Я шчаслівы, што — не геній,
не славутасць, не герой
і магу паспаць на сене
пад паветкаю старой;
і магу, узяўшы кульбу,
выйсці ранкам са двара,
есці печаную бульбу
з пастухамі ля кастра;
і магу назвацца братам
працавітых мурашоў,
адчуваць сябе багатым
без капейкі за душой;
і магу лясы, балоты
змераць ўпоперак і ўдоўж
у лапцях, гумовых ботах,
а то й проста басанож;
і магу на даляглядзе
узабрацца на сасну,
каб далоняю пагладзіць
сонца рыжую спіну;
і магу ўсхваляць сумленных,
а брыду назваць брыдой,
бо ніякі я не геній,
не славутасць, не герой.