epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Столік-накрыйся, залаты асёл і дубінка з мяшка

Даўным-даўно жыў на свеце кравец. Былі ў яго тры сыны і адна-адзіная каза. Яна іх усіх малаком карміла. А за гэта яе трэба было кожны дзень пасвіць.

Сыны пасвілі казу па чарзе. Пагнаў яе аднойчы старэйшы сын на могілкі. Трава там расла высокая ды сакавітая. Каза цэлы дзень скубла траву і скакала. Вечарам, перад тым як вяртацца дамоў, ён і пытае ў яе:

- Ці сытая ты, каза мая?

Адказала каза:

- Я такая сытая, што не з'ем болей ні лісціка. Ме-ме!

- Ну, тады і ідзі дадому.

Прывёў яе за вяровачку ў стойла і моцна прывязаў.

Бацька цікавіцца ў сына:

- Ці не галодная наша каза?

- О, яна такая сытая, не хоча болей ні лісціка.

Пахваліў кравец сына, а сам пайшоў у стойла, пагладзіў любімую козачку і перапытвае:

- Ці сытая ты, каза мая?

І адказала яму каза:

- Ад чаго я буду сытая? Скакала цераз магілку, з'ела адну былінку. Ме-ме!

- Што я чую!

Выскачыў кравец са стойла, як закрычыць на сына:

- Ах ты, манюка, каза ж зусім галодная!

Пабіў сына і прагнаў з двара.

На другі дзень наступіла чарга пасвіць казу сярэдняму сыну. Знайшоў ён у садзе месца, дзе трава добрая расла, каза яе ўсю і з'ела. Вечарам пытае:

- Ці сытая ты, каза мая?

- Я такая сытая, што не з'ем болей ні лісціка. Ме-ме!

- Тады ідзі дадому.

А дома стары кравец дапытвае сына:

- Ці наелася наша каза?

- О, яна такая сытая, што не хоча болей ні лісціка.

Але кравец вырашыў сам у гэтым пераканацца. Зайшоў у стойла і пытае:

- Ці сытая ты, каза мая?

І адказала каза:

- Як мне быць сытаю, калі я з'ела толькі адну былінку, як скакала цераз магілку. Ме-ме!

- Ах ты, гэткі злодзей! - закрычаў кравец. - Такую рахманую казу ды прымусіў галадаць!

Выбег са стойла, адмянташыў палкай сына і прагнаў з двара.

Наступіла чарга малодшаму сыну пасвіць казу. Знайшоў ён добрую пашу з густой травой, запусціў туды казу. Вечарам пытае ў яе:

- Ці сытая ты цяпер, каза мая?

- Я такая сытая, што не з'ем болей ні лісціка. Ме-ме!

- Ну, тады пайшліма дамоў.

А дома бацька сустракае, сына распытвае:

- Ці наелася ўволю каза наша?

- О, татка, яна такая сытая, што не хоча болей ні лісціка.

Кравец не паверыў, пайшоў у стойла, перапытвае ў казы:

- Ці сытая ты сёння?

І адказала злая каза:

- Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магілку, з'ела адну былінку. Ме-ме!

- Ах ты, ілгун! - закрычаў кравец, выскачыў са стойла і давай біць беднага хлопчыка, той ледзь з двара паспеў збегчы.

Застаўся стары кравец адзін са сваёй казой. Раніцай, што рабіць, павёў яе сам пасвіць. Знайшоў зялёныя кусты, паміж якімі расла трава-дзеравей. Яе вельмі любяць козы, от ён і ўзрадаваўся:

- Тут, мая мілая козачка, хоць раз удоваль наясіся.

Да самага вечара пасвіў кравец сваю казу. Пасля пытае:

- Ці сытая ты, каза мая?

І яна адказала:

- Я такая сытая, што не змагу з'есці болей ні лісціка.

- Ну, тады ідзі дадому.

