epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Елка

У лесе стаяла цудоўная елачка. Месца ў яе было добрае, паветра і святла ўдосталь; наўкол раслі сяброўкі больш старэйшыя - і елкі, і сосны. Елачцы страшэнна хацелася як найхутчэй вырасці; яна не думала ні пра цёплае сонейка, ні пра свежае паветра, не было ёй справы і да балбатлівых сялянскіх дзяцей, што хадзілі ў лес па суніцы і маліну; і, назбіраўшы поўныя кубачкі, альбо нанізаўшы ягады, быццам пацеркі, на тонкія пруткі, прысаджваліся пад елачку адпачыць і заўсёды казалі:

- Вось слаўная елачка! Прыгожанькая, маленькая!

Такіх размоў дрэўца і слухаць не хацела.

Мінуў год - і ў елачкі прыбавілася адно каленца, мінуў яшчэ год - прыбавілася яшчэ адно: так па колькасці каленцаў і можна было даведацца колькі гадоў елцы.

- Ах, калі б я была гэткай жа вялікай, як іншыя дрэвы! - уздыхала елачка. - Тады б і я шырока развінула сваё голле, высока падняла галаву, і мне відаць было б далёка-далёка наўкол! Птушкі звілі б у маім голлі гнёзды, а калі дзьмуў бы вецер, я гэтаксама важна ківала б галавою, як іншыя!

І ні сонейка, ні спевы птушак, ні ружовыя ранішнія і вечаровыя аблокі не давалі ёй аніякага задавальнення.

Стаяла зіма, зямля была заслана ззяючым снежным дываном; па снезе не-не ды прабягаў заяц і часам нават пераскокваў цераз елачку - вось крыўда! Але прайшло яшчэ дзве зімы, і да трэцяй дрэўца падрасло ўжо настолькі, што зайцу даводзілася абмінаць яго.

«Так, расці, расці і хутчэй зрабіцца вялікім, старым дрэвам - што можа быць лепш за гэта!» - думалася елачцы.

Кожную восень у лесе з'яўляліся дрывасекі і секлі самыя вялікія дрэвы. Елачка ўсялякі раз трэслася ад жаху пры выглядзе агромністых дрэў, што з шумам падалі на зямлю. Іх ачышчалі ад голля, і яны валяліся на зямлі такімі голымі, доўгімі і тонкімі. Ледзь можна было пазнаць іх! Пасля іх клалі на калёсы і вывозілі з лесу.

Куды? Навошта?

Вясною, калі прыляцелі ластаўкі і буслы, дрэўца запыталася ў іх:

- Ці не ведаеце вы, куды павезлі тыя дрэвы? Ці не сустракалі вы іх?

Ластаўкі нічога не ведалі, але адзін з буслоў падумаў, кіўнуў галавою і сказаў:

- Магчыма! Я сустракаў на моры, на шляху з Егіпта, шмат новых караблёў з дзівоснымі, высокімі мачтамі. Ад іх пахла елкаю і сасною. Вось дзе яны!

- Ах, хутчэй бы і мне вырасці ды пусціцца на мора! А якое гэтае мора, на што яно падобнае?

- Ну, гэта доўга расказваць, - адказаў бусел і паляцеў.

- Радуйся свайму юнацтву! - казалі елачцы сонечныя промні. - Радуйся свайму здароваму росту, сваёй маладосці і жыццёвым сілам!

І вецер цалаваў дрэва, раса пралівала над ім слёзы, але елка нічога гэтага не цаніла.

Перад Калядамі ссеклі некалькі зусім маладзенькіх елак; некаторыя з іх былі нават меншымі, чым наша елачка, якой так хацелася хутчэй вырасці. Усе ссечаныя дрэўцы былі на дзіва прыгожанькімі; іх не ачышчалі ад голля, а проста паклалі на санкі і павезлі з лесу.

- Куды? - запыталася елка. - Яны не большыя, чым я, адна нават меншая. І чаму на іх пакінулі ўсё голле? Куды іх павезлі?

