Абяцала ты мне:
«Кожнай ноччу
да цябе прыходзіць буду ў снах,
цалаваць зажураныя вочы,
пальцамі гуляць у валасах...»
Адгарэла жоўтым жарам лета.
Выцвіў небасхіл маіх надзей:
не прыходзіш ноччу да мяне ты,
не прыходзіш да мяне і ўдзень.
Мусіць, там, у беспрадметным свеце,
ёсць адна труна — адна турма,
а імкнення ў смерць або ў бяссмерце
там няма.
Нічога там няма!..