Адвёў кравец казу ў стойла, моцна прывязаў. А далей думае, дай-ка праверу казу. Вярнуўся і перапытвае:

- Ну, козачка, сытая сёння?

Але каза адказала тое самае, калі яе пасвілі сыны:

- Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магілку, з'ела адну былінку. Ме-ме!..

Пачуў гэта кравец і аслупянеў. Зразумеў: за нішто выгнаў сваіх сыноў з дому. І ўздумаў ён адпомсціць казе. Узяў сваю брытву, нагнуў казе галаву і пагаліў яе. Хай з такой меткаю ўсе ведаюць: яна - няўдзячнае стварэнне. Пасля адхлістаў яе бізуном і выгнаў з двара.

Застаўся кравец адзін-адзінюткі ў сваёй хаце. Засумаваў, хацеў, каб вярнуліся сыны, але ж ніхто не ведаў, дзе яны.

Старэйшы сын паступіў на вучэнне да аднаго сталяра. Быў руплівым, старанным вучнем. А калі закончыў вучобу, майстар падарыў яму столік. З выгляду - звычайны столік, зроблены з простага дрэва, але меў ён адну незвычайную якасць. Варта паставіць яго і сказаць: «Столік, накрыйся!» - то добры столік імгненна накрываўся чыстым маленькім абрусам, ставіліся на яго талеркі з вараным ды смажаным, відэльцы, нажы. Сядай і частуйся!

Малады майстар, задаволены і вясёлы, пачаў вандраваць па свеце. Ён не засмучаўся, якая гасцініца была на яго шляху, бо мог сытна паесці і ў полі, і на лузе.

Урэшце надумаўся сын вярнуцца дамоў. Бацька, відаць, перастаў гневацца на яго, а з такім чароўным столікам прыме да сябе ахвотна.

Але па дарозе дамоў здарылася з ім бяда. Прыпыніўся на начлег у адной гасцініцы. Гасцей там было поўным-поўна. Яны запрасілі яго вячэраць за свой стол.

- Не, - сказаў малады сталяр, - навошта я вас буду аб'ядаць, лепш вы будзьце маімі гасцямі.

Усе думалі, што хлопец жартуе, але ён паставіў свой драўляны столік пасярод пакоя і сказаў:

- Столік, накрыйся!

Імгненна на ім з'явіліся такія стравы, якіх сам гаспадар гасцініцы не мог прапанаваць.

- Частуйцеся, дарагія госці! - прапанаваў сталяр.

Пастаяльцаў не трэба было доўга ўгаворваць, падселі яны да століка і давай уплятаць ласункі. Толькі з'ядуць адно, з'яўляецца новае. Гаспадар гасцініцы бачыў усё гэта і вельмі зайздросціў.

Сталяр і госці весяліліся да позняй ночы. А як толькі ўлегліся спаць, гаспадар гасцініцы і падмяніў чароўны столік сваім, звычайным.

Раніцай сталяр заплаціў грошы за начлег, узяў столік, не адчуваючы зладзейства, і пайшоў сваім шляхам-дарогай. Апоўдні быў ужо дома. Бацька сустрэў яго з вялікай радасцю, спытаў:

- Ну, дарагі сынок, чаму ты навучыўся?

- Стаў я, бацечка, сталяром.

- Што ж, гэта добрае рамяство. А што ты зарабіў за гэты час, з якім багаццем вярнуўся дамоў?

- Бацечка, самае дарагое, што я займеў, то вось гэты столік.

Агледзеў яго кравец дый кажа:

- Што ж, зроблены ён няважна, стары столік.

- Але гэта «столік-накрыйся», - адказаў сын і растлумачыў пра яго чарадзействы.

Вось сабраліся ў бацькавай хаце госці. Узяў сын свой столік, паставіў пасярод пакоя і загадаў:

- Столік, накрыйся!