- Мы ведаем! Мы ведаем! - працырыкалі вераб'і. - Мы былі ў горадзе і заглядвалі ў вокны! Мы ведаем, куды іх павезлі! Яны трапяць у такую пашану, што і сказаць нельга! Мы заглядвалі ў вокны і бачылі! Іх паставілі пасярод цёплага пакоя і ўпрыгожылі дзівоснымі рэчамі - залочанымі яблыкамі, мядовымі пернікамі і мноствам свечак!

- А пасля?.. - запыталася елка, калоцячыся ўсім голлем. - А пасля?.. Што было з імі пасля?

- А больш мы нічога не бачылі! Але гэта было цудоўна!

- Магчыма, і я пайду гэткім жа бліскучым шляхам! - радавалася елка. - Гэта лепей, чым плаваць па моры! Ах, я проста знемагаюся ад тугі і нецярплівасці! Хаця б хутчэй прыйшлі Каляды! Цяпер і я стала гэткаю ж высокаю і разгалістаю, як тыя, што былі ссечаны ў мінулым годзе! Ах, няхай бы я ўжо ляжала на санках! Ах, няхай бы я ўжо стаяла прыбраная ва ўсё тое хараство, у цёплым пакоі! А пасля што?.. Пасля, напэўна, будзе яшчэ лепш, інакш бы навошта і ўпрыгожваць мяне!.. Толькі, што ж гэта такое будзе? Ах, як я нуджуся і ірвуся адсюль! Проста і сама не ведаю, што са мною!

- Радуйся нам! - сказалі ёй паветра і сонечнае святло. - Радуйся свайму юнацтву і лясному прыволлю!

Але яна і не думала радавацца, а ўсё расла ды расла. І зіму і лета стаяла яна ў сваім зялёным уборы, і ўсе, хто бачыў яе, казалі: «Вось дзівоснае дрэўца!» Падышлі нарэшце і Каляды, і елачку ссеклі першую. Пякучы боль і туга не далі ёй нават падумаць пра будучае шчасце; тужліва было развітвацца з родным лесам, з тым куточкам, дзе яна вырасла, - яна ж ведала, што ніколі больш не пабачыць сваіх мілых сябровак - елак і соснаў, кустоў, кветак, а магчыма, нават і птушак! Як цяжка, як сумна!..

Дрэўца прыйшло ў сябе толькі тады, калі апынулася разам з іншымі дрэвамі на двары і пачула каля сябе чыйсьці голас:

- Цудоўная елка! Вось такую нам і трэба!

З'явілася двое прыбраных слуг, узялі елку і ўнеслі яе ў агромністую, прыгожую залу. На сценах віселі партрэты, а на вялікай кафлянай печцы стаялі кітайскія вазы з ільвамі на накрыўках; паўсюль былі расстаўлены крэслы-качалкі, абабітыя шоўкам канапы і вялікія сталы, заваленыя альбомамі, кніжкамі і цацкамі на некалькі сот талераў - так, ва ўсялякім разе, казалі дзеці. Елку пасадзілі ў вялікую кадку з пяском, абгарнулі кадку зялёнай тканінай і паставілі на стракаты дыван. Як трымцела елачка! Што ж такое цяпер будзе? З'явіліся слугі і маладыя дзяўчаты і сталі ўпрыгожваць яе. Вось на галінах павіслі напакаваныя ласункамі маленькія сеткі, якія выразалі з каляровай паперы, выраслі залочаныя яблыкі і арэхі і загайдаліся лялькі - ўсё роўна, як жывыя чалавечкі: такіх елка яшчэ не бачыла. Нарэшце да галін прымацавалі сотні рознакаляровых маленькіх свечак - чырвоных, блакітных, белых, а да самай верхавіны елкі - вялікую зорку з сусальнага золата. Ну проста вочы разбягаліся, гледзячы на ўсю гэтую раскошу!

- Як заблішчыць, заззяе елка вечарам, калі запаляцца свечкі! - сказалі ўсе.

«Ах! - падумала елка. - Хаця б ужо хутчэй настаў вечар і запалілі свечкі! А што ж будзе пасля? Ці не з'явяцца сюды з лесу, каб палюбавацца на мяне, іншыя дрэвы? Ці не прыляцяць да вокнаў вераб'і? Альбо, можа, я ўрасту ў гэтую кадку і буду стаяць тут такою прыбранаю і зіму і лета?»

