Дай грыбоў мне,
дай арэхаў,
песню дай, асенні гай!
Жаўталессе сумным рэхам
адгукаецца:
— Бывай!..
Развітанне назаўсёды?
Ці не рана, беразняк?!.
Я ж табе сваіх рапсодый
не аддам вось так за так.
Не засохла шчэ ляшчына,
не замёрз ручэй — цячэ.
...Дзесь жыве адна жанчына
з сумам ласкавых вачэй.
Як ішоў я ў золь сінечы
без вятрыла і стырна,
не «бывай!», а «да сустрэчы!»
мне прамовіла яна.