Вайна гуляла па зямлі,
ў разоры сеяла няшчасце.
Бацькі дзяцей перажылі,
самоту п’юць у светлай хаце.
Не для адной сваёй вясны
рубілі гэты зруб смалісты,
ды не прыйшлі з франтоў сыны,
дачку замучылі фашысты.
Бацькі дзяцей перажылі...
А час такі настаў — усмак
жыві, працуй, хто мае рукі.
Цвілі б нявесты, нібы мак,
былі б адзеты, сыты ўнукі.
І прыязджаў бы ў госці зяць,
прывозіў з горада абновы —
знайшлося б чым пачаставаць:
у бутлях бродзіць сок вішнёвы.
Бацькі дзяцей перажылі...
Шуміць лістотай свежай клён,
плыве туман за белым садам.
Прыносіць пісьмы паштальён
ад незнаёмых адрасантаў.
Бы галасы дзяцей жывых
пачуліся каля парога:
вітаюць з Першамаем іх
і з юбілеем Перамогі.
Бацькі дзяцей перажылі...
Бацькі дзяцей перажылі,
самоту п’юць у светлай хаце...
Жылі б інакш... Ды на зямлі
вайна пасеяла няшчасце.