epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Шэсць слуг

Даўным-даўно жыла старая каралева. Была яна вядзьмарка. А дачка яе - прыгажуня на ўвесь белы свет. Але яна пра яе мала клапацілася. Усё болей пра сваё вядзьмарства.

Прыходзіць, напрыклад, да дачкі жаніх. А яна яму свае заданні дае. Хлопец дзеля нявесты пагаджаецца, а таго не ведае, што заданні ў старой каралевы вядзьмарскія, іх нельга выканаць. Вось і ставілі смельчакоў на калені, адсякалі ім галовы.

Пачуў адзін каралевіч пра незвычайную прыгажосць дзяўчыны, кажа свайму бацьку:

- Дазвольце мне схадзіць у сваты да прыгажуні.

- Я не магу табе дазволіць, - адказаў кароль. - Калі пойдзеш туды, то назад ужо не вернешся.

Пасля гэтага каралевіч моцна захварэў. Праляжаў у ложку ажно сем гадоў. Ніводзін лекар не мог яго вылечыць. Зразумеў бацька, што сын жыве адной надзеяй, і з сумам у сэрцы сказаў:

- Адпраўляйся да прыгажуні і паспрабуй шчасця. Я бяссільны табе дапамагчы.

Як пачуў гэта каралевіч, падняўся з ложка, адчуў сябе здаровым. Весела рушыў у шлях-дарогу.

Ехаў ён на кані цераз пустку, бачыць, ляжыць у полі як бы вялікая капа сена. Пад'ехаў бліжэй і вачам сваім не паверыў. Там ляжаў вялізны чалавек. Пуза ў яго было падобна на невялікі пагорак. Убачыў таўстун вандроўніка, падняўся ў поўны рост, кажа:

- Калі вам патрэбен слуга, вазьміце мяне з сабою.

Каралевіч засумняваўся:

- Ды што мне з такім цельпуком рабіць?

- О, - сказаў таўстун, - гэта што, вось калі я раздзьмуся ва ўсю моц, то стану ў тры тысячы разоў таўсцейшым.

- Калі так, - пагадзіўся каралевіч, - ты мне спатрэбішся. Ідзі за мной!

Пайшоў таўстун за каралевічам. Праз нейкі час сустрэлі яны яшчэ аднаго чалавека. Той ляжаў на зямлі вухам да травы.

- Што ты тут робіш? - спытаў каралевіч.

- Прыслухваюся, - адказаўчалавек.

- Да чаго?

- Прыслухваюся, што цяпер робіцца ў свеце. Ад мяне нічога не ўтоіцца. Я чую нават, як расце трава.

Каралевіч пацікавіўся:

- Скажы, што ты чуеш у двары старой каралевы, у якой дачка прыгажуня?

- Чую, як меч свішча, галаву жаніху адсякаюць.

Каралевіч вырашыў:

- Ты мне спатрэбішся. Ідзі за мной!

Рушылі яны далей. У хуткім часе прыкмецілі чалавечыя ногі са ступнямі. Праехалі яшчэ нямала пакуль убачылі тулава, а пасля і саму галаву.

- Эй! - здзівіўся каралевіч. - Ты доўгі, як вялікі канат.

- Гэта што, - адказаў незнаёмец, - калі я выцягнуся як след, то зраблюся ў тры тысячы разоў даўжэйшым і большым за самую высокую гару на зямлі. Я мог бы служыць вам, калі возьмеце з сабой.

- Ідзі за мной! Ты мне спатрэбішся.

Па дарозе сустрэлі яшчэ аднаго чалавека. Той сядзеў з завязанымі вачыма.

- Можа, у цябе вочы хворыя? - спытаў каралевіч.

- Ды не, - адказаў незнаёмец, - калі я здыму павязку і зірну на што-небудзь, то ўсё разляціцца на кавалкі.

- Добра, ідзі за мной! Ты мне спатрэбішся.

Пайшлі яны далей усе разам. Ды раптам знайшлі на дарозе новага чалавека. Ён ляжаў на самым сонцапёку і трымцеў. Яго калаціла так, што зуб на зуб не трапляў.

- Чаму табе так холадна? - спытаў каралевіч.

- Ах, - адказаў чалавек, - у мяне такая натура: чым гарачэй у прыродзе, тым халадней мне, і наадварот: чым халадней, тым мне гарачэй. На лёдзе я пакутую ад спёкі, а ў агні - ад холаду.

- Дзіўны чалавек! - сказаў каралевіч. - Калі хочаш мне служыць, то ідзі за мной.

Пайшлі яны далей. Бачаць, стаіць чалавек, узіраецца ў горы.

- Што ты там бачыш? - цікавіцца каралевіч.

- У мяне такі востры зрок, што я ўсё бачу праз лес, поле, горы, даліны. Праз увесь свет бачу!

Сказаў каралевіч:

- Калі хочаш, ідзі за мной. Такога ў мяне яшчэ няма.

Так з шасцю сваімі слугамі каралевіч завітаў у горад, дзе жыла старая каралева. Ён не аб'явіў, хто такі, а сказаў:

- Калі вы згодны выдаць за мяне вашу дачку-прыгажуню, я выканаю ўсё, што загадаеце.

