Маналогі дзекабрыстаў
Праз тоўшчу гадоў,
праз дрымоту снягоў
з далёкіх сібірскіх нор-руднікоў
даносіцца стоены звон ланцугоў.
Там розум,
адвагу,
узлёт светлых мар,
нядолі цяжар гордых сэрцам ахвяр
хацеў пахаваць напалоханы цар.
Ды ў прысаку памяці рускі народ
іскру надзеі збярог ад нягод,—
і ўспыхнуў пажарам Семнаццаты год.
Гневам народным раструшчаны трон.
Поступам дружным працоўных калон,
жыццём
зацвярджаецца новы закон.
І ў першых шарэнгах байцоў маладых
мы бачым і светлыя вобразы тых,
хто горда стаяў ля вытокаў святых;
хто першыя ў полі ўзрасціў каласы
братэрства і волі — не дзеля красы.
Паслухаем сёння мы іх галасы.
Кандрат Рылееў:
Погибну я за край родной,—
Я это чувствую и знаю...
Свой жребий я благословляю.
«Споведзь Налівайкі»
На славу мне або на смерць ісці? —
не падарыў лёс выбару такога:
была ў мяне адным-адна дарога,
была любоў адзіная ў жыцці.
Не вынес дух прыгнёту векавога.
І як кароткі век ні караці,
а гнеў святы павінен дарасці
да адмаўлення і цара і бога.
Прадбачыў я і блаславіў шлях свой:
ірваўся ў бой з паднятай галавой,
пад шыбеніцу стаў без пакаяння.
А песню нельга задушыць пятлёй,—
яна, як Фенікс, з попелу паўстане
і будзе мужных клікаць на змаганне.
Вільгельм Кюхельбекер:
И славу мог купить за миг короткой муки...
«Грэчаская песня»
Не, не зайздрошчу я свайму герою:
за міг кароткай мукі славу ён купіў,
а я за волі міг так шчодра заплаціў —
багаццем, славай, гонарам, здароўем.
Усё, усё аддаў. І не шкадую.
Навошта слава мне, высокі чын?
Ёсць у мяне багацце —
успамін
пра незабыўную хвіліну тую,
калі з сынамі лепшымі Айчыны
глыткамі піў я вольніцы нектар,
а царскім войскам непрызнаны цар
хаваўся моўчкі за вяльможаў спіны.
І ёсць яшчэ ў мяне скарб незлічоны —
цяпло спагады, шчырасці сялян
з-пад Оршы, Мінска, Слоніма, Пружан,
што мне далі прытулак у дзень чорны.
Міхаіл Лунін:
Народ мыслит, несмотря на
глубокое молчание...
Власть, на все дерзавшая, все-
го страшится.
«Пісьмы з Сібіры»
Мяне,
ужо зняслаўленага, абшальмаванага,
старога і нядужага,
звязанага па руках і нагах
забаронамі і абмежаваннямі,
вы —
усемагутныя, здаровыя, сытыя —
спалохаліся?
Ха-ха!
Вы спалохаліся мяне?!
Зноў скруцілі,
закулі ў жалеза,
морыце голадам
і тайком шукаеце
наёмніка-забойцу...
Што ж, спяшайцеся
са мной расправіцца:
вы можаце пазбавіцца
ад няўгодных людзей,
ды не пазбавіцеся
ад іх ідэй!
Мае пісьмы
лятуць у Лондан,
каб са старонак
герцэнаўскай «Полярной звезды»
расказаць свету
праўду аб тым,
хто такія мы, чаго хацелі;
праўду аб тым,
як вы ў кайданы закулі
праўду.
Пётр Кахоўскі:
Я и в оковах буду вечно свободен.
Пісьмо цару з каземата
Вялікі ўсядзержац Расіі,
новага веку Нерон,
ты быў бы і праўда ўсясільны,
каб мы не хіснулі твой трон.
Ты б мог нашу сілу і веру,
аб волі крылатыя сны
замкнуць за жалезныя дзверы,
закуць назаўжды ў кайданы.
Ды позна!
Разбуджана прага
да новых імкненняў і дзей.
Жыве ў мужных сэрцах адвага
змагацца за шчасце людзей.
Палохаеш нас эшафотам?
Няма чаго больш нам чакаць:
вышэйшая форма свабоды —
жыццё за свабоду аддаць!
Мікалай Бястужаў:
Як здані прыгавору,—
абветраныя горы,
таежны шлях,
астрожныя цямніцы.
А мне ўсё сніцца мора...
А мне ўсё сніцца мора...
А мне ўсё мора сніцца, сніцца, сніцца...
Не толькі сніцца тое,
што хваляю крутою
нясе карвет
насустрач хмарам грозным,—
а й тое, маладое,
што воляю людскою
бурліла на Сенацкай плошчы ў дзень
марозны.
Эх, сіняя прастора,
уздыбленая штормам
і грознай навальніцай-бліскавіцай!
Стыхія-непакора,
Бурліць, грукоча мора...
Няхай жа яно вечна сніцца, сніцца!..
Павел Песцель:
Право есть следствие обязанности...
Рабство должно быть решительно уничтожено...
«Руская Праўда»
Без боязі ішоў на эшафот,
каб выканаць апошні абавязак
і гэтым заслужыць святое права —
судзіць, тыраны, вас
сваім судом суровым:
— Падсудныя
Раманаў Мікалай Першы,
Раманаў Аляксандр Другі,
Раманаў Аляксандр Трэці,
Раманаў Мікалай Другі
абвінавачваюцца
ва ўчыненні злачынстваў
супроць рускага народа
і карэннага права Грамадзянскага,
на падставе
параграфа шостага раздела трэцяга
і параграфа дзесятага раздзела пятага
Рускай Праўды
ці Запаветнай Дзяржаўнай Граматы
Вялікага Народа Расійскага
прысуджаюцца
да пакарання смерцю
і вечнага пракляцця народнага.
Прысуд канчатковы
і абскарджанню не падлягае.