epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Анікей глядзіць хакей

Да паўночы Анікей

ля тэлеэкрана,—

любіць ён глядзець хакей

па ўсіх трох праграмах.

 

Сядзе, зліўшыся з тахтой,

захінецца пледам:

«Пераможа сёння хто —

«Сокал» ці «Тарпеда»?

 

І на ўсю катушку гук,

затыкайце вушы,

бо па хаце стук ды грук —

аж ляскочуць клюшкі.

 

— Каб ты спрах ужо...— бурчыць

жонка Пелагея.—

Галава мая трашчыць

ад твайго хакея.

Сівізна на галаве,

а нібы здзяцінеў...

Вунь галодныя ў хляве,—

чуеш? — стогнуць свінні...

Пакасіўся частакол...

Зарасла сядзіба...

ты ж адно равеш, як вол:

«Го-о-л!» — аж звоняць шыбы.

 

— Згода, згода...— Анікей

жонцы не пярэчыць

і... сядзіць, глядзіць хакей

кожны божы вечар.