А думаеце, лепшы быў мой Анікей?
Не тое, каб піў ці валяўся на печы,—
па тэлевізары любіў ён глядзець хакей
кожны вечар,
кожны божы вечар...
Уключыць на ўсю катушку гук,
увапрэ ў экран свае вочы,
а па хаце стук ды грук, стук ды грук —
клюшкі ляскочуць.
А калі ўжо удасца каму забіць
тую шайбу ў вароты чужыя,
Анікей, як ашалелы, крычыць:
— Го-о-ол! — і ад радасці вые.
Мне — і дроў прынясі,
і ў грубцы палі,
і карову падой,
і згатуй вячэру,—
не толькі прысесці —
дыхнуць няма калі...
А яму хоць бы што —
гладзіць свой чэраў,
палец аб палец не ўдарыць, лайдак,
хатніх турбот не хоча і ведаць,
то ў яго матч «Дынама» — «Спартак»,
то «ЦСКА» — «Тарпеда»...
Ну, думаю, ладна,—
пакажу табе хакей...
Аднойчы падсела да яго на канапу
і ласкава так прашу:
— Скажы, Анікей,
хто перамагае: чэхі ці канадцы?
Ён на мяне спадылба зірнуў,
скрывіўся і бровы нахмурыў,
а потым расплыўся ва ўсмешцы:
— Ну-ну,
далучайся да спорту,
фізічнай культуры.
І стаў мне тлумачыць, што да чаго,
якія ў гульні той парадкі,
і так захапіў, што і я ўжо з ім «гол!»
крычу і пляскаю ў ладкі.
Гляджу... І раптам —
штурхель яго ў бок:
— Ці чуеш, Анікей, гарэлым патыхае?
—Схадзі, выцягні з грубкі чыгунок,
відаць, гэта бульба падгарае...
Затым паслала напаіць цяля,
прынесці вады,
паправіць на ганку біла,
маўляў, раскажу табе ўсё пасля:
хто шайбу забіў, а хто — мазіла...
Цяпер кожны вечар гляджу я хакей
па тэлевізары каляровым.
Гляджу я хакей,
а мой Анікей
паліць у печы і доіць карову.