Але столік застаўся пустым. Зразумеў бедны сталяр, што столік яму падмянілі ў гасцініцы. Сорамна зрабілася перад родзічамі. Пасмяяліся яны над ілгуном і ні з чым вярнуліся дамоў.

Кравец зноў заняўся сваім шытвом. А сын дапамагаў яму. Так і зараблялі сабе на хлеб.

Сярэдні сын трапіў на вучобу да млынара. Пры развітанні з ім гаспадар сказаў:

- Ты добра працаваў, і за гэта дару табе асла. Ён, праўда, своеасаблівы, у запрэжку не прыгодны, мяхоў цягаць не будзе.

- Дык навошта ён мне такі?

- Гэты асёл золата выплёўвае, - растлумачыў млынар. - Трэба паставіць яго на хустку, сказаць: «Брыклябрыт!», жывёліна пачне выплёўваць залатоўкі і ззаду, і спераду.

- О, гэта справа добрая! - падзякаваў падмайстар млынару і пайшоў падарожнічаць па свеце.

Калі заканчваліся грошы, ён ставіў асла на хустку, даваў каманду: «Брыклябрыт!» і заставалася толькі падабраць дождж залатовак. Добра яму жылося. Куды не прыйдзе, падаюць яму ўсё самае лепшае і дарагое. Грошай жа меў поўны кашалёк!

Пабачыў свету, наездзіўся малады млынар і вырашыў праведаць бацьку. Падумаў, калі з'явіцца дадому з такім залатым аслом, то, напэўна, не прыгадае бацька даўнейшы гнеў на яго, сустрэне добра.

І здарылася так, што трапіў ён у тую самую гасцініцу, у якой яго старэйшаму брату падмянілі столік-накрыйся. Як звычайна, сустрэў падарожніка ветлівы гаспадар. Адразу хацеў вызваліць яго ад асла, узяць і прывязаць у стойле. Малады млынар запярэчыў:

- Не, не, свайго шэрага я сам адвяду ў стойла і сам прывяжу. Я павінен ведаць, дзе ён будзе знаходзіцца.

Гаспадару гэта падалося дзіўным. Ён падумаў, што яго новы кліент вельмі бедны, бо сам хоча даглядаць свайго асла. Але той дастаў з кішэні дзве залатоўкі і загадаў добра накарміць асла. Гаспадар аж вочы вылупіў: адкуль у гэтага млынара такія грошы?

Паабедаў госць, просіць рахунак. Тут ужо гаспадар мелу не пашкадаваў: налічыў за абед у два разы болей, чым трэба, ды яшчэ запатрабаваў дзве залатоўкі наверх. Сунуў хлопец руку ў кішэню, а золата ў ёй няма.

- Гаспадар, пачакайце крыху, - сказаў ён. - Я зараз прынясу вам грошы.

Госць узяў абрус і накіраваўся ў стойла да свайго асла. Цікаўны гаспадар следам за ім. Дый падгледзеў, як з асла сыпалася золата.

- От якая чартаўшчына! - здзівіўся гаспадар. - Новенькія грошы сыплюцца з асла!

У тую ноч яму не спалася. Калі госць улёгся адпачываць, ён вывеў са стойла залатога асла, а на яго месца прывязаў іншага.

Раніцай малады млынар пакрочыў дадому. Побач з ім ішоў асёл, але то была ўжо не чароўная жывёліна, а звычайная. Толькі хлопец не ведаў пра гэта.

Бацька сустрэў і сярэдняга сына ласкава, вельмі ўзрадаваўся яго вяртанню.

- Ну, скажы, сынок, чаму навучыўся?

- Стаў я млынаром, мілы бацечка!

- А што прынёс у хату з далёкіх падарожжаў?

- Ды вось аднаго толькі асла.

- Аслоў і тут удоваль, - заўважыў бацька. - Лепш бы ты прывёў добрую казу.

- Так-то яно так, - адказаў сын. - Але ж гэты асёл не просты, а залаты. Клічце родзічаў, я ўсіх зраблю багатымі.

