Дабрацца б зноўку мне да тога вусця,
дзе Добасна ўліваецца ў Дняпро,
дзе так пілося сонца
з любых вуснаў,
дзе так звінела песня серабром.
Іду знаёмай сцежкай,
а мясціны
змяніліся — нічога не пазнаць.
Насоўваецца хутка вечар сіні,
хвалюецца трывожна збажына...
Вось-вось русалка ў жыце зарагоча
і глуха вухне за спіной пугач...
…........................................................
Чаго, збалелая душа, ты хочаш?
Аб незваротным горасна паплач.