epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Брыдкае качаня

Хораша было за горадам! Стаяла лета. На полі ўжо залацілася жыта, авёс зелянеў, сена было складзена ў стагі; па зялёным лузе пахаджваў даўганогі бусел і балакаў па-егіпецку - гэтай мове ён навучыўся ад сваёй маці. За палямі і лугамі цямнеў вялікі лес, а ў лесе хаваліся глыбокія сінія азёры. Так, хораша было за горадам! Сонца асвятляла старую сядзібу, абкружаную глыбокімі канавамі з вадой. Уся зямля - ад сценаў хаты да самай вады - зарасла лопухам, ды такім высокім, што маленькія дзеці маглі стаяць пад самымі буйнымі яго лістамі ў поўны рост.

У гушчары лопуху было гэтак жа глуха і дзіка, як у густым лесе, і вось там сядзела на яйках качка. Сядзела яна ўжо даўно, і ёй гэты занятак даволі-такі надакучыў. Да таго ж яе рэдка наведвалі, - іншым качкам было больш даспадобы плаваць па канаўках, чым сядзець у лопуху ды кракаць разам з ёю. Нарэшце яечныя шалупайкі затрашчалі.

Качаняты заварушыліся, застукалі дзюбкамі і высунулі галоўкі.

- Піп, піп! - сказалі яны.

- Крак, крак! - адказала качка. - Паспяшайцеся.

Качаняты выкараскаліся сяк-так са шкарлупіны і сталі азірацца наўкол, разглядваючы зялёныя лісты лопуху. Маці не перашкаджала ім - зялёны колер карысны для вачэй.

- Ах, які вялікі свет! - сказалі качаняты.

Ну вядома! Зараз ім было куды вальней, чым у шкарлупіне.

- Ці не думаеце вы, што тут і ўвесь свет? - сказала маці. - Ды не! Ён цягнецца далёка-далёка, туды, за сад, за поле... Але, шчыра кажучы, там я зроду не была!.. Ну што, усе ўжо выбраліся? - І яна ўзнялася на ногі. - Ды не, яшчэ не ўсе. Самае вялікае яйка цалюткае! Ды калі ж гэтаму будзе канец! Я хутка зусім страчу цярпенне.

І яна ўселася зноў.

- Ну, як справы? - запытала старая качка, прасунуўшы галаву ў гушчар лопуху.

- Ды вось, з адным яйкам ніяк не магу справіцца, - сказала маладая качка. - Сяджу, сяджу, а яно ўсё не лопаецца. Затое зірні на тых малечаў, што ўжо вылупіліся. Проста цуд! Усе, як адзін, - у бацьку. А ён, нягоднік, нават не наведаў мяне ні разу!

- Пастой, пакажы мне спачатку тое яйка, якое не лопаецца, - сказала старая качка. - Ці не індычынае яно, чаго добрага? Ну канешне! Вось менавіта так і мяне аднойчы ашукалі. А колькі клопатаў было ў мяне потым з гэтымі індычанятамі! Ты не паверыш: яны гэтак баяцца вады, што іх не загоніш у канаву. Я й шыпела, і кракала, і проста штурхала іх у ваду, - не ідуць, ды і толькі. Дай хіба яшчэ раз зірну. Ну, так і ёсць! Індычынае! Кідай яго ды ідзі вучы сваіх дзетак плаваць!

- Ды не, я, мабыць, пасяджу, - сказала маладая качка. - Ужо столькі цярпела, што можна яшчэ крыху пацярпець.

- Ну і сядзі! - сказала старая качка і пайшла.

І вось нарэшце вялікае яйка трэснула.

- Піп, піп! - запішчала птушаня і вывалілася са шкарлупіны. Але ж якое яно было вялікае і брыдкае!

Качка агледзела яго з усіх бакоў і ўсплёснула крыламі.

- Жахлівы вырадак! - сказала яна. - І зусім не падобны на іншых! Ці ж не індычанё гэта і на самой справе? Але ж у ваду ён у мяне патрапіць, хай сабе мне давядзецца спіхнуць яго туды сілай!

