epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Даўно я не баюся цемнаты..."

Даўно я не баюся цемнаты,

магу ісці парою беспрасветнай

адзін праз грэблю сцежкай

ледзь прыкметнай,

на могілкі і ў дзікі лес густы.

 

Баюся чалавечай глухаты

да радасці і да бяды суседа,

баюся і ашчады ненаеднай

і паказной няшчырай дабраты.

 

Вядома ўсім, што прывыкаюць вочы

да самай непрагляднай цемры ночы,

і вушы, згодна прымаўкі старой,

зжываюцца з ліслівасцю, хлуснёй.

 

Але душа ніколі не захоча

змірыцца з пустатой і чарнатой.