epub
 
падключыць
слоўнікі

Хрысьціна Лялько

Касцы

Касілі ўтрох. Першы, пускаючы касу на ўсе рукі, шырока і грузка ставячы ногі, ішоў Павал. Ледзь паспяваючы за ім, задыхана-часта жыхаў круглы, таўставаты Вінцусь. I ўжо неяк асобна, астаўшыся далёка ззаду, няспешна клаў роўны пракос Мамонаў Яська.

Мужчыны касілі супольна.

— Глядзі ты, не спяшыць Мамон, ледзь ківаецца, думае, нехта за яго выкасіць, а ён гатовае возьме,— засіпеў Вінцусь, як толькі Павал прыпыніўся мянціць касу. Павал паволі павярнуў галаву: увесь чырвоны, як абвараны, Вінцусь стаяў за спінай і злосна лыпаў малымі круглымі вочкамі. Павал паволі сагнуўся, грабануў з пракоса жменю травы, выцер касу. Дастаў з кішэні мянташку, тады адказаў:

— Вы, брат, абое рабое. Ён ледзьве цягнецца, а ты лапочаш тут во, без толку, траву псуеш.— I, падціснуўшы кассё пад паху, павёў колькі разоў мянташкаю, спрабуючы лязо, глянуў назад: метраў сто за імі, здавалася, не ішоў — плыў па лузе шчуплы, невысокі Яська.

Павал усміхнуўся, зноў глянуў на Вінцуся:

— Ты не сіпі, як гусак, а давай мянці во, а то глядзіш, Яська дагоніць — пяты абрэжа.— I павярнуўся да пракоса, лёгка, як гуляючы, пусціў касу паўкругам. Вінцусь, зніякавелы ад нечаканых Паўлавых слоў, стаяў нейкі час нерухома, а пасля апусціў касу, забыўшы памянціць яе, і, яшчэ больш злуючы, што не бярэ, пасунуўся следам.

Яська і праўда адстаў-такі ад мужчын, мала ўжо й бачыў іх з-за высокай, яму, малому, па пахі, травы. Штосьці дзіўнае рабілася з ім у гэтую раніцу. Ён і сам добра не разумеў сябе, адно пасміхаўся разгублена, слухаючы, як трапеча, шчасліва заходзіцца ў грудзях сэрца ад усяго, што бачаць вакол вочы. Мокры па шыю, у высокай роснай траве, яшчэ больш шчуплы ад таго, што шыракаватая, вайсковага крою кашуля і галіфэ шчыльна абліпалі цела, без шапкі, з рэдкімі рудаватымі пасмамі мокрых валасоў, Яська раз-пораз спыняўся, даставаў з глыбокай кішэні мянташку і застываў так, трымаючы яе ў выцягнутай руцэ.

З-за маладога алешніку ўставала сонца. За ровам, за гэтым цыбатым алешнікам, чуў Яська, прачыналася выспа. Недзе ў самым глухім куточку яе, у ельніку, таемна застагнаў лясны голуб; мусіць, абуджаная ім, нездаволена рэзка затрашчала сарока, гулка пераклікнуліся між сабою дразды.

Востра запах валяр'яннік. Сонца разам з расою ўзнімала, цадзіла над лугам церпкі, аж кружыла галаву, водар. З высокай травы, з-пад самых Яськавых ног, шэрымі камячкамі пырхала, разляталася ў бакі дробнае птаства.

Асцярожна, як баючыся парушыць цнатлівае хараство наваколля, апускаў Яська касу. Пакорліва паддаваліся, падалі ружовыя, трапяткія маланкі, падатліва-мякка слаўся ў пракос духмяны, у зялёных, што маладыя гуркі, стручках аер, купчаста клалася густая, як сцягнуць касою, балаціна, пахла свежаю рыбаю, рачным глеем, водарасцямі.

