Бацькоўскі край — гаючая крыніца,
лясы,
палі,
блакіт над галавой,
цябе любіць, табою ганарыцца —
сыноўні абавязак мой.
Бацькоўскі край — заводы і палацы,
трывалы мост над вечнаю ракой,
твае багацці множыць рупнай працай —
штодзённы абавязак мой.
Бацькоўскі край — лагодны ветрык весні,
лясны зацішак,
лугавы настой
тваю красу і веліч славіць песняй —
пачэсны абавязак мой.
Бацькоўскі край — салодкі хмель прычасця
да волі вольнай,
радасці зямной,
цябе абараніць ад злых напасцяў —
свяшчэнны абавязак мой!