У пастуха Анціпа
не было сваёй каровы,
не было авечак, гусей, курэй,
не было нават сваёй хаты,—
ён пасвіў чужую скаціну,
начаваў пад чужымі стрэхамі...
У пастуха Анціпа
быў свой толькі нож,
якім ён абдзіраў лазовую кару,
каб сплесці сабе лапці,
ды яшчэ рабіў нам свісткі,
выразаў розных звяроў і птушак.
Для нас, малечы,
пастух Анціп
быў самы багаты чалавек на свеце —
колькі радасці
прыносіў ён нам
у сваёй зрэбнай кайстры!