Не спявай, салоўка, за парканам,
шчасця ўсім так шчодра не прароч.
...Як нявесту, вэлюмам-туманам
Добасну прыкрыла свацця-ноч;
абняла рукой халоднай, чорнай
і вядзе на шлюбную пасцель...
Спяць дружкі-вятры
пад касагорам,
хмеліць ім галовы
здраднік-хмель.
Што дружкам!..
Вяселле адгулялі,
прапілі сяброўку,
прадалі,
слёзы выціралі, суцяшалі
і касу на плёсах расплялі.
А жаніх — сівы Дняпро-Славуціч
пачынае рэўнасцю гарэць:
б’ецца ў бераг,
падмывае кручы,
каб хутчэй
каханую сустрэць.
...Я стаю,
гляджу на тое дзіва:
пад аховай прыбярэжных стром
усю ноч
пакорна,
сарамліва
Добасна цалуецца з Дняпром.