На зямлі калгаснай тлуста
дваццаць пяць гадоў назад
вырасціў качан капусты
аграном Свістун Панкрат.
Не качан, а цуд —
важыў цэлы пуд.
У газеце напісалі:
«Працавіты аграном...»,
нават сфатаграфавалі
Свістуна з тым качаном.
Паглядзіце ўсе:
ледзь качан нясе.
І з тае пары на градах
не бывае больш Панкрат,
а чытае на нарадах
лекцыю або даклад —
вучыць маладых
аж займае дых.
Сам свірэпкі ўжо ад рэпы
не адрозніць сёння ён,
павучае: — Глебу трэба
шанаваць з вясновых дзён...
Гэтак аграном
стаў балбатуном...