epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Малады велікан

У аднаго селяніна быў сын ростам з мезены палец. Праходзіў год за годам, а хлопчык не рос, усё заставаўся такім жа маленькім.

Вось аднойчы сабраўся бацька поле араць, а сын і гаворыць яму:

- Бацька, вазьмі мяне з сабой.

- Што ты, - кажа бацька, - заставайся лепш дома: ты такі маленькі, глядзіш, і згубішся.

А сын гаворыць:

- Не, я не згублюся, вазьмі мяне з сабой.

Ну што тут рабіць? Запхнуў яго бацька сабе ў кішэню і паехаў на поле.

Вось прыехалі яны на поле. Пачаў бацька зямлю араць, а сына пасадзіў у свежую баразну.

Бацька арэ, а сын па баразне гуляе.

Раптам выходзіць з-за гары велікан.

- Бачыш велікана? - гаворыць бацька сыну. - Глядзі, далёка не адыходзься, а то ўбачыць цябе велікан і забярэ з сабою.

Так і здарылася. Велікан зрабіў два крокі і апынуўся ля той самай баразны, па якой гуляў хлопчык.

Нахіліўся над ім велікан, падняў яго асцярожна двума пальцамі, агледзеў з усіх бакоў, потым запхнуў сабе ў кішэню і пайшоў.

Бацька так перапалохаўся, што слова вымавіць не мог.

«Прапаў, - думае, - мой сын, ніколі мне больш яго не ўбачыць. Чаму толькі я яго з сабой на поле ўзяў?»

А велікан занёс хлопчыка да сябе ў горы і пачаў яго там карміць горнымі арэхамі са свайго саду. Хто гэтых арэхаў паесць, той веліканам стане.

Два гады жыў хлопчык у велікана, два гады лускаў арэхі і з кожным днём рабіўся вышэйшым і дужэйшым.

І вось вырашыў нарэшце велікан выпрабаваць сілу хлопчыка.

Павёў ён яго ў лес і сказаў:

- Ану, пакажы сваю сілу.

Хлопчык схапіў дзвюма рукамі маладое дрэўца і вырваў яго з коранем.

- Не, - гаворыць велікан, - відаць, ты мала сілы набраўся. Трэба табе яшчэ ў мяне пажыць, яшчэ арэхаў паесці.

Зноў прайшлі два гады. І зноў павёў велікан хлопчыка ў лес.

На гэты раз хлопчык вырваў з зямлі старое дрэва з тоўстымі і доўгімі каранямі.

Але і тут велікан сказаў:

- Не, мала яшчэ ў цябе сілы, ідзём дамоў.

І яшчэ два гады пражыў хлопчык у велікана. Арэхі еў, сілы набіраўся. І так вырас за гэты час, што стаў ужо не хлопчыкам, а маладым веліканам. Трэці раз пайшлі яны ў лес.

- Ану, пакажы сваю сілу, - сказаў яму велікан.

Хлопчык паглядзеў навокал, выбраў самы тоўсты дуб і пачаў вырываць яго з коранем. Па ўсім лесе і трэск пайшоў, калі ён цягнуў дрэва з зямлі.

- Вось цяпер у цябе сілы даволі, - сказаў яму велікан і павёў на тое ж самае поле, адкуль прынёс хлопчыка шэсць гадоў таму назад.

А бацька хлопчыка, як і шэсць гадоў таму назад, араў у гэты час зямлю.

Раптам падходзіць да яго малады велікан і гаворыць:

- Дзень добры, бацька. Бачыш, якім малайцом я стаў.

Бацька спалохаўся.

- Што ты, - гаворыць, - я цябе не ведаю, ідзі сваёй дарогай.

А малады велікан кажа:

- Не, я твой сын. Дай ты мне паараць, я не горш за цябе спраўлюся.

Не верыць бацька.

- Зусім ты не мой сын, - гаворыць. - Ідзі адсюль, ты мне ўсё поле стопчаш.

А велікан стаіць і не з месца.

Кінуў тады бацька плуг, адышоўся ўбок і сеў на камень.

Ухапіўся малады велікан за плуг, націснуў на яго злёгку адной рукой, ды так, што ўвесь плуг у зямлю ўвайшоў.

Разгневаўся бацька.

- Гэй, - крычыць, - што ты робіш? Хіба так аруць? Ты плуг паломіш!

Тады малады велікан выпраг коней, а сам упрогся замест іх. А бацьку крыкнуў:

- Ідзі ты дамоў ды загадай маці ежы пабольш нарыхтаваць, пакуль я тут поле ару!

