На станцыі Цёмны Лес
лесу няма і ў паміне.
Тут з цягніка я злез
і злезці памог дзяўчыне.
Чатыры ношы ў яе:
кошык
і тры чамаданы.
— Дазвольце, я вам паднясу.
— Адстанеце ж...
— І адстану!
З'яўлюся тваім бацькам,
скажу:
«Вось, прымайце зяця,
хоць непрыгожы сам,
ды, бачыце, колькі багацця!..»
Напэўна ж, купіла шмат
кніжак,
прысмакаў,
адзення?
Цяжкі чамадан, акурат
зямля ў ім
ці, можа, каменне?..
Смяецца:
— Гэткі «калым»
прывабіць не тату з мамай,
а тых,
хто марыць галы
забіць у вароты «Дынама».
З’явіліся як з-пад зямлі
тут хлопцы,
дзяўчыну сустрэлі,
з рук маіх ношы ўзялі,
прыўзнялі:
— Ого, і гантэлі!
Панеслі свой спортінвентар
будучыя чэмпіёны.
А нас
электрычны ліхтар
павёў між цяністых клёнаў.
— Як добра, што тут я злез,—
ціха кажу я дзяўчыне.
...На станцыі Цёмны Лес
цемры няма і ў паміне.