Ясным полымем пагляду
ці ж развееш пыхі дым?
Вечнае цярэбім ляда:
і гаворым без спагады,
і спагадліва маўчым.
Справы не ідуць за словам,
абяцанкі — неўпапад,
ды прамоўца адмысловы
на адной струне басовай
грае оперу-даклад.
Грае ўпэўнена, зацята —
жар юнацкі не астыў! —
ёсць для недруга — цытата,
а для брата ёсць парада
і шаблонны ёсць матыў.
Дзе мастацтва — там і плыні,
там і парасткам рунець.
Вопыт продкаў не загіне,
навучыў нас Паганіні
на адной іграць струне.