epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Тры маленькія лесавікі

Жыў-быў адзін чалавек, і памерла ў яго жонка; і жыла жанчына, і памёр у яе муж; была ў чалавека дачка, і ў жанчыны таксама была дачка. Дзяўчаты ведалі адна адну і хадзілі разам гуляць, і зазіралі часта да гэтай жанчыны ў дом. Вось жанчына аднойчы і гаворыць дачцэ таго чалавека:

- Паслухай, скажы свайму бацьку, што я жадаю выйсці за яго замуж, што ты будзеш за мной кожны дзень у сырадоі купацца ды віно смакаваць, а дачка мая няхай у вадзе плюхаецца і п'е толькі ваду.

Вярнулася дзяўчына дахаты і расказала бацьку пра тое, што яе прасіла перадаць жанчына. Кажа бацька:

- Што мне рабіць? Ажэнішся раз, а наракаеш увесь свой век, - усё гэта і радасць, і гора.

І вось, не ведаючы, што яму выбраць, сцягнуў ён з нагі бот і гаворыць:

- Вазьмі гэты бот - у ім падэшва дзіравая, занясі яго на гарышча і павесь на вялікі цвік, і налі ў бот вады. Калі вада з яго не прасочыцца, дык прыйдзецца мне другі раз жаніцца, а працячэ - дык не буду жаніцца.

Дзяўчына зрабіла тое, што сказалі ёй; але ад вады дзірка ў боце зацягнулася, і бот утрымаў па самы верх ваду. Расказала дачка пра гэта свайму бацьку. Вось ён падаўся на гарышча і ўбачыў, што тая гаворыць праўду; пайшоў да ўдавы і жаніўся з ёю, - тут яны і вяселле згулялі.

Назаўтра падняліся абедзве дзяўчаты, бачаць: стаіць перад бацькавай дачкою малако для мыцця і віно для піцця, а перад жончынай дачкою - вада, каб памыцца, ды вада, каб папіць. Новай раніцай бачаць: стаіць вада мыцца і піць і перад гаспадаровай дачкою, і перад гаспадынінай. А яшчэ праз дзень і ноч убачылі: стаіць вада спаласнуцца ды вада прамачыць у роце перад бацькавай дачкою, а малако для мыцця ды віно для піцця перад жончынай дачкою; гэтак пайшло-павялося яно і далей.

Неўзлюбіла мачыха падчарку і не ведала, што б такое прыдумаць, каб было ёй з дня ў дзень усё горш і горш. А была яна да ўсяго вельмі зайздросная: падчарка была і мілая, і прыгожая, а яе родная дачка пачварная і прыкрая.

Аднойчы зімою, калі надышлі лютыя маразы і ўсё навокал замерзла, горы і даліны засыпала снегам, пашыла мачыха папяровую сукенку, паклікала дзяўчыну і кажа:

- Начапі гэтую сукенку, ідзі ў лес ды прынясі мне поўную лубку суніц: мне хочацца ягадамі пачаставацца.

- Божа, ды зімою суніцы не растуць, - усклікнула дзяўчына, - зямля ж глыбока замерзлая і снегам накрытая. І як пайду ў папяровай сукенцы? На дварэ так холадна, што дых займае, вецер прадзьме мяне наскрозь, а калючы цярноўнік парве мне адзенне.

- Ты што гэта? Ідзеш мне насуперак? - запытала мачыха. - Ідзі борздзенька і не думай нават мне на вочы паказвацца, пакуль не назбіраеш поўную лубку суніц.

Яна дала ёй кавалак сухога хлеба і дадала:

- Гэта табе хопіць на цэлы дзень, - а сама падумала: «На дварэ ты змерзнеш і з голаду загібееш, і ніколі дадому не вернешся».

Дзяўчына паслухала, ускінула на сябе папяровую сукенку і выйшла з дому з лубкай. А навокал снег ды снег, белыя прасторы і далечыні, і нідзе ніякага зялёнага сцябла не бачна.

Прыйшла яна ў лес, заўважае: стаіць маленькая хатка; і пазіраюць з яе тры невялікія лесавікі. Павіталася яна з імі і нясмела ў дзверы пастукала. Яны крыкнулі: «Заходзь!» - і яна ўвайшла ў пакой і села на лаўку каля печы, - ёй захацелася пагрэцца і з'есці свой кавалак хлеба. А маленькія чалавечкі і гавораць:

- Дай і нам крыху.

