Кладзіся на вымыты сонцам пясок
або на гарачы, напалены, камень,
качайся, варочайся з боку на бок,—
ніхто не гукае,
ніхто не чакае.
Блакітныя хвалі бягуць і бягуць,
б’юцца аб бераг, назад уцякаюць...
З надзеяй гляджу праз густую смугу,
ніхто не гукае,
ніхто не чакае...
Ніяк не прывыкну, не змружу павек.
Навошта мне, людзі, раскоша такая?
У ёй я нібыта ўжо й не чалавек,—
ніхто не гукае,
ніхто не чакае...