epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Свіння-скарбонка

Ну і шмат жа цацак было ў дзіцячым пакоі - проста не злічыць! А высока над імі, на шафе, стаяла скарбонка - гліняная свіння. У спіне ў яе, як і належыць, была прарэзана шчыліна для манет. Спачатку гэтая шчыліна была вузенькая, але потым яе трошкі пашырылі ножыкам-сцізорыкам, каб у яе пралазілі і буйныя срэбныя манеты. Дзве такія манеты ляжалі ўжо на дне ейнага жыватка, а пра дробязь і казаць ужо няма чаго. Драбязой свіння была, як той казаў, бітком набітая, нават і дзынкнуць не магла. Куды ж болей? Ні адна свіння з грашыма не магла б пажадаць лепшай долі. Да таго ж яна яшчэ займала вельмі высокае становішча: стаяла на шафе ды пазірала на ўсіх зверху ўніз. Яна ведала, што грошай у яе па горла і, варта толькі пажадаць, яна можа набыць усе цацкі, што ляжаць і стаяць унізе. А ўсведамляць гэта даволі прыемна, ва ўсялякім разе свінні.

Цацкі ведалі, чаго вартая свіння і што яна пра сябе думае, але не гаварылі аб гэтым. Ды й навошта? Яны і без таго знаходзілі аб чым пабалбатаць.

Аднаго разу, калі ў дзіцячай нікога не было, з напаўадчыненай шуфляды выглянула вялікая лялька. Яна была ўжо не дужа маладая, не раз губляла галаву, і таму шыя ў яе была падклееная. Лялька паглядзела направа, налева ды сказала:

- Давайце гуляць у людзей. Ад дакукі і гэта няблага.

- Давайце, давайце! - закрычалі ўсе і замітусіліся ў сваіх каробках і шуфлядах.

Нават карціны і тыя заківаліся на сценах, хаця ім і не варта было паказваць свой адваротны бок, таму што на ім, як вядома, нічога не намалявана.

Было ўжо зусім позна. Прабіла дванаццаць гадзін. У вокны зазіраў маладзік і свяціў на ўсю моц, не патрабуючы за асвятленне аніякае аплаты.

У гульні ўзялі ўдзел усе лялькі да адзінай, нават дзіцячая каляска, хаця яна была такая вялікая ды нязграбная, што яе лічылі хутчэй за мэблю, чым за цацку.

Але каляска на гэта не крыўдавала.

- Кожнаму - сваё, - казала яна. - Не ўсім жа быць паважнымі панамі ды забаўляцца з раніцы да вечара. Трэба некаму і справу рабіць.

Толькі адной свінні-скарбонцы паслалі запрашальны білет. Яе нельга было проста паклікаць, - яна стаяла так высока над усімі, што магла і не дачуцца.

Між іншым, і на пісьмовае запрашэнне свіння не зрабіла ласкі адказаць, прыйдзе яна ці не прыйдзе. Ды зрэшты так і не прыйшла. І сапраўды, навошта ёй спускацца да іншых? Хай іншыя патурбуюцца, каб яна ўсё бачыла, не сыходзячы са свайго месца.

Нічога не паробіш, давялося выканаць ейнае жаданне. Лялечны тэатр паставілі проста насупраць шафы, сцэнай да свінні.

Свята вырашылі пачаць з вясёлай сяброўскай гутаркі, потым меркавалася прадстаўленне і, нарэшце, агульнае піццё гарбаты.

Менавіта з гутаркі і пачалося. Конік-качалка выказаў некалькі думак аб бягах, скачках ды чыстаце конскай пароды, дзіцячая каляска - аб чыгунцы, аб цягніках, якія быццам бы рухаюцца парай, ды аб іншых новаўвядзёнках. Сапраўды, хто ж мог аб гэтым меркаваць, калі не яны... Конік - аб конях, каляска - аб цягніках!.. Насценны гадзіннік разважаў з прычыны палітыкі-тыкі-тыкі!

