Калі яшчэ паўторыцца нам гэткі дзень —
з прасветленым наскрозь прыветным гаем,
з апалым зорным лісцем пад нагамі,
з апенькамі, што абляпілі пень?
Калі яшчэ паўторыцца нам гэткі дзень?..
Калі яшчэ паўторыцца нам гэткі дзень —
з высокім сонцам і глыбокім небам,
з узнёслай марай і надзённым хлебам,
з надзеяй праведнай, як ранішні прамень?
Калі яшчэ паўторыцца нам гэткі дзень?..
Калі яшчэ паўторыцца нам гэткі дзень —
з арбітным лётам музыкі няўлоўнай,
з пяшчотай сэрца і цяплом далоняў,
з цвярозасцю, як ледзяны струмень?
Калі яшчэ паўторыцца нам гэткі дзень?..
Калі яшчэ паўторыцца нам гэткі дзень —
праз год ці два? А можа, і ніколі
не прыйдзе ён да нас як шчодры дар.
Бач, вецер сабірае зграю хмар,
каб сыпануць дажджом на луг і поле...
А там насунецца панурай ночы цень...
Навошта ж мы ўпусцілі гэткі дзень?
Гэткі дзень!