epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Верныя звяры

Шмат гадоў таму жыў адзін чалавек. Грошай у яго было зусім мала, і вось з тымі рэшткамі, што ў яго засталіся, падаўся ён вандраваць па свеце. Прыйшоў ён аднаго разу ў вёску, бачыць - збегліся хлопцы, крычаць ды шумяць.

- Дзеці, што ў вас тут такое? - спытаўся чалавек.

- Ды вось, - кажуць яны, -мы злавілі мыш, хочам навучыць яе танцаваць. Падзівіцеся, як смешна яна падскоквае!

Але чалавек пашкадаваў бедалажку-звярка ды сказаў:

- Хлопчыкі, пусціце мыш на волю, я вам за тое заплачу. - Ён даў ім грошай, і яны адпусцілі мыш, і бедалажка-звярок уцёк ды схаваўся ў норку.

Пайшоў чалавек далей. Прыходзіць ён у другую вёску, бачыць - у хлопцаў малпа; прымушаюць яны яе скакаць ды куляцца, пацяшаюцца з яе, не даюць ёй спакою. Даў чалавек хлопцам грошай, каб пусцілі яны малпу. Потым пайшоў ён у трэцюю вёску, а там у хлопцаў быў мядзведзь на ланцугу; даводзілася яму ставаць на заднія лапы ды скакаць, а калі ён бурчэў, гэта іх забаўляла. І ён выкупіў мядзведзя; узрадаваўся мядзведзь, што можна стаць цяперака зноў на свае чатыры лапы, ды затупаў ён проста ў лес.

Раздаў чалавек апошнія свае грошы, не засталося ў яго ў кішэні і меднай капейчыны. І кажа ён сабе: «Грошай у караля ў казне куды болей, чым яму трэба; навошта мне з голаду паміраць, вазьму я ў яго трошкі, а зараблю - вярну іх зноў у казну». Залез ён у казну і ўзяў адтуль трошкі грошай, але калі ён вылез з каралеўскай кладоўкі, схапілі яго каралеўскія служкі. Абвясцілі яму, што ён злодзей, ды прывялі яго на суд. А паколькі ўчыніў ён злачынства, дык прысудзілі пасадзіць яго ў скрыню ды кінуць у рэчку. Прасвідравалі ў вечку скрыні дзіркі, каб магло трапляць у яе паветра, і далі чалавеку збан вады ды хлеба лусту. Вось і паплыў ён па рацэ; ды такі яго апанаваў страх! Аж раптам чуе ён - нешта шкрабаецца ды трэцца аб замок, грызе ды пастуквае. Нечакана адмыкаецца замок, узнімаецца вечка скрыні - стаяць перад ім мыш, малпа і мядзведзь, - гэта яны вечка адчынілі; некалі іх чалавек з бяды выбавіў, а цяперака і яны прыйшлі яму на дапамогу. Але звяры не ведалі, што ім далей рабіць, і пачалі яны паміж сабой радзіцца. А тут выкаціўся да іх раптам з вады белы камень, падобны да яйка. Вось мядзведзь і кажа:

- Ён у самы час да нас паспеў, гэты камень цудадзейны: чый ён будзе, той і зможа пажадаць сабе ўсё, што толькі захоча.

Выцягнуў чалавек з вады гэты камень, узяў яго ў руку ды пажадаў, каб быў у яго замак з садам і каралеўскаю стайняй. І толькі вымавіў ён сваё жаданне, як сядзеў ужо ў замку з садам ды каралеўскай стайняй, і ўсё было такое прыгожае ды дзівоснае, што аніяк не мог ён надзівіцца з усяго гэтага.

А праходзілі гэтым часам па дарозе купцы-гандляры.

- Падзівіцеся, - сказалі яны, - які цудоўны збудавалі замак, а мінулы ж раз, калі мы праходзілі, тут былі толькі адны сыпучыя пяскі.

Закарцела ім дазнацца, як гэта сталася. З'явіліся яны ў замак, пачалі ў чалавека распытваць, як здолеў ён усё гэта так хутка збудаваць. А ён ім і кажа:

- Ды гэта не я зрабіў, гэта зрабіў мой цудадзейны камень.

- А што гэта за камень такі? - спыталіся яны.

Ён пайшоў ды прынёс яго і паказаў купцам-гандлярам. Захацелася ім той камень набыць, і яны спыталіся, ці не прадасць ён ім яго, ды прапанавалі яму ўсе свае дарагія тавары. Зірнуў чалавек на цудоўныя тавары, разбегліся ў яго вочы ад выгляду іх, а было ў яго сэрца не ўстойлівае, яно імкнулася ўсё да новага, і вось даў ён сябе абдурыць, думаючы, што цудоўныя тавары шмат даражэйшыя за ягоны цудадзейны камень, ды аддаў яго купцам-гандлярам. Ледзьве выпусціў ён яго з рук, і адразу ж знікла разам з каменем усё ягонае шчасце, - апынуўся ён зноў у замкнёнай скрыні на рацэ, і была ў яго адна толькі конаўка вады ды акраец хлеба.