Гадзіннік думаў, што ідзе паперадзе свайго часу, але злыя языкі сцвярджалі, што ён даволі-такі адстае. Бамбукавы кіёк хваліўся сваім срэбным каўпачком і жалезным чаравічкам. Яшчэ б! Ён жа мог лічыць сябе франтам з галавы да ног! Па ражках канапы моўчкі ляжалі дзве пухленькія, расшытыя шаўкамі падушачкі. Абедзве былі надта міленькія ды надта дурненькія.

Нарэшце пачалася лялечная камедыя. Лялькі на нітках прадстаўлялі, а лялькі без нітак ды іншыя лялькі павінны былі глядзець і пляскаць у далоні. Тыя ж, у каго не было далоняў, маглі шчоўкаць ды грукаць чым хацелі.

Зрэшты, адзін порсткі бізунчык наадрэз адмовіўся шчоўкаць, калі на сцэну выходзяць старыя, пашарпаныя лялькі, і сказаў, што ён шчоўкае толькі маладзенькім, хораша прыбраным лялечкам.

- Не, па-мойму, калі пляскаць, дык усім, - заявіў пістон.

«А мне б толькі свой кут! - думала плявальніца. - Абы пляваць было ў мяне зручна».

Адным словам, кожны разважаў па-свойму. Камедыя, калі казаць па праўдзе, была нявартая і граша ламанага, але акцёры гралі выдатна. Яны паказваліся гледачам толькі лепшым сваім бокам, бо гэты бок быў расфарбаваны. А ніткі ў іх былі такія доўгія, што кожная лялька магла граць выдатную ролю, альбо, як кажуць, быць надзвычайнай.

Гледачы былі вельмі расчуленыя. Лялька з падклеенай шыяй да таго размякчэла, што зноў згубіла галаву.

Нават свіння з грашыма і тая ледзь не праслязілася. Ёй захацелася зрабіць што-небудзь добрае, незвычайнае, - напрыклад, нагадаць у сваім завяшчанні лепшага з акцёраў: хай яго пахаваюць побач з ёю, калі надыдзе час...

Карацей кажучы, усе былі вельмі-вельмі задаволеныя. З радасці нават адмовіліся ад гарбаты - і добра зрабілі, бо яе не было. Замест гэтага зноў узяліся балбатаць. Гэта называлася ў іх: «гуляць у людзей». Не тое, каб яны перадражнівалі людзей ці пасміхаліся з іх. Не, яны проста стараліся паводзіць сябе «па-людску»: кожны думаў пра сябе ды яшчэ пра тое, што скажа аб ім свіння з грашыма.

А свіння, падумаўшы аб сваім завяшчанні, ужо не магла думаць ні пра што іншае. «Калі надыдзе час...» Ах, ён заўсёды прыходзіць нечакана-нягадана...

Плясь! Невядома з чаго, свіння раптам звалілася з шафы і разбілася ўшчэнт. Манеты і манеткі пакаціліся на ўсе бакі. Драбяза пры гэтым круцілася ваўчком, а вялікія цяжкія манеты нетаропка каціліся ўздоўж масніц. Далей за ўсіх кацілася адна. Ёй вельмі надакучыла ляжаць у цемрадзі без руху і цяпер хацелася павандраваць па белым свеце - іншых паглядзець і сябе паказаць. Што ж, так яно і здарылася: ўсе манеты і манеткі разбрыліся ў розныя бакі, хто куды.

А гліняныя ачарэпкі ад свінні-скарбонкі вымелі разам са смеццем.

Але ўжо на другі дзень на вярхушцы шафы з'явілася новая свіння-скарбонка. У жываце ў яе яшчэ не было ніводнай манеткі, і таму, колькі б яе ні трэслі, яна не магла дзынкнуць, - зусім як тая старая свіння, у якой жывот быў бітком набіты срэбнымі і меднымі грашыма. А па першым часе і гэтага зусім дастаткова.

Дастаткова і з вас, даражэнькія чытачы. Казцы канец.



Пераклад: Артур Вольскі