Бацька махнуў рукой і пайшоў дамоў. Малады велікан хутка ўзараў усё поле. Потым упрогся ў дзве бараны і імгненна забаранаваў яго. А калі закончыў працу, вырваў на ўзлессі два дубы з каранямі, узваліў іх сабе на плечы і падвесіў да іх верхавін і каранёў плуг, коней,і бароны.

Прыходзіць ён у двор да сваіх бацькоў. А маці глядзіць на яго і не пазнае.

- Хто гэты страшны велікан, які нясе нашых коней? - пытаецца яна ў бацькі.

- Гэта наш сын, - адказвае ёй бацька.

- Што ты, - гаворыць маці. - Хіба наш сын такі быў? Наш быў маленькі.

А сын паставіў коней у канюшню, даў ім аўса і сена, а плуг і бароны занёс у хлеў. Потым гаворыць мацеры:

- Матуля, я прагаладаўся. Ці няма ў цябе чаго-небудзь паесці?

- Зараз, - гаворыць маці, - прынясу.

Прынесла яна дзве вялікія місы бульбы. Ёй з бацькам хапіла б гэтага на восем дзён, а сын праглынуў усю бульбу зараз і яшчэ папрасіў. Дала яму маці поўны кацёл свініны. Ён і свініну з'еў, а ўсё яшчэ галодны.

- Ну, - кажа ён бацьку і маці, - бачу я, не пракарміць вам мяне. Дайце мне жалезны кій, ды такі моцны, каб яго аб калена зламаць я не мог. І пайду я з гэтым кіем па свеце вандраваць.

Пайшоў бацька ў кузню і заказаў яму вялікі жалезны кій.

Выкаваў каваль кій, ды такі доўгі і цяжкі, што яго двое коней ледзь прывезлі.

Узяў яго велікан за абодва канцы, упёрся ў сярэдзіну каленам - кій трэснуў і зламаўся.

Тады бацька запрог дзве пары коней і паехаў у кузню па новы кій.

Яшчэ таўсцейшы новы кій, яшчэ цяжэйшы.

А велікан і гэты кій зламаў аб калена.

Запрог тады бацька чатыры пары коней. Ледзь дацягнулі яны дамоў трэці кій.

А сын узяў яго, зламаў і кажа:

- Бачу, бацька, не здабыць табе для мяне добрага кія. Прыйдзецца мне без яго вандраваць.

Развітаўся ён з бацькамі і пайшоў з дому. Ішоў дзень, ішоў другі, а на трэці дзень дабраўся да адной вёскі, дзе стаяла вялікая кузня.

Гаспадар гэтай кузні быў багаты і скупы каваль. Зайшоў малады велікан у кузню і кажа:

- Ці не патрэбны табе, гаспадар, работнік?

- Што ж, - кажа каваль, - работнік мне патрэбны. А ці многа ты за работу просіш?

- Не, - адказвае малады велікан. - Мне грошы зусім не патрэбны, я дарма буду працаваць. Толькі кожныя два тыдні буду табе па два выспяткі даваць. Згодзен?

Абрадаваўся скупы каваль. Думае - выспятак не бяда, былі б грошы цэлыя.

- Згодзен, - гаворыць, - заставайся ў мяне.

Выцягнуў каваль з горна раскаленую паласу жалеза, а малады велікан як стукне па ёй молатам - жалеза, нібы шкло, рассыпалася, а кавадла ў зямлю ўвайшло.

Разгневаўся каваль.

- Што гэта ты, - гаворыць, - разбойнік, робіш? Хіба можна так біць? Кажы, колькі хочаш за гэты ўдар атрымаць, ды ідзі адсюль хутчэй.

- Грошы твае мне не патрэбны, - гаворыць малады велікан. - Расплачвайся, як абяцаў.

Даў ён гаспадару выспятка, і паляцеў гаспадар, як пёрка, - праз чатыры стагі сена пераляцеў.

А малады велікан знайшоў сабе ў кузні тоўсты жалезны кій і пайшоў далей.

Ішоў ён, ішоў і прыйшоў нарэшце да варот багатай сядзібы.

На шырокім двары стаяў сам памешчык.

Малады велікан пакланіўся яму і кажа:

- Ці не патрэбны табе работнік?

- Работнік мне патрэбны, - адказвае памешчык, - але ці шмат ты за год грошай хочаш?

- Грошы мне не патрэбны, - кажа малады велікан. - Вось папрацую я ў цябе год і дам табе тры выспяткі, і не болей.

А памешчык скупы быў, яшчэ скупейшы за каваля. Абрадаваўся ён, што грошай плаціць не прыйдзецца, і кажа:

- Я згодзен.

