epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Кароль Драздабарод

У аднаго караля была дачка, якая праславілася на ўвесь свет сваёй прыгажосцю. І праўда, красуняй яна была вышэй усякай пахвалы, але затое і ганарыстая, як ніхто. Нікога з жаніхоў не лічыла яна вартым сваёй рукі. Хто ні сватаўся да яе, усе атрымлівалі адмову ды яшчэ якое-небудзь злое слоўца ці насмешлівую мянушку ў дадатак. Стары кароль усё дараваў сваёй адзінай дачцэ, але пад канец нават яму надакучылі яе капрызы і дзівацтвы.

Ён загадаў наладзіць пышнае свята і склікаць з далёкіх краёў і суседніх гарадоў усіх маладых людзей, якія яшчэ не згубілі надзею спадабацца каралеўне і дабіцца яе прыхільнасці.

З'ехалася нямала жаніхоў. Іх паставілі ў рад, аднаго за другім, па старшынству роду і велічыні даходу. Спачатку стаялі каралі і наследныя прынцы, потым - герцагі, потым - князі, графы, бароны і, нарэшце, простыя дваране.

Пасля гэтага каралеўну павялі ўздоўж раду, каб яна магла паглядзець на жаніхоў і выбраць сабе мужам таго, хто больш за ўсіх прыйдзецца па сэрцу.

Але і на гэты раз ніхто не прыглянуўся каралеўне.

Адзін жаніх здаўся ёй надта тоўстым.

- Піўная бочка! - сказала яна.

Другі - цыбатым і даўганосым, як журавель на балоце.

- Жураўліныя доўгія ногі не знойдуць шляхі-дарогі.

Трэці ростам не ўдаўся.

- Ад зямлі не відаць - баюся растаптаць!

Чацвёртага яна знайшла надта бледным.

- Белы як смерць, худы як жардзіна!

Пятага - надта румяным.

- Чырванаскуры, на рака падобны!..

Шостага - недастаткова стройным.

- Свежае дрэва - за печкай сушанае. Было сырое, стала сухое, было прамое, стала крывое!

Словам, усім хапіла на арэхі.

Але чамусьці горш за ўсіх дасталася маладому каралю, які займаў у шэрагу жаніхоў ледзь не самае ганаровае месца.

Вось у ім, здаецца, не было нічога смешнага. Любой дзяўчыне прыйшоўся б ён па густу, толькі не нашай каралеўне. Яна, бачыце, угледзела, што бародка ў яго вастрэй, чым трэба, і надта выдаецца ўперад. І гэтага было дастаткова, каб пазабаўляцца над ім, як можна.

- Ах! - усклікнула яна і засмяялася. - Паглядзіце! Паглядзіце! У яго барада, быццам дзюба ў дразда. Кароль Драздабарод! Кароль Драздабарод!

А калі на свеце нямала ахвотнікаў пасмяяцца над суседам, то слоўца гэта тут жа падхапілі, і ніхто з той пары не называў інакш маладога караля, як кароль Драздабарод.

Але ў кожнай забавы ёсць канец.

Калі стары кароль, бацька чароўнай каралеўны, убачыў, што дачка яго зусім і не думае выбіраць сабе жаніха, а толькі дарэмна забаўляецца людзьмі, якія з'явіліся па яго запрашэнні, ён моцна раззлаваўся і пакляўся сваёй галавой і каронай, што выдасць яе за першага жабрака, які трапіцца, які пагрукае ў браму.

Прайшло два дні. І вось пад вокнамі палаца затрымцелі струны, і нейкі вандроўны музыка зацягнуў песеньку. Спеў быў варты музыкі, ды і песня была з тых, якія спяваюцца не дзеля весялосці, а толькі для таго, каб расчуліць слухачоў і выпрасіць у іх трохі грошай ці кавалак хлеба.

Але кароль прыслухаўся і паслаў па музыку сваіх слуг.

- Упусціце яго. Няхай зойдзе сюды! - сказаў ён.

Брудны, абарваны жабрак нясмела ўвайшоў у палац і праспяваў перад каралём і каралеўнай усё, што ведаў і помніў. А потым нізка пакланіўся і папрасіў міласціва ўзнагародзіць яго не столькі за ўмельства, колькі за старанне. Кароль сказаў:

- Якая праца, такая і плата. Мне так спадабаліся твае спевы, браток, што я вырашыў выдаць за цябе родную дачку.