Узрадавалася вядзьмарка, што зноў трапіў да яе такі цудоўны юнак, і кажа:

- Я задам табе трайную задачу. Калі выканаеш кожную з іх, станеш мужам маёй дачкі.

- Якая твая першая задача? - спытаў каралевіч.

- Ты павінен дастаць мой пярсцёнак, які я ўпусціла ў Чырвонае мора.

Вярнуўся каралевіч дамоў да сваіх слуг, расказаў і пра свой клопат.

Адгукнуўся той, які меў востры зрок:

- Я пагляджу, дзе пярсцёнак ляжыць.

Зірнуў ён у глыб мора, сказаў:

- Вісіць ён там на вострым камені.

За далейшую працу ўзяліся Даўгалыгі і Таўстун. Падышлі яны да мора. Таўстун улёгся на зямлю, падставіў рот да вады. І паплылі хвалі яму ў рот, як бы ў бездань якую. Выпіў ён усё мора. Стала яно сухое, як луг. Тады нагнуўся Даўгалыгі і дастаў рукой пярсцёнак.

Узрадаваўся каралевіч, калі атрымаў знаходку. Панёс старой каралеве. Здзівілася тая і кажа:

- Так, гэта мой пярсцёнак! Першую задачу ты выканаў. Цяпер чарга за другой. Бачыш, вунь на лузе перад маім замкам пасвяцца трыста быкоў. Ты павінен іх усіх з'есці. Разам са скурай, поўсцю, косткамі, рагамі. А ўнізе ў склепе стаіць трыста бочак віна. Ты павінен іх усе выпіць. Калі ад быкоў застанецца хоць адна валасінка, а ад віна хоць адна кропля, развітвайся са сваім жыццём.

Каралевіч удакладніў:

- А ці можна да сябе гасцей запрасіць? Без людзей і абед нясмачны.

Злосна засмяялася старая і адказала:

- Каб не быць табе ў адзіноце, запрасі каго-небудзь. Але толькі аднаго!

Пайшоў каралевіч да сваіх слуг і сказаў Таўстуну:

- Будзеш маім госцем.

А той даўно марыў уволю наесціся. Раздзьмуўся Таўстун і з'еў трыста быкоў. І валасінкі ад іх не засталося. Пасля ў адзін міг выпіў усё віно з бочак. Вылізаў да апошняй кроплі на затычцы.

Закончыўся абед. Каралевіч з'явіўся да старой, паведаміў, што другая яе задача выканана. Здзівілася тая і кажа:

- Гэтага яшчэ ніводзін чалавек выканаць не мог. Але ёсць для цябе яшчэ трэцяя задача. Вечарам я прывяду ў тваю спальню сваю дачку. Калі будзеце сядзець побач, глядзі, каб не заснуў. Я сама праверу апоўначы. Калі заснеш - загінеш!

Падумаў каралевіч: «Гэта лёгкая задача. Хіба можна заснуць з маладой дзяўчынай?» Ён усё-ткі клікнуў сваіх слуг, параіўся з імі, а пасля прапанаваў:

- Хто ведае, на якую хітрасць заманьвае вядзьмарка. Прашу вас: пастойце на варце, сачыце, каб дзяўчына не выйшла з маёй спальні.

Вечарам з'явілася старая са сваёй дачкой і перадала яе ў рукі каралевічу. Абкруціўся Даўгалыгі вакол іх, а Таўстун стаў ля дзвярэй. Ніводная душа не змагла туды трапіць.

Сядзелі маладыя моўчкі. Месячык высвечваў прыгожы твар дзяўчыны. Каралевіч не зводзіў вачэй з нявесты. Пачуццё радасці і кахання агарнулі яго душу. Так доўжылася да адзінаццаці гадзін. Ды раптам вядзьмарка напусціла на ўсіх свае чары. Усе заснулі. У гэты міг дзяўчына знікла.

Прачнуліся яны, калі да апоўначы заставалася ўсяго пятнаццаць хвілін.

- Вох, якое няшчасце! - усклікнуў каралевіч. - Цяпер я загіну.

Даўгалыгі і Таўстун таксама адчувалі сябе няёмка: падвялі гаспадара. Тады ўмяшаўся Слухач:

- Ціха, дайце мне прыслухацца.

Паслухаў ён крыху і кажа:

- Яна сядзіць на скале і плача. Ісці да яе - трыста гадзін. Даўгалыгі, калі выцягнецца ў поўны рост, зможа дайсці да яе за некалькі крокаў.

- Добра, - адказаў Даўгалыгі, - але хай са мной пойдзе Вастравокі.

Так яны і зрабілі.

У адзін міг слугі каралевіча былі ля скалы. Зняў Вастравокі павязку з вачэй, толькі зірнуў на высокую скалу, яна і развалілася на тысячу кавалкаў. Узяў Даўгалыгі дзяўчыну на рукі і тут жа прынёс яе назад. Перанёс і свайго сябра Вастравокага.

