Іх застаецца менш і менш
са мной, з табою,
тых, хто пісаў свой звонкі верш
на полі бою,
хто на дарогах франтавых
быў запявалам,
каму б яшчэ сярод жывых
жыць не прыстала.
Зноў сцяг брыгады Куляшоў
не ўздыме ў высі,
ў сваю дывізію пайшоў
гвардзеец Пысін;
аблюбавалі вечны схоў
і Броўка з Глебкам,
Бачыла,
Корбан,
Гарулёў
і Сабаленка...
Іх застаецца менш і менш
са мной, з табою,
хто гартаваў свой звонкі верш
у горне бою,
хто словы клаў не для прыўкрас
як тол пад рэйкі.
Няма Бялевіча між нас,
няма Астрэйкі;
сцяжынкі Віцебскіх варот
яшчэ іх помняць,
браў вершы з іхніх рук Шмыроў
зарукай помсты;
пайшлі, нібы ў вячэрні змрок,
пад елак засень
блакітнавокі Васілёк,
Мікола Засім...
Ці ж можна іх злічыць усіх,
паэтаў мужных,
хто полымем радкоў сваіх
байцам грэў душы?!.
Іх застаецца менш і менш
на белым свеце...
Набатам хай грыміць іх верш
па ўсёй планеце!