- Талкова! - узрадаваўся кравец. - Можа, і мне цяпер не трэба будзе з іголкай мучыцца.

Пабег ён склікаць усіх родзічаў у госці. Яны хутка сабраліся, і малады млынар пачаў сваё чарадзейства.

Раскінуў хустку пасярод пакоя, прывёў асла, паставіў на яе. Крыкнуў:

- Брыклябрыт!

У беднага млынара аж твар выцягнуўся, калі ён убачыў, што з асла ўпала зусім не золата. Зразумеў: яму ў дарозе падмянілі асла. Пачаў ён прабачэння прасіць у гасцей. А ў бацькі тым больш, бо давялося старому краўцу зноў брацца за сваю іголку.

Малодшы брат трапіў на вучобу да аднаго токара. Рамяство гэта тонкае, вось і давялося яму вучыцца даўжэй за ўсіх. За стараннасць і добрыя паводзіны майстар падарыў яму мяшок, сказаў:

- Ведай, ляжыць у гэтым мяшку дубінка.

- Навошта яна? Ад яе толькі цяжар.

- Слухай, - растлумачыў майстар, - калі цябе хто пакрыўдзіць, то варта табе сказаць: «Дубінка, з мяшка!» - і яна імгненна выскачыць і кінецца дубасіць таго, хто цябе зняважыў. Ды так стане весела танцаваць па яго спіне, што той тыдзень не пашавеліцца. Запомні яшчэ: яна не прыпыніцца да таго часу, калі ты не скажаш: «Дубінка, у мяшок!»

Падзякаваў малады токар свайму гаспадару, закінуў мяшок за плечы і пайшоў падарожнічаць ды грошы зарабляць. Даводзілася яму карыстацца і дубінкай з мяшка. Пераканаўся: яна старанна выконвала яго загады, аднолькава спрытна ўпраўлялася ці то з кафтанам, ці то з курткай, не вельмі чакала пакуль іх хто здыме.

Вось аднойчы пад вечар завітаў малады токар у тую самую гасцініцу, у якой яго братоў ашукалі. А браты яму паспелі напісаць, якая з імі бяда здарылася тут.

Паклаў хлопец свой мяшок на стол, пачаў баяць пра розныя дзівы, якія яму давялося пабачыць.

- Бываюць гэткія столікі-самаборы, - сказаў ён, ёсць яшчэ аслы залатыя і ўсякая ўсячына. Рэчы добрыя, што й казаць, але яны нічога нявартыя перад багаццем, якое я здабыў. Ляжыць яно вось у гэтым мяшку.

Тут сквапны гаспадар і натапырыў вушы: што ляжыць у мяшку, можа, самацветы?

Надышоў час класціся спаць. Госць улёгся на лаву і паклаў пад галаву замест падушкі свой мяшок. Гаспадар пачакаў крыху і давай зладзейнічаць. Ухапіўся за таямнічы мяшок, паціху цягне на сябе. Хацеў падмяніць яго іншым.

А токар гэтага моманту і чакаў. Раптам як крыкне: «Дубінка, з мяшка!» Як жа выскачыла дубінка, як надавала гаспадару пад бакі, той аж пачаў прасіць літасці. Але чым гучней ён крычаў, тым мацней дубінка трэсла яго.

І сказаў тады токар:

- Калі ты не вернеш «столік-накрыйся» і залатога асла, то дубінка не перастане танцаваць па табе.

- Вой, - застагнаў гаспадар, - я ўсё ахвотна вярну, толькі скажы свайму дамавіку, каб ён вярнуўся ў мяшок.

- Добра, памілую цябе, але глядзі, беражыся!

Крыкнуў токар:

- Дубінка, у мяшок!

І дубінка ў тое ж імгненне пакінула гаспадара гасцініцы, ускочыла ў мяшок.