Яська зноў нерашуча спыняўся, зноў стаяў нерухома, глядзеў, слухаў. У нейкі момант са здзіўленнем адчуў, як нараджаецца, вырастае ў душы нязгода з настойлівым цягам Паўлавай мянташкі, што адбівала касу ўжо на другім канцы лугу, з няўмела-паспешлівым, прагавіта-жадобным гукам Вінцусёвай, якая пляскала недзе зусім блізка, за круглым лазовым кустом. З'явілася ў душы неадольнае жаданне спыніць іх, крыкнуць: «Чакайце, хлопцы. Пастойце. Гляньце, хараство якое!» Але тут жа ўявіў неўразумелы Паўлаў пагляд, рабы, насмешлівы Вінцусёў твар — не варухнуўся.

Нечакана прыйшло і працяло ўсю істоту вострае адчуванне імгненнасці гэтае прыгажосці. Ён неяк бездапаможна азірнуўся, бы хочучы знайсці абвяржэнне гэтаму адчуванню, убачыў доўгія роўныя стужкі пракосаў. Трава там была яшчэ свежая, але сонца ўзнімалася ўсё вышай, промнямі цягнулася да пракосаў, пачынала сушыць. Тут жа ўсцешна падумалася, што ўсё так і павінна быць: выспелыя травы гінуць, каб даць месца новым, так на Зямлі ад веку, такі непарушны закон існасці ўсяго жывога на свеце. I ўсё ж здзіўлена заўважыў, што, зусім не супакоеная гэтай развагай, пачынае аціхаць, блякнуць у ім тая, амаль дзіцячая радасць, якая так урачыста гучала ў душы цэлы ранак. Толькі зараз адчуў, як п'яніць, расслабляе цела першая стома, і, не хочучы паддавацца ёй, зноў рашуча апусціў касу...

Сонца хілілася на захад, калі мужчыны адбівалі пакос ад рова. Было ціха і душна. Прыпарвала. Плоймаю насіліся ў паветры камары, стогалоса звінелі, смоллю лезлі ў вочы, цялі ў спіну, блыталіся ў валасах. Не было ратунку. «Пэўне, на дождж,— падумалася Яську,— і расы во ні кроплі. Трэ не ўпусціць, дапільнаваць, як будзе садзіцца сонца. Яно і дождж не пашкодзіць. Хай бы прамыў траву. На сырую нічога...» Недзе на другім баку рова пачынаў дзерціся драч, па завонях заводзілі сваё вячэрняе кумканне жабы, за лугам, над поплавам, трывожна крычаў бакас, зманьваў, адводзіў кагось ад гнязда.

Зусім побач, траха не над вухам, лопнула, шаматнула крыламі птушка. Яська прыпыніўся. З-за рова пераляцела дзікая качка, апусцілася на пакосе, каля лазовага куста, пасля хуценька прабегла колькі крокаў, схавалася за купінаю. Яська сачыў за ёю краем вока, баючыся павярнуць галаву. Які з час птушка пастаяла там, стаіўшыся, толькі раз-пораз вытыркала галоўку, цікавала за чалавекам.

Пасля, мабыць, упэўненая, што нічога не грозіць, сцярожка падала голас: «Крэ». Крыху счакаўшы, яшчэ і яшчэ. З куста, як пароль, пачулася такое ж сцярожка-ціхае: «Крэ-крэ». Качка яшчэ раз азірнулася і хуценька нырнула ў куст. Адтуль зараз жа данеслася радаснае, нецярпліва-маладое крэканне, якое марна старалася суняць асцярожна-разважлівае, самавітае.

«Вывадак»,— па-дзіцячы радасна падумаў Яська. I тут жа, бы тая качка, пудліва павёў галавою, азірнуўся: ці чуў яшчэ хто. Убачыў, як спыніўся, услухоўваючыся, Вінцусь, як перастаў касіць і запытальна глядзеў у бок куста Павал. Трывожнае прадчуванне прайшло па душы. Ён узняў касу, знарок звонка пачаў мянціць яе, а пасля як ні ў чым не бывала сагнуўся над пракосам. Пачуў, як зазвінела Паўлава каса, супакоіўся. Але тут жа здрыгануўся ад гучнага шлэпання. Ззаду, чапляючыся за купіны цяжкімі, літымі гумовікамі, бег Вінцусь.