На наступны дзень надвор'е стаяла цудоўнае, зялёны лопух быў заліты сонцам.

Качка з усёй сваёй сям'ёй накіравалася да канавы. Боўць! - і яна апынулася ў вадзе.

- Крак-крак! За мной! Хутка! - паклікала яна, і качаняты адзін за адным таксама бухнуліся ў ваду.

Спачатку вада накрыла іх з галавою, але яны зараз жа вынырнулі і выдатна паплылі наперад. Лапкі ў іх так і запрацавалі, так і запрацавалі. Нават брыдкае шэрае качаня не адставала ад іншых.

- Якое ж гэта індычаня? - сказала качка. - Вунь як слаўна грабе лапкамі! І як прама трымаецца! Не, гэта мой уласны сын. Ды ён зусім не такі і брыдкі, калі добра прыгледзецца да яго. Ну, хуценька, хуценька за мной! Я зараз выведу вас на людзі - мы пойдзем на птушыны двор. Толькі трымайцеся бліжэй да мяне, каб хто-небудзь не наступіў на вас, ды сцеражыцеся кошак!

Хутка качка з усім сваім вывадкам дабралася да птушынага двара. Бог ты мой! Што тут быў за шум! Дзве качыныя сям'і біліся з-за галоўкі вугра. І ў рэшце рэшт гэтая галоўка дасталася кошцы.

- Вось так заўсёды і бывае ў жыцці! - сказала качка і аблізнула язычком дзюбу - яна і сама была не супраць паспытаць вугрынай галоўкі. - Ну, ну, варушыце лапкамі! - закамандавала яна, павярнуўшыся да качанят. Кракніце і пакланіцеся вунь той старой качцы! Яна тут знатнейшая за ўсіх. Яна гішпанскай пароды і таму такая тлустая. Бачыце, у яе на лапцы чырвоны шматок! Як прыгожа! Гэта вышэйшая адзнака, якой толькі можа ўдастоіцца качка. Гэта значыць, што яе не хочуць згубіць, - па гэтым шматку яе адразу пазнаюць і людзі, і жывёлы. Ну, хутка! Ды не трымайце лапкі разам! Добра выхаванае качаня павінна выварочваць лапкі наверх. Вось так! Глядзіце. Цяпер нахіліце галоўкі і скажыце: «Крак!»

Качаняты так і зрабілі.

Але іншыя качкі агледзелі іх і гучна загаварылі:

- Ну вось, яшчэ цэлая плойма! Быццам без іх нас мала было! А адно якое брыдкае! Гэтага ўжо мы ніяк не пацерпім!

І зараз жа адна качка падляцела і дзеўбанула яго ў шыю.

- Пакіньце яго! - сказала качка-маці. - Яно ж вам нічога не зрабіла!

- Хай сабе і так. Але якое яно вялікае і нязграбнае! - прашыпела злая качка. - Не пашкодзіць яго трохі правучыць.

А знатная качка з чырвоным шматком на лапцы сказала:

- Слаўныя ў цябе дзеткі! Усе вельмі, вельмі мілыя, акрамя аднаго, бадай... Небарака не ўдаўся! Добра было б яго перарабіць.

- Гэта немагчыма, ваша міласць, - адказала качка-маці. - Яно непрыгожае - гэта праўда, але ў яго добрае сэрца. А плавае яно не горш, адважваюся нават сказаць - лепей за іншых. Я думаю, з цягам часу яно выраўнуецца і стане трохі меншае. Яно занадта доўга праляжала ў яйку і таму трохі перарасло. - І яна разгладзіла дзюбкай пёркі на яго спіне. - Акрамя таго, яно качар, а качару прыгажосць не вельмі патрэбна. Я думаю, яно вырасце моцным і праб'е сабе дарогу ў жыццё.

- Астатнія качаняты вельмі, вельмі мілыя! - сказала знатная качка. - Ну, будзьце як дома, а калі знойдзеце вугрыную галоўку, можаце прынесці яе мне.

