Адзін купец добра пагандляваў на кірмашы і набіў сабе поўную каліту золата і серабра. Сабраўся ён дадому вяртацца, - хацелася яму трапіць дадому да наступлення ночы. Вось прытарочыў ён дарожную суму з грашыма да сядла свайго каня і паехаў. Каля паўдня адпачываў ён у адным гарадку; сабраўся было ехаць далей, а тут падводзіць яму работнік каня і кажа:
- Гаспадар, а на задняй левай назе ў падкове аднаго цвіка не хапае.
- Ну і няхай сабе не хапае, - адказаў купец, - за шэсць гадзін, якія мне застаецца праехаць, падкова нябось не зваліцца. Я спяшаюся.
Пасля паўдня, калі ён спешыўся і зноў вырашыў накарміць каня, уваходзіць у пакой работнік і кажа:
- Гаспадар, а ў вашага каня на задняй левай назе няма падковы. Можа, адвезці мне яго ў кузню?
- Ну і няхай сабе няма, - адказаў купец, ехаць жа ўсяго дзве гадзіны, бадай, з канём нічога не здарыцца. Я спяшаюся.
Паскакаў ён далей; але неўзабаве пачаў конь прыкульгваць; пакульгаў ён, потым пачаў спатыкацца, потым паваліўся і зламаў сабе нагу. Давялося купцу каня кінуць, адвязаць дарожную суму, узваліць яе на плечы і дабрацца дадому пешкі, - і прыйшоў ён дадому позняй ноччу.
- А ўсёй жа бяды прычынай, - вымавіў ён пра сябе, - гэты пракляты цвік.
А ты спяшайся павольна!