Каб жа, ды гэтак! Ад напружанага чакання ў яе нават забалела кара, а гэта для дрэва прыкладна тое ж самае, што для нас галаўны боль.

Але вось запаліліся свечкі. Што за бляск, што за раскоша! Елка затрапятала ўсім сваім голлем, адна са свечак падпаліла зялёныя іголкі, і елачка надта ж балюча апяклася.

- Ай-ай! - закрычалі паненкі і паспешліва затушылі агонь.

Больш елка і ўздрыгануцца не смела. І напалохалася ж яна! Асабліва таму, што баялася страціць хаця б самае нязначнае са сваіх упрыгажэнняў. Але ўвесь гэты бляск проста ашаламляў яе... Раптам абедзве паловы дзвярэй расчыніліся, і ўварваўся цэлы натоўп дзяцей; можна было падумаць, што яны хочуць зваліць дрэва! За імі паважна ўвайшлі старэйшыя. Малышы спыніліся як укапаныя, але толькі на хвіліну, а пасля падняўся такі шум і гоман, што проста ў вушах звінела. Дзеці скакалі вакол елкі, і мала-памалу ўсе падарункі з яе былі сарваны.

«Што ж гэта яны робяць? - думала елка. - Што гэта значыць?»

Свечкі дагарэлі, іх патушылі, а дзецям дазволілі абабраць дрэва. Як яны накінуліся на яго! Толькі галіны затрашчалі! Не будзь верхавіна з залатой зоркай моцна прывязана да столі, яны павалілі б елку.

Потым дзеці зноў узяліся скакаць, не выпускаючы з рук сваіх дзівосных цацак. Ніхто больш не глядзеў на елку, акрамя старой нянькі, ды і тая толькі выглядвала, ці не засталося дзе ў голлі яблычка альбо фініка.

- Казку! Казку! - закрычалі дзеці і падцягнулі да елкі маленькага, тоўсценькага чалавека.

Ён усеўся пад дрэвам і сказаў:

- Вось мы і ў лесе! Ды і елка таксама паслухае! Але я раскажу толькі адну казку! Якую хочаце: пра Іведэ-Аведэ альбо пра Клумпэ-Думпэ, які хоць і зваліўся з лесвіцы, усё-такі праславіўся і здабыў сабе прынцэсу.

- Пра Іведэ-Аведэ! - закрычалі адны.

- Пра Клумпэ-Думпэ! - закрычалі другія.

Узняўся крык і шум; адна елка стаяла ціха і думала: «А я? А мне што рабіць?»

Яна ўжо зрабіла сваю справу!

І тоўсценькі чалавек расказаў пра Клумпэ-Думпэ, які хоць і зваліўся з лесвіцы, усё-такі праславіўся і здабыў сабе прынцэсу.

Дзеці запляскалі ў ладкі і закрычалі:

- Яшчэ, яшчэ! - Яны хацелі паслухаць і пра Іведэ-Аведэ, але засталіся пры адным Клумпэ-Думпэ.

Ціха, задумліва стаяла елка, - лясныя птушкі ніколі не расказвалі нічога такога. «Клумпэ-Думпэ зваліўся з лесвіцы, і ўсё ж яму дасталася прынцэса! Дык, вось што бывае на белым свеце!» - думала елка; яна цалкам верыла ўсяму, пра што зараз чула, - расказваў жа такі паважны чалавек. «Праўда, хто ведае! Магчыма, і мне давядзецца зваліцца з лесвіцы, а пасля і я стану прынцэсай!» І яна з радасцю думала пра заўтрашні дзень: яе зноў упрыгожаць свечкамі, золатам і садавінай! «Заўтра ўжо я не затрымчу! - думала яна. - Я хачу, як след нацешыцца сваёй раскошай! І заўтра я зноў пачую казку пра Клумпэ-Думпэ, а можа, і пра Іведэ-Аведэ». І дрэўца ціха прастаяла ўсю ноч у марах пра заўтрашні дзень.

Раніцай з'явіліся слугі і пакаёўка. «Зараз зноў пачнуць мяне ўпрыгожваць!» - падумала елка, але яны выцягнулі яе з пакоя, пацягнулі па лесвіцы і сунулі ў самы цёмны куток. гарышча, куды нават не трапляла дзённае святло.

