epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Шчаслівая сямейка

Самы вялікі ліст мае, вядома ж, ліст лопуху: прымацуеш яго да грудзей - вось табе і фартушок, а пакладзеш у дождж на галаву - маеш парасончык! Гэтакі лапушысты ён, гэты лопух! І, каб ведалі, ніколі не расце па аднаму, а заўсёды як ужо адзін вырас, то вакол шмат такіх лопухаў уздымаецца - гэтакая шыракалістая раскоша! І ўся гэта забуялая зеляніна - прыдатны харч для смаўжоў! А саміх смаўжоў, белых, вялікіх, спажывае ў якасці ежы з далёкіх часоў важнае панства; са смаўжоў заўсёды гатавалі фрыкасэ, і паны, ласуючыся ім, задаволена цмокалі: «Ах, як смачна!» Яны і папраўдзе ўцямілі сабе, што гэта страшэнна смачна і спажыўна. Дык вось, гэтыя вялікія белыя смаўжы сілкаваліся лопухам, таму і пачалі гэту расліну сеяць людзі.

Была адна старая панская сядзіба, дзе ўжо даўно не спажывалі смаўжоў, і яны ўсе павывеліся. А лопух застаўся; ён сабе рос ды рос - і нічым яго нельга было заглушыць; усе алеі, усе градкі пазарасталі лопухам, ды так, што нават сад зрабіўся не садам, а лапушыстым лесам; ніхто б нават не здагадаўся, што некалі тут расла садавіна, калі б там-сям не тырчалі заглушаныя забуялай травой і кустоўем то яблынька, то калючая сліўка. Вось у гэтым лапушыстым лесе і жыла апошняя пара вельмі ўжо старых смаўжоў.

Яны і самі не ведалі колькі ім гадоў, але добра памяталі, што раней іх было багата, што яны вельмі старой замежнай пароды і што ўвесь гэты лес быў пасаджаны прынамсі для іх і для іх родзічаў. Старыя смаўжы ніводнага разу не выходзілі са свайго лесу, але ведалі, што дзесьці побач ёсць нешта такое, што называецца панскай сядзібай; там смаўжоў вараць да тае пары, пакуль яны не пачарнеюць, а пасля кладуць на срэбраную талерку. Што было далей, яны не ведалі. Не ведалі яны таксама і нават уявіць сабе не маглі, што значыць зварыцца і ляжаць на срэбранай талерцы; ведалі толькі тое, што гэта так цудоўна і, галоўнае, арыстакратычна! І ні майскі жук, ні жаба, ні дажджавы чарвяк - ніхто з тых, у каго яны пыталіся, ніхто нічога не мог пэўнага сказаць пра гэта: нікому з іх яшчэ не даводзілася быць звараным і ляжаць на той срэбранай талерцы!

Што тычыцца саміх сябе, то смаўжы выдатна ведалі, што яны самыя першыя ў свеце, што ўвесь лес расце толькі для іх, а сядзіба існуе толькі для таго, каб яны маглі некалі зварыцца і ляжаць на срэбранай талерцы.

Жылі смаўжы ціха, мірна і вельмі шчасліва. Дзяцей у іх не было, і яны ўзялі на выхаванне смоўжыка з простых. Але малы ніяк не хацеў расці - быў жа ён звычайны, простай пароды, але старым, асабліва смаўжысе-маці, усё здавалася, што ён прыкметна падрастае, і яна прасіла смаўжа-тату, калі ён не бачыць гэтага так, то няхай абшчупае ракавінку малога! Бацька шчупаў і ўрэшце згаджаўся з маці.

Аднойчы ліў моцны дождж.

- Бач, як барабаніць па лісці! - сказаў смоўж-тата.

- Ліе і ліе! - сказала смаўжыха-маці. - Вось як пацякло па сцяблу! Будзе тут вільгаці! Адна ўцеха, што ў нас і ў нашага сыночка такія трывалыя хаткі! Не, што ні кажы, а нам даўно больш гадоў, чым каму іншаму на гэтым свеце! Цяпер добра бачна, што мы найпершыя ў свеце! І ў нас з дня нараджэння ёсць свае ўтульныя хаткі, для нас пасаджаны гэты лапушысты лес! А ўсё ж хацелася б дазнацца, ці далёка ён раскінуўся і што там за ім?

- Нічога! - сказаў смоўж-тата. - Ужо лепш, як у нас, нідзе не будзе; я ва ўсялякім разе лепшага і не шукаю.