І вось качаняты сталі паводзіць сябе як дома. Толькі беднаму качаняці, якое вылупілася пазней за іншых і было такое брыдкае, ніхто не даваў праходу. Яго дзяўблі, штурхалі і дражнілі не толькі качкі, але нават куры.

- Занадта вялікае! - казалі яны.

А індыйскі певень, які нарадзіўся са шпорамі на нагах і таму ўяўляў сябе ледзь не імператарам, надзьмуўся і, быццам карабель на ўсіх ветразях, падляцеў проста да качаняці, паглядзеў на яго і злосна залапатаў; грабеньчык у яго ажно наліўся крывёй. Беднае качаня проста не ведала, што яму рабіць, куды падзецца. І трэба ж было яму нарадзіцца такім брыдкім, што ўвесь птушыны двор смяецца над ім!

Так прайшоў першы дзень, а потым стала яшчэ горш. Усе гналі беднае качаня, нават браты і сёстры злосна казалі яму: «Хай бы кошка сцапала цябе, агідны вырадак!» А маці дадавала:»Вочы б мае на цябе не глядзелі!» Качкі шчыпалі яго, куры дзяўблі, а дзяўчына, якая давала птушкам корм, адштурхоўвала яго нагой.

Нарэшце качаня не вытрымала. Яно перабегла праз двор і, распусціўшы свае няўклюдныя крыльцы, сяк-так перавалілася цераз плот проста ў калючыя кусты.

Маленькія птушачкі, што сядзелі на галінах, разам успырхнулі і разляцеліся ў розныя бакі.

«Гэта таму, што я такое брыдкае», - падумала качаня і, заплюшчыўшы вочы, кінулася бегчы, само не ведаючы куды. Яно бегла да той пары, пакуль не апынулася ў болоце, дзе жылі дзікія качкі.

Тут яно правяло ўсю ноч. Беднае качаня стамілася, і яму было вельмі сумна.

Раніцай дзікія качкі прачнуліся ў сваіх гнёздах і ўбачылі новага таварыша.

- Гэта што за птушка? - спыталі яны.

Качаня круцілася і кланялася ва ўсе бакі, як магло.

- Ну і брыдкае ж ты! - сказалі дзікія качкі. - Аднак нам што да таго, толькі б ты не лезла да нас у радню.

Небарака! Дзе ўжо яму было думаць пра гэта! Толькі б дазволілі жыць у чароце ды піць балотную ваду, - пра іншае яно і не думала.

Так яно праседзела ў балоце два дні. На трэці дзень туды прыляцелі два дзікія гусакі. Яны зусім нядаўна навучыліся лётаць і таму вельмі важнічалі.

- Слухай, дружа! - сказалі яны. - Ты такі дзіўны, што на цябе глядзець весела. Хочаш сябраваць з намі? Мы птушкі вольныя - куды хочам, туды і ляцім. Тут паблізу ёсць яшчэ балота, там жывуць вельмі мілыя дзікія гускі-паненкі. Яны ўмеюць гаварыць: «Рап! Рап!» Ты такі забаўны, што, чаго добрага, будзеш карыстацца ў іх вялікім поспехам.

Піф! Паф! - прагучала раптам над балотам, і абодва гусака ўпалі ў чараты мёртвыя, а вада пачырванела ад крыві.

Піф! Паф! - пачулася зноў, і цэлая чарада дзікіх гусей узнялася над балотам. Грымеў стрэл за стрэлам. Паляўнічыя акружылі балота з усіх бакоў, некаторыя з іх залезлі на дрэвы і вялі страляніну зверху. Блакітны дым воблакамі ахутываў вершаліны дрэў і слаўся над вадой. Па балоце шнырылі паляўнічыя сабакі. Толькі і чуваць было: шлёп-шлёп! І чарот гайдаўся. Беднае качаня ад страху было ледзь жывое. Толькі яно хацела схаваць галаву пад крыльца, як раптам проста перад ім вырас паляўнічы сабака з высунутым языком і ззяючымі злымі вачамі. Ён зірнуў на качаня, ашчэрыў вострыя зубы і - шлёп-шлёп! - пабег далей.

