Гэтай казцы вы, бадай, не паверыце. Аднак мой дзядуля, распавядаючы яе, заўсёды падкрэсліваў:
- Не ўсё ў гэтай казцы выдумка. Ёсць у ёй і праўда. Бо чаму б тады людзі сталі расказваць яе?
Пачыналася гэта казка так:
Аднойчы ў ясны сонечны дзянёк стаяў вожык каля дзвярэй свайго дома, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку.
Спяваў ён сваю песеньку, спяваў і раптам вырашыў: «Пайду я ў поле, на сваю бручку пагляджу. Пакуль, - думае, - мая жонка-вожычыха дзяцей мые ды апранае, я паспею і ў полі пабываць, і дамоў вярнуцца».
Пайшоў ён і сустрэўся па дарозе з зайцам, які таксама ішоў у поле - на сваю капусту паглядзець.
Убачыў вожык зайца, пакланіўся яму і гаворыць ветліва:
- Дзень добры, паважаны заяц. Як вы маецеся?
А заяц быў вельмі важны і горды. Замест таго каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі галавой хітнуў і сказаў груба:
- Чаму гэта ты, вожык, у такую рань па полі рыскаеш?
- Я пагуляць выйшаў, - кажа ён.
- Пагуляць? - спытаў заяц насмешліва. - А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка не зойдзеш.
Пакрыўдзілі вожыка гэтыя словы. Не любіў ён, калі так гаварылі пра яго ногі, якія і сапраўды былі кароценькія і крывыя.
- Ці не думаеш ты, - спытаўся ён у зайца, - што твае заечыя ногі бегаюць хутчэй і лепш?
- Зразумела, - кажа заяц.
- А ці не хочаш ты са мной навыперадкі пабегчы? - пытаецца вожык.
- З табой навыперадкі? - кажа заяц. - Не смяшы мяне, - калі ласка. Ну няўжо ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?
- А вось убачыш, - адказвае вожык. - Убачыш, што абганю.
- Ну, давай пабяжым, - кажа заяц.
- Пачакай, - кажа вожык. - Спачатку я схаджу дамоў, паснедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на сваё месца. Тады і пабяжым. Добра?
- Добра, - сказаў заяц.
Пайшоў ён дадому. Ідзе і думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру».
Прыйшоў ён дадому і кажа жонцы:
- Жонка, збірайся хутчэй, прыйдзецца табе са мной у поле ісці.
- А што здарылася? - пытаецца вожычыха.
- Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае - я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.
- Што ты - з глузду з'ехаў? - здзівілася вожычыха. - Куды табе з зайцам цягацца? Ён цябе адразу абгоніць.
- Не твая справа, жонка, - сказаў вожык. - Збірайся і пойдзем. Я ведаю, што раблю.
Вожычыха пайшла з вожыкам у поле. Па дарозе ён гаворыць жонцы:
- Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па адной баразне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля ля маёй баразны. Як толькі падбяжыць да цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!» Зразумела?
- Зразумела, - адказвае жонка.
Так яны і зрабілі. Адвёў вожык вожычыху на пачатак сваёй баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.
- Ну што, - кажа заяц, - пабяжым?
- Пабяжым, - кажа вожык.
- Раз, два, тры! - крыкнуў заяц.
І абодва яны пабеглі з усіх ног.
Зрабіў вожык крокі тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць і адпачывае. А заяц усё бяжыць і бяжыць. Дабег да канца сваёй баразны, а тут вожычыха яму і крычыць:
- Я ўжо тут!
А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін на аднаго. Здзівіўся заяц, што вожык яго абагнаў.
- Бяжым цяпер назад, - кажа ён вожычысе. - Раз, два, тры!
І паімчаўся заяц назад хутчэй, чым раней. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы.
Дабег заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць:
- Я ўжо тут!
Яшчэ больш здзівіўся заяц.
- Бяжым яшчэ раз, - кажа ён вожыку.
- Добра, - адказвае вожык. - Калі хочаш, пабеглі яшчэ раз.
Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды і назад. А вожык усё абганяў яго.
Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць: «Я ўжо тут!»
Пабяжыць заяц назад да канца баразны, а вожычыха яму крычыць: «Я ўжо тут!»
На семдзесят чацвёрты раз дабег заяц да сярэдзіны поля і зваліўся на зямлю.
- Стаміўся, - кажа, - не магу больш бегаць.
- Вось бачыш цяпер, - кажа вожык, - у каго ногі хутчэйшыя?
Нічога не сказаў заяц і пайшоў з поля. А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пайшлі з імі гуляць.