На другі дзень паслаў памешчык усіх сваіх работнікаў у лес па дровы. Сабраліся работнікі, запрэглі коней, а малады велікан яшчэ спіць.

Упраўляючы падышоў да яго і крычыць на самае вуха:

- Уставай хутчэй! Усе ўжо ў лес паехалі!

- Ну і няхай едуць, - кажа малады велікан. - А я пасплю ўволю, бо ўсё роўна раней за ўсіх работу закончу.

Пайшоў упраўляючы да памешчыка і пачаў яму скардзіцца:

- Спіць велікан і на працу ісці не хоча. Што з ім рабіць?

Тут памешчык сам пайшоў будзіць велікана.

- Ты чаго валяешся, гультай, уставай хутчэй!

- Добра! - адказвае малады велікан. - Зараз устану!

Устаў ён, апрануўся не спяшаючыся. Прынёс два мяшкі гароху, зварыў сабе вялікі чыгун кашы, з'еў усю кашу начыста, а потым запрог коней і паціху паехаў у лес.

Прыехаў у лес, вырваў з зямлі два вялізныя дрэвы, кінуў на воз і павярнуў коней дамоў.

Толькі ўехаў у вароты - насустрач яму памешчык. Глядзіць на яго сярдзіта і кажа:

- Ты чаму так хутка вярнуўся, гультай?

Малады велікан узяў дрэва адной рукой і паказаў памешчыку.

- Чаго ты, - кажа, - дарэмна лаешся? Тут з аднаго дрэва гара дроў будзе.

Памешчык яму нічога не адказаў, а дома пахваліўся жонцы:

- Добры нам работнік папаўся. Хоць і спіць больш за ўсіх, ды затое і працуе лепш за ўсіх.

Цэлы год пражыў малады велікан у памешчыка, прыйшоў ён да гаспадара і кажа:

- Ну, гаспадар, плаці за работу - атрымлівай тры выспяткі.

Спалохаўся памешчык, пачаў прасіць велікана:

- Не давай ты мне выспяткаў, лепш стань замест мяне памешчыкам, а я буду работнікам тваім.

- Не, - адказвае малады велікан. - Як дамовіліся, так і расплачвайся. Атрымлівай выспяткі.

Пачаў яго памешчык угаворваць:

- Пажыві ў мяне, калі ласка, яшчэ два тыдні. Папрацуй яшчэ трошкі.

- Ну, два тыдні - тэрмін невялікі, - кажа малады велікан. - Так і быць, пажыву.

А памешчык сабраў усіх сваіх суседзяў-памешчыкаў, і пачалі яны ўсе разам думаць, як загубіць маладога велікана. Думалі яны, думалі і прыдумалі.

- Загадай, - кажуць, - маладому велікану калодзеж вычысціць. А як спусціцца ён туды, мы на яго зверху жорны скінем і заб'ём яго.

Так і зрабілі.

Палез малады велікан у калодзеж, а памешчыкі на яго самыя цяжкія, млынавыя, жорны скінулі.

«Ну, - думаюць памешчыкі, - цяпер ужо мы забілі велікана, цяпер ужо мы ад яго пазбавіліся!»

А малады велікан крычыць з калодзежа:

- Гэй, вы, адганіце курэй ад калодзежа! Яны там наверсе грабуцца, а на мяне пясочак сыплецца!

Закончыў велікан работу і вылез адтуль з жорнамі на шыі.

- Глядзіце, - кажа, - якія ў мяне каралі.

Зняў ён з сябе жорны і падышоў да памешчыка.

- Ану, - кажа, - гаспадар, плаці спаўна, атрымлівай выспяткі.

Стукнуў ён яго разок - і ўзляцеў памешчык пад самыя аблокі.

А велікан пайшоў да жонкі памешчыка.

- Дай жа, - гаворыць, - я і табе заадно выспятка дам, каб мужу твайму аднаму сумна не было.

Памешчыца ад выспятка яшчэ вышэй за памешчыка ўзляцела. Яна трошкі лягчэйшая за яго была. Вось лятаюць жонка і муж пад аблокамі.

Муж кажа:

- Жонка, спускайся да мяне.

А жонка адказвае:

- Не, муж, ты да мяне падымайся.

Муж кажа:

- Не, ты спусціся, я не магу да цябе падняцца.

А жонка адказвае:

- Не, ты падыміся, я не магу да цябе спусціцца.

Так яны і да гэтага часу ўсё лятаюць і спрачаюцца. А велікан узяў свой жалезны кій і пайшоў далей хадзіць па свеце.



Пераклад: Уладзімір Карызна