Пачуўшы гэтыя словы, каралеўна ў жаху кінулася перад бацькам на калені, але кароль нават не паглядзеў на яе.

- Нічога не зробіш! - сказаў ён. - Я пакляўся сваёй галавой і каронай, што аддам цябе за першага жабрака, які трапіцца, і я стрымаю сваю клятву!

Колькі ні плакала каралеўна, колькі ні маліла - усё было дарэмна. Яе тут жа абвянчалі з жабраком-музыкай.

А пасля вянчання кароль сказаў:

- Не бывае такога, каб жонка жабрака жыла ў каралеўскім палацы. Можаш адпраўляцца са сваім мужам на ўсе чатыры бакі.

Жабрак музыка, не кажучы ні слова, узяў за руку маладую жонку і вывеў яе за браму. Першы раз у жыцці каралеўна пешкі выйшла з бацькоўскага палаца.

Апусціўшы галаву, не азіраючыся па баках, ішла яна следам за сваім мужам па камяністай пыльнай дарозе.

Доўга ішлі яны так па раўнінах і ўзвалках, па дарогах, дарожках і сцяжынках. І нарэшце сцяжынка вывела іх у засень густога лесу.

Яны селі адпачыць пад старым дубам, і каралеўна спытала, міжволі задзівіўшыся цяністымі дрэвамі:

 

- Чый гэта лес на захад і на ўсход?

- Там гаспадар - кароль Драздабарод.

Была б ты яго жонкай дарагой -

То быў бы твой.

 

Каралеўна задумалася, а потым уздыхнула і прашаптала:

 

- Каб зноў мне заручыцца са свабодай,

То стала б жонкай я Драздабарода!

 

Музыка скоса паглядзеў на яе, але нічога не сказаў. Яны пайшлі далей.

І вось перад імі - паўнаводная рака, а ўздоўж берага сцелецца свежы, сакавіты луг.

Каралеўна зноў спытала:

 

- Чый гэта луг над мостам сініх вод?

- Там гаспадар - кароль Драздабарод.

Была б ты яго жонкай дарагой -

То быў бы твой.

 

- Ах, - сказала каралеўна, глытаючы слёзы. -

 

Каб зноў мне заручыцца са свабодай,

То стала б жонкай я Драздабарода!

 

Музыка нахмурыўся, паківаў галавой, але і тут нічога не сказаў ёй. І яны зноў пайшлі далей.

Калі сонца пачало хавацца за пагоркамі, каралеўна і жабрак-музыка падышлі да сцен вялікага багатага горада. Над залатой цяжкой брамай узвышалася круглая вежа.

Каралеўна спытала:

 

- Чый гэта горад з вежай ля варот?..

- Там гаспадар кароль Драздабарод.

Была б ты яго жонкай дарагой -

То быў бы твой!

 

Тут каралеўна не вытрымала. Яна горка заплакала і ўсклікнула, заломваючы рукі:

 

- Каб зноў мне заручыцца са свабодай,

То стала б жонкай я Драздабарода!..

 

Музыка раззлаваўся:

- Слухай, галубка! - сказаў ён. - Не вельмі мне па густу, што ты на кожным слове згадваеш другога і шкадуеш, што не пайшла за яго. А я, што ж, недастаткова добры для цябе?

Каралеўна прыціхла. Не абмяняўшыся ніводным словам, яны прайшлі праз увесь горад і спыніліся на самай ускраіне, каля маленькага, уросшага ў зямлю дамка. Сэрца скаланулася ў грудзях каралеўны. Яна паглядзела на дамок, на мужа і сарамліва спытала:

- Чый гэта дом пад зрэбнаю страхой?

- Ён мой і твой! - адказаў з гордасцю музыка і адчыніў перакошаныя дзверы. - Тут мы з табой будзем жыць. Заходзь!

Ёй давялося нахіліцца, каб, пераступаючы парог, не ўдарыцца галавой аб нізкую прыталаку.

- А дзе ж слугі? - спытала каралеўна, пазіраючы пабаках.

- Якія там слугі? - адказаў жабрак. - Што спатрэбіцца, зробіш сама. Вось распалі агеньчык, пастаў ваду ды згатуй мне чаго-небудзь паесці. Я не на жарты стаміўся.

Але каралеўна не мела ніякага паняцця пра тое, як распальваюць агонь і гатуюць, і музыку давялося самому прыкласці да ўсяго рукі, каб справа сяк-так пайшла на лад.

Нарэшце небагатая вячэра паспела. Яны паелі і ляглі адпачыць.