- А мне, - сказала мройна смаўжыха-маці, - хацелася б трапіць на сядзібу, зварыцца і ляжаць на срэбранай талерцы. Такім гонарам былі ашчасліўленыя ўсе нашы продкі, і ў тым, згадзіся, ёсць нешта асаблівае!

- Сядзіба, напэўна, даўно разбурылася, - сказаў смоўж-тата, - або зарасла лопухам, то і людзям адтуль не выбрацца. Ды чаго так спяшацца? А ты вечна спяшаешся і сынок наш следам за табой. Ён вунь трэці дзень паўзе ўверх па сцяблу; ажно галава кружыцца, як глянеш!

- Ну, не бурчы, стары! - сказала смаўжыха-маці. - Ён асцярожненька паўзе. Ён жа наша адзіная ўцеха на старасці гадоў, нам, старым, толькі дзеля яго і застаецца жыць. Але ці думаў ты дзе нам знайсці сыночку жонку? Ты думаеш там, у лопуху, не знойдзецца хто-небудзь з нашага высакароднага роду?

- Бяздомныя чорныя смаўжы ёсць, вядома, - сказаў смоўж-тата, - але ж гэта просталюдзіны! Ды і вельмі яны самі сабой занятыя! Можна, урэшце, даручыць гэту справу мурашам: яны вечна шнуруюць то туды, то сюды і, напэўна ж, ведаюць, дзе трэба шукаць жонку для нашага малога гадаванца.

- Ведаем, ведаем адну прыгажуню, - сказалі мурашы. - Але наўрад ці падыдзе яна вам, бо тая прыгажуня, калі хочаце ведаць, каралева!

- Гэта нічога! - сказалі старыя. - А ці ёсць у яе дом?

- Ёсць! Нават палац! - запэўнілі мурашы. - Выдатны мурашнік, а ў ім - семсот хадоў!

- Дзякаваць вам! - сказала смаўжыха-маці. - Нашаму сыну няма чаго лезці ў мурашнік! Калі вы не маеце на прыкмеце нікога лепшага, то мы даручым гэту справу камарам: яны лётаюць і днём і ноччу, і пад сонцам і пад дажджом, ведаюць лопухавы лес уздоўж і ўпоперак.

- У нас ёсць нявеста для вашага сына! - затрубілі камары. - На агрэставым кусце сядзіць у сваёй хатцы адна маленькая смаўжыха. Крокаў сто адсюль, не больш будзе. Яна жыве зусім адна і мае ўзрост, калі трэба выходзіць замуж. Усяго сто чалавечых крокаў адсюль да яе!

- То няхай паўзе сюды! - сказалі старыя. - У сына вунь увесь лопухавы лес, а ў яе ўсяго толькі адзін агрэставы куст.

Па смаўжыху-нявесту паслалі. Яна пакіравала ў дарогу і паспяхова дабралася да лопухаў на восьмы дзень падарожжа. Вось што значыць чысціня пароды.

Адсвяткавалі вяселле. Шасцёра светлячкоў свяцілі на ўсю моц, а наогул вяселле было вельмі ціхае: старыя не любілі шуму. Затое смаўжыха-маці сказала цудоўную прамову. Бацька гаварыць не здолеў, бо моцна быў узрушаны! І вось старыя аддалі маладым у валоданне ўвесь лопухавы лес, пры гэтым адзначылі тое, што ўсё жыццё гаварылі - лепшага, чым гэты лес, ва ўсім свеце няма нічога, і што, калі маладыя будуць сумленна і высакародна жыць і нагадуюць дзяцей, то некалі ім або іхнім дзецям пашчасціць трапіць на сядзібу: там іх павараць да чарнаты і пакладуць на срэбраную талерку.

Пасля старыя запаўзлі ў свае домікі і больш ужо не паказваліся.

А маладыя смаўжы пачалі цараваць у лесе і пакінулі пасля сябе багата нашчадкаў. Трапіць жа на сядзібу і легчы на срэбраную талерку ім так і не давялося! Таму яны вырашылі, што сядзіба зусім разбурылася, а ўсе людзі на свеце павымерлі. Ніхто ім не пярэчыў, - значыць, так яно і выйшла. І вось зноў барабаніў дождж па лопуху, забаўляючы смаўжоў, а сонца ззяла, каб зелянеў гэты лопух, і яны былі шчаслівыя, шчаслівыя! І ўся іх сям'я была шчаслівая, - вось так!



Пераклад: Генадзь Пашкоў