epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Атаман Аксаміт

Славацкая балада

 

За Сцюдзёным вадаспадам

на зялёнай паланіне

сабіралася на раду

братчыкаў дружына.

 

Па гарах паўзлі туманы,

засланялі хмары сонца.

— Хто ў нас будзе атаманам —

бацькам нашым, «водцам»?

 

— Няхай Петра верхаводзіць,

мы яму ўсе верым!

Петра шапку зняў:

— Я згодзен.

Дзякуй за давер’е,

за давер’е, за пашану,

за добрае слова.

Буду вамі атаманіць,

ды з адной умовай.

Гучнае імя звычайна

выбіраюць атаманы,

каб яно сваім гучаннем

люд на бітву падымала.

Я ж з радзіны працавітай,—

быў і буду Аксамітам.

Грознае імя звычайна

выбіраюць атаманы,

каб яно сваім гучаннем

жах тыранам наганяла.

Ці ж мне славіцца бандытам?

Быў і буду Аксамітам.

Звонкае імя звычайна

выбіраюць атаманы,

каб яно сваім гучаннем

волю вольную ўслаўляла.

Не хачу стаць знакамітым,—

быў і буду Аксамітам.

— Як ты хочаш называйся,

хоць гаршком гліняным,

толькі ў бой вядзі на панства,

будзь нам атаманам.

Чужаземцы і магнаты

на зямлі лютуюць,

край рабуюць, паляць хаты

і дзяўчат гвалтуюць.

Плачуць сіраты і ўдовы,

у ярме — сяляне...

Топча вораг нашу долю,

веру нашу ганіць.

Больш цярпець прымус не хочам,

час расплаты блізкі.

Кажуць, едзе ўжо ў Лявочу

біскуп каталіцкі:

з Кракава праз Піяніны,

у чорнай карэце...

Добра ў Чортавай цясніне

мы яго «прывецім»:

Аксамітавай пятлёю

за каўнер сутаны,

пад асінаю сухою...

Будзь нам атаманам!

Будзь нам бацькам,

будзь нам «водцам»,

светлай галовою!

— Слухайце каманду, хлопцы!

Па конях! За мною!

 

Прысягала атаману

братчыкаў дружына.

І спаўзалі з гор туманы

ціхія ў даліну.