе, мяўкае па-кашачы.

Ішлі яны, ішлі. Праходзяць побач аднаго двара і бачаць: сядзіць на варотах певень і крычыць на ўсё горла: «Ку-ка-рэ-ку!»

- Ты што, пеўнік, крычыш? - пытае яго асёл.

- Што з табой здарылася? - пытае яго сабака.

- Можа, цябе хто пакрыўдзіў? - пытае кот.

- Ах, - гаворыць певень, - пашкадуйце вы мяне, асёл, сабака і кот. Заўтра да маіх гаспадароў госці прыедуць, і вось збіраюцца мае гаспадары зарэзаць мяне і зварыць з мяне суп. Што мне рабіць?

Адказвае яму асёл:

- Пойдзем з намі, певень, у горад Брэмен, і станем там вулічнымі музыкамі. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць і на балалайцы іграць, кот будзе спяваць і на срыпцы іграць, сабака - спяваць і на барабане іграць, а я буду спяваць і на гітары іграць.

- Што ж, - гаворыць певень, - пойдзем.

Пайшлі яны разам.

Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы, кот ідзе, мяўкае па-кашачы, певень ідзе, кукарэкае.

Ішлі яны, ішлі, і вось настала ноч. Асёл і сабака ляглі пад вялізным дубам, кот сеў на галіну, а певень узляцеў на самую вершаліну дрэва і пачаў адтуль глядзець па баках.

Глядзеў, глядзеў і ўбачыў: свеціцца непадалёку агеньчык.

- Агеньчык свеціцца! - крычыць певень.

Асёл кажа:

- Трэба даведацца, што гэта за агеньчык. Можа, паблізу дом стаіць.

Сабака кажа:

- Можа, у гэтым доме мяса ёсць. Я паеў бы.

Кот кажа:

- Можа, у гэтым доме малако ёсць. Я папіў бы.

А певень кажа:

- Можа, у гэтым доме пшонка ёсць. Я пакляваў бы.

Усталі яны і пайшлі на агеньчык.

Выйшлі на паляну, а на паляне дом стаіць, і акенца ў ім свеціцца.

Асёл падышоў да дому і зазірнуў у акенца.

- Што ты там бачыш, асёл? - пытае яго певень.

- Бачу я, - адказвае асёл, - сядзяць за сталом разбойнікі, ядуць і п'юць.

- Ох, як хочацца есці! - сказаў сабака.

- Ох, як хочацца піць! - сказаў кот.

- Як бы нам разбойнікаў з дому выгнаць? - сказаў певень.

Думалі яны, думалі і прыдумалі.

Асёл ціхенька паставіў пярэднія ногі на падваконнік, сабака залез на спіну аслу, кот ускочыў на спіну сабаку, а певень узляцеў на галаву кату.

І тут яны ўсе разам закрычалі:

 

асёл па-аслінаму,

сабака - па-сабачы,

кот - па-кашачы,

а певень - закукарэкаў.

 

Закрычалі яны і ўваліліся праз акно ў пакой.

Напалохаліся разбойнікі і ўцяклі ў лес.

А асёл, сабака, кот і певень селі вакол стала і ўзяліся за ежу.

Елі-елі, пілі-пілі, - наеліся, напіліся і спаць леглі.

Асёл расцягнуўся ў двары на сене, сабака ўлёгся перад дзвярыма, кот скруціўся клубком на печы, а певень залез на вароты.

Патушылі яны святло ў доме і заснулі.

А разбойнікі сядзяць у лесе і глядзяць з чашчобы на свой дом.

Бачаць: святло ў акенцы патухла, цёмна стала.

І паслалі яны аднаго разбойніка паглядзець, што ў доме робіцца.

Можа, дарэмна яны так напалохаліся.

Падышоў разбойнік да дому, адчыніў дзверы, зайшоў на кухню. Бачыць, а на печы два агеньчыкі гараць.

«Напэўна, гэта вуголле, - падумаў разбойнік, - вось я зараз лучыну распалю».

Ткнуў ён агеньчык лучынкай, а гэта было кацінае вока.

Раззлаваўся кот, ускочыў, зафыркаў, ды як драпане лапай, ды як зашыпіць.

Разбойнік - у дзверы.

А тут яго сабака за нагу схапіў.

Разбойнік - у двор.

А тут яго асёл капытом убрыкнуў.

Разбойнік - у вароты.

А з варот певень як закрычыць:

- Кукарэку!

Кінуўся разбойнік з усіх ног у лес. Прыбег да сваіх таварышаў і кажа:

- Бяда! У нашым доме пасяліліся страшныя веліканы. Адзін мне ўвесь твар кап'ём падрапаў, другі мне ножыкам нагу парэзаў, трэці мяне па спіне дубінай вытнуў, а чацвёрты закрычаў мне ўслед: «Трымай злодзея!»

- Ох, - сказалі разбойнікі, - трэба нам адсюль як мага хутчэй уцякаць.

І пайшлі разбойнікі з гэтага лесу назаўжды.

А брэменскія музыкі - асёл, сабака, кот і певень - засталіся жыць у іх у доме ды пажываць.



Пераклад: Валянцін Лукша