- Добра, - адказала яна і разламала свой кавалак хлеба напалам і адну палавіну аддала ім. А потым яны пытаюць:

- Чаму ты ў такой тоненькай сукеначцы зімою ў лесе?

- Ах, - уздыхнула дзяўчына, - я павінна дабраць поўную лубку суніц, а без іх мне дадому вяртацца няможна.

Калі яна з'ела свой кавалачак хлеба, яны далі ёй памяло і сказалі:

- Цяпер змяці снег за хатнімі чорнымі дзвярыма.

Яна выйшла, а маленькія чалавечкі пачалі паміж сабою раіцца: «Што нам ёй такое даць за яе дабрыню і стараннасць ды за тое, што з намі хлебам сваім падзялілася».

І сказаў першы з іх:

- Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё прыгажэць і прыгажэць.

Другі прамовіў:

- А я ўзнагароджу яе тым, што будуць з яе рота, толькі скажа яна слова, выпадаць чырвонцы.

Дадаў трэці:

- А я ўзнагароджу яе тым, што заявіцца кароль і возьме яе замуж.

Зрабіла дзяўчына тое, што сказалі ёй маленькія лесавікі, змяла памялом снег каля хаткі. І як вы думаеце, што ж яна ўбачыла? Спелыя суніцы! Яны прабіліся цёмна-чырвонымі ягадкамі з-пад снегу. І набрала радасная дзяўчына поўную лубку; падзякавала маленькім лесавікам, развіталася з кожным з іх за руку і пабегла дахаты, жадаючы прынесці мачысе тое, што тая ёй загадала.

Вярнулася яна дадому і толькі прамовіла «добры вечар», як тут жа выпаў з яе рота чырвонец. Пасля яна расказала, што здарылася з ёй у лесе, і пры кожным слове падалі з яе рота чырвонцы, так што хутка ўвесь пакой быў завалены імі.

- Паглядзіце вы на гэтую фанабэрыю! - ускіпела яе зводная сястра, - проста пад ногі кідае грошы. - Але ўпотай яна ёй пазайздросціла, і зажадалася ёй таксама пайсці ў лес па суніцы.

Маці пачала яе адгаворваць:

- Не, мілая дачушка, на дварэ надта холадна, ты можаш змерзнуць. - Але тая ўсё яе прасіла-маліла, і маці нарэшце згадзілася, пашыла ёй шыкоўную скураную, з густой шэрсцю футрачку і дала ёй у дарогу хлеб з маслам і булачкі.

Накіравалася дзяўчына ў лес і пайшла напрасткі да той маленькай хацінкі. Тры маленькія чалавечкі, як і тады, вызірнулі з акенца, але яна з імі не павіталася і, не зважаючы на іх і не прамовіўшы ім ні слова, уварвалася ў пакой, села каля грубкі і пачала ўплятаць хлеб з маслам ды піражкі.

- Дай і нам крыху, - усклікнулі маленькія чалавечкі.

Але яна ад іх адмахнулася:

- Мне і самой не хопіць, дык чаму мне яшчэ з вамі дзяліцца?

Калі дзяўчына наелася, яны сказалі:

- Вось табе памяло, змяці чыста перад чорнымі дзвярыма.

- Э, ды мяціце вы самі! - адказала яна. - Я вам не пакаёўка. - А калі яна адчула, што яны даваць ёй нічога нават не думаюць, яна пайшла ад іх.

І пачалі раіцца паміж сабой тры маленькія лесавікі: «Што нам ёй такое даць за яе халоднае і злое сэрца, што не хоча нікому рабіць дабрыню? »

Першы сказаў:

- Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё больш пачварная.

Другі прамовіў:

- Я ўзнагароджу яе тым, што пры кожным слове, што яна вымавіць, будзе з яе рота выскокваць лягушка.

А трэці дадаў:

- А я ўзнагароджу яе тым, што яна памрэ цяжкою смерцю.

Пачала дзяўчына шукаць суніцы, але не знайшла ні адной ягадзінкі і вярнулася са злосці дахаты. Толькі яна паспрабавала расказаць маці, што здарылася з ёй у лесе, як пачало выскокваць з яе рота пры кожным слове па лягушцы, і ўсе адчулі да яе агіду.

Яшчэ больш неўзлюбіла мачыха сваю падчарыцу і пачала прыдумваць, як бы ёй дапячы, а падчарыца станавілася з кожным днём усё прыгажэйшая і прыгажэйшая.