А на другі дзень жабрак ні свет ні зара падняў з пасцелі бедную каралеўну:

- Уставай, гаспадынька, некалі песціцца! Ніхто за цябе працаваць не стане!

Пражылі яны дні два так сабе, і мала-памалу ўсе прыпасы беднага музыкі падышлі да канца.

- Ну, жонка, - сказаў ён, - добранькага пакрысе. Гэтае гультайства не давядзе нас да дабра. Мы з табой толькі праядаемся, а зарабляць нічога не зарабляем. Пачні ты нарэшце хоць кошыкі плесці, ці што... Прыбытак ад гэтага невялікі, ды затое і праца нецяжкая.

Ён пайшоў у лес, нарэзаў лазы і прынёс дадому цэлую вязку.

Каралеўна ўзялася плесці кошыкі, але жорсткія пруты не слухаліся яе. Яны не хацелі ні згінацца, ні пераплятацца і толькі падрапалі ды пакалолі яе белыя ручкі.

- Так! - сказаў муж, паглядзеўшы на яе работу. - Бачу, што гэта справа не для такіх беларучак, як ты. Сядай лепш прасці. Можа, хоць на гэта ў цябе хопіць розуму ды ўмельства.

Яна села за калаўрот, але грубая нітка ўразалася ў пяшчотныя пальцы, і кроў капала з іх гэтак жа часта, як слёзы з яе вачэй.

- Проста гора з табой! - сказаў муж. - Ну памяркуй сама - на што ты здатная! Паспрабаваць, ці што, гандляваць гаршкамі ды ўсякімі там глінянымі кубкамі-міскамі! Будзеш сядзець на рынку, міргаць вачыма і атрымліваць грошыкі.

«Ах, - падумала каралеўна, - што калі хто-небудзь з нашага каралеўства прыедзе ў гэты горад, прыйдзе на плошчу і ўбачыць, што я сяджу на рынку і гандлюю збанкамі! Як яны будуць смяяцца нада мной!»

Але рабіць не было чаго. Або памірай з голаду, або згаджайся на ўсё. І каралеўна згадзілася.

Спачатку гандаль ішоў слаўна. Людзі нарасхват бралі збанкі ў цудоўнай гандляркі і плацілі ёй, не таргуючыся, усё, што яна ні прасіла. Мала таго, іншыя давалі ёй грошы ды яшчэ ў дадатак толькі што набытыя збанкі.

Так жылі яны да той пары, пакуль усе кубкі і міскі не былі распрададзены. А потым муж зноў закупіў цэлы воз глінянага посуду. Каралеўна ўселася на рыначнай плошчы, каля дарогі, расставіла вакол свой тавар і падрыхтавалася гандляваць.

Як раптам, адкуль ні вазьміся, нейкі п'яны гусар на гарачым кані, як віхор, вылецеў з-за вугла і пранёсся па збанках, пакідаючы за сабой воблака пылу ды кучу бітых чарапкоў.

Каралеўна залілася слязьмі.

- Ах, як мне перападзе! - у страху гаварыла яна, перабіраючы рэшткі растаптанага посуду. - Ах, што цяпер скажа мой муж.

Яна пабегла дадому і, плачучы, расказала яму пра сваё няшчасце.

- Ды хто ж садзіцца з гліняным посудам на рынку з краю, ля праезнай дарогі! - сказаў муж. -Ну добра! Досыць раўсці! Я выдатна бачу, што ты не здатна ні для якой прыстойнай работы. Толькі што я быў у каралеўскім замку і спытаў там на кухні, ці не патрэбна ім пасудамыйка. Кажуць - патрэбна. Збірайся! Я адвяду цябе ў замак і ўладкую там. Не будзеш у рэшце рэшт галадаць.

Так цудоўная каралеўна стала пасудамыйкай. Яна была цяпер на пасылках у повара і рабіла самую чорную работу. У глыбокія кішэні свайго вялікага хвартуха яна засунула па гаршчэчку і складвала там рэшткі ежы, якая выпадала на яе долю. А вечарам несла гэтыя гаршчэчкі дадому, каб павячэраць пасля работы.

У той самы час, калі каралеўна-пасудамыйка чысціла на кухні закураныя катлы і выграбала з печы попел, у палацы рыхтаваліся адсвяткаваць вялікую падзею - вяселле маладога караля. Наступіў нарэшце і ўрачысты дзень. Скончыўшы работу, каралеўна ціхенька прабралася з кухні наверх і стаілася за дзвярыма параднай залы, каб хаця здаля падзівіцца на каралеўскае свята.

