Кветкі,
кветкі...
Стракатай прынадаю
сталі раптам усе паплавы.
Валяр’янку,
цыкуху цыбатую,
цягне сонца
за вушы з травы;
дзьмухаўцы залацяцца пацешныя,
меладычна званочкі звіняць,
ды рамонкі блішчаць беласнежныя,
смолкі іскрамі ззяюць-гараць;
а далей — наліваюцца просінню
васількі,
сінякі,
сіняцвет,—
нібы самі ўсе кветкі просяцца
у букет.
Толькі я іду міма:
крыклівыя,
выстаўляеце ўсё напаказ.
Вунь у яры
ясколка маўклівая,
а куды прыгажэй за ўсіх вас;
у цянёк сарамліва хаваецца
ад праменняў,
ад прагных вачэй
і нікому яна не ўсміхаецца,
а ўсміхнецца — душу апячэ.