А я сваё жыццё пражыць
імкнуся так:
браць па-салдацку рубяжы
ў агні атак,
а не паўзці, як слізкі вуж,
далей ад грому, лютых сцюж.
Імкнуся ў дружбе з песняй быць,
спяваць аб тым,
як добра, як шчасліва жыць
ў краі маім
таму, хто з чыстаю душой
на шлях працоўны узышоў.
Імкнуся той куток зямлі
не разлюбіць,
вучыўся дзе араць палі
і слёзы ліць
над кветкай, стоптанай канём,
і над забітым птушанём.
Там, сярод кветак і трысця,
пачатак быў
любові шчырай да жыцця,
да барацьбы.
Так, барацьбы! —не дзеля славы,
не дзеля выдумкі-забавы.
А барацьбы за светлы мір
для родных ніў,
за тое, каб прастораў шыр
штодня будзіў
не злосны свіст варожых мін,
а гімн працоўны — гул машын.