— Вы што, паглухлі, не чуеце — качкі дзікія ў кусце,— закрычаў здаля, не дабегшы.

«Сам ты дзікі»,— роспачна падумаў Яська, але сказаў іншае, спакойна-абыякавае:

— Якія тут качкі! Малыя зусім. Паляваць няможна. Хай растуць.

Вінцусь з лёту спыніўся, няўцямна лыпаў круглымі, бліскучымі вочкамі, а пасля грэбліва махнуў рукою, не зважаючы на Яську, зароў да Паўла:

— Паўлюк, сюды давай. Смажаніна будзе.— I дзе толькі спрыт узяўся — загіцаў па купінах да лазняку.

Яська бачыў, як няспешна выцер касу Павал, як азірнуўся вакол сябе, шукаючы што пад руку, не знайшоў, торкнуў касу ў зямлю, пачэкаў да куста.

Дзіўную спустошанасць адчуў раптам у сабе Яська, адчуў як становіцца чужою, абыякаваю да ўсяго, душа. Ён нейкі час стаяў нерухома, як не верачы, прыслухоўваўся да сябе і страпянуўся толькі, калі нечакана пачуў ціхае крэканне. Ратуючыся ад бяды, старая качка вяла між куп'я качанят да рова. Яны смешна валюхаліся, хуценька беглі за ёю, выцягвалі ўперад доўгія, тонкія шыйкі. Ужо ладныя, сытыя ад багатага навакольнага корму, але яшчэ не апераныя, убраныя ў мяккі шэры пушок. Адчуваючы, як цяплее ўнутры, Яська сцішана засмяяўся: «Абхітрыла ты іх, мілая. Давай, давай, хутчэй хавайся».

Вінцусь з Паўлам трыбушылі лазняк. Чуваць было, як трашчала ламачча, як бурчаў нездаволена Павал і бажыўся, апраўдваўся перад ім Вінцусь. Урэшце вываліўся адтуль, скочыў на купіну, бы каршун, абмацваў вачамі куп'ё, шукаў здабычу. Нічога не ўгледзеў, крыкнуў:

— Ну, што там, Ясь? Мо выйшлі яны, га? Няма ў кусце, як скрозь зямлю праваліліся.

— Дзе там выйшлі! Не відно нідзе. Шукай далей. Пэўне, у лазняк зашыліся.— Як пацвярджаючы свае словы, Яська колькі крокаў ступіў туды, да лазняку, але Вінцусь яго ўжо не слухаў. Ён сам тут жа ўбачыў, як узбіраліся качаняты на бераг рова і там, за кустамі, плюхалі ў ваду. Бы сарваўшыся з навязі, Вінцусь рынуўся за імі. Сцігаў па куп'і, гіцаў так, што ўзляталі з-пад ног камякі гразі, скакалі вышэй галавы. Літыя гумовікі, здавалася, не паспявалі за тоўстымі сцёгнамі. Вінцусь зачапіўся за купіну, з маху хістануўся да зямлі, але ўтрымаўся. Коратка мацюкнуўся, пабег далей. Яська глядзеў, як падскоквае на купінах цяжкі Вінцусёў азадак, і адчуваў, што зноў вяртаецца ў душу тая ранейшая спустошанасць і робіцца страшэнна непрыемным і гідкім гэты круглы, як мяшок, чалавек. Ён адвярнуўся і ўбачыў, што проста да яго, пасміхаючыся, размерана пачэкваючыся, крочыць Павал. Урэшце параўняўся, як апраўдваючыся, сказаў:

— Збеляніўся чалавек. Мяса запрагнуў. Пайшлі, паможам. Хай наесца.