«Што ж гэта значыць? - думала елка. - Што мне тут рабіць? Што я тут пабачу і пачую?» Яна прыткнулася да сцяны і ўсё думала, думала... Часу на гэта было дастаткова: міналіся дні і ночы - ніхто не заглядваў да яе. Толькі аднойчы прыйшлі людзі паставіць на гарышча нейкія скрынкі. Дрэва стаяла ад іх у баку, і пра яго, здавалася, забыліся.

«На двары зіма! - думала елка. - Зямля зацвярдзела і пакрылася снегам; значыцца, нельга зноўку пасадзіць мяне ў зямлю, вось і давядзецца пастаяць пад дахам да вясны! Як гэта разумна прыдумана! Якія людзі добрыя! Не будзь толькі тут так цёмна і так жахліва пуста!.. Няма нават ніводнага зайчыка!.. А ў лесе ж як было весела! Наўкола снег, а па снезе зайчыкі скачуць! Хораша было... Нават калі яны скакалі цераз мяне, хаця мяне гэта і злавала! А тут як пуста!»

- Пі-пі! - піскнула раптам мышаня і выскачыла з норкі, за ім яшчэ адно, такое ж маленькае. Яны ўзяліся абнюхваць дрэва і шмыгаць у яго голлі.

- Жахліва сцюдзёна тут! - сказалі мышаняты. - Каб не гэта, дык і добра было б! Праўда, старая елка?

- Я зусім не старая! - адказала елка. - Ёсць шмат дрэў, якія старэй за мяне!

- Адкуль ты і што ты ведаеш? - спыталі мышаняты; яны былі страшэнна цікаўныя. - Раскажы нам, дзе самае лепшае месца на зямлі? Ты была там? Ці была ты калі-небудзь у клеці, дзе на паліцах ляжаць сыры, а пад столлю вісяць кумпякі і дзе можна скакаць на свечках з лою? Туды ўвойдзеш худым, а выйдзеш адтуль тоўстым!

- Не, такога месца я не ведаю! - сказала дрэва. - Але я ведаю лес, дзе свеціць сонейка і спяваюць птушкі!

І яна расказала ім пра сваё юнацтва; мышаняты ніколі не чулі нічога такога, выслухалі расповяд елкі і пасля сказалі:

- Як ты шмат бачыла! Якая ты была шчаслівая!

- Шчаслівая? - сказала елка і задумалася пра той час, аб якім толькі што расказвала. - Сапраўды, відаць, тады мне жылося няблага!

Затым яна расказала ім пра вечар, калі была ўпрыгожана пернікамі і свечкамі.

- О! - сказалі мышаняты. - Якой жа ты была шчаслівай, старая елка!

- Я зусім яшчэ не старая! - запярэчыла елка. - Мяне ўзялі з лесу толькі сёлетняй зімою! Я ў самым росквіце! Толькі што ўвайшла ў рост!

- Як ты цудоўна расказваеш! - сказалі мышаняты і на наступную ноч прывялі з сабою яшчэ чатырох, каб і яны паслухалі расповяды елкі. А сама елка, чым больш расказвала, тым ясней прыгадвала мінулае, і ёй здавалася, што яна перажыла шмат добрых дзён.

- Але яны ж вернуцца! Вернуцца! Вось і Клумпэ-Думпэ ўпаў з лесвіцы, а ўсё-такі яму дасталася прынцэса! Магчыма, і я зраблюся прынцэсай!

Тут дрэва ўспомніла прыгожанькую бярозку, што расла ў лясным гушчары непадалёк ад яго, - яна здавалася яму цяпер сапраўднай прынцэсай.

- Хто гэта Клумпэ-Думпэ? - спыталі мышаняты, і елка расказала ім усю казку; яна запомніла яе слова ў слова. Мышаняты ад задавальнення скакалі ледзь не да самай верхавіны дрэва. На наступную ноч з'явілася яшчэ некалькі мышэй, а ў нядзелю прыйшлі нават два пацукі. Ім казка зусім не спадабалася, што надта засмуціла мышанят, але цяпер і яны перасталі ўжо так захапляцца ёю, як раней.