Не паспеў гадзіннік прабіць дванаццаць, а маладыя зноў сядзелі ў пакоі, бадзёрыя і вясёлыя, як бы ніколі не развітваліся.

Убачыла іх вядзьмарка, затрэслася ад злосці, перапалохалася і сказала сама сабе:

- Гэты жаніх мацнейшы за мяне!

Што ж, трэба выдаваць дачку замуж. І тут вядзьмарка выкарыстала свой апошні шанец. Яна падгаварыла дачку, каб тая прызначыла сваё выпрабаванне для жаніха. І дачка прыдумала.

Яна загадала прывезці раніцай трыста вязанак дроў. Распалілі касцёр, і каралеўна папрасіла каго-небудзь са слуг сесці на вогнішча. Яна думала так: ніхто не захоча смажыцца на агні. Тады, можа, сам каралевіч будзе гатовы ўвайсці ў касцёр. А гэта смерць для яго, пра што марыць яе маці.

Слугі сказалі каралевічу:

- Мы тое-сёе для цябе зрабілі. Цяпер чарга Мерзляку праявіць сябе.

- Я не супраць! - адгукнуўся той.

Склалі дровы, пасадзілі пасярод іх Мерзляка, падпалілі. Зыркі касцёр гарэў цэлых тры дні. Калі полымя згасла, бачаць усе дзіўны малюнак: стаіць Мярзляк на папялішчы і дрыжыць, што асінавы ліст, кажа:

- За ўсё сваё жыццё так холадна не было, як у гэтыя дні...

І давялося цудоўнай дзяўчыне даць згоду выйсці замуж за невядомага юнака. А вядзьмарка ніяк не магла супакоіцца, усё паўтарала: «Як перанесці такую ганьбу».

Вось паехалі маладыя ў царкву павянчацца. Вядзьмарка паслала наўздагон ім сваё войска. Загадала: знішчыць усё, што трапіцца на шляху, і вярнуць назад дачку.

Але гэты загад падслухаў каралевічаў слуга Слухач. Пытаецца ў Таўстуна:

- Як нам цяпер быць?

Таўстун ведаў што рабіць. Ён некалі выпіў цэлае мора. Цяпер варта было яму плюнуць раз-другі і разлілося за карэтай вялікае возера. Вядзьмарчына войска ў тым возеры ўтапілася.

Даведалася пра бяду вядзьмарка і паслала наўздагон маладым сваіх закаваных у браню коннікаў. Слухач пачуў звон і ляск даспехаў, зняў у Вастравокага павязку з вачэй, - палопаліся коннікі, што шкліны.

Далей жаніх і нявеста ехалі спакойна. Абвянчаліся ў царкве. Першымі іх павіншавалі верныя слугі і сказалі:

- Вашы жаданні выкананы. Мы вам больш не патрэбны. Пойдзем падарожнічаць далей ды шукаць сваё шчасце.

Развіталіся. Слугі пайшлі сваёй дарогай. Маладажоны - сваёй.

Вырашыў каралевіч выпрабаваць сваю маладую жонку. У паўгадзіны хадзьбы ад замка была вёска. Пасвіў ля яе свой статак свінапас. Пад'ехалі яны да яго, каралевіч і кажа жонцы:

- А ці ведаеш ты, хто я? Я ж зусім не каралевіч, а свінапас. А той вунь, хто пасе свіней, мой родны бацька. Нам трэба яму дапамагчы.

Выйшаў каралевіч з карэты, зайшоў у харчэўню, тайна шапатнуў гаспадарам, каб тыя ноччу аднялі ў каралевы плацце.

Прачнулася яна раніцай, а няма ў што адзецца. Дала ёй гаспадыня сваю старую спадніцу ды шарсцяныя панчохі, зрабіла выгляд, што гэта вялікі падарунак, сказала:

- Каб не ваш муж, я вам не дала б нічога.

І паверыла каралеўна, што яе муж і напраўду свінапас. Пачала разам з ім пасвіць статак. Дакарала сябе: «Я гэтага заслужыла за свае высакамер'е і ганарыстасць».

Так прадаўжалася восем дзён. Ногі каралеўны пакрыліся ранамі. Далей трываць яна не могла. Тады падышлі да яе двое сялян, пытаюцца:

- А ці ведаеце вы, хто ваш муж?

- Як жа, ведаю, - кажа, - ён - свінапас. Ён толькі што пайшоў, каб выручыць крыху грошай за перавяслы і аборы.

А сяляне ёй адказваюць:

- Пойдземце з намі, мы адвядзем вас да яго.

Прывялі каралеўну ў замак. Увайшла яна ў залу, бачыць, стаіць там яе муж у каралеўскім уборы. Але яна яго не пазнала, пакуль ён не кінуўся да яе ды не пацалаваў.

У апраўданне каралевіч сказаў:

- Мілая, я так багата з-за цябе пакутаваў, што і ты павінна была дзеля мяне пацярпець.

Адсвяткавалі яны сапраўднае вяселле. Пачалі шчасліва жыць.



Пераклад: Уладзімір Ліпскі