Святая мова родная, дазволь
перад табой, гаротніцай, укленчыць.
Ты — наша радасць,
наш няўцешны боль,
і гонар наш,
і сорам наш адвечны.
Зняважаная высілкам хапуг,
бяздомніцай ты стала ў родным доме,
дрыжыш ад холаду, загнаная ў катух,
ясі ля прыпечка,
спіш доле на саломе.
Якою ж прыгажуняю была!
Спявала:
«Пасею гурочкі
нізка над вадою,
буду хадзіць, паліваці
дробнаю слязою...»
Жартавала:
«Пайшоў швец у танец,
нагавіцы ўпалі,
хацеў стаць і падняць —
дзеўкі абсмяялі...»
І скакала:
«Гоп, гоп, гапака,
прымі, маці, прымака,
а не прымеш прымака,
дык зраблю я байструка...»
Чырвонаю шыпшынаю цвіла,
на барацьбу за волю заклікала:
«Партызаны, партызаны,
беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
рэжце гітлерцаў паганых,
каб не ўскрэслі век яны».
Хто ж гэтак збэсціў прыгажосць тваю?
Хто воблік твой прывабны так забрудзіў,
што й родныя сыны не пазнаюць,
стыдаюцца з табою выйсці ў людзі?
Хадзем жа, любая, да родных тых крыніц
дзе шчэ жывы струмень сумлення б’ецца,
каб смагу наталіць,
каб нагаворы змыць
і зняць сумненні, як закляцце, з сэрца.
Набудзем сілу мы і ажывім свой дом,
здаровыя, бадзёрыя, мажныя,
зазвонім гуслямі і на ўвесь свет гукнём:
— Мы — беларусы!
Мы яшчэ жывыя!