Хто верне серп у маміну руку?
Каб зноў яна, такая ж маладая,
у белай палатнянай сукні
на гэта поле выйшла жыта жаць...
А я, малы, парэпаныя ногі
высока падымаючы, каб ржэўнік
іх не калоў, на свой загон гарачы
ёй прынясу гладышку малака.
Яна прысядзе цяжка на зямлю,
глыне глыток адзін мо з той гладышкі,
пагладзіць мяне ціха па галоўцы
і так пяшчотна мне яна ўсміхнецца.
Хто верне серп у маміну руку?