З народнага
Як у полі быліначку
вятрыска хістае.
Ідзе маці да донечкі,
у людзей пытае:
— Людзі добрыя, скажыце,
дзе жыве дачушка,
што вясной к вам прыляцела
птушкай-весялушкай?
— Жыве, маці, твая донька
вунь у трэцяй хаце.
А ў той хаце на палацях
не злічыць багацця.
Сядзіць донька ля акенца,
нібы тая пані:
чыста вымытыя рукі
і ў шаўкі прыбрана.
За багатым, ведай, мужам —
не жыццё, а гулі...
Ды нічога не схаваеш,
донька, ад матулі.
— Не таіся, не крывіся,
раскажы ўсё маме,
адчаго ж у цябе, донька,
сіньцы пад вачамі?
— Раніцою на прагулку
я ў садзік хадзіла,
і мяне там ненарокам
пчолка укусіла...
— Зараз, донька, не пятроўка,
пчолы не лятаюць.
Чаго ж табе ў піліпаўку
вочы падпухаюць?
— Аддавала ты, матуля,
мяне замуж сілай,
нібы тую канапельку
ў сажалку ўтапіла.
Канапельку ты ўтапіла
ды на дзве нядзелькі.
А мяне ж ты аддала
на вечныя векі.
Канапелька пад вадой
маркоціцца дужа...
Ну, а як мне, маладой,
жыць з нялюбым мужам?!.