Запросім сёння мы на свята
вітаць наступную вясну
і генерала,
і салдата,
і нескупога старшыну,
і маладога запявалу,
і сталага палітрука,
і медсястру, што ратавала
байцоў, насіла на руках,—
усіх,
хто лёг пад абеліскі,
каго не разбудзіў салют,
як самых родных,
самых блізкіх,
пасадзім на пачэсны кут.
І будзем з імі,
як з жывымі,
законны піць напітак свой,
тытунь курыць
і ў сінім дыме
успамінаць апошні бой,
спяваць аб тым,
як свішчуць кулі,
як часта сніцца бацькаў дом...
А пасівелыя матулі
зноў будуць плакаць за сталом.