І вось запаліліся тысячы свечак. Агні зіхацелі на золаце, серабры і каштоўных каменнях, і госці - адзін прыбраны лепш за другога - сталі ўваходзіць у каралеўскія пакоі.

Каралеўна глядзела на іх са свайго кутка, і чым даўжэй яна глядзела, тым усё цяжэй станавілася ў яе на сэрцы.

«Я лічыла калісьці, што я лепшая за ўсіх на свеце, што я першая з першых, - думала яна. - І вось цяпер я - апошняя з апошніх...»

Міма яе чарадой праходзілі слугі, несучы на выцягнутых руках вялізныя блюды з дарагімі стравамі. А вяртаючыся назад, то адзін, то другі кідаў ёй які-небудзь кавалак, які заставаўся - скарынку пірага, крылца птушкі ці рыбін хвост, і яна лавіла ўсе гэтыя хвасты, крылцы і скарынкі, каб прыхаваць іх у свае гаршчэчкі, а потым аднесці дадому.

Раптам з залы выйшаў сам малады кароль - увесь у шоўку і аксаміце, з залатым ланцугом на шыі.

Убачыўшы за дзвярыма маладую, прыгожую жанчыну, ён схапіў яе за руку і пацягнуў танцаваць. Але яна адбівалася ад яго з усіх сіл, адварочваючы твар і хаваючы вочы. Каралеўна так баялася, што ён пазнае яе! Бо гэта быў кароль Драздабарод - той самы кароль Драздабарод, якога яшчэ зусім нядаўна яна высмеяла невядома за што і прагнала з ганьбай.

Але не так лёгка было вырвацца з яго дужых рук.

Кароль Драздабарод вывеў каралеўну-пасудамыйку на самую сярэдзіну залы і пусціўся з ёй у скокі.

І тут завязка яе хвартуха лопнула. Гаршчэчкі вываліліся з кішэняў, ударыліся аб падлогу і разляцеліся на дробныя чарапкі. Пырснулі ва ўсе бакі і першае, і другое, і суп і смажаніна, і костачкі і скарынкі.

Здавалася, сцены каралеўскага замка абрушацца ад смеху. Смяяліся знатныя госці, якія прыбылі на свята, смяяліся прыдворныя дамы і кавалеры, смяяліся юныя пажы і сівыя саветнікі, рагаталі і слугі, згінаючыся ў тры пагібелі і хапаючыся за бакі.

Адной каралеўне было не да смеху.

Ад сораму і знявагі яна гатова была праваліцца скрозь зямлю.

Закрыўшы твар рукамі, выбегла яна з залы і стрымгалоў кінулася ўніз па лесвіцы.

Але хтосьці дагнаў яе, схапіў за плечы і павярнуў да сябе.

Каралеўна падняла галаву, зірнула і ўбачыла, што гэта зноў быў ён - кароль Драздабарод!

Ён ласкава сказаў ёй:

- Не бойся! Ці ж ты не пазнаеш мяне? Бо я той самы бедны музыка, які быў з табой у маленькім перакошаным дамку на ўскраіне горада. І я той самы гусар, які растаптаў твае гаршкі на базары. І той абсмяяны жаніх, якога ты пакрыўдзіла ні за што ні пра што. З-за кахання да цябе я змяніў мантыю на жабрацкія лахманы і правёў цябе дарогай зняваг, каб ты зразумела, як горка чалавеку быць пакрыўджаным і абсмяяным, каб сэрца тваё памягчэла і стала такім жа цудоўным, як і твар.

Каралеўна горка заплакала.

- Ах, я так вінавата, так вінавата, што не заслугоўваю быць тваёй жонкай... - прашаптала яна.

Але кароль не даў ёй дагаварыць.

- Годзе! Усё дурное засталося ззаду, - сказаў ён. - Давай жа святкаваць наша вяселле!

Прыдворныя дамы прыбралі маладую каралеўну ў сукенку, расшытую алмазамі і жэмчугамі, і павялі ў самую вялікую і цудоўную залу палаца, дзе яе чакалі знатныя госці і сярод іх - стары кароль, яе бацька.

Усе віншавалі маладых і без канца жадалі ім шчасця і згоды.

Тут і пачалося сапраўднае вяселле. Шкада толькі, што нас з табой там не было...



Пераклад: Валянцін Лукша