Як убачылі верныя звяры - мыш, малпа ды мядзведзь, - што трапіў ён у бяду, паспяшаліся зноў яму на дапамогу, але аніяк не маглі яны цяперака збіць той замок - быў ён шмат мацнейшы, чым у першы раз. Тады мядзведзь і кажа:

- Трэба нам чарадзейны камень знайсці, а інакш усе нашыя намаганні будуць марныя.

А купцы засталіся жыць у замку. Вось звяры і пайшлі туды разам усе; і калі яны былі ўжо каля самага замка, мядзведзь кажа:

- Мыш, зазірні ты ў замочную шчыліну ды паглядзі, што нам рабіць; ты ж маленькая, ніхто цябе не заўважыць.

Мыш згадзілася на гэта, але неўзабаве вярнулася ды кажа:

- Нічога не будзе; я зазірнула: камень вісіць пад люстрай на чырвоным шнурку, па баках сядзяць дзве вялікія кошкі з вогненымі вачыма і яго пільнуюць.

Кажуць тады малпа ды мядзведзь:

- А ты яшчэ раз ідзі туды ды пачакай, пакуль гаспадар ляжа ў пасцель і засне, а потым пралезь у замочную шчыліну, ускараскайся на ложак ды ўшчыкні яго за нос і адгрызі яму валасы.

Прабралася мыш зноў туды і зрабіла так, як сказалі ёй малпа ды мядзведзь. Гаспадар прачнуўся, пачаў сабе нос церці ды кажа:

- А кошкі мае, відаць, нікуды не вартыя: пускаюць мышэй, а тыя валасы мне ўсе з галавы паабгрызалі, - і ён прагнаў сваіх кошак.

Вось мыш свайго і дасягнула.

Калі на другую ноч гаспадар заснуў, забралася мыш да яго ў пакой, пачала грызці чырвоны шнурок, на якім вісеў камень, пакуль нарэшце яго не перагрызла. Упаў камень на падлогу, тут яна і дацягнула яго да дзвярэй. Але нялёгка гэта было беднай маленькай мышцы; і кажа яна да малпачкі, а тая стаяла за дзвярыма, яе чакаючы:

- Ты выцягні яго адсюль лапай.

Для малпы гэта было няцяжка, яна ўзяла камень у руку, ды пайшлі яны разам усе да ракі. Малпа і кажа:

- Як жа нам цяперака да скрыні дабрацца?

А мядзведзь адказвае:

- А гэта мы зараз уладкуем! Я ўвайду ў раку ды паплыву, а ты, малпа, сядзеш да мяне на спіну; але глядзі, трымайся за мяне абедзвюма рукамі, ды як мацней, а камень пакладзі сабе ў рот. А ты, мышка, залазь да мяне ў правае вуха.

Так яны зрабілі ды паплылі ўніз па рацэ. Неўзабаве мядзведзю маўчаць надакучыла, пачаў ён балбатаць пра тое ды пра сёе і кажа:

- Паслухай, малпа, а мы ж з табой адважныя сябры, як ты мяркуеш?

Але малпа змаўчала, нічога яму не адказала.

- Што гэта ў цябе за манера такая, - сказаў мядзведзь, - сябрам сваім не адказваць? Не люблю я тых, хто мне не адказвае.

Далей трываць у малпы не хапіла сілы, выпусціла яна камень у ваду і выгукнула:

- Дурань ты! Як жа мне было адказваць з каменем у роце? Вось ён цяперака і прапаў, а вінаваты ва ўсім ты.

- Ды ты не сварыся, - сказаў мядзведзь, - мы што-небудзь ды прыдумаем.

Парадзіліся яны між сабой, склікалі ўсіх драўняных жабак, жарлянак ды іншыя вадзяныя стварэнні і кажуць:

- На вас збіраецца напасці моцны вораг, трэба вам будзе як болей камянёў набыць, колькі зможаце, а мы збудуем вам сцяну, яна вас і абароніць.

Спалохаліся вадзяныя стварэнні ды нацягалі камянёў адусюль, і прыплыла, нарэшце, з дна рачнога старая тлустая жаба-крактуха і прыцягнула ў роце чырвоны шнурок з чарадзейным каменем. Узрадаваўся мядзведзь, узяў у жабы камень ды сказаў, што цяпер усё, маўляў, у парадку і могуць яны сабе спакойна дадому падавацца, - тут ён з імі і развітаўся. І паплылі яны ўтраіх уніз па рацэ да чалавека, які знаходзіўся ў скрыні. Узарвалі яны чарадзейным каменем вечка, - з'явіліся яны ў самы час - увесь хлеб ён паеў ужо і ўсю ваду выпіў і ледзь не загінуў з голаду. Як толькі ўзяў ён у руку чарадзейны камень, пажадаў сабе добрага здароўя, і адразу ж перанёсся ў свой дзівосны замак з садам ды каралеўскаю стайняй і стаў жыць прыпяваючы. А трох звяроў ён пакінуў пры сабе, і ўсё жыццё пражылі яны шчасліва разам.



Пераклад: Артур Вольскі