Зязюля на ўвесь лес
разнесла Лессабес:
— Прыстасаванцы! Малаверы!
Не бачаць праўды з-за паперы.
Ёсць восем дзетак у мяне
і ўсе жывыя,
пра гэта знаюць жыхары лясныя.
І дапамога мне належыць па закону.
А ім дай метрыкі
ды назаві імёны.
«Ты,— кажуць,— іх не гадавала...»
А хіба ж я пра іх не дбала,
калі ў чужыя гнёзды яйкі клала?
Казаў аднойчы Граку Шпак:
— Ты з Крумкачом знаёмы?
— Яшчэ як!
Калі на складзе ён рабіў,
я з ім дружыў...
— Нядаўна Крумкача
птушыны суд судзіў
за разбазарванне грамадскага дабра...
— Даўно пара
судзіць такога махляра!
— Ды не, мінулася бяда,
і Крумкача суд апраўдаў.
— Вядома, кадрамі такімі што ж кідацца?
Ён — галава!
Адзін каштуе дваццаць.
— Дык суд лясны зноў перагледзеў справу —
і два гады ўляпілі Крумкачу.
— Вось слаўна!
Я гэткіх прайдзісветаў-Крумкачоў
і ведаць не хачу!
Вясёлка Сонцу кінула папрок:
— Навошта промнямі ты разганяеш змрок?!.
У цемры так я засвяціла б,
што Зоркі й Месяц зацямніла б,
спрачалася б з Паўночным ззяннем.
І сонца здзейсніла яе жаданне:
за хмары светлы твар схавала.
Вясёлкі ў той жа міг не стала.