«Здаецца, пранесла, - падумала качаня і перавяло дух. - Відаць, я такое брыдкае, што нават сабаку агідна з'есці мяне!»

І яно прытаілася ў чароце. А над яго галавой раз-пораз свістаў шрот, чуліся стрэлы.

Страляніна змоўкла толькі адвячоркам, але качаня доўга яшчэ баялася паварушыцца.

Прайшло некалькі гадзін. Нарэшце яно асмелілася ўстаць, асцярожна агледзелася наўкол і кінулася бегчы далей па полі і лузе.

Дзьмуў такі моцны сустрэчны вецер, што качаня ледзь-ледь перасоўвала лапкі.

Да ночы яно дабралася да маленькай убогай хаткі. Хатка гэтак струхлела, што гатова была ўпасці, ды не ведала, на які бок, таму і трымалася.

Вецер так і падхопліваў качаня, - даводзілася прыціскацца да самой зямлі, каб не знесла.

На шчасце, яно заўважыла, што дзверы хаткі саскочылі з адной завесы і гэтак перакасіліся, што праз шчыліну можна лёгка прабрацца ўсярэдзіну. І качаня прабралася.

У хатцы жыла старая са сваёй курай і катом. Ката яна звала Сыночкам; ён умеў выгінаць спіну, мурлыкаць і нават сыпаць іскрамі, але дзеля гэтага трэба было пагладзіць яго супраць поўсці. У курыцы былі маленькія кароценькія ножкі, і таму яе так і празвалі Каратканожкай. Яна старанна несла яйкі, і старая любіла яе, як дачку.

Раніцай качаня заўважылі. Кот пачаў мурлыкаць, а кура кудахтаць.

- Што там такое? - запытала старая.

Яна паглядзела наўкол і ўбачыла ў куце качаня, але сослепу прыняла яго за тлустую качку, якая адбілася ад хаты.

- Вось дык знаходка! - сказала старая. - Зараз у мяне будуць качыныя яйкі, калі толькі гэта не качар.

І яна вырашыла пакінуць бяздомную птушку ў сябе. Але прайшло тыдні тры, а яек усё не было. Сапраўдным гаспадаром у хаце быў кот, а гаспадыняй - курыца. Абое яны заўсёды казалі: «Мы і ўвесь свет!» Яны лічылі саміх сябе паловай усяго свету, і прытым лепшай паловай. Качаняці, праўда, здавалася, што на гэты конт можна быць іншай думкі. Але курыца гэтага не дапускала.

- Ці ўмееш ты несці яйкі? - спытала яна качаня.

- Не!

- Дык і трымай язык на прывязі!

А кот запытаў:

- Ці ўмееш ты выгінаць спіну, сыпаць іскрамі і мурлыкаць?

- Не!

- Дык і не лезь са сваёй думкай, калі гавораць разумныя людзі!

І качаня сядзела ў куце, надзьмуўшыся.

Неяк аднойчы дзверы шырока расчыніліся, і ў пакой уварваліся струмень свежага паветра і яркі сонечны прамень. Качаня так моцна пацягнула на волю, так захацелася яму паплаваць, што яно не магло стрымацца і сказала пра гэта курыцы.

- Ну, што яшчэ выдумала? - накінулася на яго курыца. - Гультуеш, вось табе ў галаву і лезе рознае глупства! Нясі лепш яйкі альбо мурлыкай, вось дурасць і пройдзе!

- Ах, плаваць так прыемна! - сказала качаня. - Такое задавальненне нырнуць уніз галавой у самую глыбіню!

- Вось дык задавальненне! - сказала курыца. - Ты зусім з глузду з'ехала! Спытай у ката - ён разважлівейшы за ўсіх, каго я ведаю, - ці падабаецца яму плаваць і ныраць? Пра сябе самую я ўжо не кажу. Спытай, нарэшце, у нашай старой пані, разумнейшага за яе, напэўна, нікога няма на свеце! Яна табе скажа, ці любіць яна ныраць уніз галавой у самую глыбіню!