Яська не варухнуўся. Ён бачыў, як колькі разоў, ідучы да рова, азірнуўся на яго Павал, на момант прыпыніўся, бы раздумваў, начэкваў, а потым усё ж пашыўся ў лазняк. Чуў, як ужо там, у лазняку, дзіка залямантаваў, быццам палявалі на яго самога, Вінцусь і як у адказ на гэты лямант у душы зноў калыхнулася і асела гідкасць. Але ён стаяў па-ранейшаму нерухомы, апёршыся на касу, як не могучы варухнуцца, здранцвеўшы.

Паволі заходзіла сонца, сядала за хмару і, ужо нябачнае, кацілася ўніз, хавалася недзе за высокім гарбом далёкага поплаву. Яська сачыў за ім, утрапёна лавіў гукі, што даляталі з рова, чуў, як трашчыць там сухое ламачча, як плёхае, б'е крыламі па вадзе качка, ратуе дзяцей. Раз-пораз сюды, да яго, далятала, рэжучы цішыню адвячорка, яе адчайнае, адзінокае крэканне, і тады адчуваў: штосьці пякучае праходзіла па душы, штурхала да рова. А ён, як не мог выбіцца з утрапення, усё стаяў, апёршыся на кассё, слухаў. Раптам, заглушаючы ўсе гукі, зноў заенчыў на рове Вінцусь: «Не шкадуй, Паўлюк, не шкадуй. Малаці. Каля цябе ж недзе. Пад ваду пайшлі. Да дна даставай...» Як толькі цяпер дайшоўшы да памяці, як толькі цяпер уразумеўшы штось для сябе неабходнае, Яська рэзка рвануў з твані касу, завярнуў яе за плечы і рынуўся туды, адкуль даносіўся крык і плёскат. «Я табе зараз дастану. Я цябе зараз накармлю». Лазняк чапляўся за касу, не даваў бегчы. Ён кінуў яе, ухапіў тоўсты альховы сук, пабег далей. Паляўнічыя былі недзе недалёка, ён ясна чуў іх крыкі і шматгалосае качынае крэканне. Раптам нешта ў тым баку гулка плюхнула, адчайна заенчыў Вінцусь, зноў моцна захлюпала ў рове вада, бы варочаўся там хтось вялізны і няўклюдны, затым зрабілася так ціха, што чутно было, як звіняць камары. Але тут жа, рвучы гэту цішыню, над лугам панёсся рогат. Рагатаў Павал. Яська ўрэшце выцерабіўся з лазняку і ўжо мінаў алешнік, калі рогат нечакана аціх. Яська зрабіў яшчэ колькі порсткіх крокаў і траха не наляцеў на Паўла, які стаяў за густым калінавым кустом. Ледзь пераводзячы дух, Яська коратка кінуў:

- Дзе?

Павал моўчкі павёў вачамі. За некалькі крокаў ад іх, шырока расставіўшы ногі, недарэчна растапырыўшы рукі, стаяў Вінцусь. З адзення сцякала ў шырокія халявы гумовікаў рыжая балотная вада, твар, густа залеплены тванню, быў чорны. Ён заўважыў Яську, варухнуўся насустрач, падняў такую ж, да локця, чорную руку. За ружовую лапку Вінцусь трымаў мёртвае качанё.

Тут жа ўскінуў яго на далоні, загаварыў хутка, апраўдваючыся:

— Самае здохлае папалася. Тыя ўцяклі. Ну, нічога. Мае будуць. У суботу швагра прывязу. У яго двухстволачка і ганчак ёсць. Прыхопім. Хітрыя. Без сабакі не возьмеш.

Яська моўчкі адвярнуўся. Праз лазняк, напрасткі пайшоў да пакосу.

Шарэла. Па лузе, над рэдкімі завонямі, цёпла курэў туман. Трывожна крэкала на рове, склікала распуджаных дзяцей старая качка. Спакойна, натомлена ляжаў скошаны луг, толькі ў самым куце сіратліва цямнеў пакінуты чуб травы.

Мужчыны вярталіся дамоў кожны па сабе.

 


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Лялько, К.А.  Світанак над бярозамі :  Аповесць,апавяданні. -  Мн. :  Юнацтва, 1989. -  223с
Крыніца: скан