epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Каралевіч, які нічога не баяўся

Жыў-быў аднойчы каралевіч, не хацелася яму больш заставацца дома ў свайго бацькі, а раз ён нічога не баяўся, то падумаў: «Пайду я па белым свеце вандраваць і не сумна мне будзе, ды і нагляджуся на розныя дзіўныя рэчы». Развітаўся ён са сваімі бацькамі і пайшоў ад іх, і ішоў усё напрасткі з раніцы да самага вечара, і было яму ўсё роўна, куды дарога вядзе. Здарылася так, што падышоў каралевіч да дома аднаго велікана; здарожыўся ён і сеў каля дзвярэй адпачыць. Пачаў каралевіч па баках разглядваць і раптам заўважыў на двары ў велікана цацку: былі гэта два вялізныя шары і кеглі з рост чалавека. Захацелася яму пагуляць у тыя кеглі, ён расставіў іх, пачаў збіваць іх шарамі, і калі кеглі падалі, то гучна крычаў, таму што было яму весела. Пачуў велікан шум, высунуў галаву ў акно і ўбачыў чалавека; і быў той ростам, як усе людзі, але аднак жа гуляў у яго кеглі.

- Гэй ты, казяўка! - крыкнуў велікан. - Што гэта ты ў мае кеглі гуляеш? Адкуль у цябе такая сіла?

Паглядзеў каралевіч наверх, агледзеў велікана і сказаў:

- Ах ты, даўбешка гэтакая! Што ж ты думаеш, што ў цябе аднаго толькі дужыя рукі? Я магу ўсё, чаго захачу!

Спусціўся велікан уніз, пачаў са здзіўленнем глядзець на гульню ў кеглі і сказаў:

- Калі ты такі чалавек, то ідзі і прынясі мне яблык з дрэва жыцця.

- А навошта ён табе? - запытаў каралевіч.

- Гэты яблык я хачу не для сябе, - адказаў велікан. - Ёсць у мяне нявеста, гэта яна яго патрабуе. Хадзіў я, вандраваў нямала па свеце, але такога дрэва адшукаць не мог.

- Ну, я яго адшукаю, - сказаў каралевіч, - чаго б гэта ні каштавала!

Кажа велікан:

- Ты думаеш, што гэта так ужо лёгка? Сад, у якім расце дрэва, абнесены жалезнай агароджай, і ляжаць уздоўж агароджы дзікія звяры, яны вартуюць і нікога з людзей туды не прапускаюць.

- Мяне яны прапусцяць, - сказаў каралевіч.

- Так, але калі ты і трапіш у гэты сад і ўбачыш на дрэве яблык, то гэта яшчэ не азначае, што ты яго зможаш сарваць: вісіць перад ім кольца, і той, хто захацеў бы дастаць і сарваць яблык, павінен спачатку прасунуць у яго руку, а гэта яшчэ нікому не ўдавалася.

- А мне ўдасца, - сказаў каралевіч.

Развітаўся ён з веліканам і пайшоў праз горы і даліны, палі і лясы і прыйшоў, нарэшце, да чарадзейнага саду. Ляжалі вакол яго звяры, але яны апусцілі галовы ўніз і спалі. Яны не прачнуліся і тады, калі ён да іх падышоў і нават калі цераз іх пераступіў. Вось пералез каралевіч цераз агароджу і без перашкод трапіў у сад. І расло там пасярэдзіне дрэва жыцця, і ззялі на галінах яго чырвоныя яблыкі. Ён узабраўся па ствале наверх, толькі хацеў працягнуць руку да яблыка, раптам бачыць - вісіць перад ім кольца; ён лёгка прасунуў у яго руку і сарваў яблык. Але раптам кольца моцна сціснулася вакол рукі, і тут каралевіч адчуў, што магутная сіла пранікла ў яго жылы. Ён спусціўся з яблыкам уніз з дрэва і не захацеў пералазіць цераз агароджу, узяўся рукой за вялікія вароты, - і варта было яму толькі іх патрэсці, як яны з трэскам расчыніліся. Ён выйшаў з саду, але прачнуўся леў, які ляжаў перад агароджай, і кінуўся за каралевічам, ды не разлютаваны, а пайшоў услед за ім пакорна, як за сваім гаспадаром.

Прынёс каралевіч велікану абяцаны яблык і сказаў:

- Вось бачыш, я здабыў яго без усякіх цяжкасцей.

