epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Гаршчок кашы

Жыла-была адна дзяўчынка.

Пайшла яна ў лес па ягады і сустрэла там бабульку.

- Дзень добры, дзяўчынка, - сказала ёй бабулька, - дай мне ягад, калі ласка.

- На, бабулька, - гаворыць дзяўчынка.

Паела бабулька ягад і сказала:

- Ты мне ягад дала, а я табе таксама нештачка падару. Вось табе гаршчочак. Варта толькі сказаць:

 

- Раз, два, тры,

Гаршчочак, вары! -

 

і ён пачне варыць смачную, салодкую кашу. А скажаш яму:

 

- Раз, два, тры,

Больш не вары! -

 

і ён перастане варыць.

- Дзякуй, бабулька, - сказала дзяўчынка, узяла гаршчочак і пайшла дамоў да маці.

Абрадавалася маці гэтаму гаршчочку. Ды і як не радавацца? Без працы і клопату заўсёды на абед смачная, салодкая каша будзе.

Вось аднойчы пайшла дзяўчынка з дому, а маці паставіла гаршчочак перад сабой і гаворыць:

 

- Раз, два, тры,

Гаршчочак, вары!

 

Ён і пачаў варыць. Шмат кашы наварыў. Маці паела ўволю. А гаршчочак усё варыць і варыць кашу. Як яго спыніць?

Трэба было сказаць:

 

- Раз, два, тры,

Больш не вары! -

 

ды маці не ўспомніла гэтыя словы, а дзяўчынкі дома не было. Гаршчочак варыць і варыць. Ужо ўся кухня поўная кашы, ужо і ў прыхожай каша, і на ганку каша, а ён усё варыць і варыць. Спалохалася, маці, пабегла шукаць дзяўчынку, ды не перабрацца ёй цераз дарогу - гарачая каша ракой цячэ. Добра, што дзяўчынка недалёка ад дому была. Убачыла яна, што на вуліцы робіцца, і бегам пабегла дамоў. Сяк-так узабралася на ганак, адчыніла дзверы і крыкнула:

 

- Раз, два, тры,

Больш не вары!

 

І перастаў гаршчочак варыць кашу.

А наварыў ён яе гэтулькі, што той, каму даводзілася з вёскі ў горад ехаць, павінен быў сабе ў кашы дарогу праядаць.

Толькі ніхто на гэта не скардзіўся.

Вельмі ўжо была каша смачная і салодкая.



Пераклад: Уладзімір Карызна