Раніцай адправіўся токар са «столікам-накрыйся» і залатым аслом дамоў. Узрадаваўся бацька, убачыўшы малодшага сына, спытаў у яго, чаму ён навучыўся ў чужых краях.

- Дарагі бацечка, я токарам стаў.

- Гэта тонкае рамяство, - пахваліў бацька і сказаў: - Ну, а што прынёс з падарожжаў?

- Дарагую штучку, мілы бацечка, - дубінку ў мяшку.

- Што? - закрычаў кравец. - Дубінку? Ці варта было несці яе здалёку. Яе можна вычасаць з любога дрэва.

- Так, але, мілы бацечка, мая дубінка чароўная, - супакоіў сын бацьку, расказаў яму яе тайну. - От бачыш, дзякуючы гэтай дубінцы я вярнуў назад столік-накрыйся і залатога асла, якія адняў ад братоў зладзеяваты гаспадар гасцініцы. Клічце іх сюды ды запрашайце ўсю радню!

Стары кравец не зусім паверыў малодшаму сыну, але што зробіш, склікаў у сваю хату ўсю радню. Вось раскінуў токар на ўвесь пакой хустку, прывёў залатога асла і сказаў свайму брату:

- Ну, мілы братка, пагавары з ім.

І сказаў млынар:

- Брыклябрыт!

І сталі дажджом падаць на хустку залатыя чырвонцы. Асёл рабіў гэта да таго часу, пакуль усе госці не набралі столькі золата, як панесці. (А па табе, мой дружа, відаць, што і ты не супраць бы пабываць там. Што ж, даруй, гэта казка).

Пасля токар прынёс столік і сказаў:

- Ну, братка, пагавары з ім.

І толькі сталяр прамовіў: «Столік, накрыйся!», а ён ужо накрыты абрусам, і ўвесь устаўлены смачнымі стравамі. Пачалося такое баляванне, якога не было ў хаце краўца за ўсё яго доўгае жыццё. Вясёлая і задаволеная вярталася радня дамоў.

І схаваў кравец у шафе іголку і ніткі, метр і прас ды стаў жыць-пажываць разам з сынамі ў радасці і ў багацці.

Ну, а куды ж падзелася каза, з-за якой кравец прагнаў з дому сваіх сыноў?

Сорамна ёй зрабілася, што паголеная ў яе галава, вось і забегла яна ў лісіную нару, схавалася там. Вярнулася ліса з палявання, бачыць у цемры нары блішчаць два вялікія вокі, напалохалася яна і збегла.

Сустрэў лісу мядзведзь, бачыць, што яна перапалоханая, цікавіцца:

- Што з табой, лісічка-сястрычка?

- Ох, - адказвае рыжая, - страшны звер засеў у маёй нары, з вогненнымі вачамі.

- Ды мы яго ўраз выганім! - кажа мядзведзь.

Пайшлі яны да нары. Мядзведзь зазірнуў туды, спалохаўся вогненных вачэй і даў лататы ад нары. Бяжыць па лесе, зямля пад ім трасецца. Тут сустракаецца яму пчала, пытае:

- Мядзведзь, чаго выгляд у цябе такі маркотны, дзе згубіў сваю весялосць?

- Табе добра разважаць, - адказвае мядзведзь - а вось у лісіным доміку засеў страшны звер, вочы вылупіў, і выгнаць яго мы не можам.

І сказала пчала:

- Шкада мне цябе, мядзведзь. Хаця я, пчала, слабая і бедная, вы на мяне і глядзець не хочаце, але я ўсё-такі магу вам дапамагчы.

Пчала ўляцела ў лісіную нару, села казе на паголеную галаву і так моцна яе ўджаліла, што каза ажно падскочыла. Закрычала:

- Ме-ме!

Як ашалелая выскачыла каза з лісінай нары. І ніхто да цяперашняга часу так і не ведае, куды яна збегла.



Пераклад: Уладзімір Ліпскі