Узрадаваўся велікан, што яго жаданне так хутка збылося, заспяшаўся да сваёй нявесты і даў ёй яблык, які яна патрабавала. Але дзяўчына была і прыгожая і разумная, яна не ўбачыла на руцэ ў велікана кольца і сказала:

- Я табе да таго часу не паверу, што яблык здабыў ты, пакуль не ўбачу ў цябе на руцэ кольца.

Сказаў велікан:

- Для гэтага мне патрэбна вярнуцца дамоў, я яго табе прынясу, - ён думаў, што кольца будзе лёгка адабраць сілай у слабага чалавека, калі той не аддасць яго па добрай волі.

І вось запатрабаваў велікан у каралевіча кольца, але той адмовіў.

- Дзе яблык, там павінна знаходзіцца і кольца, - сказаў велікан, - не аддасі яго па добрай волі, давядзецца табе з-за яго са мною пазмагацца.

Доўга дужаліся яны, але велікан не мог нічога зрабіць з каралевічам: чарадзейная сіла кольца рабіла яго магутным. Тады велікан схітрыў і сказаў:

- Мне ад барацьбы стала горача, ды і табе, мабыць, таксама, - давай пакупаемся ў рэчцы і асвяжымся, а потым пачнем зноўку.

Каралевіч, не падазраючы ніякага каварства, падышоў з веліканам да вады; але зняў ён разам з адзеннем і кольца з рукі і скокнуў у раку. У момант схапіў велікан кольца і наўцёкі; ды леў заўважыў злодзея, кінуўся за веліканам у пагоню, вырваў з рук у яго кольца і прынёс назад свайму гаспадару. Схаваўся велікан за дубам, і калі каралевіч апранаўся, ён напаў на яго і выкалаў яму вочы.

І стаў цяпер каралевіч сляпы, не ведаючы, што яму рабіць. Падышоў да яго велікан, зноў схапіў яго за руку, збіраючыся кудысьці весці, і прывёў яго на вяршыню высокай скалы. Ён пакінуў яго там, а сам падумаў: «Варта яму зрабіць некалькі крокаў, і ён разаб'ецца насмерць, і я змагу тады зняць з яго кольца». Але верны леў не пакінуў свайго гаспадара, ён моцна схапіў яго за адзенне і адцягнуў назад.

З'явіўся велікан, хацеў абрабаваць мёртвага, але ўбачыў, што хітрасць яго не ўдалася. «Няўжо нельга ніяк знішчыць такога слабага чалавечка!» - прамовіў ён, раззлаваны, сам сабе, схапіў каралевіча і павёў яго зноў іншай дарогай да прорвы. Ды леў разгадаў злую задуму і дапамог гаспадару выбрацца з бяды. Калі велікан падвёў сляпога зусім блізка да абрыву, ён выпусціў руку каралевіча і хацеў пакінуць яго аднаго, ды леў піхнуў велікана, і той зваліўся ў прорву і разбіўся.

Верны звер адцягнуў свайго гаспадара з краю цясніны і прывёў яго да дрэва, дзе працякаў празрысты, светлы ручай. Сеў каралевіч каля ручая, а леў улёгся побач і лапай апырскаў яму твар. І як толькі трапіла некалькі кропель каралевічу ў вочы, ён зноў пачаў трохі бачыць; і тут ён заўважыў птушачку, якая стукнулася аб ствол дрэва, потым спусцілася да ручая, выкупалася ў ім, і, не дакрануўшыся да дрэў, узляцела, мільганула, быццам да яе зноў вярнуўся зрок. Убачыў каралевіч у гэтым знак Божы, нахіліўся да вады і абмыў твар. Калі ён падняўся, вочы яго сталі чыстыя, ясныя, якімі не былі яшчэ ніколі.

Падзякаваў каралевіч Богу за яго вялікую ласку і пайшоў далей вандраваць па свеце разам са сваім ільвом. Здарылася аднойчы, што прыйшоў ён да замка, а быў той замак зачараваны, і стаяла ля замкавай брамы дзяўчына, яна была стройная, і твар быў у яе прыгожы, але ўся яна была чорная. Яна загаварыла з каралевічам і сказала:

- Ах, каб ты мог вызваліць мяне ад злых чараў!

- А што я павінен дзеля гэтага зрабіць? - запытаў каралевіч.