- Вы мяне не разумееце! - сказала качаня.

- Калі ўжо мы не разумеем, дык хто цябе і зразумее! Ты, відаць, хочаш быць разумнейшай за ката і нашу пані, не кажучы ўжо пра мяне! Не наравіся і будзь удзячнае за ўсё, што для цябе зрабілі! Цябе прытулілі, прыгрэлі, ты трапіла ў такое грамадства, у якім можаш нечаму навучыцца. Але ты пустая галава, і размаўляць з табою не варта. Павер ужо мне! Я жадаю табе дабра, таму і сваруся на цябе. Так заўсёды робяць сапраўдныя сябры. Старайся ж несці яйкі альбо навучыся мурлыкаць ды сыпаць іскрамі!

- Я думаю, мне лепей пайсці адсюль куды вочы глядзяць! - сказала качаня.

- Ну і йдзі сабе! - адказала курыца.

І качаня пайшло. Яно жыло на возеры, плавала і нырала ўніз галавой, але ўсе наўкол па-ранейшаму смяяліся з яго і называлі брыдкім і агідным.

А між тым настала восень. Лісты на дрэвах пажоўклі і пабурэлі. Яны так і сыпаліся з галін, а вецер падхопліваў іх і кружыў у паветры. Стала вельмі холадна. Цяжкія хмары сеялі на зямлю то град, то снег. Нават варона, седзячы на агароджы, каркала ад холаду на ўсё горла. Брр! Замерзнеш ад адной думкі пра такую сцюжу!

Дрэнна даводзілася беднаму качаняці.

Раз адвячоркам, калі сонейка яшчэ ззяла на небе, з-за лесу ўзнялася цэлая чарада цудоўных, вялікіх птушак. Такіх прыгожых птушак качаня ніколі яшчэ не бачыла - усе белыя як снег, з даўгімі гнуткімі шыямі.

Гэта былі лебедзі.

Іхні крык быў падобны на гукі трубы. Яны распрасцерлі свае шырокія магутныя крылы і паляцелі з халодных лугоў у цёплыя краі, за сінія моры... Вось ужо яны ўзняліся высока-высока, а беднае качаня ўсё глядзела ім услед, і нейкая незразумелая трывога ахапіла яго. Яно закруцілася ў вадзе, як ваўчок, выцягнула шыю і таксама закрычала, ды так моцна і дзіўна, што само спалохалася. Яно не магло адвесці вачэй ад гэтых цудоўных птушак, а калі яны зусім зніклі, яно нырнула на самае дно, потым выплыла зноў і ўсё-ткі доўга яшчэ не магло апамятацца. Качаня не ведала, як завуць гэтых птушак, не ведала, куды яны ляцяць, але палюбіла іх, як не любіла да гэтай пары нікога на свеце. Прыгажосці іхняй яно не зайздросціла. Яму і ў галаву не прыходзіла, што яно можа быць такім жа прыгожым, як яны.

Яно было б вельмі рада, калі б хоць качкі не адштурхоўвалі яго ад сябе. Беднае брыдкае качаня!

Зіма настала вельмі халодная. Качаня павінна было плаваць па возеры без адпачынку, каб не даць вадзе замерзнуць зусім, але з кожнай ноччу палонка, у якой яно плавала, рабілася ўсё меншай і меншай. Мароз быў такі, што нават лёд патрэскваў. Качаня нястомна працавала лапкамі. Нарэшце яно зусім знясілела і прымерзла да лёду.

Ранкам побач праходзіў селянін. Ён убачыў прымерзлае да лёду качаня, разбіў лёд сваім драўляным чаравікам і аднёс паўмёртвую птушку дамоў да жонкі.

Качаня адагрэлі.

Дзеці задумалі пагуляць з ім, але качаняці падалося, што яны хочуць пакрыўдзіць яго. Яно кінулася са страху ў кут і трапіла проста ў даёнку з малаком. Малако пацякло па падлозе.

