А думаеш, снег не ведае,
што пераможа цяпло,
што не пакіне і следу ён,
сплыўшы ў балотнае тло?
І ўсё ж ён не згаджаецца
растаць і знікнуць за дзень,
у ямы і рвы апускаецца,
хаваецца моўчкі ў цень.
А ноччу марозу рады ён,
імкнецца зноў зацвярдзець,
каб праўдаю і няпраўдаю
прадоўжыць свой век хоць на дзень.
Ды песня даўно яго спетая,—
вунь сонца з-за лесу ўзышло.
...Думаеш, снег не ведае,
што пераможа цяпло?