Сасняк-дзівак
зняверыўся,
ашчэрыўся
іголкамі колкімі,
закрыў,
заступіў
сцежкі-мярэжкі.
А нам
няўцям:
чаго,
каго
баіцца,
імгліцца
кастрыцай-ігліцай?
З кашамі,
з нажамі
ідзём-брыдзём
між сонных сасонак
да сініх асінак,
да клёнаў зялёных.
Не выбіраем,
спрытна зразаем
шапкі-галоўкі
абабкам,
радоўкам,
ваўнянкам,
бялянкам,
таўстушкам,
гаркушкам.
Абы — грыбы!