epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Сем крумкачоў

У аднаго чалавека было сем сыноў і ніводнай дачкі. А яму вельмі хацелася мець дачку. Вось, урэшце, жонка падала добрую надзею, і ў іх нарадзілася дзяўчынка. Вялікая радасць хутка змянілася трывогай: дзіцё аказалася кволым, маленькім. Вырашылі хрысціць раней часу.

Паслаў бацька аднаго з хлопчыкаў да крыніцы прынесці вады для хрышчэння. За ім пабеглі і астатнія шасцёра. Кожнаму хацелася набраць вады для сястрычкі. Але здарылася бяда: збан упаў у калодзеж. Што рабіць? Як вярнуцца дамоў?

Бацька чакаў, чакаў сыноў, цярпенне лопнула, ён дый кажа:

- Відаць, хлопчыкі зноў загуляліся, а пра справу забыліся.

Ён баяўся, што дзяўчынка можа памерці нехрышчонай і са злосці крыкнуў:

- А каб усе вы ў крумкачоў абярнуліся!

Толькі ён вымавіў гэтыя словы, раптам чуе над галавой шум крылаў. Зірнуў уверх, бачыць - кружаць над ім сем чорных што вугаль крумкачоў.

Зразумелі бацька і маці сваё несуцешнае гора. Як пазбавіцца ад яго? Як вярнуць сыноў дамоў?

Адзінай іх радасцю стала любая дачушка. Яна неўзабаве падрасла, падужэла. З кожным днём рабілася ўсё больш прыгожай.

Доўгі час сястра не ведала, што ў яе былі браты. Бацькі пра гэта маўчалі. А прагаварыліся людзі: маўляў, дзяўчынка вінаватая ў няшчасці сваіх братоў.

Засмучаная дзяўчынка аднойчы спытала ў бацькі-маці:

- Ці праўда, што ў мяне былі браты? Дзе яны цяпер?

Праўду не схаваеш, давялося расказаць дачцэ ўсё, што здарылася пасля яе нараджэння. Задумалася яна: як вызваліць братоў?

І вось аднойчы сабралася яна потайкі ў дальнюю дарогу, каб знайсці і вызваліць сваіх братоў. Узяла з сабой на памяць пра бацьку-маці адзін іх пярсцёнак. Ды яшчэ буханачку хлеба, на выпадак калі прагаладаецца, і зэдлічак, каб адпачыць, калі стоміцца.

Пайшла яна далёка-далёка, аж на самы край свету. Вось перад ёй само сонца. Але яно было такое спякотнае і страшнае, што дзяўчынка кінулася ад яго наўцёкі.

Апынулася каля месяца. Але ён быў халодны, хмурны, злосны. Як убачыў падарожніцу, прахрыпеў:

- Чую, чую мяса чалавечае.

Дзяўчынка ўцякла і ад месяца. Прыйшла да зорак. Яны былі ласкавыя і добрыя. Сядзела кожная з зорак на асобнай лавачцы. Паднялася ранішняя зорка, дала ёй кастылёк і сказала:

- Твае браты зняволены ў Шкляной гары. Гэты кастылёк дапаможа табе.

Узяла дзяўчынка чароўную адмычку, загарнула ў хустачку, рушыла ў дарогу. Ішла яна доўга-доўга. Ды вось перад ёй - Шкляная гара. На ўваходзе - вялізная брама на замку. Пачала яна разгортваць хустачку, каб узяць кастылёк. Зірк - а яго няма. Згубіла падарунак добрых зорак.

Трэба ж неяк ратаваць братоў. Узяла сястрыца нож, адрэзала сабе мезенец, сунула яго ў замок і лёгка адкрыла браму. Уваходзіць яна, а насустрач - карлік.

- Дзяўчынка, ты што тут шукаеш?

- Шукаю братоў сваіх, сем крумкачоў.

- Іх няма дома. Давядзецца пачакаць.

Карлік пачаў рыхтаваць ежу для птушак. Дзяўчынка ўзяла дый пакаштавала з кожнай талерачкі і адпіла па глыточку з кожнага кубачка. А ў апошні, сёмы, кубачак апусціла пярсцёнак, які ўзяла з сабой у дарогу.

Раптам чуе ў паветры шум крылаў і свіст. Карлік кажа:

- Гэта ляцяць дамоў крумкачы.

Вось прыляцелі яны, пачалі есці-піць. І кажуць крумкач крумкачу:

- Хто гэта еў з маёй талерачкі? Хто гэта піў з майго кубачка? Чалавечымі вуснамі пахне...

Дапіў сёмы крумкач да дна свой кубак, а там - пярсцёнак. Зірнуў на яго, пазнаў пярсцёнак бацькі-маці і кажа:

- Дай Бог, каб наша сястрыца тут з'явілася, тады мы вызвалімся ад чараў.

А дзяўчынка стаяла за дзвярыма. Пачула яна пажаданне, увайшла да братоў. І тут - о цуд! - крумкачы сталі зноў людзьмі. Цалаваліся яны, весяліліся і разам дамоў вярнуліся.



Пераклад: Уладзімір Ліпскі