- Вы толькі адну гэтую гісторыю і ведаеце? - спыталі пацукі.

- Толькі! - адказвала елка. - Я чула яе ў самы шчаслівы вечар майго жыцця; але якраз тады я, між іншым, яшчэ не ўсведамляла гэтага!

- Нічога дзіўнага, звычайная, вартая жалю, гісторыя! Магчыма, вы ведаеце што-небудзь пра тлушч, альбо свечкі з лою? Пра клець?

- Не! - адказала дрэва.

- Тады шчасліва заставацца! - сказалі пацукі і пайшлі.

Мышаняты таксама разбегліся, і елка ўздыхнула:

- А ўсё ж слаўна было, калі гэтыя гарэзлівыя мышаняты сядзелі вакол мяне і слухалі мае расповяды. І гэтаму настаў канец... Але ўжо цяпер я не ўпушчу свайго, як след парадуюся, калі зноўку выйду на белы свет!

Ды не так ужо хутка гэта здарылася!

Аднойчы раніцай з'явіліся людзі прыбраць гарышча. Выцягнулі скрынкі, а за імі і елку. Спачатку яе даволі груба кінулі на падлогу, пасля слуга пацягнуў яе па лесвіцы ўніз.

«Ну, цяпер для мяне пачнецца новае жыццё!» - падумала елка.

Вось на яе павеяла свежым паветрам, бліснуў промень сонца - елка апынулася на дварэ. Усё гэта адбылося так хутка, наўкол было столькі новага і цікавага для яе, што яна не паспела і паглядзець на самую сябе. Двор прылягаў да саду; у садзе ўсё зелянела і цвіло. Цераз агароджу перавешваліся свежыя духмяныя ружы, ліпы былі пакрыты цветам, ластаўкі лёталі ўзад і ўперад і шчабяталі:

- Квір-вір-віт! Мой муж вярнуўся!

Але гэта не цікавіла елку.

- Цяпер я зажыву! - радавалася яна і выпроствала свае галіны. Ах, як яны пабляклі і пажоўклі!

Дрэва ляжала ў кутку двара, у крапіве і пустазеллі; на верхавіне яго ўсё яшчэ ззяла залатая зорка.

У двары весела гулялі тыя ж самыя дзеці, што скакалі і танцавалі вакол упрыгожанай елкі на Каляды. Самы малодшы пабачыў зорку і сарваў яе.

- Паглядзіце-тка, што засталося на гэтай брыдкай, старой елцы! - крыкнуў ён і наступіў на яе голле; галіны захрумсцелі.

Елка паглядзела на маладое, квітнеючае жыццё наўкол, пасля паглядзела на самую сябе і пажадала вярнуцца ў свой цёмны куток на гарышчы. Успомніліся ёй і маладосць, і лес, і вясёлыя Каляды, і мышаняты, якія радасна слухалі казку пра Клумпэ-Думпэ...

- Усё прайшло, прайшло! - сказала бедная елка. - І хаця б я радавалася пакуль быў час! А цяпер... усё мінулася, мінулася!

Прыйшоў слуга і пасек елку на кавалкі, - атрымалася цэлая вязанка распалак. Як горача запалымнелі яны пад вялікім катлом! Дрэва глыбока-глыбока ўздыхала, і гэтыя ўздыхі былі падобны на слабыя стрэлы. Прыбеглі дзеці, уселіся прад агнём і сустракалі кожны стрэл вясёлым «піф! паф!». А елка, цяжка ўздыхаючы, успамінала ясныя летнія дні і зоркавыя ночы ў лесе, вясёлыя Каляды і казку пра Клумпэ-Думпэ, адзіную чутую ёю казку!.. Так яна ўся і згарэла.

Хлопчыкі зноў гулялі на дварэ; у малодшага на грудзях ззяла тая самая залатая зорка, якая ўпрыгожвала елку ў самы шчаслівы вечар яе жыцця. Цяпер ён прайшоў, кануў у вечнасць, елцы таксама прыйшоў канец, а з ёю і нашай гісторыі. Канец, канец! Усё на свеце мае свой канчатак!



Пераклад: Раіса Баравікова