Гаспадыня ўскрыкнула і пляснула рукамі, а качаня забегала па пакоі, уляцела ў кадушку з маслам, а адтуль у бочку з мукой. Лёгка ўявіць, на што яно стала падобнае!

Гаспадыня лаяла качаня і ганялася за ім з вугальнымі шчыпцамі, дзеці бегалі, збіваючы адзін аднаго з ног, рагаталі і пішчалі. Добра, што дзверы былі адчынены, - качаня выбегла, растапырыўшы крылы, кінулася ў кусты, проста на толькі што выпаўшы снег, і доўга-доўга ляжала там непрытомнае.

Было б вельмі журботна расказваць пра ўсе беды і няшчасці брыдкага качаняці ў гэтую суровую зіму.

Нарэшце сонейка зноў прыгрэла зямлю сваімі цёплымі промнямі. Зазвінелі жаўрукі ў полі. Вярнулася вясна!

Качаня вылезла з чароту, дзе яно хавалася ўсю зіму, узмахнула крыламі і паляцела. Крылы яго цяпер былі куды мацнейшыя, чым раней, яны зашумелі і ўзнялі яго над зямлёй. Не паспела яно апамятацца, як даляцела ўжо да вялікага саду. Яблыні стаялі ўсе ў квецені, духмяны бэз схіляў свае доўгія зялёныя галіны над звілістым каналам. Ах, як тут было добра, як пахла вясной!

І раптам з гушчару чароту выплылі тры цудоўныя белыя лебедзі. Яны плылі так лёгка і плаўна, быццам слізгацелі па вадзе. Качаня пазнала гэтых цудоўных птушак, і яго ахапіла нейкая незразумелая журба.

«Палячу да іх, да гэтых велічных птушак. Яны, напэўна, задзяўбуць мяне да смерці за тое, што я, такое брыдкае, асмельваюся наблізіцца да іх. Але ўсё роўна! Лепш загінуць ад іхніх удараў, чым трываць шчыпанне качак і курэй, штуршкі птушніцы ды трываць холад і голад зімою!»

І яно апусцілася на ваду і паплыло насустрач цудоўным лебедзям, а лебедзі, згледзеўшы яго, замахалі крыламі і паплылі проста да яго.

- Забіце мяне! - сказала брыдкае качаня і нізка схіліла галаву.

І раптам у чыстай, як люстэрка, вадзе яно ўбачыла сваё ўласнае адлюстраванне. Яно было ўжо не брыдкім цёмна-шэрым качанём, а прыгожым белым лебедзем!

Зараз качаня было нават рада, што перанесла столькі гора і бед. Яно шмат выцерпела і таму магло лепш ацаніць сваё шчасце. А вялікія лебедзі плавалі наўкол і гладзілі яго сваімі дзюбамі.

У гэты час у сад прыбеглі дзеці. Яны сталі кідаць лебедзям кавалкі хлеба і зерне, а самы малодшы з іх закрычаў:

- Новы прыляцеў! Новы прыляцеў!

І ўсе астатнія падхапілі:

- Так, новы, новы!

Дзеці пляскалі ў ладкі і скакалі ад радасці. Потым яны пабеглі за бацькам з маці і зноў сталі кідаць у ваду кавалкі хлеба і пірожнага.

І дзеці і дарослыя казалі:

- Новы лебедзь лепшы за ўсіх! Ён такі прыгожы і малады!

І старыя лебедзі схілілі перад ім галовы. А ён зусім збянтэжыўся і схаваў галаву пад крыло, сам не ведаючы навошта. Ён успомніў той час, калі ўсе смяяліся з яго і гналі прэч. Але ўсё гэта было ў мінулым. Цяпер людзі кажуць, што ён самы цудоўны сярод цудоўных лебедзяў. Бэз схіляе да яго ў ваду духмяныя галіны, а сонейка лашчыць сваімі цёплымі промнямі... І вось крылы яго зашумелі, стройная шыя выпрасталася, а з грудзей вырваўся радасны крык:

- Не, пра такое шчасце я і не марыў, калі быў яшчэ брыдкім качанём!



Пераклад: Уладзімір Мазго