Нарэшце прынесла мачыха кацёл, прыладкавала яго на агонь і пачала кіпяціць у вадзе пражу. Калі тая праварылася, узваліла яна пражу на плечы беднай дзяўчыне, дала ёй у рукі сякеру і загадала ісці на рэчку, каб высекчы там палонку і добра прапаласкаць пражу.

Дзяўчына паслухала, пайшла і высекла ў лёдзе палонку. Але калі яна секла лёд, пад'ехала шыкоўная карэта, і сядзеў у ёй кароль. Карэта запынілася, і кароль запытаў:

- Дзіця маё, ты хто такая і што ты тут робіш?

- Я бедная дзяўчына, мыю пражу.

Кароль яе пашкадаваў і, бачачы, што яна вельмі прыгожая, сказаў:

- Хочаш, паедзем разам са мной?

- Ах, з вялікай ахвотаю! - адказала яна, узрадаваўшыся, што ёй не трэба будзе вяртацца да мачыхі і яе дачкі.

І села яна ў карэту, і паехала разам з каралём. Прыехалі яны ў замак і адгулялі там пышнае вяселле, і была гэта ёй узнагарода ад маленькіх лясных чалавечкаў.

Праз год нарадзіла маладая каралева сына; і калі мачыха дачулася пра такое вялікае шчасце, дык прыйшла са сваёю дачкой у замак, быццам жадаючы пабачыцца з ёю. Але якраз у тую часіну кароль кудысьці адлучыўся і пры ёй не было нікога; тады схапіла злая жанчына каралеву за валасы, а дачка ўзяла яе за ногі, яны паднялі яе з пасцелі і выкінулі праз акно ў раку, што цякла каля самага замка. Пасля мачыха паклала ў пасцель сваю брыдкую дачку і накрыла яе ўсю коўдрай.

Вярнуўся кароль, і захацелася яму пагаварыць з жонкай, але старая закрычала:

- Цішэй, цішэй, цяпер няможна, яна ляжыць вельмі стомленая, няхай адпачне.

Кароль, не прадчуваючы нічога благога, прыйшоў толькі назаўтра, і калі ён загаварыў з жонкаю, дык пры кожным слове з яе рота выскоквала лягушка, а раней, як усе ведалі, выпадаў чырвонец. Тады кароль запытаў, што гэта значыць, і старая патлумачыла, што гэта ў яе, маўляў, ад вялікага поту і што гэта хутка мінецца.

А ўночы ўбачыў маладзенькі кухар, як падплыла па вадасцёкавай канаўцы нейкая качка і запытала:

 

- Кароль, як ты жыў?

Гуляеш альбо спачыў?

 

Але калі ён ёй нічога не адказаў, качка зноў падала голас:

- А як мае госці, сядзяць?

Адказаў ёй маладзенькі кухар:

- Не, яны моцна спяць.

Пачала яна тады дапытвацца:

- А як родненькі сыночак?

І адказаў ён:

- Ён спіць сабе ў зыбцы ўсю ночку.

І паўстала тады з качкі каралева, і пайшла ў замак, пакарміла дзіця, пакалыхала яго ў зыбцы, накрыла і зноў паплыла па канаве. Так заяўлялася яна запар дзве ночы, а на трэцюю сказала маладзенькаму кухару:

- Ідзі і скажы каралю, каб ён узяў свой меч і тройчы ўзмахнуў ім нада мной на парозе.

Пабег той і расказаў пра гэта каралю. Прыйшоў кароль і тройчы ўзмахнуў мячом над зданню; і толькі ўзмахнуў трэці раз, раптам бачыць: стаіць перад ім ягоная жонка, жывая, здаровая і цэлая, як была раней.

І меў кароль вялікую радасць, але пратрымаў каралеву ў патайным пакоі да нядзелі, калі павінны былі хрысціць дзіця. А калі яго ахрысцілі, кароль запытаў у старой:

- Што трэба зрабіць з чалавекам, які сцягвае кагосьці з пасцелі і кідае яго ў ваду?

- Толькі так, - адказала тая, - пасадзіць такога нягодніка ў бочку, прабітую цвікамі, і піхнуць яе з гары ў раку.

І сказаў кароль:

- Ты сама сабе зрабіла прысуд.

І ён загадаў прынесці бочку з цвікамі, і ўвапхнуць у яе старую з дачкой. Зачынілі бочку наглуха векам і піхнулі з гары, і пакацілася яна проста ў раку.



Пераклад: Генрых Далідовіч