І адказала дзяўчына:

- Ты павінен правесці тры ночы ў вялікай зале зачараванага замка, але ніколькі не палохацца. Калі цябе пачнуць мучыць самымі жахлівымі катаваннямі, і ты вытрымаеш, не вымавіш ні гуку, я буду вызвалена ад чараў. Забраць жыццё ў цябе яны не адважацца.

І сказаў тады каралевіч:

- Я не баюся і з божай дапамогай паспрабую.

І ён весела накіраваўся ў замак, і калі ўжо сцямнела, ён усеўся ў вялікай зале і пачаў чакаць. Да самай поўначы было ціха, але раптам падняўся вялікі шум, з усіх куткоў і закуткаў з'явіліся маленькія чорцікі. Яны зрабілі выгляд, быццам яго не заўважаюць, паселі пасярод пакоя, запалілі агонь і распачалі гульню. Калі хто прайграваў, той казаў: «Гэта няправільна, тут хтосьці знаходзіцца з чужых, гэта ён вінаваты, што я прайграў». А другі чорцік сказаў: «Пачакай, зараз я да цябе прыйду, гэй, ты, там за печчу!» Крыкі рабіліся пры гэтым усё мацнейшымі і мацнейшымі, і ніхто не мог бы іх слухаць без страху. Але каралевіч працягваў сядзець зусім спакойна і не палохаўся. Ды вось, нарэшце, чэрці паўскаквалі і накінуліся на яго, і было іх так многа, што абараняцца ад іх каралевічу было не пад сілу. Яны цягалі яго па падлозе, шчыпалі, трэслі, білі і ўсяляк яго мучылі, але ён і гуку не вымавіў. Пад раніцу яны зніклі, але ён так знясілеў, што не ў стане быў і паварухнуцца. І калі наступіў світанак, прыйшла да яго чорная дзяўчына, яна трымала ў руках маленькую бутэлечку з жывой вадой і абмыла яго ёю, і ўмомант ён адчуў, што ўвесь боль знік, і яго жылы напоўніліся свежымі сіламі. Яна сказала:

- Адну ноч ты вытрымаў удала, але наперадзе яшчэ дзве.

Потым яна зноў пайшла, і калі яна адыходзіла, ён заўважыў, што ногі ў яе сталі белыя.

Наступнай ноччу чэрці з'явіліся зноў і пачалі гульню. Яны нападалі на каралевіча і білі яго куды мацней, чым мінулай ноччу, і ўсё цела ў яго пакрывалася ранамі. Але таму, што ён вытрымаў усё моўчкі, ім давялося яго пакінуць; і калі наступіў досвітак, прыйшла дзяўчына і вылечыла яго жывою вадой. А калі яна адыходзіла, ён з радасцю ўбачыў, што ўся яна стала белая.

Засталося яму вытрымаць яшчэ адну ноч, але гэта была самая цяжкая. Чортавы здані з'явіліся зноў.

- А-а, ты яшчэ тут! - закрычалі яны. - Зараз цябе будуць мучыць і катаваць так, што ты задыхнешся.

Яны калолі яго і білі, кідалі ў розныя бакі, цягалі за рукі і за ногі, нібы збіраючыся яго разарваць. Але ён выцерпеў і гуку не вымавіў. Нарэшце чэрці зніклі, а ён ляжаў непрытомны, не мог і зварухнуцца, нават вачэй ён не мог расплюшчыць, каб убачыць дзяўчыну, якая прыйшла да яго і апырскала і абліла яго жывой вадой. І ўраз ён пазбавіўся ад болю і адчуў сябе свежым і бадзёрым, быццам толькі што прачнуўся. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой дзяўчыну, і была яна ўся беласнежная і прыгожая, як ясны дзень.

- Уставай, - сказала яна, - і тройчы ўзмахні над парогам сваім мячом, і ўсё будзе вызвалена ад злых чараў.

І толькі ён гэтак зрабіў, увесь замак быў пазбаўлены чараў, і стала дзяўчына багатай каралеўнай. Прыйшлі слугі і сказалі, што ў банкетнай зале накрыты ўжо стол і пададзены стравы. Селі каралевіч з каралеўнай за стол, елі і пілі разам, а вечарам з вялікай радасцю яны адсвяткавалі вяселле.



Пераклад: Міхась Пазнякоў