epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Маленькія чалавечкі

Жыў на свеце шавец. Грошай у яго зусім не было. І гэтак ён нарэшце збяднеў, што застаўся ў яго толькі адзін кавалак скуры на пару ботаў. Выкраіў пад вечар ён з гэтай скуры загатоўкі для ботаў і падумаў: «Лягу я спаць, а заўтра падымуся раней і пашыю боты».

Так ён і зрабіў: лёг і заснуў. А раніцай прачнуўся, памыўся і хацеў садзіцца за працу - боты шыць. Але глядзіць - работа яго ўжо гатова - пашыты боты.

Вельмі здзівіўся шавец. Ён не ведаў нават, як такі выпадак можна растлумачыць.

Узяў ён боты і пачаў іх уважліва разглядваць.

Як добра былі яны пашыты! Ні аднаго шыўка няправільнага. Адразу было відаць, што адмысловы майстар тыя боты шыў. А хутка знайшоўся і пакупнік на боты. І так яны яму спадабаліся, што заплаціў ён за іх вялікія грошы. Змог цяпер шавец купіць сабе скуры на дзве пары ботаў. Скроіў ён вечарам дзве пары і думае: «Лягу я зараз спаць, а раніцай на зары ўстану і пачну шыць».

Падняўся ён раніцай, памыўся, глядзіць - гатовы абедзве пары ботаў.

Пакупнікі зноў хутка знайшліся. Вельмі ім спадабаліся боты. Заплацілі яны шаўцу вялікія грошы, і змог той купіць сабе скуры на цэлыя чатыры пары ботаў.

На наступную раніцу і гэтыя чатыры пары былі гатовы.

І так пайшло з гэтага часу кожны дзень. Што скроіць вечарам шавец, тое да раніцы пашыта ўжо.

Скончылася ў шаўца беднае ды галоднае жыццё.

Аднойчы вечарам скроіў ён, як заўсёды, боты, але перад сном раптам гаворыць сваёй жонцы:

- Слухай, жонка, а што, калі сёння ноччу не класціся спаць, а паглядзець, хто гэта нам боты шые?

Жонка абрадавалася і сказала:

- Зразумела, не будзем класціся, давай паглядзім.

Запаліла жонка свечку на стале, потым схаваліся яны ў кутку пад адзеннем і пачалі чакаць.

І вось роўна ў поўнач прыйшлі ў пакой маленькія чалавечкі. Селі яны за шавецкі стол, узялі сваімі маленькімі пальчыкамі накроеную скуру і пачалі шыць.

Яны так жвава і хутка тыкалі шыламі, шылі ды пастуквалі малаткамі, што шавец ад здзіўлення не мог адарваць ад іх вачэй. Яны працавалі да таго часу, пакуль не пашылі ўсе боты. А калі апошняя пара была гатова, саскочылі чалавечкі са стала і адразу зніклі.

Раніцай жонка кажа мужу:

- Маленькія чалавечкі зрабілі нас багатымі. Трэба і нам зрабіць для іх што-небудзь добрае. Прыходзяць чалавечкі да нас па начах, адзення на іх няма, і, напэўна, ім вельмі холадна. Ведаеш, што я прыдумала: пашыю я кожнаму з іх куртачку, кашульку і штонікі. А ты ім боцікі змайструй.

Выслухаў жонку муж і гаворыць:

- Добра ты прыдумала. Вось жа яны, мусіць, абрадуюцца!

Аднойчы вечарам паклалі яны свае падарункі на стол замест выкраенай скуры, а самі зноў схаваліся ў кутку і пачалі чакаць маленькіх чалавечкаў.

Роўна ў поўнач, як заўсёды, прыйшлі ў пакой маленькія чалавечкі. Яны скочылі на стол і хацелі адразу ж узяцца за работу. Але глядзяць - на стале замест скроенай скуры ляжаць чырвоныя кашулькі, касцюмчыкі і стаяць маленькія боцікі.

Адразу здзівіліся маленькія чалавечкі, а пасля вельмі абрадаваліся.

Хутка-хутка адзелі свае прыгожыя касцюмчыкі і боцікі, затанцавалі і заспявалі:

 

- Славім мы ўборы хорам -

Болей нечага тужыць!

Рады мы сваім уборам

І не будзем боты шыць!

 

Доўга спявалі, танцавалі і скакалі цераз крэслы і лаўкі маленькія чалавечкі. Потым яны зніклі і больш ужо не прыходзілі шыць боты. Але шчасце і ўдача не пакідалі з таго часу шаўца праз усё яго доўгае жыццё.



Пераклад: Уладзімір Карызна